ЛАТАРЭ́Я (франц. loterie ад lot жэрабя),

розыгрыш рэчаў або грашовых сум па білетах. Продаж латарэйных білетаў — форма прыцягнення сродкаў, частка з якіх ідзе на фінансаванне выйгрышаў, частка выкарыстоўваецца арганізатарамі для камерцыйных, дабрачынных і інш. мерапрыемстваў. Латарэйны білет з’яўляецца каштоўнай паперай на прад’яўніка. Уладальнік білета, на які выпаў выйгрыш, мае права патрабаваць яго аплаты ў грашовай або натуральнай (рэчавай) форме.

т. 9, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁВЕН, Лувен (флам. Leuven, франц. Louvain),

горад у Бельгіі. Вядомы з 884. Каля 100 тыс. ж. (1995). Чыг. ст., вузел аўтадарог. Порт на р. Дыль, каналам злучаны з р. Шэльда. Прам-сць: вытв-сць металаканструкцый, аўтазборачная, радыёэлектронная, хім., папяровая, харчасмакавая (мукамольная, піваварная). Ун-т (з 1425). Камунальны музей Вандэркелен-Мертэнс. Шматлікія арх. помнікі 13—18 ст.

т. 9, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НСУЛЬСТВА,

назва перыяду ў гісторыі Францыі ад дзярж. перавароту 9.11.1799 (Васемнаццатага брумера 8-га года рэспублікі) да абвяшчэння Напалеона Банапарта (гл. Напалеон I) 18.5.1804 імператарам; адна з форм ваен. дыктатуры, якая змяніла рэжым Дырэкторыі. Намінальна ўлада належала тром консулам, выбраным на 10 гадоў, фактычна — 1-му консулу Банапарту (у 1802 яны абвешчаны пажыццёвымі консуламі Франц. рэспублікі).

т. 8, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУІДО́Р (франц. louis d’or залаты луі; Louis Людовік),

асноўная залатая манета Францыі, выпуск якой пачаўся ў 1640 пры Людовіку XIII (адсюль назва) і працягваўся да 1795. Напачатку Л. раўняўся 10 ліўрам. З павышэннем кошту золата адпаведна павышаўся і кошт Л. (у 1686 роўны 11 ліўрам 10 су). У 1693—1726 Л. выпускаўся неаднаразова.

Луідор 1743; золата, Францыя.

т. 9, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЭКАЛЕ́ (франц. Pas de Calais),

Дуўрскі праліў, праліў паміж в-вам Вялікабрытанія і ўзбярэжжам Францыі. З’яўляецца ўваходам у праліў Ла-Манш з боку Паўночнага м. Даўж. 37 км, найменшая шыр. (паміж Дуўрам і Кале) 32 км, глыб. 21—64 м. Парты: Дуўр (Вялікабрытанія), Кале і Дзюнкерк (Францыя). Паромная сувязь Дуўр—Кале, Дуўр—Дзюнкерк, Дуўр—Булонь. Пад пралівам чыг. тунэль.

т. 11, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНС, Берген (франц. Mons, флам. Bergen),

горад на ПдЗ Бельгіі. Адм. ц. прав. Эно. Каля 100 тыс. ж. (1997). Порт на канале Самбра—Шэльда. Чыг. вузел. Прам-сць. металаапр., хім., шкляная, керамічная, цэментная. 2 ун-ты, кансерваторыя. Музей выяўл. мастацтваў, дом В. ван Гога і інш. Арх. помнікі 11—18 ст., у т. л. гатычная ратуша (15 ст.).

т. 10, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУКРАНІ́ ПАЎСТА́ННЕ 1871—72,

антыфранцузскае паўстанне араб. і кабільскіх плямён Алжыра. Пачалося ў крас. 1871 у акрузе Меджана. Пад кіраўніцтвам Сі аль-Хадж Мухамеда Мукрані паўстанцы авалодалі б.ч. Усх. Алжыра. Пасля гібелі Мукрані 5.5.1871 барацьбу ўзначаліў яго брат Ахмед Бу Мезраг. Да ліп. 1871 асн. сілы паўстанцаў былі разбіты франц. войскамі, канчаткова паўстанне задушана ў студз. 1872.

т. 11, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАМІ́Я (ад франц. anomie адсутнасць закону),

стан грамадства, калі значная частка людзей ведае пра існаванне юрыд., маральных і інш. нормаў супольнага жыцця, але не лічыцца з імі і не падпарадкоўваецца ім. Тэорыю анаміі распрацаваў франц. сацыёлаг Э.​Дзюркгайм. У працах «Аб падзеле грамадскай працы» (1893), «Самазабойства» (1897) ён адзначыў, што анамія — дэзарганізацыя грамадскага жыцця, найчасцей узнікае ў грамадстве, якое знаходзіцца ў глыбокім эканам. і сац. крызісе, калі імкненні, жаданні, запатрабаванні людзей не маюць шанцаў на рэалізацыю. Гэта прыводзіць да канфліктных сутыкненняў інтарэсаў розных індывідаў і суполак, а пры значных маштабах можа выклікаць грамадскую дэзінтэграцыю. Гарманізацыя імкненняў і дзеянняў розных індывідаў і суполак — асн. перадумова фарміравання цэласнай неанамічнай асобы. Далейшае развіццё тэорыя анаміі атрымала ў працах амер. сацыёлагаў І.​Ламбда (лічыў анамію крыніцай сац. беспарадкаў, смуты і няпэўнасці), Р.​Мертана (вызначыў анамію як «канфлікт нормаў у сферы культуры»). Паводле ням. сацыёлага Р.​Дарэндорфа, анамія — такое становішча, калі існуючыя нормы права, маралі, грамадскі парадак беспакарана парушаюцца на ўсіх ступенях грамадскай іерархіі.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 1, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЯ АБАРО́НА 1812,

дзеянні рус. войскаў па абароне і прыкрыцці Бабруйскай крэпасці ў час вайны 1812. Крэпасць была важным апорным пунктам рус. арміі на шляху паўд. фланга напалеонаўскага войска. Франц. 17-я пях. дывізія Я.​Г.​Дамброўскага і інш. часці (усяго каля 12 тыс. чал.) 4 вер. блакіравалі Бабруйск, перакрыўшы дарогі ў крэпасць, гарнізон якой налічваў каля 5 тыс. чал. Спроба рус. атрадаў Баранава і Дрэева прарвацца ў крэпасць з боку Жлобіна не мела поспеху. Але гал. сілы рус. корпуса Ф.​Ф.​Эртэля (каля 5 тыс. чал.) выбілі 14 вер. з Глуска слабы польскі гарнізон і рушылі на Бабруйск. У баі каля в. Гарбацэвічы 15 вер. рус. часці перамаглі, але Эртэль не развіваў наступлення, а, знішчыўшы франц. склады ў Глуску і ваколіцах, вярнуўся ў Мазыр. Дамброўскі, які быў вымушаны прыкрываць мінскі напрамак, 12 кастр. фактычна зняў блакаду і адышоў на Ігумен (сучасны Чэрвень). За час блакады крэпасць выконвала функцыю ўмацаванага фарпоста рус. арміі.

т. 2, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛЬВЕТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

унітарная рэспубліка, якая існавала на тэр. Швейцарыі ў 1798—1803. (Пад уздзеяннем Французскай рэвалюцыі 1789—99 у шэрагу кантонаў Швейцарыі пачаліся нар. хваляванні, якія дасягнулі асаблівага размаху ў 1798.) 5.4.1798 франц. войскі занялі г. Берн. Старая канфедэрацыя распалася, 12 крас. ў г. Аараў абвешчана «адзіная і непадзельная Гельветычная рэспубліка» з канстытуцыяй накшталт франц. 1795. У выніку Швейцарыя станавілася унітарнай дзяржавай: кантоны страцілі права мець свае ўрады, выдаваць законы і ператвараліся ў правінцыі. Заканад. ўлада перадавалася Вялікаму савету і Сенату, выканаўчая — Дырэкторыі. Усе грамадзяне ўраўнаваны ў паліт. правах. Адменены ўсе саслоўныя адрозненні, абвешчана свабода сумлення, друку, гандлю, рамяства. Разам з тым краіна трапляла ў поўную залежнасць ад Францыі. Уцягненне Гельветычнай рэспублікі ў вайну з 2-й антыфранц. кааліцыяй выклікала шырокія нар. хваляванні і абвастрыла барацьбу паміж «патрыётамі», якія падтрымлівалі унітарную рэспубліку, і рэспубліканцамі — прыхільнікамі федэралісцкага прынцыпу. 19.2.1803 Напалеон выдаў т.зв. «Акт аб медыяцыі», паводле якога Швейцарыя вярталася да старога кантоннага парадку і станавілася саюзам дзяржаў.

т. 5, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)