ДЫСПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. dispositio размяшчэнне),
1) у ваен. справе да 20 ст. назва плана размяшчэння сухапутных войск для вядзення бою. У 18—19 ст. пісьмовы загад войскам, у якім ставіліся баявыя задачы; у 1912 у рус. арміі Д. заменена паняццем «баявы загад».
2) У ВМФ размяшчэнне караблёў на рэйдзе, базах, стаянках у адкрытым моры.
3) У праве састаўная ч. нормы права, што вызначае правілы паводзін, правы і абавязкі, якімі надзяляюцца ўдзельнікі праваадносін.
т. 6, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСК,
юрыдычны сродак абароны парушанага або аспрэчваемага суб’ектыўнага права. У цывільным працэсе можа быць прад’яўлены любой зацікаўленай асобай (фіз. або юрыд.). І. можа быць накіраваны на прысуджэнне адказчыка да ўчынення пэўных дзеянняў або ўстрымання ад неправамерных дзеянняў (вяртанне маёмасці, кампенсацыя страт, выплата аліментаў і да т.п.), на ўстанаўленне наяўнасці або адсутнасці праваадносін паміж бакамі або на змяненне ці спыненне праваадносін (раздзел агульнай маёмасці, скасаванне шлюбу). Форма выяўлення І. — іскавая заява, якая павінна змяшчаць пэўныя рэквізіты.
т. 7, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРОЛЬНЫ ПАКЕ́Т А́КЦЫЙ,
доля агульнай сумы выпушчаных акцый, якая належыць яе трымальніку (уладальніку) і дае яму права рашаючага голасу на сходзе акц. т-ва, а таксама магчымасць кантраляваць яго дзейнасць, быць фактычным гаспадаром т-ва, распараджацца капіталам (сродкамі) астатніх яго ўдзельнікаў. Тэарэтычна гэта доля (частка) вызначаецца ў памеры 51% ад агульнай сумы акцый, але пры значным распаўсюджанні дробных акцый дастаткова валодаць 20—30% (часам і менш), каб поўнасцю кантраляваць дзейнасць т-ва.
У.Р.Залатагораў.
т. 8, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ШЫЦКІ ПРЫВІЛЕ́Й 1374 Выдадзены польскім каралём Людовікам I Анжуйскім (ён жа і венг. кароль) 17 вер. пасля перагавораў з прадстаўнікамі польскай шляхты на з’ездзе ў г. Кошыцы (Славакія). Шляхта задаволіла дынастычныя прэтэнзіі Людовіка, ён у адказ пашырыў на ўсю шляхту правы і прывілеі, якімі раней карысталіся вышэйшыя свецкія і духоўныя феадалы. К.п. вызваляў шляхту ад усіх павіннасцей, акрамя невял. падатку з зямельных уладанняў і нясення вайск. службы, гарантаваў ёй выключнае права займаць дзярж. пасады.
т. 8, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕКІ́НСКІ ТРАКТА́Т 1860,
расійска-кітайскі дагавор. Падпісаны 14 ліст. ў Пекіне. Пацвердзіў і развіў Айгунскі дагавор 1858 і Цяньцзіньскі трактат 1858. Усталяваў усх. рас.-кіт. граніцу па рэках Амур, Усуры, Сунгача, воз. Ханка і далей па гарах да р. Тумыньцзян. Вызначыў рас.-кіт. граніцу ў Сіньцзяні (канчаткова вызначана Пецярбургскім дагаворам 1881). Уводзіў бязмытны рас.-кіт. гандаль на ўсім працягу рас.-кіт. мяжы, Расія атрымала права на прызначэнне рас. консулаў у гарады Кашгар і Ургу.
т. 12, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЮРА́ЛЬНЫ ВО́ТУМ у канстытуцыйным праве,
наданне аднаму выбаршчыку права галасаваць некалькі разоў. Быў пашыраны ў 19 ст. У краінах Зах. Еўропы, Вялікабрытаніі, Германіі і інш. існаваў парадак, калі побач з уключэннем у выбарчы спіс па месцы жыхарства грамадзянін уключаўся ў спіс той акругі, дзе знаходзілася яго нерухомая маёмасць або універсітэт, дзе ён атрымаў вышэйшую адукацыю. Захаваўся ў Новай Зеландыі, некат. штатах Аўстраліі, дзе ўладальнікі буйной уласнасці на выбарах органаў мясц. самакіравання валодаюць некалькімі галасамі.
т. 12, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПАРТЫМ’Е́НТА (ад ісп. repartimiento размеркаванне),
тэрмін, які ў ісп. калоніях Лац. Амерыкі з канца 15 ст. абазначаў размеркаванне паміж іспанцамі зямель, ваен. здабычы, тавараў і г.д. Найб. часта ўжываўся як назва прымусовай працоўнай павіннасці індзейцаў, паводле якой прыватныя асобы з іспанцаў мелі права з дазволу калан. адміністрацыі браць штогод у энкам’енду вызначаную колькасць індзейцаў пэўнага раёна для працы на плантацыях, у рудніках і інш. Гэта было прычынай масавай смяротнасці і хуткага скарачэння індзейскага насельніцтва.
т. 14, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. appellatio зварот, скарга),
у праве многіх краін абскарджанне прыгавораў ці інш. суд. рашэнняў па крымін. і цывільных справах, якія не набылі законнай сілы. Апеляцыйны суд нанава даследуе сабраныя доказы па справе і мае права або зацвердзіць раней прынятае рашэнне, або вынесці новае. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь не прадугледжвае апеляцыі, а перагляд суд. рашэнняў (прыгавораў), якія не набылі законнай сілы, адбываецца ў касацыйным парадку (гл. Касацыя).
2) У пераносным сэнсе — просьба падтрымаць у чым-н.
т. 1, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАВА́РЫ,
германскае племя. Упершыню ўпамінаецца ў пач. 6 ст. Магчыма, паходзіць ад маркаманаў. У сярэдзіне 6 ст. бавары занялі частку тэр. былых рым. правінцый Норык і Рэцыя (засялілі тэр. сучасных Верхняй Аўстрыі, Зальцбурга, Верхняй і Ніжняй Баварыі, часткова Ціроля). З 6 ст. вядома племянное герцагства (гл. Баварыя). На тэр. іх рассялення ў 7—8 ст. дзейнічала звычаёвае права — Баварская праўда (гл. ў арт. Варварскія праўды). Разам з інш. герм. плямёнамі бавары заклалі аснову ням. і аўстр. народаў.
т. 2, с. 195
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАГО́РСКІ (Майсей Якаўлевіч) (1854, Гродзенская губ. — 1921),
вучоны-юрыст, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў юрыд. ф-т Пецярбургскага ун-та (1875), Палітычную школу ў Парыжы са ступенню д-ра права (1885). З 1875 служыў у мін-ве юстыцыі Расіі. Выкладаў у пецярбургскіх навуч. установах. Дэпутат 1-й Дзярж. думы (1906) ад Гродзенскай губ. Аўтар кніг «Дэмакратыя і палітычныя партыі» (Парыж, 1898; Лондан, 1903), «Канстытуцыйная эвалюцыя Англіі» (1913), падручніка для нар. школ «Гісторыя Расіі» (32-е выд., 1913).
Э.А.Карніловіч.
т. 2, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)