СЕ́ЛІШЧАЎ Афанасій Мацвеевіч (23.1.1886, с. Волава Арлоўскай вобл., Расія — 6.12.1942),
рускі мовазнавец, славіст. Чл.-кар. АН СССР (1929) і Балгарскай АН (1931). Скончыў Казанскі ун-т (1911). Праф. Іркуцкага (1918—20), Казанскага (1920—21), Маскоўскага (з 1921) ун-таў. Асн. працы па гіст. дыялекталогіі македонскай мовы («Нарысы па македонскай дыялекталогіі», 1918; «Македонскія кодзікі 16—18 стст.», 1933, і інш.), рус. дыялекталогіі («Дыялекталагічны нарыс Сібіры», вып. 1, 1921; «Рускія гаворкі Казанскага краю...», 1927, і інш.), балканскім мовазнаўстве. Аўтар прац па параўнальна-гіст. граматыцы слав. моў, анамастыцы, падручнікаў па слав. мовазнаўстве: «Уводзіны ў параўнальную граматыку славянскіх моў» (вып. 1, 1914), «Славянскае мовазнаўства» (т. 1, 1941), «Стараславянская мова» (ч. 1—2, 1951—52).
Тв.:
Избр. труды. М., 1968.
т. 14, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБСІДЫЯ́РНАЯ АДКА́ЗНАСЦЬ,
дадатковая адказнасць асоб, якія разам з даўжніком адказваюць перад крэдыторам за належнае выкананне абавязацельстваў у выпадках, прадугледжаных законам або дагаворам; адзін з відаў грамадзянскай адказнасці. У адпаведнасці з Цывільным кодэксам Рэспублікі Беларусі С.а. нясуць; члены поўнага т-ва па яго абавязацельствах; удзельнікі т-ва з дадатковай адказнасцю, статутны фонд якога падзелены на долі вызначаных устаноўчымі дакументамі памераў — салідарна С.а. па абавязацельствах т-ва сваёй маёмасцю ў межах устаноўленых памераў; у выпадку банкруцтва даччынага т-ва па віне асн. т-ва апошняе нясе С.а. па яго даўгах; члены спажывецкага кааператыва — у межах няўнесенай часткі дадатковага ўзносу кожнага з членаў кааператыва. Грамадзянскае заканадаўства рэспублікі прадугледжвае і інш. выпадкі С.а.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 15, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ФІ́ЛІП МО́РЫС КО́МПАНІЗ ІНК.»
(Philip Morris Companies Inc.),
найбуйнейшая карпарацыя ЗША па вырабе спажывецкіх тавараў. Займае 1-е месца ў свеце ў тытунёвай індустрыі, 2-е — у прадуктовай, 3-е па вытв-сці піва, лідзіруе ў вытв-сці фасаваных прадуктаў. Засн. ў 1919. Штаб-кватэра ў Нью-Йорку. Уключае тытунёвыя падраздзяленні — амерыканскае («Філіп Морыс ЗША») і міжнар. («Філіп Морыс Інтэрнэшнл Інк.»); кампаніі — па вытв-сці прадуктаў харчавання і напіткаў («Крафт Фудз Інк»), па вытв-сці піва («Мілер Брэвінг Компані»); фін. карпарацыю («Філіп Морыс Кэпітал Карпарэйшн»). Прадпрыемствы амаль у 200 краінах свету, у вытв-сці занята 175 тыс. чал. (2001). На Беларусі прадстаўніцтва тытунёвай кампаніі з 1995.
М.Б.Жукава.
т. 16, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТЫ́ЛЬКІН Анатоль Іванавіч (6.1.1941, в. Кругавец-Калініна Добрушскага р-на Гомельскай вобл. —27.1.2002),
бел. грамадскі дзеяч, педагог. Скончыў Гродзенскі (1967) і Ленінградскі (1975) пед. ін-ты. Ініцыятар стварэння ў 1991 культ.-асв. Цэнтра бел. т-ва інвалідаў па зроку, друкавання л-ры па сістэме Брайля, аддзялення тыфлапедагогікі дэфекталагічнага ф-та ў Бел. пед. ун-це. Аўтар навук. прац па праблемах сац. і прац. рэабілітацыі інвалідаў па зроку. З 1997 1-ы віцэ-прэзідэнт параалімпійскага к-та Беларусі. Адзін з заснавальнікаў у 1993 і кіраўнікоў Рэсп. партыі працы і справядлівасці. Дэп. Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь у 1990—95, з 2000 дэп. Палаты прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь.
т. 18, кн. 1, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГО́ННЫ ПАРК,
колькасць вагонаў на пэўнай чыгунцы ці яе падраздзяленні — аддзяленні, станцыі і інш. Паводле прызначэння бывае пасажырскі і грузавы і па сферы выкарыстання — агульнага і спец. прызначэння; паводле тэхн. характарыстык класіфікуюць: па тыпе вагонаў (крыты, паўвагон, платформа і інш.), па колькасці восяў у вагоне, па габарыце і шырыні каляіны (шырока- ці вузкакалейныя), па грузападымальнасці і інш. Адрозніваюць інвентарны (уключае вагоны, прыпісаныя да пэўнай чыгункі) і наяўны вагонны парк (усе вагоны ў межах пэўнай чыгункі незалежна ад месца іх прыпіскі). Наяўны вагонны парк падзяляюць на рабочы (для камерцыйных перавозак) і нерабочы (для гасп. перавозак, перасоўных майстэрняў, вагоны, што знаходзяцца ў рамонце). Асобна вылучаюць рэзервовы вагонны парк, які ўключаецца ў работу ў перыяды масавых перавозак збожжа і агародніны, перакідкі с.-г. тэхнікі і інш. Інвентарны вагоннага парка Беларускай чыгункі на пач. 1996 уключаў больш за 2 тыс. пасажырскіх і каля 36 тыс. грузавых вагонаў. Свае вагонныя паркі маюць метрапалітэны.
В.Ц.Семчанка.
т. 3, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНА-МАТО́РНЫ СПОРТ,
спаборніцтвы на скорасць перамяшчэння па вадзе на гоначных і спарт. суднах з падвешанымі маторамі або стацыянарнымі рухавікамі; адзін з тэхнічных відаў спорту. Уключае таксама турызм на маторных суднах. Судны (адрозніваюць спарт., гоначныя, надзіманыя і інш.) класіфікуюцца ў залежнасці ад рабочага аб’ёму (літражу) рухавікоў або гранічна дапушчальнай сумарнай масы корпуса і сілавой устаноўкі. Усе тыпы і класы гоначных суднаў маюць міжнар. індэксы. Рэгіструюцца рэкорды скорасці, гонкі праводзяцца па замкнутых (кальцавых) трасах, якія пазначаны буямі; старт і фініш звычайна ў адным месцы.
Водна-маторны спорт узнік на пач. 20 ст. З 1922 дзейнічае Міжнар. саюз водна-маторнага спорту (УІМ), у 1908 спаборніцтвы па водна-маторным спорце былі ў праграме Алімпійскіх гульняў. З 1920-х г. праводзяцца чэмпіянаты свету і Еўропы ў розных класах. З 1967 па суме лепшых вынікаў у 8—10 гонках (праводзяцца ў розных краінах) вызначаюць чэмпіёна свету па акіянскіх гонках. На Беларусі водна-маторны спорт развіваецца з 1956.
т. 4, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНЫ СПОРТ,
від спорту. Уключае падводнае арыентаванне. плаванне ў ластах, падводныя спартыўныя паляванне і стральбу па мішэнях, падводны турызм. Спарт. інвентар: акваланг, дыхальная трубка, ласты, маска і інш.
П.с. узнік у 1920-я г., інтэнсіўна развіваецца пасля вынаходства акваланга. Сусветная канфедэрацыя падводнай дзейнасці (падводнага спорту) створана ў 1959 (Манака); першы прэзідэнт Ж.А.Кусто. Канфедэрацыя аб’ядноўвае 112 краін (2000). Чэмпіянаты свету і Еўропы па падводным паляванні праводзяцца з 1950-х г., па падводным арыентаванні і плаванні ў ластах — з 1960-х г. (з 1967 кожны год), спаборніцтвы на Кубак Еўропы — з 1969.
На Беларусі культывуюцца (з 1959) падводныя спарт. паляванне і стральба па мішэнях, плаванне ў ластах. Чэмпіянаты рэспублікі і спаборніцтвы на Кубак Беларусі па падводным паляванні і плаванні ў ластах праводзяцца з 1972. У чэмпіянатах свету бел. спартсмены ўдзельнічаюць з 1976. Федэрацыя П.с. Беларусі створана ў 1992. Майстры спорту Беларусі В.Сашынскі (чэмпіён Беларусі, 1996, 1997) і А.Шапавалаў (чэмпіён Беларусі, 1998, 1999).
С.А.Патрыкееў.
т. 11, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НІМУМ (лац. minimum найменшае),
1) найменшая колькасць, найменшае значэнне якой-н. велічыні ў шэрагу даных.
2) Сукупнасць ведаў па навуч. прадметах, абавязковых для спецыяліста, а таксама экзамены па гэтых прадметах.
т. 10, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫЛЕ́ЎСКІ Язэп, разьбяр па дрэве 18 ст. У 1754—55 удзельнічаў у аздабленні касцёла бернардзінцаў у Брэсце: выканаў па ўласным эскізе 2 алтары, амбон, статую св. Францішка для саду і інш.
т. 3, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛДЗІПРАБУДМАТЭРЫЯ́ЛЫ», Дзяржаўнае прадпрыемства «Белдзіпрабудматэрыялы» Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1988 у Мінску як Бел. дзярж. ін-т па праектаванні прадпрыемстваў прам-сці буд. матэрыялаў («Белдзіпрабудматэрыялы») на базе Мінскага аддз. Усесаюзнага ін-та «Саюздзіпрабудматэрыялы». З ліп. 1995 сучасная назва. Галаўны ін-т па праектаванні, рэканструкцыі і тэхн. перааснашчэнні прадпрыемстваў будматэрыялаў. Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка дакументацыі для вытворчасці нестандартызаванага абсталявання, тэхн. мерапрыемстваў па змяншэнні страт паліва, электраэнергіі і зніжэнні выкідаў у навакольнае асяроддзе.
т. 3, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)