АДНААСО́БНІКІ,

сацыяльная група (або асоба), якая вядзе дробную прыватную гаспадарку або вытворчасць пераважна ўласнымі сродкамі і сіламі сваёй сям’і; паводле афіц. сав. гістарыяграфіі, сяляне ў СССР, якія вялі гаспадарку індывідуальна — аднаасобна, а не ў калгасе ці саўгасе. У 1913 на Беларусі ўдзельная вага сацыяльна падобных да аднаасобнікаў катэгорыяй сялян, дробных саматужнікаў і рамеснікаў складала 74,8% усяго насельніцтва; дробныя гар. і местачковыя саматужнікі і рамеснікі — 34,4% усіх занятых у прам-сці. На іх долю прыпадала прыкладна 26% чыстай прамысл. прадукцыі (у Расіі 31,4%) і 4% нац. прыбытку. Удзельная вага дробных гандляроў складала 43,4% (у Расіі — 29,5%). Да масавай калектывізацыі аднаасобны сялянскі двор у БССР, як і ў СССР, уяўляў сабой сямейна-прац. аб’яднанне, якое вяло гаспадарку на нацыяналізаванай зямлі. Паводле маёмаснага складу афіцыйна яго падзялялі на бядняцкі, серадняцкі і кулацкі, часам вылучалі і с.-г. рабочых (парабкаў). На аснове сав. заканадаўства 1917—20 аднаасобнікі, як і інш. сац. групы, былі пазбаўлены права прыватнай уласнасці на зямлю, інш. сродкі вытв-сці, арандаваць і наймаць рабочую сілу, абмежаваны ў самаст. гасп. дзейнасці. На пач. 1920-х г. у ходзе новай эканамічнай палітыкі дробнатаварная вытв-сць аднаасобнікаў у нар. гаспадарцы была прызнана неабходнай мерай паскарэння сац.-эканам. развіцця. Аднаасобнікам дазвалялі любыя формы гасп. дзейнасці, выкарыстанне пры пэўных умовах наёмнай працы, арэнду сродкаў вытв-сці. Сярод аднаасобнікаў павялічылася доля заможных гаспадароў і прадпрымальнікаў. Паводле звестак выбарачнага перапісу (1927), сярэдняе сялянства складала 64,7% ад усіх сял. гаспадарак, бедната і парабкі — 31,2%, кулакі — 4,1%. У 1926 сярод насельніцтва БССР сяляне-аднаасобнікі, некаапераваныя саматужнікі і рамеснікі складалі 77,5%. У 1925—26 на долю дробнатаварнага і патрыярхальнага ўкладаў у сельскай гаспадарцы прыпадала 79,6% створанага чыстага прадукту, у прам-сці — 32%, у будаўніцтве — да 54%. Усяго аднаасобнікі стваралі 50,7% нац. прыбытку БССР (у 1913 менш за 40%). У 1926 валавая прадукцыя аднаасобных сял. гаспадарак складала 97,5% агульнарэсп. аб’ёму. З пераходам дзяржавы ад рэфармісцкіх да рэв. метадаў вырашэння задач сац.-эканам. развіцця праз фарсіраваную індустрыялізацыю і калектывізацыю доля аднаасобнікаў у нар. гаспадарцы рэзка зменшылася. Гэтаму спрыяла спыненне продажу ім машын і с.-г. прылад, згортванне выдачы дзярж. крэдытаў, адмова ў праве на арэнду зямлі і прадпрыемстваў, прымяненне павышаных падаткаў і інш. меры. У выпрацаваную камуністамі сістэму буд-ва сацыялізму ў СССР аднаасобнікі не ўпісваліся і былі асуджаны на знікненне. Пачалося імклівае выцісканне аднаасобніка-прыватніка з усіх сфер дзейнасці. У тавараабароце рэспублікі прыватны сектар у 1926—27 займаў 22,3%, у 1931 — 0,44%, у 1934 яго доля ў легальным гандлі была зведзена да нуля. З саматужна-рамеснай вытв-сці вёскі аднаасобнік амаль знік у 1930. Няўхільна змяншалася колькасць аднаасобнікаў і сярод сялян. У ходзе суцэльнай калектывізацыі ў 1929—32 у БССР кулацтва як клас было ліквідавана (гл. Раскулачванне).

Наступ на аднаасобнікаў (жорсткае падаткаабкладанне, перадзелы зямлі, ліквідацыя хутарской сістэмы) працягваўся. Толькі ў 1930—35 сума с.-г. падатку з гаспадаркі аднаасобнікаў вырасла амаль у 9 разоў. Да канца 1930-х г. самастойная аднаасобная гаспадарка як сац. катэгорыя ў вёсцы і ў горадзе, па сутнасці, знікла (за выключэннем Зах. Беларусі). У 1939 сяляне-аднаасобнікі, некаапераваныя саматужнікі і рамеснікі складалі толькі 6,4% усяго насельніцтва БССР. Колькасць аднаасобных сял. двароў зменшылася з 804 тыс. у 1928 да 50,3 тыс. ў 1940. Гэта адмоўна адбілася на ўсёй эканоміцы і асабліва на вытв-сці с.-г. прадукцыі. У пасляваенны час за кошт урбанізацыі рэспублікі, перамяшчэння значнай часткі аднаасобнікаў у іншыя раёны СССР, паскорана праведзенай прымусовай калектывізацыі ў Зах. Беларусі аднаасобныя сял. гаспадаркі зусім зніклі. З мноства вяскоўцаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій да пач. 1950-х г. (гл. Рэпрэсіі палітычныя ў СССР), аднаасобнікі складалі абсалютную большасць. У 1959 сяляне-аднаасобнікі, і некаапераваныя саматужнікі складалі толькі 0,7% насельніцтва, у 1966 — 0,1%. Перабудова эканам. структур, пачатая ў канцы 1980-х г. на Беларусі, як і ў цэлым у СССР, стварыла ўмовы для развіцця дробнага прадпрымальніцтва ў горадзе і вёсцы.

А.​М.​Сарокін.

т. 1, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫЯ МАСТА́ЦКІЯ ПРО́МЫСЛЫ,

адна з форм народнай творчасці, звязаная з вырабам прадметаў дэкар.-прыкладнога характару на продаж; галіна народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; арганічная частка матэрыяльнай і духоўнай культуры народа. Вытокі Н.м.п. у хатніх промыслах, якія з цягам часу ператварыліся ў дробную таварную вытв-сць (гл. Рамёствы). Існавалі звычайна як невял. саматужныя майстэрні з выкарыстаннем ручной працы, у выглядзе хатняй вытв-сці (працавала адна сям’я), радзей як арцелі майстроў, што пераходзілі з вёскі ў вёску. У формах, расфарбоўцы, арнаментацыі вырабаў Н.м.п. яскрава выяўляюцца эстэт. густы народа, яго шматвяковыя культ. традыцыі. Залежнасць ад патрабаванняў рынку вымушала майстроў прытрымлівацца мясц. традыцый, аператыўна адгукацца на патрабаванні і густы спажыўцоў (чужое, безгустоўнае не прыжывалася).

Вядомы ўсім народам свету У некат. краінах развіццё капіталіст. адносін, пашырэнне прамысл. вырабаў прывяло Н.м.п. да заняпаду або поўнага выраджэння (ЗША, краіны Зах. Еўропы). У некат. краінах, дзе капіталіст. таварна-грашовыя адносіны не набылі развітога характару (пераважна Азія і Афрыка), шырока бытуюць і ў наш час. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачалося іх адраджэнне як важнай часткі нац. культуры. Шырока вядомы сярэднеазіяцкае дыванаткацтва, апрацоўка каштоўных і каляровых металаў у народаў Каўказа, бурштыну і скуры ў Прыбалтыцы, косці і футра ў народаў Д. Усходу, у Расіі філігрань, фініфць. выраб карункаў, кераміка (гл. Гжэльская кераміка, Дымкаўская цацка), размалёўка па дрэве і метале (гл. Жостаўская размалёўка, Хахламская размалёўка), лакавая мініяцюра (гл. Лакі мастацкія, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Фядоскінская мініяцюра, Холуйская мініяцюра) і інш.

На Беларусі асн. відамі Н.м.п. здаўна былі ганчарства, розныя віды мастацкага пляцення (пераважна з лазы), такарнае рамяство, набіванка, пернікарства, выраб мэблі, часткова — ткацтва, вышыўка. Найб. пашырыліся Н.м.п. ў канцы 19—1-й пал. 20 ст., хоць насычэнне рынку адносна таннымі прамысл. вырабамі прывяло некат. іх віды да заняпаду (набіванка, пернікарства). У сувязі са зменамі ў канструкцыі, паляпшэннем знешняга і ўнутр. выгляду нар. жылля пашырыліся віды Н.м.п., звязаныя з дэкар. аздабленнем інтэр’ера: размалёўка па дрэве, шкле, палатне (гл. Агоўская размалёўка, Агоўскія куфры, Давыд-Гарадоцкія куфры, Лідскія куфры, Нарачанска-Дзісенскія дываны), саломка мастацкая. З мэтаю падтрымкі Н.м.п. у асяродках іх традыц. развіцця земствы арганізоўвалі школы і майстэрні: ткацкія — у Севасцянавічах (Магілёўшчына) і Лепелі, лозапляцення — у Магілёве і Гомелі і інш. Было арганізавана Таварыства дапамогі хатняму рамяству, якое дапамагала нар. майстрам у паляпшэнні якасці вырабаў, узбагачэнні форм і дэкору, арганізацыі збыту прадукцыі. У 1920—30-я г. майстры-саматужнікі аб’ядноўваліся ў арцелі (ганчарныя, ткацка-вышывальныя і інш.). У 1938 створаны Бел. маст.-прамысл. саюз, які аб’яднаў іх у адзіную сістэму. У час Вял. Айч. вайны і пасляваен. перыяд адбудовы вёскі ў сувязі з недахопам прамысл. утылітарна-дэкар. вырабаў аднавіліся традыц. Н.м.п., пераважна ганчарства, ткацтва, пляценне з саломы і лазы, аплікацыя саломай па дрэве і палатне, размалёўка. Многія асяродкі традыц. Н.м.п. паслужылі асновай для стварэння вытв. аб’яднанняў і ф-к маст. вырабаў з апорнымі пунктамі па рабоце з майстрамі-надомнікамі ў навакольных вёсках. У 1965 яны былі далучаны да Упраўлення маст. прам-сці Мін-ва мясц. прам-сці Беларусі. У 1988 упраўленне рэарганізавана ў Бел. вытв.-гандл. аб’яднанне «Белмастпромыслы», у 1991 — у асацыяцыю «Бел. нар. маст. промыслы», з 1993 — у Бел. дзярж. канцэрн маст. промыслаў. У канцы 1980-х г. уздым цікавасці да нац. бел. культуры і прыняцце закона аб індывідуальнай працоўнай дзейнасці (1987) адрадзілі традыц. Н.м.п. і пашырылі новыя формы іх арганізацыі (кааператывы, дамы рамёстваў і інш.). У 1999 прыняты закон «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь».

Літ.:

Народные художественные промыслы СССР. М., 1983;

Сахута Е.М., Говор В.А. Художественные ремесла и промыслы Белоруссии. Мн., 1988;

Лабачэўская В.А. Зберагаючы самабытнасць: З гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Народныя мастацкія промыслы. Ганчар І.​Генбіцкі з в. Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобл.
Да арт. Народныя мастацкія промыслы. Майстрыха аплікацыі саломкай на тканіне К.​Русаковіч з в. Рухава Старадарожскага раёна Мінскай вобл.
Да арт. Народныя мастацкія промыслы. Майстар мастацкай размалёўкі Дз.​Цубер з г. Давыд-Гарадок Столінскага раёна Брэсцкай вобл.

т. 11, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАЯ КАМПА́НІЯ 1939,

германа-польская вайна 193 9, Вераснёўская кампанія 193 9, баявыя дзеянні ўзбр. сіл фаш. Германіі па акупацыі Польшчы 1 вер. — 5/6 кастр., з якіх пачалася другая сусветная вайна 1939—45. План нападу на Польшчу «Вайс» («Белы»), распрацаваны герм. вярх. камандаваннем у крас. 1939, зыходзіў са стратэгіі «маланкавай вайны і меў на мэце раптоўным уварваннем сарваць мабілізацыю і сканцэнтраванне польскай арміі, канцэнтрычнымі ўдарамі з Сілезіі (8-я, 10-я і 14-я ням. арміі), Памераніі і Усх. Прусіі (3-я і 4-я ням. арміі) разбіць яе гал. сілы, што знаходзіліся на З ад рэк Вісла і Нараў. Зачэпкай да вайны паслужыла правакацыя 31.8.1939 у прыгранічным ням. г. Гляйвіц (цяпер Глівіцы, Польшча), калі група службоўцаў СС інсцэніравала напад польскіх вайскоўцаў на мясц. радыёстанцыю (аперацыя «Гімлер»). У той жа дзень у Польшчы пачата поўная мабілізацыя, у т. л. ў Зах. Беларусі (тут мабілізавана каля 100 тыс. беларусаў). Ням. сілы ўварвання пад агульным камандаваннем ген. В. фон Браўхіча налічвалі 54 (з рэзервамі 62) дывізіі, з іх 6 танкавых і 4 матарызаваныя (усяго 1,6 млн. чал.), каля 10 тыс. артыл. гармат і мінамётаў, 2,5—2,8 тыс. танкаў, каля 1,3 тыс. самалётаў, 18 баявых караблёў. Польшча мела каля 30 пях. дывізій, 16 брыгад (з іх 11 кав. і 2 бронематарызаваныя; разам 1 млн. чал.), 4,3 тыс. гармат і мінамётаў, 870 танкаў і танкетак, каля 400 баяздольных самалётаў, 16 баявых караблёў. Польскае камандаванне на чале з маршалам Э.Рыдз-Сміглым планавала весці абарончыя баі на З ад Віслы з разлікам на хуткую дапамогу зах. саюзнікаў — Вялікабрытаніі і Францыі (3 вер. гэтыя краіны абвясцілі вайну Германіі, але актыўных ваен. дзеянняў супраць яе не разгарнулі). У час баявых дзеянняў 1—8 вер., якія пачаліся з абстрэлу п-ва Вестэрплятэ (яго гарнізон на чале з маёрам Г.​Сухарскім супраціўляўся да 7 вер.), ням. войскі прарвалі польскую абарону на рубяжах уздоўж мяжы і хутка наблізіліся да Варшавы. 7 вер. Рыдз-Сміглы са штабам эвакуіраваўся ў крэпасць Брэст. 9—16 вер. герм. злучэнні акружылі польскія часці на У ад Варшавы, ліквідавалі наступствы польскага контрудару паміж рэкамі Вісла і Бзура, 14 вер. захапілі акружаную імі ваен.-марскую базу Гдыня (яе паўн. ўчастак Аксыўе капітуляваў 18 вер.), 15 вер. наблізіліся да Брэста (да 30% вайскоўцаў IX польскага корпуса на Брэстчыне складалі беларусы). У гэтых умовах 17 вер. пачаўся паход сав. войскаў у Зах. Беларусь і Зах. Украіну (гл. Пакт Рыбентропа—Молатава 1939, Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР, Беларускі фронт 1939, Дняпроўская ваенная флатылія). Польскі ўрад пакінуў краіну (у ноч на 18 вер.), ням. войскі завяршылі заваяванне Польшчы (28 вер. капітулявалі абаронцы Варшавы, 29 вер. — крэпасці Модлін, 2 кастр. — п-ва Гэль, 6 кастр. пасля апошніх абарончых баёў 2—5 кастр. пад г. Коцк — самаст. аператыўная група «Палессе» на чале з ген. Ф.​Клеебергам, у склад якой уваходзілі маракі польскай Пінскай флатыліі). У ходзе П.к. Германія страціла каля 45 тыс. чал. забітымі і параненымі, каля 1 тыс. танкаў і бронемашын, 700 самалётаў і інш. тэхніку, Польшча — каля 200 тыс. забітымі і параненымі, 700 тыс. чал. палоннымі (сярод іх было 70 тыс. беларусаў) і інш. Акупацыя Польшчы нямецкімі войскамі не спыніла волю палякаў да супраціўлення (гл. Вызваленчая вайна польскага народа 1939—45).

Літ.:

Jurga T. Obrona Polski, 1939. Warszawa, 1990;

Odziemkowski J Kampania wrześniowa 1939 r. // Wojsko Polskiew II wojnie światowej. Warszawa, 1994;

Radziecka agresja 17 września 1939 r. i jej skutki dla mieszkariców ziem północno-wschodnich II Rzeczypospolitej: Studia i materiały. Białystok, 2000;

Брыль Я. Многолетнее: По блокнотным наброскам: Пер. с бел. // Неман. 2000. №1;

Вабішчэвіч А. Уз’яднанне // Полымя. 2000. № 9;

Макарэвіч В.С. Беларусы ў польскай арміі напярэдадні і ў час нямецкай агрэсіі // Праблемы ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР: Гісторыя і сучаснасць: Матэрыялы Міжнар. навук.-тэарэт. канф. Мн., 2000.

В.​А.​Астрога, У.​В.​Грыбоўскі.

Да арт. Польская кампанія 1939. Германскі лінейны карабель «Шлезвіг-Гольштэйн» абстрэльвае паўвостраў Вестэрплятэ. 1.9.1939.

т. 12, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ НА МЯЖЫ 20—21 СТАГОДДЗЯЎ

Народная гаспадарка. У 1991—95 нар. гаспадарка Беларусі апынулася на грані абвалу. Праявамі яго сталі значнае зніжэнне ўсіх гал. макраэканам. паказчыкаў і грамадскай вытворчасці, павелічэнне дэфіцыту дзярж. фінансаў, рост інфляцыі (гл. табліцу).


Дынаміка макраэканамічных паказчыкаў за 1991—95 (у % да папярэдняга года)
Макраэканамічныя паказчыкі Гады 1995 у
адносінах
да 1990
1991 1992 1993 1994 1995
Валавы ўнутраны прадукт 98,8 90,4 92,4 87,4 89,6 64,6
Прадукцыя: прамысловасці 99,0 90,6 90,0 82,9 88,3 59,1
сельскай гаспадаркі 95,1 91,5 103,7 85,6 95,3 73,6
Тавары народнага спажывання 100,5 95,0 94,0 87,0 76,0 59,6
Капіталаўкладанні 71,0 85,0 89,0 69,0 95,0 35,2
Рознічны тавараабарот 91,9 78,0 86,0 90,5 77,2 43,2

Гэта было абумоўлена найперш рэзкім падзеннем (на 40,9%) выпуску прадукцыі прамысловасці — асн. галіны нар. гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. З улікам нерэалізаваных таварных запасаў і неаплачанай прадукцыі выпуск прамысл. прадукцыі скараціўся амаль у 2 разы. Гал. прычыны — нежаданне кіраўніцтва краіны праводзіць радыкальныя рыначныя пераўтварэнні, захаванне метадаў адм.-каманднага кіравання з манаполіяй дзярж. уласнасці. Негатыўна паўплывалі таксама недахоп уласных энерганосьбітаў, сыравіны і матэрыялаў, праблемы збыту прадукцыі, падаражанне матэрыяльных рэсурсаў пасля распаду СССР. Акрамя таго, значна знізілася канкурэнтаздольнасць прамысл. прадукцыі рэспублікі. Гэта было абумоўлена тым, што дамінуючае становішча імпарту з краін СНД занялі энерганосьбіты і металы; экспарт адносна дарагой бел. прадукцыі на рас. рынак зменшыўся з-за розніцы ў цэнах на прадукцыю базавых галін. У выніку большасць прамысл. прадпрыемстваў апынулася ў цяжкім фін. становішчы; на шэрагу маш.-буд. з-даў сабралася вял. колькасць гатовых вырабаў, эквівалентных 3—5-месячнаму аб’ёму вытворчасці; гандл. адносіны з Расіяй сталі весціся з вял. дэфіцытам, на пагашэнне якога Беларусь вымушана была ўступіць кантроль за нафта- і газаправодамі, нафтаперапрацоўчымі прадпрыемствамі і інш. У 1995 знешняя запазычанасць бел. прадпрыемстваў, гал. чынам рас. пастаўшчыкам за тавары, работы і паслугі, склала 9,5 трыльёна руб., а з вылічэннем запазычанасці інш. краін перад Рэспублікай Беларусь — 4,4 трыльёна руб.; пастаянная залежнасць ад увозу рас. энерганосьбітаў і сыравіны даволі моцна прывязала Беларусь у знешнім гандлі да краін СНД і Расіі.

У цяжкім становішчы апынулася і сельская гаспадарка. За 1991—95 яе валавы прадукт скараціўся на 37,7%, вытворчасць мяса — на 53, малака — на 42,1, збожжа — на 27,7, агародніны — на 46, бульбы — на 27,7%. Дэфіцыт фінансаў у аграпрамысл. комплексе (АПК) стаў вынікам непарытэту цэн на с.-г. і прамысл. прадукцыю. Толькі ў 1991—94 цэны на прадукцыю, што спажывала сельская гаспадарка, выраслі ў параўнанні з 1990 на электраэнергію ў 281 тыс. разоў, на дызельнае паліва — у 237 тыс., на бензін — у 100 тыс., на камбайны — у 149 тыс., на трактары МТЗ — у 67—80 тыс., на мінеральныя ўгнаенні — у 30—80 тыс. разоў. Закупачныя цэны на с.-г. прадукцыю за гэты час павялічыліся: на збожжа толькі ў 6 тыс. разоў, на цукровыя буракі — у 5,7 тыс., на буйную рагатую жывёлу — у 5,4 тыс., на свіней — у 11,4 тыс., на птушку — у 16,5 тыс. разоў. Усё гэта прывяло да таго, што вёска, па сутнасці, перастала купляць тэхніку, у 3 разы зменшыла набыццё мінеральных угнаенняў. У такім крызісным становішчы сельская гаспадарка апынулася, нягледзячы на тое, што ў сферы капіталаўкладанняў яна заставалася адной з найб. прыярытэтных галін. У 1991—95 на патрэбы АПК выдзялялася 25—30% бюджэтных сродкаў, амаль столькі ж ён атрымліваў дадаткова ў выглядзе розных ільгот і датацый. У цэлым на патрэбы сельскай гаспадаркі ў гэты перыяд расходавалася 50—60% бюджэту рэспублікі. Палітыка штучнага стрымлівання закупачных і рознічных цэн на прадукцыю АПК ва ўмовах значнага росту выдаткаў, высокіх тэмпаў інфляцыі не апраўдала сябе з эканам. пункту гледжання. Яна прывяла да абвастрэння дэфіцыту бюджэту калгасаў і саўгасаў, выдзялення дадатковых ільготных крэдытаў, стварыла ўмовы для масавага вывазу с.-г. прадукцыі за межы Беларусі і звужэння спажывецкага рынку.

Дэфармацыя цэн прывяла таксама да цяжкага становішча транспарт і жыллёва-камунальную гаспадарку, якія патрабавалі ўсё новых і новых крэдытаў, што абвастрыла сітуацыю ў фін. сферы краіны. Зніжэнне выпуску прадукцыі прамысловасці і сельскай гаспадаркі адбывалася і з прычыны рэзкага скарачэння капіталаўкладанняў у нар. гаспадарку Беларусі. На працягу 1991—95 у параўнанні з 1990 яны знізіліся на 64,8%. Рэзка паменшалі даходы насельніцтва, што было абумоўлена абвальным ростам цэн на прадукты харчавання і тавары першай неабходнасці. Толькі за 1992—94 хлеб жытні падаражэў прыкладна ў 5 тыс. разоў, хлеб пшанічны — у 6 тыс., мясапрадукты — у 10 тыс., цукар — у 5 тыс., праезд у гар. транспарце — у 10 тыс. разоў. За 1991—95 прыкладна ў 5 разоў знізілася рэальная зарплата, намінальныя грашовыя даходы насельніцтва не паспявалі за расходамі. У 1995 за рысай мінім. спажывецкага бюджэту апынулася больш за 60% жыхароў краіны. Захоўваліся і высокія тэмпы інфляцыі. У 1992 сярэднямесячны прырост рознічных цэн склаў 27%, у 1993—32, у 1994—27, у 1995—31%. У такіх умовах павялічылася таварна-грашовая разбалансаванасць. Пры ўстойлівым зніжэнні рэальных аб’ёмаў вытворчасці адбывалася шматразовае павелічэнне грашовай масы, якая за 1992—95 вырасла больш чым у 300 разоў, што прывяло да агульнага росту цэн і абясцэньвання грашовых сродкаў.

У 2-й пал. 1994 распрацавана і пачала рэалізоўвацца праграма неадкладных мер па выхадзе эканомікі краіны з крызісу. Яна ўключала комплекс узаемаўвязаных мерапрыемстваў, скіраваных найперш на прыпыненне спаду вытворчасці, прадухіленне нарастання інфляцыі, абарону насельніцтва ад поўнага збяднення, недапушчэнне масавага беспрацоўя і рэзкага маёмаснага расслаення. Праграма прадугледжвала таксама і меры агульнаэканам. характару — лібералізацыю цэнаўтварэння і рынку валют, масавую прыватызацыю дзярж. сектара, паслабленне падаткаў, скарачэнне дзярж. расходаў, развіццё малога і сярэдняга бізнесу, скарачэнне ролі дзяржавы ў рэгуляванні эканомікі. Але ажыццяўленне гэтай праграмы праходзіла недастаткова прадумана і эфектыўна; адбывалася шараханне ад адм. каманднай сістэмы да дэкларатыўных рыначных новаўвядзенняў. З 1996 эканам. сітуацыя стала паляпшацца. Зацверджаныя I Усебел. нар. сходам (кастр. 1996) «Асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 1996—2000 гады» гал. мэтай вызначылі павышэнне жыццёвага ўзроўню народа з паступовым набліжэннем да ўзроўню жыцця індустрыяльна развітых еўрап. краін. Гэтай мэце павінна была адпавядаць мадэль сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі. Дасягненне мэты прадугледжвала шэраг этапаў. На 1-м этапе (1996—97) меркавалася дасягнуць макраэканам. стабілізацыі і стварыць умовы для аднаўлення эканам. росту, зніжэння інфляцыі і стабілізацыі курсу нац. валюты. Асн. задачы 1-га этапа: пераадоленне сістэмнага крызісу, стымуляванне прадпрымальніцтва, развіццё малога і сярэдняга бізнесу, правядзенне малой і сярэдняй прыватызацыі, фарміраванне рынку нерухомасці, умацаванне нац. валюты і зніжэнне інфляцыі да 1,5—0,5% за месяц, паляпшэнне фін. становішча прадпрыемстваў, падтрымка гал. сістэм сац. сферы і інш. На 2-м этапе павінны былі вырашацца наступныя задачы: стабілізацыя прыросту валавога ўнутр. прадукту (ВУП) не менш як 5% за год; структурная перабудова эканомікі на аснове навукаёмістых і рэсурсазберагальных тэхналогій; стварэнне дзейснага механізму інвесціравання эканомікі, стымуляванне найперш высокаэфектыўных інвестыцый; пашырэнне рынкаў збыту бел. тавараў шляхам павышэння іх якасці і канкурэнтаздольнасці; паглыбленне інтэграцыі з краінамі СНД; забеспячэнне ўстойлівага росту ўзроўню жыцця насельніцтва і інш.

Паводле афіц. даных, з 1997 у краіне пачаўся эканам. ўздым. Так, у 1997 аб’ём ВУП павялічыўся ў параўнанні з 1996 на 10%, выпуск прамысл. прадукцыі — на 17,6%; у сельскай гаспадарцы вытворчасць прадукцыі вырасла на 5,4%. З 544 важнейшых відаў павялічыўся выпуск 400. Пабольшалі капіталаўкладанні ў эканоміку. На 20% павялічыліся інвестыцыі ў развіццё нар. гаспадаркі; на 24,3% вырас аб’ём знешняга гандлю; экспарт павялічыўся на 24,1%, імпарт — на 24,5%; але сальда знешнегандл. абароту было адмоўным і складала 1341,3 млн. долараў ЗША. Станоўчыя тэндэнцыі ў развіцці эканомікі захаваліся і ў наступныя гады. Устойлівы эканам. рост у 1996—2000 спрыяў таму, што ВУП павялічыўся на 36%, прадукцыя прамысловасці — на 65, інвестыцыі ў асн. капітал — на 26%. У 2000 Беларусь вырабляла 53% хім. ніцей і валокнаў на тэр. СНД (у сав. час — 30%), 48% трактароў, 31% халадзільнікаў, 30% трыкатажных вырабаў, ​1/4 частку тэлевізараў, абутку і мінеральных угнаенняў. У 1998—2003 на МАЗе, БелАЗе створаны новыя віды аўтамабіляў, аўтобусаў. Мінскі трактарны завод вырабляў 22 мадэлі універсальных прамысл. трактароў, 6 мадэлей малагабарытных трактароў, 8 мадэлей мотаблокаў і міні-трактароў, 15 мадэлей спец. машын прамысл. прызначэння (камунальных, пагрузачных, лесаапрацоўчых, шахтавых). На Мінскім маторным з-дзе наладжана вытворчасць асабліва моцных матораў для аўтамабільных з-даў Беларусі і Расіі. Паспяхова працавалі аб’яднанні «Маналіт», «Гомсельмаш», «Віцязь», «Гарызонт», «Інтэграл», «Атлант» і шэраг інш. прадпрыемстваў.

Перспектывы сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь вызначаны на II Усебел. нар. сходзе (май 2001). Паводле прагнозных разлікаў за 2001—05 ВУП павялічыцца на 35—40%, прадукцыя прамысловасці — на 28—32, сельскай гаспадаркі — на 22—28, сферы паслуг насельніцтву — на 60—65%. У 2003 шэраг прагнозных паказчыкаў выкананы. Так, ВУП выкананы на ўзроўні 106,5% у адносінах да 2002, аб’ём вырабленай прамысл. прадукцыі дасягнуў 106,9%, вытворчасць с.-г. прадукцыі — 106,2%. На 7,5% павялічылася вытворчасць спажывецкіх тавараў. На 111,3% вырас грузаабарот прадпрыемстваў транспарту агульнага карыстання. Адмоўныя паказчыкі склаліся на прадпрыемствах аўтамабільнага (93,4%) і паветранага (99,9%) транспарту. Аб’ём знешняга гандлю ў 2003 да ўзроўню 2002 складаў 123,4%, у т. л. імпарт павялічыўся на 24,5%, экспарт — на 22,1%. Адмоўна ўплывалі на стан эканомікі інфляцыя, няўстойлівасць валютнага рынку, дэфіцыт гандл. і плацежнага балансу, рост цэн, нізкая рэнтабельнасць шэрагу прамысл. прадпрыемстваў, адмоўнае сальда ў знешнім гандлі, марудныя тэмпы развіцця агр. сектара. Рэфармаванне нар. гаспадаркі Беларусі ў напрамку рыначных адносін адбываецца не хутка.

Грамадска-палітычнае і сацыяльнае развіццё. На грамадска-паліт. жыццё Беларусі пач. 1990-х г. істотна паўплывалі падзеі, што адбываліся на прасторах б. Сав. Саюза: распад СССР, змены ў паліт. і эканам. ладзе, працэсы дэмакратызацыі і інш. Саюзнае кіраўніцтва рабіла спробы па захаванні абноўленага Саюза ССР. 18.3.1991 па гэтым пытанні праведзены ўсесаюзны рэферэндум, 82,7% удзельнікаў галасавання па БССР выказаліся за захаванне адзінай дзяржавы. У крас. 1991 дасягнута дамоўленасць аб уступленні ў Садружнасць Суверэнных Дзяржаў 10 з 15 б. саюзных рэспублік. Меркавалася, што гэта будзе канфедэрацыя з захаваннем сістэмы цэнтральнай прэзідэнцкай улады. Аднак 19—21 жніўня група асоб з вышэйшага кіраўніцтва КПСС і сав. дзяржавы зрабіла ў Маскве спробу ўвесці надзвычайнае становішча ў шэрагу рэгіёнаў СССР. Створаны імі т.зв.

Дзярж. к-т па надзвычайным становішчы (ДКНС) меў на мэце сілавымі мерамі прадухіліць распад краіны, прыпыніць дзейнасць дэмакр. партый і рухаў, але ніякай праграмы дзеяння не прапанаваў. Выступленне ДКНС правалілася, у Беларусі яно не мела падтрымкі. Жнівеньскія падзеі ў Маскве прадвызначылі лёс КПСС—КПБ і СССР. М.​С.​Гарбачоў зняў з сябе паўнамоцтвы Ген. сакратара ЦК КПСС. 25.8.1991 Вярх. Савет БССР часова прыпыніў дзейнасць КПБ, што фактычна азначала забарону кампартыі. Яе маёмасць канфіскоўвалася на карысць дзяржавы. У лют. 1993 Вярх. Савет Рэспублікі Беларусь прызнаў страціўшай сілу пастанову аб часовым прыпыненні дзейнасці КПСС—КПБ і дазволіў яе існаванне. Але аднавіць дзейнасць кампартыі ўжо было немагчыма.

19.9.1991 6-я нечарговая сесія Вярх. Савета пастанавіла змяніць назву «БССР» на «Рэспубліка Беларусь» (у скарочаных і састаўных назвах — «Беларусь»), прыняла законы аб дзяржаўных гербе і сцягу Рэспублікі Беларусь. Новым сцягам стаў бела-чырвона-белы, а гербам — «Пагоня» часоў ВКЛ. Змена дзярж. сімволікі выклікала дыскусіі, неадназначна ўспрымалася ў грамадстве. Адбываліся перамены ў органах дзярж. кіравання. Саюзна-рэсп. мін-вы і ведамствы пераўтвараліся ў рэспубліканскія. К-т дзярж. бяспекі падпарадкоўваўся Вярх. Савету, а пагранічныя войскі — Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь. Пачалося фарміраванне бел. арміі. Распрацавана ваен. дактрына, паводле якой Беларусь — нейтральная бяз’ядзерная дзяржава, а яе ўзбр. сілы створаны толькі з абарончай мэтай. 8.12.1991 кіраўнікі Беларусі (С.​Шушкевіч, В.​Кебіч), Расіі (Б.​Ельцын, Г.​Бурбуліс), Украіны (Л.​Краўчук, В.​Фокін) на сустрэчы ў бел. урадавай рэзідэнцыі Віскулі ў Белавежскай пушчы (Камянецкі р-н Брэсцкай вобл.) падпісалі Белавежскія пагадненні, дзе заявілі аб заканчэнні дзеяння саюзнага дагавора 1922, роспуску СССР і стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). 21.12.1991 членамі СНД сталі 11 з 15 б. саюзных рэспублік.

Дэмакр. пераўтварэнні ў рэспубліцы немагчыма было працягваць без змены канстытуцыйных асноў дзярж. ладу. 15.3.1994 Вярх. Савет Рэспублікі Беларусь прыняў новую Канстытуцыю. Беларусь абвяшчалася унітарнай дэмакр. сац. прававой дзяржавай, якая валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутр. і знешнюю палітыку. Улада падзялялася на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Упершыню ўводзілася прэзідэнцкая форма кіравання. За грамадзянамі замацоўваліся шырокія правы і свабоды. Вырашэнне найважнейшых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця прадугледжвалася на рэферэндумах. Канстытуцыя захавала без змен існуючыя органы ўлады — мясц. Саветы. 10.7.1994 адбыліся выбары 1-га Прэзідэнта суверэннай Рэспублікі Беларусь. З 6 кандыдатаў перамогу атрымаў А.​Р.​Лукашэнка. За яго прагаласавала больш як 81% выбаршчыкаў. Прэзідэнт правёў рэфармаванне дзярж. структур. Створана «прэзідэнцкая вертыкаль», якая ўключае распарадчыя і выканаўчыя органы як у цэнтры, так і на месцах. Яны непасрэдна падпарадкаваны Прэзідэнту.

З пач. 1990-х г. у рэспубліцы ўзяты курс на пабудову дэмакр. грамадства. Дэмакратыя ажыццяўляецца на аснове разнастайных паліт. інстытутаў, ідэалогій і поглядаў. Гэта адкрыла магчымасці для стварэння і дзейнасці паліт. партый, грамадскіх і нац.-культ. аб’яднанняў, за выключэннем тых, якія мелі на мэце гвалтоўную змену канстытуцыйнага ладу ці прапаганду вайны, нац., рэліг. і расавай варожасці. Але дэмакр. пераўтварэнні адбываліся з вял. цяжкасцямі, у барацьбе розных поглядаў і канцэпцый аб шляхах сац.-эканам. і паліт. развіцця краіны.

14.5.1995 па ініцыятыве Прэзідэнта праведзены 1-ы рэферэндум, на абмеркаванне якога выносіліся пытанні: аб наданні рус. мове статуса, роўнага з беларускай («за» прагаласавала 83,3% удзельнікаў галасавання); аб устанаўленні новых дзярж. сімвалаў замест бела-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня» («за» — 75,1%); аб адабрэнні інтэграцыі з Расіяй («за» — 83,3%); аб унясенні змен у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь 1994, якія даюць магчымасць Прэзідэнту датэрмінова спыніць паўнамоцтвы Вярх. Савета «ў выпадку сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі» («за» — 77,7%). Рэферэндум узмацніў нарастанне канстытуцыйнага крызісу, адной з прычын якога сталі рознагалоссі аб паўнамоцтвах заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады. Апазіцыя ў Вярх. Савеце на чале з яго Старшынёй С.​Г.​Шарэцкім пачала дамагацца імпічменту Прэзідэнта, ліквідацыі ў новай канстытуцыі інстытута прэзідэнцтва. 8.8.1996 Прэзідэнт накіраваў у Вярх. Савет прапанову аб правядзенні ўсенар. рэферэндуму. 2-і плебісцыт праходзіў 9—24.11.1996. На ўсенар. галасаванне па ініцыятыве Прэзідэнта вынесены 4 пытанні: аб перанясенні Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дня рэспублікі) на 3 ліпеня — дзень вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў; аб прыняцці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь са змяненнямі і дапаўненнямі (новая рэдакцыя), прапанаванымі Прэзідэнтам; аб свабодных, без абмежаванняў, куплі і продажы зямлі; аб адмене смяротнага пакарання ў Рэспубліцы Беларусь. Па ініцыятыве дэпутатаў Вярх. Савета 13-га склікання — 3 пытанні: аб прыняцці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 са змяненнямі і дапаўненнямі, прапанаванымі фракцыямі камуністаў і аграрыяў; аб выбарах кіраўнікоў мясц. органаў выканаўчай улады непасрэдна жыхарамі адпаведнай адм.-тэр. адзінкі; аб правамернасці фінансавання ўсіх галін улады публічна і толькі з дзярж. бюджэту. Удзельнікі рэферэндуму большасцю галасоў падтрымалі першыя 4 пытанні і выказаліся супраць 3 апошніх. 19—20.11.1996 у Мінску адбыўся 1-ы Усебел. нар. сход. Дэлегаты ўхвалілі ўнутр. і знешнюю палітыку ўрада і Прэзідэнта. Пасля рэферэндуму адбыліся змены ў органах улады. Вышэйшым прадстаўнічым і заканадаўчым органам Рэспублікі Беларусь стаў парламент — Нац. сход, выканаўчым — Савет Міністраў. Судовая ўлада належыць судам. Кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў у дзяржаве ажыццяўляе Канстытуцыйны суд. Мясц. кіраванне і самакіраванне ажыццяўляецца Саветамі дэпутатаў. Прэзідэнту падначалены К-т дзярж. кантролю. 27.11.1996 Прэзідэнт падпісаў Закон «Аб спыненні паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь трынаццатага склікання», указы «Аб адабрэнні спіса дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, якія ўключаюцца ў склад Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь» (110 чал.), «Аб скліканні нечарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь». З 1996 змяніўся курс у правядзенні сац.-эканам. палітыкі — ад «шокавай тэрапіі» да стварэння сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі пры актыўным рэгуляванні гэтага працэсу дзяржавай.

У 1-й пал. 1990-х г. сац. развіццё рэспублікі адбывалася ў складаных умовах рэфармавання эканомікі з планава-размеркавальнай у рыначную, крызісу нар. гаспадаркі, нестабільнай грамадска-паліт. сітуацыі. Непазбежным вынікам гэтых працэсаў сталі спад вытворчасці, зніжэнне нац. даходу, інфляцыя. Гэта прывяло да імклівага росту цэн на прадукты харчавання, тавары і паслугі. Зніжалася рэальная заработная плата, расло беспрацоўе, у грамадстве нарастала сац. напружанасць. Найб. безабароннымі аказаліся работнікі бюджэтнай сферы, пенсіянеры, навучэнцы, студэнты, малазабяспечаныя сем’і. Прыняцце ўрадам шэрагу мер (павышэнне мінімальнай зарплаты, ставак 1-га разраду, павелічэнне пенсій, выплаты па беспрацоўі і інш.) істотна не паўплывала на паляпшэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Лібералізацыя цэн у Расіі і Прыбалтыцы пры празрыстасці граніц і імкненні кіраўніцтва захаваць існуючы ўзровень цэн у рэспубліцы прывялі да поўнага развалу спажывецкага рынку. З Беларусі ў краіны далёкага і блізкага замежжа вывозіліся таварная маса і матэрыяльныя каштоўнасці. Гэта стварыла дэфіцыт тавараў унутры краіны, садзейнічала росту ценявой эканомікі і злачыннасці. На эканоміцы Беларусі адмоўна адбіўся пачатак рыначных пераўтварэнняў у Рас. Федэрацыі. Жорсткая манетарысцкая палітыка рас. ўрада прывяла да недахопу наяўных грошай. 1.6.1992 на тэр. Беларусі ўведзены ў абарачэнне бел. разліковыя білеты. З 2-й пал. 1990-х г. урад рэспублікі адмовіўся ял метадаў «шокавай тэрапіі» і абраў шлях стварэння «беларускай мадэлі» сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі, якая павінна спалучаць перавагі высокаразвітой рыначнай гаспадаркі з забеспячэннем сац. справядлівасці і эфектыўнай сац. абароны грамадзян. У якасці прыярытэтных праграм вызначаны экспарт, жыллё, харчаванне. 2-і Усебел. нар. сход (18—19.5.2001, Мінск) ухваліў абраны курс, прыняў праграму сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь на 2001—05.

Урад прымаў меры па ўдасканаленні сістэмы аплаты працы ў рэальным сектары эканомікі, бюджэтнай сферы, органах дзярж. кіравання. Павышалася мінімальная заработная плата і стаўкі 1-га разраду. Адпаведна павялічвалася зарплата ва ўсіх сферах нар. гаспадаркі, пенсіі, стыпендыі, выплаты розным катэгорыям насельніцтва. Але рост зарплаты істотна адставаў ад росту цэн на тавары і паслугі, таму абсалютная большасць насельніцтва апынулася па-за рысай беднасці. У 2004 прадугледжана павелічэнне сярэдняй зарплаты і давядзенне яе ў эквіваленце да 190—200 долараў ЗША. Удасканальвалася пенсіённая сістэма, павышаліся пенсіі і выплаты розным сац. катэгорыям грамадзян. Аднак памеры большасці пенсій не забяспечвалі пражытачнага мінімуму, што вымушала пенсіянераў працягваць працаваць. Урад прымаў меры па скарачэнні беспрацоўя і забеспячэнні занятасці насельніцтва. Прыярытэтнай задачай заставалася павышэнне якасці спажывецкіх тавараў, задавальненне попыту на іх грамадзян з розным узроўнем даходаў. Вялася работа па стварэнні гандл. сетак сусв. ўзроўню, комплексным развіцці сферы гандлю, быт. паслуг і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, павелічэнні аб’ёму і якасці будаўніча-мантажных і рамонтна-буд. работ. У краіне вялося значнае жыллёвае будаўніцтва. Сярэдняя забяспечанасць жыллём у 2000 склала амаль 21 м² на чалавека. У 2000—04 у сярэднім за год узводзілася больш за 2,7 млн. м² жылля. Але жыллёвая праблема яшчэ не вырашана. Асабліва востра яна стаіць перад маладымі сем’ямі, сельскімі працаўнікамі. Пагаршэнне матэрыяльнай базы лячэбных устаноў, рост цэн на лекі, пашырэнне платных мед. паслуг негатыўна адбіліся на стане лячэбна-прафілактычнай дапамогі насельніцтву. Зніжэнне нараджальнасці і натуральнага прыросту насельніцтва, якое пачалося з сярэдзіны 1990-х г. выклікала неабходнасць распрацоўкі Нац. праграмы дэмаграфічнай бяспекі. У ёй прадугледжаны меры па павышэнні нараджальнасці і зніжэнні смяротнасці. У межах дзярж. сац. стандартаў застаецца даступнай і бясплатнай мед. дапамога. Стабілізавалася сітуацыя ў фізкульт. руху. Удалося захаваць і значна ўмацаваць пры падтрымцы дзяржавы матэрыяльную базу фізкультуры і спорту. У 2000 налічвалася больш за 22,5 тыс. спарт. збудаванняў, у т. л. 225 стадыёнаў з трыбунамі на 1,5 тыс. і больш месц, 8 спарт. каткоў са штучным ільдом, каля 4,7 тыс. спарт. залаў, больш як 220 плавальных басейнаў. У кожным абл. цэнтры пабудаваны лядовыя палацы. Удасканальвалася праграма фіз. выхавання ў навуч. установах, аддавалася ўвага развіццю сучаснай індустрыі адпачынку і аздараўлення. Стаіць задача фарміравання сучаснай індустрыі турызму. Праводзіцца мэтанакіраваная маладзёжная палітыка, у цэнтры ўвагі якой — усебаковае развіццё юнакоў і дзяўчат, выхаванне ў іх патрыят. якасцей, сац. падтрымка і абароненасць моладзі. 6.9.2002 створаны Бел. рэсп. саюз моладзі (БРСМ) — адзінае маладзёжнае аб’яднанне, статус якога распаўсюджваецца на ўсю тэр. Беларусі. БРСМ аб’яднаў 2 арг-цыі, якія існавалі раней, — Бел. патрыят. саюз моладзі і Бел. саюз моладзі. БРСМ праводзіць работу па стварэнні ўмоў для ўсебаковага развіцця моладзі, раскрыцця яе творчага патэнцыялу, садзейнічае развіццю ў Беларусі грамадства, заснаванага на патрыят. і духоўна-маральных каштоўнасцях бел. народа. Аб’яднанне карыстаецца дзярж. падтрымкай. У вырашэнні задач сац.-эканам. развіцця Беларусі важная роля належыць мясц. выканкомам і Саветам дэпутатаў. У 2000 дэпутатамі мясц. Саветаў з’яўляліся больш за 25 тыс. чал., якія прадстаўлялі амаль усе слаі насельніцтва. Больш за 60% з іх мелі вышэйшую, 28% — сярэднюю спец. адукацыю. Праблемы ўдасканалення работы Саветаў, павышэння іх ролі ў дзярж., гасп. і культ. будаўніцтве, сац. развіцці абмеркаваны на I з’ездзе Саветаў (1—3.10.2000, Мінск). Акрамя выканкомаў і Саветаў дэпутатаў у краіне дзейнічаюць органы мясц. тэр. самакіравання — больш за 22 тыс. вулічных, дамавых, сельскіх, пасялковых к-таў. У іх складзе 77 тыс. грамадзян (на канец 2000). З 2004 у гарадах і інш. населеных пунктах краіны праводзіцца поўнамаштабная праца па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні. Вядзецца рэканструкцыя будынкаў, вуліц, плошчаў, будуюцца сучасныя гандлёва-прамысл. цэнтры, офісы, спарт., культ., адукац. ўстановы, стадыёны. 2004 стаў годам падрыхтоўкі праграмы адраджэння сяла, рэалізацыя якой плануецца на 2005—10.

Адукацыя, навука. У адпаведнасці з законам «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (прыняты 29.10.1991) навуч. ўстановы атрымалі правы ў вызначэнні свайго статусу, увядзенні платнага навучання, пашырэнні форм падрыхтоўкі кадраў і інш. Першай ступенню адукац. сістэмы заставалася дашкольнае выхаванне (у яслях, яслях-садах, дзіцячых садах, цэнтрах развіцця дзіцяці). Нягледзячы на пашырэнне тыпаў дашкольных устаноў (агульнага развіцця, паглыбленага кірунку ў рабоце з дашкольнікамі, аздараўленчыя і інш.), на працягу 1990—2002 назіралася тэндэнцыя да іх колькаснага скарачэння з 5350 да 4241 і дзяцей у іх з 608 тыс. да 367,5 тыс. У 2003 дашкольным выхаваннем ахоплена 69,3% дзяцей. У 1-й пал. 1990-х г. у працу з дашкольнікамі актыўна ўводзілася бел. мова, аднак да канца 1990-х г. гэты працэс запаволіўся і колькасць беларускамоўных дашкольных устаноў скарацілася з 55,6% у 1995 да 42,1% у 2000. У працэсе рэфармавання ўсеаг. школы адкрыты ўстановы новага тыпу: гімназіі, ліцэі, навучальна-пед. комплексы (школа, гімназія-каледж), якія давалі вучням больш дасканалую падрыхтоўку па асобных галінах ведаў. Пачаўся пераход школ на 12-гадовы тэрмін навучання. Пэўныя захады зроблены і па развіцці сістэмы навучання: пашыралася выкарыстанне інфармац. тэхналогій, больш увагі аддавалася вывучэнню замежных моў, удасканальваліся падручнікі, прымаліся меры па стварэнні ўмоў для паглыбленай адукацыі таленавітых дзяцей, для адукацыі тых, хто меў адхіленні ў развіцці. У 2000/01 навуч. г. каля 50% школ вялі навучанне на бел. мове, але іх удзельная вага паступова скарачалася. У 2002/03 навуч. г. на Беларусі налічваліся 4543 агульнаадук. ўстановы (1430 тыс. навучэнцаў), у т. л. 108 гімназій, 23 ліцэі, 6 навучальна-пед. комплексаў, якія давалі веды 99,6 тыс. вучняў. Для дзяцей з асаблівасцямі развіцця працавалі 94 навуч. ўстановы (19 тыс. навучэнцаў). Прафесійна-тэхн. адукацыя перабудоўвалася з улікам ускладнення тэхнікі і тэхн. вытворчасці, увядзення новых форм арганізацыі працы. Яна прадугледжвала падрыхтоўку кадраў на аснове сярэдняй і базавай (9-гадовай) школ з атрыманнем сярэдняй адукацыі. У 2002/03 навуч. г. ў рэспубліцы працавалі 246 ПТВ шырокага профілю (132,6 тыс. навучэнцаў). Рэфармаванне вышэйшай і сярэдняй спец. школ вялося ў кірунку стварэння дынамічнай, набліжанай да сусв. ўзроўню і разам з тым скіраванай на ўнутр. патрэбы падрыхтоўкі кадраў. Акрамя традыцыйных для сістэмы сярэдняй спец. адукацыі тэхнікумаў адкрыты створаныя на іх аснове новыя ўстановы — каледжы і вышэйшыя каледжы. Калі першыя з іх у асн. адпавядалі тэхнікумам, то вышэйшыя каледжы мелі права працягваць тэрмін навучання для найб. здольных студэнтаў і такім чынам даваць ім 1-ю ступень вышэйшай адукацыі. Частка сярэдніх спец. навуч. устаноў не карысталася сродкамі з дзярж. бюджэту. У 2002/03 навуч. г. ў сістэме сярэдняй спец. адукацыі працавалі 150 навуч. устаноў (160,9 тыс. навучэнцаў), з іх 7 недзяржаўных (7,5 тыс. навучэнцаў). Большыя правы ў вызначэнні свайго статусу, увядзенні платных і недзярж. форм навучання, спецыялізацыі. Значная іх частка перайшла да акадэмічнага і універсітэцкага тыпаў падрыхтоўкі кадраў з больш шырокімі тэхн., сац.-паліт. і гуманітарнымі ведамі. Сярод дзярж. ВНУ пераважалі шматпрофільныя: у 2002/03 навуч. г. 64% складалі універсітэты, 18% — акадэміі; навучанне вялося больш чым па 200 спецыяльнасцях. Усяго ў сістэме вышэйшай школы працавалі 58 устаноў (з іх 14 недзярж.), навучалася 320,7 тыс. студэнтаў. Выпуск спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй у 2003 склаў 47,3 тыс. чал. Адным з кірункаў рэфармавання вышэйшай адукацыі з’яўляўся пераход да шматузроўневай сістэмы навучання з атрыманнем ступені бакалаўра і магістра. У 1990-я г. паспяхова праводзілася камп’ютэрызацыя навуч. працэсу, у т. л. выкарыстанне Інтэрнета, відэа- і аўдыётэхнікі, што садзейнічала больш эфектыўнай падрыхтоўцы кадраў.

Гады эканам. і паліт. нестабільнасці істотна зменшылі навукова-тэхн. патэнцыял Беларусі, выклікалі ў яго сістэме сур’ёзныя трансфармацыйныя змены. Зніжалася фінансаванне даследаванняў, у выніку чаго частка навук. арг-цый ліквідавана. Кадры даследчыкаў апынуліся ў ліку сацыяльна неабароненых слаёў грамадства, іх колькасць штогод памяншалася. За 1990—2002 колькасць вучоных у Беларусі скарацілася ў 3,5 раза і склала 30 711 чал. Змяншалася доля кандыдатаў і дактароў навук. У 2003 іх колькасць скарацілася адпаведна на 6 і 5,3%. Разам з тым навука на працягу 1990-х г. не выключалася з дзярж. прыярытэтаў. Захавалася яе асн. структура — сістэма акадэмічнай і вузаўскай навукі, найб. буйныя галіновыя н.-д. і канструктарска-тэхнал. арг-цыі, не распаўся іх кадравы патэнцыял. З боку дзяржавы рабіліся захады стымуляваць пошук новых форм і метадаў рэгулявання і развіцця навукі. Выдадзены шэраг заканадаўчых і нарматыўных актаў, прыняты рашэнні, на аснове якіх праводзіліся канкрэтныя мерапрыемствы па паляпшэнні становішча ў навукова-тэхн. сферы. З мэтай фін. падтрымкі навук. распрацовак у 1991 створаны Фонд фундаментальных даследаванняў, у 1998 — Бел. інавацыйны фонд. Дзярж. палітыку ў сферы навукова-тэхн. дзейнасці рэалізоўваў К-т па навуцы і тэхналогіях пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. Прадастаўлены магчымасці для стварэння прадпрымальніцкай інфраструктуры, пашырэння айч. і замежных інвестыцый у навуку, фарміравання інавацыйнай сістэмы. Нягледзячы на складаныя ўмовы працы, бел. вучоныя мелі пэўныя поспехі ў галіне лазерных і плазменных тэхналогій, праграмнага забеспячэння ЭВМ, інфарматыкі, мед. тэхнікі і вытворчасці лекаў, у даследаванні праблем оптыкі, квантавай электронікі і спектраскапіі, інш. навук. кірунках, актывізавалася праца бел. вучоных у галіне авіякасмічнай тэхнікі, з 2003 пачалася рэалізацыя праекта па стварэнні бел. касмічнага апарата. Шэраг айч. даследчыкаў адзначаны Дзярж. прэміямі Беларусі. Навук. даследаваннямі і распрацоўкамі ў 2002 была занята 301 установа. Большасць іх (62%) знаходзілася ў Мінску, па 9% — у Віцебскай і Гомельскай, 4,6% — у Магілёўскай, 4,3% — у Гродзенскай абласцях. Нац. АН Беларусі аб’ядноўвала амаль 1/3 частку ўсіх навук. устаноў і даследчыкаў краіны. У 2002 навук. арг-цыі Беларусі выканалі 1055 заданняў у рамках 32 дзярж. праграм і 69 інавацыйных праектаў.

т. 18, кн. 2, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЯ СУСВЕ́ТНАЯ ВАЙНА́ 1914—18,

вайна паміж дзвюма кааліцыямі дзяржаў: Цэнтральнымі дзяржавамі (Германія, Аўстра-Венгрыя, Турцыя, Балгарыя) і Антантай (Расія, Францыя, Вялікабрытанія, Сербія, пазней Японія, Італія, Румынія, ЗША і інш.). Усяго ўдзельнічала 38 дзяржаў (разам з дамініёнамі і калоніямі) з насельніцтвам больш за 1,5 млрд. чал. Выклікана абвастрэннем супярэчнасцей сярод гал. капіталіст. краін за ўмацаванне свайго панавання ў свеце, за перадзел ужо падзеленага свету і падпарадкаванне інш. народаў. Тая акалічнасць, што некат. краіны (напр., Сербія, Чарнагорыя) вялі нац.-вызв. барацьбу, не мяняе агульнага імперыял. характару вайны.

Германія імкнулася дамагчыся панавання ў Еўропе, разграміць свайго гал. эканам. канкурэнта — Англію, пазбавіць яе калоній і ваенна-марскога флоту; разбіць Францыю, Бельгію, Галандыю і захапіць іх калоніі; аслабіць Расію, забраць у яе Польшчу, Беларусь, Украіну, Прыбалтыку, замацавацца на Балканах і Б. Усходзе. Аўстра-Венгрыя хацела захапіць Сербію і Чарнагорыю, Турцыя — рас. Закаўказзе, Балгарыя — усх. ч. Сербіі. Англія імкнулася захаваць сваё калан. панаванне, для чаго намервалася разграміць Германію, захапіць яе калоніі і адваяваць арабскія тэрыторыі ў Турцыі. Францыя разлічвала вярнуць сабе захопленыя Германіяй у 1871 правінцыі Эльзас і Латарынгію і завалодаць сумежным Саарскім вугальным басейнам, абараніць свае калоніі (найперш Марока) ад дамаганняў Германіі. Расія імкнулася адлучыць ад Аўстра-Венгрыі Галіцыю, завалодаць Канстанцінопалем (Стамбулам) і Чарнаморскімі пралівамі. Свае агрэсіўныя мэты мелі Японія, Італія і інш. Гал. імперыял. дзяржавы спадзяваліся таксама, што вайна дапаможа адцягнуць прац. масы метраполій ад рэв. руху, а калан. народы — ад нац.-вызв. барацьбы. Рыхтуючыся да перадзелу свету, Германія (гал. ініцыятар вайны) заключыла ў 1879 ваен. саюз з Аўстра-Венгрыяй, да якога ў 1882 далучылася Італія, і т.ч. быў створаны Траісты саюз. Гэтаму блоку супрацьстаяла Антанта, сфарміраваная ў 1907. Кіраўніцтва 2-га Інтэрнацыянала падтрымала свае ўрады і т.ч. адмовілася ад сваіх ранейшых антываен. рэзалюцый Штутгарцкага (1907) і Базельскага (1912) кангрэсаў аб інтэрнац. салідарнасці працоўных. Супраць імперыяліст. вайны выступілі рас. бальшавікі і шэраг левых груповак у інш. с.-д. партыях.

Зачэпкай для вайны паслужыла забойства членамі сербскай падп. арг-цыі 28.6.1914 у Сараеве (тады ў Аўстра-Венгрыі) наследніка аўстр. трона эрцгерцага Франца Фердынанда (гл. Сараеўскае забойства). 28.7.1914 Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Сербіі. Расія заявіла пра падтрымку Сербіі і пачала частковую, а 30 ліп. агульную мабілізацыю. 1.8.1914 Германія аб’явіла вайну Расіі, а 3 жн. — Францыі. Англія 4 жн. заявіла аб стане вайны з Германіяй. Вайну Германіі аб’явілі таксама англ. дамініёны (Аўстралія, Канада, Новая Зеландыя і Паўд.-Афрыканскі Саюз). 23 жн. супраць Германіі выступіла Японія. 29 кастр. на баку аўстра-герм. блока ў вайну ўступіла Турцыя. Напярэдадні вайны аўстра-герм. блок разгарнуў 193 дывізіі (3,5 млн. чал.), дзяржавы Антанты — 287 дывізій (6 млн. чал.). Германія сканцэнтравала на Зах. фронце 7 армій у складзе 96 дывізій. Ва Усх. Прусіі знаходзілася 8-я армія (14 дывізій), 2 дывізіі былі на Брэслаўскім (Вроцлаўскім) напрамку. Аўстра-Венгрыя разгарнула ў Галіцыі 4 арміі (45,5 дывізіі), супраць Сербіі — 2 арміі (14 дывізій). Турэцкія ўзбр. сілы (0,5 млн. чал.) у складзе 14 карпусоў разгарнуліся ў 6 арміях: каля Стамбула, у Тур. Арменіі, Месапатаміі, Сірыі і Палесціне. Францыя сканцэнтравала на фронце 85 дывізій. Экспедыцыйная армія Англіі налічвала 5,5 дывізіі (87 тыс. чал.) і разгарнулася ў раёне Брусель—Льеж—Намюр. Узбр. сілы Расіі стварылі 2 фронты — Паўночна-Заходні фронт 1914—15 (у пач. вайны 2 арміі, 381 тыс. чал.) на мяжы з Усх. Прусіяй і Паўд.-Зах. фронт (4 арміі, 697 тыс. чал.) на подступах да Галіцыі. Сербія выставіла 13 дывізій (247 тыс. чал.), Чарнагорыя — 6 дывізій (60 тыс. чал.).

Герм. войскі пачалі наступленне на Зах.-еўрап. фронце 2.8.1914. Хутка яны прайшлі Бельгію і Люксембург, захапілі паўн. дэпартаменты Францыі і прасунуліся да Парыжа. 5—12 вер. паміж Вердэнам і Парыжам разгарнулася вял. бітва на р. Марна з удзелам 6 англа-франц. і 5 герм. армій (гл. Марнскія бітвы). У выніку ўпартага супраціўлення саюзнікаў немцы страцілі ініцыятыву, і ў ліст. знясіленыя бакі перайшлі да абароны, якая паклала пачатак пазіцыйнай вайне. Поспеху англа-французаў у значнай меры паспрыяла наступленне рас. войск на Усх.-герм. фронце, што вымусіла немцаў ужо 26 жн. пачаць перавод ч. войск на У.

Першы перыяд кампаніі 1914 на ўсх.-еўрап. тэатры ваен. дзеянняў адзначаны 2 буйнымі наступленнямі: Усходне-Прускай аперацыяй 1914 і Галіцыйскай бітвай 1914. У ходзе наступлення на Усх. Прусію 2 рас. арміі пасля першых поспехаў пацярпелі цяжкае паражэнне і адступілі. Важнае месца займалі баі на Паўд.-Зах. фронце. 18 жн. ў ходзе Галіцыйскай бітвы пачалося наступленне 8-й арміі ген. А.А.Брусілава. На працягу месяца рас. войскі разбілі аўстра-венграў, занялі Львоў, адкінуўшы праціўніка да Карпат, і блакіравалі крэпасць Перамышль (здалася 22.3.1915). Аднак саюзнікі прапанавалі Расіі наступаць супраць Германіі. Рас. камандаванне перагрупавала гал. сілы з р. Сан на сярэднюю Віслу да Варшавы. У ходзе Варшаўска-Івангародскай аперацыі 1914 рас. войскі атрымалі перамогу. У Закаўказзі рас. армія адбіла наступленне туркаў на Ардахан і Сарыкамыш (гл. Сарыкамышская аперацыя 1914—15) і перанесла ваен. дзеянні на тэр. праціўніка. На аўстра-сербскім фронце ў жн.—вер. 1914 сербы адкінулі ворага за межы краіны. Гал. вынікам барацьбы на моры было ўсталяванне Англіяй блакады герм. ўзбярэжжа, што адрэзала Германію ад яе калоній і паўплывала на ўвесь ход вайны. У цэлым кампанія 1914 завяршылася перамогай Антанты, планы герм. Ген. штаба на «маланкавую вайну» праваліліся. У кампанію 1915, не маючы сіл для наступальных аперацый на абодвух тэатрах ваен. дзеянняў, герм. камандаванне вырашыла засяродзіць гал. ўвагу на ўсх.-еўрап. тэатры, каб вывесці Расію з вайны. На зах.-еўрап. тэатры планавалася заняць абарону. У выніку масіраванага наступлення герм. і аўстра-венгерскія войскі у чэрв. 1915 захапілі б. ч. Польшчы, у т. л. 4 жн. — Варшаву; фронт наблізіўся да Беларусі.

У жн. 1915 пачалося герм. наступленне ў напрамку Коўна—Вільня—Мінск. 9.9.1925 у стыку Паўночнага фронту 1915—18 і Заходняга фронту 1915—18 немцы здзейснілі Свянцянскі прарыў 1915, захапілі г. Вілейку. У вер. рас. войскі пакінулі Вільню, Гродна, Ліду, Брэст, Пінск і інш. гарады зах. Беларусі. Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання была пераведзена з г. Баранавічы ў Магілёў. 19 вер. перадавыя ням. раз’езды перарэзалі чыгунку Мінск—Масква ў раёне Смалявіч. Вял. намаганнямі рас. войскам удалося ліквідаваць прарыў і адкінуць праціўніка ў раён азёр Свір і Нарач. У кастр. 1915 фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск—Паставы—Баранавічы—Пінск. Каля палавіны тэр. Беларусі апынулася пад ням. акупацыяй.

На зах.-еўрап. тэатры англа-франц. войскі правялі шэраг абмежаваных аперацый на вузкіх участках фронту. 22.4.1915 у ходзе баёў каля г. Іпр (Бельгія) немцы ўпершыню ўжылі зброю масавага паражэння — газ хлор. У канцы вер. 1915 франц.-англ. войскі правялі наступальную аперацыю ў Шампані. Аднак прарваць фронт ім не ўдалося. 23.5.1915 Італія выйшла з Траістага саюза і аб’явіла вайну Аўстра-Венгрыі (узнік новы італьян. фронт). У лют. 1915 англа-франц. войскі высадзілі дэсант на беразе праліва Дарданелы з мэтаю захопу Стамбула, але іх штурмы былі адбіты туркамі (у студз. 1916 дэсант эвакуіраваны). Паражэнне гэтага дэсанта і адыход рас. войск з Галіцыі паўплывалі на рашэнне Балгарыі ўступіць 14.10.1915 у вайну на баку аўстра-герм.-тур. блоку. Гэта пагоршыла становішча сербскай арміі, якая пад ударамі Аўстра-Венгрыі і Балгарыі адступала да Адрыятыкі; яе рэшткі эвакуіраваны саюзнікамі на востраў Корфу. У выніку паражэння Сербіі ўсталяваліся бесперашкодныя зносіны паміж Германіяй і Турцыяй.

На азіяцка-каўказскім тэатры ваен. дзеянняў рас. войскі паспяхова прасоўваліся ў напрамку воз. Ван і Алашкерт, баі вяліся на тэр. Ірана. Аднак туркі разграмілі англічан у Месапатаміі і акружылі іх корпус у Кут-эль-Амары, у Егіпце — падышлі да Суэцкага канала. На моры герм. падводны флот разгарнуў «бязлітасную вайну» супраць усіх караблёў, у т. л. і нейтральных краін (гл. Падводная вайна). За 1915 Германія і яе саюзнікі дасягнулі значных поспехаў на ўсх.-еўрап., балканскім і азіяцкім тэатрах, захапілі вял. тэрыторыі. Аднак на зах.-еўрап. тэатры Англія і Францыя паспяхова трымалі фронт. На 1916 краіны Антанты запланавалі правесці 2 скаардынаваныя аперацыі: 15 чэрв. на ўсх.-еўрап. і 2 ліп. на зах.-еўрап. тэатрах. У кампаніі 1916 на зах.-еўрап. тэатры вылучыліся 2 аперацыі — каля крэпасці Вердэн (гл. Вердэнская аперацыя 1916) і на р. Сома. 1 ліп. англа-франц. войскі пачалі наступленне на Соме, найб. моцныя баі адбыліся восенню 1916. Тут англічане ўпершыню выкарысталі новую ваен. тэхніку — танкі. Немцы аслабілі, а потым і спынілі націск на Вердэн; у кастр.—снеж. французы выбілі іх з найб. важных пазіцый у раёне крэпасці. Бакі страцілі сотні тыс. чал., але лінія фронту на ўчастку 35 км прасунулася ўглыбіню толькі на 10 км. Каб аслабіць герм. атакі на Вердэн, рас. армія датэрмінова правяла у сак. Нарачанскую аперацыю 1916, якая скончылася безвынікова. Больш значны поспех мела Паўднёва-Заходняга фронту наступленне 1916 (пачалося 4.6.1916) пад камандаваннем ген. Брусілава. 8-я армія ўзяла Луцк, 9-я армія выйшла на лінію р. Стаход, а потым заняла Букавіну і ч. Усх. Галіцыі. 29.7.1916 войскі Зах. фронту правялі Баранавіцкую аперацыю 1916, але прарваць фронт не змаглі. У выніку «Брусілаўскага прарыву» праціўнік панёс страты да 1,5 млн. чал. і быў вымушаны спыніць сваё наступленне ў Італіі, Аўстра-Венгрыі быў нанесены такі ўдар, пасля якога яна да канца вайны ўжо не здолела весці актыўныя баявыя дзеянні.

Англа-франц. наступленне на Соме і рас. наступленне ў Галіцыі прадвырашылі пералом у 1-й сусв. вайне на карысць Антанты. Пад уражаннем гэтых перамог 27.8.1916 у вайну ўступіла Румынія, спадзеючыся адваяваць у Аўстра-Венгрыі Трансільванію. Аднак рум. армія была хутка разбіта перакінутымі на дапамогу аўстрыйцам герм. войскамі; немцы занялі Бухарэст. Рас. войскі ўступілі ў Румынію. У канцы снеж. 1916 Рум. фронт стабілізаваўся. У 1916 у абмен на зброю для Расіі ў Францыю і на Балканы перакінуты Рус. экспедыцыйныя корпусы. На азіяцка-каўказскім тэатры ў 1916 рас. войскі ўзялі Эрзурум, Трапезунд, Эрзінджан; англічане ж тут дзейнічалі няўдала: акружаны ў 1915 корпус у Кут-эль-Амары 28.4.1916 капітуляваў. Восенню 1916 туркі трымалі супраць рускіх 27, а супраць англічан 18 дывізій.

Летам 1916 адбылася Ютландская бітва 1916 — адзіная буйная бітва на моры, у якой ням. караблі не здолелі перамагчы англ. флот і ліквідаваць марскую блакаду. У канцы 1916 — пач. 1917 стратэг. ініцыятыва ў цэлым перайшла да Антанты, аднак Расія была настолькі стомлена, што пэўныя прыдворныя колы пачалі шукаць сепаратнага міру з Германіяй. 6.4.1917 у вайну на баку Антанты ўступілі ЗША. Няўдалае крас. наступленне англа-франц. войск у раёне Араса, Сен-Кантэна і Рэймса (загінула больш за 200 тыс. чал.) выклікала хваляванні ў франц. арміі, у Рус. экспедыцыйным корпусе пачаўся рух за вяртанне на радзіму. На італьян. і азіяцка-тур. тэатрах саюзнікі пераламілі ход вайны на сваю карысць. У Расіі ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі 1917 самадзяржаўе было скінута і да ўлады прыйшоў Часовы ўрад, які ў пытаннях працягу вайны быў яшчэ ў большай залежнасці ад зах. саюзнікаў, чым царызм. Аднак шматлікія ахвяры і эканам. цяжкасці, выкліканыя вайной, рабілі яе ўсё больш непапулярнай у салдацкіх масах; на фронце адбывалася братанне рус. і герм. салдат; з’явіўся лозунг рас. бальшавікоў аб пераўтварэнні вайны імперыял. у грамадзянскую. 1.7.1917 пачалося няўдалае наступленне рас. войск Зах. фронту. У канцы жн. (пач. вер.) 1917 герм. войскі авалодалі Рыгай. Адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 савецкі ўрад Расіі прыняў Дэкрэт аб міры, у якім прапанаваў усім ваюючым бакам пачаць перагаворы з мэтай заключэння справядлівага міру без анексій і кантрыбуцый. У сувязі з адмовай англа-франц. блоку ад гэтых прапаноў сав. ўрад пачаў сепаратныя перагаворы з аўстра-герм. кааліцыяй і 4.12.1917 падпісаў з ёю Дагавор аб перамір’і на Заходнім фронце 1917. У лют. 1918 іх саюзнікі парушылі перамір’е, пачалі буйнамаштабнае наступленне на ўсіх франтах. Паколькі старая армія развальвалася, а часці Чырв. Арміі толькі ствараліся, праціўніку ўдалося захапіць вял. тэрыторыю па лініі Нарва—Растоў-на-Доне, у т. л. ў Беларусі па лініі Расоны—Полацк—Сянно—Орша—Магілёў—Жлобін—Навазыбкаў. Туркі ўварваліся ў Закаўказзе.

3.3.1918 быў падпісаны Брэсцкі мір 1918. З сак. па ліп. 1918 герм. камандаванне правяло 4 наступальныя аперацыі на зах.-еўрап. тэатры, выкарыстаўшы апошні шанц завяршыць вайну на сваю карысць, але беспаспяхова. 8—13 жн. саюзнікі правялі Ам’енскую аперацыю 1918 і нанеслі буйное паражэнне немцам. 26.9.1918 англа-франц. і амер. войскі перайшлі ў агульнае наступленне, прарвалі герм. абарону і вымусілі праціўніка пакінуць тэр. Францыі. У 1918 вырашальныя перамогі былі атрыманы саюзнікамі і на інш. тэатрах. 29 вер. капітулявала Балгарыя, 30 кастр. — Турцыя, 3 ліст. — Аўстра-Венгрыя, 11 ліст. — Германія.

1-я сусв. вайна цягнулася больш за 4 гады (51 месяц і 2 тыдні) і мела надзвычай разбуральны характар. З 74 млн. чал., мабілізаваных з 33 дзяржаў і 5 калоній, загінула і памерла ад ран каля 10 млн. чал., паранена больш за 20 млн. чал., каля 10 млн. чал. памерла ад эпідэмій і голаду. Вайна забрала вял. ахвяры і сярод мірнага насельніцтва: у выніку артабстрэлаў і паветраных бамбардзіровак гінулі жыхары гарадоў; тур. ўлады ўчынілі генацыд армян; падводныя лодкі тапілі пасажырскія судны. Вельмі цяжкім было становішча ў Беларусі. Зах. губерні, у т. л. бел., былі аб’яўлены на ваен. становішчы, уводзіўся жорсткі ваен.-паліцэйскі рэжым. У бел. губернях у дзеючую армію было мабілізавана 50% мужчын. Астатняе працаздольнае насельніцтва прыцягвалася на абарончыя работы. У час баявых дзеянняў на Беларусі гінула мірнае насельніцтва, разбураліся гарады і вёскі, знішчаліся матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. Адступленне рас. войск суправаджалася масамі бежанцаў. Колькасць прадпрыемстваў скарацілася на 65%, колькасць рабочых — больш, чым на ​1/3. Пасяўныя плошчы ў неакупіраваных паветах скараціліся ў 1914—17 на 15,6%, пагалоўе жывёлы — на 11,4 (кароў на 33,9%). Пагоршылася матэрыяльнае становішча сял. мас. Адбываліся забастоўкі, салдацкія выступленні, найб. буйное — Гомельскага перасыльнага пункта паўстанне 1916. На акупіраванай тэр. зах. Беларусі герм. ўлады стварылі «Нямецкае ваеннае ўпраўленне Беласток—Гродна»; 1.2.1918 яно як састаўная ч. пад назвай «Літва—Поўдзень» уключана ў «Нямецкае ваен. ўпраўленне Літва». Акупанты праводзілі масавыя рэквізіцыі с.-г. прадукцыі, вывозілі сыравіну (асабліваму рабаванню падвергліся лясы Белавежскай пушчы) і прамысл. абсталяванне ў Германію. Такая палітыка выклікала супраціўленне насельніцтва, аж да нападаў сялян на рэквізіцыйныя атрады. Пасля акупацыі ў 1918 усх. Беларусі ўзбр. барацьба набыла арганізаваныя формы партызанскай вайны.

28.6.1919 краіны Антанты (без Расіі) падпісалі Версальскі мірны дагавор 1919 з Германіяй, паводле якога Францыя вяртала Эльзас і Латарынгію, часова акупіравала Саарскую вобл., усе герм. калоніі (у Афрыцы, Кітаі, а-вах Ціхага акіяна) пераходзілі да Англіі, Францыі, Японіі; абмяжоўваліся ўзбр. сілы і ўзбраенні Германіі, на яе ўскладвалася кантрыбуцыя. У вер. 1919 — жн. 1920 былі падпісаны выпрацаваныя на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 аналагічныя мірныя дагаворы паміж краінамі Антанты і інш. дзяржавамі герм. блоку. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі на яе тэр. ўзніклі Аўстрыя, Венгрыя, Чэхаславакія. Сербія аб’ядналася з Чарнагорыяй і паўд.-слав. правінцыямі Аўстра-Венгрыі (Харватыя, Славенія, Далмацыя, Боснія і Герцагавіна) у Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславія). Адрадзіла незалежнасць Польшча. За кошт б. Аўстра-Венгрыі павялічылі свае тэрыторыі Румынія і Італія. Арабскія ўладанні Турцыі ў асн. перайшлі да Англіі і Францыі, Ірак атрымаў фармальную незалежнасць. Т.ч. шэраг народаў Усх. Еўропы сталі незалежнымі ці ўз’ядналі свае тэрыторыі, але іншаземнае панаванне на пазаеўрап. абшарах у асн. захавалася. ЗША за ваен. пастаўкі атрымалі вял. прыбыткі, павысілі свой міжнар. статус і ўзмацнілі прэтэнзіі на сусв. панаванне. Версальскі дагавор не ліквідаваў, а ўзмацніў супярэчнасці паміж краінамі, не задаволенымі новым перадзелам свету і паслужыў падставай падрыхтоўкі да Другой сусветнай вайны 1939—45.

Літ.:

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мн., 1972;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;

Зайончковский А.М. Мировая война 1914—1918 гг. Т. 1—3. 3 изд. М., 1938—39;

Вержховский Д.В., Ляхов В.Ф. Первая мировая война 1914—1918 гг. М., 1964;

Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;

Португальский Р.М., Алексеев П.Д., Рунов В.А. Первая мировая в жизнеописаниях русских военачальников. М., 1994;

Такман Б. Первый блицкриг. Август 1914: Пер. с англ. М.; СПб., 1999;

Мессенджер Ч. Энциклопедия войн XX в.: Мировые конфликты с 1900 г. до наших дней: Пер. с англ. М., 2000;

Больных А. Морские битвы Первой мировой войны: Схватка гигантов. М., 2000.

П.​А.​Селіванаў.

Да арт. Першая сусветная вайна. Бой вядуць амерыканскія салдаты.
Да арт. Першая сусветная вайна. Англійскі танк накіроўваецца да германскіх пазіцый. 1916.
Да арт. Першая сусветная вайна. Спаленая беларуская вёска. Заходні фронт. 1915.
Да арт. Першая сусветная вайна. Перавязачны пункт у Мінску.
Да арт. Першая сусветная вайна. Газавая атака на Заходнім фронце. 1915.
Да арт. Першая сусветная вайна. Расійская кулямётная ўстаноўка, прыстасаваная для стральбы па паветраных цэлях.
Да арт. Першая сусветная вайна. Расійскія крэйсер і падводная лодка на Балтыйскім моры. 1916.
Да арт. Першая сусветная вайна. Братанне на руска-германскім фронце. 1917.
Да арт. Першая сусветная вайна. Паветраны бой паміж германскімі і англійскімі самалётамі. 1917.

т. 12, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ВА,

мова беларусаў, асноўнага насельніцтва Рэспублікі Беларусь; дзярж. мова Рэспублікі Беларусь. Паводле перапісу 1989 яе лічаць роднай 77,7% жыхароў Беларусі, у т. л. 80,2% беларусаў. Разам з рускай мовай і ўкраінскай мовай адносіцца да ўсх. групы славянскіх моў.

Сучасная бел. мова існуе ў літ. і дыялектнай формах. Дыялектная беларуская мова (гл. ў арт. Дыялект) захоўваецца пераважна сярод сельскага насельніцтва. Яна ўключае асн. масіў гаворак і т.зв. палескую (зах.-палескую) групу гаворак. Асн. масіў падзяляецца на 2 вял. дыялекты: паўн.-ўсходні і паўд.-заходні. Паміж імі знаходзіцца паласа пераходных, або сярэднебел., гаворак (з ПнЗ на ПнУ). Літаратурная мова генетычна грунтуецца на гаворках цэнтр. Беларусі, але ў працэсе свайго станаўлення сінтэзавала характэрныя для большасці бел. гаворак граматычныя і лексічныя рысы і ў сучасны момант не суадносіцца з пэўным тэр. дыялектам.

Арфаграфія беларускай мовы грунтуецца на фанет. прынцыпе ў спалучэнні з марфалагічным. У цесным узаемадзеянні з ёю ішло фарміраванне бел. арфаэпіі. У бел. фанетычнай сістэме (гл. Гукі мовы, Фанетыка) 5 галосных гукаў і 32 зычныя гукі. Марфалогія беларускай мовы сінтэтычная з рысамі аналітызму. Усе словы размяркоўваюцца па 10 часцінах мовы, якія падзяляюцца на знамянальныя (апрача прыслоўя маюць формы словазмянення) і службовыя. Спецыфіку сінтаксісу надаюць гал. чынам адметнасці ў дзеяслоўным і прыназоўнікавым кіраванні. У аснове бел. графікі — рус. грамадзянскі шрыфт, утвораны ў выніку рэформы кірыліцы. Беларускі алфавіт налічвае 32 літары.

Параўнальна-гіст. мовазнаўствам устаноўлена, што ў перыяд ад 3—2-га тыс. да нашай эры да 7—8 ст. нашай эры ў слав. плямёнаў існавала агульная праславянская мова, якая напачатку складалася з блізкароднасных дыялектаў. Шырокае рассяленне слав. плямёнаў у 6—7 ст. абумовіла паслабленне ўнутраных сувязяў. У выніку прыкладна ў 8—9 ст. адбыўся працэс ператварэння ранейшых дыялектаў у самастойныя слав. мовы. У гэты час пачала складвацца і стараж.-рус. мова як адзіная для ўсходніх славян. Яе адноснае адзінства захоўвалася да 13 ст., у т. л. ў эпоху Кіеўскай Русі. Ад праслав. мовы яна атрымала ў спадчыну фанетычную сістэму, граматычны лад і асн. слоўнікавы фонд. У перыяд з 6—7 да 9—10 ст. у стараж.-рус. мове развіўся шэраг спецыфічных рысаў у галіне фанетыкі: поўнагалоссе (берегъ, голова), пачатковае «о» на месцы спалучэння «jе» (озеро, олень), шыпячыя «ж» і «ч» на месцы спалучэння гукаў d, t, kt з j (межа, ночь) і інш. На працягу 11—14 ст. найб. значным фанетычным працэсам стала падзенне рэдукаваных галосных «ъ» і «ь», у выніку чаго фанетычная сістэма наблізілася да фанетычнага ладу сучасных усх.-слав. моў. У граматычным ладзе ранейшая сістэма скланення назоўнікаў па асновах выцяснялася новымі тыпамі скланення па родах, што адбілася на характары канчаткаў. У сістэме дзеяслова аформілася катэгорыя трывання, у сувязі з чым змянілася сістэма прошлых часоў: аорыст, імперфект і часткова плюсквамперфект выцеснены перфектам, які стаў асноўнай формай прошлага часу ў жывой стараж.-рус. мове. Развіццё грамадскай, культ. і ваен. дзейнасці ўсх. славян садзейнічала ўзбагачэнню слоўнікавага складу. Большасць новых слоў узнікла праз словаўтварэнне ад агульнаслав. каранёў, змяненне значэння старых слоў і запазычанняў з грэч., скандынаўскіх, фінскіх і цюркскіх моў.

Пісьменства ва ўсх. славян (на аснове кірыліцы) пашыралася з канца 10 ст. ў сувязі з прыняццем хрысціянства і развіццём дзяржаўнасці. Для Кіеўскай Русі было характэрна літ.-пісьмовае двухмоўе. Яно ўключала царкоўнаславянскую мову богаслужэбнай л-ры, перакладзенай або створанай у Балгарыі і інш. слав. краінах і перапісанай на Русі (Евангелле, Псалтыр, Апостал), і славяна-рускую мову арыгінальных твораў, у якіх пераважала царк.-слав. стыхія, але прысутнічаў і ўсх.-слав. субстрат («Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Сказанне пра Барыса і Глеба», «Слова аб законе і божай ласцы» мітрапаліта Іларыёна). Стараж.-руская літ. мова на нар. аснове выкарыстоўвалася ў дзярж. справаводстве, дзелавой пісьменнасці («Руская праўда», граматы), у творах апавядальнай л-ры («Аповесць мінулых гадоў», «Павучанне Уладзіміра Манамаха», «Слова аб палку Ігаравым»), шматлікіх дакументах, у прыватнай перапісцы на берасцяных граматах. Гэтыя віды пісьменства выкарыстоўваліся і на бел. землях эпохі Кіеўскай Русі. Вядучае месца тут належала царк.-слав. мове як мове правасл. набажэнства. Гэта пацвярджаюць выяўленыя на Беларусі помнікі пісьменства: Супрасльскі рукапіс і Тураўскае (11—12 ст.), Аршанскае, Друцкае, Мсціжскае, Полацкае (13—14 ст.) евангеллі. Арыгінальныя творы 12 ст. — «словы», казанні, павучанні і малітвы Кірылы Тураўскага, агіяграфічныя «Жыціе Ефрасінні Полацкай» і «Жыціе Аўраамія Смаленскага». Стараж. бел. пісьменства на нар. аснове прадстаўлена гал. чынам мясцовымі летапісамі і дагаворамі 13—14 ст. з Полацка, Віцебска і цесна звязанага з імі Смаленска.

Феадальнае драбленне і распад Кіеўскай Русі садзейнічалі актывізацыі на бел. землях мясц. дыялектаў. На працягу 14—16 ст. у беларускай мове развіліся фанетычныя асаблівасці: цвёрдае «р», дзеканне і цеканне і інш. Адначасова выпрацаваўся шэраг спецыфічных рысаў беларускай мовы ў галіне лексікі. Агульнаўжывальнымі сталі словы, вядомыя з глыбокай старажытнасці як дыялектызмы («багна», «вавёрка», «воўна», «вырай», «гай», «грэбля», «жыта», «збожжа», «крыніца», «смага», «брахаць», «жадаць», «лагодзіць», «лаяць»). Многія агульнаслав. і агульнаўсх.-слав. словы на бел. глебе змяніліся ў выніку прыстасавання да бел. фанетычнай сістэмы («аржаны», «іржа», «возера», «вока», «дрыжыць», «крывавы»). Асноўная ж колькасць новых слоў утваралася афіксальным спосабам шляхам выкарыстання пашыраных у беларускай мове сродкаў словаўтварэння — суфіксаў і прыставак («авечка», «сцежка», «частка», «выбавіць», «выбраць»). У папаўненні слоўніка беларускай мовы значную ролю адыгралі запазычанні з інш. моў — паланізмы, лацінізмы, германізмы, літуанізмы (гл. Балтызм), цюркізмы. Бел. пісьмовыя помнікі 16 ст. сведчаць, што да гэтага часу склаліся ўсе важнейшыя фанетычныя, граматычныя і лексічныя рысы, уласцівыя беларускай мове і цяпер.

З сярэдзіны 15 ст. пісьменства на Беларусі насычаецца спецыфічна бел. рысамі ў такой меры, што дае падставу сцвярджаць пра самастойную бел. літ. мову са сваімі арфаграфічнымі, граматычнымі і лексічнымі адзнакамі. Развіццю беларускай мовы спрыяла і тое, што ў ВКЛ яна выконвала функцыі дзяржаўнай мовы. Асабліва шырока беларуская мова выкарыстоўвалася ў канцылярска-юрыд. дакументацыі — актах, граматах, дагаворах і статутах (найб. важныя — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588). Буйны помнік канцылярска-юрыд. пісьменства — Метрыка Вялікага княства Літоўскага, дакументы якой да сярэдзіны 17 ст. афармляліся пераважна на беларускай мове. На ёй вялася таксама дакументацыя ў гар. управах, магістратах і магдэбургіях, у гар., земскіх і замкавых судах і інш. Да сярэдзіны 17 ст. беларуская мова выкарыстоўвалася таксама ў канцылярыях і судах на тэр. этнічнай Літвы, на ёй пісаліся дакументы ў каралеўскіх канцылярыях Кракава і Варшавы, што прызначаліся для ВКЛ. У канцы 14 — пач. 15 ст. на Беларусі вял. пашырэнне атрымала летапісанне, але ў летапісах, якія дайшлі да нашага часу ў больш позніх спісах [Нікіфараўскі, Слуцкі, Віленскі адносяцца да канца 15 — пач. 16 ст., астатнія (больш як 10) да 16—17 ст.], бел. мова адлюстравалася неаднолькава (раннія летапісы ў большай ступені захоўваюць архаічныя моўныя рысы, пазнейшыя — жывую нар. стыхію). Жывой нар. мовай напісаны Баркулабаўскі летапіс, мемуарныя творы («Дзённік» Ф.​Еўлашоўскага, «Дыярыуш» А.​Філіповіча), перакладныя аповесці («Александрыя», «Троя», «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву»), польск. гіст. хронікі канца 16 — пач. 17 ст. («Хроніка ўсяго свету» М.​Бельскага, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» М.​Стрыйкоўскага).

Паступовае збліжэнне з Польшчай у паліт. і культ. адносінах, насаджэнне на Беларусі каталіцызму паслабляла пазіцыі праваслаўя і царк.-слав. мовы. Гэтаму садзейнічала і распаўсюджанне рэфармацыйных плыняў, прыхільнікі якіх імкнуліся ўводзіць мясц. мовы ў набажэнства і богаслужэбную л-ру. Першапачаткова беларуская мова пранікла ў жыційную л-ру (напр., «Мінеі — Чэцці», 1489). У канцы 15 ст. пачалі з’яўляцца пераклады з польск. мовы агіяграфічных і апакрыфічных твораў («Страсці Хрыстовы», «Аповесць пра трох каралёў», «Жыціе Аляксея, чалавека божага»). З пач. 16 ст. беларуская мова пранікае і ў кананічныя рэліг. творы. Пачатак гэтаму працэсу паклаў Ф.​Скарына, які ў 1517—19 выдаў у Празе большую частку кніг Старога запавету. Захаваўшы ў гэтых выданнях царк.-слав. аснову, ён наблізіў іх мову да народнай. У часы Скарыны зроблены пераклады на беларускую мову асобных кніг Бібліі непасрэдна са стараяўр. мовы. Каля сярэдзіны 16 ст. з’явіўся пераклад Псалтыра — самай папулярнай кнігі ў паслядоўнікаў хрысц. веравызнання. Першапачаткова такія пераклады распаўсюджваліся ў рукапісных спісах. З 2-й пал. 16 ст. на беларускай мове з’яўляюцца друкаваныя творы рэліг. прызначэння. У 1562 С.​Будны выдаў у Нясвіжскай друкарні першыя на Беларусі друкаваныя кнігі на беларускай мове «Катэхізіс» і «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» (не захавалася). Каля 1580 В.​Цяпінскі выдаў Евангелле, у якім бел. тэкст змешчаны паралельна з царк.-славянскім — унікальная з’ява ў тагачасным слав. свеце. З канца 16 ст. беларуская мова стала прадметам абавязковага вывучэння ў правасл. брацкіх школах, што садзейнічала яе паспяховаму выкарыстанню ў розных галінах грамадскага і культ. жыцця. Канец 16 — 1-я пал. 17 ст. былі эпохай найб. выкарыстання беларускай мовы ў рэліг. сферы — пераважна ў т.зв. гамілетычнай л-ры, якая грунтавалася на павучальным тлумачэнні тэкстаў Свяшчэннага пісання. Захаваліся да нашага часу шматлікія рукапісныя зборнікі і друкаваныя кнігі: «Казанне Кірылы, патрыярха іерусалімскага, пра антыхрыста» С.​Зізанія (Вільня, 1596), «Евангелле вучыцельнае» (Еўе, 1616), «Духоўныя гутаркі» Макарыя Егіпецкага (Вільня, 1627), «Гісторыя пра Варлаама і Іаасафа» (Куцейна, 1637) і інш. На беларускай мове былі надрукаваны і пахавальныя казанні, складзеныя паводле правілаў тагачаснай царк. рыторыкі. Беларуская мова выкарыстоўвалася ў разнастайных настаўленнях аб хрысц. рытуалах і ў царк. заканадаўстве.

Аднак у новых паліт. і культ. умовах жыцця бел. народа ў складзе Рэчы Паспалітай выкарыстанне бел. літ.-пісьмовай мовы паступова пайшло на спад. Пасля Люблінскай уніі 1569 бел.-літоўская шляхта з мэтай захавання свайго паліт. і эканам. становішча імкнулася да ўстанаўлення ў ВКЛ важнейшых дзярж. інстытутаў на польскі ўзор. У сярэдзіне 17 ст. беларуская мова практычна выйшла з ужытку ў дзярж. канцылярыях. Юрыдычна гэта было аформлена рашэннем усеагульнай канфедэрацыі саслоўяў 1696. Разам з заняпадам беларускай мовы ў справаводстве пачала звужацца і яе роля ў інш. галінах грамадскага і культ. жыцця. Бел. кнігі не друкаваліся, рэліг. л-ра выдавалася выключна на царк.-слав. мове. У 2-й пал. 17 і на працягу 18 ст. на Беларусі панавала польска-лац. кнігадрукаванне. Адукацыя знаходзілася пераважна ў руках шматлікіх рымска-каталіцкіх ордэнаў: езуітаў, дамініканцаў, кармелітаў, францысканцаў, бернардзінцаў і піяраў, якія мелі свае школы і вучылішчы амаль ва ўсіх бел. гарадах і буйных мястэчках. Навучанне ў іх вялося на польск. і лац. мовах. Беларуская мова вывучалася толькі ва уніяцкіх базыльянскіх школах і выкарыстоўвалася ў неафіц. частках набажэнства. Жывой беларускай мовай працягвалі карыстацца сяляне, дробная шляхта, гар. рамеснае насельніцтва. На нар. мове ствараліся разнастайныя фалькл. творы: песні, казкі, легенды, паданні, прыказкі, прымаўкі і інш. У 18 ст. беларуская мова атрымала пісьмовую фіксацыю толькі ў інтэрмедыях і інтэрлюдыях да драм. твораў, што ставіліся ў вучылішчах, гімназіях і калегіях (гл. Школьны тэатр). Панаванне польск. мовы ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця працягвалася да 1830-х г., пасля польск. мову ў гэтых сферах замяніла руская.

Новая бел. літ. мова на нар. аснове, без сувязі са стараж. пісьмовымі традыцыямі пачала складвацца на пач. 19 ст. Станаўленне яе праходзіла ў агульным кантэксце слав. адраджэння нацыянальнага. Але на Беларусі развіццё літ. мовы стрымлівалася адсутнасцю яе дзярж. самастойнасці, панаваннем у тагачасным грамадстве думкі, што бел. нар.-дыялектная мова з’яўляецца толькі дыялектам рус. ці польск. моў. Сведчаннем фарміравання новай бел. літ. мовы было з’яўленне ў 19 ст. ананімных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», якія доўгі час бытавалі ў вуснай перадачы і ў рукапісах. Першая друкаваная кніга на новай беларускай мове «Кароткі збор хрысціянскай навукі» (Вільня, 1835). Аднак найперш беларуская мова прабівала сабе дарогу ў паэт. жанрах, якія былі вядучыя на працягу ўсяго 19 ст. Значны ўклад у развіццё новай бел. літ. мовы зрабілі Я.​Баршчэўскі, А.​Рыпінскі, Я.​Чачот, В.​Дунін-Марцінкевіч, Ф.​Багушэвіч і інш. З канца 19 ст. на беларускай мове з’яўляюцца пераклады з рус., укр. і польск. моў.

Бел. літ. мова 19 ст. яшчэ не мела ўстойлівых графічных, арфаграфічных, граматычных і лексічных нормаў. На ёй не ствараліся падручнікі ці дапаможнікі, не вялося школьнае навучанне, яна не дапускалася ў дзярж. сферу. Пісьменнікі арыентаваліся на свае родныя гаворкі. Працэс нармалізацыі мовы стрымлівала выкарыстанне дзвюх графічных сістэм — лацінскага і кірылічнага шрыфтоў, што назіралася аж да 1917, а ў Зах. Беларусі — да 1939. Рэвалюцыя 1905—07 паскорыла разгортванне літ.-грамадскага руху на Беларусі, зняла абмежаванні з бел. друкаванага слова. З гэтага часу пачалі арганізоўвацца легальныя органы друку і бел. выд-вы. У развіцці бел. літ. мовы значную ролю адыграла «Наша ніва» (Вільня, 1906—15), на старонках якой выступала новая плеяда бел. пісьменнікаў: Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, Цётка, М.​Гарэцкі, З.​Бядуля, Ц.​Гартны, К.​Каганец, Ядвігін Ш. і інш. Газета садзейнічала выпрацоўцы навук. стылю, на яе правапісныя, грамат. і лексічныя нормы арыентаваліся інш. перыядычныя выданні. Аднак сфера выкарыстання беларускай мовы ў гэты час была звужаная, бо ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця панавала рус. мова. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, абвяшчэння БНР (сак. 1918), а потым БССР (1.1.1919) беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай. У выніку беларусізацыі беларуская мова стала мовай школьнага навучання, вышэйшых навуч. устаноў, дзярж. і грамадскіх арганізацый, перыяд. друку. Арфаграфія і граматычныя нормы яе былі кадыфікаваны «Беларускай граматыкай для школ» Б.​Тарашкевіча (Вільня, 1918). Яе прынцыпы папулярызаваліся падручнікамі Я.​Лёсіка. Беларуская мова набыла ўсе гал. прыкметы, уласцівыя кожнай нац. літ. мове: развітая стылістычная дыферэнцыяцыя, апрацаванасць, упарадкаванасць літ. мовы ў параўнанні з нар.-дыялектнай, узаконеная грамадствам нарматыўнасць, стабільнасць, неперарыўнасць традыцый, наяўнасць пісьмовай і вуснай разнавіднасцяў. Для нармалізацыі бел. літ. мовы важнае значэнне мела прынятая СНК БССР у жн. 1933 пастанова «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» (гл. ў арт. Рэформы моўныя). Бел. дыяспара за межамі Беларусі не прызнала рэформу 1933 і працягвае карыстацца дарэформеннымі правапіснымі і граматычнымі нормамі. Так фактычна ўтварыліся два варыянты бел. літ. мовы, якія існуюць і ў наш час.

Самыя раннія спробы вывучэння беларускай мовы зроблены на пач. 19 ст., аднак яно не мела арганізаванага і сістэматычнага характару (гл. ў арт. Беларусазнаўства). Найбагацейшы збор бел. лексічнага матэрыялу дарэв. пары — «Слоўнік беларускай мовы» І.​І.​Насовіча (1870). Пачатак грунтоўнаму навук. даследаванню беларускай мовы далі працы заснавальніка бел. мовазнаўства Я.​Ф.​Карскага, асабліва яго манаграфіі «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22). У сав. час апублікаваны фундаментальныя даследаванні беларускай мовы, падрыхтаваныя Інстытутам мовазнаўства імя Я.​Коласа АН Беларусі, разнастайныя дапаможнікі для ВНУ па гісторыі мовы, дыялекталогіі сучаснай беларускай мовы, спец. кнігі па асобных праблемах фанет. сістэмы, грамат. ладу мовы беларусаў. Выдадзены вялікія перакладныя, тлумачальныя, гіст. і інш. слоўнікі (гл. ў арт. Лексікаграфія), аналізуюцца кантакты беларускай мовы з мовамі інш. слав. і неслав. народаў на розных этапах іх гіст. развіцця. У 1990 прыняты Закон «Аб мовах у Беларускай ССР», які надаў беларускай мове статус дзяржаўнай мовы.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Вып. 1—3. М., 1955—56;

Филин Ф.П. Происхождение русского, украинского и белорусского языков: Ист.-диалектол. очерк. Л., 1972;

Булахов М.Г., Жовтобрюх М.А., Кодухов В.И. Восточнославянские языки. М., 1987;

Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989;

Воўк-Левановіч О.В. Лекцыі па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1994;

Нарысы па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1957;

Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;

Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979;

Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967;

Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968;

Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд. Мн., 1984;

Мова беларускай пісьменнасці XIV—XVIII стст. Мн., 1988;

Граматыка беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1962—66;

Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн., 1985—86;

Беларуская мова: Энцыкл. Мн., 1994.

А.​І.​Жураўскі.

Да арт. Беларуская мова. Тытульны ліст «Беларускай граматыкі для школ» Б.​Тарашкевіча. 1918.
Да арт. Беларуская мова. Старонка з Баркулабаўскага летапісу. 17 ст.
Да арт. Беларуская мова. Надпіс на Рагвалодавым камені. 1171.

т. 2, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСНОЎНЫЯ ЭТАПЫ РАЗВІЦЦЯ

Геаграфічнае становішча і гіст. лёс Беларусі абумовілі развіццё яе гаспадаркі ў агульным кірунку развіцця еўрап. цывілізацыі. З часу з’яўлення на тэр. Беларусі чалавека сучаснага фізічнага тыпу (позні палеаліт; 40—10 тыс. г. назад) на месцах іх стараж. стаянак археолагі знаходзяць сякера- і долатападобныя прылады працы, скрэблы, наканечнікі стрэл і коп’яў і інш. вырабы, падобныя на аналагічныя знаходкі ў інш. рэгіёнах Еўропы. У глыбокай старажытнасці закладваліся амаль усе гал. віды дзейнасці чалавека: выраб прылад і сродкаў працы, паляванне і рыбалоўства, земляробства і жывёлагадоўля, будаўніцтва і транспарт, металургія і металаапрацоўка; як і мова, выяўленчае мастацтва і музыка, рэлігія і навука і інш. Ужо ў той перыяд склаліся пэўныя перадумовы развіцця гаспадаркі. Асваенне прыроднага асяроддзя суправаджалася ўскладненнем матэрыяльнай вытворчасці, удасканаленнем ведаў і звычак, што замацоўвалася праз сацыяльна-гасп. дзейнасць і перадавалася наступным пакаленням. З развіццём гэтай дзейнасці паступова ўдасканальвалася грамадства і яго арганізацыя.

На першых этапах развіцця гаспадаркі (эпохі палеаліту і мезаліту) яе аснову складалі збіральніцтва, паляўнічы промысел і рыбалоўства. Паляванне патрабавала ўжо асэнсаванага аб’яднання людзей у адпаведныя групы. Зніжэнне прадукцыйных магчымасцей прыроднага асяроддзя з-за росту колькасці насельніцтва вымагала пошуку новых сістэм гаспадарання. З палявання і рыбалоўства гістарычна развілася жывёлагадоўля. са збіральніцтва — земляробства. Менавіта гэтыя галіны забяспечылі харчовую незалежнасць людзей ад прыроды, пераход ад збірання прадуктаў харчавання да іх вытворчасці. У эпоху неаліту з’явіліся першыя шахты па здабычы крэменю (цяпер г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на). Пры гэтых шахтах і ў інш. месцах археолагі знайшлі майстэрні па апрацоўцы крэменю. Найважнейшыя здабыткі неаліту — выраб ганчарнага посуду, удасканаленне апрацоўкі каменю, узнікненне міжпляменных сувязей і абмену. Канец 3—2-га тыс. да н.э. на Беларусі можна лічыць храналагічнай мяжой паміж збіральніцтвам і вытворчай эканомікай. Паводле меркаванняў некаторых навукоўцаў, палескія і цэнтр. часткі Беларусі ўваходзяць у сусветны пояс прыручэння дзікай жывёлы. У бронзавую эпоху жывёлагадоўля (пераважала буйная рагатая жывёла) стала паўсюднай. У залежнасці ад мясц. прыродных умоў асобныя галіны (пчалярства, авечкагадоўля, конегадоўля) мелі большае развіццё, што спрыяла тэр. падзелу працы. Прырэчныя жыхары паступова ўцягваліся ў гандлёвыя адносіны, даволі хутка на тэр. Беларусі з’явіліся вырабы з жалеза, выпрацоўвалася тэхналогія атрымання металу з мясц. руд.

Земляробства на Пд Беларусі зарадзілася каля 5 тыс. гадоў назад. Выкарыстанне жалезнай сякеры і агню прывялі да лядна-агнявой сістэмы земляробства, самай прымітыўнай, але яна дазволіла атрымліваць некаторы лішак прадукцыі. Найб. раннімі земляробчымі культурамі былі збожжавыя — пшаніца і проса, пазней — ячмень і зернебабовыя (гарох, боб), караняплоды, лён-даўгунец. Рост насельніцтва, стварэнне больш эфектыўных прылад працы, выкарыстанне жывёлы як цяглавай сілы вялі да павелічэння прадукцыйнасці працы і з’яўлення ворыўнай сістэмы земляробства, хоць доўгі час лядна-агнявая і ворыўная сістэмы суіснавалі разам.

З 7 ст. да н.э. ў басейнах Прыпяці і Дняпра, пазней і Бярэзіны для вытворчасці жалеза выкарыстоўвалася мясц. балотная жалезная руда і драўняны вугаль, што на многія стагоддзі вызначыла развіццё гаспадаркі. Жывёлагадоўля і земляробства сталі гал. фактарамі росту насельніцтва. пашырэння і спецыялізацыі рамёстваў, фарміравання інфраструктуры.

У 6—8 ст., калі аснову эканам. жыцця склала сельская гаспадарка, а гал. яе галіной стала земляробства, зарадзіліся класы і феадальныя адносіны. Рост прадукцыйнасці с.-г. працы і звязанага з ёй дадатковага прадукту спрыялі пашырэнню рамёстваў. Паступова стварылася шматукладная эканоміка і неаднародная сац. структура, пашырыліся гандлёва-эканам. сувязі і маёмасная дыферэнцыяцыя паміж людзьмі.

У феадальны перыяд развіцця (9 — сярэдзіна 19 ст.) на тэр. Беларусі аграрнай вытворчасцю займалася большасць насельніцтва. Апрача земляробства і жывёлагадоўлі насельніцтва займалася вырабам прылад працы, бортніцтвам, рамёствамі (ткацкае, шавецкае, ганчарнае і інш.). Але рамяство і гандаль не мелі таварнага характару, хоць і спрыялі фарміраванню гарадоў і мястэчак. Матэрыяльная вытворчасць выступала пераважна як сродак самазабеспячэння саслоўя. З’яўленне гарадоў з іх асобым статусам спрыяла развіццю новых эканам. умоў, фарміраванню прадпрымальніцтва і таварна-грашовых адносін. Феадальны перыяд развіцця эканомікі на Беларусі ўмоўна падзяляюць на 3 этапы: раннефеадальны (9—1-я пал. 13 ст.), калі з’явіліся саслоўі землеўладальнікаў і землекарыстальнікаў, вызначылася феадальная рэнта, утварыліся раннефеадальныя дзяржавы, у т. л. Полацкае, Тураўскае, Смаленскае і інш. княствы; развіты феадалізм (2-я пал. 13—1-я пал. 17 ст.), калі замацоўваліся асноўныя феадальныя эканам. адносіны, назіраўся пэўны ўздым эканомікі і культуры; разлажэнне феадалізму (2-я пал. 17—1-я пал. 19 ст.), які характарызуецца ростам гарадоў і таварна-грашовых адносін, узнікненнем і фарміраваннем унутранага рынку, зараджэннем капіталістычных адносін. Эканам. развіццё Беларусі ў 15—16 ст. было дастаткова высокім. Зямля як асноўны сродак вытворчасці вызначала багацце і статус чалавека, які ёй валодаў і распараджаўся. З канца 15 ст. вырас попыт на збожжа і інш. с.-г. прадукты ў Зах. Еўропе, што патрабавала ўдасканалення сістэмы гаспадарання з мэтай павелічэння даходаў за кошт продажу прадукцыі. У выніку склаліся фальваркі — панскія гаспадаркі, заснаваныя на працы селяніна, але арыентаваныя на рынак. З мэтай павелічэння даходаў праведзена зямельная рэформа, так званая «валочная памера», у аснове якой быў дакладны ўлік зямель і валочная павіннасць. Рэформа не толькі ўдасканальвала арганізацыю вытворчасці, але і спрыяла пашырэнню перадавых прыёмаў с.-г. вытворчасці, у т. л. трохполля і шматполля. Фальваркі ствараліся пераважна на З і ў цэнтры Беларусі, на У часткова захоўвалася абшчына.

Рамёствы на тэр. Беларусі, як і ў цэлым у Еўропе, хутка развіваліся ў 13—1-й пал. 17 ст. Найб. пашырылася апрацоўка металаў рамеснікамі (кавалі, меднікі, бляхары, лудзільшчыкі, слесары, збройнікі і інш.); гал. сыравінай для іх заставалася жалеза, атрыманае з мясц. балотнай руды. На мясц. сыравіне працавалі ганчары, дрэваапрацоўшчыкі, гарбары, рымары, ткачы і інш. Шырокую вядомасць набылі ювеліры, півавары, мяснікі, муляры. У шэрагу раёнаў выявілася пэўная спецыялізацыя. Нягледзячы на феадальную адасобленасць гарадоў і мястэчак, развіваліся гандлёвыя адносіны паміж імі. паміж горадам і вёскай. Ва ўсіх гарадах і мястэчках наладжваліся таргі, а ў буйных гарадах — кірмашы, на якіх былі і замежныя гандляры. З экспартных тавараў пераважалі збожжа, пянька, сала, воск, скуры, дзёгаць, лён, некаторыя вырабы рамеснікаў, з імпартных — металы (медзь, волава, свінец, золата, серабро) і вырабы з іх, заходнееўрапейскія сукны і палатно, віно, соль, прыправы. Рост гандлёвых сувязей паскорыў фарміраванне транспартнай сеткі. Асноўнымі гандлёвымі цэнтрамі былі гарады Полацк, Віцебск, Мінск, Брэст, Гродна, Слуцк, Навагрудак і інш. З 15 ст. шэраг крэпасцей, замкаў, гаспадарчых двароў і вёсак ператвараліся ў мястэчкі — гандлёва-рамесніцкія цэнтры. У сярэдзіне 17 ст. на Беларусі існавала 467 гарадоў і мястэчак, якія фарміравалі вакол сябе зоны эканам. ўплыву. У час позняга феадалізму (2-я пал. 17—18 ст.) Беларусь перажывала эканам. заняпад і маруднае аднаўленне гаспадаркі. Гал. прычыны такога становішча — бясконцыя войны і звязаныя з імі нястачы насельніцтва і скарачэнне яго колькасці, жорсткі феадальны ціск на сялян, міжусобная барацьба магнатаў за ўладу. Асабліва моцны заняпад эканомікі праявіўся ў гарадах, было падарвана рамяство.

Эканам. развіццю Беларусі ў канцы 18 ст. садзейнічалі рост насельніцтва, павелічэнне попыту на с.-г. прадукты, пашырэнне таварна-грашовых адносін, развіццё транспартнай сістэмы і інш. У сярэдзіне 18 ст. ўзнікла мануфактурная вытворчасць, якая садзейнічала росту прадукцыйнасці працы, паглыбленню яе грамадскага падзелу, падрыхтоўцы да машыннай вытворчасці. Першымі мануфактурнымі цэнтрамі былі Налібакі, Урэчча, Слуцк, Ружаны, Ілья, Свержань і інш. Да канца 18 ст. адноўлена сетка гарадскіх паселішчаў, пачала адраджацца гаспадарка гарадоў з лепшым геаграфічным становішчам (Мінск, Магілёў, Віцебск, Нясвіж, Навагрудак, Гродна). У гэты час на Беларусі налічваўся 41 горад і 397 мястэчак, у якіх пражывала 11% насельніцтва. З 2-й пал. 18 ст. вырасла таварнасць рамяства, павялічылася колькасць наёмных рабочых, з’явіліся першасныя формы капіталіст. вытворчасці — падзел працы паводле спецыялізацыі: рамеснікі па апрацоўцы металаў, вырабе скур, адзення, прадуктаў харчавання і па будаўніцтве. Ва ўнутраным гандлі гал. роля належала кірмашам. У знешнім гандлі аднавіліся сувязі з балтыйскімі партамі (Гданьск, Кёнігсберг, Рыга), з цэнтрамі Расіі і Украіны. Вывозіліся скураныя вырабы, воск, мёд, шчацінне, лён, пянька, збожжа, лясныя матэрыялы, завозіліся металавырабы, тканіны, прыправы.

Уваходжанне Беларусі ў склад Рас. імперыі спрыяла развіццю прадукцыйных сіл. Пашырыўся вываз збожжа, павялічыліся пасевы тэхн. культур (лён, каноплі), бульбы; склаліся новыя мануфактурныя цэнтры (Крычаў, Шклоў, Дуброўна і інш.). З 2-й пал. 19 ст. ў сельскай гаспадарцы ўкараняліся механічныя прылады апрацоўкі зямлі і збору ўраджаю, пачала фарміравацца таварная вытворчасць капіталіст. тыпу і спецыялізацыя с.-г. вытворчасці. У Віцебскай, Віленскай, Мінскай і Магілёўскай губернях склаўся лёна- і бульбаводчы раён. У якасці таварнай культуры пачалі вырошчваць цукровыя буракі для вырабу цукру (Гомель, Карэлічы, Парэчча і інш.). Гродзенская губ. спецыялізавалася на танкаруннай авечкагадоўлі. У месцах размяшчэння спіртавых заводаў развівалася малочна-мясная жывёлагадоўля. Для пашырэння пасяўных плошчаў пачалася меліярацыя пераўвільготненых і тарфяна-балотных зямель.

У прамысловую рэвалюцыю Беларусь уступіла пазней за заходнееўрапейскія дзяржавы. На працягу 1-й пал. 19 ст. яна прайшла ў асноўным дробнатаварную і мануфактурную стадыі (у 1867 у краіне працавала 57 капіталіст. мануфактур). Канкурэнцыя расійскіх і польскіх мануфактур запавольвала развіццё бел. прадпрыемстваў. Доля насельніцтва, занятага ў сельскай гаспадарцы, вагалася ад 60% у Гродзенскай губ. да 85% у Магілёўскай. Беларусь (акрамя яе крайняга 3) была самым аграрным рэгіёнам Рас. імперыі. Пра інтэнсіфікацыю земляробства сведчаць павелічэнне пасеваў і валавых збораў лёну, канапель і бульбы; бульбаводства стала тыпова бел. галіной, якая давала амаль 20% збору бульбы ў Рас. імперыі. Гаспадарка набывала і жывёлагадоўчы характар. Аднак Беларусь з краіны, якая некалі вывозіла збожжа, ператварылася ў краіну ўвозу яго з раёнаў таварнай вытворчасці. Змяншэнне таварнай вытворчасці збожжа сялянскія гаспадаркі кампенсавалі ростам пасяўных плошчаў бульбы для перапрацоўкі яе ў таварны прадукт (спірт, дрожджы, крухмал) і вытворчасцю жывёлагадоўчай прадукцыі і лубяных культур для вывазу за межы Беларусі. Такім чынам, сялянскія гаспадаркі ў вял. ступені набывалі рыначны характар. Напярэдадні 1-й сусв. вайны яны мелі перавагу па плошчы пасеваў тэхн. культур і бульбы, па пагалоўі цяглавай конскай сілы. Развіццю сялянскіх гаспадарак у гэты перыяд спрыялі нарошчванне капіталаў і банкаўскія крэдыты, пашырэнне меліярацыі, с.-г. ведаў, машын і прылад, рост пасяўных плошчаў кармавых траў.

Прамысловасць Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў параўнанні з расійскай была даволі слабая, працэс індустрыялізацыі тут пачаўся пазней і адбываўся больш павольна. Большасць прамысловых работнікаў складалі рамеснікі. Фабрыкі і заводы больш нагадвалі майстэрні. У 1866 на кожнае прадпрыемства ў сярэднім прыпадала па 5,7 рабочага з аб’ёмам вытворчасці ў 4,8 тыс. рублёў. Найб. індустрыяльнай была Гродзенская губ., на долю якой прыпадала 36% усіх рабочых, 41% аб’ёму вытворчасці і 30% фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў (пераважна невялікіх, у сярэднім 6,8 рабочага). У 1870-я г. дзейнічала каля 160 буйных прадпрыемстваў, не менш чым 100 тыс. рабочых (каля палавіны з іх у Гродзенскай губ.). Рост прамысловасці на Беларусі пачаўся з 20 ст. Яе адметнасць была ў тым, што прадукцыйнасць працы расла хутчэй, чым колькасць рабочых. У 1913 колькасць рабочых складала 2,2% рабочых рас. фабрык, а колькасць прадпрыемстваў — 11%. Прамысловыя прадпрыемствы перапрацоўвалі ў асн. мясц. сыравіну. У пач. 20 ст. з Беларусі вывозілі пераважна лес і лён, увозілі збожжа, тытунь, бавоўну, металы, мануфактуру. Перад 1-й сусв. вайной змяніліся структура і формы экспарту і імпарту. Вырас вываз масла, яек, птушкі, садавіны, бульбы, перапрацаванай драўніны, с.-г. прылад і ўвоз коней, буйной рагатай жывёлы, паліва, складаных с.-г. прылад і механізмаў. Па росце нац. даходу Беларусь была на ўзроўні інш. рэгіёнаў Расіі, за перыяд 1900—13 ён павялічыўся ў 2 разы. Па долі прамысловасці ў нац. даходзе краіна наблізілася да сярэдняга паказчыка ў Рас. імперыі. Істотна змянілася геаграфія прамысловасці. З сельскай мясцовасці яна перамяшчалася ў гарады, дзе дробныя прадпрыемствы выцясняліся буйнымі капіталіст. фабрыкамі. У 1913 на долю буйных прадпрыемстваў прыпадала 46,5% валавой прадукцыі (ім належала вядучая роля), дробныя саматужна-рамесніцкія прадпрыемствы мелі дапаможны характар. Вядучымі галінамі прамысловасці засталіся харчовыя, лесанарыхтоўчая, дрэваапрацоўчая, папяровая, шкляная, тэкстыльная, гарбарна-абутковая, на долю якіх прыпадала каля ​2/3 аб’ёму вытворчасці буйных прадпрыемстваў. У пач. 20 ст. ў прамысловасці Беларусі пачалі ўзнікаць манапалістычныя аб’яднанні па вытворчасці запалак, паперы, цэглы, шкла, піва і інш., акцыянерныя таварыствы, прадпрыемствы з удзелам залежнага капіталу. Узнікалі новыя галіны вытворчасці (шпалерная, цэментавая, фанерная і інш.). Прамысловымі цэнтрамі сталі Пінск, Гомель, Магілёў, Брэст, Барысаў, Мазыр, Смаргонь, Орша, Капыль. Падрыхтоўка рабочых кадраў наладжвалася праз рамесныя вучылішчы і школы.

На сельскую гаспадарку Беларусі пач. 20 ст. паўплывала сталыпінская зямельная рэформа. Адбываўся распад абшчынных адносін (пераважна ў Віцебскай і Магілёўскай губ.), ішло рассяленне на хутары. Перабудова сельскай гаспадаркі была перапынена 1-й сусв. вайной. Станоўчыя зрухі ў прамысловай і с.-г. вытворчасці спрыялі развіццю інфраструктуры Беларусі. Выгаднае геаграфічнае становішча, сетка чыгунак ператварылі краіну ў важную транзітную тэрыторыю; развіццё шашэйных дарог і воднага транспарту спрыялі арганізацыі эканам. сувязей прамысловых раёнаў Рас. імперыі з прамыслова развітымі краінамі Еўропы. Паступова Беларусь уключалася ў міжнар. падзел працы, развівала свае знешнеэканам. сувязі.

У перыяд 1-й сусв. вайны, рэвалюцый 1917, грамадз. вайны і ваенных інтэрвенцый развіццё эканомікі Беларусі рэзка змянілася. Гэта быў перыяд ломкі ўсёй сістэмы гаспадарання і эканам. развіцця, катастрафічнай разрухі гаспадаркі. За 1913—17 прамысловая вытворчасць скарацілася амаль на 70%, многія прадпрыемствы разбураны. Да канца 1920 засталося каля палавіны дарэвалюцыйнай колькасці прамысловых прадпрыемстваў, якія фактычна не працавалі з-за недахопу паліва і сыравіны. Сельская гаспадарка ператварылася ў паўнатуральную. Натуральны абмен часцей замяняў таварна-грашовыя адносіны. На разбурэнне эканомікі Беларусі найб. паўплывала 1-я сусв. вайна, а на далейшы лёс краіны — рэвалюцыі, грамадзянская вайна, германская і польская інтэрвенцыі; у выніку апошняй Беларусь падзелена на 2 часткі — заходнюю і ўсходнюю.

Пасля заканчэння ваенных дзеянняў на тэр. БССР пачаліся спробы стварэння эканомікі, якая б абапіралася на грамадскую ўласнасць на сродкі вытворчасці. У 1920 пасяўныя плошчы складалі ​2/3 даваенных, знізілася ўраджайнасць культур, скарацілася пагалоўе жывёлы. Наваствораныя саўгасы-камуны былі стратнымі, маламоцнымі гаспадаркамі з неэфектыўнай арганізацыяй працы. Сістэма кіравання сав. прамысловасцю была цэнтралізаванай, закладваліся элементы будучай камандна-адм. сістэмы. З 1920 на Беларусі пачалі аднаўляць працу асноўныя прадпрыемствы, у першую чаргу электрастанцыі, прадпрыемствы харчовай і лёгкай прамысловасці. Але палітыка «ваеннага камунізму», якая абапіралася на жорсткія адм. метады, не спрыяла аднаўленню эканомікі. Улік, аналіз, кантроль, планаванне амаль адсутнічалі. Развал нар. гаспадаркі быў вынікам не толькі войнаў і рэвалюцый, але і неэфектыўнай сістэмы кіравання.

Сістэма мер новай эканам. палітыкі (нэп) паскорыла аднаўленне і развіццё прамысловасці, гандлю, сельскай гаспадаркі, транспарту, таварна-грашовых адносін. Асновай эканомікі БССР заставалася сельская гаспадарка, якая ў 1925 дасягнула ўзроўню 1913. У яе спецыялізацыі пераважалі малочная жывёлагадоўля і свінагадоўля, вырошчванне тэхн. культур. Аднак нізкая забяспечанасць зямлёй і слабая тэхн. аснашчанасць сялянскіх гаспадарак і саўгасаў не дазвалялі павысіць эфектыўнасць сельскай гаспадаркі. У 1926 яе таварнасць складала 13,2% (у 1913—35%). Асноўнымі формамі калектыўных гаспадарак былі камуны, сельгасарцелі і таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі, сярод дзяржаўных — саўгасы. Для Сав. Беларусі перыяд нэпа быў перыядам аднаўлення эканомікі пасля разрухі. Асноўнымі галінамі прамысловасці былі харчовая, папяровая, дрэваапрацоўчая. У 1926—27 пачалося будаўніцтва буйных прадпрыемстваў, якія і ў наш час маюць гасп. значэнне (Бабруйскі дрэваапр. камбінат, Гомсельмаш, БелДРЭС, Магілёўская фабрыка штучнага шоўку, металаапрацоўчы завод «Камунар» у Мінску і інш.). У Зах. Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы, назіраўся застой або слабавыразнае развіццё.

Вынікам даваенных пяцігодак стала індустрыялізацыя ў прамысловасці і калектывізацыя ў сельскай гаспадарцы. Кіраванне эканомікай зноў перайшло на камандна-адм. метады з высокай ступенню цэнтралізацыі. Дзярж. планаванню развіцця гаспадаркі надаваўся ранг закона. У гарадах (Мінск, Віцебск, Гомель, Орша, Мазыр, Барысаў) узніклі новыя прадпрыемствы. Развіваліся машынабудаванне, паліўная і хім. прамысловасць, электраэнергетыка; завяршылася фарміраванне сеткі чыгунак і іх інфраструктуры, пабудаваны або рэканструяваны рачныя парты, аэрапорт «Мінск», лініі тэлефоннай сувязі, адноўлены Дняпроўска-Бугскі канал. У 1940 на долю прамысловасці прыпадала 80% усёй прадукцыі нар. гаспадаркі. Беларусь вырабляла 33,8% фанеры, 27% запалак, больш за 10% металарэзных станкоў, 30% штучнага пакосту ад агульнасаюзнай вытворчасці. Прадпрыемствы рэспублікі пачалі выпускаць новую прадукцыю — складаныя металаапрацоўчыя станкі, радыёпрыёмнікі, маторы, турбіны, штучны шоўк і інш.

У выніку калектывізацыі дробнатаварная гаспадарка была разбурана і ператворана ў буйную сацыялістычную, але ўзровень с.-г. вытворчасці заставаўся нізкім. З сельскай мясцовасці павялічылася міграцыя працоўных рэсурсаў у гарады і за межы рэспублікі.

У час Вял. Айч. вайны эканоміка Беларусі страціла амаль усе здабыткі першых пяцігодак. Частка прадпрыемстваў, транспартных сродкаў, жывёлы былі эвакуіраваны ў Расію. На акупіраванай тэрыторыі былі адноўлены ў асноўным прадпрыемствы, скіраваныя на забеспячэнне акупацыйных улад. Гаспадарка акупіраванай тэрыторыі мела каланіяльны характар. У Германію вывозіліся сыравіна (лес, торф), прадукты харчавання. Аграрная рэформа замацоўвала за акупацыйнымі ўладамі зямлю і прадукцыю. У гады акупацыі нар. гаспадарка Беларусі падверглася жорсткай эксплуатацыі і рабаванню, што прывяло эканоміку да поўнага разбурэння і заняпаду. З утварэннем партыз. зон для патрэб мясц. насельніцтва адноўлены шэраг прадпрыемстваў, арганізавана вытворчасць у калгасах і саўгасах.

У выніку вайны Беларусь страціла больш за палавіну нац. багацця і па найважнейшых галінах эканоміка адкінута да ўзроўню 1913, па агульным узроўні — да 1928. Былі разбураны 209 (з 270) гарадоў, 9,2 тыс. вёсак, больш за 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 316 МТС. У параўнанні з даваенным узроўнем на 40% скараціліся пасяўныя плошчы, на 49% — пагалоўе буйной рагатай жывёлы, на 61% — коней, на 78% — авечак і коз. Значныя страты прычынены транспарту. Буйныя гарады былі разбураны на 75—90%.

Пасля вызвалення Беларусі пачалося адраджэнне гаспадаркі. Да 1946 адноўлена 5,9 тыс. прадпрыемстваў, пачалося будаўніцтва новых прадпрыемстваў, у т. л. трактарнага і аўтамабільнага заводаў. Змянілася структура прамысловасці: знізілася ўдзельная вага лёгкай, харчовай і дрэваапрацоўчай галін, вырасла доля электраэнергетыкі, машынабудавання і металаапрацоўкі. У 1-ю пасляваенную пяцігодку хуткімі тэмпамі аднаўляліся прамысловасць і транспарт. У пач. 1949 прамысловая вытворчасць дасягнула ўзроўню 1940, а ў 1950 валавы аб’ём прамысл. прадукцыі быў на 15% вышэйшы, чым у 1940. Сельская гаспадарка аднаўлялася больш марудна. У калгасах не хапала тэхнікі (у канцы 1945 мелася ​1/3 ад яе даваеннай колькасці). Нізкія тэмпы аднаўлення с.-г. вытворчасці былі абумоўлены таксама адсутнасцю матэрыяльнага заахвочвання ў калгасах. Нягледзячы на антысялянскі характар аграрнай палітыкі дзяржавы (адсутнасць гасп. самастойнасці, ушчамленне правоў сялян, якія нават не мелі пашпартоў і не маглі свабодна перамяшчацца па краіне, перапампоўванне грашовых сродкаў у прамысловасць), у аграрным сектары адбыліся пэўныя змены. Вёска атрымала 8,6 тыс. трактароў, 1,5 тыс. камбайнаў, шмат інш. тэхнікі. Павялічыліся пасяўныя плошчы, у 3 разы пашырыліся пасевы тэхн. культур. У параўнанні з даваенным перыядам у 1950 яны складалі 94,3%, пагалоўе буйной рагатай жывёлы — 96,5%, коней — 62%, свіней — 64,4%.

Аднаўленне нар. гаспадаркі, змякчэнне аўтарытарных метадаў кіравання, сац. пераарыентацыя доўжыліся да 1960-х г. Працягвалася капітальнае будаўніцтва і рэканструкцыя прадпрыемстваў, раслі высокатэхналагічныя галіны і вытворчасці. Прамысловасць пачала вырабляць гадзіннікі, шарыкападшыпнікі, швейныя машыны, электрарухавікі, паўправаднікі, ЭВМ, хім. мінеральныя ўгнаенні, прадукты перапрацоўкі нафты. Сістэма кіравання перайшла ад галіновага да тэр. кіраўніцтва праз саўнаргасы. Сельская гаспадарка пасля доўгага заняпаду ўпершыню стала рэнтабельнай. У выніку ліквідацыі МТС с.-г. тэхніка перададзена калгасам і саўгасам. Адметнасцю гэтага перыяду было будаўніцтва найб. у Еўропе хім. прадпрыемстваў (Магілёўскі камбінат па вытворчасці лаўсану, Гомельскі хім. завод, Светлагорскі камбінат штучнага валакна і інш.). У выніку доля хіміі ў вытворчых фондах падвоілася. Апераджальнымі тэмпамі развіваліся неметалаёмістыя і працаёмістыя галіны (электратэхніка, прыладабудаванне, радыёэлектроніка). Ствараліся комплексы машынабудаўнічых і металаапрацоўчых прадпрыемстваў па выпуску канструктыўна і тэхналагічна аднароднай прадукцыі. У структуры паліўна-энергетычнага балансу павялічылася доля нафты і прыроднага газу, пракладзены нафта- і газаправоды. З 1964 пачалася прамысловая здабыча нафты на тэр. Беларусі. Пазней з’явіліся нафтаперапр. заводы ў Наваполацку і Мазыры.

Развіццё сельскай гаспадаркі ў гэты перыяд замаруджвалася суб’ектывізмам і валюнтарызмам у яе кіраванні. З сярэдзіны 1960-х г. узяты курс на інтэнсіфікацыю сельскай гаспадаркі, на разгортванне меліярацыі. У жывёлагадоўлі пачалося будаўніцтва буйных адкормачных комплексаў. Прамысловае будаўніцтва ў гарадах, інтэнсіфікацыя сельскай гаспадаркі, рост адукаванасці людзей выклікалі масавую міграцыю працаздольнай часткі сельскіх жыхароў, што праз 15—20 гадоў прывяло да дэпапуляцыі сельскай мясцовасці. Рэформы 1960-х г. не былі даведзены да завяршэння, што прывяло да тармажэння ў выкананні пяцігадовых планаў, а потым і да застою ў развіцці эканомікі.

У гэты перыяд на Беларусі расла вытворчасць прадукцыі такіх галін прамысловасці, як прыладабудаванне, электронная і радыётэхнічная прамысловасць, вытворчасць сродкаў сувязі. Удзельная вага прыладабудавання ў агульным аб’ёме прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі за 1970—80 вырасла з 5,5% да 16%, электроннай і радыётэхнічнай прамысловасці — з 11,3% да 25%. Аднак у большасці галін захоўваліся ўстарэлыя тэхналогіі і абсталяванне. Эканоміка Беларусі страціла былы дынамізм. Рэзка знізіліся тэмпы эканам. росту. Так, у 1970—75 сярэднегадавыя тэмпы росту нац. даходу складалі 8,3%, а ў 1980—85 толькі 5,6%, прадукцыі прамысловасці — 10,4% і 5,4%, прадукцыйнасці працы адпаведна 7,4% і 5,3%.

Сельская гаспадарка ў гэты перыяд таксама развівалася супярэчліва, разам з поспехамі былі і недахопы. У 1970—85 сельская гаспадарка Беларусі працягвала спецыялізавацца на развіцці мясной і малочнай жывёлагадоўлі, вытворчасці бульбы, лёну-даўгунцу, цукровых буракоў. З мэтай стварэння трывалай кармавой базы для развіцця жывёлагадоўлі адбылося пераразмеркаванне пасяўных плошчаў, праводзілася меліярацыя і інш. Узводзіліся буйныя комплексы на некалькі тысяч галоў буйной рагатай жывёлы і свіней, ствараліся міжгаспадарчыя аб’яднанні па адкорме жывёлы і птушак, вытворчасці мяса, малака і воўны. У 1970—85 валавая прадукцыя жывёлагадоўлі павялічылася ў 1,5 раза, птушкагадоўлі — у 3,2 раза. Аднак палітыка кіраўніцтва па спецыялізацыі сельскай гаспадаркі Беларусі парушыла комплекснасць аграрнага сектара, павялічыла дыспрапорцыю паміж галінамі. У пач. 1980-х г. сельская гаспадарка Беларусі апынулася ў крызісным стане. Ураджайнасць збожжавых культур практычна не расла. Па меры зніжэння вытворчасці с.-г. прадукцыі расла дробязная апека, што стрымлівала ініцыятыву і адказнасць за канчатковыя вынікі. У краіне абвастрылася харчовая праблема. У пач. 1982 зроблены спробы выйсця з крызіснага становішча: створаны аграрна-прамысловы комплекс (на Беларусі — «Белаграпрам»), прынята харчовая праграма на перыяд да 1990. Аднак гэтыя палавінчатыя меры не закраналі інтарэсаў сялянства, неслі на сабе сляды застою. Эканоміка патрабавала перабудовы ўсяго сацыяльна-эканам. комплексу. У 1985 па ініцыятыве М.​С.​Гарбачова распачаты спробы рэфармавання сацыяльна-эканам. і паліт. сістэмы СССР. Аднак пошук шляхоў перабудовы эканам. адносін пачаўся з вельмі сціплых праектаў у межах старой адм.-каманднай сістэмы. Пад паскарэннем сацыяльна-эканам. развіцця разумелася павышэнне тэмпаў шляхам інтэнсіфікацыі вытворчасці і новых, эфектыўных форм арганізацыі кіравання. Планавалася паскоранымі тэмпамі развіваць машынабудаванне і на яго аснове ажыццяўляць тэхн. перааснашчэнне ўсёй гаспадаркі, вывесці на перадавыя рубяжы навукова-тэхн. прагрэсу электраэнергетыку, хім. і нафтахім., лёгкую і мясц. прамысловасць, сельскую гаспадарку, сферу паслуг і гандаль. Хутка стала відавочна, што ніякага паскоранага развіцця краіны не адбылося, наадварот, становішча ў эканоміцы пагоршылася, дзяржава ўступіла ў глыбокі сістэмны крызіс.

З распадам СССР Беларусь стала незалежнай унітарнай дзяржавай з сацыяльна арыентаванай эканомікай. З 1991 пачаўся навейшы этап развіцця яе гаспадаркі, культуры, адукацыі, навукі і інш. галін цывілізаванай дзяржавы. Прынята праграма пераходу краіны да рыначных адносін. Першачарговымі задачамі была стабілізацыя эканомікі, прыватызацыя, стварэнне рыначнай інфраструктуры, абарона насельніцтва ад збяднення і ліквідацыя наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У выніку распаду СССР была парушана адзіная эканам. прастора. Стварэнне СНД было спробай захаваць адзіную эканам. прастору і сувязі, але ў поўнай меры гэтага зрабіць не ўдалося. Адсутнасць пэўнай заканадаўчай базы і кансерватызм тагачаснай улады не дазволілі наладзіць эфектыўныя рыначныя адносіны. Пастанова Вярх. Савета (1991) аб дзярж. праграме па стабілізацыі эканомікі і сац. абароне насельніцтва не рэалізоўвалася. Улады не здолелі вызначыцца ў крэдытна-грашовай палітыцы, у цэнаўтварэнні і міждзяржаўных разліках паміж краінамі СНД. Беларусь знаходзілася ў адзінай з Расіяй рублёвай зоне, дзе пачаліся ўжо рыначныя пераўтварэнні. Манетарная палітыка рас. улад стварыла востры дэфіцыт наяўных грошай на тэр. Беларусі. Увядзенне ў абарачэнне (1992) бел. разліковых білетаў вырашыла праблему толькі часткова. Лібералізацыя цэн у Расіі і краінах Балтыі, імкненне захаваць нізкі ўзровень унутр. цэн разбуралі бел. спажывецкі рынак. У эканоміцы ўзмацніліся крызісныя з’явы (інфляцыя, паніжэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва і аб’ёмаў вытворчасці, «вымыванне» тавараў з рознічнага продажу і інш.), што абцяжарвалася абмежаванасцю крыніц паліва і сыравіны, залежнасцю ад прыродных рэсурсаў інш. краін. За 1991—95 валавы ўнутраны прадукт Беларусі зменшыўся на 35%, таварная вытворчасць прамысловасці — на 41%, валавы прадукт сельскай гаспадаркі — на 26%, капіталаўкладанні — на 61%. Паніжэнне абсалютных тэмпаў прыросту вытворчасці заўважалася амаль ва ўсіх галінах гаспадаркі.

Наступны этап сацыяльна-эканам. развіцця Беларусі характарызаваўся мэтанакіраванай дзейнасцю па стабілізацыі эканомікі. У канцы 1994 прынята праграма неадкладных мер па выхаду краіны з крызісу, распрацаваная адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Праграма прадугледжвала аздараўленне фінансавай і грашова-крэдытнай сістэмы, паляпшэнне гандлёвага і плацежнага балансу, знешнеэканам. дзейнасці, узмацненне дзярж. рэгулявання, стабілізацыю асобных галін гаспадаркі, удасканаленне сістэмы аплаты працы. Асноўныя кірункі рэфармавання эканомікі на шляху структурнай перабудовы ў канцы 1990-х г. звязаны з нарошчваннем аб’ёмаў экспарту, жыллёвага будаўніцтва і вытворчасці харчовай прадукцыі. Рэфармаванне эканомікі ішло ў кірунку раздзяржаўлення і прыватызацыі, змянення аграрных адносін, развіцця рыначнай інфраструктуры. У канцы 1990-х г. пачаўся рост унутр. валавога прадукту і аб’ёмаў прамысл. вытворчасці, выпуску тавараў нар. спажывання. Пры гэтым аднак зніжалася рэнтабельнасць вытворчасці. павялічвалася колькасць стратных прамысловых і с.-г. прадпрыемстваў, паніжэнне жыццёвага ўзроўню значнай часткі насельніцтва. У пач. 21 ст. Беларусь апынулася па шэрагу паказчыкаў на ўзроўні дакрызіснага 1990.

Літ.:

Эканамічная гісторыя Беларусі. Пад агульнай рэд. В.​І.​Галубовіча. 2 выд. Мн., 1996;

Довнар-Запольский М.В. История Белоруссии. Мн., 2003;

Шилов В.Н. Экономическое развитие Беларуси на рубеже веков: проблемы, итоги, перспективы. Мн., 2003;

Киреенко Е.Г. Социально-экономическая география Республики Беларусь. Мн., 2003.

Г.​С.​Смалякоў.

т. 18, кн. 2, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮГАСЛА́ВІЯ,

дзяржава ў паўд.-ўсх. Еўропе ў 1918—2003; да 1991 на тэр. сучасных Сербіі, Чарнагорыі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны, Македоніі і Славеніі, з 1992 — толькі Сербіі і. Чарнагорыі. Тэр. 255,8 тыс. км² (1990), нас. 23,1 млн. чал. (1986). Сталіца — г. Бялград.

Напярэдадні 1-й сусв. вайны Сербія (у яе складзе Македонія) і Чарнагорыя былі незалежнымі каралеўствамі. Харватыя, Боснія (з Герцагавінай), Славенія і Ваяводзіна знаходзіліся ў складзе Аўстра-Венгрыі, якая ў ходзе вайны ў 1915—16 акупіравала і Сербію з Чарнагорыяй. Сербскі кароль Пётр I Карагеоргіевіч [1903—21] з урадам і арміяй эвакуіраваўся на грэч. в-аў Керкіра (Корфу), дзе са згоды ўрадаў краін Антанты сербскі прэм’ер-міністр Н.​Пашыч і старшыня Паўднёваславянскага камітэта (засн. ў 1915 эмігрантамі з Харватыі, Славеніі і Босніі) А.Трумбіч падпісалі 20.7.1917 Корфскую дэкларацыю 1917 пра стварэнне пасля вайны адзінага каралеўства паўд. славян на чале з сербскай каралеўскай дынастыяй Карагеоргіевічаў.

Пасля вызвалення Сербіі і Чарнагорыі і канчатковага ваен. паражэння Аўстра-Венгрыі 1.12.1918 абвешчана аб стварэнні Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (Каралеўства СХС), да якога далучылася і Чарнагорыя. Паводле Рапальскага дагавора 1920 частка тэр. сучасных Харватыі і Славеніі (порт Задар, п-аў Істрыя, шэраг астравоў у Адрыятычным м.) адышла да Італіі, а харвацкі порт Рыека з акругай вылучаны ў «незалежную дзяржаву». Каралеўства СХС было шматнац. (39% насельніцтва — сербы, 23,9% — харваты, 8,5% — славенцы, 6,3% — баснійцы-мусульмане, 5,3% — македонцы, 2,8% — чарнагорцы, 12,2% — албанцы, венгры, туркі, румыны і інш.) і шматканфесіянальнай (46% насельніцтва праваслаўныя, пераважна сербы, чарнагорцы і македонцы; 39% — католікі, пераважна харваты, славенцы і венгры; 11% — мусульмане, пераважна баснійцы і албанцы) дзяржавай. Вельмі неаднародным было Каралеўства СХС і ў эканам. адносінах. Найб. прамысл. развітымі яго часткамі былі Славенія, Харватыя і Ваяводзіна; імкліва развівалася прам-сць Сербіі. Эканам. адсталымі землямі заставаліся Чарнагорыя, Македонія, Боснія і Герцагавіна. У цэлым эканоміка краіны насіла агр. характар (76% насельніцтва заняты ў сельскай гаспадарцы), прычым 67% сял. гаспадарак лічыліся бесперспектыўнымі, бо мелі менш чым па 5 га зямлі. У выніку прынятай устаноўчым сходам т.зв. Відаўданскай канстытуцыі Каралеўства СХС (28.6.1921; Дзень св. Віда) яно стала парламенцкай манархіяй на чале з каралём Аляксандрам I Карагеоргіевічам [1921—34] і скупшчынай (парламентам). Паводле канстытуцыі і «палажэння» ад 26.4.1922 уведзены адм.-тэр. падзел на 33 жупаніі.

6.1.1929 Аляксандр I усталяваў у краіне манарх. дыктатуру: ён атрымаў выключнае права выдаваць законы і ні перад кім не нёс адказнасці за свае дзеянні. Каралеўства СХС было перайменавана ў Каралеўства Ю. Новая назва дзяржавы павінна была сімвалізаваць не толькі дзярж., але і этн. адзінства яе народаў. Уведзены новы адм.-тэр. падзел на 9 буйных абласцей — банавін на чале з каралеўскімі намеснікамі — банамі. Іх межы не супадалі з традыц. межамі зямель, з якіх складалася Ю. Паводле ініцыіраванай каралём «дараванай зверху» канстытуцыі 3.9.1931 абвешчана існаванне адзінага народа — югаславаў як надрэліг. супольнасці. У кастр. 1934 Аляксандр I забіты харвацкімі усташамі ў час візіту ў Францыю. Пры яго малалетнім сыне Пятру II [1934—45] краінай кіраваў рэгенцкі савет на чале з прынцам Паўлам.

У гэты час Ю. адышла ад ранейшага цеснага знешнепаліт. супрацоўніцтва з Францыяй і пачала збліжацца з Італіяй. У 1935 заключаны канкардат з Ватыканам, які даваў вял. правы каталіцкай царкве ў Ю. У 1937 заключаны дагаворы з Італіяй аб нейтралітэце і з Балгарыяй «аб вечным сяброўстве». 26.8.1939 прэм’ер-міністр Д.​Цветкавіч падпісаў з лідэрам Харвацкай сял. партыі В.​Мачакам пагадненне аб вылучэнні Харватыі ў асобную банавіну з аўт. правамі; яе бан (І.​Шубашыч) нёс адказнасць не толькі перад каралём, але і перад харвацкім парламентам — сабарам. У чэрв. 1940 устаноўлены дыпламат. адносіны з СССР. 25.3.1941 урад Цветкавіча—Мачака падпісаў у Вене дакументы аб далучэнні Ю. да Берлінскага пакта 1940.

27.3.1941 група апазіцыйна настроеных і звязаных з брыт. разведкай ваенных скінула рэгента Паўла і ўрад Цветкавіча. Кіраўніком дзяржавы абвешчаны як «паўналетні» 17-гадовы Пётр П. Новы, кааліцыйны, урад на чале з ген. Д.​Сімавічам адмовіўся ад удзелу Ю. ў Берлінскім пакце і 5.4.1941 падпісаў у Маскве дагавор аб сяброўстве і ненападзенні з СССР.

У ходзе Балканскай кампаніі 1941 герм., італьян., балг. і венг. войскі 6.4.1941 з тэр. Аўстрыі, Італіі, Албаніі, Венгрыі, Румыніі, Балгарыі (практычна з усіх бакоў) без абвяшчэння вайны напалі на Ю. і неўзабаве прымусілі яе армію да капітуляцыі (17.4.1941). Кароль і ўрад эвакуіраваліся на Б. Усход, потым у Лондан. Тэр. Ю. была раздзелена. Славенію падзялілі Германія і Італія. Да Італіі таксама адышлі Чарнагорыя і ч. Далмацыі, да Венгрыі — ч. Ваяводзіны, да Балгарыі — паўд.-ўсх. Сербія і б.ч. Македоніі. Косава і зах. Македонія ўвайшлі ў склад створанай Італіяй «Вял. Албаніі». 10.4.1941 усташы абвясцілі аб стварэнні на тэр. Харватыі, Босніі і Герцагавіны «Незалежнай Дзяржавы Харватыя» (НДХ), якая была ў цесным саюзе з Германіяй і Італіяй. Усташы праводзілі ў адносінах да правасл. славян (асабліва сербаў), яўрэяў, цыганоў палітыку адкрытага генацыду, імкнучыся стварыць нац. і рэліг. «аднародную» харвацкую дзяржаву. Сярод шматлікіх канцлагераў асабліва вял. колькасцю знішчаных людзей і найб. жорсткім рэжымам вызначаліся Ясенавац, Госпіч, Стара-Градзішка. Сербія і ч. Ваяводзіны знаходзіліся пад прамым герм. кантролем, тут быў створаны калабарацыянісцкі ўрад М.​Недзіча.

Югасл. рух Супраціўлення, які разгарнуўся з першых дзён акупацыі, неўзабаве перарос у народна-вызваленчую вайну ў Югаславіі 1941—45, якую вялі розныя паліт. сілы пры дамінуючай ролі Камуніст. партыі Югаславіі (КПЮ, засн. ў 1919) на чале з харватам І.Ціта. Падпарадкаваны каралеўскаму эмігранцкаму ўраду рух чэтнікаў на чале з палк. (пазней ген. і ваен. міністр) Д.​Міхайлавічам напачатку выступаў за стварэнне Вял. Сербіі, пазней — за аднаўленне старой каралеўскай Ю. Узаемна варожыя адносіны паміж КПЮ і чэтнікамі неўзабаве набылі характар грамадз. вайны ўнутры вызв. руху. У 1944 чэтнікі пачалі супрацоўнічаць у сумеснай барацьбе супраць КПЮ з «урадам» Недзіча, што прывяло іх да разрыву адносін з эмігранцкім урадам, які пачаў збліжацца з камуністамі. У ходзе нар.-вызв. вайны на аснове партыз. атрадаў сфарміравалася рэгулярная Нар.-вызв. армія Ю. (НВАЮ) пад камандаваннем Ціта, якая вызваліла многія раёны краіны. У ліст. 1942 у г. Біхач створаны агульнаюгасл. паліт. орган — Антыфаш. веча нар. вызвалення Ю. (АВНВЮ), якое ў ліст. 1943 на сваёй II сесіі ў г. Яйца прыняло дэкларацыю аб асновах новай дэмакр. Ю. АВНВЮ абвясціла сябе часовым заканад. органам улады, функцыі ўрада выконваў Нац. к-т вызвалення Ю. (НКВЮ) на чале з Ціта. Сесія абвясціла, што новая Ю. будзе раўнапраўнай федэрацыяй усіх яе народаў. 16.6.1944 на в-ве Віс у Адрыятычным м. Ціта і прэм’ер-міністр эмігранцкага ўрада Шубашыч падпісалі пагадненне пра сумесныя дзеянні. Урад Шубашыча абавязваўся арганізаваць ваен. дапамогу НВАЮ з боку зах. дзяржаў, прадстаўляць Ю. на міжнар. арэне, а ўнутры краіны — прызнаць рашэнні АВНВЮ. 20.10.1944 сав. войскі 3-га Укр. фронту сумесна з часцямі НВАЮ вызвалілі Бялград (гл. Бялградская аперацыя 1944). 11.4.1945 падпісаны дагавор аб сяброўстве, узаемнай дапамозе і пасляваен. супрацоўніцтве паміж СССР і Ю. Да 15.5.1945 НВАЮ цалкам вызваліла Ю. ад акупантаў і іх памагатых. За час вызв. вайны ў Ю. загінула 1 млн. 700 тыс. чал., у т. л. 305 тыс. воінаў НВАЮ і партызан.

Устаноўчая скупшчына 29.11.1945 скасавала манархію і абвясціла краіну Федэратыўнай Нар. Рэспублікай Ю. (ФНРЮ), зацвердзіла ранейшыя пастановы АВНВЮ, а 31.1.1946 прыняла канстытуцыю ФНРЮ. У склад федэрацыі ўвайшлі 6 рэспублік: Сербія з аўт. краем Ваяводзіна і аўт. вобласцю Косава і Метохія (з 1963 аднайм. аўт. край, з 1969 аўт. край Косава, з 1974 сацыяліст. аўт. край Косава), Харватыя, Славенія, Боснія і Герцагавіна, Македонія, Чарнагорыя. Этн. прынцып пры вызначэнні міжрэсп. межаў не быў захаваны. Асабліва шмат засталося па-за межамі сваёй нац. рэспублікі сербаў. Паводле канстытуцыі вышэйшым органам улады Ю. была Нар. скупшчына, якая складалася з 2 палат: Саюзнага веча і Веча народаў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляў адказны перад скупшчынай урад ФНРЮ (да 1963 старшыня Ціта). Паводле Парыжскага мірнага дагавора 1947 да Ю. адышлі г. Рыека і слав. землі, набытыя Італіяй у адпаведнасці з Рапальскім дагаворам 1920 (п-аў Істрыя і інш.). У 1945—47 у Ю. праведзены пераўтварэнні на сав. ўзор: ліквідавана шматпартыйнасць і ўстаноўлена аднапартыйная сістэма, нацыяналізаваны прам-сць, фінансы, сувязь, транспарт, гандаль, ствараліся с.-г. задругі (таварыствы) на ўзор сав. калгасаў. У крас. 1947 зацверджаны 1-ы пяцігадовы план развіцця нар. гаспадаркі. Імкненне Ціта праводзіць незалежную ад СССР знешнюю палітыку (спробы дамовіцца з Балгарыяй пра больш цесныя ўзаемаадносіны, умяшацца ў грамадз. вайну ў Грэцыі, увесці войскі ў Албанію), яго праект стварэння на Балканах федэрацыі дзяржаў пад эгідай Ю. і інш. дзеянні прывялі ў 1948 да рэзкага абвастрэння і поўнага разрыву сав.-югасл. адносін. Значная ч. югасл. камуністаў выступала супраць лініі Ціта, за цеснае ўзаемадзеянне з СССР. Ціта і яго прыхільнікі шырока ўжывалі супраць апазіцыянераў рэпрэсіі, у т. л. зняволенне ў канцлагеры, з якіх найб. вядомы «Голы Востраў» («Голи Оток») у Адрыятычным м. Сярод ахвяр гэтых рэпрэсій нач. вярх. штаба НВАЮ ген.-палкоўнік А.​Ёванавіч, чл. Палітбюро ЦК КПЮ старшыня Дзяржплана А.​Хебранг (загінулі), старшыня Нар. фронту Югаславіі С.​Жуёвіч (зняволены да 1956). У 1948—52 І.​Ціта, Б.​Кідрыч, Э.​Кардэль, М.​Джылас і інш. югасл. кіраўнікі і тэарэтыкі распрацавалі канцэпцыю самакіравання, паводле якой югасл. грамадства дэмакратызавалася і пераходзіла да т.зв. таварнай эканомікі, адмаўлялася ад планавання ў форме дзярж. загадаў і пераходзіла ў эканоміцы да сродкаў чыста эканам. прымусу. У 1950 прыняты закон аб перадачы фабрык і з-даў у кіраванне працоўным, паводле якога на прадпрыемствах ствараліся рабочыя саветы. Гэты закон паклаў пачатак укараненню ў Ю. самакіруемага сацыялізму. На VI з’ездзе КПЮ у 1952 партыя атрымала новую назву — Саюз камуністаў Ю. (СКЮ). У 1955—56 нармалізаваны сав.-югасл. адносіны на ўмовах прызнання кіраўніцтвам СССР і КПСС права Ю. на самаст. развіццё. У крас. 1963 Саюзная скупшчына ФНРЮ прыняла новую канстытуцыю, краіна атрымала новую назву — Сацыяліст. Федэратыўная Рэспубліка Ю. (СФРЮ). Паводле канстытуцыі 1974 вярх. органам дзярж. улады і грамадскага самакіравання была Скупшчына СФРЮ, якая складалася з Саюзнага веча і Веча рэспублік і краёў. Нягледзячы на значныя эканам. поспехі, ужо пры жыцці Ціта (з 1953 прэзідэнт Ю.) нарасталі крызісныя з’явы ва ўсіх галінах жыцця грамадства, у т. л. міжнац. канфлікты. Пасля яго смерці (май 1980) Ю. кіравалі Прэзідыум СФРЮ і Прэзідыум ЦК СКЮ, кіраўнікі якіх прадстаўлялі адну з рэспублік (па чарзе) і змяняліся штогод.

З пач. 1980-х г. Ю. ахапіў глыбокі крызіс. Узнікла канцэпцыя «нац. эканомікі», калі кожная рэспубліка імкнулася абараняць ад канкурэнцыі свае прадпрыемствы за кошт інш. рэспублік. Цэнтр. ўрад паступова траціў кантроль над сітуацыяй у краіне, рэспублікі ўсё больш траплялі ў залежнасць ад замежных пазык. Да канца 1985 беспрацоўе складала 15%, інфляцыя — 100%, знешнія даўгі набліжаліся да 20 млрд. дол. Крызіс узмацняўся падзеямі ў Косаве, дзе з 1981 адбываліся дэманстрацыі албанскай этн. большасці з патрабаваннямі надаць краю статус рэспублікі. У Бялградзе гэта было ўспрынята як першы крок да аб’яднання Косава з Албаніяй. Славенія адкрыта стала на абарону алб. сепаратысцкага руху. На XIV надзвычайным з’ездзе СКЮ (1990) дэлегацыі Славеніі і Харватыі абвясцілі аб незалежнасці сваіх рэсп. Саюзаў камуністаў. Распад СКЮ паскорыў распад СФРЮ, які адбыўся ў 1991.

27.4.1992 Сербія і Чарнагорыя стварылі новую федэратыўную дзяржаву — Саюзную Рэспубліку Югаславію (СРЮ) на чале з 2-палатнай Саюзнай скупшчынай (Веча грамадзян і Веча рэспублік) і прэзідэнтам. Менавіта на яе міжнар. супольнасць усклала адказнасць за этн. канфлікты ў Босніі і Герцагавіне (гл. Баснійскі крызіс 1990-х г.) і Харватыі, у час якіх кіраўніцтва Ю. і югасл. армія актыўна падтрымлівалі мясц. сербаў. Нягледзячы на відавочную аднабаковасць такіх падыходаў (паводле афід. звестак Ю., у 1991—96 у Босніі і Герцагавіне існавала 536 канцлагераў для сербаў, у Харватыі — 221), 30.5.1992 Савет Бяспекі ААН увёў эканам. санкцыі супраць «трэцяй» Ю. Былі заблакіраваны трансп. і транзітныя перавозкі, закрыты марскія гавані Чарнагорыі і сербскія парты на Дунаі, перакрыты газаправоды, замарожаны за мяжой рахункі югасл. фірм, арг-цый і банкаў. Пасля 3 гадоў жорсткіх баёў у Босніі і Герцагавіне ў г. Дэйтан (ЗША) 21.11.1995 падпісаны план мірнага ўрэгулявання ў гэтай б. югасл. рэспубліцы. У кастр. 1996 санкцыі з Ю. часткова зняты. Аднак Ю. і надалей не атрымлівала сучаснай зброі, у т. л. сродкаў ППА, што абумовіла яе ваен. слабасць. У канцы 1990-х г. ЗША і інш. краіны НАТО узмацнілі націск на Ю. ў сувязі з канфліктам у Косаве, дзе югасл. армія спрабавала падавіць узбр. рух алб. сепаратыстаў. Пад выглядам абароны албанцаў Косава ад «генацыду» з боку сербаў ЗША і іх саюзнікі патрабавалі ад югасл. кіраўніцтва вывесці свае войскі з Косава і пагадзіцца на мірнае ўрэгуляванне з удзелам войск НАТО. Мірныя перагаворы ў Рамбуе (каля Парыжа) у лют.—сак. 1999 былі сарваны па віне ЗША. Пачаліся бамбардзіроўкі Ю., якія працягваліся 78 дзён. На СРЮ напалі 19 дзяржаў — членаў НАТО на чале з ЗША. З 24 сак. да 10 чэрв. 1999 у выніку бамбардзіровак у Ю. загінула 1700 цывільных асоб, 10 тыс. былі паранены; разбураны каля 100 фабрык і з-даў, 115 мед. устаноў, пашкоджаны каля 2000 школ і 35 ВНУ. У выніку прэзідэнт Ю. С.Мілошавіч (лідэр кіруючай Сацыяліст. партыі Сербіі) быў вымушаны пагадзіцца на ўвядзенне войск НАТО у Косава. На прэзідэнцкіх выбарах 24.9.2000 Мілошавіч, паводле даных выбарчай камісіі, атрымаў 40,2% галасоў выбаршчыкаў, а яго асн. сапернік, кандыдат ад апазіцыі В.​Каштуніца — 48%; планаваўся 2-і тур выбараў. Апазіцыя адмовілася прызнаць вынікі выбараў як «сфальсіфікаваныя». 29 вер. апазіцыянеры выйшлі на вуліцы Бялграда з патрабаваннем адстаўкі Мілошавіча. У сталіцы адбыліся масавыя беспарадкі. 6.10.2000 Каштуніца абвясціў аб сваім уступленні на пасаду прэзідэнта Ю. Паводле вынікаў парламенцкіх выбараў (снеж. 2000) Сацыяліст. партыя цалкам страціла ўладу, прэм’ер-міністрам стаў арыентаваны на зах. краіны З.​Джынджыч. Яшчэ ў маі 1999 Міжнар. гаагскі трыбунал па былой Ю. абвінаваціў С.​Мілошавіча ў шэрагу ваен. злачынстваў. У ноч з 31 сак. на 1 крас. 2001 Мілошавіч арыштаваны сербскімі ўладамі, потым, паводле ўказання З.​Джынджыча выкрадзены з турмы і 29 чэрв. перададзены (у парушэнне арт. 17 Канстытуцыі Сербіі і арт. 37 Канстытуцыі СРЮ) Гаагскаму трыбуналу. Суд. працэс над ім пачаўся ў Гаазе 12.2.2002. За выдачу Мілошавіча ЗША паабяцалі Сербіі крэдыт у 500 млн. дол. Адносіны паміж Сербіяй і Чарнагорыяй заставаліся складанымі. 14.3.2002 падпісаны Дагавор аб пераўладкаванні адносін паміж Сербіяй і Чарнагорыяй. 4.2.2003 парламент СРЮ прыняў Канстытуцыйную хартыю аб стварэнні новага паліт. ўтварэння — супольнасці Сербіі і Чарнагорыі (гл. Дадатак).

Літ.:

История Югославии. Т 1—2. М., 1963;

На путях к Югославии: За и против. М., 1997;

Гуськова Е.Ю. Вооруженные конфликты на территории бывшей Югославии (Хроника событий). М., 1998;

Яе ж. История югославского кризиса (1990—2000). М., 2001;

Мартынова М.Ю. Балканский кризис: Народы и политика. М., 1998;

Васильева Н., Гаврилов В. Балканский тупик. Историческая судьба Югославии в XX веке. М., 2000;

Романенко С.А. Югославия: История возникновения, кризис, распад. образование независимых государств. М., 2000;

Чарота И.А. Косовская битва продолжается. Мн., 2000;

Преступления НАТО против Югославии: Белая кн. Т. 1—2. Белград, 2000;

Джилас М. Беседы со Сталиным: Пер. с англ. М., 2002;

Хомский А.Н. Новый военный гуманизм: Уроки Косова: Пер. с англ. М., 2002;

Качук Н. Воздушная наступательная операция НАТО в Югославии // Армия. 1999. № 2;

Александров И. НАТО против Югославии: Хроника необъявленной войны // Зарубежное военное обозрение. 1999. № 6—9;

Ильин В. Воздушная война на Балканах // Авиамастер. 2001. № 4;

Россия и Сербия: Вехи истории // Родина. 2003. № 10;

Days of Terror (in the presence of the International forces). Belgrade, 2000.

М.​С.​Даўгяла.

Да арт. Югаславія. Герб Сацыялістычнай Федэратыўнай Рэспублікі Югаславія (1963—91).
Да арт. Югаславія. Герб і сцяг Саюзнай Рэспублікі Югаславія (1992—2003).
Да арт. Югаславія. Кароль Аляксандр I Карагеоргіевіч. Мастак П.​Ёванавіч.
Да арт. Югаславія. Байцы Народна-вызваленчай арміі Югаславіі. 1944.
Да арт. Югаславія. Дом у г. Алексінац пасля бамбардзіроўкі горада сіламі НАТО. 5.4.1999.

т. 18, кн. 1, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННА-МАРСКІ́ ФЛОТ (ВМФ; у многіх краінах наз. ваенна-марскія сілы — ВМС),

від узбр. сіл, прызначаны для дзеянняў на водных прасторах. У большасці марскіх дзяржаў прызначаны пераважна для абароны ўзбярэжжа і нац. тэр. вод, дзеянняў у радыусе да 300 міль. ВМФ Вялікабрытаніі, ЗША, Расіі і Францыі паводле задач падзяляецца на стратэг. ядз. сілы марскога базіравання (атамныя ракетныя падводныя лодкі, узброеныя балістычнымі ракетамі з далёкасцю стральбы да 11 тыс. км; забяспечваюць ядз. стрымліванне патэнцыяльнага агрэсара, несучы баявое патруляванне ў Сусв. акіяне) і сілы агульнага прызначэння — мнагамэтавыя падводныя лодкі, надводныя караблі (авіяносцы, крэйсеры, эскадраныя мінаносцы, фрэгаты, мінна-тральныя і дэсантныя караблі, дапаможныя судны).

ВМФ зарадзіўся ў стараж. Егіпце, Фінікіі, Грэцыі, Рыме і інш. і складаўся з вёславых суднаў (у т. л. грэч. трыера і рым. трырэма з трыма радамі вёслаў), якія ў баі выкарыстоўвалі абардаж і таран. У 1 ст. да н.э. рымляне першыя выкарысталі для абстрэлу варожых суднаў кідальныя машыны — балісты і катапульты. У сярэднявеччы не было падзелу суднаў на ваен. і гандлёвыя, пры неабходнасці купецкі карабель мог стаць баявым ці пірацкім. У 7 ст. ў Венецыі і Генуі створана парусна-вяслярная галера. У марскіх паходах 907 і 911 на Візантыю кіеўскага князя Алега ўдзельнічалі баявыя лодкі-караблі палачан. З 15 ст. на караблях для абароны сталі выкарыстоўваць невял. гарматы. Упершыню флот з баявых суднаў з’явіўся ў галандцаў у час вайны 1552—58 з англічанамі. У 17 ст. флот падзяліўся на ваенны і гандлёвы і стаў парусным (першыя парусныя, пераважна ваен. караблі-нефы пабудавалі ў 11 ст. французы). У Расіі стварэнне рэгулярнага ВМФ распачата ў 1696. У 18 ст. ў барацьбе за панаванне на моры перамагла Вялікабрытанія, зацвердзілася лінейная тактыка марскога бою. У 1-й пал. 19 ст. флот стаў паравы (у Расіі пасля Крымскай вайны 1853—56), з’явілася мінная зброя, у 2-й пал. 19 ст. — тарпедная, адным з асн. тыпаў караблёў стаў браняносец. На пач. 20 ст. з’явіліся падводныя лодкі, карабельная радыёсувязь, марская авіяцыя. ВМФ актыўна ўдзельнічаў і развіваўся ў 1-ю і 2-ю сусв. войны. У 1950—60-я г. ВМФ стаў ракетна-ядзерны. Пасля заканчэння «халоднай вайны» ВМС краін НАТО скараціліся на 25%. На Беларусі ў 1-й пал. 20 ст. дзейнічалі Дняпроўская ваенная флатылія, Заходнядзвінская ваенная флатылія, Прыпяцкая ваенная флатылія, польская (1919—39) і савецкая (1940—41) Пінскія ваенныя флатыліі.

ВМФ арганізацыйна падзяляецца на флаты і флатыліі, уключае роды сіл: флот (надводныя караблі, катэры, падводныя лодкі), марскую авіяцыю, марскую пяхоту і часці (войскі) берагавой абароны (артылерыі), а таксама ваенна-марскія базы, службы і часці спец. прызначэння (разведкі, тылу, сувязі і нагляду і інш.), ваенна-марскія навуч. ўстановы і г.д. Ён, як правіла, аснашчаны процікарабельнымі, зенітнымі і крылатымі ракетамі, радыёэлектронным узбраеннем (сістэмы сувязі, радыёпеленгатары, эхалоты, сістэмы радыётэхн. разведкі) і інш. Асн. баявыя якасці ВМФ — пастаянная боегатоўнасць, універсальнасць, мабільнасць, вял. аўтаномнасць, моц сродкаў паражэння).

Літ.:

Вьюненко Н.П., Макеев Б.Н., Скугарев В.Д. Военно-морской флот: роль, перспективы развития, использование. М., 1988;

Шершов А.П. История военного кораблестроения с древнейших времен и до наших дней. СПб., 1994.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 3, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́КАНАПІС, пісанне абразоў (ікон),

від жывапісу (пераважна сярэдневяковага), рэліг. па тэматыцы і сюжэтах, культавага па прызначэнні. Найб. характэрны для ўсх. хрысціянства. Узнік і развіваўся як важны элемент візант. культуры і рэгіёнаў, мастацтва якіх зведала яе ўплыў. Тэхніка І. блізкая да станковага жывапісу, аднак яго творы — абразы, што звычайна ўваходзяць у адзіны ідэйна-маст. комплекс з архітэктурай, дэкар.-прыкладным мастацтвам і ў ансамбль іканастаса, не разглядаюцца як цалкам станковыя творы.

Найбольш стараж. творы І. (6 ст.) паходзяць з Пярэдняй Азіі і захаваліся ў сінайскіх манастырах. Узнік на аснове познаэліністычнай традыцыі пахавальных партрэтаў (гл. Фаюмскі партрэт). Паводле царк. паданняў, сімвалічнае аблічча Хрыста цудоўным чынам захавалася на ўбрусе (хусце), а прататыпы абразоў Маці Божай намаляваны евангелістам Лукой. Іканаграфія святых і евангельскіх падзей склалася пераважна ў Візантыі і пазней паўтаралася праз іканапісныя дапаможнікі У маст. практыцы выпрацавалася сістэма ўмоўных прыёмаў адлюстравання рэчаіснасці: адсутнасць перадачы аб’ёмаў і трохвымернай прасторы, адасоблены, часта «залаты» фон, падпарадкаванне адлюстравання мэтам сімвалічнага ці апавядальнага сэнсу кампазіцыі. Гал. ролю ў фарміраванні вобразнага ладу твораў І. меў кампазіцыйна-рытмічны пачатак, выразнасць лініі і колеру, часцей лакальнага. Ідэйнага і маст. росквіту І. Візантыі дасягнуў у 11—12 ст., творы таго часу сталі кананічнымі. У 14—15 ст. склаўся рус. І. (Феафан Грэк, А.Рублёў, Дыянісій), які ў 17 ст. перажыў карэнныя змены пад уплывам еўрап. мастацтва праз пасрэдніцтва бел., укр., польскіх мастакоў (майстры Аружэйнай палаты). Самабытныя школы І. існавалі ў копцкім Егіпце, Эфіопіі, Грузіі, у балканскім і карпацкім рэгіёнах. Цэласнасць эстэт. прынцыпаў І. была падарвана крызісам сярэдневяковага светаўяўлення і развіццём культуры Адраджэння. Напачатку І. перайшоў да кампрамісных форм, што было выклікана рэаліст. пошукамі ў асобных краінах, пазней заняпаў і наблізіўся да рамяства.

На Беларусі І. узнік з прыняццем хрысціянства. Да 16 ст. развіваўся на аснове візант. традыцый, паступова засвойваў рэаліст. рысы зах.-еўрап. сакральнага мастацтва. У 16—1-й пал. 17 ст. склалася самабытная беларуская іканапісная школа, якой характэрна візант. духоўная і іканаграфічная аснова ў спалучэнні з рэальнасцю вобразаў, уключэннем у біблейскія сюжэты этнагр. элементаў, простанароднасць тыпажу, пэўная маст. свабода выканаўцаў. Праіснавала яна да сярэдзіны 19 ст., калі страціла сваю самабытнасць і прыйшла ў заняпад. Іл. гл. таксама да арт. Абраз, Беларуская іканапісная школа.

Літ.:

Жывапіс Беларусі XII—XVIII ст.: [Альбом]. Мн., 1980;

Алпатов М.В. Древнерусская иконопись. М., 1984;

Іканапіс Беларусі XV—XVIII стст. 3 выд. Мн., 1995.

А.​А.​Ярашэвіч.

Да арт. Іканапіс. Спас Нерукатворны. З Успенскага сабора ў Маскве. 12 ст.
Да арт. Іканапіс. Багародзіца Адзігітрыя. Абраз іканастаса Ражэнскага манастыра. 17 ст. Балгарыя.
Да арт. Іканапіс. Святая Агнеса з Марыяй і маленькім Ісусам. Апошняя чвэрць 15 ст. Кёльнскі жывапісец (Германія).
Да арт. Іканапіс. Параскева. Сярэдзіна — 2-я пал. 16 ст. беларуская іканапісная школа.
Да арт. Іканапіс. Выбраныя святыя: Васіль Вялікі, Грыгорый Багаслоў, Іаан Златавуст. 2-я пал. 18 ст. Беларуская іканапісная школа. Шарашоўскі майстар.
Да арт. Іканапіс. Мадонна з маленькім Ісусам. Канстанцінопаль. 1200.
Да арт. Іканапіс. Тадэа ды Бартала. Мадонна з дзіцем. 15 ст. Італія.

т. 7, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)