МЕ́ЗЕНКА (Ганна Міхайлаўна) (н. 6.3.1948, в. Альбянка Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1991), праф. (1992). Скончыла Мінскі пед. ін-т імя Горкага (1971). З 1974 у Віцебскім ун-це (з 1991 заг. кафедры агульнага і рус. мовазнаўства). Даследуе бел. і рус. мовы, анамастыку. Аўтар кніг: «Урбананімія Беларусі» (1991), «Назвы вуліц расказваюць» (1995), «Беларуская анамастыка» (1997) і інш.
І.К.Германовіч.
т. 10, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЬТМАН (Стафан Лявонавіч) (4.10.1886, г. Замасць, Польшча — 20.9.1937),
рэвалюцыянер, дзярж. дзеяч БССР. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1912). У 1903—05 рэдактар час. «Glos» («Голас»). З 1915 у Мінску. Адзін з арганізатараў Польск. сацыяліст. аб’яднання, старшыня праўлення яго мінскай групы, заснавальнік і рэдактар яго органа «Prawda» («Праўда»), Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. бальшавіцкай фракцыі Мінскай гар. думы, камісар па польск. справах Зах. вобласці і фронту. У 1919 нам. наркома земляробства і лясной гаспадаркі Літ.-Бел. ССР, заг. аддзела Мінскага губрэўкома, з 1921 сакратар Польбюро ЦК РКП(б). У 1924—25 нарком земляробства, старшыня Дзяржплана, эканам. савета і нам. старшыні СНК БССР. З 1925 рэктар Камуніст. ун-та Беларусі ў Мінску, адначасова з 1927 заг. польск. сектара Ін-та бел. культуры. У 1930-я г. ў наркаматах земляробства і зернесаўгасаў СССР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1924—29, чл. ЦВК БССР у 1924—29, Прэзідыума ЦВК БССР у 1926—29. Аўтар прац па агр. пытанні Беларусі, пра ўдзел палякаў у Кастр. рэвалюцыі 1917 і інш. У 1937 арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956.
У.М.Міхнюк.
т. 5, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ХЦІЧЫ,
вёска ў Сямёнавіцкім с/с Уздзенскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 5 км на ПнЗ ад Узды, 79 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Негарэлае. 538 ж., 221 двор (1998).
У 2-й пал. 16 ст. сяло і двор (цяпер пас. Першамайск) у Менскім пав. ВКЛ. Да 17 ст. ўласнасць Кавячынскіх, якія на тэр. двара ў сярэдзіне 16 ст. пабудавалі кальвінскі збор (з 17 ст. касцёл і капліца-пахавальня). З 1590 мястэчка. У 17—19 ст. уласнасць Завішаў. З 1793 у складзе Рас. імперыі ў Ігуменскім пав Мінскай губ. У 1795 у К. 51 двор, у пач. 19 ст. 417 ж., 55 двароў, бровар, млын, кузня, медная ф-ка (1827). У 1-й пал. 19 ст. замест драўлянага пабудаваны мураваны сядзібны дом. У 2-й пал. 19 ст. ў К. жыў археолаг і этнограф Я.К.Завіша. У 1897 у вёсцы 817 ж., 118 двароў, царква, магазін. У 1972 у К. 742 ж., 239 двароў.
Пачатковая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
В.Шаблюк.
т. 9, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ПКІ,
горад, цэнтр Крупскага р-на Мінскай вобл., на р. Бобр. За 121 км ад Мінска, 6 км ад чыг. ст. Крупкі, на аўтадарозе Мінск—Масква. 8,7 тыс. ж. (1998).
З сярэдзіны 16 ст. мястэчка ў Аршанскім пав. Віцебскага ваяв. ВКЛ, уласнасць Сангушкаў. З 1793 у Рас. імперыі, у Бобрскай вол. Сенненскага пав. Магілёўскай губ. У 1859 пабудаваны млын з сукнавальняй, у 1896 — Крупская фабрыка запалкавай саломкі, у 1900 — лесапільны з-д. У 1989—1593 ж., царква, пошта, царкоўнапрыходская школа, 24 крамы. З 1919 у Віцебскай губ., з 1923 у Аршанскім пав. З 1924 цэнтр Крупскага раёна. У 1933 заснаваны дрэваапр. арцель, ільнозавод, ветэрынарны тэхнікум. З 1938 у Мінскай вобл., з 27.9.1938 гар. пасёлак. З 1.7.1941 да 28.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут 1,8 тыс. чал. У 1977—5,5 тыс. ж. З 1991 горад.
Працуюць дрэваапр. камбінат, ільнозавод, пладова-агароднінны з-д. Брацкія магілы: партызан; сав. воінаў; сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Бюст лётчыка-касманаўта У.В.Кавалёнка. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (пач. 20 ст.).
т. 8, с. 487
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎДЗЕ́Й (Леанід Вікенцьевіч) (7.4.1929, г. Вілейка Мінскай вобл — 5.7.1977),
бел. хірург. Д-р мед. н. (1968), праф. (1970). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953). З 1959 працаваў у ім і адначасова з 1968 гал. хірург Мін-ва аховы здароўя Беларусі. Навук. працы па хірург. метадах лячэння хвароб гепатабіліярнай сістэмы і падстраўнікавай залозы, партальнай гіпертэнзіі і гастраэнтэралогіі, па экстракарпаральных метадах дэтаксікацыі ў хірургіі.
Тв.:
Клиника и хирургическое лечение холецистита. Мн., 1963.
т. 2, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛУ́ЖА,
вёска ў Беларусі, у Пухавіцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПдУ ад г. Мар’іна Горка, 78 км ад Мінска, 8 км ад чыг. ст. Талька, раз’езд на чыг. лініі Асіповічы—Мінск. 588 ж., 189 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Музей і магіла Героя Сав. Саюза М.П.Чэпіка. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.
т. 3, с. 196
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ГА (Святлана Фёдараўна) (н. 26.12.1937, г. Карукаўка Чарнігаўскай вобл., Украіна),
бел. вучоны-фітапатолаг. Д-р с.-г. н. (1988). Скончыла Ленінградскі с.-г. ін-т (1961). З 1968 на Мінскай доследнай станцыі, з 1971 у Бел. НДІ аховы раслін. Навук. працы па вывучэнні ўзбуджальнікаў хвароб збожжавых культур, выкарыстанні лек прэпаратаў, біял. метадаў аховы раслін, маніторынгу адчувальнасці папуляцый грыбоў — узбуджальнікаў хвароб да фунгіцыдаў.
Тв.:
Интегрированная система защиты ячменя от болезней. Мн., 1990.
т. 3, с. 304
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЬКО́ЎКА,
археалагічныя помнікі (гарадзішча, курганны могільнік) штрыхаванай керамікі культуры (7—6 ст. да н.э. — 4—5 ст.) каля в. Васількоўка Лагойскага р-на Мінскай вобл. На гарадзішчы, умацаваным 2 кальцавымі валамі і ровам паміж імі, выяўлены рэшткі жылых і гасп. пабудоў слупавой канструкцыі; сярод знаходак фрагменты гліняных пасудзін, прасліцы, жал. сярпы, шылы, абломкі каменнай сякеры і грузіка дзякоўскага тыпу. На могільніку пахавальны абрад — трупаспаленне; знойдзены невял. гаршчок конусападобнай формы.
т. 4, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ДЗЬМА, Вядзьмянка,
рака ў Беларусі, у Нясвіжскім р-не Мінскай вобл. і Ляхавіцкім р-не Брэсцкай вобл., левы прыток Шчары (бас. Нёмана). Даўж. 35 км. Пл. вадазбору 267 км². Пачынаецца каля в. Слабада Нясвіжскага р-на. Асн. прыток р. Шавялёўка.
Даліна невыразная. Пойма двухбаковая, у сярэднім цячэнні забалочаная, шыр. 300—700 м. На працягу 18,9 км рэчышча каналізаванае. У пойме меліярац. каналы, каля в. Кавалі Ляхавіцкага р-на сажалка.
т. 4, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́МАЎ (Уладзімір Уладзіміравіч) (12.6.1875, С.-Пецярбург — 1937 ?),
батанік, адзін з першых даследчыкаў расліннасці Беларусі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1899). У 1920—35 заг. аддзела Мінскай балотнай доследнай станцыі, секцыі Бел. аддз. Усесаюзнага Ін-та прыкладной батанікі; кіраўнік геабатанічнай экспедыцыі Наркамзема БССР. Заснавальнік Вялікалятчанскага батанічнага саду (каля Віцебска) і батанічнага саду БДУ. Асн. працы па сістэматыцы раслін, дэндралогіі, геабатаніцы.
Тв.:
Обзор растительности Белорусского Полесья. Мн., 1928 (разам з А.Д.Лазук).
т. 1, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)