РЭКУРЭ́НТНАЯ ФО́РМУЛА,

суадносіны, па якіх можна вылічваць любы член паслядоўнасці па зададзеных значэннях яе папярэдніх членаў. Напр.: an+1 = an + d — арыфметычная прагрэсія, an+1 = anq — геаметрычная прагрэсія. Калі Р.ф. лінейная, то паслядоўнасць, якая задавальняе яе, наз. рэкурэнтнай паслядоўнасцю і задача адшукання такіх паслядоўнасцей аналагічная рашэнню звычайных аднародных лінейных дыферэнцыяльных ураўненняў з пастаяннымі каэфіцыентамі.

т. 13, с. 573

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУФЛЁР (ад франц. souffler дзьмуць, падказваць),

работнік т-ра, які сочыць за ходам рэпетыцыі і спектакля па тэксце п’есы (суфлёрскі экзэмпляр) і пры неабходнасці падказвае акцёрам тэкст ролі (у муз. т-ры С. сочыць па клавіры). Знаходзіцца ў суфлёрскай будцы, размешчанай каля лініі заслоны (ці ў адной з бакавых куліс) і схаванай ад гледачоў.

т. 15, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРАХРУ́Д,

рака ў Афганістане. Даўж. 580 км, пл. бас. каля 33 тыс. км². Цячэ ў Сярэднеафганскіх гарах і па пустыннай раўніне Сістан, упадае ў сістэму бяссцёкавых азёр Хамун. Веснавое разводдзе, асеннія дажджавыя паводкі, летам у нізоўях перасыхае. Сярэдні расход вады па выхадзе з гор каля 30 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння Фарахскага аазіса.

т. 16, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́МАШ,

у акадскай (асіра-вавілонскай) рэлігіі і міфалогіі бог сонца, правасуддзя і прадказанняў. Паводле міфаў, Ш.-сонца раніцай падымаўся з-за гор, рабіў дзённы шлях па небе і вечарам зноў заходзіў за горы; ноччу ён падарожнічаў па падземным свеце, дзе даваў нябожчыкам святло, пітво і ежу. У шумерскай міфалогіі Ш. адпавядаў бог Уту.

т. 17, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУМЯ́НЦАЎ Мікалай Пятровіч (14.4.1754, С.-Пецярбург — 15.1.1826),

расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат, мецэнат. Граф. Канцлер (1809) з захаваннем пажыццёва гэтага звання. Сын П.​А.​Румянцава-Задунайскага. У 1781—95 на дыпламат. службе ў Германіі. З 1801 чл. Неадменнага Савета пры імператару Аляксандру I. Дырэктар водных камунікацый (1801—09), міністр камерцыі (1802—10), замежных спраў (1807—14), адначасова ў 1810—12 старшыня Дзярж. Савета. Да вайны 1812 праводзіў курс на збліжэнне з Францыяй. З 1814 у адстаўцы. Ганаровы чл. многіх акадэмій. Стварыў Румянцаўскі гурток; у 1811 па яго ініцыятыве засн. Камісія друкавання дзярж. грамат і дагавораў, якая выдала «Збор дзяржаўных грамат і дагавораў» (т. 1—4, 1813—28), дзе шмат дакументаў па гісторыі Беларусі. Удзельнік археаграфічных экспедыцый К.​Ф.​Калайдовіча і П.​М.​Строева (у т. л. па Беларусі), выявіў у замежных архівах дакументы па рас. гісторыі. На ўласныя сродкі выдаў больш за 40 кніг, пераважна па гісторыі Расіі і інш. слав. народаў, у т. л. «Беларускі архіў старажытных грамат». Удзельнічаў у арг-цыі першага рас. кругасветнага плавання І.​Ф.​Крузенштэрна і Ю.​Ф.​Лісянскага (1803—06), на ўласныя сродкі арганізаваў марскую экспедыцыю О.​Я.​Кацэбу (1815—18). Ганаровы чл. многіх навук. т-ваў, у т. л. Вольнага з 1802, і акадэмій, у т. л. Рас. АН з 1819. Яму належаў г. Гомель, дзе ў сваім палацы ён сабраў шмат кніг, рукапісаў, твораў мастацтва, нумізматычныя калекцыі, археал. і этнагр. матэрыялы; дбаў пра забудову і добраўпарадкаванне горада. У 1831 у Пецярбургу на аснове яго збораў адкрыты Румянцаўскі музей (у 1861 пераведзены ў Маскву). У 1862 у складзе музея засн. б-ка (з 1925 Б-ка СССР імя Леніна, з 1992 Расійская дзяржаўная бібліятэка).

Літ.:

Козлов В.П. Колумбы российских древностей. 2 изд. М., 1985.

А.​М.​Лукашэвіч.

М.П.Румянцаў.

т. 13, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАДЭ́МІЯ КІРАВА́ННЯ пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь,

дзяржаўная ўстанова па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў. Засн. ў 1991 у Мінску пры СМ Беларусі, з 1994 — пры Кабінеце Міністраў, з 1995 — пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У 1994/95 навуч. г. на базе вышэйшай адукацыі аддзяленні: павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў органаў дзярж. кіравання і мясц. Саветаў, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў галін нар. гаспадаркі, юрыдычнае; на базе сярэдняй, сярэдняй спец. і вышэйшай адукацыі ф-т падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне эканомікі, кіравання, міжнар. эканам. адносін, знешнеэканам. дзейнасці і права. У складзе Акадэміі працуюць н.-д. цэнтры па праблемах эканомікі, удасканалення кіравання, дзярж. кадравай палітыкі, службы ў дзярж. апараце, радыяцыйнай бяспекі, энергетыкі і радыеэкалагічнай адукацыі, а таксама Міжнар. цэнтр дзелавога супрацоўніцтва і падрыхтоўкі менеджэраў. Навучанне дзённае, вочна-завочнае, завочнае; платнае. З 1992 аспірантура і савет па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Дактарантура з 1993.

т. 1, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫЧАСЦІ́ЦА,

адна з аднолькавых па масе, часе жыцця, значэннях спіна і цотнасці элементарных часціц, якія маюць роўныя па модулі, але процілеглыя па знаку квантавыя лікі (зарады). Напр., электрон (e​−) і пазітрон (e​+) адрозніваюцца знакам эл. і лептоннага зарадаў і спіральнасці (палярызацыі); нейтрон (n) і антынейтрон (n_) — барыённага зараду і магн. моманту. У адпаведнасці з квантава-рэлятывісцкай прыродай элементарных часціц кожнай з іх адпавядае свая антычасціца, акрамя сапраўды нейтральных (не маюць ніякіх зарадаў) фатона, π​0-мезона, ρ​0-мезона, η​0-мезона і j/ψ-часціцы. Характэрная асаблівасць пары часціца — антычасціца — здольнасць да анігіляцыі. Кожнаму працэсу эл.-магн. і моцнага ўзаемадзеянняў адпавядае аналагічны працэс, у якім усе часціцы заменены антычасціцамі, і наадварот. Эксперыментальна даказана існаванне антычасціц для ўсіх вядомых часціц. Зарэгістраваны найпрасцейшыя пасля антыпратона антыядры (антыдэйтрон, антытытрытый, антыгелій). Прынцыпова магчыма існаванне антыатамаў, антымалекул і наогул антырэчыва з антыпратонамі, антынейтронамі і пазітронамі.

А.​А.​Богуш.

т. 1, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛІО́-КЮРЫ (Joliot-Curie) Ірэн (12.9.1897, Парыж — 17.3.1956),

французскі фізік і радыяхімік, грамадскі дзеяч. Замежны чл.-кар. АН СССР (1947). Дачка П.Кюры і М.Складоўскай-Кюры. Скончыла Парыжскі ун-т (1920). З 1918 у Ін-це радыю (з 1934 дырэктар), адначасова ў Камісарыяце па атамнай энергіі. Навук. працы па радыеактыўнасці, ядз. фізіцы і радыяхіміі. Разам з мужам Ф.Жаліо-Кюры адкрыла штучную радыеактыўнасць, у т. л. пазітронную радыеактыўнасць (1934), анігіляцыю і нараджэнне электронна-пазітронных пар (1933), правяла даследаванні, якія папярэднічалі адкрыццю нейтрона (1931). Чл. Сусв. Савета Міру, выступала супраць выкарыстання ядз. энергіі ў ваен. мэтах. Нобелеўская прэмія па хіміі 1935 (разам з Ф.​Жаліо-Кюры).

Тв.:

Рус. пер. — Жолио-Кюри Ф. Избр. труды. Фредерик и Ирен Жолио-Кюри. Совместные труды. М., 1957.

Літ.:

Кедров Ф. Ирен и Фредерик Жолио-Кюри. 2 изд. М., 1975;

Кудрявцев П.С. Курс истории физики. 2 изд. М., 1982. С. 413-416.

І.Жаліо-Кюры.

т. 6, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАС-СПЕКТРО́МЕТР,

прылада для раздзялення з дапамогай эл. і магн. палёў пучкоў іанізаваных атамаў, малекул ці інш. часціц з рознымі адносінамі масы m часціцы да яе эл. зараду e. Распрацаваны амер. фізікам А.​Дэмпстэрам (1918) і ўдасканалены Ф.У.Астанам (1925).

Бывае статычны, дзе форма траекторыі часціцы ў пастаянных (у часе) палях залежыць ад m/e, і дынамічны, дзе велічыня m/e вызначаецца па перыядзе ваганняў часціцы ў пераменным эл. або магн. полі, па рэзанансных частотах ці інш. спосабам. Рэгістрацыя часціц ажыццяўляецца эл. метадамі, напр., лічыльнікам іонных токаў, а таксама з дапамогай прыстаўкі з фотапласцінкамі (мас-спектрограф; распрацаваны Ф.​У.​Астанам у 1919). Па атрыманым мас-спектры вызначаюцца маса і канцэнтрацыя кампанентаў у даследуемым рэчыве. Выкарыстоўваецца ў эксперым. фізіцы, касм. даследаваннях, хіміі, біялогіі, геалогіі, ядз. тэхніцы і інш.

Схема мас-спектрометра Дэмпстэра: 1, 4 — дыяфрагмы; 2 — цыліндр Фарадэя; 3 — вакуумная камера; 5 — крыніца іонаў; R — радыус цэнтральнай арбіты іонаў.

т. 10, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ЙСКІ Мікалай Ільіч (28.2.1880, с. Кунашоўка Нежынскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна —28.7.1948),

савецкі паліт. і ваен. дзеяч. Вучыўся ў Дзямідаўскім юрыд. ліцэі (Яраслаўль, 1901—05). Чл. РСДРП з 1901, з 1903 бальшавік. Супрацоўнік бальшавіцкіх газет «Звезда» і «Правда» (1910—14). У 1917 кіраўнік ваен. арг-цыі пры ЦК і Петраградскім к-це РСДРП(б), старшыня Усерас. бюро франтавых і тылавых арг-цый пры ЦК. партыі. У Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 старшыня Петраградскага ВРК, кіраваў узяццем Зімняга палаца. З ліст. 1917 нарком ваен. спраў РСФСР, старшыня Усерас. калегіі па арг-цыі і кіраванні Чырв. Арміі. З сак. 1918 у кіруючым апараце Чырв. Арміі. У 1919 нарком па ваен. і марскіх справах Украіны. У 1919—23 кіраўнік Усевобуча. У 1924—35 на парт. і сав. рабоце, у т. л. чл. ЦКК партыі (1924—30). Працы па гісторыі Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны.

т. 11, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)