адзін з механізмаў кіравання і каардынацыі фізіял. працэсаў у чалавека і жывёл у зменлівых умовах асяроддзя. Ажыццяўляецца праз вадкія асяроддзі (тканкавая вадкасць, лімфа, кроў) здапамогай біялагічна актыўных рэчываў (неспецыфічныя метабаліты, гармоны, медыятары, пептыды, роставыя фактары, іоны і інш.). Прадукты абмену рэчываў уздзейнічаюць энда-, пара- або аўтакрынна на эфектарныя тканкі, канцы чуллівых нерваў (хемарэцэптары), нерв. цэнтры і выклікаюць гумаральным або рэфлекторным шляхам пэўныя рэакцыі арганізма. Гумаральная рэгуляцыя падпарадкавана нервовай рэгуляцыі і разам з ёй складае адзіную сістэму нейрагумаральнай рэгуляцыі, якая забяспечвае нармальнае функцыянаванне арганізма ў зменлівых умовах асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ГРАФ (ад астра... + ...граф),
астранамічная прылада для фатаграфавання нябесных аб’ектаў. Працуе па схеме рэфрактара, рэфлектара ці люстрана-лінзавага тэлескопа. Відарыс нябеснага свяціла або часткі неба здапамогай аб’ектыва фіксуецца на фотапласцінцы. Святласіла астрографа і маштаб відарысаў залежаць ад дыяметра і фокуснай адлегласці аб’ектыва. Вял. ўчасткі неба фатаграфуюць караткафокуснымі астрографами з фокуснай адлегласцю менш за 1 м. Для вызначэння зорных паралаксаў, даследавання падвойных зорак, уласнага руху зорак і інш. выкарыстоўваюць астрографы з фокуснай адлегласцю да 10—15 м. Зрушэнне трубы астрографа ўслед за сутачным вярчэннем нябеснай сферы пры фатаграфаванні забяспечваецца гадзіннікавым механізмам і кантралюецца назіральнікам або аўтам. сістэмай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТМАСФЕ́РА ПЛАНЕ́Т,
знешняя газавая абалонка планет Сонечнай сістэмы. Фарміраванне атмасферы планет звязана з эвалюцыяй планеты; структура, дынаміка і хім. састаў вызначаюцца месцазнаходжаннем планеты, яе масай і параметрамі руху. Сярод зямной групы планет атмасферу маюць Зямля, Венера, Марс; практычна пазбаўлены газавай абалонкі Меркурый, а таксама Месяц.
У атмасферы Зямлі асн. кампанентамі з’яўляюцца азот і кісларод, у атмасферах Венеры і Марса — вуглякіслы газ (95%). Планеты-гіганты маюць магутныя вадародна-геліевыя атмасферы з метанам і аміякам. Даследаванне структуры, саставу і дынамікі атмасферы планет праводзяць здапамогайкасм. апаратаў «Месяц», «Венера», «Марс», «Марынер», «Вікінг», «Вояджэр» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ДЫС (Balodis) Карл (20.6.1864, Білсцінёс, Латвія — 13.1.1931),
латышскі вучоны-эканаміст і статыстык. Вучыўся ў Дэрпцкім (Тартускім) ун-це (1884—87), у Германіі (1895—99). З 1905 праф. Берлінскага ун-та. Апублікаваў працы «Смяротнасць, узроставы склад і даўгавечнасць праваслаўнага народанасельніцтва абодвух полаў у Расіі за 1851—1890 гг.» (1897, разам з Л.Бесер), «Дзяржава будучага» (1898). У апошняй здапамогай статыстыкі імкнуўся даказаць магчымасць пабудовы сацыяліст. грамадства ў Германіі мірным (нерэвалюцыйным) шляхам. У 1-ю сусв. вайну саветнік ваен.мін-ва Германіі, па заданні якога распрацаваў сістэму харч. картак. У 1919 вярнуўся ў Латвію, праф. Рыжскага ун-та.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕР (Meer) Сімон ван дэр (н. 24.11.1925, г. Гаага, Нідэрланды),
галандскі фізік і інжынер. Чл.-кар. Каралеўскай Нідэрл.АН (1984). Замежны чл.Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1984). Скончыў Тэхнал.ун-т у Дэлфце (1952). З 1952 у н.-д. лабараторыі фірмы «Філіпс», у 1956—90 у Еўрапейскім цэнтры ядз. даследаванняў у Жэневе. Навук. працы па фізіцы паскаральнікаў і электронных мікраскопах. Прапанаваў метад стахастычнага ахаладжэння антыпратонаў, здапамогай якога былі адкрытыя прамежкавыя вектарныя базоны, якія з’яўляюцца пераносчыкамі слабых узаемадзеянняў (1983). Нобелеўская прэмія 1984 (разам з К.Рубія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ДЫІ (Mytilus),
род двухстворкавых малюскаў. Вядомы з алігацэну (трыяс, каля 230 млн. гадоў назад). 3 віды. Пашыраны ў морах умераных паясоў, пераважна на мелкаводдзі. У Паўн. паўшар’і найб. трапляецца ядомая М. (M. edulis), якая ўтварае паселішчы — мідыевыя банкі. Прымацоўваецца да субстрату здапамогай выдзяленняў бісусавай залозы. Кампанент абрастання падводных ч. збудаванняў і суднаў.
Ракавіна даўж. да 25 см, клінападобна-авальная. Фільтратары; праз мантыйную поласць за суткі праходзіць да 70 л вады, неабходнай для дыхання і паступлення корму (пераважна планктон, дэтрыт). Раздзельнаполыя, развіццё з ператварэннем. Аб’ект промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́ЛЬНАЕ СЯЧЭ́ННЕ,
лінія перасячэння паверхні плоскасцю, праведзенай праз нармаль да гэтай паверхні. На аснове Н.с. вывучаюць скрыўленне паверхні ў розных датычных напрамках, якія выходзяць з зададзенага пункта.
Сярод напрамкаў, што праходзяць праз зададзены пункт, ёсць 2 узаемна перпендыкулярныя гал. напрамкі, дзе нармальная крывізна (крывізна адпаведнага Н.с.) дасягае найб. і найменшага значэнняў k1 і k2. Крывізну k любога іншага Н.с. вызначаюць здапамогай формулы Эйлера:
, дзе φ — вугал паміж плоскасцямі зададзенага Н.с. і гал. напрамку з крывізной k1. Гл. таксама Паверхняў тэорыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́НЕЧНЫ ВОДАНАГРАВА́ЛЬНІК,
разнавіднасць геліяўстаноўкі, якая выкарыстоўваецца для нагрэву вады. Звычайна выконваецца па тыпу тэрмаізаляванай «гарачай скрыні» для душавых, пральняў і інш.Т-ра нагрэву 50—60 °C.
Паверхня С.в., якая абпраменьваецца сонечнай радыяцыяй, арыентуецца на Пд і ўстанаўліваецца пад вуглом 25—35° да гарызонту. Цёплая вада падымаецца ўверх і назапашваецца ў расходным баку, халодная паступае ў ніжнюю частку катла. Плоскі або трубчасты кацёл устанаўліваюць у зашклёную зверху «скрыню». С.в. бываюць з натуральнай і прымусовай (здапамогай помпаў) цыркуляцыяй, часам з прыстасаваннямі для змены вугла нахілу ў залежнасці ад пары года.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЫШ (Frisch) Рагнар Антон Кітыль (3.3.1895, Осла — 31.1.1973),
нарвежскі эканаміст. Чл. Нарвежскай АН, ганаровы чл.Нац.АН ЗША, Вялікабрытаніі, Швецыі і інш. Скончыў ун-т у Осла (1919). У 1926—65 выкладчык, з 1931 дырэктар Ін-та эканомікі ун-та ў Осла. У 1930 выкладаў у Іельскім ун-це, у 1933 у Сарбоне. Распрацаваў дынамічную мадэль эканам. цыкла, сістэму нац. рахункаў, мадэлі прыняцця рашэння для эканам. планавання, увёў тэрмін «эканаметрыка» (выкарыстанне матэматыкі ў эканам. тэорыі і даследаваннях).
Навук. працы па аналізу стат. канфлюэнцыі здапамогай поўных рэгрэсіўных сістэм, тэорыі вытв-сці і інш. Нобелеўская прэмія 1969 (з Я.Тынбергенам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРО́ННЫ МІКРАСКО́П,
вакуумная электронна-аптычная прылада для атрымання павялічанага відарыса аб’екта, у якой замест светлавых прамянёў выкарыстоўваюцца пучкі электронаў, паскораных да высокіх энергій. Прынцып дзеяння Э.м. заснаваны на законах электроннай і іоннай оптыкі. Па раздзяляльнай здольнасці (да 0,1 нм) пераўзыходзіць аптычны мікраскоп у некалькі тысяч разоў, што дазваляе вывучаць атамную і малекулярную структуру даследуемых аб’ектаў. Паводле характару даследаванняў аб’ектаў адрозніваюць прасвечвальныя, адбівальныя, растравыя, эмісійныя, ценявыя і люстраныя Э.м.
У прасвечвальных Э.м. відарыс аб’екта ствараецца здапамогайэлектронных лінзаў электронамі, якія прайшлі праз даследаваны аб’ект. У адбівальных — рассеянымі (адбітымі) электронамі. У растравых электронны пучок факусіруецца лінзамі ў тонкі прамень-зонд, які сканіруе паверхню аб’екта. Такімі мікраскопамі даследуюцца празрыстыя і непразрыстыя (для электронаў) аб’екты, відарыс якіх звычайна назіраецца на экране электронна-прамянёвай трубкі. У эмісійных Э.м. аб’ект сам за кошт награвання, асвятлення, бамбардзіроўкі яго электронамі ці іонамі і інш. выпрамяняе электроны, якія паскараюцца і праходзяць праз лінзы. У ценявых Э.м. электронныя лінзы ствараюць электронны зонд, які на аддаленым ад аб’екта экране ці на фотапласцінцы стварае ценявы відарыс. Здапамогайлюстраных Э.м. вызначаюць размеркаванне эл. патэнцыялу паблізу паверхні даследуемага ўзору (электроны адбіваюцца ад эквіпатэнцыяльнай паверхні, якая ўтварылася перад узорам). Э.м. выкарыстоўваюцца ў навук. даследаваннях, у тэхнал. мэтах, напр., для вырабу мікрасхем метадам электроналітаграфіі, а таксама для кантролю ў розных галінах мікраэлектронікі, паўправадніковай тэхнікі і інш.