ФЕДЭРА́ЛЬНАЕ БЮРО́ РАССЛЕ́ДАВАННЯЎ (англ. Federal Bureau of Investigation, скарочана FBI; ФБР),

ведамства ЗША для расследавання парушэнняў федэральных законаў і забеспячэння дзярж. бяспекі. Засн. ў 1908 як Бюро расследаванняў, з 1.7.1935 сучасная назва. Падпарадкоўваецца федэральнаму міністру юстыцыі, узначальваецца дырэктарам (у 1924—72 Дж.​Э.​Гувер). Займаецца расследаваннем парушэнняў федэральнага крымін. заканадаўства, вядзе барацьбу з дзейнасцю замежных разведак і тэрарызмам, забяспечвае ахову прэзідэнта ЗША, крыміналагічную экспертызу рэчавых доказаў і вядзенне баз даных па злачынствах і злачынцах для інш. праваахоўных органаў. Штаб-кватэра ў Вашынгтоне.

Я.​У.​Новікаў.

т. 16, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛО́РЫ (Flory) Пол Джон (19.6.1910, г. Стэрлінг, штат Ілінойс, ЗША — 8.9.1985),

амерыканскі фізіка-хімік, адзін з заснавальнікаў тэорыі полікандэнсацыі Чл. Нац. АН ЗША (з 1953). Скончыў Манчэстэрскі каледж (1931). З 1948 праф. Корнелскага ун-та, у 1956—61 навук. кіраўнік Меланаўскага ін-та, з 1962 праф. Станфардскага ун-та. Навук. працы па фізіцы палімераў, стат. механіцы макрамалекул. На аснове яго работ створаны метады вызначэння будовы і ўласцівасцей макрамалекул з вымярэнняў вязкасці, седыментацыі і дыфузіі. Нобелеўская прэмія 1974.

Тв.:

Рус. пер. — Статистическая механика цепных молекул. М., 1971.

т. 16, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОРД (Ford) Генры (30.7.1863, г. Дырбарн, ЗША — 7.4.1947),

амерыканскі вынаходнік і прамысловец, адзін з заснавальнікаў аўтамаб. прам-сці ЗША. У 1892—93 стварыў першы аўтамабіль з 4-тактным рухавіком (марка «Форд»), у 1903 заснаваў аўтамаб. кампанію «Форд мотар» (адна з найбуйнейшых у свеце). На сваіх з-дах шырока ўкараніў сістэму паточна-масавай вытв-сці (фардызм). Свае ўяўленні аб арганізацыі працы і вытв-сці выклаў у творах «Маё жыццё і праца» (1922), «Сёння і заўтра» (1926), «Рух наперад» (1930).

Тв.:

Рус. пер. — Моя жизнь, мои достижения. Сегодня и завтра. Мн., 2003.

т. 16, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОЎЛ (Foale) Майкл (н. 6.1.1957, Лоўф, Вялікабрытанія),

касманаўт ЗША. Д-р навук у галіне фізікі. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1982). З 1983 у Касм. цэнтры імя Л.​Джонсана (ЗША). З 1987 у групе касманаўтаў НАСА. Здзейсніў 5 палётаў у складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 24.3—2.4.1992 — на КК «Атлантыс», 9—17.4.1993 і 2—11.2.1995 на КК «Дыскаверы», 15.5—3.10.1997 — на КК «Атлантыс» і арбітальнай станцыі «Мір» (пасадка на КК «Атлантыс»), 20—28.12.1999 — на КК «Дыскаверы». У космасе правёў 178,99 сут. 5 медалёў НАСА «За касмічны палёт».

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 16, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕ́РШЫ (Heishey) Алфрэд Дэй (4.12.1908, г. Авоса, ЗША — 1997),

амерыканскі вучоны ў галіне генетыкі і вірусалогіі. Чл. Нац. АН ЗША (1958), чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Скончыў Мічыганскі ун-т (1930). Д-р філасофіі (1934). З 1934 у Вашынгтонскім ун-це, з 1950 у Ін-це Карнегі (з 1962 дырэктар). Навук. працы па вывучэнні механізмаў перадачы генет. інфармацыі ў фагаў. Даказаў магчымасць рэкамбінацыі ў бактэрыяфагаў і гал. ролю нуклеінавай к-ты ў віруснай інфекцыі. Нобелеўская прэмія 1969 (з М.Дэльбрукам і С.Лурыя).

В.​Ф.​Ермакоў.

А.Д.Хершы.

т. 17, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́ЛІ (Schally) Эндру Віктар (н. 30.11.1926, Вільня),

амерыканскі вучоны ў галіне біяхіміі. Скончыў Лонданскі ун-т (1950) і ун-т Мак-Гіла (1955, Канада). З 1950 у Лонданскім Нац. ін-це мед. даследаванняў. З 1957 ва ун-це Бейлара (г. Х’юстан, ЗША). З 1962 у шпіталі Адміністрацыі ветэранаў (г. Новы Арлеан, ЗША), з 1967 праф. Новаарлеанскага ун-та. Навук. працы па выяўленні і вывучэнні хім. будовы, біял. актыўнасці, сінтэзе і выкарыстанні ў клініцы гіпаталамічных рылізінг-гармонаў. Нобелеўская прэмія 1977 (з Р.Ш.Л.Гіймэнам.і Р.С.Ялаў).

В.​Ф.​Ермакоў.

Э.В.Шалі.

т. 17, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТАТ (ад англ. state дзяржава),

1) самакіравальная адм.-тэр. адзінка ў шэрагу федэратыўных дзяржаў (ЗША, Мексіка, Бразілія, Індыя, Нігерыя і інш.). Прававое становішча Ш., аб’ём кампетэнцыі яго органаў улады, узаемаадносіны з цэнтр. урадам вызначаюцца федэральнай канстытуцыяй. У некат. краінах (ЗША, Мексіка) Ш. маюць уласныя канстытуцыі. Узначальвае Ш. выбраны або прызначаны губернатар, паўнамоцтвы якога ў пэўнай ступені аналагічныя кампетэнцыі кіраўніка дзяржавы. Ш. маюць уласныя заканад. органы і суд. сістэму. Ш. не з’яўляецца суверэннай дзяржавай.

2) Пастаянны склад супрацоўнікаў якога-н. суб’екта гаспадарання, установы (т.зв. штатны расклад).

т. 17, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТЭРН (Stem) Ота (17.2.1888, Зораў, Германія — 17.8.1969),

нямецкі і амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1945). Скончыў ун-т у г. Брэслаў (цяпер Вроцлаў, Польшча). З 1933 у ЗША. Праф. тэхнал. ін-та ў Пітсбургу (з 1933) і Каліфарнійскага ун-та ў Берклі (з 1946). Навук. працы па малекулярнай, атамнай і ядз. фізіцы, квантавай тэорыі. Упершыню вызначыў скорасць малекул газу (1920; дослед Ш.). Даказаў наяўнасць магн. моманту ў атамаў (з ням. фізікам В.​Герлахам; гл. Штэрна—Герлаха дослед). Вызначыў магн. момант пратона (з ням. фізікам Р.​Фрышам). Нобелеўская прэмія 1943.

т. 17, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́РЫ (Erie),

возера ў Паўн. Амерыцы, у сістэме Вялікіх азёр; паўн. бераг належыць Канадзе, паўд. — ЗША. Пл. 25,7 тыс. км². Глыб. да 64 м. Выш. ўзроўню 174 м. У Э. ўпадае р. Дэтройт, выцякае р. Ніягара. Злучана р. Сент-Клэр з воз. Гурон, Ніягарай і каналам Уэленд (у абход Ніягарскага вадаспада) з воз. Антарыо; сістэма Эры-канала злучае Э. з р. Гудзон. Суднаходства. Гал. парты: Таліда, Кліўленд, Буфала, Эры (ЗША), Порт-Колбарн (Канада). На паўн. беразе нац. парк Пойнт-Пілі, правінцыяльны парк Ронда (Канада).

т. 18, кн. 1, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́РЫ (Urey) Гаральд Клейтан (29.4.1893, Уолкертан, штат Індыяна, ЗША — 6.1.1981),

амерыканскі фізікахімік. Чл. Нац. АН ЗША (з 1935). Скончыў Мантанскі ун-т (1917), дзе і працаваў з 1919. З 1921 у Каліфарнійскім ун-це (у Г.Н.Льюіса), таксама ва ун-тах Балтымара (1924—29), Калумбійскім (1929—45), Чыкагскім (1945—58), Каліфарнійскім (1958—70). Навук. працы па хіміі ізатопаў, геа- і касмахіміі, праблемах узнікнення жыцця. Адкрыў дэйтэрый (1932). Нобелеўская прэмія 1934.

Літ.:

Коган И.Б. Г.​К.​Юри // Журн. Всесоюз. хим. о-ва им. Д.​И.​Менделеева. 1975. Т. 20, № 6.

т. 18, кн. 1, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)