МО́ХАЎ (Дзмітрый Максімавіч) (н. 27.7.1943, с. Масляніна Новасібірскай вобл., Расія),

бел. архітэктар, тэатр. мастак. Вучыўся ў БПІ (1961—64). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1968). З 1965 на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1970 у Спец. навук.-рэстаўрацыйных майстэрнях, з 1973 мастак-архітэктар Мінскага маст.-вытв. камбіната, у 1983—96 гал. мастак Т-ра-студыі кінаакцёра. З 1985 выкладае ў Бел. ун-це культуры і Бел. АМ. Мастак-пастаноўшчык фільмаў «Горад майстроў» (1964), «Альпійская балада» (1965), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1967), «Я, Францыск Скарына...» (1970). Аўтар праектаў рэстаўрацыі Слуцкай брамы ў Нясвіжы, вял. залы Жыліцкага палаца (Магілёўская вобл.) і інш.; рэканструкцыі інтэр’ера Нац. бібліятэкі Беларусі (усе 1973), ратушы і прылеглых будынкаў у Віцебску (1995). Аформіў больш за 200 спектакляў у муз. і драм. т-рах Расіі, Прыбалтыкі, Сярэдняй Азіі і Каўказа. Сярод спектакляў, аформленых на бел. сцэне: у Нац. акад. т-ры оперы і балета — «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага (1985) і «Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі (1992); у Т-ры-студыі кінаакцёра — «Шчасце маё...» А.​Чарвінскага (1983), «Гамлет» У.​Шэкспіра (1987), «Генералы ў спадніцах» Ж.​Ануя (1989); у Гомельскім — «Зойчына кватэра» М.​Булгакава (1990), у Гродзенскім — «Уладзімір і Рагнеда» А.​Дударава (1998) абл. драм. т-рах; у Т-ры юнага гледача — «Маленькі лорд» Ф.​Бернета (1998). Для арганізацыі сцэн. прасторы выкарыстоўвае трансфармацыю сцэн. канструкцый, дэтальную распрацоўку павільёна, жывапіс, светлавую партытуру і ўвасабляе адухоўлены і паэт. вобраз рэжысёрскай задумы.

С.​У.​Пешын.

Дз.Мохаў. Макет дэкарацыі да спектакля «Генералы ў спадніцах» Ж.​Ануя. 1989.

т. 10, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГНО́З НАДВО́Р’Я,

навукова абгрунтаванае прадбачанне і разлік будучага стану надвор ’я. Складаюцца на падставе аналізу развіцця буйнамаштабных атм. працэсаў. Адрозніваюць П.н. кароткатэрміновыя (ад некалькіх гадзін да 1—2 сут), доўгатэрміновыя малой заўчаснасці (3—10 сут) і доўгатэрміновыя вял. заўчаснасці (на месяц, сезон). П.н. папярэднічае назіранне (пры дапамозе метэаралагічных станцый, радыёзондаў, радыёлакатараў, метэаралагічных ракет, ШСЗ і інш.), збор і аналіз стану надвор’я. Падставай для распрацоўкі кароткатэрміновых прагнозаў з’яўляецца аналіз сінаптычных карт або выкарыстанне лічбавых метадаў П.н., якія дазваляюць рашаць ураўненні атм. гідрадынамікі і тэрмадынамікі пры дапамозе ЭВМ. Аналіз гэтых матэрыялаў дае магчымасць выявіць раёны развіцця цыклонаў і антыцыклонаў, паветраных мас рознага паходжання, франтоў атмасферных, вызначыць іх эвалюцыю, напрамак і хуткасць перамяшчэння, тэрмадынамічныя ўласцівасці паветраных мас і іх магчымыя змены. У доўгатэрміновых П.н. выкарыстоўваюць розныя стат. сувязі паміж мінулым і будучым развіццём атм. працэсаў і станам надвор’я. П.н. складаецца па пункце (горад, аэрадром), маршруце (авіяц. траса, марскі шлях) і тэрыторыі (краіна, вобласць, раён). П.н. бываюць агульнага карыстання (для насельніцтва) і спецыялізаваныя (авіяц., аграметэаралагічныя, марскія і інш.). У агульных даюцца звесткі пра прагназіруемыя метэаралагічныя элементы (т-ра, вецер, воблачнасць, ападкі) і небяспечныя з’явы надвор’я (бура, град, галалёд, шквалы і інш.). Спецыялізаваныя прызначаны для розных галін гаспадаркі і складаюцца ў адпаведнасці з іх патрабаваннямі. З П.н. цесна звязаны гідралагічны прагноз. На Беларусі рэгулярнае складанне П.н. на суткі вядзецца з 1931, на 3—6 сут — з 1946, спецыялізаваных — з 1948. П.н. для краіны, абласцей, Мінска і абл. цэнтраў складае аддзел метэапрагнозаў Рэспубліканскага гідраметэаралагічнага цэнтра.

т. 12, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКАНСТРУ́КЦЫЯ ў архітэктуры,

1) карэнная перабудова населенага пункта, абнаўленне горада (яго планіроўкі, забудовы і добраўпарадкавання), выкліканыя сац.-эканам., сан.-гігіенічнымі і арх.-маст. патрабаваннямі. У Зах. Еўропе Р. вядомы з эпохі Адраджэння. На Беларусі першыя Р. гарадоў зроблены ў 16 — пач. 17 ст. на аснове рэгулярных планаў пад уплывам горадабуд. ідэй Адраджэння (Нясвіж, Слуцк Мінскай, Быхаў Магілёўскай абл.). У канцы 18—19 ст. Р. вялася з вырашэннем задач землекарыстання, арх.-планіровачнай будовы паводле дакладнай рэгулярнай схемы адпаведна горадабуд. прынцыпам стылю класіцызму, забудовы цэнтр. раёнаў гарадоў на новай рацыянальнай аснове. З 2-й пал. 20 ст. Р. прадугледжваецца генпланамі развіцця гарадоў, ажыццяўляецца на аснове дасягненняў навукі і тэхнікі.

2) Аднаўленне першапачатковага аблічча па рэштках, выяўл. матэрыялах ці апісаннях помніка (Р. помніка архітэктуры, горадабуд. ансамбля, твора скульптуры ці дэкар.-прыкладнога мастацтва). Таксама Р. — гэта і праект такога аднаўлення (у выглядзе рысунка, чарцяжа, апісання), напр., Р. цэркваў Спаса-Ефрасіннеўскай у г. Полацк (П.​А.​Рапапорт), Барысаглебскай у Гродне (М.​М.​Варонін), Дабравешчанскай у Віцебску (Г.​А.​Лаўрэцкі), замка ў г.п. Мір Карэліцкага р-на (В.​В.​Калнін), гіст. ч. Мінска — Верхняга горада (С.​Г.​Багласаў), шэрагу драўляных замкаў, палацаў, сядзіб (Ю.​А.​Якімовіч) і інш. Навук., глыбока аргументаваная Р. помніка можа быць важным матэрыялам яго наступнай рэстаўрацыі. У адрозненне ад рэстаўрацыі Р. не абавязкова прадугледжвае практычнае аднаўленне помніка.

3) Перабудова будынка з мэтай паляпшэння яго функцыянавання ці выкарыстання ў новым прызначэнні.

Т.​В.​Габрусь.

т. 13, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАБО́ДКА,

вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., паміж азёрамі Поцех, Недрава і Ільмёнак, на аўтадарозе Браслаў—Друя. Цэнтр сельсавета. За 9 км на ПнУ ад г. Браслаў, 220 км ад Віцебска, 21 км ад чыг. ст. Друя. 860 ж., 387 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, абл. псіхіятрычная і ўчастковая бальніцы, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Лабараторыя азёразнаўства БДУ, турысцкая база нац. парку Браслаўскія азёры, летнія базы адпачынку. Помнік архітэктуры — Слабодкаўскі касцёл Сэрца Ісуса. Каля вёскі 2 гарадзішчы днепра-дзвінскай культуры.

У гіст. крыніцах вядома таксама пад назвамі Слабада, Слабодка Заверская, Быхаўка, Юзафова. Упершыню ўпамінаецца ў 1618 як паселішча Друйскага двара. У інвентары Браслаўскага староства за 1649 згадваецца як мяст. Слабада. У 18—19 ст. адносілася да маёнтка Завер’е, што належала Мірскім. У 1806 С.​Мірскі фундаваў буд-ва мураванага касцёла. У сярэдзіне 19 ст. С. — мястэчка, цэнтр воласці Новааляксандраўскага пав. Ковенскай губ., 303 ж., 27 двароў, валасное праўленне, пазыковая каса, касцёл. У 1865 адкрыта нар школа. 643 ж., 124 двары (1897). У 1-ю сусв. вайну побач з мястэчкам пабудавана вузкакалейка, якая ў 1920—60-я г дзейнічала як пасажырская лінія. Летам 1919 С. была адным з цэнтраў антыбальшавіцкага паўстання «зялёных». З 1920 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Браслаўскага пав. Віленскага ваяв. У 1931 у С. 848 ж., 146 двароў, чыг. станцыя, школа, пошта, аптэка, карчма, крамы. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Браслаўскім р-не.

К.​С.​Шыдлоўскі.

т. 14, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШЫ З’ЕЗД КП(б)Б [VI Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б)]. Адбыўся 30—31.12.1918 у Смаленску. Прысутнічалі 175 дэлегатаў з рашаючым і 31 з дарадчым голасам

(паводле інш. звестак адпаведна 162 і 25) ад 17771 камуніста парт. арг-цый Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Смаленскай губ., а таксама бел. парт. арг-цый Віленскай і Чарнігаўскай губ. Падрыхтоўка асн. дакументаў да канферэнцыі вялася ў ЦК РКП(б) і Нар. камісарыяце па справах нацыянальнасцей РСФСР пад кіраўніцтвам І.​В.​Сталіна. Актыўны ўдзел у гэтай рабоце прымалі супрацоўнікі Беларускага нацыянальнага камісарыята, Беларускіх секцый РКП(б) З.​Х.​Жылуновіч (Ц.​Гартны),

І.​В.​Лагун, А.​Р.​Чарвякоў і інш. Асноўнымі былі пытанні пра стварэнне Камуніст. партыі (бальшавікоў) Беларусі (гл. Камуністычная партыя Беларусі), бел. дзяржаўнасці і вызначэнне дзярж. межаў. Парадак дня: бягучы момант (А.​Ф.​Мяснікоў); даклады абл. к-та партыі (В.​Г.​Кнорын); аб становішчы на месцах (Мяснікоў); з месцаў ад раёнаў; арганізац. пытанні (Я.Ф. Пярно); выбары; бягучыя справы. Дэлегаты з’езда выказаліся за неабходнасць стварэння бел. сав. дзяржаўнасці. З’езд прыняў рэзалюцыю «Аб назве канферэнцыі»; канферэнцыя абвясціла сябе «I з’ездам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларускай Рэспублікі» і накіравала ў ЦК РКП(б) тэлеграму з просьбай зацвердзіць гэтае рашэнне. Адзначалася, што партыя трымае курс «на рэвалюцыю еўрапейскую, сусветную». З’езд выказаўся за канцэнтрацыю «ўсёй рэвалюцыйнай партыйнай улады ў руках яе камітэтаў. Ад гэтага — бязмежная ўлада, поўная дыктатура Цэнтральнага Камітэта ва ўсерасійскім маштабе і такая ж дыктатура на месцах абл. камітэтаў. Пры такой пастаноўцы Саветы з’яўляюцца органамі дзяржаўнай улады, выконваюць прадвызначэнні партыі, якія праводзяць у жыццё тактычную лінію партыі». У рэзалюцыі «Аб становішчы на месцах» выказвалася неабходнасць «рашучым чынам выкараняць усялякія недысцыплінаваныя паступкі ў радах партыі». Пры вырашэнні пытання пра бел. дзяржаўнасць з’езд выказаўся за абвяшчэнне былой Заходняй камуны «самастойнай Савецкай Рэспублікай Беларусі». На аснове прапаноў, распрацаваных Камісіяй (створана перад з’ездам), была прынята пастанова «Аб граніцах Беларусі». У ёй адзначалася, што асн. ядром Бел. Рэспублікі лічацца Мінская, Смаленская, Магілёўская, Віцебская і Гродзенская губ. з часткамі прылеглых да іх этнічных мясцовасцей суседніх губерняў, населеных пераважна беларусамі. У адпаведнасці з гэтым з’езд вызначыў адм.-тэр. падзел рэспублікі на 7 раёнаў — Мінскі, Смаленскі, Віцебскі, Магілёўскі, Гомельскі, Гродзенскі, Баранавіцкі, якія падзяляліся на 54 падраёны. Былі накіраваны тэлеграмы на адрас ЦК РКП(б) і СНК РСФСР з просьбай зацвердзіць рашэнні з’езда. З’езд прыняў «Палажэнне аб партыйных арганізацыях», у якім давалася схема арг-цый: ЦК КП(б)Б, райкомы (губпарткомы), падрайкомы (валасныя к-ты), ячэйкі (валасныя і сельскія). Быў прыняты зварот «Да рабочых, батракоў, сялян і салдат Чырвонай Арміі Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі» з заклікамі змагацца за ўмацаванне сав. улады і перамогу рэвалюцыі ва ўсім свеце. Выбраў ЦБ КП(б)Б у складзе 15 чл.: І.​Я.​Алібегаў, А.​А.​Андрэеў, Жылуновіч (Ц.​Гартны), С.​В.​Іваноў, М.​І.​Калмановіч, Кнорын (сакратар ЦБ), Лагун, Мяснікоў (старшыня), Р.​П.​Найдзёнкаў, Р.​В.​Пікель, Пярно, І.​І.​Рэйнгольд, У.​С.​Селязнёў, В.​З.​Собалеў, В.​І.​Яркін.

Літ.:

Пратакол 1-га з’езда Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. Мн., 1934;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. I. 1918—1927. Мн., 1983. С. 11—27.

В.​Ф.​Кушнер.

т. 12, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫГЕ́Я, Рэспубліка Адыгея,

у складзе Рас. Федэрацыі. Пл. 7,6 тыс. км². Нас. 426 тыс. чал. (1987), гарадскога 51%; адыгейцы, рускія, украінцы і інш. Сталіца — г. Майкоп.

Прырода. Адыгея размешчана ў паўн.-зах. ч. Каўказа на левабярэжжы рэк Кубань і Лаба; паўн. ч. — на Прыкубанскай раўніне, парэзанай далінамі рэк і лагчынамі, паўд. ч. — на перадгор’ях і схілах В.​Каўказа (выш. да 3238 м, г. Чугуш). Ёсць прыродны газ, буд. матэрыялы, мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны, цёплы. Сярэдняя т-ра студз. каля -2 °C, ліп. 22 °C. Ападкаў каля 700 мм за год. Безмарозны перыяд 180 дзён. Рэкі бас. Кубані (Лаба, Белая, Пшыш, Псекупс). Вадасховішчы: Краснадарскае, Шапсугскае, Акцябрскае і інш. На б. ч. тэр. — чарназёмы, пашыраны каштанавыя глебы, у гарах — шэрыя і бурыя лясныя. Шыракалістыя лясы перадгор’яў займаюць ​2/5 тэрыторыі, у гарах піхта, елка, хвоя. Водзяцца зубр, серна, каўказскі алень, казуля, дзік, буры мядзведзь, выдра, барсук, ліс і інш. У Адыгеі асн. ч. Каўказскага запаведніка.

Гісторыя. Звесткі пра стараж. чалавека на тэр. Адыгеі адносяць да палеаліту. Продкі адыгаў згадваюцца ў пісьмовых крыніцах з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. З 4 ст. н.э. адыгі апрача жывёлагадоўлі і земляробства займаліся ганчарствам, кавальствам, ювелірным і інш. рамёствамі, падтрымлівалі гандлёвыя сувязі з народамі Каўказа, Крыма, з Іранам і Візантыяй, з генуэзскімі гарадамі-калоніямі, што існавалі да 15 ст. на марскім узбярэжжы Адыгеі. Прыблізна з 13 ст. з зах.-адыгейскіх плямёнаў пачала складвацца адыгейская народнасць. У 13 ст. Адыгея заваявана Залатой Ардой. З 16 ст. на землі Адыгеі спусташальныя набегі рабілі тур. султаны і крымскія ханы. Яны бралі вял. палон, насаджалі іслам, што прымусіла адыгейцаў шукаць абароны ў Расіі. У 1555—57 Адыгея далучана да Расіі. З крас. 1917 на тэр. Адыгеі пашыралася ўлада Кубанскай рады. У студз. 1918 абвешчана сав. ўлада, з мая тэр. Адыгеі ў складзе Кубана-Чарнаморскай сав. рэспублікі, з ліп. — Паўночна-Каўказскай савецкай рэспублікі. Восенню 1918 Адыгея занята войскамі Добраахвотніцкай арміі, кіравалася адміністрацыяй Дзянікіна ўрада. У сак. 1920 адноўлена сав. ўлада. 27.7.1922 утворана Чэркеская (Адыгейская) аўт. вобласць, 24 жн. перайменавана ў Адыгейскую (Чэркескую), з ліп. 1928 — у Адыгейскую аўт. вобласць; адм. ц. — г. Краснадар, з 1936 — г. Майкоп. З 1937 аўт. вобласць у складзе Краснадарскага краю. У 1991 абвешчана Рэспубліка Адыгея ў складзе Рас. Федэрацыі.

Гаспадарка. Вядучыя галіны прам-сці: харч. (кансервавая, маслабойная, мясная, цукр., эфіраалейная, чайная і інш.); машынабуд. (станкабудаванне); лясная і дрэваапр. (вытв-сць мэблі, цэлюлозы, кардону). Газаздабыўная прам-сць. Асн. прамысл. цэнтр — Майкоп. Пасевы збожжавых (пшаніца, кукуруза, рыс) і тэхнічных (сланечнік, цукр. буракі, тытунь) культур. Вырошчваюць агародніну, бахчавыя, бульбу, кармавыя культуры. Вінаградарства і пладаводства. У жывёлагадоўлі вядучае месца займае развядзенне буйн. раг. жывёлы. Птушкагадоўля. Пчалярства. Суднаходства па р. Кубань. Аўтамаб. траса Майкоп — Дагамыс. Зах. ч. перасякае чыгунка Краснадар—Новарасійск.

Культура. У 1992 у Адыгеі 204 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (21,6 тыс. дзяцей), 165 агульнаадук. школ (62,7 тыс. вучняў, больш за 5 тыс. настаўнікаў), 10 ПТВ (4,5 тыс. навучэнцаў), 6 сярэдніх спец. навуч. устаноў (7 тыс. навучэнцаў); Адыгейскі пед. ін-т (больш за 5 тыс. студэнтаў), 177 б-к. Гісторыка-краязнаўчы музей у Майкопе.

Выходзяць газеты «Адыгэ макъ» («Голас Адыга»), «Адыгейская правда» і інш.

Нар. паэзія адыгейцаў уключае паданні пра нартаў, гераічныя, ваенна-гіст. песні, песні-галашэнні, калыханкі, паляўнічыя, працоўныя, лірычныя, вясельныя і інш. Развіццё адыгейскай л-ры звязана са стварэннем у 1918 пісьменства і друку на адыгейскай мове. Першыя поспехі звязаны з імёнамі І.​Цэя, М.​Паранука, А.​Хаткова, Т.​Керашава. У 1930-я г. зроблены першыя запісы песень нар. ашуга Цуга Тэўчэжа і створаных ім паэм. У пасляваенны час плённа працавалі А.​Еўтых, А.​Гадагатль, Ю.​Тлюстэн, Дж.​Джагупаў, І.​Машбаш, Х.​Ашынаў і інш. Развіццю адыгейскай л-ры ў 1970—90-я г. спрыяла творчасць М.​Тхаркаха, Е.​Мамія, К.​Кумпілава, Н.​Куека, П.​Кашубаева, Т.​Чамокава і інш.

Найб. стараж. помнікі на тэр. Адыгеі (дальмены, наскальныя выявы, залатыя і сярэбраныя пасудзіны і фігуркі т.зв. майкопскай культуры) адносяцца да мезаліту і бронзавага веку. Да ранняга жал. веку належаць ювелірныя вырабы «звярынага стылю», кераміка, рэшткі абарончых і культавых збудаванняў. З даўніх часоў пашырана прыкладное мастацтва (залатое шыццё, разьба па дрэве і камені, лямцавыя дываны і інш.). У 1950 у Майкопе створана абл. маст.-вытв. майстэрні Краснадарскага аддз. маст. фонду Расіі.

Музыка адыгейцаў мае шэраг самабытных адметных рысаў. У яе аснове дыятанічныя лады, 2-дольная метрыка, у архаічных жанрах — нерэгулярна пераменная метрыка, мноства трыёляў, сінкопаў і інш. Сярод песенных жанраў працоўныя і абрадавыя песні. Танцы: зафак, ісламей, зыгатлат, удж-турыту, удж-хурай, зекакаш. Сярод інструментаў: флейта камыль, гармонік пшынэ, драўляная трашчотка пхачыч, струнна-смычковы апепшын. Найб. вядомыя кампазітары: У.​Тхабісімаў, А.​Нехай, Г.​Самогава, М.​Бесіджаў, Г.​Чыч, Дж.​Натха, Ч. і В.​Анзарокавы. У Адыгеі працуюць (1988): Ансамбль нар. танца (Майкоп), філармонія, муз.-пед. ф-т Адыгейскага пед. ін-та, вучылішча мастацтваў, муз. школы.

Вытокі тэатр. мастацтва Адыгеі ў стараж. нар. эпасе, жартоўных сцэнках, якія ўваходзілі ў бытавыя, святочныя і працоўныя абрады. Першы нац. тэатр. калектыў — Адыгейскі абл. калгасна-саўгасны тэатр (1936). У 1941 у Майкопе створаны абл. драм. т-р імя А.​С.​Пушкіна (рус. і адыгейская трупы). У рэпертуары п’есы нац., рус., замежных драматургаў.

т. 1, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПА́ТАВА (Вольга Міхайлаўна) (н. 1.1.1945, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1967). З 1965 у Гродзенскім гаркоме камсамола, на абл. студыі тэлебачання. У 1970—73 у газ. «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена». З 1985 гал. рэдактар літ.-драм. перадач Бел. тэлебачання, заг. аддзела, нам. гал. рэдактара час. «Спадчына». У 1991—96 рэдактар штотыднёвіка «Культура», з 1998 нам. старшыні Саюза бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1956. Паэзія (зб-кі «Раніца», 1969, «Ліпеньскія навальніцы», 1973, «Парасткі», 1976) шматгранная — ад пейзажнай і любоўнай лірыкі да публіцыст. вырашэння складаных праблем гіст. лёсу роднага народа. У апавяданнях і аповесцях (кн. «Вецер над стромай», 1977) «Дваццаць хвілін з Немезідай», 1981, «Перакат», 1984) узняты складаныя маральна-этычныя праблемы, пытанні сувязі моладзі з роднай зямлёй, пошуку месца ў жыцці. Распрацоўвае гіст. тэматыку: аповесць «Прадыслава» (1971; прысвечана Ефрасінні Полацкай), «За морам Хвалынскім» (1989, пра падарожжа і трагічны лёс палачаніна Алексы), «Чорная княгіня» (1989; пра трагедыю княгіні Лізаветы Астрожскай). Гіст. постаці Полацкага княства 11—13 ст., ВКЛ у 16 ст., Беларусі ў 19 ст. адлюстраваны ў аповесці «Агонь у жылах крэменю» (1989), апавяданнях («Набег», «Мара», «Святаслава», «Расанка», «Давыд Гарадзенскі», «Гайна і Мікаш», «Ваўкалакам абярнуся»). У рамане «Залатая жрыца Ашвінаў» (1997) рэстаўрыравала далёкую старонку бел. міфалагічнай мінуўшчыны — індаеўрап. карані беларусаў. Аўтар балад, нарысаў, п’ес, паэм, кніг вершаў для дзяцей. Выступае як крытык, публіцыст, перакладчык.

Тв.:

Паміж Масквой і Варшавай. Мн., 1996.

Літ.:

Бечик В. Обретение высоты // Неман. 1981. № 3;

Савік Л. Спасціжэнне чалавечнасці // Полымя. 1983. № 6;

Быкаў В. Праўдай адзінай. Мн., 1984.

І.У. Саламевіч.

В.М.Іпатава.

т. 7, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з канца ліп. 1941 да чэрвеня 1944 у г. Магілёў. Існавалі групы ў ваен. шпіталі (стваральнік Р.​Дз.​Казлоў) на чыг. вузле (кіраўнікі П.​І.​Бялько, А.​В.​Гарошка, П.​В.​Дракаў, В.​М.​Жывапісцава, І.​С.​Малашкевіч, В.​І.​Пудзін, Г.​С.​Трактатава), аўтарамонтным з-дзе (В.​І.​Батура, М.​І.​Харкевіч), ф-цы штучнага шоўку, у «Рыбзбыце» (В.​П.​Станкевіч), абл. бальніцы (М.​П.​Куўшынаў), на хлебазаводзе (М.​М.​Яўціхіеў), камсам.-маладзёжная група (І.​М.​Лысіковіч), група б. ваеннаслужачых (І.​Г.​Гурыеў, П.​А.​Пяхоцін, В.​Дз.​Швагрынаў), групы А.​І.​Шубадзёрава, М.​К.​Гвоздаравай, П.​І.​Крысевіча, В.​І.​Лусто, М.​Я.​Новікава, У.​П.​Шалюты і інш. Да студз. 1941 існавалі 42 падп. групы (больш за 250 чал.). Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю, боепрыпасы, медыкаменты, здабывалі звесткі разведкі для партызан, праводзілі дыверсіі на чыгунцы, прадпрыемствах горада, выратоўвалі моладзь ад вывазу ў Германію. У крас. 1942 па ініцыятыве Казлова для кіраўніцтва падполлем створаны «Камітэт садзеяння Чырвонай Арміі» (кіраўнікі Гарошка, Крысевіч, Куўшынаў, Лысіковіч, С.​М.​Шакура, Шалюта), які арганізаваў выданне газ. «За Родину», з восені 1942 — «За Советскую Родину». У выніку масавых аблаў гітлераўцы знішчылі кіруючы склад «Камітэта», загубілі 188 падпольшчыкаў. 3 сак. 1943 з дапамогай Магілёўскага райкома КП(б)Б створаны падп. групы ў паравозным дэпо, на трубаліцейным з-дзе, у ням. сталоўках, складах, дапаможных гаспадарках. Падпольшчыкі правялі шэраг буйных дыверсій, збіралі для партызан прадукты, тытунь, соль, зброю.

Літ.:

Подвиги их бессмертны. Мн., 1978. С. 246.

Б.​П.​Гардзееў.

т. 9, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РХЕЛЬ (Таццяна Рыгораўна) (н. 19.1.1939, в. Шпакоўшчына Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1984). Скончыла Бел. театр.-маст. ін-т (1963). З 1963 у Гродзенскім, з 1967 у Магілёўскім абл. драм. т-рах, з 1970 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа, з 1987 у Т-ры-студыі кінаакцёра, з 1994 у Рэсп. т-ры бел. драматургіі. Характарная актрыса. Створаныя М. вобразы вылучаюцца лірызмам, дакладнасцю псіхалагічнага малюнка, пранікненнем у сутнасць нац. характару, мілагучнай мовай. Найб. значныя ролі: у т-ры імя Я.​Коласа — Маці і Ганна («Сымон-музыка» і «На дарозе жыцця» паводле Я.​Коласа), Вольга Усцінаўна («Снежныя зімы» паводле І.​Шамякіна), Бажашуткава («Амністыя» М.​Матукоўскага), Ганна («Вечар» А.​Дударава), Іхметава («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.​Дастаеўскага), пані Проціч («Доктар філасофіі» Б.​Нушыча); у Т-ры-студыі кінаакцёра — Батлейшчыца («Дзіця з Віфлеема» М.​Пінігіна паводле бел. нар. песень, запісаных М.); у т-ры бел. драматургіі — Магрэта («Паваліўся нехта» паводле У.​Галубка і Л.​Родзевіча), герцагіня Йоркская і Ведзьма («Рычард III» і «Макбет» У.​Шэкспіра), Гіра («Узлёт Артура VI, які можна было спыніць» Б.​Брэхта), Мірчуткіна («Шампань-скага!» паводле жартаў А.​Чэхава «Сватаўство», «Юбілей») і інш. Першая выканаўца партыі жаночага голасу ў 3-й сімфоніі «Белая вежа» А.​Янчанкі, а таксама бел. нар. песень у спектаклі «Сымон-музыка», тэлеспектаклі «Новая зямля», кінафільме «Людзі на балоце» і інш. Пранікнёнасць гучання голасу, свабодная імправізацыйная манера блізкія да народна-песеннай выканальніцкай традыцыі. Здымаецца ў кіно («Подых навальніцы», «Трэцяга не дадзена», «Кантрольная па спецыяльнасці», «Радаўніца», «Плач перапёлкі», «Маці Урагану», «Яўдоха» і інш.).

А.​В.​Скорабагатчанка.

Т.Р.Мархель.

т. 10, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСНІКО́Ў (Аляксандр Фёдаравіч) (сапр. Мяснікян, парт. і літ. псеўд. Ал.Мартуні, Бальшавік; 9.2.1886, г. Растоў-на-Доне, Расія — 22.3.1925),

рэвалюцыянер, сав. парт. і дзярж. дзеяч, адзін з кіраўнікоў устанаўлення сав. улады ў Беларусі. Скончыў Маскоўскі ун-т (1911). У рэв. руху з 1904, чл. РСДРП з 1906. З 1914 у арміі на Зах. фронце. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Мінску, чл. бальшавіцкай фракцыі выканкома Зах. фронту, чл. Мінскага Савета, Мінскага к-та РСДРП(б). Адзін з заснавальнікаў і рэдактараў газ. «Звязда» (са жн. 1917). Дэп. Устаноўчага сходу па Мінскай акрузе. З вер. 1917 старшыня Паўн.-Зах. к-та РСДРП(б). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 чл. ВРК, у ліст. 1917 галоўнакамандуючы Зах. фронту, у снеж. — в.а. Вярх. галоўнакамандуючага. З ліст. 1917 нарком ваен. аддзела, са студз. 1918 старшыня Аблвыкамзаха. Пасля акупацыі Беларусі герм. войскамі ўзначальваў Паўн.-Зах. абл. к-т РКП(б) у Смаленску. У маі—ліп. 1918 камандуючы Паволжскім фронтам, У Часовым рабоча-сялянскім урадзе БССР (з 1.1.1919) быў наркомам па ваен. справах, нам. старшыні СНК, старшынёй ЦВК. Летам 1920 нач. палітупраўлення Зах. фронту. З восені 1920 ваен. арганізатар, сакратар Маскоўскага к-та РКЛ(б), з 1921 старшыня СНК і нарком па ваен. справах Арм. ССР, з 1922 старшыня Саюзнага Савета ЗСФСР, потым 1-ы сакратар Закаўказскага крайкома РКП(б). Чл. ЦБ КП(б)Б у 1919, чл. Прэзідыума ЦК КП(б)ЛіБ у 1919—20. Чл. РВС СССР, чл. Прэзідыума ЦВК СССР у 1923—25. Аўтар артыкулаў па пытаннях марксісцкай тэорыі, гісторыі рэв. руху, арм. л-ры. Загінуў у авіяц. катастрофе.

І.​П.​Хаўратовіч.

А.Ф.Мяснікоў.

т. 11, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)