МАРША́ЛАВЫ АСТРАВЫ́ (Marshall Islands), Рэспубліка Маршалавы Астравы (Republic of the Marshall Islands),

дзяржава на аднайм. астравах у Ціхім ак., на Пн ад экватара. Пл. 181 км². Hac. 63 тыс. чал. (1999). Афіц. мовы — маршальская і англійская. Сталіца — г. Маджура (Далап-Уліга-Дарыт) на аднайм. атоле. Падзяляецца на 25 раёнаў. Нац. свята — Дзень Канстытуцыі (1 мая).

Дзяржаўны лад. М.А. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Пытанні абароны і знешняй палітыкі належаць да прэрагатывы ЗША. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам са свайго складу на 4 гады. Заканад. ўлада ў лакальных справах належыць парламенту (33 дэпутаты), што выбіраецца насельніцтвам на 4 гады.

Прырода. Налічваецца 34 атолы, якія аб’ядноўваюць 1150 дробных нізінных каралавых астраўкоў і рыфаў; падзяляюцца на 2 групы — Ралік (на З, 18 атолаў), Радак (на У, 16 атолаў). Астравы працягнуліся з Пн на Пд і з З на У на 1500 км, раскіданы ў цэнтр. частцы Ціхага ак. на пл. больш за 2 млн. км². Макс. вышыні не перавышаюць 5 м. У склад астравоў уваходзіць адзін з найб. атолаў у свеце — Кваджалейн (пл. сушы 16,4 км², пл. ўнутр. лагуны 1683 км²). Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры паветра 27—28 °C. На Пн выпадае 1500—2000 мм ападкаў (максімум у ліп.—ліст.), на Пд — да 4500 мм. На Пн бываюць засушлівыя перыяды, на Пд у ліп.—снеж. здараюцца трапічныя цыклоны. Рэк і ручаёў няма. Пераважае культурная расліннасць, гаі какосавых пальмаў. Берагі ўнутр. лагун атолаў акаймаваны мангравымі зараснікамі. Мора багатае рыбай, ракападобнымі, малюскамі.

Насельніцтва. Мікранезійцы-маршальцы складаюць 92%. Жывуць таксама амерыканцы, палінезійцы, кітайцы і інш. Вернікі пераважна пратэстанты (90%) і католікі. Сярэднегадавы прырост 3,8%. Сярэдняя шчыльн. 348 чал. на 1 км². Больш за палавіну насельніцтва засяроджана на в-ве Маджура (пл. 30 км²), дзе знаходзіцца адзіны г. Маджура (каля 30 тыс. ж.). Большасць насельніцтва занята сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам, абслугоўваннем замежных турыстаў.

Гісторыя. Першыя еўрапейцы з’явіліся на М.А. у 1529 (ісп. экспедыцыя А.​Сааведры), у 1788 даследаваны англічанінам Дж.​Маршалам (адсюль назва). У 1855 афіцыйна перададзены Іспаніі, якая пасля іспана-амерыканскай вайны 1898 прадала іх Германіі. У 1914 астравы акупіравала Японія, якая ў 1920 атрымала ад Лігі Нацый мандат на кіраванне імі. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ў 1945 ЗША. З 1947 паводле рашэння Савета Бяспекі ААН падапечныя тэр. ЗША (у складзе падапечнай тэр. Ціхаакіянскія астравы). З 1979 Рэспубліка М.А. З 1983 «свабодная асацыіраваная» з ЗША тэрыторыя. У 1986 спынена апекаванне ЗША, астравы атрымалі ўнутр. самакіраванне. З 1991 член ААН.

Гаспадарка. М.А. — слабаразвітая краіна. Валавы нац. прадукт на 1 чал. складае каля 1700 дол. за год. Насельніцтва займаецца пераважна сельскай гаспадаркай і рыбалоўствам. Асн. таварная культура — какосавая пальма. Копра з яе пладоў ідзе на продаж. Невял. таварнае значэнне мае вырошчванне агародніны, фруктаў (цытрусавых, папайі, манга, ананасаў), чорнага перцу. На свае патрэбы вырошчваюць маніёк, ямс, батат, бананы, тара, ароут, хлебнае дрэва. Развіты свіна- і птушкагадоўля. Рыбалоўства. Большасць прамысл. прадпрыемстваў занята перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Перапрацоўка копры, мылаварная ф-ка, вытв-сць алею з какосавых арэхаў. Ёсць рыбакансервавыя прадпрыемствы, лесапільні і верфі па буд-ве невял. суднаў і лодак. Невял. здабыча фасфарытаў на атоле Аілінглапалап. Вытв-сць электраэнергіі — 80 млн. кВт∙гадз. Развіты разнастайныя саматужныя промыслы, здабыча і апрацоўка каралаў, выраб сувеніраў. Большасць валютных паступленняў ад замежнага турызму. Турыстаў (пераважна з ЗША і Японіі) сюды прыцягваюць цёплае мора, каралавыя пляжы, экзатычнае мастацтва мясц. жыхароў. Транспарт пераважна марскі і авіяцыйны. На астравах 23 аэрадромы і пасадачныя пляцоўкі. Горад і порт Маджура звязаны рэгулярнымі авіярэйсамі з Гавайскімі а-вамі і в-ам Гуам. Штогадовы экспарт каля 20 млн. дол., імпарт — каля 70 млн. долараў. У экспарце пераважаюць какосавы алей, копра, рыбныя кансервы, каралы, у імпарце — разнастайныя прамысл. і харч. тавары, паліва. Гал. гандл. партнёры ЗША і Японія.

Дадатковай крыніцай даходу з’яўляецца рэгістрацыя гандл. суднаў замежных краін (з прычыны нізкіх падаткаў і выгаднага для суднаўладальнікаў заканадаўства), выпуск паштовых марак. М.А. атрымліваюць фін. дапамогу, а таксама плату за арэнду ваенных і навук. аб’ектаў, у т. л. станцыі назірання за запускам штучных спадарожнікаў і ракет, ад ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Маршалавых Астравоў.

т. 10, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД 1917, Першы Усебеларускі кангрэс,

першы ў гісторыі агульнанацыянальны прадстаўнічы форум бел. народа. Адбыўся 5—18(18—31)12.1917 у Мінску. Скліканы Вялікай беларускай радай (ВБР) і Беларускім абласным камітэтам (БАК) для вызначэння дзярж.-паліт. і нац.-культ. статусу Беларусі ва ўмовах паскоранага Кастрычніцкай рэвалюцыяй 1917 працэсу распаду Рас. дзяржавы і перад пагрозай страты зах. часткі Беларусі (акупіравана Германіяй у 1915) у выпадку ажыццяўлення ініцыіраванага бальшавікамі выхаду Расіі з 1-й сусв. вайны. У рабоце з’езда ўдзельнічалі 1872 дэлегаты, у т. л. 1167 з правам рашаючага і 705 з правам дарадчага голасу. Каля 2/3 дэлегатаў накіраваны цывільнымі арг-цыямі, больш за 1/3 — вайскоўцамі. Арганізац. кіраўніцтва з’ездам ажыццяўляў прэзідыум на чале з С.​А.​Рак-Міхайлоўскім [да 14(27).12.1917], потым з І.​М.​Серадой. Для аператыўнага разгляду паліт. пытанняў была сфарміравана Рада старэйшын з’езда (Рада з’езда) у складзе прэзідыума і прадстаўнікоў ад розных груп дэлегатаў (усяго каля 60 чал.). Пераважная большасць з’езда была захоплена сацыяліст. ідэяй (у тым або інш. варыянце), галасы асобных лібералаў патаналі ў хоры радыкалаў і сацыялістаў, а кансерватыўныя погляды практычна не выявіліся. З’езд разгледзеў шырокі спектр найважнейшых праблем жыцця тагачаснага бел. грамадства. Падыходы з’езда да эканам. і сац.-культ. праблем неслі на сабе адбітак сацыяліст. прыхільнасцей большасці дэлегатаў. У рэзалюцыях секцый і камісій гучала ідэя сац. справядлівасці, сцвярджалася неабходнасць забяспечыць роўнасць паміж індывідамі, групамі насельніцтва і цэлымі народамі. Прадугледжвалася арганізацыя нар. кантролю над вытворчасцю і гандлем, устанаўленне 8-гадзіннага рабочага дня ў прам-сці і сельскай гаспадарцы. Асн. прынцыпам агр. рэформы меркавалася бязвыплатная перадача ўсей зямлі ў рукі працоўнага сялянства. Прапаноўвалася ўвесці ўсеаг. бясплатную адукацыю, заснаваць Бел. ун-т, пашырыць сетку тэхн. навуч. устаноў. Адзначаючы немэтазгоднасць кардынальнай ломкі моўнай сітуацыі ў Беларусі, што вызначалася моцнымі пазіцыямі рус. мовы як афіцыйнай, дэлегаты выказваліся за спрыянне развіццю бел. літ. мовы і павышэнне яе грамадскага статусу. Гарантыю выканання сваіх пастаноў з’езд бачыў у неадкладнай арганізацыі бел. войска. На з’ездзе разгарнуліся вострыя дэбаты наконт выбару аптымальнай формы самавызначэння: прадстаўнікі ВБР прапаноўвалі абвясціць Беларусь раўнапраўнай рэспублікай у складзе агульнарас. федэрацыі народаў і краёў, а лідэры БАК лічылі такую прапанову занадта радыкальнай і небяспечнай. У выпрацаванай Радай з’езда кампраміснай формуле арганізацыі ўлады гаварылася: «Замацоўваючы сваё права на самавызначэнне, абвешчанае Расійскай рэвалюцыяй, і сцвярджаючы дэмакратычны рэспубліканскі лад у межах Беларускай зямлі, для выратавання роднага краю і засцярогі яго ад падзелу і адрыву ад Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі, 1-ы Усебеларускі з’езд пастанаўляе: неадкладна ўтварыць са складу з’езда орган краёвай улады ў асобе Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў, які часова становіцца на чале кіравання краем, уступаючы ў дзелавыя зносіны з цэнтральнай уладай, адказнай перад Саветам рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў». Гэта фармулёўка ўключала матыў Бел. рэспублікі, але наймення такога не ўтрымлівала і была аднагалосна ўхвалена дэлегатамі. Усебел. Савету сял., салдацкіх і рабочых дэпутатаў даручалася забяспечыць найхутчэйшае скліканне Бел. Устаноўчага сходу, каб канчаткова замацаваць легітымны характар самавызначэння Беларусі і стварыць пастаянныя органы ўлады. Сфармуляваная з’ездам канцэпцыя дэмакр. шляху да бел. дзяржаўнасці не адпавядала імкненням бальшавікоў Зах. фронту ўстанавіць сваю манаполію на ўладу ў Беларусі. Кансалідацыя з’езда азначала правал бальшавіцкай тактыкі на яго раскол. У выніку па загадзе Савета Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту з’езд у ноч на 18(31).12.1917 быў разагнаны ўзбр. салдатамі. Гэта сілавая акцыя абарвала найб. паўнавартасны шлях пабудовы бел. дзяржаўнасці, але не перапыніла працэс нац.-дзярж. самасцвярджэння беларусаў. Рада з’езда і сфарміраваны ёй 21.12.1917 (3.1.1918) Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда перайшлі на нелегальнае становішча. Пасля эвакуацыі з Мінска ў лют. 1918 бальшавікоў на аснове гэтых органаў былі ўтвораны паліт. структуры Беларускай Народнай Рэспублікі.

Літ.:

Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики: (На пути к провозглашению республики. Октябрь 1917—декабрь 1918 г.). Мн., 1975;

Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;

Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;

Езавітаў К. Першы Усебеларускі кангрэс // Бел. мінуўшчына. 1993. № 1;

Усебеларускі з’езд 1917 г.: сведчанне сучасніка // Бел. гіст. часоп. 1993. № 1—4;

Краўцоў М. Разгон (Успамін) // Спадчына. 1996. № 1;

А.Н. [Гарун А.]. Беларускі кангрэс: (Матэрыялы і дак.) // Роднае слова. 1997. № 8;

Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1, кн. 1. Вільня;

Нью-Ерк; Мн.;

Прага, 1998;

Рудовіч С. Час выбару: Прабл. самавызначэння Беларусі ў 1917 г. Мн., 2000;

Скалабан В. Усебеларускі з’езд 1917 г.: перспектывы вывучэння // Białoruskie zeszyty historyczne. Białystok. 2001. №15.

С.​С.​Рудовіч.

т. 16, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРА́РНЫЯ АДНО́СІНЫ,

вытворчыя адносіны ў сельскай гаспадарцы, абумоўленыя характарам уласнасці на зямлю. Гэта адносіны паміж класамі і сац. групамі на аснове пэўных формаў землеўладання і землекарыстання, а таксама паміж дзяржавай і землекарыстальнікамі (с.-г. прадпрыемствамі, фермерамі і інш.) у сувязі з умовамі арганізацыі вытв-сці, рэалізацыі прадукцыі і размеркавання атрыманага даходу.

Сутнасць аграрных адносін пры феадалізме вызначала поўная ўласнасць феадала на зямлю і няпоўная на прыгонных сялян, з якіх спаганялася высокая адработачная, натуральная ці грашовая зямельная рэнта. Пры гэтым сяляне заставаліся ў надзвычай цяжкіх умовах. Такія адносіны спараджалі антаганізм, сял. паўстанні, якія часам перарасталі ў сял. войны з мэтай пераўтварэння сістэмы землеўладання на больш справядлівай аснове. Пры капіталізме характар аграрных адносін абумоўлены захаваннем прыватнай уласнасці на зямлю. Селянін, атрымаўшы свабоду ад прыгону, фактычна заставаўся залежны ад землеўладальніка. Таму выкарыстанне наёмнай працы ў сельскай гаспадарцы спалучалася з феад. рэнтавымі адносінамі.

Пасля 2-й сусв. вайны аграрныя адносіны ў развітых капіталіст. краінах характарызуюцца дзярж. рэгуляваннем у агр. сектары. На аснове т.зв. «зялёных планаў» дзяржава аказвае цвёрдую матэр.-фін. падтрымку буйному землеўладанню, што вядзе да масавага разарэння дробных гаспадарак. Адначасова з узнікненнем буйных фермерскіх гаспадарак з’явіліся вял. землеўладанні карпарацый, якія каля 40% сваіх зямель здаюць у арэнду фермерам і прысвойваюць частку дзярж. субсідый. Тым не менш у гэтых краінах створаны спрыяльныя ўмовы для выкарыстання дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу ў сельскай гаспадарцы, забеспячэння яе высокай эфектыўнасці і вырашэння харч. праблемы ў краіне.

На Беларусі, як і ва ўсёй Расійскай імперыі, асноўнай супярэчнасцю ў аграрных адносінах была наяўнасць буйнога землеўладання, з аднаго боку, і мноства малазямельных сялян і парабкаў — з другога. Сялянскі рух разгортваўся фактычна за ўсталяванне «амерыканскага» шляху развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы — ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і феад. перажыткаў, у той час як царскія ўлады падтрымлівалі «прускі» шлях, ажыццяўляючы сталыпінскую аграрную рэформу.

Агр. праграма бальшавікоў прадугледжвала ліквідацыю прыватнай уласнасці на зямлю, перадачу зямлі сялянству і знішчэнне на гэтай аснове антаганізму ў аграрных адносінах. У перыяд грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі Сав. дзяржава, падтрымліваючы бядняцкія і серадняцкія слаі сялянства, вымушана праводзіла палітыку харчразвёрсткі, замененай у 1921 на харчпадатак. Пасля нацыяналізацыі зямлі, у выніку ліквідацыі памешчыцкага і абмежавання кулацкага землеўладання, зямельныя надзелы бядняцкіх і серадняцкіх гаспадарак былі істотна павялічаны. На гэтым этапе характар аграрных адносін вызначаўся фарміраваннем і развіццём сял. дробнатаварнай вытв-сці. Аднак з ажыццяўленнем калектывізацыі аграрныя адносіны прынцыпова змяніліся: заможныя гаспадары былі раскулачаны і сасланы, зямля перададзена калгасам і саўгасам. Сяляне, адчужаныя ад сродкаў вытв-сці і вынікаў сваёй працы, фактычна ператварыліся ў наёмных рабочых. Калектыўнымі гаспадаркамі кіравала дзяржава, якая хоць і дапамагала ім у матэрыяльна-тэхн. забеспячэнні, але пры гэтым значную частку іх даходаў накіроўвала на вырашэнне інш. сац.-эканам. праблем грамадства.

З пач. 1990-х г. у Рэспубліцы Беларусь заканадаўча дазволена арэнда зямлі, стварэнне фермерскіх гаспадарак, рэарганізацыя калгасаў, саўгасаў і інш. Сутнасць гэтых змен у тым, каб ператварыць сялян у паўнаўладных гаспадароў зямлі, стварыць у агр. сектары самастойных суб’ектаў рыначнай эканомікі. Для фарміравання стабільных, жыццядзейных аграрных адносін вырашаюцца таксама праблемы парытэту цэн на с.-г. і прамысл. прадукцыю, залучэнне замежных інвестыцый у агр. сектар, падатковых ільгот, субсідый і інш. формаў падтрымкі сельскай гаспадаркі, асабліва развіцця яе сац. сферы.

Л.​М.​Давыдзенка, У.​А.​Салановіч.

т. 1, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДНЯ́К»,

штомесячны літ.-маст. і грамадска-паліт. часопіс. Выдаваўся ў 1923—32 у Мінску на бел. мове. Рэдактары: М.​Кудзелька (М.​Чарот), А.​Ажгірэй (А.​Вольны), М.​Арэхва, У.​Ігнатоўскі, М.​Зарэцкі, М.​Адзінец, А.​Дудар, І.​Барашка, П.​Галавач, А.​Звонак, В.​Каваль, А.​Моркаўка, А.​Сянкевіч і інш.

На 1-м этапе (1923 — сярэдзіна 1926) часопіс арыентаваўся на масавую камсамольска-маладзёжную аўдыторыю, імкнуўся згуртаваць маладых пісьменнікаў і публіцыстаў, дзеячаў мастацтва і навукі вакол праграмы сацыяліст. буд-ва і развіцця бел. культуры. Друкаваў творы старэйшых пісьменнікаў (Ц.​Гартны, З.​Бядуля, А.​Гурло), маладнякоўцаў (М.​Чарот, К.​Чорны, А.​Дудар, А.​Вольны, А.​Александровіч, А.​Бабарэка, У.​Дубоўка, К.​Крапіва, Я.​Пушча, П.​Трус, А.​Якімовіч), пачынаючых аўтараў, селькораў і рабкораў. Упершыню апубл. верш Я.​Купалы «Арлянятам» (1923, № 1; 1924, № 2—3), алегарычную казку Я.​Коласа «Што яны страцілі» (1924, № 2—3). Змяшчаў выступленні А.​Чарвякова, М.​Галадзеда, даследаванні і навук.-папулярныя нарысы вучоных С.​Вальфсона, М.​Гарэцкага, Ю.​Дрэйзіна, Ігнатоўскага, М.​Каспяровіча, У.​Пічэты, С.​Скандракова, А.​Шлюбскага і інш. Дапускаў пралеткультаўскае проціпастаўленне «матываў грамадзянскай барацьбы, матываў рабочых, матываў гарадскіх» і «новых камсамольскіх матываў» («маладнякізму») традыцыям бел. дэмакратычнай л-ры («адраджанізму»). Фармальна прапагандаваў ідэйна-эстэт. праграму аднайменнай літ. арг-цыі — ажыццяўленне ў бел. л-ры «ідэй матэрыялізму, марксізма і ленінізма», па сутнасці развіваў нац.-адраджэнскую традыцыю ў л-ры. У арт. Бабарэкі «Вясну радзіла восень» (1925, № 7) абгрунтавана маладнякоўская канцэпцыя гісторыі бел. л-ры і яе тагачаснага стану.

Пасля выхаду ў маі 1926 з яго складу групы «Узвышша» «М.» аб’ядноўваў пісьменнікаў другога «маладнякоўскага прыліву» (З.​Бандарына, Барашка, Я.​Бобрык, П.​Броўка, А.​Вечар, Галавач, К.​Губарэвіч, І.​Гурскі, У.​Жылка, А.​Звонак, В.​Каваль, А.​Куляшоў, М.​Лынькоў, Ю.​Лявонны, Б.​Мікуліч, Моркаўка, М.​Нікановіч, А.​Салагуб, Я.​Скрыган, Ю.​Таўбін, Я.​Туміловіч, У.​Хадыка, М.​Хведаровіч, С.​Хурсік, Н.​Чарнушэвіч, С.​Шушкевіч). Кіруючую ролю ў «М.» захоўвалі М.​Чарот, А.​Дудар, Зарэцкі, якія ў канцы 1927 разам са старэйшымі пісьменнікамі стварылі аб’яднанне «Полымя». Часопіс адмовіўся ад ілюстрацый, увёў аддзелы паэзіі, прозы, крытыкі і публіцыстыкі, друкаваў пераклады. Аднак яго крытычны аддзел прэтэндаваў на манаполію ў вызначэнні паліт. і эстэт. лініі бел. л-ры і дапускаў вульгарна-сацыялагічныя ацэнкі ў асвятленні бягучага літ. працэсу, асабліва ў арт. Т.​Глыбоцкага (А.​Дудара). З сярэдзіны 1928 «М.» (пераважна ў крытыка-публіцыстычнай частцы) перайшоў на спрошчаную пазіцыю Расійскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. У арт. А.​Гародні, Галавача, Р.​Мурашкі, Барашкі, У.​Бухаркіна, С.​Васілёнка беспадстаўна абвінавачваліся бел. пісьменнікі і літ.-знаўцы, асабліва тыя, хто прымыкаў да «Узвышша» і «Полымя». З’яўляліся і аб’ектыўныя арт. Я.​Барычэўскага, П.​Бузука, Гарэцкага, А.​Некрашэвіча, М.​Піятуховіча і інш., вершы і паэмы Броўкі, Куляшова, В.​Маракова, Хадыкі, апавяданні, аповесці і раманы З.​Астапенкі, Галавача, Ц.​Гартнага, Мікуліча, Э.​Самуйлёнка, нарысы Скрыгана. У 1932 як орган Аргкамітэта Саюза пісьменнікаў БССР дубліраваў функцыі Час. «Полымя» і ў пэўнай ступені скампраметаваў сябе вульгарна-сацыялагічнай крытыкай (Л.​Бэцдэ, А.​Кучар і інш.).

Літ.:

Гілевіч Н.С. Акрыленая рэвалюцыяй: (Паэзія «Маладняка»). Мн., 1962;

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Яго ж. Адам Бабарэка: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1976;

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975.

У.​М.​Конан.

Вокладка часопіса «Маладняк». 1924.

т. 9, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГО́ЛЬСКІЯ ЗАВАЯВА́ННІ ў 13 ст.,

шэраг заваёўніцкіх войнаў і паходаў манголаў супраць народаў Азіі і Еўропы. Пачаліся пасля аб’яднання да 1206 Чынгісханам мангольскіх плямён і стварэння дзяржавы. У ходзе М.з. склалася Мангольская імперыя. Баяздольнасць манг. войска, размеркаванага на тумены (дзесяткі тысяч), цьмы (тысячы), сотні, дзесяткі, была абумоўлена жорсткай дысцыплінай, вял. манеўранасцю і мабільнасцю, выкарыстаннем ваен. і тэхн. дасягненняў захопленых краін і народаў, перадавой ваен. тактыкай, хітрасцю і інш. Гэта дазваляла манголам перамагаць нават намнога большыя сілы праціўніка, браць добра ўмацаваныя крэпасці і гарады (з тэхнікай аблогі гарадоў манголы пазнаёміліся ў Кітаі). У 1207—11 манголы падпарадкавалі народы Паўд. Сібіры і Усх. Туркестана. З 1211 пачалося заваяванне Кітая, у 1215 захоплены Пекін (Яньцзін). У канцы 1218 манг. войскі (каля 200 тыс. чал.) на чале з Чынгісханам уварваліся ў Сярэднюю Азію, у 1219—21 разбілі войскі харэзмшаха Мухамеда і яго сына Джэлал-ад-дзіна, захапілі і разбурылі большасць буйных гарадоў, у т. л. Харэзм, Хаджэнт, Мерв, Ургенч. У 1220 войска на чале з Джэбе і Субэдэем уварвалася ў Паўн. Іран, адтуль — у Закаўказзе і ў 1222 разбіла груз. войска. Потым манголы перайшлі Каўказскія горы і ўварваліся ў палавецкія стэпы. 31.5.1223 яны перамаглі войска рус. і палавецкіх князёў у бітве на р. Калка і ў 1224 вярнуліся ў Манголію. У 1226—27 знішчана тангуцкая дзяржава Сі-Ся. У час праўлення сына Чынгісхана Угедэя канчаткова заваяваны Паўн. Кітай і знішчана дзяржава чжурчжэняў (1234). У 1236 пачаўся вял. паход на Захад на чале з унукам Чынгісхана Батыем (Бату). Разграміўшы Балгарыю Волжска-Камскую, манг. войска ўварвалася ў паўн.-ўсх. Русь. 21.2.1237 яно захапіла Разань, у снеж.—лютым 1238 — б.ч. Уладзімірска-Суздальскай зямлі. 4.3.1238 у бітве на р. Сіць разгромлена аб’яднанае войска ўладзімірска-суздальскіх князёў, загінуў вял. князь Юрый Усеваладавіч. У 1240 Батый пачаў новы паход на Пд Русі і Захад. 6.12.1240 захоплены і разбураны Кіеў. У пач. 1241 манг. войска спустошыла Галіцка-Валынскія землі, пацярпелі і некаторыя гарады Палесся. Пачалася мангола-татарская няволя на Русі (пра манг. паходы на ПнЗ Русі і адносіны манголаў з ВКЛ гл. ў арт. Залатая Арда). У лют. 1241 манголы ўварваліся ў Польшчу, 3.3.1241 разбілі каля Кракава польск. войска на чале з Баляславам V, 9.4.1241 — апалчэнне ням. і польскіх князёў пры Лягніцы. аднак пасля гэтага яны пацярпелі паражэнне ад чэхаў 24.6.1241 у Оламаўцкай бітве 1241. Другое манг. войска ўварвалася ў Венгрыю, дзе 11.4.1241 у бітве пры Шаё разбіла войска караля Белы IV. У канцы 1241 пачаўся новы паход, спынены весткай пра смерць вял. хана Угедэя. М.з. аднавіліся ў час праўлення Мункэ. Яго брат Хулагу заваяваў у 1256 Іран, у 1258 захапіў Багдад і ліквідаваў халіфат Абасідаў, але быў спынены пасля паражэння 3.9.1260 пры Айн-Джалуце ад войск егіп. султана. У той жа час пачалося заваяванне Паўд. Кітая (скончана ў 1279). М.з. завяршыліся паходам 1300 у М’янму, аднак драпежніцкія паходы мангола-татар на Русь і інш. краіны працягваліся ў 14—15 ст. М.з. былі адной з вял. катастроф у гісторыі: загінула вял. колькасць людзей, былі знішчаны цэнтры стараж. цывілізацыі, што негатыўна паўплывала на далейшае развіццё народаў Азіі і Усх. Еўропы.

В.​У.​Адзярыха, Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 10, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́СКІЯ ШКО́ЛЫ ДО́ЙЛІДСТВА.

Сфарміраваліся ў 17—18 ст. у драўляным грамадз. і культавым дойлідстве Бел. Палесся, традыцыі школ развіваліся да пач. 20 ст. Вылучаліся самабытнымі канструкцыйнымі і маст. прыёмамі стварэння арх. формы. Адрозніваюць зах.-палескую і ўсх.-палескую (прыпяцкую) школы.

Зах.-палеская школа склалася ў межах сучаснай Брэсцкай вобл. паміж Брэстам і Пінскам. Нар. жыллё гэтага рэгіёна вылучаецца своеасаблівасцю канструкцыі, планіроўкі, арг-цыі двара, архітэктуры пабудоў. Зрубы жылых і гасп. пабудоў ставілі пераважна з брусоў і дыляў з рубкай вуглоў «у каню», «у просты замок» і без «астатку». У гасп. збудаваннях пашырана слупавая канструкцыя плеценых з лазы сцен. Шырока бытавалі стрэхі 4-схільныя і паўвальмавыя з прычолкамі, накрытыя саломай ці чаротам. Здаўна характэрна каркасная канструкцыя страхі на сохах, стаяках, козлах, пазней — на кроквах. Своеасаблівасць планіроўкі 3-камернага жылля заключалася ў тым, што жылы пакой сенцамі злучаўся часам не з клеццю, а з варыўнёй. Найб. пашыраны былі пагонныя двары. У культавым дойлідстве пераважалі храмы падоўжна-восевай кампазіцыі, дзе розныя па памерах і форме зрубы аб’ядноўвалі агульным пластычным гонтавым дахам (цэрквы ў вёсках Здзітава Бярозаўскага, Вавулічы Драгічынскага р-наў). Будавалі таксама цэрквы з невысокімі пірамідальнымі вярхамі, часам зрэзанымі ў верхняй частцы (Олтушская Спаса-Праабражэнская царква), храмы з вежамі-званіцамі на гал. фасадзе (царква ў в. Альба Івацэвіцкага р-на), крыжовыя з перавагай у кампазіцыі падоўжнай восі (у в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на). Пад уплывам стылю барока з’явіліся храмы падоўжна-восевай кампазіцыі з 2-вежавым гал. фасадам (Валавельская Юр’еўская царква) і базілікальныя (Опальская царква Параскевы Пятніцы). Асн. тыпы званіц — слупавыя (в. Ражкоўка Камянецкага р-на), каркасныя (в. Хмелева Жабінкаўскага р-на) і ярусныя зрубна-каркасныя (гл. Чэрская Міхайлаўская царква і званіца). Для школы характэрны сувязі з дойлідствам Украіны (Валынь, Букавіна), Літвы і Польшчы.

Усх.-палеская (прыпяцкая) школа склалася ў Прыпяцкім Палессі і верхнім Падняпроўі (у межах сучасных Гомельскай, У Брэсцкай і Пд Мінскай абласцей). Для гэтай тэрыторыі характэрны вянковыя, пагонныя, Г-падобныя двары і 2- і 3-камерныя хаты. Жыллё і гасп. пабудовы вылучаліся тэхнікай складання сцен з бярвёнаў (рубка вуглоў з «астаткам»; часам выступы-канцы бярвёнаў «астатку» счэсваліся на 6 граней), выкарыстаннем 2-схільных дранічных дахаў на зволаках. У паўд. частцы зоны сустракаюцца цэнтрычныя пабудовы жылога і гасп. прызначэння з вянковым пірамідальным перакрыццём. На ПдУ многія жылыя будынкі мелі квадратны план і вальмавы каркасны дах. У культавым дойлідстве разам з падоўжна-восевай кампазіцыяй храмаў пашыраны глыбінна-прасторавая і крыжова-цэнтрычная кампазіцыі з яруснымі вярхамі. На ранняй стадыі развіцця школы (17—1-я пал. 18 ст.) вярхі былі чацверыковыя пірамідальныя (Сінкевіцкая Георгіеўская царква), пад уплывам стылю барока расла колькасць заломаў (Слуцкая Міхайлаўская царква), вярхі станавіліся васьмерыковымі (Старабеліцкая Мікалаеўская царква). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. школай выпрацаваны арыгінальны прыём узмацнення кантрасту кампазіцыі цэнтр. храмавага аб’ёму ў выніку пастаноўкі паміж 2 васьмерыкамі чацверыка (Рубельская Міхайлаўская царква, Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква). Такі прыём характэрны і для званіц. Будавалі таксама ярусныя храмы глыбінна-прасторавай кампазіцыі са званіцамі на гал. фасадзе (Гомельская Ільінская царква). На раннім этапе відавочная сувязь школы з Бойкаўшчынай (Укр. Карпаты), на познім пэўны ўплыў зрабіла дойлідства Левабярэжнай Украіны.

Літ.:

Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978.

Ю.​А.​Якімовіч.

т. 11, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЯ ВАЙНА́ 1655—60,

вайна Швецыі і яе саюзнікаў (Брандэнбург і Трансільванія) супраць Рэчы Паспалітай, пазней таксама супраць Аўстрыі, Даніі, Брандэнбурга і Галандыі. Імкнучыся авалодаць пруска-літ. узбярэжжам Прыбалтыкі, якое належала Рэчы Паспалітай, шведскі кароль Карл X Густаў (гл. ў арт. Карл, імя каралёў Швецыі) у ліп. 1655 напаў на Польшчу. Вайна пачалася ва ўмовах вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. За паўгода шведы захапілі большую частку тэр. Польшчы і Жамойць (гэты перыяд вайны ў гістарыяграфіі Польшчы вядомы пад наз. «Патоп»). Кароль Ян II Казімір выехаў з краіны. Паражэнні Рэчы Паспалітай у войнах са Швецыяй і Расіяй падштурхнулі «сепаратысцкую» партыю ВКЛ на чале з Я.Радзівілам падпісаць Кейданскі дагавор 1655, паводле якога ВКЛ парывала дзярж. унію з Польшчай і заключала яе са Швецыяй. У студз. 1656 саюз са Швецыяй заключыў брандэнбургскі курфюрст і прускі герцаг Фрыдрых Вільгельм. Акупацыя Польшчы шведамі выклікала шырокае нар. супраціўленне і партыз. барацьбу, да якой далучылася і шляхта. Аднавіла ваен. дзеянні польская армія. Каронныя гетманы С.​Патоцкі і С.​Лянцкаронскі адступілі ад прысягі шведскаму каралю і арганізавалі канфедэрацыю ў Тышкоўцах, якая пасля вяртання Яна II Казіміра ператварылася ў генеральную канфедэрацыю. Нягледзячы на паражэнне польскіх войск пад камандаваннем С.​Чарнецкага пад Голамбам 17—18.2.1656, хутка настаў пералом. Гал. сілы Карла X Густава трапілі ў акружэнне ў сутоках рэк Сан і Вісла, а войска, што ішло яму на дапамогу, 7.4.1656 разбіта пад Варкай. 1 ліп. вызвалена Варшава. Пасля паражэння 8 кастр. арміі Фрыдрыха Вільгельма пад Просткамі шведскі кароль выступіў з праектам падзелу Рэчы Паспалітай паміж Швецыяй, Брандэнбургам, Трансільваніяй, укр. казакамі і Б.Радзівілам. Аднак пачынаючы з 1-й пал. 1657 шведаў сталі паступова выцясняць з Польшчы. На бок Рэчы Паспалітай стаў імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Леапольд I (май 1657) і перайшоў Фрыдрых Вільгельм (Вяляўска-Быдгашчцкія трактаты вер.—ліст. 1657). 11.6.1657 вайну Швецыі аб’явіў дацкі кароль Фрэдэрык III, які, аднак, пацярпеў паражэнні: шведы занялі Ютландыю і высадзіліся на дацкія астравы. Данія і Швецыя падпісалі мір (8.3.1658 у Раскіле), паводле якога Швецыя атрымала паўвостраў Сконе і інш. дацкія ўладанні ў Скандынавіі. У жн. 1658 Карл X Густаў парушыў мір і аблажыў Капенгаген. На дапамогу датчанам прыйшлі аўстрыйскія, брандэнбургскія, польскія (на чале з Чарнецкім) войскі і галандскі флот. Правал шведскага штурму Капенгагена ў лют. 1659 і канчатковае выгнанне шведаў з Польшчы вырашылі зыход вайны. Смерць Карла X Густава аблегчыла мірныя перагаворы, якія завяршыліся падпісаннем Аліўскага міру 1660 паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай і Капенгагенскага міру 1660 паміж Швецыяй і Даніяй. Швецыя захавала тэрытарыяльныя набыткі, прадугледжаныя Раскільскім дагаворам (за выключэннем некаторых пунктаў). Кароль польскі і вял. кн. літ. Ян II Казімір адмовіўся ад прэтэнзій на шведскі трон. Рэч Паспалітая прызнала шведскія заваяванні ў Інфлянтах на Пн ад Дзвіны; Курляндскае і Земгальскае княства і Інфлянцкае ваяв. засталіся ў Рэчы Паспалітай як сумеснае ўладанне Польшчы і ВКЛ.

Літ.:

Szełągowski A. Sprawa północna w wiekach XVI i XVII. Cz. 3. Warszawa, 1905;

Яго ж. Walka o Bałtyk. 2 wyd. Lwów, 1921;

Konopczyński W. Polska a Szwecja od pokoju oliwskiego do upadku Rzeczypospolitej 1660—1795. Warszawa, 1924;

Polska w okresie drugiej wojny północnej 1655—1660: Mapy i szkice. Warszawa, 1957;

Wojna polsko-szwedzka 1655—1660. Warszawa, 1973.

т. 12, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМІНА́РЫЯ (ад семінар),

агульнаадукацыйная навуч. ўстанова, што рыхтавала духавенства або настаўнікаў для пач. школ. Узнікненне духоўных С. звязана з Трыенцкім саборам (1545—63), на якім было вырашана арганізаваць шэраг спец. навуч. устаноў для падрыхтоўкі добраадукаваных асоб. Каталіцкія духоўныя С. звычайна адкрывалі мясц. біскупы. Выкладчыкамі ў іх былі прадстаўнікі якога-н. манаскага ордэна. На Беларусі першыя духоўныя С. засн. ў Вільні (1582) і Краславе (1755), належалі ордэну місіянераў, які да 1-й трэці 19 ст. кантраляваў С. ў Беластоку, Вільні, Заслаўі, Магілёве. Дамініканцам належала С. ў Мінску. Духоўныя С. існавалі таксама ў Брэсце і Нясвіжы. Пры Віленскім ун-це ў 1808—32 дзейнічала гал. духоўная С., якая рыхтавала біскупаў, прэлатаў і канонікаў каталіцкага і уніяцкага веравызнання. Яна мела праграму духоўнай акадэміі і была разлічана на 50 клірыкаў. Пасля задушэння паўстання 1830—31 большасць духоўных С. скасавана. У сярэдзіне 19 ст. каталіцкія духоўныя С. захаваліся ў Вільні, Мінску, Магілёве. Яны былі разлічаны на 20—50 клірыкаў; у іх выкладаліся: багаслоўе, царк. абрады, маральная, дагматычная, палемічная тэалогіі, кананічнае права, рыторыка, логіка, духоўнае красамоўства, свяшчэнная і айч. гісторыя, лац., франц., польск. і рус. мовы, нар. права, патрыстыка, фізіка, матэматыка, спевы, паліт. эканомія. З 1822 выкладчыкамі маглі быць толькі асобы, якія мелі дыпломы доктара ці магістра багаслоўя. Для паступлення ў С. патрэбен быў дазвол губернатара. У пач. 20 ст. каталіцкая духоўная С. захавалася толькі ў Вільні. Першая уніяцкая духоўная С. адкрыта ў 1746 у мяст. Свержань. На пач. 19 ст. яны дзейнічалі ў Лаўрышаве, Супраслі, Полацку, Жыровічах. Навуч. праграма была такая ж, як і ў каталіцкіх С. У 1820—30-я г. яны скасаваны ці ператвораны ў праваслаўныя. Права слаўныя духоўныя С. пачалі стварацца на Беларусі з 2-й пал. 18 ст. (у 1752 у Магілёве, у 1785 у Слуцку) і па сваёй праграме нагадвалі езуіцкія калегіумы. У адпаведнасці са статутам 1808 мелі 6 класаў і падпарадкоўваліся духоўным акадэміям. Іх праграма адпавядала 4 старэйшым класам гімназіі; выкладаліся: рус., грэч. і лац. мовы, эстэтыка, рыторыка, гісторыя, геаграфія, алгебра, геаметрыя, механіка, медыцына, логіка, метафізіка, мараль, багаслоўе, герменеўтыка, царк. абрады, сельская гаспадарка. Пасля заканчэння С. лепшыя выпускнікі працягвалі адукацыю ў акадэміях, астатнія выкладалі ў пав. і прыходскіх духоўных вучылішчах ці ішлі ў манастыры. Паводле рэформы 1867—69 С. сталі незалежнымі ад духоўных акадэмій, з навуч. праграмы выключаны сельская гаспадарка і медыцына, уведзена педагогіка; пры С. адкрыты нядзельныя школы. У 1884 прыняты новы статут духоўных С., паводле якога ў іх павінен быў выкладацца поўны курс класічнай гімназіі, а таксама псіхалогія, гісторыя філасофіі, сельская гаспадарка і медыцына. На пач. 20 ст. такія С. дзейнічалі ў Віцебску, Вільні, Мінску, Магілёве. У наш час у Жыровічах існуе праваслаўная духоўная С. (гл. Мінская вышэйшая духоўная семінарыя). У 19 ст., з пашырэннем ідэі І.​Г.​Песталоці аб сістэматычнай падрыхтоўцы настаўнікаў, пачалі масава адкрывацца настаўніцкія семінарыі (першапачаткова яны з’явіліся ў Францыі і Германіі ў канцы 17 ст.).

Літ.:

Бобровский П.О. Русская греко-униатская церковь в царствование императора Александра I. СПб., 1890;

Жукович П.Н. Об основании и устройстве главной духовной семинарии при Виленском университете (1803—1832 гг.). СПб., 1887;

Памятная книжка Виленского учебного округа на 1915 г. Вильна, 1915.

А.​Ф.​Самусік.

т. 14, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАЖЫТНАРУ́СКАЯ МО́ВА.

агульнаўсходнеславянская мова, агульная мова ўсходніх славян 10—14 ст. Сфарміравалася ў эпоху стварэння стараж.-рус. дзяржавы на базе дыялектаў усх.-слав. плямён, што вылучыліся ў выніку распаду праславянскай мовы. З яе вылучыліся старарус., стараўкр. мовы і старабеларуская мова, на аснове якіх сфарміраваліся 3 усх.-слав. роднасныя мовы: беларуская мова, руская мова і ўкраінская мова.

Перыяд моўнага адасаблення ўсх. славян адзначаны развіццём тых. моўных асаблівасцей, якія выразна акрэслівалі і выдзялялі ўсх. групу слав. племянных дыялектаў. Гэта першае поўнагалоссе: стараж.-рус. «борода» праслав. *borda, «голова» < *glova і інш. (параўн. балг. «брада», «глава»; польск. «broda», «głova»). Развіццё гукаў «ч’», «ж’» на месцы агульнаслав. спалучэнняў tj, dj або kt, gt перад галоснымі пярэдняга раду («свѣча» < *svetja, «межа» < *medja, «ночь» < *nokt і інш. (параўн. балг. «свеща», «межда», «нощ»; польск. swiecą, miedza, пос). З’яўленне гукаў «ў», «’а» як рэфлексаў агульнаслав. насавых галосных: «судъ» < *sądъ, «мꙗсо» < *męso (параўн. чэш. soud, maso, польск. *sąd, mięso). Усх.-слав. моўная зона адасаблялася таксама за кошт фарміравання ў той час спецыфічнай усх.слав. лексікі: «логъ», «семья»: «бѣпка», «собака», «утъка», «ковьръ», коврига», «лапътъ», «чара», «вира» і інш. Фанетычная сістэма С.м. характарызавалася дзеяннем закону адкрытага складу, наяўнасцю рэдукаваных гукаў «ь» і «ъ», дыфтангічнага гука «ё» (абазначаўся літарай і), няпоўным проціпастаўленнем звонкіх—глухіх, мяккіх—цвёрдых зычных, адсутнасцю гука «ф», дыялектнай варыянтнасцю гукаў «г» (выбухнога або фрыкатыўнага) і «в» (губна-губнога або губна-зубнога). У грамат. ладзе С.м. вызначалася мнагатыпнасцю іменнага скланення (у залежнасці ад тыпаў праслав. іменных асноў, напр.: «братъ — брата», «сынъ — сыну», «дьнь — дьне», «гость — гости»); наяўнасцю форм адз., мн. і парнага ліку, 4 формамі прошлага і 3 формамі будучага часу, поўнай парадыгмай форм загаднага ладу. С.м. ўласціва «дапасаванне паводле сэнсу» дзейніка і выказніка, шырокае ўжыванне беспрыназоўнікавых канструкцый, недастатковае развіццё злучнікавых сувязей у структуры складанага сказа. На працягу 12—13 ст. дыялектнае чляненне С.м. паглыбілася ў сувязі са значным аслабленнем цэнтралізаванай стараж.-рус. дзяржавы. У выніку агульнаўсх.-слав. працэсу падзення рэдукаваных узнікаюць новыя дыялектныя адрозненні, якія проціпастаўляюць паўн. і паўн.-ўсх. землі паўд. і паўд.-заходнім. Да 14 ст. адбылося паліт. і эканам. адасабленне зах. і паўд.-зах. зямель, якія ўвайшлі ў ВКЛ, паўн. і паўн.-ўсх. землі аб’ядналіся ў складзе Маскоўскай дзяржавы.

Пісьмовыя помнікі С.м. вядомы з сярэдзіны 11 ст. З 10 ст. дайшлі толькі асобныя надпісы на прадметах, а таксама дагаворы Русі з Візантыяй (захаваліся ў складзе «Аповесці мінулых гадоў» у спісе 14 ст.). Значную ролю ў станаўленні літ. С.м. адыграла стараславянская мова. Найб. адчувальны яе ўплыў на мову рэліг.-павучальных твораў («Сказанне пра Барыса і Глеба», «Жыціе Феадосія Пячэрскага», творы мітрапаліта Іларыёна, Кірылы Тураўскага). Мова «Слова аб паходзе Ігаравым», «Задоншчыны», «Малення Данііла Заточніка», летапісаў вызначаецца сінкрэтызмам стараслав. і стараж.-рус. моўных сістэм. Мова дзелавой пісьменнасці («Руская праўда», дагаворы і духоўныя граматы) у большай меры апіралася на нар.-размоўны варыянт С.м., які найб. выразна адлюстраваўся ў берасцяных граматах.

Літ.:

Обнорский С.П. Очерки по истории русского литературного языка старшего периода. М.; Л., 1946;

Филин Ф.П. Образование языка восточных славян. М., 1962;

Яго ж. Происхождение русского, украинского и белорусского языков. Л., 1972;

Ларин Б.А. Лекции по истории русского литературного языка (X — середина XVIII в.). М., 1975.

А.​І.​Яновіч.

т. 15, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІНАНСАВАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА.

Сістэму нарматыўных прававых актаў фін. заканадаўства складаюць Канстытуцыя, кодэксы і законы Рэспублікі Беларусь, указы і дэкрэты Прэзідэнта, пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, рэсп. органаў дзярж. кіравання, органаў мясц. кіравання і самакіравання. Яны рэгулююць грамадскія адносіны, якія складваюцца ў працэсе абарачэння, размеркавання і выкарыстання дзярж. грашовых сродкаў, г.зн. адносіны ў сферы бюджэту, падаткаў, фін. кантролю, дзярж. страхавання, грашовага абарачэння, разлікаў і валютнага рэгулявання.

Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь, прыняты 19.12.2002, устанаўлівае сістэму падаткаў, збораў (пошлін), якія паступаюць у бюджэт краіны, асн. прынцыпы падаткаабкладання, правы і абавязкі падаткаплацельшчыкаў і падатковых органаў, рэгулюе ўладныя адносіны па ўвядзенні, змяненні, спыненні дзеяння падаткаў, а таксама адносіны, што ўзнікаюць у працэсе выканання падатковага абавязацельства, ажыццяўлення падатковага кантролю, абскарджвання рашэнняў падатковых органаў і дзеянняў іх службовых асоб. Банкаўскі кодэкс Рэспублікі Беларусь, прыняты 25.10.2000, рэгулюе як фін., так і грамадз.-прававыя адносіны. Спец. нормы фін. права рэгулююць адносіны, звязаныя з ажыццяўленнем Нац. банкам Рэспублікі Беларусь і банкамі (і нябанкаўскімі крэдытна-фін. арг-цыямі) функцый фін. кантролю. Бюджэтныя адносіны рэгулююцца законамі Рэспублікі Беларусь «Аб бюджэтнай класіфікацыі» (5.5.1998), «Аб бюджэтнай сістэме Рэспублікі Беларусь і дзяржаўных пазабюджэтных фондах» (4.6.1993, у рэдакцыі ад 15.7.1998), «Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь» (прымаюцца штогод), падатковыя адносіны — законамі Рэспублікі Беларусь «Аб падатках на даходы і прыбытак» (22.12.1991), «Аб падатку за карыстанне прыроднымі рэсурсамі» (23.12.1991; экалагічны падатак), «Аб падатку на дабаўленую вартасць» (19.12.1991, у рэдакцыі ад 16.11.1999), «Аб падатку на нерухомасць» (23.12.1991), «Аб плацяжах за зямлю» (18.12.1991), «Аб падаходным падатку з фізічных асоб» (21.12.1991, у рэдакцыі ад 9.3.1999) і інш.; фін. адносіны — законамі Рэспублікі Беларусь «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі» (22.7.2003), «Аб знешнім дзяржаўным доўгу Рэспублікі Беларусь» (22.6.1998), «Аб унутраным дзяржаўным доўгу Рэспублікі Беларусь» (27.5 1993) і інш. У межах фін. заканадаўства дзейнічаюць дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб удасканаленні дзяржаўнага рэгулявання аўдытарскай дзейнасці» (12.2.2004), «Аб адзіным падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб і аб некаторых мерах па рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці» (27.1.2003); указы Прэзідэнта «Аб некаторых мерах па ўдасканаленні каардынацыі дзейнасці кантралюючых органаў Рэспублікі Беларусь і парадку прымянення імі эканамічных санкцый» (15.11.1999, у рэдакцыі ад 6.12.2001, ад 12.11.2003 і ад 25.5.2004), «Аб мерах па ўмацаванні ведамаснага кантролю ў Рэспубліцы Беларусь» (25.5.2000, у рэдакцыі ад 28.1.2002) і інш.

Фінансава-прававыя нормы ўтрымліваюць пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, якімі ўстанаўліваюцца стаўкі падаткаў і пошлін, рэгулююцца пытанні выпуску дзярж. каштоўных папер, вызначаецца прававое становішча органаў фін. кантролю. Да іх адносяцца «Палажэнне аб Міністэрстве па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь» (31.10.2001), «Аб стаўках акцызаў на падакцызныя тавары» (21.1.2003), «Аб зацвярджэнні асноўных умоў выпуску асобных дзяржаўных каштоўных папер Рэспублікі Беларусь» (13.2.2003). Нарматыўныя прававыя акты па пытаннях фін. адносін у межах сваёй кампетэнцыі прымаюць мін-вы фінансаў, па падатках і зборах, Нац. банк і інш. рэсп. органы дзярж. кіравання, а таксама абл., гар. і раённыя выканаўчыя камітэты, Саветы дэпутатаў і інш. органы мясц. кіравання і самакіравання. Самаст. часткай дзеючага на Беларусі фін. заканадаўства з’яўляюцца міжнар. дагаворы Рэспублікі Беларусь, якія змяшчаюць адпаведныя прававыя нормы.

Літ.:

Деньги, кредит, банки: Справ. пособие. Мн., 1994;

Иванов В.С. Основы права Республики Беларусь. Мн., 1995;

Правоведение: Справ. по курсу высш. шк. Ч. 2. Мн., 2000;

Налоги. Мн., 2000.

С.​К.​Лешчанка.

т. 18, кн. 2, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)