МЯРТВІ́ЦА,

рака ў Мсціслаўскім і Крычаўскім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Чорная Натапа (бас. р. Дняпро). Даўж. 24,5 км. Пл. вадазбору 106 км². Пачынаецца на зах. ускраіне в. Забалацце Мсціслаўскага р-на, вусце за 1 км на З ад в. Маляцічы Крычаўскага р-на. Рэчышча каналізаванае.

т. 11, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́КІП,

цвёрды, рыхлы ці шчыльны асадак на сценках паравых катлоў, выпаральнікаў і інш. цеплаабменных апаратаў. Утвараецца пры награванні і выпарэнні вады ў выніку выпадзення прымесей (карбанату магнію MgCO3, сульфату кальцыю CaSO4 і інш.), якія прысутнічаюць у ёй (гл. Жорсткасць вады). Пагаршае цеплаперадачу. Ад Н. пазбаўляюцца мех. і хім. спосабамі.

т. 11, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРЭІ́ДА,

спадарожнік планеты Нептун. Астэроідападобны аб’ект, дыяметрам каля 340 км. Сярэдняя адлегласць ад цэнтра планеты 5,51 млн. км. Сідэрычны перыяд абарачэння каля 359,6 сут. Адзіны спадарожнік планет з вельмі выцягнутай арбітай (эксцэнтрысітэт 0,753). Адкрыты Дж.​Койперам (ЗША, 1949). Названы імем адной з міфалагічных нерэід. Гл. таксама Спадарожнікі планет.

т. 11, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́СЦЕРАВА ПЯТЛЯ́,

«мёртвая пятля», адна з фігур вышэйшага складанага пілатажу, якая ўяўляе сабой замкнутую крывую ў верт. плоскасці. Назва ад імя П.М.Несцерава. Асобныя элементы Н.п. выкарыстоўваліся ў паветр. баях у 1-ю і 2-ю сусв. войны, таксама пры выпрабаванні авіяц. тэхнікі, у спаборніцтвах і інш.

Несцерава пятля.

т. 11, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́ТРАНАЙ СКО́РАСЦІ ПАКАЗА́ЛЬНІК,

прылада для вымярэння скорасці палёту лятальнага апарата адносна паветр. асяроддзя. Мае анероідную (гл. Анероід) і манаметрычную (гл. Манометр) каробкі, спалучаныя трубаправодам з прыёмнікам поўнага ціску і перадатачным механізмам — са стрэлкамі. У паказанні прылады аўтаматычна ўводзяцца папраўкі на змены параметраў паветр. асяроддзя ў залежнасці ад вышыні палёту.

т. 11, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКРЫЦЦЁ ў будаўніцтве,

верхняя агараджальная канструкцыя, якая аддзяляе памяшканне будынка (або ўнутраны аб’ём збудавання) ад вонкавага асяроддзя і знешніх уздзеянняў. Асн. від П. — плоскія дахі (тэрасы), якія выкарыстоўваюцца як спартыўныя пляцоўкі, салярыі і інш. Асн. элементы П. — нясучая аснова (напр., панэлі, абалонка), уцяпляльнік (керамзіт і інш.) і дахавае крыццё.

т. 11, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАСА́ АДЧУЖЭ́ННЯ, паласа адводу,

тэрыторыя абапал шашэйных дарог і чыгунак (да 50 м з кожнага боку), выключаная з землекарыстання. На П.а. ствараюцца лесапалосы, якія ахоўваюць дарогу ад неспрыяльных метэаралагічных і інш. фактараў (заносу снегам, пяском, размыву). Буд-ва ў межах палос, не звязанае з патрэбамі абслугоўвання дарог, забаронена.

т. 11, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМІ́РА-АЛА́Й,

горная сістэма на ПдУ Сярэдняй Азіі, у Таджыкістане, часткова ў Кіргізіі, Узбекістане і Туркменіі, якая аб’ядноўвае хрыбты на Пд ад Ферганскай даліны. Складаецца з 3 асн. частак: Гісара-Алая, Паўд.-Таджыкскіх гор і Паміра. Працягласць з З на У каля 900 км, шыр. да 400 км.

т. 12, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНДЭ́КТЫ (лац. pandectae ад грэч. pandektēs усёабдымны),

у Стараж. Рыме творы вядомых юрыстаў, пабудаваныя ў выглядзе кароткіх вытрымак з законаў і прац папярэдніх аўтараў. Шырокую вядомасць атрымалі П., якія склалі 2-ю частку Кадыфікацыі Юстыніяна (найб. пашырана назва Дыгесты). П. разглядаліся як зб-кі дзеючага права і падручнікі.

т. 12, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНІКУЛІ́Т (ад лац. panniculus кавалачак тканкі, акравак + ...іт),

цэлюліт, запаленне падскурнай тлушчавай клятчаткі. Бывае на месцах ін’екцый масленых раствораў і траўмаў, выклікаецца інфекц. хваробамі (напр., брушны тыф), інтаксікацыямі і інш. фактарамі. Пры П. ў падскурнай тлушчавай клятчатцы развіваюцца вузлы, адбываецца атрафія тлушчавай тканкі ў зоне вузла. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 12, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)