МА́ЎКІ, наўкі,

ва ўсходнеславянскай міфалогіі злыя духі, якія часта прыносяць смерць, русалкі. Паводле ўкр. павер’яў, у М. ператвараюцца дзеці, што памерлі да хрышчэння. Імя М. (наўкі) утворана ад наў (увасабленне смерці). Паводле міфалагічных уяўленняў, М. спераду маюць чалавечае цела, а спіны ў іх няма і таму відаць усе вантробы.

т. 10, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЎРЫ (лац. Mauri ад грэч. mauros цёмны),

1) у старажытнасці назва, якую рымляне далі насельніцтву Маўрэтаніі.

2) У сярэдневяковай Еўропе М. называлі мусульм. насельніцтва Пірэнейскага п-ва, якое ў 11—17 ст. перасялялася пераважна ў Паўн. Афрыку.

3) У наш час назва мусульм. насельніцтва Маўрытаніі і Зах. Сахары.

т. 10, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТРАПО́ЛІЯ (грэч. mētropolis ад mētēr маці + polis горад),

1) у Стараж. Грэцыі горад-дзяржава (поліс) у адносінах да заснаваных ім паселішчаў (калоній) у інш. землях.

2) Ва урбаністыцы — гал. горад, цэнтр паліт., духоўнага і эканам. жыцця краіны; буйная гарадская агламерацыя.

3) Дзяржава, якая мае ўладанні (калоніі, пратэктараты і інш.).

т. 10, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ДЛСБРА (Middlesbrough),

горад на У Вялікабрытаніі. Адм. ц. графства Кліўленд, гал. горад канурбацыі Тысайд. Каля 150 тыс. ж. (1997). Порт паблізу ад упадзення р. Тыс у Паўн. мора. М. і яго наваколле — адзін з буйнейшых раёнаў чорнай металургіі краіны. Вытв-сць суднавых машын, маставых канструкцый, хім. прам-сць.

т. 10, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́МІКА (ад грэч. mimikos пераймальны),

выразныя рухі мышцаў твару; адна з форм выяўлення пачуццяў, настрою чалавека. Адрозніваюць М. міжвольную і свядомую (М. акцёра). У тэатры М. — важны элемент акцёрскага мастацтва; дапамагае акцёру стварыць сцэн. вобраз, выявіць псіхал. характарыстыку, фізічны і душэўны стан персанажа. На М. пабудавана мастацтва пантамімы.

т. 10, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІТРАПАЛІ́Т (ад грэч. mētropolitēs чалавек з гал. горада, метраполіі),

вышэйшы духоўны сан у правасл. і некат. інш. хрысц. цэрквах. У цэрквах, дзе ўстаноўлена патрыяршаства, — другі пасля патрыярха сан у царк. іерархіі. Духоўная ўлада распаўсюджваецца на царк. акругу (мітраполію), якая аб’ядноўвае хрысц. абшчыны мітраполіі і прылеглай да яе вобласці.

т. 10, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОРФАСТРУКТУ́РА (ад морфа... + структура),

буйныя формы рэльефу зямной паверхні (значныя няроўнасці рэльефу мацерыкоў і акіянічнага дна), асн. рысы якіх абумоўлены эндагеннымі працэсамі (пераважна тэктанічным рухам) і ў марфалогіі якіх выразна адлюстроўваюцца геал. структуры. Напр., платформавыя раўніны, горныя краіны складкавых абласцей. Самыя вял. М. наз. геатэктурамі (мацерыковыя выступы, акіянічныя ўпадзіны).

т. 10, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУТАГЕНЕ́З (ад мутацыі + ... генез),

1) працэс узнікнення мутацый пад уздзеяннем фактараў (мутагенаў) навакольнага і ўнутранага асяроддзя. Аснова — змены ў малекулах нуклеінавых к-т, што захоўваюць і перадаюць спадчынную інфармацыю, і парушэнні мітатычнага апарата клетачнага дзялення.

2) Штучнае атрыманне мутацый з дапамогай фіз. і хім. мутагенаў.

Р.​Г.​Заяц.

т. 11, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ЛЕНСКАЕ ВО́ЗЕРА,

на мяжы Расонскага р-на Віцебскай вобл. і Пскоўскай вобл. (Расія), у бас. р. Чарапяціца, за 6 км на Пн ад г.п. Расоны. Пл. 0,95 км², даўж. 3,1 км, найб. шыр. 550 м, даўж. берагавой лініі 6,7 км. Праз возера цячэ р. Чарапяціца (злучае з Чарапецкім воз.).

т. 11, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭР (франц. maire, англ. mayor ад лац. major большы, старшы),

вышэйшая службовая асоба ў муніцыпалітэтах ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і шэрагу інш. дзяржаў. У Расіі пасады М. ўведзены з 1991 у Маскве, Санкт-Пецярбургу і інш. гарадах. Выбіраецца муніцыпалітэтам, непасрэдна насельніцтвам, у некаторых краінах назначаецца або зацвярджаецца цэнтр. урадам.

т. 11, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)