ІНФАРМА́ЦЫЯ (ад лац. informatio тлумачэнне, выкладанне),
звесткі, якія перадаюцца людзьмі вусна, пісьмова або інш. спосабам, а таксама сам працэс перадачы ці атрымання такіх звестак; агульнанавук. паняцце, якое ўключае абмен звесткамі паміж людзьмі, чалавекам і аўтаматам, аўтаматам і аўтаматам, абмен сігналамі ў жывёльным і раслінным свеце, перадачу адзнак ад клеткі да клеткі, ад арганізма да арганізма (гл.Генетычная інфармацыя); адно з асн. паняццяў кібернетыкі. Навук. аналіз І., спосабаў і прыёмаў яе перадачы, пераўтварэння і захавання звязаны з узнікненнем інфармацыі тэорыі. Паводле гэтай тэорыі, І. — колькасная мера зняцця неакрэсленасці паведамленняў, якая вызначае магчымасць іх захавання, кадзіравання і перадачы. Прыхільнікі адлюстравання тэорыі лічаць, што І. мае ў сабе адлюстраваную разнастайнасць прадметаў і характэрна для ўсіх форм і відаў руху (арганізацыі) матэрыі, у т. л. нежывой прыроды. Прадстаўнікі кібернетычнай тэорыі І. (Н.Вінер, Б.М.Пятроў, А.М.Калмагораў) зыходзяць з таго, што І. — гэта тая частка адлюстравання і ведаў, якая захоўваецца ў «памяці» машын і жывых арганізмаў, перадаецца па «каналах сувязі» і перапрацоўваецца ў «сігналы» з мэтай арыентацыі і прыняцця адпаведных рашэнняў. Англ. нейрафізіёлаг У.Р.Эшбі і франц. фізік Л.Брыльюэн надалі паняццю І. агульнанавук. значэнне і разглядаюць яго як адмоўную энтрапію і сродак захавання якаснай спецыфікі, удасканалення і развіцця сістэмы. Інфарм. метады даследавання выкарыстоўваюцца ў лінгвістыцы, семантыцы, генетыцы, малекулярнай біялогіі, псіхалогіі, педагогіцы, мастацтвазнаўстве і інш.
Класіфікацыю І. ажыццяўляюць у залежнасці ад спосабаў і прыёмаў яе атрымання, пастаўленых мэт і задач. Адрозніваюць І. першасную (зыходную), вытворную (прамежкавую) і выніковую, а таксама статычную (пастаянную) і дынамічную (пераменную). Яна можа быць поўнай і выбарачнай, залішняй і недастатковай, карыснай і памылковай, паінфармавальнай і прызначанай для кіравання якімі-н. працэсамі. І., якую выкарыстоўваюць для вырашэння сацыяльна значных праблем і якая з’яўляецца прадметам абмену паміж членамі грамадства, іх групамі, паліт. і грамадскімі арг-цыямі і аб’яднаннямі, называюць сацыяльнай. Паводле грамадска-прафес. прызначэння яе падзяляюць на масавую (для ўсіх членаў грамадства) і спецыяльную (для спецыялістаў у галінах навукі, тэхнікі, вытв-сці). У масавай І. адрозніваюць: грамадска-палітычную — сукупнасць звестак пра актуальныя праблемы ўнутр. і знешняй палітыкі дзяржавы, міжнар. жыцця; звычайную, асн. задача якой — арыентаванне і рэгламентацыя паводзін членаў грамадства ў сац. асяроддзі; эстэтычную, што ўздзейнічае на эмацыянальную сферу чалавека з дапамогай маст. вобразаў. У спецыяльнай І. вылучаюць: навукова-тэхнічную (па розных кірунках прыродазнаўчых і грамадскіх навук, галінах нар. гаспадаркі), эканамічную (сукупнасць звестак аб працэсах вытв-сці, абмене і выкарыстанні матэрыяльных даброт) і сацыялагічную (на аснове яе робяць вывады і прапановы для навукі і практыкі). Атрыманая з розных крыніц І. карысная і каштоўная тым, што яна хутка і з найменшымі выдаткамі прыводзіць да вырашэння канкрэтных сац. -эканам., паліт. і выхаваўчых задач. Асн. яе ўласцівасці: аператыўнасць, дакладнасць, аптымальнасць. пераканаўчасць, агульнадаступнасць, лагічнасць, навізна. выразнасць і інш.
На аснове інфарм. сістэм ажыццяўляецца працэс інфарматызацыі грамадства, што мае на мэце ўдасканаленне і павышэнне эфектыўнасці ўсіх сфер яго жыццядзейнасці, інтэлектуальных і творчых здольнасцей чалавека (гл.Інфармацыйнае грамадства). Інфарм. тэхналагізацыя сац. жыцця парадзіла новую канцэпцыю дэмакратыі — «камп’ютэрнай дэмакратыі», у якой І. ўвасабляе пэўны від улады. У грамадзянскай супольнасці, што найб. адпавядае ідэалу такой дэмакратыі, фарміраванне і выяўленне грамадскай думкі праз сродкі масавай І. з’яўляецца адной з умоў дасягнення і ўтрымання рэальнай улады, рэалізацыі права грамадзян на свабоду перакананняў і іх свабоднае выказванне. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе ўсім грамадзянам права на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай І. аб дзейнасці дзярж. органаў, грамадскіх аб’яднанняў, паліт., эканам., культ. і міжнар. жыцці, стане навакольнага асяроддзя, а таксама на азнаямленне з афіц. матэрыяламі, якія закранаюць іх правы і законныя інтарэсы; карыстанне І. можа быць абмежавана заканадаўствам з мэтай абароны гонару, годнасці, асабістага і сямейнага жыцця грамадзян і поўнага ажыццяўлення імі сваіх правоў. Гл. таксама Інфарматыка, Інфармацыйная тэхналогія, Інфармацыйны пошук.
Літ.:
Глушков В.М. Основы безбумажной информатики. 2 изд. М., 1987;
Ракитов А.И. Информационная революция: наука, экономика, технология М., 1993;
Абдеев Р.Ф. Философия информационной цивилизации. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ МЕХА́НІКА, хвалевая механіка,
тэорыя, якая ўстанаўлівае спосаб апісання і законы руху мікрачасціц (электронаў у атаме, атамаў у малекуле, нуклонаў у ядрах і інш.). Дае магчымасць апісаць структуру атамаў і зразумець іх спектры, устанавіць прыроду хім. сувязі, растлумачыць перыяд. сістэму элементаў і г.д. З’яўляецца тэарэт. асновай атамнай і ядз. фізікі, фізікі цвёрдага цела.
Мікрааб’ектам уласціва своеасаблівая дваістасць: у залежнасці ад умоў яны могуць паводзіць сябе як часціцы ці як хвалі (гл.Карпускулярна-хвалевы дуалізм). Таму тэарэт. апісанне мікраскапічных з’яў патрабуе аб’яднання ўзаемна несумяшчальных фіз. характарыстык, чаго нельга ажыццявіць у межах класічнай фізікі ўнутрана несупярэчлівым спосабам (гл.Дапаўняльнасці прынцып). Пры гэтым немагчыма адначасовае выкарыстанне некаторых фіз. велічынь, напр., каардынат і імпульсу часціцы. Для мікрачасціцы не мае сэнсу, напр., такое паняцце, як рух уздоўж траекторыі; усе тэарэт. сцвярджэнні адносна выніку пэўных узаемадзеянняў маюць імавернасны характар.
К.м. ўзнікла як развіццё ўяўленняў М.Планка (1900) адносна квантавання дзеяння, А.Эйнштэйна (1905, 1916) пра карпускулярныя ўласцівасці святла (гл.Планка закон выпрамянення), напаўкласічнай мадэлі атама Н.Бора (1913, гл.Бора тэорыя), ідэі Л. дэ Бройля адносна хвалевых уласцівасцей мікрачасціц (гл.Хвалі дэ Бройля). Фундаментальнае развіццё К.м. атрымала ў працах В.Гайзенберга (1925), Э.Шродынгера і П.Дзірака (1926). Паводле К.м. ўсю інфармацыю пра фіз. стан мікрасістэмы змяшчае хвалевая функцыя. Яна вызначае размеркаванне імавернасці для розных фіз. велічынь, якія характарызуюць сістэму (становішча ў прасторы, імпульс, энергія і г.д.; М.Борн, 1926). Кожнай класічнай фіз. велічыні ў К.м. адпавядае пэўны аператар, уласныя значэнні якога супадаюць з назіральнымі значэннямі фіз. велічыні (гл.Аператары). Магчымыя станы сістэмы апісваюцца адпаведнымі ўласнымі функцыямі. У залежнасці ад таго, дыскрэтную ці неперарыўную паслядоўнасць утвараюць уласныя значэнні аператара, адпаведная фіз. велічыня з’яўляецца квантаванай ці неквантаванай (гл.Квантаванне). Калі аператары 2 фіз. велічынь (L і M) не камутуюць, г. зн. што вынік дзеяння аператараў L і M на хвалевую функцыю Ψ залежыць ад парадку іх дзеяння
, то рэалізацыя такіх станаў мікрасістэмы, у якіх адпаведныя фіз. велічыні адначасова мелі б пэўнае значэнне, немагчыма; найперш гэта датычыць аператараў каардынат і імпульсу (гл.Неазначальнасцей суадносіны). Камутатыўнасць аператараў пэўных фіз. велічынь з аператарам энергіі азначае, што гэтыя фіз. велічыні з цягам часу не мяняюцца, г. зн. з’яўляюцца інтэграламі руху. Асн. інтэграл руху ў К.м. — энергія. Для дакладнага вызначэння стану мікрасістэмы неабходна ведаць энергію і інш. ўзаемна камутатыўныя інтэгралы руху, якімі, напр., для часціцы ў полі цэнтральных сіл з’яўляюцца квадрат моманту імпульсу і адна з яго праекцый. Калі інтэгралы руху маюць дыскрэтны спектр, стан сістэмы вызначаецца з дапамогай квантавых лікаў.
Прадказанні К.м. пераходзяць у адпаведныя вынікі класічнай механікі, калі дляфіз. сістэмы велічыні размернасці дзеяння становяцца значна большымі, чым пастаянная Планка h (гл.Адпаведнасці прынцып). Абагульненне асн. ідэй К.м. на выпадак, калі энергія руху часціц параўнальная з энергіяй спакою (гл.Адноснасці тэорыя), дало магчымасць прадказаць існаванне антычасціц, стварыць тэорыю ўласнага моманту колькасці руху (гл.Спін) і інш. К.м. з’яўляецца мех. тэорыяй, таму не можа паслядоўна разглядаць працэсы паглынання святла і эл.-магн. выпрамянення. Яна дае набліжаныя метады разліку, дастатковыя для патрэб атамнай і часткова ядз. фізікі. Паслядоўную тэорыю ўзаемадзеяння фатонаў з электрычна зараджанымі часціцамі дае квантавая электрадынаміка. Ураўненні К.м. даюць магчымасць дакладна вылічыць магчымыя ўзроўні энергіі (гл.Шродынгера ўраўненне) мікрасістэмы, а таксама імавернасць пераходаў паміж імі. Гл. таксама Квантавая тэорыя поля, Абменнае ўзаемадзеянне.
На Беларусі работы па К.м. пачаты ў 1930-я г. ў БДУ (Ф.І.Фёдараў), у пасляваен. гады вядуцца пераважна ў БДУ і Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі.
Літ.:
Фейнман Р., Лейтон Р., Сэндс М. Фейнмановские лекции по физике: Пер. с англ.Вып. 8—9. М., 1966—67;
Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 3. Квантовая механика;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРО́ЎКАў архітэктуры,
размяшчэнне камянёў, каменных блокаў, цэглы ў пэўнай сістэме, якая выяўляецца малюнкам швоў па паверхні сцяны. Удасканальванне тэхнікі М., выкарыстанне розных тыпаў цэглы, сістэма злучэння цаглін паміж сабой адлюстроўваюць узровень развіцця буд-ва і даюць магчымасць стварыць дакладную шкалу для датавання помніка архітэктуры. Малюнак М. неатынкаваных фасадаў з’яўляецца асн. фактарам паліхроміі ў манум. дойлідстве. Дляарх.-буд. практыкі пэўнай эпохі і рэгіёна ўласцівы асобныя сістэмы М.
Вядома са старажытнасці. На Беларусі існавалі мяшаная (з камянёў і цэглы), цагляная і каменная М. Першае збудаванне ў тэхніцы мяшанай М. (опус мікстум) — Полацкі Сафійскі сабор (П ст.). Пластыку фасадаў узбагачалі чаргаванне радоў камянёў са слаямі плінфы, якая звязвала канструкцыю М. (тэхніка са «схаваным радам»). ДляПолацкай школы дойлідства (12 ст.) характэрна таксама М. са «схаваным радам», якая ўтварала 2-колерную гаму паверхні сцяны. У тэхніцы каменнай М. (опус інсертум) будавалася Мінская замкавая царква (12 ст.). Яе сцены ў сярэдзіне выкладвалі камянямі, а вонкавую паверхню абкладалі невял. прамавугольнымі блокамі вапняку. У тэхніцы дэкар. мяшанай М. пабудавана Віцебская Благавешчанская царква (12 ст.). Яе сцены мелі радавую М.: 1 рад ачасанага вапняку, 2 рады плінфы і г.д.ДляГродзенскай школы дойлідства (12 ст.) характэрна дэкар. раўнарадавая М., калі акрамя плінфы вонкавую паверхню сцен аздаблялі рознакаляровыя шліфаваныя камяні, паліваныя пліткі, з якіх выкладваліся розныя крыжападобныя фігуры. У інтэр’еры сцены мелі роўную паверхню з плінфы, на іх фоне вылучаліся круглыя гарлавіны галаснікоў. У 13—17 ст. ужывалася лусковая М., калі з цэглы ці спецыяльна падабраных камянёў выкладвалі вонкавыя паверхні сцен, а прамежкі паміж імі забутоўвалі кавалкамі цэглы і дробным каменнем (Камянецкая вежа, Гальшанскі палац). Для 2-й пал. 13 — сярэдзіны 14 ст. характэрна цагляная балтыйская М. з чаргаваннем 2—3 рубаў і старчака цэглы (Крэўскі замак). У 1-й пал. 14 ст. існавала каменная М. (гранд апарайль; Лідскі замак). У 16—17 ст. практыкавалі 2 тыпы мяшанай М.: чаргаванне суцэльных радоў камянёў і цэглы і хаатычна раскіданыя валуны па складзенай з цэглы паверхні (Гродзенскі Стары замак, замак у г.п. Мір, гл.Мірскі замкава-паркавы комплекс). З сярэдзіны 14 ст. да сярэдзіны 16 ст. пераважала цагляная гатычная М. з чаргаваннем у радзе старчака і руба (Сынковіцкая царква-крэпасць). З 15 ст. пашырылася дэкар. гатычная М., дзе выкарыстоўвалася перапаленая цэгла-клінкер (цёмна-сіняга, амаль чорнага колеру), з якой выкладвалі розныя ўзоры, найчасцей у выглядзе рамбічнай сеткі (Ішкалдскі Троіцкі касцёл). У 2-й пал. 16 ст. з’явілася рэнесансавая М. (чаргаванне радоў з старчакоў і рубаў цэглы). У 16—17 ст. ужываўся крыжовы варыянт рэнесансавай М., калі швы стыкаў рубаў знаходзіліся адзін над адным у кожным 5-м радзе цэглы (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква). У 17—18 ст. вядома і галандская М., у якой рады з старчакоў чаргаваліся з радамі, дзе старчак чаргаваўся з рубам (Мсціслаўскі езуіцкі калегіум). У фартыфікацыйным буд-ве 16—18 ст. выкарыстоўвалася старчаковая М. (Мураванкаўская царква-крэпасць). З 2-й пал. 16 ст. фасады будынкаў атынкоўваліся, што прывяло ў 17 ст. да адраджэння раўнарадавай М. (збудаванні Магілёўскай арх. школы).
У 19 — пач. 20 ст. ў архітэктуры стыляў рамантызму, несапраўднай готыкі, мадэрн і інш. выкарыстоўвалі розныя тыпы М., але часцей гатычную. Для архітэктуры невял. капліц, касцёлаў, цэркваў, мураваных агароджаў гасп. пабудоў 19—20 ст. характэрна т.зв. разынкавая М., калі вял. камяні абмазваліся вапнай і ў яе ўтыкаліся дробныя каменьчыкі, здалёк падобныя на разынкі; часам з іх выкладвалі розныя ўзоры. У сучаснай архітэктуры практыкуецца мяшаная, цагляная і каменная М. з выкарыстаннем прыродных і штучных (бетонныя блокі, керамічныя пліты, абліцовачная цэгла) матэрыялаў. Дэкар. эфект М. дасягаецца сістэмай перавязкі цаглін паміж сабой, камбінацыяй колераў і фактуры цэглы.
Літ.:
Пазняк Р. Беларускі каменны арнамент // Маладосць. 1968. № 12;
Трусов О.А. Основные типы кладки XI—XII вв. на территории Белоруссии // Древнерусское государство и славяне. Мн., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЮ́НАК,
выява, зробленая ад рукі з дапамогай графічных сродкаў (лініі, штрыха, колеравай плямы), якімі дасягаюцца пластычная мадэліроўка, танальныя і святлоценявыя эфекты; адна з найважнейшых і шырока развітых галін выяўленчага мастацтва. Спалучэнне лінейна-пластычных элементаў фарміруе структуру і прасторавыя адносіны форм, таму М. складае аснову ўсіх відаў маст. адлюстравання на плоскасці (графіка, жывапіс, рэльеф). Як самаст. галіна маст. творчасці адносіцца да графікі (станковы М.). Выкарыстоўваецца і як дапаможны сродак для стварэння жывапісных, графічных, скульпт., арх., дэкар. твораў (кардон, накід, эскіз, эцюд). На аснове М. развіваюцца гравюра і літаграфія. М. адрозніваюць паводле метаду, тэхнікі і характару малявання, тэм і жанраў, прызначэння. Выконваюцца сухімі (вугаль, італьян. аловак, свінцовы ці сярэбраны штыфт, сангіна, графіт) і вадкімі (туш, бістр, сепія, чарніла) фарбавальнымі рэчывамі. У якасці асновы выкарыстоўваюць паперу (у старажытнасці папірус, пергамент). Сродкамі для стварэння ўласна М. могуць служыць акварэль, гуаш, пастэль, соус, туш (як і для жывапісных твораў). М. — аснова маст. адукацыі (маляванне з натуры, вучэбнае маляванне і інш.).
Вытокі М. ў першабытным мастацтве (прадрапаныя на косці, камені ці намаляваныя на сценах пячор палеалітычныя выявы жывёл). З 4 ст. да н.э. ў краінах Д. Усходу развіваецца тонкі каліграфічны М. У Еўропе ў часы антычнасці і сярэднявечча М. быў пераважна дапаможным сродкам для стварэння жывапісных твораў. Як самаст. від творчасці склаўся ў эпоху Адраджэння (Г.Гольбейн, А.Дзюрэр, Ф.Клуэ, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Я.Тынтарэта і інш.). Сярод найб. выдатных майстроў 17—18 ст. А.Вато, Ф.Гвардзі, К.Ларэн, Н.Пусэн, П.П.Рубенс, Рэмбрант, У.Хогарт, 19—20 ст. В. ван Гог, Ф.Гоя, Э.Дэга, Э.Дэлакруа, А.Матыс, А.Менцэль, П.Пікасо, Сюй Бэйхун, Ж.А.Энгр і інш.; у Расіі — К.Брулоў, А.Венецыянаў, А.Кіпрэнскі, В.Сяроў, М.Урубель, У.Фаворскі, А.Ягораў і інш.
На Беларусі ў першабытным мастацтве вядомы як арнаментыка на касцяных, каменных, метал., гліняных вырабах. У сярэднявеччы спецыфіка М. найб. яскрава выявілася ў ілюстраванні рукапісаў і друкаваных кніг, у прорысях для абразоў і фрэсак. Зберагліся М. падрыхтоўчыя Б.Радзівіла да арх. планаў, А. ван Вестэрфельда да шпалер (17—18 ст.). Вял. ролю ў развіцці М. адыгралі Віленская маст. школа і Полацкі езуіцкі калегіум. У 19 — пач. 20 ст. ў галіне М. працавалі І.Аляшкевіч, С.Богуш-Сестранцэвіч, В.Ваньковіч, Г.Вейсенгоф, Я.Дамель, Ф.Рушчыц, Н.Сілівановіч, у 1920—50-я г. — М.Аксельрод, А.Астаповіч, В.Букаты, С.Герус, П.Гуткоўскі, М.Гуціеў, В.Дваракоўскі, Я.Драздовіч, Я.Зайцаў, Б.Звінагродскі, Г.Змудзінскі, С.Раманаў, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, М.Тарасікаў, А.Тычына і інш. Сярод майстроў М. 1960—90-х г. В.Александровіч, Л.Асецкі, В.Баранаў, М. і У.Басалыгі, У.Вішнеўскі, А.Дзямарын, П.Драчоў, Я.Жылін, М.Карпук, А.Кашкурэвіч, Я.Кулік, М.Купава, А.Г.Лось, Л.Марчанка, Г.Паплаўскі, А.Паслядовіч, У.Савіч, М Селяшчук, Р.Сітніца, Г.Скрыпнічэнка, В.Славук, В.Шаранговіч і інш.
В.Я.Буйвал.
Да арт.Малюнак. В. ван Гог. Sorrow. 1882.Да арт.Малюнак. А.Кашкурэвіч. Паляванне ў Вялікім княстве Літоўскім. 1986.Да арт.Малюнак. В.Баранаў. Восеньскія пабудовы. 1991—92.Да арт.Малюнак. А.Паслядовіч. Рыба і сеткі. 1976.Да арт.Малюнак. М.Урубель. Аўтапартрэт. 1904.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЧО́К (Яўген Зіноўевіч) (н. 14.2.1940, г.п. Смілавічы Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),
бел. філосаф. Д-рфілас.н. (1989), праф. (1991). Скончыў Растоўскі-на-Доне пед.ін-т (1964). З 1970 у Бел.эканам. ун-це. Даследуе праблемы навук.-тэхн. дзейнасці і яе сац. вынікі. Аўтар дапаможніка для студэнтаў («Філасофія». 2 выд., 1995).
Тв.:
Познавательное действие // Социальное действие. Мн., 1980;
НТР: Становление, сущность, развитие. Мн., 1987;
Производительная сила знания // Социальная сила знания. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬБЕ́РХАВА (Валберхава) Марыя Іванаўна
(7.1.1789, С.-Пецярбург — 27.9.1867),
руская актрыса. Дачка І.І.Вальберха. Дэбютавала на пецярбургскай сцэне ў 1807 (з 1832 — Александрынскі тэатр) як трагічная актрыса (Антыгона — «Эдып у Афінах» У.Озерава). З 1815 выступала як камедыйная актрыса (Графіня Лелева — «Ліпецкія воды» А.Шахаўскога, Агата — «Свавольствы закаханых» М.Хмяльніцкага). Адна з лепшых роляў — Наташа ў вадэвілі «Свая сям’я, ці Замужняя нявеста» (напісалі для яе А.Грыбаедаў, Шахаўской і Хмяльніцкі). Працавала ў т-ры да 1855.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТА (італьян. voluta завіток, спіраль) у архітэктуры, матыў у форме спіралепадобнага завітка з кружком («вочкам») у цэнтры; ч. іанічнай капітэлі. Уваходзіць і ў кампазіцыю карынфскай і кампазітнай капітэляў. У асобных выпадках форму валюты маюць арх. дэталі для сувязі ч. будынка, а таксама кансолі карнізаў, упрыгожанні парталаў, дзвярэй, вокнаў і інш. Выкарыстоўвалася з часоў позняга Адраджэння і ў барока.
Валюты іанічнай капітэлі ў Гомельскім палацы. 19 ст.Валюты франтона калегіума езуітаў у Пінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ПНА,
вяжучае рэчыва, якое атрымліваюць абпальваннем вапняку, мелу і інш. вапнава-магнезіяльных горных парод. Адрозніваюць вапну паветраную (цвярдзее толькі на паветры) і гідраўлічную (цвярдзее і ў вадзе). Паветраная вапна мае ў асн. аксіды кальцыю і магнію, гідраўлічная — дадаткова сілікаты, алюмінаты і фераты кальцыю. Паветраную вапну падзяляюць на нягашаную (кіпелку, гл.Кальцыю аксід) і гашаную (пушонку, гл.Кальцыю гідраксід). Выкарыстоўваецца ў буд-ве, вытв-сці сілікатнай цэглы, для ачысткі цукровабурачнага соку, вапнавання глебы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСЮКО́ВА (Галіна Георгіеўна) (н. 21.3.1927, г. Барысаў Мінскай вобл.),
руская пісьменніца. Скончыла Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1967). У 1944 вывезена ў Германію, з сак. 1945 у атрадзе Супраціўлення ў Чэхаславакіі. Друкуецца з 1957. Аўтар кніг апавяданняў, аповесцяў і вершаў для дзяцей («Старэйшы брат», 1959; «Розныя гісторыі», 1966; «Лялькаград», 1970; «Трывожныя дні», 1983, і інш.). У яе творах добрае веданне дзіцячай псіхалогіі, уменне даходліва, з гумарам расказаць пра з’явы рэчаіснасці, падзеі вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТМЕ́ТР,
прылада для вымярэння актыўнай магутнасці электрычнага току. Бывае эл.-дынамічны, ферадынамічны, індукцыйны, эл.-статычны, тэрмаэл. і тэрмарэзістыўны. Мае 2 эл. ланцугі: току (уключаецца паслядоўна з нагрузкай) і напружання (паралельна нагрузцы). Пашырэнне межаў вымярэння дасягаецца з дапамогай дадатковых рэзістараў, шунтоў і вымяральных трансфарматараў току і напружання.
Схема ўключэння ватметра W у ланцуг: а — непасрэдна; 1 — ланцуг току; 2 — ланцуг напружання; 3 — нагрузка; 4 — дадатковы рэзістар; б — праз трансфарматары току (5) і напружання (6).