ДЗЮКЛО́ ((Duclaux) П’ер Эміль) (24.6.1840, г. Арыяк, Францыя — 3.5.1904),
французскі мікрабіёлаг і хімік. Чл. Парыжскай АН (1888). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1862). Працаваў з Л.Пастэрам. З 1895 дырэктар Пастэраўскага ін-та. Навук. працы па біяхіміі. Даследаваў хім. састаў малака, малочнакіслае браджэнне, уздзеянне сычужнага ферменту, састаў і ўтварэнне розных сыроў. Прапанаваў метад вызначэння лятучых кіслот шляхам фракцыйнай перагонкі. Вывучаў з’яву осмасу і руху вадкасці ў капілярах. Адстойваў мікробную тэорыю хвароб. Аўтар 4-томнага твора «Мікрабіялогія» (1898—1901).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯВО́ЛТВА,
гістарычная балцка-літоўская вобласць. Няпэўнасць крыніц спарадзіла цяжкасць у вызначэнні тэр. Дз.: Хроніка Быхаўца (16 ст.) вызначыла яе ў раёне г. Вількамір (цяпер г. Укмерге, Літва); паводле гісторыка У.Ц.Пашуты, яна знаходзілася ў міжрэччы Нявежы і Швянтоі або на У ад р. Швянтоі, дзе звычайна паказваецца Аўкштайція. Упершыню ўпамінаецца ў летапісах пад 1219. У 1264 заваявана кн.Войшалкам і ўключана ў склад ВКЛ.
Літ.:
Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа. 2 выд.Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́КТАР НАВУ́К,
вучоная ступень. Упершыню стала прысуджацца ў 1130 Балонскім ун-там, потым у 1231 Парыжскім. У Рас. імперыі ступень Д.н. уведзена ва ун-тах у 1819, надавалася асобам, якія абаранілі доктарскую дысертацыю і мелі ступень магістра. У Беларусі з 1934. Прысуджаецца Вышэйшым атэстацыйным камітэтам Рэспублікі Беларусь на падставе хадайніцтваў саветаў па абароне дысертацый асобам, якія, як правіла, маюць вучоную ступень кандыдата навук або вучонае званне прафесара і абаранілі дысертацыю. На 1.1.1997 у Беларусі 2265 Д.н.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ПЛЕР ((Doppler) Крысціян Іаган) (29.11.1803, г. Зальцбург, Аўстрыя — 17.3.1853),
аўстрыйскі фізік, матэматык і астраном. Чл. Аўстрыйскай АН (1848). Скончыў політэхн.ін-т у Вене (1825). У 1829—49 у розных ун-тах Аўстрыі, Чэхаславакіі і Германіі. З 1850 праф. Венскага ун-та. Навук. працы па оптыцы, акустыцы, тэорыі мікраскопа і аптычнага дальнамера, тэорыі колераў і інш. У 1842 тэарэт. абгрунтаваў залежнасць частаты прынятых ваганняў ад скорасці і напрамку руху крыніцы ваганняў адносна назіральніка (гл.Доплера эфект).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРА́ВА (Drava, ням. Drau),
рака ў Аўстрыі, Славеніі, Харватыі, часткова з’яўляецца мяжой паміж Харватыяй і Венгрыяй; правы прыток р. Дунай. Даўж. 749 км, пл.бас. 40,4 тыс.км². Пачынаецца ў Карнійскіх Альпах, перасякае Клагенфурцкую катлавіну, прарываецца праз паўд. адгор’і Усх. Альпаў і цячэ па Сярэднедунайскай раўніне. Гал. прытокі — Гурк, Мура (злева), Гайль, Карашыца (справа). Сярэдні расход вады 610 м³/с. Веснавое разводдзе, летне-асеннія паводкі. Каскад ГЭС. Суднаходная. На Д. — гарады Філах (Аўстрыя), Марыбар (Славенія), Враждзін, Осіек (Харватыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРЛО́ (Мікалай Васілевіч) (15.5.1914, г. Днепрапятроўск, Украіна — 4.9.1980),
бел. графік. Вучыўся ў Маскоўскім паліграф. ін-це (1938—41). Працаваў у станковай, кніжнай графіцы, плакаце. Аўтар сатыр. і гумарыстычных малюнкаў для час. «Вожык», «Полымя», «Работніца і сялянка», «Беларусь» і інш. Аформіў кнігі «Мушка-зелянушка» М.Багдановіча (1961), «Прыгоды дзеда Міхеда» А.Астрэйкі (1959), «На вясёлай хвалі» Э.Валасевіча (1967) і інш. Творчасці ўласцівы актуальнасць праблематыкі, лаканізм, вобразная выразнасць, добразычлівы гумар, сатыр. вастрыня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЖУА́ ((Denjoy) Арно) (5.1.1884, г. Ош, Францыя —27.1.1974),
французскі матэматык. Чл. Парыжскай АН (1942; з 1962 прэзідэнт). Замежны чл.АНСССР (1971). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1902). Працаваў у розных ун-тах Еўропы. З 1955 ганаровы праф. Парыжскага ф-та навук. Навук. працы па тэорыі функцый, дыферэнцыяльных ураўненнях, тэорыі меры. Даў поўнае рашэнне класічнай задачы пра прымітыўную функцыю, для якога ўвёў новае паняцце інтэграла (інтэграл Д.). Залаты медаль імя М.В.Ламаносава АНСССР (1971).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІЛЬКЕ́ВІЧ (Мечыслаў Іванавіч) (н. 14.10.1935, в. Міхнаўшчына Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1991), праф. (1993). Скончыў БДУ (1958), там і працаваў. З 1996 у Ін-це электронікі Кашалінскага тэхн. ун-та (Польшча). Навук. працы памагн., эл., мех. уласцівасцях цвёрдых цел. Атрымаў і даследаваў шырокадыяпазонныя дыэлектрычныя спектры ферытаў; прапанаваў метад вызначэння трываласці крышталёў праз энергію крышт. рашоткі.
Тв.:
Диэлектрические свойства оксидных феррошпинелей с различным магнитным разбавлением // Неорганические материалы. 1997. Т. 33, № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́РЛІНГ (Darling),
рака на ПдУ Аўстраліі, правы прыток Мурэя. У верхнім цячэнні, да сутокаў з р. Калгаа, паслядоўна наз.: Думерэк, Макінтайр і Баруан. Даўж. 2740 км, пл.бас. 650 тыс.км². Пачынаецца на зах. схілах хр. Нью-Інгленд (сістэма Вял. Водападзельнага хр.), у ніжнім цячэнні працякае па паўпустыні. Сярэдні гадавы расход вады 42 м³/с. Жыўленне дажджавое. Рэжым паводкавы, ваганні ўзроўню вады да 6—8 м. У сухі перыяд года ў нізоўі перасыхае, распадаецца на плёсы. Выкарыстоўваецца для арашэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЛЬМАН (Залман Давыдавіч) (н. 17.11.1929, г. Барысаў Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне селекцыі і развядзення с.-г. жывёл. Д-рс.-г.н. (1976), праф. (1978). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1952). З 1965 у Бел.НДІ жывёлагадоўлі. Навук. працы па прыватнай заатэхніцы, селекцыі і развядзенні свіней (бел. чорна-пярэстая парода і бел. ўнутрыпародны тып свіней буйной белай пароды).
Тв.:
Повышение продуктивности свиней. Мн., 1982;
Свиноводство. Мн., 1989;
Свиноводство и технология производства свинины. Мн., 1995.