ЭКСЕ́РГІЯ (ад грэч. ek, ex прыстаўка, што абазначае высокую ступень + ergon работа),
максімальная работа, якую можа выканаць тэрмадынамічная сістэма пры пераходзе з дадзенага стану ў стан раўнавагі з навакольным асяроддзем. Э. характарызуе крытэрый якасці розных відаў энергіі, яе іншы раз наз. працаздольнасцю сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕД (Guesde) Жуль [сапр.Базіль
(Basile) Мацьё; 11.11.1845, Парыж — 28.7.1922], дзеяч франц. і міжнар.сацыяліст. руху, адзін з лідэраў 2-га Інтэрнацыянала. Паліт. кар’еру пачынаў як радыкальны журналіст-рэспубліканец. За падтрымку ў прэсе Парыжскай камуны асуджаны на 5 гадоў, але паспеў эмігрыраваць. Кантакты з К.Марксам, Ф.Энгельсам, П.Лафаргам спрыялі пераходу Геда на пазіцыі навук. сацыялізму. Для прапаганды марксізму ў рабочым руху засн. у 1877 газ. «L’Égalité» («Роўнасць»). Адзін з заснавальнікаў (1879) і кіраўнік (у 1880—1901) Рабочай партыі Францыі. Гед і яго прыхільнікі (гедысты) змагаліся з рознымі плынямі ў рабочым руху (пруданізмам, анархізмам, пасібілізмам),
пазней занялі цэнтрысцкія пазіцыі. Гед — адзін з заснавальнікаў (1901) і кіраўнікоў Сацыяліст. партыі Францыі, а пасля яе аб’яднання (1905) з Франц.сацыяліст. партыяй (засн. ў 1902) у адзіную сацыяліст. партыю — адзін з яе лідэраў. У 1893—98 і 1906—22 дэпутат парламента, лідэр сацыяліст. фракцыі. У 1914—15 дзярж. міністр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІДО́ВІЧ Лілія Міхайлаўна (н. 25.12.1936, г. Гродна),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1975). Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1960). Працуе ў Нац. т-ры імя Я.Купалы. У яе творчасці спалучаюцца быт. і рамантычнае мастацтва, вастрыня і яскравасць малюнка ролі з лірызмам і паэтычнасцю. Найб. поўна яе акцёрская індывідуальнасць раскрылася ў ролі Ганны Чарнушкі («Людзі на балоце» паводле І.Мележа; Дзярж. прэмія Беларусі 1966 за выкананне аднайм. ролі ў тэлеспектаклі). Сярод роляў: Рая, Соня, Галя («Пагарэльцы», «Лявоніха на арбіце», «Трыбунал» А.Макаёнка), Вера («Радавыя» А.Дударава), Юлія Тугіна («Апошняя ахвяра» А.Астроўскага), Валька, Марыя Сяргееўна («У мяцеліцу», «Залатая карэта» Л.Лявонава), Шафрак («У ноч зацьмення месяца» М.Карыма), Дзіяна («Канец — справе вянец» У.Шэкспіра), Аманда («Блакітная ружа» Т.Уільямса). Здымаецца ў кіно («Вазьму твой боль», «Людзі на балоце», «Подых навальніцы» і інш.), тэлеспектаклях («Крах», «Ткачы», «Федра»).
Л.М.Давідовіч.Л.М.Давіловіч у ролях Юліі Тугінай (злева) і Ганны Чарнушкі.
тэрыторыя, якая непасрэдна прылягае да помнікаў гісторыі, археалогіі, горадабудаўніцтва і архітэктуры і прызначана для захавання і выяўлення іх гісторыка-мастацкіх вартасцяў і мэтазгоднага выкарыстання.
Мяжу ахоўнай зоны вызначаюць, зыходзячы з патрэб забеспячэння найлепшага рэжыму зберажэння і выкарыстання каштоўнасці, найб. поўнага выяўлення яе вартасцяў і ўмоў агляду, з яе тыпу, сістэмы планіроўкі, даступнасці для навук. даследаванняў і наведванняў. Распрацоўваюць ахоўныя зоны на падставе вывучэння літ. і архіўных крыніц, натурных даследаванняў. З устанаўленнем ахоўнай зоны робяць пад’езды і пешаходныя падыходы да каштоўнасці, відавыя пляцоўкі, тэрыторыю азеляняюць і добраўпарадкоўваюць. У межах ахоўных зон горада новае буд-ва дапускаецца пры ўмове яго кампазіцыйнага падпарадкавання гіст. аб’ектам.
Найважнейшыя ахоўныя зоны на Беларусі: тэрыторыі Верхняга і Ніжняга замкаў у Полацку, Замкавая гара ў Гродне, гіст. цэнтр Мінска, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЫЯНЕ́РНАЯ КАМАНДЫ́ТА,
від кампаніі (таварыства), які спалучае элементы акцыянернага таварыства і камандытнага таварыства. Частка яго ўдзельнікаў (поўных кампаньёнаў), якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю ад імя акцыянернай камандыты, адказваюць па яе абавязацельствах усёй сваёй маёмасцю, а частка (камандытныя акцыянеры) маюць абмежаваную адказнасць — у памеры кошту сваіх акцый. Пашыраны ў малой і сярэдняй вытв-сці, гандлі, сферы паслуг. З’яўляецца пераходнай формай ад акц.т-ва.
Ствараюцца, як правіла, для атрымання вял. грашовых сродкаў ад рэалізацыі акцый. Засн. на калектыўнай форме ўласнасці. Маёмасць фарміруецца за кошт укладаў яго членаў. Спалучэнне прынцыпаў акц. і камандытных т-ваў у гасп. дзейнасці дае шэраг пераваг; высокая ступень адказнасці па абавязацельствах робіць акцыянерную камандыту надзейным партнёрам; канцэнтрацыя кіравання сярод абмежаванага кола асоб (поўных кампаньёнаў) забяспечвае дастатковую самастойнасць, свабоду і аператыўнасць у прыняцці рашэнняў; залучэнне капіталаў і інш. інвестараў спрыяе развіццю вытв-сці і павышэнню яе канкурэнтаздольнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯЛАГІ́ЧНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ,
добраахвотная навукова-грамадская арг-цыя, якая аб’ядноўвае вучоных і спецыялістаў, што працуюць у галіне сацыялогіі. Створана ў 1994, з’яўляецца правапераемніцай Бел. аддзялення Сав. сацыялагічнай асацыяцыі. Асн. задачы: павышэнне прафес. ўзроўню членаў асацыяцыі, пашырэнне сацыялагічных ведаў; садзейнічанне развіццю сацыялагічнай навукі, павышэнню абгрунтаванасці і дзейнасці яе рэкамендацый; выяўленне прыярытэтных кірункаў сац.-эканам., паліт. і культ. развіцця Беларусі і асобных яе рэгіёнаў; развіццё навук. сувязяў і супрацоўніцтва з сацыёлагамі інш. краін і міжнар.навук. арг-цыямі; арганізацыя і правядзенне навук. кангрэсаў, канферэнцый, сімпозіумаў, семінараў; выдавецкая дзейнасць. У рамках Беларускай сацыялагічнай асацыяцыі вядзецца экспертна-кансультацыйная дзейнасць па пытаннях сацыялогіі, праводзяцца сацыялагічныя экспертызы паліт., прававых, эканам., тэхн. і інш. праектаў. Разам з інш.навук. ўстановамі і арг-цыямі выдала манаграфіі А.В.Рубанава «Сацыяльны суб’ект: матывы і дзейнасць» (1994), Г.М.Сакаловай «Эканамічная сацыялогія», Я.М.Бабосава «Катастрофы: сацыялагічны аналіз» (1995) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ПУКЛАЕ ЦЕ́ЛА,
геаметрычнае цела, якое змяшчае цалкам адрэзак, што злучае 2 любыя яго пункты; аб’яднанне выпуклай вобласці ў прасторы з яе мяжой. Напр., целы Архімеда, шар, куб, паўпрастора. Мяжа выпуклага цела ўтварае выпуклую паверхню (гл.Выпукласць і ўвагнутасць), праз кожны пункт якой праходзіць не менш як 1 апорная плоскасць, што мае агульны пункт (адрэзак або частку плоскасці) з мяжой, але не перасякае яе.
Выпуклае цела бывае 5 тыпаў: канечнае (мяжа — замкнёная выпуклая паверхня), бясконцае (адна бясконцая паверхня, напр., парабалоід), бясконцыя ў абодва бакі цыліндры (замкнёная выпуклая цыліндрычная паверхня, напр., бясконцы кругавы цыліндр), слаі паміж парамі паралельных плоскасцей, уся прастора. Асновы тэорыі выпуклага цела распрацавалі ў 19 ст.ням. матэматыкі Г.Брун і Г.Мінкоўскі; агульную тэорыю — сав. матэматыкі А.Д.Аляксандраў, А.В.Пагарэлаў і інш.Гл. таксама Мнагаграннік, Мноства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭР’Е́Р ЖЫВЁЛЫ,
сукупнасць унутр.марфал. (анатам. і гісталагічных), біяхім. і фізіял. уласцівасцей арганізма с.-г. жывёлы ў сувязі з яе прадукцыйнасцю і племяннымі якасцямі. Выкарыстоўваюць для ацэнкі канстытуцыі жывёлы і яе прадукцыйнасці. Першыя працы па І.ж. вядомы з канца 19 ст. Пры вызначэнні І.ж. даследуюць косці, мышцы, скуру, малочныя залозы, кроў, сэрца, лёгкія і інш. Паводле груп крыві і тыпаў індывід. бялкоў вызначаюць паходжанне жывёл, структуру парод, наяўнасць генет. узаемасувязі і інш. Паміж І.ж., будовай цела і прадукцыйнасцю існуе карэляцыйная сувязь. Напр., у малочнай жывёлы ў параўнанні з мясной лепш развіта малочная залоза, страваванне, кровазварот, шчытападобная залоза, гіпофіз, менш развіты падскурны тлушчавы слой, больш нізкі крывяны ціск, большае сэрца, больш частыя дыханне і пульс, больш інтэнсіўны абмен рэчываў. У верхавых і рысістых коней памеры сэрца і ёмістасць лёгкіх большыя, чым у цяжкавозаў (на 100 кг жывой масы). Гл. таксама Экстэр’ер жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРПАЛЯ́ЦЫЯ І ЭКСТРАПАЛЯ́ЦЫЯў матэматыцы,
спосаб набліжанага (ці дакладнага) узнаўлення якой-н. велічыні па некаторых вядомых яе значэннях. Напр., адшуканне значэнняў функцыі 𝑓(x) у пунктах x па вядомых значэннях yi = 𝑓(xi), дзе пункты xi — вузлы інтэрпаляцыі, i = 0, 1, ..., n. Калі x знаходзіцца ў інтэрвале паміж x0 і xn, задача такога адшукання наз.інтэрпаляцыяй, калі па-за яго межамі — экстрапаляцыяй.
Асн. кірункі даследаванняў па І. і э.: вырашальнасць задачы інтэрпалявання; пабудаванне інтэрпаляцыйных формул і вывучэнне іх адхілення ад зададзенай функцыі, выкарыстанне метадаў інтэрпаляцыі для пабудавання набліжаных і лікавых метадаў рашэння розных задач матэматыкі і яе дастасаванняў. Гл. таксама Набліжэнне і інтэрпаляцыя функцый.
На Беларусі даследаванні па пытаннях І. і э. вядуцца ў Ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ і інш.
Літ.:
Крылов В.И., Бобков В.В., Монастырный П.И. Начала теории вычислительных методов: Интерполирование и интегрирование. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПАТЭ́КА (ад грэч. hypothēkē залог, заклад),
від залогу нерухомай маёмасці (землі, прадпрыемствы, пабудовы і інш. аб’екты, звязаныя з зямлёй) з мэтай атрымання грашовай пазыкі (крэдыту). Выкарыстанне І. забяспечвае выкананне абавязацельстваў, звязаных з перадачай даўжніком-залогадавальнікам крэдытору-залогатрымальніку нерухомай маёмасці. Пры невыкананні даўжніком свайго абавязацельства крэдытор мае права задаволіць свае патрабаванні за кошт маёмасці даўжніка. Залогадавальнік павінен быць уласнікам маёмасці, якая закладваецца. Выкарыстанне І. немагчыма пры адсутнасці права ўласнасці на зямлю, права ўладання, распараджэння і карыстання ёю. У краінах з развітой рыначнай эканомікай І. вельмі пашырана ў сельскай гаспадарцы, выкарыстоўваецца фіз. і юрыд. асобамі. І. прадугледжвае неабходнасць пагашэння крэдытаў, вяртанне запазычанасці. Уладальнік, аддаючы сваю нерухомасць пад залог, фактычна з’яўляецца не яе ўласнікам, а арандатарам. Нявыплата па крэдыце пазычальнікам у тэрмін запазычанасці (несвоечасовае вяртанне крэдыту) цягне за сабой страту закладзенай маёмасці, перадачу яеінш. ўласніку або вяртанне выдадзенага крэдыту з выручаных ад яго продажу сродкаў.