спісы зорак з указаннем іх экватарыяльных каардынат, уласных скарасцей, зорных велічынь і інш. характарыстык, аднесеных да пачатку якога-небудзь года; аснова для вывучэння будовы і руху ў зорных сістэмах, устанаўлення сістэмы нябесных каардынат. Першы З.к. складзены ў Кітаі каля 355 да н.э. (800 зорак). Найб. распаўсюджаны «Агульны каталог» Боса (1937, 33 342 зоркі).
Адрозніваюць З.к. абсалютныя (атрыманы з абс. вымярэнняў, незалежна ад ранейшых З.к.) і адносныя (атрыманы дыферэнцыяльным метадам: месцазнаходжанне зоркі вызначаюць адносна становішчаў інш. зорак з вызначанымі каардынатамі). Абавязкова прыводзіцца дата назіранняў. На падставе абс. і адносных З.к. складаюцца фундаментальныя каталогі месцазнаходжанняў зорак. Акрамя дакладных каталогаў складаюцца т.зв. агляды неба з прыбліжанымі значэннямі каардынат зорак і іх зорных велічынь. Найб. распаўсюджаныя «Бонскі агляд» (1859—87, 324 188 зорак, 64 карты зорнага неба); Кордаўскі і Кейпскі агляды. Нумарацыяй зорак у З.к. карыстаюцца для іх абазначэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАНДО́РСКІЯ АСТРАВЫ́,
група з 4 астравоў на мяжы Ціхага ак. і Берынгава м., за 200 км на У ад п-ва Камчатка, у Камчацкай вобл. Расіі. Уключаюць астравы: Берынга (даўж. 85 км, шыр. каля 40 км), Медны (даўж. 56 км, шыр. 5—7 км), 2 маленькія астравы — Тапаркоў і скалу Арый Камень. Агульная пл. 1,8 тыс.км². Выш. да 751 м. Складзены з базальтаў і андэзітаў. Характэрны гарысты рэльеф, частыя землетрасенні. Берагі скалістыя, слаба парэзаныя. Клімат акіянічны. Лета халаднаватае. Сярэдняя т-ра паветра ў жн. 10 °C, у лют. каля -4 °C. Ападкаў каля 500 мм за год. Пераважаюць акіянічныя лугі і горная тундра; у асобных далінах — зараснікі ракітніку, рабіны, бярозы. Лежбішчы марскога коціка, сівуча. На берагах птушыныя базары. Марскі промысел, ахова і нарміраваная здабыча коціка, зверагадоўля (блакітны пясец) Населены пункт Нікольскае (в. Берынга). Адкрыты ў 1741 экспедыцыяй капітан-камандора В.Берынга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТА́ЙСКА-КАРЭ́ЙСКАЯ ПЛАТФО́РМА,
старажытная платформа, што ахоплівае басейн сярэдняга і ніжняга цячэння р. Хуанхэ, Карэйскі і Шаньдунскі п-вы і акваторыю Жоўтага м. Уключае на З Ардонскую сінеклізу, антэклізу Шаньсі, Паўн.-Кітайскую сінеклізу, якія складаюць Паўн.-Кіт. пліту, на У — Сіна-Карэйскі шчыт і Усх.-Кіт. перыкратоннае апусканне, што раскрываецца ў аднайменнае ўскраіннае мора. Крышт. фундамент платформы складзены з гранітаў, гнейсаў і крышт. сланцаў архейскага і пратэразойскага ўзросту; выходзіць на паверхню ў межах Карэйскага, Ляадунскага і Шаньдунскага п-воў і на З ад Пекіна (прав. Шаньсі). Фундамент перакрыты гарызантальна залеглым або слабадыслацыраваным асадкавым чахлом, складзеным з верхнепратэразойскіх (сінійскіх), ніжне- і верхнепалеазойскіх, мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў, пашыраных у межах нізін і на шэльфе. Радовішчы жалезістых кварцытаў, баксітаў, каменнага вугалю, гаручых сланцаў, нафты і газу. З мезазойскім магматызмам звязаны радовішчы золата, вальфраму і поліметалаў на Карэйскім п-ве, сурмы і медзі на Ляадунскім п-ве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ЎСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. у мяст.Крэва (Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.). Пабудаваны каля сутокаў рэк Краўлянка і Шляхцянка. Замак у плане — няправільны чатырохвугольнік, абнесены мураванымі сценамі, на 2-метровым падмурку. Сцены ўнізе складзены з каменю, уверсе з вонкавага боку абмураваны цэглай, у паўд. сцяне запасны ход, заходнюю праразае ўваход — праём спічастай формы. Абарону замка ўзмацнялі 2 вуглавыя вежы, размешчаныя па дыяганалі. На выш. 10 м па перыметры сцен на драўляных бэльках была баявая галерэя — памост з байніцамі ў сценах на адлегласці 2,4 м адна ад адной. У К.з. выпрацоўваліся ўмовы Крэўскай уніі 1385. У 1433 замкам авалодаў кн. Свідрыгайла, які прэтэндаваў на велікакняжацкі трон, у 1503—06 замак неаднойчы асаджалі і значна пашкодзілі перакопскія татары, у 1519 захапілі войскі маскоўскіх ваявод. Моцна пацярпеў у 1-ю сусв. вайну. Вядзецца кансервацыя, распрацоўваецца праект рэстаўрацыі.
Крэўскі замак. Рэканструкцыя М.А. Ткачова. Мастак Я.Кулік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́Я ГІМАЛА́І,
сістэма хрыбтоў і масіваў у сярэдняй частцы Гімалаяў, у Індыі і Непале. Цягнуцца прыблізна на 2000 км паралельна Вял. Гімалаям, на Пд ад іх. Шыр. ад 10—20 км на У да 100 км на 3. Пераважаюць выш. 3000—3500 м (найб. да 6000 м). Горныя хрыбты і масівы расчлянёны шырокімі падоўжнымі далінамі і катлавінамі. Папярочныя даліны вузкія і глыбокія. У грабянёвай зоне — кары, трогі, невял. ледавікі. Снегавая лінія на выш. 4,5 тыс.м на У і 5 тыс.м на 3. Складзены з парод палеазойскага і мезазойскага ўзросту (пераважна са сланцаў, кварцытаў, вапнякоў). Густая рачная сетка (пераважна прытокі р. Ганг). Рэкі асабліва паўнаводныя летам. На З — лістападныя мусонныя лясы, цвердалістыя вечназялёныя і хваёвыя, на У — вечназялёныя вільготныя, хваёвыя, якія з вышынёй змяняюцца вечназялёнымі дубовымі, хваёва-шыракалістымі і хваёвымі лясамі. Вышэй — хмызняковыя зараснікі, субальпійскія і альпійскія лугі. Да выш. 2,5 тыс.м — плантацыі цытрусавых, чаю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАДО́ЎСКІ Фларыян Станіслаў (4.5.1819, Мінск — 8.7.1889),
кампазітар, піяніст, педагог. Муз. адукацыю атрымаў у бацькі, пазней вучыўся ў Вільні, Мінску (у Д.Стафановіча), Берліне, Вене. У 1829 даў у Вільні першы адкрыты канцэрт, на пач. 1830-х г. выступаў у Мінску і Слуцку. У 1855—62 жыў у сваім маёнтку Мацкі на Міншчыне. З 1862 у Францыі. Меў асабісты кантакт з Ф.Мендэльсонам, Ф.Лістам, які ўключыў «Экспромт» М. ў складзены ім зб. «Das Pianoforte». Сярод твораў: аперэта «Канкурэнты» (паст. 24.2.1861, Мінск, дырыжор М.), 2 месы, «Магніфікат», смыковы квартэт, 3 фп. трыо, 2 санаты для фп. ў 4 рукі, песні, мазуркі, паланэзы, накцюрны, багатэлі, выдадзеныя ў Парыжы, Вене, Варшаве, Мінску («Паланэз на 4 рукі для Міхася і Іяасі», урыўкі з «Канкурэнтаў», зб. «Польскія песні») і Вільні.
Літ.:
Ахвердава А. Фларыян Міладоўскі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РЭГЕ́СТЫ КРЫНІ́Ц ПА ГІСТО́РЫІ ЛІТВЫ́»
(«Regesta źródłowe do dziejów Litwy od czasów najdawniejszych aż do unji z Polską», «Regesta Lithuaniae ab origine usque ad Magni Ducatus cum Regno Poloniae unionem»),
зборнік рэгестаў (паведамленняў, цытат з твораў) па гісторыі Літвы, Жамойці і некат. зах.-балцкіх плямён з найдаўнейшых часоў да пачатку панавання ў ВКЛвял.кн. Гедзіміна. Складзены на лац. мове. Выдадзены Г.Пашкевічам (т. 1, Варшава, 1930). Змяшчае паведамленні з прац антычных аўтараў, сярэдневяковых гісторыкаў, ням. і польск. аналаў, рус. летапісаў. Размешчаны ў храналагічным парадку, 1-е з іх — паведамленне Тацыта пра эстаў (98 г.н.э.), апошняе — паведамленне з хронікі Г.Вартберга пра г. Кукенойс (1315). Рэгесты перадаюць кароткі змест паведамлення, некаторыя цалкам яго цытуюць. Змешчаны 853 рэгесты і ў дадатку 6. Матэрыялы зборніка асвятляюць стараж. гісторыю балцкіх народаў, працэс утварэння ВКЛ, уключэння ў яго склад бел. зямель, ваенныя і мірныя ўзаемадачыненні ВКЛ з суседнімі дзяржавамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СТАТУ́Т АБ КІРАЎНІ́ЦТВЕ ІНШАРО́ДЦАЎ» 1822, заканадаўчы акт Расійскай імперыі, які разам са «Статутам аб сібірскіх кіргізах» вызначаў сістэму кіравання нярус. народамі Сібіры. Складзены пры ўдзеле М.М.Спяранскага. Падзяляў нярус. народы Сібіры («іншародцаў») на аселых, качавых і вандроўных. «Аселыя іншародцы» (гал. чынам сіб. татары) у прававых адносінах прыраўноўваліся да рус. цяглых саслоўяў — мяшчан і дзярж. сялян. Кіраванне «вандроўнымі іншародцамі» (ненцы, юкагіры і інш. паляўнічыя народы Паўн. Сібіры) ажыццяўлялі прадстаўнікі родаплем. вярхоў — «князцы» і старасты. У «качавых іншародцаў» (бураты, якуты, эвенкі, хакасы і інш.) кожны улус або стойбішча атрымлівалі родавае праўленне, якое складалася са старасты і 1—2 памочнікаў. Некалькі ўлусаў і стойбішчаў падпарадкоўваліся «іншароднай управе». Статут замацоўваў за качавымі народамі землі, якімі тыя карысталіся, дазваляў гандаль, вызначаў памер і спосабы збірання ясаку, пашыраў на гэтыя народы крымін. заканадаўства краіны. Створаныя ў адпаведнасці са статутам родавыя праўленні і «іншародныя ўправы» існавалі да пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́ШСКІ МАСІ́Ў, Багемскі масіў,
горны масіў на З Чэхіі і сумежных раёнах Польшчы, Германіі, Аўстрыі. Даўж. каля 500 км, шыр. да 300 км. Выш. да 1602 м (г. Снежка).
Уяўляе сабой выступ стараж. фундамента герцынскай складкавай вобласці. Складзены з гнейсаў, мігматытаў, крышт. сланцаў і гранулітаў пратэразою, сланцаў, кварцытаў і пясчанікаў палеазою, перакрыты асадкавым чахлом з мелавых і кайназойскіх парод. У выніку неаген-антрапагенавых тэктанічных рухаў масіў быў расколаты разломамі і скідамі, па якіх выліваліся вулканічныя лавы. З тэктанічным прагінам на ПнУ звязаны Верхнесілезскі — Астраўска-Карвінскі каменнавугальны басейн.
Цэнтр. частка (выш. 300—600 м) — узгорыстая раўніна з асобнымі падняццямі. Па ўскраінах горы: Судэты, Рудныя горы, Чэшскі Лес, Шумава і Чэшска-Мараўскае ўзвышша. На раўніне значная ч.тэр. апрацавана. У гарах да выш. 1200—1400 м мяшаныя і хвойныя лясы. Вышэй — субальпійскія лугі і хмызнякі. Мінер. крыніцы. Курорты, у т. л.Карлавы Вары. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЯНО́ЦІРА»
(«Menotyra» «Мастацтвазнаўства»),
літоўскі навук. ілюстраваны часопіс. Выдаецца ў Вільнюсе з 1995 на літ. мове 4 разы на год Літ.АН. Асвятляе праблемы развіцця літ. мастацтва старажытнасці і сучаснасці, нац. спецыфіку літ.маст. культуры, сувязі прафес. мастацтва Літвы з інш. краінамі, асаблівасці розных маст. стыляў і інш. Змяшчае артыкулы па архітэктуры і мастацтве ВКЛ, Літвы, Беларусі: «Віленскі ліцейны цэх волава XVI—XIX стст.» Р.Індрулайцітэ (1996), «Агляд гісторыі кунтушавых паясоў» (1996) і «Гродзенская каралеўская шаўковая мануфактура і яе кунтушавыя паясы» (1997) Г.Марцінайцене, «Вопіс рэчаў Любчанскай кунсткамеры 1647 г.» (1996), «Рэестр уласнасці Януша Радзівіла (1579—1620), складзены ў Койданаве ў 1627 годзе» (1999) і «Хрыстафор Радзівіл (1585—1640) — заказчык жывапісу» (2001) А.Палюшытэ, «Літоўская арганная музыка XVII ст. ў манускрыпце Сапег» Ю.Трылупайцене (2000), «Аб неапублікаваных тэатральных працах віленскага перыяду Станіслава Манюшкі» В.Бакуцітэ (2002) і інш.; рэзюме на англ. мове.