КАРАНЦІ́Н (ад італьян. quaranta giorni сорак дзён),
комплекс адм. і медыка-сан. мерапрыемстваў, накіраваных на ізаляцыю эпідэмічнага ачага, з мэтай папярэдзіць пашырэнне і ліквідаваць інфекцыйныя хваробы ў ім. Уведзены ў Італіі ў 14 ст., калі судны, што прыбывалі з мясцовасці, небяспечнай на чуму, трымалі на рэйдзе 40 дзён (адсюль назва). Пазней К. пачалі выкарыстоўваць для барацьбы з каранціннымі хваробамі.
Каранцінныя адм.-сан. мерапрыемствы: забарона прыезду і выезду за межы дзяржавы, прыёму пасылак, закрыццё дзярж. граніц і інш.; мед.-сан.: агляд пасажыраў і экіпажаў, ізаляцыя падазроных на хваробу і хворых, абсервацыя асоб, якія былі ў кантакце з хворымі, прышчэпкі Пры ўзнікненні асабліва небяспечных інфекц. хвароб на К. пераводзяцца асобныя парты, чыг. станцыі, нас. пункты. У штодзённай практыцы сап. органы ўводзяць К. і пры інш.інфекц. хваробах (не каранцінных) у дзіцячых установах, бальніцах. Працягласць К. не меншая, чым макс. інкубацыйны перыяд хваробы.
Ветэрынарны К. — сістэма абмежавальных мерапрыемстваў, каб папярэдзіць занясенне і пашырэнне інфекц. хвароб жывёлы. Бывае прафілакт. і пры выяўленні інфекц. хваробы. Устанаўліваецца пры сібірскай язве, сапе, яшчуры, шаленстве, чуме і інш. На Беларусі першае каранціннае аддзяленне арганізавана ў Магілёве ў 1825. Адзіныя каранцінныя мерапрыемствы зацверджаны Вет. статутам БССР (1924). К. раслін — сістэма дзярж. мерапрыемстваў па ахове тэрыторыі ад пранікнення з інш. дзяржаў небяспечных шкоднікаў, узбуджальнікаў хвароб і шкоднага пустазелля, па ліквідацыі ачагоў заражэння. Гл.Санітарная ахова, Санітарная ахова граніц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПАПАДО́БНЫЯ (Cypriniformes),
атрад рыб падкласа прамянёвапёрых. 3 падатр.: харацынападобныя (Characoidei) з 16 сям., гімнотападобныя (Gymnotoidei) з 4 сям., карпавідныя (Cyprinoidei) з 7 сям. Каля 3 тыс. відаў. Харацынападобныя (напр., піраньі, прахілоды) — жыхары прэсных субтрапічных і трапічных вод Амерыкі і Афрыкі. Іх характэрная адзнака — тлушчавы плаўнік (як у ласасёвых). Многія віды падатр. разводзяць у акварыумах (капеіны, неоны). Гімнотападобныя жывуць у прэсных водах Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. У большасці прадстаўнікоў падатр. цела моцна выцягнутае, сціснутае з бакоў, звычайна адсутнічаюць спінны і хваставы (можа быць маленькі) плаўнікі. У многіх відаў ёсць эл.органы (электрычны вугор). Карпавідныя жывуць у прэсных вадаёмах Еўразіі, Афрыкі і Паўн. Амерыкі. Некат. віды выходзяць у мора. Характэрная іх рыса — зубы размешчаны на ніжніх глоткавых касцях шчэлепнага апарата. Плавальны пузыр з двума ці больш аддзеламі, злучаны з кішэчнікам. На Беларусі 19 родаў, 25 відаў. Некат. віды інтрадукаваныя (амуры, таўсталобікі). Жывуць у рэках, азёрах, сажалках. 66 відаў і падвідаў К. у Чырв. кнізе МСАП, 2 віды (вусач і рыбец) — у Чырв. кнізе Беларусі.
Даўж. ад 2 см да 1,7 м. Цела ўкрыта цыклоіднай луской або голае. Маюць вебераў апарат. Брушныя плаўнікі за груднымі. Нераст вясной і ў пач. лета. Кормяцца беспазваночнымі, воднай расліннасцю, дэтрытам, ёсць драпежнікі (жэрах). Сярод К. многа прамысл. рыб, з іх на Беларусі пашыраны гусцяра, лешч, лінь, плотка, сазан, карп, карась залаты, карась сярэбраны і інш. Аб’екты промыслу, спарт. лоўлі, сажалкавага і акварыумнага развядзення, акліматызацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КУЛЬТУ́РНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ» ў Кітаі,
«Вялікая пралетарская культурная рэвалюцыя», палітычная кампанія 1966—76, якая праводзілася пад кіраўніцтвам старшыні ЦККамуністычнай партыі Кітая (КПК) Мао Цзэдуна для ўмацавання сваёй асабістай улады ў партыі і краіне. У 1964—65 Мао абвінаваціў парт. кіраўніцтва ў карупцыі і бурж. перараджэнні і заклікаў да «рэвалюцыянізацыі» кіт. грамадства. У пач. 1966 ім створана «Група па справах культурнай рэвалюцыі» на чале з Чэнь Бада і Цзянь Цын (жонкай Мао Цзэдуна). Пад шыльдай рэформы сістэмы адукацыі былі зачынены школы і ВНУ. З моладзі былі створаны групы хунвэйбінаў («чырвоных ахоўнікаў») і цзыафаней («бунтаўшчыкоў»), якія з вясны 1966 пад заклікам «скінуць аўтарытэты» разгарнулі кампанію тэрору і пагроз супраць інтэлігенцыі і парт. кіраўніцтва. 11-ы пленум ЦККПК (жн. 1966) абвясціў К.р. «новым, яшчэ больш шырокім этапам развіцця сацыялістычнай рэвалюцыі». Парт. і дзярж.органы былі падменены рэўкомамі. Рэпрэсіям падвергліся мільёны кітайцаў, у т. л. большасць парт. і дзярж. дзеячаў (Дэн Сяапін, Лю Шаоцы, Пэн Дэхуай і інш.). Адносіны паміж Кітаем і СССР у час К.р. пагоршыліся (гл.Савецка-кітайскі канфлікт 1968—69). 9-ы з’езд КПК (крас. 1969) зацвердзіў вынікі К.р. і абвясціў «ідэі Мао Цзэдуна» асновай дзейнасці партыі. У 1977 11-ы з’езд КПК абвясціў К.р. завершанай, але фактычна яна скончылася са смерцю Мао Цзэдуна ў вер. 1976. У 1981 12-ы з’езд КПК прызнаў правядзенне К.р. памылкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТу біялогіі,
адзін з асноўных органаў вышэйшых раслін, займае бакавое становішча па восі парастка і выконвае функцыі фотасінтэзу, транспірацыі і газаабмену. Складаецца з ліставой пласцінкі і чаранка (калі яго няма, Л. наз. сядзячым). Зверху і знізу пакрыты эпідэрмай з кутыкулай, часам з разнастайнымі валаскамі. Пад эпідэрмай знаходзіцца некалькі слаёў зялёнай тканкі (хларэнхімы), дзе адбываюцца асн.фізіял. працэсы — фотасінтэз і дыханне раслін. Праводзячыя пучкі праходзяць па жылках Л.: па драўніне (ксілеме) ад каранёў паступае вада і раствораныя ў ёй пажыўныя рэчывы, па лубе (флаэме) у інш.органы адцякаюць прадукты фотасінтэзу. Памеры Л. пераважна 3—10 см, але бываюць да 20 м (некат. пальмы). Часам відазмяняюцца ў калючкі, вусікі, лускавінкі або рэдукуюцца. Адрозніваюць простыя (з адной пласцінкай) і складаныя (з некалькімі пласцінкамі, што размешчаны перыста ці пальчата на агульнай восі). Форма Л. — характэрная адзнака віду і адлюстроўвае прыстасаванасць да пэўных экалагічных умоў — вільготнасці, асвятлення і інш. Працяг жыцця — ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў (напр., у лаўра 3—4, у елкі Шрэнка да 30 гадоў). Лістапад бывае паступовым ці амаль адначасовым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІГАЦЫ́ЙНЫ КО́МПЛЕКС,
сукупнасць бартавых навігацыйных прылад і апаратуры прыёму сігналаў ад навігацыйных сістэм, прызначаных для судна- і самалётаваджэння, эфектыўнага выкарыстання зброі ваен. лятальных апаратаў (ЛА) і караблёў. Аб’яднанне навігацыйных сістэм і прылад рознага прызначэння ў адзіны Н.к. робіцца з дапамогай ЭВМ, што павышае дакладнасць і надзейнасць іх работы, аўтаматызуе рашэнне навігацыйных задач. Н.к. — асн.тэхн. сродак навігацыі паветранай і марской навігацыі.
Выкарыстоўваюцца з канца 1950-х г. у сувязі са з’яўленнем ракетна-ядз. зброі. У 1970-я г. атрымалі пашырэнне аўтаматызаваныя Н.к., у склад якіх уваходзяць: інерцыяльная навігацыйная апаратура, інфармацыйна-вымяральныя прылады, спец.ЭВМ з выліч. і праграмнымі прыстасаваннямі, сродкі карэкцыі работы апаратуры, органы кіравання, прыстасаванні індыкацыі, трансляцыі і кантролю. Інфармацыйна-вымяральныя прылады даюць значэнні курсу, скорасці, пройдзенай адлегласці, вугла зносу (адхілення), вышыні палёту (глыбіні), вуглы крэну і тангажу (бартавой і кілевай гайданкі) і інш.; выліч. прыстасаванне аўтаматычна вызначае каардынаты аб’екта, робіць іх карэкцыю, улічвае уплыў ветру і цячэння, вызначае параметры манеўра і даныя для выкарыстання зброі; праграмнае прыстасаванне захоўвае навігацыйную інфармацыю, напр., каардынаты наземных станцый радыёнавігацыйных сістэм. У якасці сродкаў карэкцыі Н.к. выкарыстоўваюцца радыёнавігацыйныя сістэмы, бартавыя радыёлакацыйныя станцыі, астр., астранавігацыйныя і гідраакустычныя сістэмы. Спалучэнне Н.к. з аўтапілотам (пуцявым аўтаматам, аўтарулявым) забяспечвае паўаўтам. або аўтам. кіраванне ЛА (караблём) па зададзеным шляху, выкананне манеўраў і інш. У ваен. авіяцыі для навігацыі і выкарыстання зброі выкарыстоўваюць прыцэльна-навігацыйныя сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВУКАПАДО́БНЫЯ (Arachnida, або Arachnoidea),
клас беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з сілуру (каля 440 млн. гадоў назад). 13 атр.: жгутаногія, кляшчы, павукі, сальпугі, сенакосцы, скарпіёны, ілжэскарпіёны (Pseudoscorpiones, або Chelonethi), кененіі, або шчупальцаходавыя (Palpigradi), рыцынулеі (Ricinulei), тартарыды, або схізапельтыдыі (Tartarides, або Schizopeltidia), тэліфоны (Uropygi); каля 60 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна на сушы, некат. (вадзяныя кляшчы, вадзяны павук) у вадзе. На Беларусі найб. трапляюцца прадстаўнікі атр. кляшчоў, павукоў, сенакосцаў і інш. Некат. П. — паразіты, пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб, шкоднікі раслін і харч. запасаў.
Даўж. ад 0,1 мм да 17 см. Цела падзяляецца на галавагрудзі і брушка, укрыта кутыкулай. Афарбоўка разнастайная. Галавагрудзі не падзелены на сегменты, у большасці 6 пар канечнасцей; брушка пераважна сегментаванае. Ротавы апарат сысучага тыпу. Вачэй ад 1 да 5 пар (няма ў кененій, многіх кляшчоў, рыцынулей). З органаў пачуццяў найб. развіты дотык. Дыхаюць трахеямі, лёгкімі, радзей паверхняй цела. Крывяносная сістэма незамкнёная (у многіх кляшчоў няма). Органы выдзялення — каксальныя залозы і мальпігіевыя сасуды. Некат. (павукі, скарпіёны) маюць ядавітыя залозы. Пераважна драпежнікі. Раздзельнаполыя. Большасць адкладвае яйцы, некат. (кляшчы, скарпіёны) жывародныя. Звычайна 1, радзей 2—3 пакаленні за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВУКІ́, аранеі (Aranei) атрад беспазваночных жывёл кл. павукападобных тыпу членістаногіх. Вядомы з дэвону (каля 400 млн.г. назад). 3 падатр.: ліфістыяморфныя, або членістабрухія (Liphistiomorphae) мігаламорфныя, або П.-птушкаеды (Mygalomorphae), і вышэйшая аранеаморфныя, або двухлёгачныя (Araneomorphae). Больш за 27 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна на сушы. Вандроўныя не будуюць сховішчаў, аселыя селяцца ў норках і логавах. Пераважна начныя жывёлы. Актыўнасць залежыць ад т-ры і вільготнасці асяроддзя. На Беларусі каля 300 відаў з сям. вадзяных П. (Argironetidae), кругапрадаў (Araneidae), П.-бакаходаў (Thomisidae), П.-скакуноў (Salticidae), П.-цянётнікаў (Theridiidae) трубкавых (Desderidae) і інш.
Даўж. ад 0,7 мм да 11 см. Самкі большыя за самцоў. Афарбоўка разнастайная. Цела складаецца з укрытых шчытком галавагрудзей і брушка, якія злучаны кароткай сцяблінкай. Вачэй 4 пары. Канечнасцей 6 пар (хадзільных ног 4 пары, з іх дапамогай робяць лоўчыя сеткі, яйцавыя коканы). На канцах хеліцэраў адкрываюцца пратокі ядавітых залоз. На брушку бародаўкі (1—4 пары) з адтулінамі павуцінных залоз. Павуціна дыяметрам да 3—7∙10−3мм складаецца з бялку фібраіну; трываласць на разрыў да 260 кг/мм², мае ў сабе бактэрыцыдныя рэчывы. Есць органы дотыку, нюху, слыху. Для П характэрны складаныя паводзіны, некаторым уласцівы канібалізм. Драпежнікі. Кормяцца насякомымі, трапічныя птушкаеды — дробнымі птушкамі, жабамі, яшчаркамі, мышамі. Раздзельнаполыя. Самкі адкладваюць яйцы ў коканы або яйцавыя мяшкі, якія носяць з сабой і ахоўваюць. Гл. таксама Каракурт, Крыжавікі, Птушкаеды, Тарантулы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАЛЕТАРЫЯ́Т»,
назва 3 польскіх рэв.сацыяліст. арг-цый у 1880—90-я г. — пач. 20 ст. 1) «П.» Вялікі, Першы — першая паліт. партыя польскіх рабочых (1882—86). Засн. Л.Варынскім у Варшаве. Гурткі існавалі ў Каралеўстве Польскім, Пецярбургу, Маскве, Кіеве, Вільні, Віцебску, Пінску і інш. Праграма: марксісцкі аналіз капіталіст. ладу, барацьба за сацыялізм рэв. сродкамі. Тактыка: прапаганда сярод рабочых, арг-цыя забастовак, эканам. і паліт. тэрор. Узначальваўся ЦК (у 1884—85 ім кіравала ўраджэнка Беларусі М.У.Багушэвіч). Друкаваныя органы: газ. «Proletariat» («Пралетарыят»), час. «Walka klas» («Барацьба класаў»), Сувязі з групай «Вызваленне працы» і Благоева групай, саюз з «Народнай воляй» (1884). У 1884—86 партыя разгромлена паліцыяй, 5 чал. пакараны смерцю, многія зняволены.
2) «П.» Малы, Другі — сацыяліст.-рэв. партыя (1888—93), паслядоўніца «П.» Вялікага. Засн. Л.Кульчыцкім і М.Каспшакам. Прапаганда сярод рабочых, індывід. тэрор [у т. л. замах на варшаўскага ген.-губернатара І.У.Гурка (гл.Гуркі) у жн. 1892], У сак. 1893 «П.» уліўся ў Сацыял-дэмакратыю Каралеўства Польскага і Літвы, ч. членаў далучылася да Польскай сацыялістычнай партыі (ППС).
3) «П.» Трэці, Польская сацыяліст. партыя — «П.» (1900—09). Створаны групай левых на чале з Кульчыцкім, якая выйшла з ППС. Выступаў за аўтаномію Каралеўства Польскага і дэмакр. рэспубліку для ўсёй Расіі, гал. мэтай лічыў сацыяліст. рэвалюцыю і дыктатуру пралетарыяту. Тактыка: прапаганда, арганізацыя забастовак, індывід. тэрор. У 1909 спыніў існаванне.
Літ.:
Baumgarten L. Dzieje Wielkiego Proletariatu. Warszawa, 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСТВА,
прававая прыналежнасць асобы да пэўнай дзяржавы. У сілу грамадзянства на чалавека распаўсюджваюцца законы дзяржавы, грамадзянскія правы і абавязкі, а дзяржава ў сваю чаргу абараняе і апякае яго на сваёй тэрыторыі і па-за яе межамі. У дзяржавах з манархічнай формай праўлення тэрмін «грамадзянства» ўжываецца ў значэнні «падданства».
Грамадзянства Рэспублікі Беларусь — неад’емны атрыбут яе дзярж. суверэнітэту. Грамадзянамі Беларусі з’яўляюцца асобы, якія пастаянна пражывалі на тэр. Беларусі на дзень набыцця сілы Закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» ад 18.10.1991 або атрымалі яе грамадзянства ў адпаведнасці з гэтым Законам. Грамадзянства Рэспублікі Беларусь з’яўляецца роўным для ўсіх грамадзян незалежна ад падстаў яго набыцця. Дакументам, які сведчыць аб грамадзянстве, з’яўляецца пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Грамадзянін не можа быць пазбаўлены грамадзянства, як і ніхто з грамадзян краіны не можа быць адвольна пазбаўлены права змяніць грамадзянства. Набываецца грамадзянства па нараджэнні, у выніку прыёму ў грамадзянства, на інш. падставах, прадугледжаных міжнар. дагаворамі Рэспублікі Беларусь ці яе заканадаўствам аб грамадзянстве. Пражыванне грамадзяніна на тэр.інш. дзяржавы само па сабе не вядзе да страты грамадзянства. Грамадзянін не можа быць выдадзены інш. дзяржаве, калі гэта не прадугледжана міжнар. дагаворамі Беларусі. Спыняецца з прычыны выхаду з грамадзянства, з прычыны страты грамадзянства, на інш. падставах, прадугледжаных законам. Выхад з грамадзянства ажыццяўляецца па хадайніцтве асобы ў прадугледжаным законам парадку. Грамадзянства страчваецца, калі асоба набыла грамадзянства інш. дзяржавы ці паступіла на ваен. службу, у праваахоўныя і інш.дзярж.органы замежнай дзяржавы або калі грамадзянства Рэспублікі Беларусь было атрымана ёю незаконным шляхам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСТВЫ,
органымясц. самакіравання ў Рас. імперыі, створаныя паводле земскай рэформы 1864. На Беларусі ўведзены ў 1911 у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ. У З. пануючае становішча займалі памешчыкі; удзельнічалі прадстаўнікі буржуазіі (фабрыканты, купцы, заможныя сяляне), з цягам часу іх колькасць павялічвалася. Царскі ўрад, які баяўся ўплыву ліберальна-бурж. элементаў у З., перадаў ім толькі мясц.гасп. справы, што датычылі адпаведнай губерні ці павета. Аддзяленне гасп. спраў ад агульнай адміністрацыі драбіла мясц. кіраванне паміж казённымі і земскімі ўстановамі, што адмоўна адбівалася на ўсім ходзе мясц. дзейнасці. Асновай бюджэту З. было абкладанне падаткамі нерухомай маёмасці: зямель, дамоў, фабр.-зав. прадпрыемстваў і гандл. устаноў. Расходы З. падзяляліся на абавязковыя (дарожныя, кватэрныя і інш.) і неабавязковыя (на ахову здароўя і нар. асвету). Губернатар і міністр унутр. спраў мелі права затрымаць выкананне любой пастановы земскага сходу. Нягледзячы на абмежаванасць, З. садзейнічалі развіццю мясц. ініцыятывы, гаспадаркі і культуры. Яны адкрывалі на свае сродкі школы, бальніцы, урачэбныя ўчасткі, удзельнічалі ў расходах на ўтрыманне царк.-прыходскіх школ, арганізоўвалі вет. абследаванне і сан. нагляд, агранамічныя мерапрыемствы (стваралі склады с.-г. машын, насенныя і зернеачышчальныя пункты, доследныя палі), займаліся статыстыкай (гл.Земская статыстыка), страхаваннем, вогнеўстойлівым буд-вам, садзейнічалі развіццю саматужных промыслаў. Ліквідаваны пасля Кастр. рэвалюцыі.
Літ.:
Мыш М.И. Положение о земских учреждениях 12 июня 1890 г... СПб., 1894;
Веселовский Б.Б. История земства за сорок лет. Т. 1—4. СПб., 1909—11;
Слобожанин В.П. Земское самоуправление в Беларуси (1905—1917 гг.). Мн., 1994.