БАНФ (Banff),
бальнеакліматычны курорт у Канадзе. На ПнЗ ад г. Калгары, на схілах Скалістых гор. Горны клімат і тэрмальныя сульфідныя воды. Шматлікія гасцініцы, матэлі, кемпінгі. Буйны цэнтр турызму і адпачынку. Месца правядзення карнавалаў, спаборніцтваў па зімовых відах спорту, міжнар. канферэнцый, фестываляў мастацтваў; цэнтр першага ў Канадзе нац. парку Банф (з 1885, пл. 660 тыс. га).
т. 2, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНРЫО́ ((Hanriot) Франсуа) (1761—28.7.1794),
дзеяч франц. рэвалюцыі 18 ст., якабінец. Актыўны ўдзельнік паўстання 10.8.1792, якое скінула манархію. З мая 1793 начальнік Парыжскай нац. гвардыі, адзін з кіраўнікоў паўстання 31.5—2.6.1793, што прывяло да ўстанаўлення якабінскай дыктатуры. У час тэрмідарыянскага перавароту (27.7.1794) быў нерашучы ў арганізацыі супраціўлення. Пакараны смерцю тэрмідарыянцамі разам з М.Рабесп’ерам.
т. 1, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАТРЫ́ДЫ (ад грэч. apatris пазбаўлены бацькаўшчыны),
асобы, якія не маюць грамадзянства ніводнай краіны. Іх прававое становішча ў асноўным рэгулюецца нац. законамі дзяржаў і міжнар. пагадненнямі (канвенцыі аб статусе апатрыдаў 1954, аб скарачэнні безграмадзянства 1961 і інш.), якія прадугледжваюць устанаўленне для апатрыдаў статуса іншаземцаў і льготных умоў для набыцця імі грамадзянства краіны, дзе яны жывуць.
т. 1, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛОРУ́ССКАЯ ЗЕМЛЯ́»,
грамадска-палітычная і літ. газета. Выдавалася ў 1918 у Мінску на рус. мове. Афіц. выдавец — Саюз бел. арг-цый, фактычна была органам Народнага сакратарыята Беларусі. Першы нумар выйшаў 1.3.1918. Друкавала дакументы выканкома Савета Усебел. з’езда, пастановы, загады і аб’явы Нар. сакратарыята Беларусі і падначаленых яму органаў, артыкулы дзеячаў нац. руху. Выйшла некалькі нумароў.
т. 3, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНІКЕ́Р ((Deniker) Жазеф) (Іосіф Ягоравіч; 18.3.1852, г. Астрахань, Расія — 18.3.1918),
французскі антраполаг. З 1888 бібліятэкар Нац. музея прыродазнаўчай гісторыі ў Парыжы. Стварыў класіфікацыю чалавечых рас (1900), у якой упершыню паслядоўна праведзены прынцып вылучэння антрапал. тыпаў выключна па фіз. прыкметах; сур’ёзны недахоп гэтай класіфікацыі — адсутнасць гіст. падыходу, што не дае магчымасці прасачыць працэс узнікнення рас.
т. 6, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІ́ПАЛЬСКІ ПАЎВО́СТРАЎ (тур. Гелібалу),
паўвостраў у еўрапейскай частцы Турцыі. Абмываецца Эгейскім м. і пралівам Дарданелы. Даўж. 90 км, шыр. да 20 км. Складзены з пясчанікаў і глін. Рэльеф — узгоркавая раўніна, выш. да 374 м. Клімат субтрапічны, міжземнаморскі. Хваёвыя, кіпарысавыя і платанавыя гаі, міжземнаморскія хмызнякі. Нац. парк Гелібалу-Ярымадасы (засн. ў 1973). Порт Гелібалу.
т. 4, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЎЯ,
рака ў Латвіі. Даўж. 460 км. Пл. вадазбору 8900 км². Пачынаецца на Відземскім узв. Цячэ цераз шматлікія азёры, упадае ў Рыжскі зал. У раёне г. Валміера — г. Сігулда даліна глыбока ўрэзаная. Сярэдні расход вады 78 м³/с. Сплаўная. У бас. Гаўі — прыродны нац. парк Гаўя. На Гаўі гарады Стрэнчы, Валміера, Цэсіс, Сігулда.
т. 5, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖА́Я (Jaya, Djaja; да 1965 Карстэнс, да 1969 Сукарна),
горная вяршыня ў Інданезіі, на З в-ва Новая Гвінея, у гарах Маоке. Выш. 5029 м (самая высокая ў Акіяніі). Складзена з крышт. парод. З выш. 4400 м — вечныя снягі і ледавікі (агульная пл. каля 15 км²). Уваходзіць у склад нац. рэзервата Лорэнц.
т. 6, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАІ́МІС ((Zaimēs) Аляксандрас) (28.10.1855, Афіны — 15.9.1936),
дзяржаўны дзеяч Грэцыі. Атрымаў юрыд. адукацыю ў Германіі і Францыі. У 1896 і 1914—20 дырэктар грэч. нац. банка. Прэм’ер-міністр у 1897—99, 1901—02, 1915—17 (з перапынкамі), 1926—28; у 1929—35 прэзідэнт Грэцыі. Садзейнічаў дзярж. перавароту ў кастр. 1935, які прывёў да аднаўлення манархіі.
т. 6, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАСЕ́МІЦКАЯ ДАЛІ́НА (Yosemite Valley),
даліна р. Іасеміты-Крык (прыток р. Мерсед), на зах. схілах хр. Сьера-Невада (ЗША, штат Каліфорнія). Даўж. каля 11 км, шыр. 800—1600 м, глыб. да 1500 м. Стромкія схілы складзены з гранітаў, з адбіткамі ледавіковай апрацоўкі. Густыя хваёвыя лясы. Шматлікія вадаспады, у т. л. Іасеміцкі. Частка Іасеміцкага нац. парку.
т. 7, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)