СЕ́ЛІШЧА,

вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл., на скрыжаванні аўтадарог Слуцк—Івацэвічы і Слуцк—Капыль. Цэнтр Акцябрскага с/с і калект.-долевай гаспадаркі. За 9 км на З ад горада і чыг. ст. Слуцк, 114 км ад Мінска. 699 ж., 289 двароў (2001). Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму.

т. 14, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ТНІКІ,

вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Свіслач. Цэнтр Ананіцкага с/с і калгаса. За 15 км на Пн ад г. Мар’іна Горка, 55 км ад Мінска, 15 км ад чыг. ст. Пухавічы. 402 ж., 127 двароў (2001). Міжгасп. аб’яднанне «Ананічы», прадпрыемствы па памоле мукі і разліве спіртных напіткаў. Сярэдняя школа-сад, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 14, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАБІ́Н,

вёска ў Капыльскім с/с Капыльскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр с.-г. вытв. кааператыва. За 3 км на У ад г. Капыль, 128 км ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 498 ж., 200 двароў (2001). Дом культуры, б-ка. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі радовішча жвірова-пясчанага матэрыялу Скабін.

т. 14, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ГУБЕ́РНСКІ ВАЕ́ННА-РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т,

вышэйшы надзвычайны орган сав. улады на тэр. Мінскай губ. ў 1918—20.

Створаны 10.12.1918 у Мінску па ініцыятыве Паўн.-Зах. абл. к-та РКП(б). Старшыня І.​І.​Рэйнгольд. Меў аддзелы: ваенны, фінансаў, зямельны, СНГ, працы, харчавання, асветы, аховы здароўя, сац. забеспячэння, юстыцыі, ЧК і інш. Вёў работу па стварэнні на вызваленай ад герм. акупантаў тэр. губерні рэўкомаў і Саветаў, устанаўліваў і падтрымліваў рэв. парадак і законнасць. 7.1.1919 скасаваны ў сувязі з утварэннем БССР, аддзелы зліліся з камісарыятамі рэспублікі. 25.2.1919 адноўлены паводле пастановы ЦВК БССР у сувязі з утварэннем Літ.-Бел. ССР. Дзейнасць пашырыў і на Вілейскі пав. Віленскай губ. Старшыня І.​С.​Саваціеў. Рыхтаваў скліканне з’езда Саветаў Мінскай губ. 29.4.1919 скасаваны ў сувязі з пераездам урада Літ.-Бел. ССР з Вільні ў Мінск, аддзелы зліліся з наркаматамі, функцыі перайшлі да Савета абароны, СНК і інш. цэнтр. органаў рэспублікі. 26.7.1919 зноў адноўлены у Бабруйску ў сувязі з акупацыяй большасці тэр. Беларусі польск. войскамі, скасаваннем Савета абароны і згортваннем работы СНК Літ.-Бел. ССР. Старшыня Р.​В.​Пікель. У жн. 1919 спыніў дзейнасць у сувязі з акупацыяй губерні польскімі войскамі. Створаны зноў 9.7.1920 у сувязі з пачаткам вызвалення Мінскай туб. ад польск. войск. Старшыня А.​Р.​Чарвякоў. Вёў работу па стварэнні органаў сав. улады на вызваленай тэр., забеспячэнні харчаваннем і абмундзіраваннем Чырв. Арміі, аднаўленні прам-сці і сельскай гаспадаркі, па нарыхтоўцы і размеркаванні харчавання, аказанні дапамогі сем’ям чырвонаармейцаў, рабіў захады да адкрыцця школ, наладжвання аховы здароўя. Спыніў існаванне ў сувязі з прыняццем 31.7.1920 Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь і ўтварэннем Ваен.-рэв. к-та БССР. На базе аддзелаў рэўкома створаны камісарыяты ВРК БССР.

М.​І.​Камінскі.

т. 10, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВІ́НСКІ (сапр. Качароўскі) Адам Сямёнавіч

(11.9.1885, г.п. Панінка Палонскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 1937),

удзельнік рэв. руху ў Польшчы, Расіі і Беларусі, парт. і дзярж. дзеяч БССР. З 1907 чл. Варшаўскай арг-цыі СДКПіЛ. У 1907 і 1909 быў арыштаваны. З 1912 у Пецярбургу, дзе ў час Лют. рэвалюцыі 1917 узначальваў чырвонагвардзейскі атрад. потым Чырв. гвардыю Маскоўска-Застаўскага р-на Петраграда. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Петраградзе. Са студз. 1918 у Мінску, старшыня бюро Мінскай групы СДКПіЛ. У час ням. акупацыі Беларусі чл. Мінскага падп. райкома РК.П(б), са жн. 1918 чл. краявога к-та камуніст. арг-цый Беларусі і Літвы. Са снеж. 1918 нач. Мінскай гар. міліцыі, заг. Мінскага губ. аддзела ўпраўлення ўнутр. спраў, чл. Мінскага губ. ВРК. З лют. 1919 камісар 52-й (Зах.) стралк. дывізіі. У пач. 1920 арганізатар партыз. руху ў Мінскай губ., з мая 1920 нач. палітаддзела 57-й стралк. дывізіі, у ліп.—жн. 1920 старшыня Гродзенскага РВК. З 1921 нарком земляробства БССР, у 1924—28 прадстаўнік КПЗБ пры ЦК КП(б)Б, узначальваў Бюро дапамогі Кампартыі Зах. Беларусі пры ЦК КП(б)Б. У 1928—30 сакратар Мінскага акр. і гар. к-таў КП(б)Б, адначасова старшыня МОПРа БССР. У 1934—37 нач. палітаддзела Маск.-Бел.-Балт. чыгункі. Чл. ЦБ КП(б)Б у 1920—24, чл. ЦК КП(б)Б у 1925—32, чл. ЦК КПЗБ у 1926—35, чл. ЦК КПП з 1930, чл. ЦВК СССР у 1925—29, чл. ЦВК БССР у 1920—31, чл. Прэзідыума ЦВК БССР у 1922—24. 9.7.1937 арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1955.

А.​Ф.​Хацкевіч.

т. 14, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛЬТМАН (Стафан Лявонавіч) (4.10.1886, г. Замасць, Польшча — 20.9.1937),

рэвалюцыянер, дзярж. дзеяч БССР. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1912). У 1903—05 рэдактар час. «Glos» («Голас»). З 1915 у Мінску. Адзін з арганізатараў Польск. сацыяліст. аб’яднання, старшыня праўлення яго мінскай групы, заснавальнік і рэдактар яго органа «Prawda» («Праўда»), Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. бальшавіцкай фракцыі Мінскай гар. думы, камісар па польск. справах Зах. вобласці і фронту. У 1919 нам. наркома земляробства і лясной гаспадаркі Літ.-Бел. ССР, заг. аддзела Мінскага губрэўкома, з 1921 сакратар Польбюро ЦК РКП(б). У 1924—25 нарком земляробства, старшыня Дзяржплана, эканам. савета і нам. старшыні СНК БССР. З 1925 рэктар Камуніст. ун-та Беларусі ў Мінску, адначасова з 1927 заг. польск. сектара Ін-та бел. культуры. У 1930-я г. ў наркаматах земляробства і зернесаўгасаў СССР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1924—29, чл. ЦВК БССР у 1924—29, Прэзідыума ЦВК БССР у 1926—29. Аўтар прац па агр. пытанні Беларусі, пра ўдзел палякаў у Кастр. рэвалюцыі 1917 і інш. У 1937 арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956.

У.​М.​Міхнюк.

т. 5, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ПКІ,

горад, цэнтр Крупскага р-на Мінскай вобл., на р. Бобр. За 121 км ад Мінска, 6 км ад чыг. ст. Крупкі, на аўтадарозе Мінск—Масква. 8,7 тыс. ж. (1998).

З сярэдзіны 16 ст. мястэчка ў Аршанскім пав. Віцебскага ваяв. ВКЛ, уласнасць Сангушкаў. З 1793 у Рас. імперыі, у Бобрскай вол. Сенненскага пав. Магілёўскай губ. У 1859 пабудаваны млын з сукнавальняй, у 1896 — Крупская фабрыка запалкавай саломкі, у 1900 — лесапільны з-д. У 1989 1987 — 1593 ж., царква, пошта, царкоўнапрыходская школа, 24 крамы. З 1919 у Віцебскай губ., з 1923 у Аршанскім пав. З 1924 цэнтр Крупскага раёна. У 1933 заснаваны дрэваапр. арцель, ільнозавод, ветэрынарны тэхнікум. З 1938 у Мінскай вобл., з 27.9.1938 гар. пасёлак. З 1.7.1941 да 28.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут 1,8 тыс. чал. У 1977—5,5 тыс. ж. З 1991 горад.

Працуюць дрэваапр. камбінат, ільнозавод, пладова-агароднінны з-д. Брацкія магілы: партызан; сав. воінаў; сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Бюст лётчыка-касманаўта У.В.Кавалёнка. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (пач. 20 ст.).

т. 8, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ХЦІЧЫ,

вёска ў Сямёнавіцкім с/с Уздзенскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 5 км на ПнЗ ад Узды, 79 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Негарэлае. 538 ж., 221 двор (1998).

У 2-й пал. 16 ст. сяло і двор (цяпер пас. Першамайск) у Менскім пав. ВКЛ. Да 17 ст. ўласнасць Кавячынскіх, якія на тэр. двара ў сярэдзіне 16 ст. пабудавалі кальвінскі збор (з 17 ст. касцёл і капліца-пахавальня). З 1590 мястэчка. У 17—19 ст. уласнасць Завішаў. З 1793 у складзе Рас. імперыі ў Ігуменскім пав Мінскай губ. У 1795 у К. 51 двор, у пач. 19 ст. 417 ж., 55 двароў, бровар, млын, кузня, медная ф-ка (1827). У 1-й пал. 19 ст. замест драўлянага пабудаваны мураваны сядзібны дом. У 2-й пал. 19 ст. ў К. жыў археолаг і этнограф Я.К.Завіша. У 1897 у вёсцы 817 ж., 118 двароў, царква, магазін. У 1972 у К. 742 ж., 239 двароў.

Пачатковая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

В.​Шаблюк.

т. 9, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІГО́РСК,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Салігорскага р-на Мінскай вобл., на беразе Салігорскага вадасховішча. За 132 км на Пд ад Мінска. Канцавая чыг. ст. веткі ад Слуцка, на аўтадарозе Слуцк—Мікашэвічы. 101,9 тыс. ж. (2001).

Засн. ў 1958 як пас. Новастаробінск на месцы в. Вішнёўка Старобінскага р-на Мінскай вобл. ў выніку прамысл. распрацоўкі пакладаў калійных солей і буд-ва калійнага камбіната. З жн. 1959 рабочы пас. С., са снежня 1962 у Любанскім р-не. У 1963—79 уведзены ў эксплуатацыю 4 калійныя камбінаты. З 1963 горад абл. падпарадкавання, з 1965 цэнтр Салігорскага р-на. У 1978—60 тыс. жыхароў.

У горадзе працуюць ВА «Беларуськалій», прадпрыемствы лёгкай прам-сці «Калінка» і Салігорская фабрыка трыкатажнай бялізны «Купалінка», ліцейна-мех. з-д «Універсал», буд. арг-цыя «Салігорскпрамбуд», домабуд. камбінат, прадпрыемства «Шахтаспецбуд». Салігорскі горна-хімічны тэхнікум, пед. каледж, 2 ПТВ, 4 б-кі, Салігорскі краязнаўчы музей, Палац культуры, Дом культуры. Помнікі Героям Сав. Саюза В.​З.​Каржу, В.​І.​Казлову, скульпт. кампазіцыі шахцёрам-першапраходцам і ў гонар заснавання горада.

Горад Салігорск. Праспект Міру.

т. 14, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТАПКО́ВІЧ (Мікалай Іванавіч) (н. 25.1.1954, г. Жодзіна Мінскай вобл.),

бел. спартсмен і трэнер (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту (1975), засл. трэнер Беларусі (1993). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1975). Чэмпіён свету 1975 (байдарка-двойка, 500 м), 1981 (байдарка-двойка, 10 000 м) і 1983 (байдарка-чацвёрка, 10 000 м), сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету ў 1974, 1977, 1979, 1982. Неаднаразовы чэмпіён СССР.

т. 2, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)