КАТО́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 27 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,56 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 660 м, найб. глыб. 22,9 м, даўж. берагавой лініі каля 3,4 км. Пл. вадазбору 59,6 км². Схілы катлавіны выш. 10—19 м (на Пн і У да 6 м), пераважна разараныя. Берагі выш. да 0,2 м, пясчаныя, па Пн і З зліваюцца са схіламі. Дно да глыб. 3—3,5 м (на Пд да 5,5—8 м) пясчанае і іліста-пясчанае, ніжэй — ілістае. Шыр. паласы падводнай расліннасці 20—25 м, на ПдУ да 75 м. На Пд упадае р. Дзіва, выцякае ручай у р. Лукомка.

т. 8, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДРА́С (дацкае Landrace ад land зямля, краіна + гасе парода),

беконная парода свіней. Выведзена ў Даніі ў канцы 19 ст. скрыжаваннем мясц. свіней з буйной белай пародай шляхам працяглай паглыбленай селекцыі. Разводзяць у Скандынавіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Н. Зеландыі, Бразіліі. На Беларусь Л. завезены са Швецыі ў 1948 г. Выкарыстоўваюць для прамысл. скрыжавання (буйная белая + беларуская чорна-пярэстая парода + Л.). Асн. лініі: Атлас, Бром, Байкал, Элегант.

Даўж. самцоў да 185 см, свінаматак да 170 см, маса адпаведна да 350 і 230 кг. Масць белая. Тулава выцягнутае, галава невял., вушы доўгія. Сцёгны добра развітыя. Мяса ў тушы да 58%. Якасць бекону высокая. Плоднасць да 12 парасят за апарос.

Ландрас.

т. 9, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМУЗІ́НСКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы, парода мяснога кірунку. Выведзена ў Францыі ў канцы 19 ст. шляхам паляпшэння аквітанскай жывёлы (правінцыя Лімузен). На Беларусі вытворнікаў гэтай пароды выкарыстоўваюць на племзаводзе «Прыазёрны» Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.

Выш. быкоў у карку да 138 см, маса да 1150 кг, кароў адпаведна да 128 см і 640 кг. Будова цела моцная. Галава кароткая, лоб шырокі, рогі тонкія, закругленыя. Шыя кароткая, тоўстая, грудзі шырокія. Спіна шырокая, роўная. Ногі сярэдняй даўжыні, моцныя. Масць чырв. з адценнямі ад залаціста-рыжай да чырвона-бурай. Малочнасць кароў да 1800 кг з 5% тлушчу. Гадавалыя бычкі могуць дасягаць масы 450—500 кг. Мяса з унутрымускульным тлушчам.

Бык лімузінскай пароды.

т. 9, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́РНСТА ТЭАРЭ́МА,

адно з асн. палажэнняў тэрмадынамікі, якое вызначае характар змены энтрапіі тэрмадынамічнай сістэмы пры т-рах, блізкіх да абсалютнага нуля. Паводле Н.т. прырашчэнне энтрапіі ΔS пры любых абарачальных ізатэрмічных працэсах, што адбываюцца паміж раўнаважнымі станамі пры т-ры, якая набліжаецца да абсалютнага нуля, імкнецца да нуля: lim T→0 ΔS = 0 . Устаноўлена В.Нернстам (1906). Вядзе да шэрагу важных тэрмадынамічных вынікаў (напр., недасягальнасць абсалютнага нуля, імкненне цеплаёмістасці і каэфіцыентаў цеплавога расшырэння цвёрдага цела да нуля пры T → 0), таму ў больш агульным сэнсе яе наз. трэцім законам тэрмадынамікі. Мае важнае значэнне ў крыягеннай тэхніцы для дасягнення звышнізкіх т-р і ў фіз. хіміі для разліку хім. раўнавагі.

т. 11, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРФЯ́НЕ старажытнаіранскія плямёны, якія ў 1-м тыс. да н.э. і ў першыя стагоддзі н.э. жылі на ПдУ ад Каспійскага м. (цяпер тэр. Паўд. Туркменістана і Харасана). Размаўлялі на адной з іран. моў, займаліся пераважна земляробствам (ірыгацыйныя збудаванні ў Парфіі вядомы з пач. 1-га тыс. да н.э.). Уваходзілі ў Мідыйскае царства, у час праўлення Кіра II — у Ахеменідаў дзяржаву. У 320-я г. да н.э. заваяваны Аляксандрам Македонскім, з 281 да н.э. ў складзе дзяржавы Селеўкідаў. Каля 250 да н.э. на землях П. узнікла самаст. Парфянскае царства. Пісьменства П. створана на аснове арамейскага алфавіта. Парфянскай мовай карысталіся ў 3—4 ст. н.э. пры Сасанідах, каля 6 ст. яе выцесніла перс. мова.

т. 12, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУГАЧЫ́ (Bubo),

род птушак сям. савіных атр. совападобных. 12 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Аўстраліі і Антарктыды. Жывуць у лясах, стэпах, пустынях, у гарах да выш. 4700 м. Актыўныя ўначы. На Беларусі 1 від — П. звычайны (B. bubo), рэдкая аселая і вандроўная птушка. Трапляецца часцей на Палессі ў лясах. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 75 см, размах крылаў да 180 см, маса да 3,2 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне рыхлае, рыжавата-жаўтаватае ці белаватае з падоўжнымі і папярочнымі плямкамі, зверху цёмнае, знізу светла-жоўтае, пёравыя «вушкі» чорныя ці з папярочным малюнкам. Радужына вачэй чырванавата-аранжавая або карая. Дзюба і кіпцюры чорныя. Ногі моцныя, пальцы апераныя. Драпежнікі. Адкладваюць да 6 яец.

Пугач звычайны.

т. 13, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКУ́НСЫ, смярдзючкі (Mephitinae),

падсямейства млекакормячых сям. куніцавых атр. драпежных. 3 роды: С. паласатыя (Mephitis), 2 віды; С. плямістыя (Spilogale), 2 віды; С. свінаносыя (Conepatus), 6—7 відаў. Пашыраны ў Паўн. і Цэнтр. Амерыцы. Жывуць у розных біятопах, ад лясоў да пустынь. У паўн. ч. арэала зімой упадаюць у спячку.

Даўж. цела да 49 см, хваста да 44 см, маса да 4,5 кг. Сакрэт анальных залоз з агідным стойкім смуродам (адпужвае ворагаў) — адсюль другая назва. Кормяцца пладамі, ягадамі, насякомымі, птушкамі, дробнымі млекакормячымі. Палігамы; нараджаюць да 10 (звычайна 5—6) дзіцянят за год. С. паласаты (M. mephitis) — аб’ект пушнога промыслу і развядзення.

Э.​Р.​Самусенка.

Скунсы: 1 — паласаты; 2 — плямісты; 3 — свінаносы.

т. 14, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́СНА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ловаць, за 37 км, на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 1,02 км², даўж. 1,5 км, найб. шыр. 1 км, найб. глыб. 5,1 м, даўж. берагавой лініі 4,1 км. Пл. вадазбору 260 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 2—5 м, месцамі 7 м, параслі хмызняком, на ПдУ разараныя. Берагі нізкія, параслі балотнай расліннасцю і хмызняком. Дно выслана пяском (да глыб. 1—2 м), апясчаненым ілам (да 3—4 м), глыбей сапрапелем. Уздоўж берагоў перарывістая паласа надводнай расліннасці шыр. да 8 м, пашырана да глыб. 0,7 м; да глыб. 1,5 м растуць ірдзесты. Ловаць цячэ праз возера і злучае яго з воз. Мяжа.

т. 15, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУРКІ́ (Marmota),

род грызуноў сям. вавёркавых. Вядомы з верхняга міяцэну (каля 5 млн. г. назад). 14 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць у адкрытых ландшафтах, у гарах; селяцца ў норах. Зімой упадаюць у спячку. Некат. віды — пераносчыкі і носьбіты ўзбуджальніка чумы і інш. 2 віды: С. Мензбіра (M. menzbieri) і С. ванкуверскі (M. vancouverensis) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. цела да 70 см, хваста да 25 см; маса да 9 кг. Афарбоўка ад светлай пясчана-вохрыстай да цёмна-бурай і вохрыста-рыжай. Тулава нязграбнае. Вушы кароткія. Кіпцюры моцныя. Расліннаедныя. Нараджаюць да 10 (звычайна 4—6) дзіцянят за год. Некат. віды — аб’екты промыслу. Гл. таксама Байбак, Тарбаган.

Э.​Р.​Самусенка.

Сурок альпійскі.

т. 15, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫЯНО́НСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1920.

Падпісаны 4 чэрв. ў Вял. Трыянонскім палацы Версаля (каля Парыжа) паміж краінамі, што перамаглі ў 1-й сусв. вайне, і Венгрыяй (б. саюзніца Германіі); частка версальска-вашынгтонскай сістэмы мірнага ўрэгулявання пасля 1-й сусв. вайны. Паводле дагавора тэр. Венгрыі скарацілася ў 3 разы (Трансільванія і ўсх. частка Баната далучаны да Румыніі, Харватыя, Бачка і зах. частка Баната — да Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў, Славакія і Закарпацкая Украіна — да Чэхаславакіі, прав. Бургенланд — да Аўстрыі), а насельніцтва — у 2,5 раза. У Венгрыі скасоўвалася ўсеагульная воінская павіннасць, колькасць яе арміі скарачалася да 35 тыс. чал. Прадугледжвалася выплата Венгрыяй рэпарацый. Набыў сілу 26.7.1921; страціў сілу ў выніку Венскіх арбітражаў 1938 і 1940.

т. 16, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)