КА́МЕРА ЗГАРАННЯ,

замкнёная прастора для спальвання газападобнага, вадкага або цвёрдага паліва. Спальванне адбываецца перыядычна (напр., у поршневых рухавіках унутр. згарання) ці неперарыўна (у газатурбінных і рэактыўных рухавіках).

К.з. поршневага рухавіка ўтвараецца ўнутр. паверхняй галоўкі цыліндра і днішчам поршня; у газатурбінных рухавіках К.з. звычайна ўбудоўваецца непасрэдна ў рухавік. Асн. патрабаванні: устойлівасць працэсу гарэння, высокая цепланапружанасць і паўната згарання паліва, найменшыя цеплавыя страты і інш. Гл. таксама Камерная печ.

т. 7, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПРЭ́С (франц. compresse ад лац. compressus сціснуты),

спецыяльная лячэбная мнагаслойная павязка. Бывае К. сухі (ватна-марлевы), накладаецца на балючую ці пашкоджаную ч. цела (рана, апёк) для аховы ад вонкавых раздражненняў ці адсмоктвання вадкасці з раны; вільготна-халодны (прымочка), гарачы (прыпарка), сагравальны (вільготная матэрыя, пакрытая воданепранікальнай паперай ці цыратай і слоем ваты), ужываецца пры запаленчых працэсах. У лек. К. да вады дабаўляюць лекі (мазь, пасту, навакаін і інш.).

т. 7, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНА́Р,

вадасховішча ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., паміж вёскамі Убалаць і Зеляночы. Створана ў 1979. Пл. 0,38 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 3,7 м, аб’ём вады 1,08 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 2.5 км. Дно пясчанае. Напаўняецца вадой за кошт сцёку р. Ненач па напорным трубаправодзе. Гадавая амплітуда вагання ўзроўню вады 1,5 м. Выкарыстоўваецца для двухбаковага рэгулявання і ўвільгатнення глебы.

т. 7, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДАМІ́Н ((Condamine) Шарль Мары дэ ла) (28.1.1701, Парыж — 4.2.1774),

французскі астраном, геадэзіст і падарожнік. Чл. Парыжскай АН (1760). Ганаровы чл. Пецярбургскай, Берлінскай і інш. акадэмій. У 1733—43 прымаў удзел у Перуанскай экспедыцыі па вымярэнні дугі мерыдыяна даўж. больш як 3° у Андах. Гэта вымярэнне разам з вынікамі работ Лапландскай экспедыцыі (1735—44) паслужыла асновай для дакладнага вызначэння сплюшчанасці Зямлі. Склаў параўнальна дакладную карту р. Амазонка.

т. 7, с. 577

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТАНЦІ́НАЎ (Аўгуст Уладзіміравіч) (21.8.1929, г. Архангельск, Расія — 6.2.1979),

бел. вучоны ў галіне генетыкі і цыталогіі. Д-р біял. н. (1973). Скончыў Ленінградскі ун-т (1954). З 1961 у БДУ (з 1972 заг. кафедры). Навук. працы па эксперым. даследаванні гаметагенезу ў некат. культ. раслін, параўнальным вывучэнні мітозу і меёзу ў раслін. Аўтар падручнікаў для ВНУ.

Тв.:

Общая цитология. 2 изд. Мн., 1968;

Цитогенетика. Мн., 1971;

Мейоз. Мн., 1971.

т. 7, с. 593

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НТАР (ад лац. cantor спявак),

першапачаткова пеўчы ў касцёле, пазней — спявак у прыдворнай капэле, настаўнік музыкі ў каталіцкіх і пратэстанцкіх духоўных навуч. установах, гар. школах. У пратэстантаў К. ствараў таксама музыку для царк. службаў і гар. урачыстасцей і кіраваў муз. выкананнем. Часам К. узначальваў усё муз. жыццё горада (да канца 18 ст.; напр., І.​С.​Бах). У яўр. сінагозе — гал. спявак хору (наз. таксама хазан).

т. 7, с. 603

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТРА́ЛЬТА (італьян. contraito),

нізкі жаночы голас. Дыяпазон f/g/—a​2. Найб. выразны і характэрны рэгістр — грудны (да a​1). Сярод оперных партый, напісаных для К.: Вольга («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Канчакоўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), партыі хлопчыкаў-падлеткаў і юнакоў: Ваня, Ратмір («Іван Сусанін» і «Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Лель («Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Керубіна («Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта), Саўка («Марынка» Р.​Пукста).

т. 8, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПТУ́Р,

традыцыйны бел. галаўны ўбор замужніх жанчын; паўшарападобная ці плоская прызбораная на патыліцы шапачка з вушкамі, да якіх прышывалі стужкі для завязвання пад барадой. Бытаваў у Цэнтр. і Зах. Беларусі да пач. 20 ст. Шылі з фабр. тканін пераважна чырвонай гамы; вушкі і перад аздаблялі вышыўкай, тасьмой, рознакаляровымі стужкамі, бісерам. Надзявалі на тканку (круглы валік, на які накручвалі валасы), зверху часта завівалі намітку, завязвалі хустку.

т. 8, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́РА (Carrara),

горад у Цэнтр. Італіі, у вобласці Таскана, за 6 км ад берага Лігурыйскага м. 68 тыс. ж. (1987). Са старажытнасці вядомы кар’ерамі белага (Карарскага) мармуру; каля палавіны занятых у прам-сці працуюць на яго здабычы і апрацоўцы. Прадпрыемствы хім. і металаапр. прам-сці. Вытв-сць машын для апрацоўкі мармуру. Школа маст. апрацоўкі мармуру. Акадэмія прыгожых мастацтваў (з 1769). Арх. помнікі 12—14 ст. Музей.

т. 8, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДА́ННЫ ШАРНІ́Р,

механізм, які забяспечвае вярчэнне двух валоў, размешчаных пад пераменным вуглом адносна адзін аднаго. Бывае жорсткі (рухомае злучэнне звёнаў) і пругкі (пругкае злучэнне); сінхронны (вярчэнне валоў з пастаяннай скорасцю) і асінхронны (нераўнамернае вярчэнне выхаднога вала). Паслядоўнае злучэнне К.ш. наз. карданнай перадачай. Выкарыстоўваецца ў прыладах (гл. Гіраскоп), станках, трансп. машынах і інш.

Карданны шарнір: 1 — вілка; 2 — апора для цапфы крыжавіны; 3 — накрыўка; 4 — крыжавіна.

т. 8, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)