ПАКІСТА́Н, Ісламская Рэспубліка Пакістан (урду Джамхурыят Ісламі Пакістан, англ. Islamic Republic of Pakistan),
дзяржава ў Паўд. Азіі. Мяжуе на З з Іранам, на Пн з Афганістанам і Кітаем, на У з Індыяй; на Пд абмываецца Аравійскім м.Пл. 803,9 тыс.км². Нас. 138,1 млн.чал. (1999). Дзярж. мовы — урду і англійская, шырока ўжываюцца мовы пенджабі, сіндхі, пушту. Сталіца — г.Ісламабад, найб. гарады, гал.эканам. цэнтры — Карачы і Лахор. Падзяляецца на 4 правінцыі і Федэральную сталічную тэрыторыю. На Пн уключае частку Кашміра, спрэчную з Індыяй. Нац. святы — Дзень незалежнасці (14 жн.), Дзень Пакістана (23 сак.).
Дзяржаўны лад. П. — парламенцкая федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1973 (з папраўкамі). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (мусульманін), які выбіраецца калегіяй выбаршчыкаў з дэпутатаў парламента і прадстаўнікоў заканад. сходаў 4 правінцый тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту — Нац. асамблеі [237 дэпутатаў, з якіх 217 выбіраюцца насельніцтвам тэрмінам на 5 гадоў, а 20 (жанчыны) — новым складам Нац. асамблеі] і сенату (87 членаў выбіраюцца заканад. сходамі правінцый на 6 гадоў). Кожныя 3 гады абнаўляецца палавіна складу сената. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам, які выбіраецца большасцю галасоў Нац. асамблеі.
Прырода. На Пн адгор’і Гімалаяў і Гіндукуша выш.да 5—7 тыс.м (г. Тырычмір, 7690 м). На З — Сулейманавы горы, хрыбты Макрана, нагор’е Белуджыстана. На У ад горных раёнаў раўніна р. Інд — частка Інда-Гангскай раўніны. На граніцы з Індыяй пустыня Тар.
У гарах на Пн і З бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: прыродны газ, храміты, буры вугаль, нафта, каменная соль, буд. матэрыялы. Клімат сухі, трапічны на Пд, субтрапічны на Пн. Т-ра паветра на раўніне ад 10 да 20 °C у студз., ад 30 да 40 °C у ліп.—жніўні. Ападкаў 250—750 мм за год, у гарах да 1500 мм за год. Асн. рака Інд з найб. прытокам Сатледж. Расліннасць паўпустынная і пустынная: вярблюджая калючка, салянкі, палыны і інш.; на схілах гор — ядловец, астрагал, чый. Лясы на невял. плошчы ў гарах. Жывёльны свет разнастайны: персідская газель, дзікія казлы, бараны і аслы; шакалы, гіены і інш. Шмат птушак і насякомых. Нац. парк — Кіртхар і Лал-Суханра; шматлікія запаведнікі і заказнікі.
Насельніцтва. П. — шматнацыянальная краіна. Найб. народы належаць даінд. групы індаеўрапейскай моўнай сям’і: панджабцы (каля 85 млн.чал., пераважна прав. Пенджаб), пуштуны (каля 22 млн.чал., раёны на ПнЗ), сіндхі (каля 17 млн.чал., паўд.ч. даліны Інда), белуджы (каля 4,5 млн.чал., Белуджыстан). Жывуць таксама брагуі, кхо, кахістанцы, выхадцы з Індыі і Ірана. Амаль усе вернікі мусульмане (сунітаў 77%, шыітаў 20%). Сярэднегадавы прырост 1,7% (1999). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 171,8 чал. на 1 км², найб. на арашальных землях у даліне Інда і яго прытокаў — да 500 чал. на 1 км², у гарах і пустынных раёнах — каля 10—20 чал. на 1 км²Гар. насельніцтва 35%. Буйнейшыя гарады (млн.ж., з прыгарадамі, 1999): Карачы — 9,7, Лахор — 5, Фейсалабад — 1,8. Больш за 1 млн. жыхароў у гарадах Хайдарабад, Равалпіндзі, Мултан, амаль па 1 млн. жыхароў у гарадах Пешавар і Гуджранвала. У сельскай гаспадарцы занята 47% працаздольных, у прам-сці — 17%, астатнія ў абслуговых галінах. Шмат пакістанцаў працуюць у нафтаздабыўных краінах Б. Усходу.
Гісторыя. Тэр. П. заселена чалавекам з глыбокай старажытнасці. У 4-м тыс.дан.э. ў даліне р. Інд узніклі ачагі земляробства, у 3—2-м тыс.дан.э. — высокаразвітая Інда даліны цывілізацыя. У 2-м тыс.дан.э. гэтую тэр. заваявалі плямёны індаарыяў; у 6—5 ст.дан.э. ўваходзіла ў склад Ахеменідаў дзяржавы, у 327—326 дан.э. заваявана войскамі Аляксандра Македонскага, а пасля яго смерці ўваходзіла ў Маур’яў дзяржаву. У 2—1 ст.дан.э. — ч.Грэка-Бактрыйскага царства, у 1—3 ст.н.э. — Кушанскай дзяржавы. У час арабскіх заваяванняў 7—9 ст.паўд. раёны П. ўвайшлі ў Амеядаў халіфат (1-я пал. 8 ст.). З гэтага часу пашырыўся іслам. У канцы 10—11 ст. даліна Інда ў складзе дзяржавы Газневідаў, у 1186—1206 — Гурыдаў, у 1206—1525 — Дэлійскага султаната, у 16 — пач. 18 ст. — Магольскай імперыі. У сярэдзіне 18 ст. даліну Інда заваяваў афганскі шах Ахмад-шах Дурані [1747—73]. Пасля распаду яго дзяржавы ў Пенджабе ўзнікла некалькі сікхскіх княстваў, якія былі аб’яднаны ў адзіную дзяржаву махараджам Ранджыт Сінгхам [1799—1839]. Тэр. Белуджыстана аб’яднаў пад сваёй уладай хан Калата — Насір-хан Белудж, у Сіндзе існавалі асобныя эміраты. У 1843 англічане заваявалі Сінд, у 1845—49 анексіравалі Пенджаб, да канца 19 ст. падпарадкавалі Белуджыстан і раёны ўсх.-пуштунскіх плямён. Да 1947 П. быў ч.Брыт. Індыі. У 1906 створана Мусульманская ліга (МЛ), якая выражала інтарэсы мусульм. меншасці Індыі. З канца 1930-х г. МЛ адстойвала патрабаванне падзелу Брыт. Індыі з мэтай стварэння асобнай дзяржавы інд. мусульман. Паводле Маўнтбетэна плана з Брыт. Індыі вылучана асобная дзяржава — П. з пераважна мусульм. насельніцтвам. Пры падзеле загінулі і сталі бежанцамі мільёны людзей.
15.8.1947 абвешчана незалежнасць П. ў складзе Брыт. Садружнасці, яго першы ген.-губернатар М.А.Джына, прэм’ер-міністр Ліякат Алі Хан. Да 1971 складаўся з Зах. і Усх. П., аддзеленых адзін ад аднаго тэр. Індыі. У маі 1956 прынята першая канстытуцыя П., якая абвясціла яго федэратыўнай рэспублікай. Няўстойлівасць грамадз. урадаў П. прывяла даваен. перавароту 8.10.1958. Кіраўніком П. стаў ген. М.Аюб Хан, які кіраваў краінай амаль як неабмежаваны правіцель. Яго ўрад узяў курс на развіццё прам-сці і сельскай гаспадаркі, правёў агр. рэформу, у выніку якой абмежавана буйное феад. землеўладанне. Новая канстытуцыя, прынятая 1.3.1962, усталявала сістэму ўскосных выбараў у заканад. органы ўлады, легалізавала паліт. партыі. У 1965 Аюб Хан абраны прэзідэнтам. У сак. 1969 ён перадаў уладу ген. А.М.Ях’я Хану, пры якім у снеж. 1970 адбыліся першыя ў гісторыі П. ўсеаг. выбары. У выніку выбараў большасць месцаў у парламенце атрымала ўсх.-пакістанская Нар. ліга (НЛ); Пакістанская нар. партыя (ПНП), якая дамінавала ў Зах. П., заняла 2-е месца. Сітуацыя ва Усх. П., насельніцтва якога было незадаволена перавагай выхадцаў з Зах. П. ва ўрадзе краіны, абвастрылася. Адмова ваенных перадаць уладу НЛ прывяла да абвяшчэння ў сак. 1971 ва Усх. П. Нар. Рэспублікі Бангладэш. Пасля ўзбр. ўмяшання Індыі пакістанскія войскі ва Усх. П. ў снеж. 1971 капітулявалі. 20.12.1971 Ях’я Хан перадаў уладу лідэру ПНП З.А.Бхута, пад кіраўніцтвам якога ажыццёўлена праграма сац.-эканам. пераўтварэнняў: новая агр. рэформа, нацыяналізацыя вядучых галін прам-сці і банкаў. П. выйшаў з СЕАТО (1972) і Брыт. Садружнасці, прызнаў незалежнасць Бангладэш (1974) і пашырыў супрацоўніцтва з СССР; ідэалогіяй ПНП абвешчана канцэпцыя «ісламскага сацыялізму». У жн. 1973 прынята 3-я канстытуцыя П., якая абвясціла іслам дзярж. рэлігіяй, а краіну — Ісламскай Рэспублікай П. Б.ч. паўнамоцтваў прэзідэнта былі перададзены прэм’ер-міністру. На фоне абвастрэння ўнутрыпаліт. становішча 5.7.1977 адбыўся дзярж. пераварот. Ваен. рэжым на чале з ген. М.Зія-уль-Хакам (прэзідэнт П. з вер. 1977) змяніў унутр. і знешні курс П. Некаторыя нацыяналізаваныя прадпрыемствы вернуты б. уладальнікам, уведзена надзвычайнае становішча. У 1985 ухвалены папраўкі да канстытуцыі, якія давалі прэзідэнту надзвычайныя паўнамоцтвы. У жн. 1988 Зія-уль-Хак загінуў у авіяц. катастрофе. На парламенцкіх выбарах перамагла ПНП на чале з Б.Бхута. Але прэзідэнт Г.Ісхак Хан абвінаваціў урад Бхута ў недзеяздольнасці і карупцыі і ў жн. 1990 распусціў парламент. На выбарах 1993 зноў перамагла ПНП. Новыя выбары ў лют. 1997 скончыліся перамогай Пакістанскай мусульм. лігі на чале з М.М.Н.Шарыфам, які ў 1990—93 быў прэм’ер-міністрам П. Даўні канфлікт П. і Індыі з-за Кашміра абвастрыўся. Пасля інд. выпрабаванняў ядз. зброі ў маі 1998 П. правёў уласныя ядз. выпрабаванні. Намаганні Шарыфа сканцэнтраваць усю ўладу ў сваіх руках абвастрылі яго адносіны з арміяй. 12.10.1999 ваенныя скінулі Наваз Шарыфа і распусцілі парламент. Новым кіраўніком П. стаў ген. П.Мушараф. П. — чл.ААН з 1947. Дыпламат. адносіны паміж П. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1994.
У П. дзейнічаюць паліт. партыі: Пакістанская нар. партыя, Пакістанская мусульм. ліга.
Гаспадарка П. — аграрна-індустр. дзяржава з шматукладнай эканомікай. Валавы нац. прадукт — 270 млрд.дол., каля 2000 дол. на душу насельніцтва (1998). У прам-сці важную ролю адыгрывае дзярж. сектар. Эканоміка перажывае перыяд пераходу ад дзярж. рэгулявання да свабоднага рынку. Праводзяцца дэнацыяналізацыя і прыватызацыя дзярж. сектара. Расце роля прыватных манапал. аб’яднанняў. У сельскай гаспадарцы ствараецца 24% валавога нац. прадукту, у прам-сці — 26%. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 60 млн.га зямель, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 21,7 млн.га, пад пашай — каля 40 млн.га. Арашаецца 17,1 млн.га, што дазваляе збіраць 2—3 ураджаі за год. Зямля ў асн. належыць памешчыкам і буйным фермерам, сяляне — пераважна арандатары. Харч. культуры займаюць каля 80% пасяўной плошчы. Валавы збор (млн.т, 1997): пшаніцы — 16,7, рысу — 4,3, кукурузы — 1,3, цукр. трыснягу — 41,9. Вырошчваюць таксама бавоўнік (займае больш за 10% пасяўной пл.), прасяныя культуры (баджра, джавар), ячмень, алейныя (рапс, гарчыца), тытунь. Пшаніцу вырошчваюць пераважна ў Пенджабе на арашальных землях, рыс — у нізоўях Інда і на забалочаных тэр. Пенджаба, бавоўнік — у Сіндзе і міжрэччы Джэлама і Сатледжа, цукр. трыснёг — у раёне г. Пешавар, алейныя — у даліне р. Інд, прасяныя і ячмень — на неарашальных землях. Усюды сеюць зернебабовую культуру нут (асн. крыніца бялку ў рацыёне пакістанцаў). Садоўніцтва: фінікі ў далінах Белуджыстана, абрыкосы і плады тутавага дрэва ў горных раёнах, манга, цытрусавыя, фігавае дрэва на раўнінах. Вінаградарства. Агародніцтва. Жывёлагадоўля нізкапрадукцыйная, мае другараднае значэнне, выкарыстоўвае натуральныя пашы ў гарах, пустынях і паўпустынях, у значнай ступені качавая і паўкачавая. У земляробчых раёнах гадуюць пераважна цяглавую буйн. раг. жывёлу і буйвалаў, часткова авечак, развіта птушкагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйвалаў — 21,2, буйн. раг. жывёлы — 18, коз —48,6, авечак — 32,3, птушкі — 200. Меншае значэнне мае гадоўля коней, вярблюдаў, аслоў, мулаў. Развіта рачное і марское рыбалоўства, лоў крэветак. У 1997 вылаўлена 575,1 тыс.т рыбы. Рыбаводства ў сажалках і на рысавых палях. Прамысловасць развіваецца параўнальна хуткімі тэмпамі, у апошнія гады павялічвае выпуск прадукцыі прыкладна на 10% за год. У горназдабыўной прам-сці вядзецца здабыча прыроднага газу (Белуджыстан, 15,8 млрд.т, 1997), храмітаў, каменнай солі, буд. матэрыялаў; невялікая здабыча нафты і бурага вугалю. Энергетыка заснавана пераважна на імпартнай нафце. Некалькі буйных ГЭС на горных і перадгорных рэках, найб. Тарбела на р. Інд (на ПнЗ ад Ісламабада); АЭС каля Карачы. Выпрацавана эл.-энергіі 57,6 млрд.кВтгадз (1997).
Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: тэкст., харч., хім., цэм., сталеплавільная, газавая, нафтаперапрацоўчая. Тэкст.прам-сцьнайб. развіта ў Карачы і гарадах Пенджаба, пераважае перапрацоўка бавоўны, вытв-сць пражы і тканін. Пешавар — цэнтр шаўкаткацтва. Прамысл. дыванаткацтва. Меншае значэнне мае выраб тканін шарсцяных і са штучнага валакна. Прадпрыемствы швейнай і трыкат. прам-сці ў Карачы, Хайдарабадзе, Фейсалабадзе, Лахоры, Акары. Шмат прадпрыемстваў гарбарна-абутковай прам-сці (Карачы, Лахор, Равалпіндзі, Хайдарабад). На базе лясных масіваў развіты дрэваапр. і мэблевая прам-сць (Карачы, Пешавар). Харч.прам-сць прадстаўлена вял. колькасцю мукамольных, рысаачышчальных, цукр., маслабойных і алейных, малочных і інш. прадпрыемстваў. Карачы — цэнтр рыбаперапрацоўкі. Горад Акара — цэнтр здабычы і апрацоўкі солі. Тытунёвыя і цыгарэтныя ф-кі ў Карачы, Хайдарабадзе, Джэламе. Развіваецца металаапрацоўка і машынабудаванне. Асн. цэнтры металаапрацоўкі — Карачы (металургічны з-д), Лахор, Равалпіндзі, Хайдарабад, машынабудавання — Карачы (судны, эл.-тэхн., зборка трактароў, мотаролераў), Равалпіндзі (вагонабудаванне), Хайдарабад (с.-г. і эл.-тэхн. машынабудаванне), Мултан (с.-г. інвентар), Гуджранвала і Сіялкот (эл.-тэхн., мед. абсталяванне), Джэлам (паліграф. абсталяванне). Буйны цэнтр нафтаперапрацоўкі, нафтахіміі, разнастайнай хім. прам-сці — г. Карачы. Цэнтры вытв-сці мінер. угнаенняў — Лахор і Мултан. Ёсць прадпрыемствы цэм., буд. матэрыялаў, шкляной, гумава-тэхн., папяровай, паліграф. і інш. галін прам-сці. Шырока развіты саматужныя промыслы і рамёствы. Найб. пашыраны хатняе ткацтва, пашыў нац. адзення, выраб дываноў, кашмірскіх шаляў, ювелірных упрыгожанняў, вышыўка па шоўку, апрацоўка паўкаштоўных камянёў, разьбярства па дрэве, серабру, медзі, бронзе, ганчарны промысел. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Даўж. (тыс.км): аўтадарог — 224,7 (у т. л. з цвёрдым пакрыццём 128,1 тыс.км, 60% пасаж. і грузавых перавозак), чыгунак — 8,8. У краіне 800 тыс. легкавых, 300 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Даўж. газаправодаў 4 тыс.км. Значная роля гужавога транспарту. Гал. марскі порт — Карачы. У краіне 116 аэрапортаў. Міжнар. аэрапорты ў Карачы, Ісламабадзе, Лахоры. У 1998 экспарт склаў 8,5 млрд.дол., імпарт — 10,1 млрд.дол. Экспартуюцца бавоўна, рыс, рыба і рыбапрадукты, баваўняныя тканіны, дываны, скуры і скургалантарэя, адзенне. У імпарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты, прамысл. сыравіна і абсталяванне, трансп. сродкі, алей, жывёльны тлушч, чай, хімікаты, угнаенні. Гал.гандл. партнёры: ЗША, Японія, Саудаўская Аравія, Іран, Кітай, Германія, Вялікабрытанія, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Знешні доўг больш за 30 млрд.дол. Развіваецца турызм. У 1997 расходы замежных турыстаў перавысілі 111 млн.дол. Грашовая адзінка — пакістанская рупія.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (587 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (247 тыс.чал., у т. л. 185 тыс.чал. у нац. гвардыі, 3,5 тыс.чал. у пагран. войсках і 25 тыс. рэйнджэраў; 1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне на добраахвотнай аснове. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 520 тыс.чал., 2120 танкаў, 850 бронетранспарцёраў, больш за 3,5 тыс. гармат, у т. л. 2 тыс. зенітных, 725 мінамётаў і інш. У ВПС 45 тыс.чал., 429 баявых самалётаў, 134 верталёты, у т. л. 20 ударных, якія арганізацыйна ўваходзяць у склад сухап. войск. У ВМС 22 тыс.чал., у т. л. 1,2 тыс.чал. у марской пяхоце, 9 падводных лодак, 16 баявых караблёў, у т. л. 3 эсмінцы, 8 фрэгатаў, 5 тральшчыкаў; у марской авіяцыі 7 баявых самалётаў, 12 баявых верталётаў.
Ахова здароўя. Мед. дапамога малазабяспечанай ч. насельніцтва бясплатная ў дзярж. бальніцах, паслугі прыватных урачоў платныя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 58,2, жанчын 60 гадоў (1999). Смяротнасць — 11 на 1 тыс.чал. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 1517 чал., урачамі — 1 на 1863 чал. Узровень нараджальнасці — 34 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 2,4%. Дзіцячая смяротнасць — 93 на 1 тыс.чал. (1999). Ажыццяўляецца дзярж. кантроль за ўзроўнем нараджальнасці (планавая стэрылізацыя).
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у П. больш за 1200 перыяд. выданняў. Найб. уплывовыя газеты на урду — «Джанг» («Барацьба», з 1937), «Імроз» («Сёння», з 1948), «Машрык» («Усход», з 1963), на англ. — «The Pakistan Times» («Пакістанскі час», з 1947), «Muslim» («Мусульманін», з 1979), на англ. і гуджараці — «Dawn» («Світанне», з 1942), на англ. і урду мовах — «Nawa-i-Waqt» («Новы час», з 1940). Інфарм. агенцтвы — урадавае Асашыэйтэд Прэс оф Пакістан (АПП, з 1947), прыватныя — Пакістан Прэс Інтэрнэшанал (ППІ, з 1956), Юнайтэд Прэс оф Пакістан (ЮПП, з 1949), Індэпэндэнт Ньюс оф Пакістан (з 1991). Радыёвяшчанне з 1947. Тэлебачанне з 1964. Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуюць урадавыя службы — Пакістанская радыёвяшчальная карпарацыя (з 1947 як Радыё Пакістана, з 1972 сучасная назва) і Пакістанская тэлевізійная карпарацыя (з 1967). Перадачы вядуцца на 24 мовах.
Літаратура. Развіваецца з 1947 на аснове нац. л-р урду, сіндхі, пенджабскай, пушту, гуджарацкай, белуджскай, бенгальскай (да 1971) і агульнай фальклорна-літ. і культ. спадчыны народаў Паўн. Індыі. У 1950—60-я г. зарадзілася пісьмовая л-ра на мовах і дыялектах малых этн. груп (драгуі і інш.). Асн. кірункі ў л-ры П. — рэалістычны і часткова рамантычны, з 1950-х г. пашырыліся разнастайныя мадэрнісцкія кірункі. Значнае месца занялі пераклады зах.-еўрап., рус. класікі і сав. л-ры. Найб. паспяхова развіваецца л-ра урду: вядомыя паэты — Джош Маліхабадзі (рэв. рамантык), А.Ф.Фаіз, А.Н.Касмі (выступае і як празаік), Э.Даніш, Ш.Катыль, мадэрністы Міраджы, Н.М.Рашыд, празаікі-рэалісты С.Х.Манта, Гулам Абас, Мірза Адыб, Х.Інтызар, С.Шаўкат. Пашыраны дэтэктыўны і мусульм. раманы, развіваецца драма. Патрыят. ідэямі прасякнута творчасць пісьменнікаў сіндхі (паэзія Шэйха Аяза, проза Г.Х.Балуча, Дж.Абру), публікуецца багаты сіндхскі фальклор. Значных поспехаў дасягнула паэзія пушту (С.Р.Захейлі, С.Самандар, А.Х.Шынвары). Рэаліст. кірунак у прозе прадстаўлены творчасцю М.Абдулкарыма, К.Маманда, В.М.Туфана, рамант. — Махдзі. Для пенджабскай л-ры характэрны зварот да класічных традыцый і фалькл. спадчыны (Фаіз). Развіваецца пераважна паэзія (М.Ніязі, А.Рахі). Белуджская л-ра ў стадыі станаўлення. З патрыят. вершамі выступаюць Азад Джамалдзіні, Г.Насір, у жанры апавядання — Б.Рыкі, Г.М.Шахвані. Невял. група паэтаў піша на гуджараці, араб. і перс. мовах, на серайкі, брагуі і мультані, якія маюць вузкарэгіянальнае значэнне. У 1959 засн. «Гільдыя пісьменнікаў Пакістана».
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва маюць агульныя гіст. карані з маст. культурай Індыі, але вызначаюцца мясц. асаблівасцямі. На тэр. П. пры раскопках выяўлены рэшткі паселішчаў 4—3-га тыс.дан.э. з дамамі з каменю і цэглы-сырцу (Амры, Рана-Гхундаі), рэгулярна спланаванага гар. паселішча 3-га тыс.дан.э. (Кот-Дыджы), ганчарныя вырабы з размалёўкай, метал. ўпрыгожанні, гліняныя статуэткі жанчын і жывёл. У даліне р. Інд адкрыты руіны цэнтраў харапскай цывілізацыі — Махенджа-Дара і Харапа (каля сярэдзіны 3—2-га тыс.дан.э.). У 3 ст.дан.э. — 1 ст.н.э. ў вобласці Гандхара склалася самабытнае мастацтва, якое дасягнула высокага развіцця ў перыяд Кушанскай дзяржавы (рэшткі каменных культавых збудаванняў, у т. л. 60 скальных ступ у Мінгоры, упрыгожаных скульпт. рэльефамі, ляпнінай, статуямі Буды, бадхісатваў і геніяў, размалёўкамі, чайцья, будыйскіх комплексаў Дхармараджыка і Джаўліян у Таксіле і інш.). З 8 ст. развівалася араб. культура (рэшткі горада-порта Банбхора з масіўнымі каменнымі ўмацаваннямі і мячэццю). З 11 ст. пашырылася буд-ва мячэцей, мінарэтаў, маўзалеяў, рэзідэнцый і абарончых збудаванняў у гарадах Лахор, Мултан, Пешавар і інш. Масавая жылая забудова — глінабітная або з цэглы-сырцу, з драўляным каркасам. Манум. будынкі ўзводзілі пераважна з абпаленай цэглы, у іх аздабленні выкарыстоўвалі панэлі, запоўненыя мазаічнымі ўзорамі і разьбой па дрэве. На культавую архітэктуру 13—15 ст. паўплывалі традыцыі крапаснога дойлідства (маўзалей Рукні-Алам у Мултане, 14 ст.). У 16—17 ст. гарады абносілі масіўнымі сценамі і абкружалі садамі, па-за сценамі ствараліся магутныя фарты з палацамі, урадавымі і культавымі будынкамі. Сярод найб. значных пабудоў мячэць Шах-Джахана, маўзалеі могілак на ўзгорку Маклі—Мірза Іса Хана ў Таце і інш. У выяўл. мастацтве найб. росквіту дасягнула мініяцюра магольскай школы. У сярэдзіне 19—20 ст. пад уплывам англ. каланізатараў цэнтры традыц. культуры заняпалі. Развіваліся новыя гарады, у якіх будавалі парты, вакзалы, муніцыпалітэты (Карачы і інш.). У стылістыцы пераважалі формы нац. архітэктуры 17 ст. (купалы, аркады, арнаментальная разьба па каменю або каляровых глазураваных плітках), англ. неакласіцызму і неаготыкі. Пасля ўтварэння П. (1947) інтэнсіўна развіваюцца новыя гарады з рэгулярнай планіроўкай і забудовай малапавярховымі дамамі з унутр. дворыкамі (Ісламабад, Даўдхейль, Новы Кхаўр і інш.), будуюцца мячэці і маўзалеі ў традыц.арх. стылях з выкарыстаннем сучасных канструкцый. У выяўл. мастацтве захоўваюцца традыцыі магольскай школы мініяцюры і стараж.інд. размалёўкі (А.Бакш, А.Р.Чугтаі, Ф.Рахаміні і інш.), пашыраецца мастацтва зах.-еўрап. тыпу (З.Агха, Ш.Алі, Гулгі, А.Іслам і інш.). Са стараж. відаў дэкар.-прыкладнога мастацтва развіваюцца апрацоўка металу, ганчарства, дыванаткацтва, вышыўка, разьба па косці і дрэве.
Музыка П. на працягу многіх стагоддзяў была непарыўна звязана з муз. культурай паўн. часткі Індастана, т.зв. традыцыя хіндустані. Стараж. цывілізацыі, што існавалі на тэр. П., склалі падмурак самабытнай музыкі, якая ўвабрала ў сябе традыцыі муз. культур араб. свету і Індыі. З 8 ст. развіваюцца разнастайныя формы музіцыравання, звязаныя з мусульм. традыцыямі: рэліг. (рэчытацыя тэкстаў Карана і інш.) і свецкія, прадстаўленыя традыц. вакальна-інстр. музыкай і танц. фальклорам розных рэгіёнаў. Муз. інструментарый роднасны інструментам Паўн. Індыі, Непала і Бангладэш. Найб. пашыраны струнныя — сітар, сарод, сарангі, танпура, рабаб, духавыя — шэнаі (габой), бансоры (флейта), алгоза (падвойная флейта), ударныя — табла, пакхавадж і інш. Класічная музыка П. развівалася пераважна пры дварах мусульм. правіцеляў. У 16—17 ст. яна дасягнула высокага ўзроўню, шырока вядомымі сталі класічныя і паўкласічныя жанры дхрупад, кхаял, у 18—19 ст. — газал, тхумры, дадра, тапа і інш. Пасля 1947 развіццё муз. культуры П. набыло новыя, самаст. кірункі. Стваральнік сучаснай музыкі П. — спявак і выканаўца на сарангі Умрао Бунду Хан. Сярод сучасных музыкантаў П.: вакалісты Назакат Алі Хан і Саламат Алі Хан (браты), Фатэх Алі Хан, інструменталісты Абдул Вахід Хан (сарангі), Кабір Хан (сітар), Ала Дыта (табла) і інш. З 1971 развіццё муз. культуры П. каардынуе і накіроўвае Нац. савет па справах мастацтва.
Герб і сцяг Пакістана.У гарах на ПнПакістана.Сталіца Пакістанаг. Ісламабад.Даарт.Пакістан. На рынку рамесніцкіх вырабаў.Даарт.Пакістан. Хайберскі перавал, праз які праходзіць асноўная аўтадарога ў Афганістан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАЛЬКЛАРЫ́СТЫКА,
навука пра народную паэтычную творчасць (фальклор) як неад’емную частку духоўнай культуры народа. Звязана з муз. Ф., этнаграфіяй, літаратуразнаўствам, абрадамі і звычаямі, міфалогіяй і інш. Задачы Ф.: збіраць і выдаваць фалькл. творы; даследаваць спецыфічныя рысы калект. вуснай нар. творчасці, гіст. заканамернасці яе развіцця, праблемы паходжання фальклору, яго жанравыя асаблівасці, ідэйна-эстэт. і інш. функцыі; спалучэнне калект. і асабістага ў творчай дзейнасці майстроў фальклору (сказіцеляў, казачнікаў, песеннікаў); высвятляць узаемасувязі фальклору і л-ры, месца і ролю нар. творчасці ў нар. побыце, у развіцці нац. культуры; нац. самабытнасць і ўзаемадзеянне вусна-паэт. творчасці розных народаў. Глыбокае вывучэнне фальклору магчыма толькі ў працэсе яго вуснага бытавання, выканання. Таму збіральніцкія і даследчыцкія задачы Ф. непадзельныя. Ф. распрацоўвае свае метады даследавання.
Творы фальклору запісваліся са старажытнасці (у Вавілоне, Кітаі, Егіпце яшчэ дан.э.). Еўрап.гіст. хронікі і літ. помнікі сярэдневякоўя ўвабралі шматлікія нар. легенды, паданні, прытчы і інш. Многія творы стараж.-рус. фальклору ўвайшлі ў летапісы, «Слова аб паходзе Ігаравым», зб-кі казанняў і г.д. Развіццё Ф. як навукі ў Еўропе пачалося ў канцы 18 — пач. 19 ст. і звязана з фарміраваннем нацый (асабліва слав.) і разгортваннем нац.-вызв. руху ў краінах, дзе развіваліся капіталіст. адносіны. З ростам нац. самасвядомасці нар. творчасць станавілася адным з найважн. аргументаў у адстойванні нац. культуры. Гэта выклікала шырокую цікавасць да фальклору і побыту народа. У 1706 выйшаў франц. пераклад А.Галана араб. казак «Тысяча і адна ноч». Шырокі размах набыло выданне фалькл. твораў у 2-й пал. 18 ст.: зб.стараж.англ. балад «Рэліквіі старажытнай англійскай паэзіі» Т.Персі (т. 1—3, 1765); у Расіі — «Збор розных песень» М.Чулкова (т. 1—4, 1770—74), «Збор народных рускіх песень з іх галасамі. На музыку палажыў Іван Прач» М.Львова (т. 1—2, 1790), першыя зб.літ. апрацаваных рус. казак; у Германіі — зб. «Галасы народаў у песнях» І.Гердэра (1778—79). Значнай з’явай у Ф. пач. 19 ст. было выданне рус. былін (1804), сербскіх эпічных песень (1814), ням. казак братоў Грым (1812). Фалькларыстычныя працы слав. вучоных 19 ст. прасякнуты патрыят. ідэямі нац. вызвалення (у Чэхаславакіі Ф.Чэлакаўскі, Л.Штур, П.Шафарык, Ян Колар; у Сербіі В.Караджыч; у Балгарыі Дз. і К. Міладзінавы, Л.Каравелаў; у Польшчы К.Брадзінскі, К.Вуйціцкі). Рус. Ф. ў 18 ст. назапасіла шмат фактычнага матэрыялу, які даследавалі прадстаўнікі розных школ: міфалагічнай (Ф.Буслаеў, А.Афанасьеў, А.Мілер), міграцыйнай (Буслаеў у апошні перыяд сваёй дзейнасці, М.Сумцоў), гістарычнай (А.Весялоўскі). У выніку іх даследаванняў і сістэматызацыі намечаны прынцыпы эстэт.гіст. аналізу фальклору. Перадавая рус. Ф. звязана з працамі і тэарэт. абгрунтаваннямі дзекабрыстаў і рэвалюцыянераў-дэмакратаў (В.Бялінскі, М.Дабралюбаў, М.Чарнышэўскі, І.Прыжоў), артыкуламі і выказваннямі пра фальклор рус. пісьменнікаў А.Радзішчава, А.Пушкіна, М.Гогаля, М.Някрасава, М.Салтыкова-Шчадрына, Г.Успенскага і інш. Росквіт рус. Ф. прыпадае на 2-ю пал. 19 ст., калі выйшлі ў свет фундаментальныя фалькл.зб-кі А.Афанасьева, П.Кірэеўскага, І.Худзякова, Дз.Садоўнікава, П.Рыбнікава, А.Гільфердзінга, П.Шэйна, А.Сабалеўскага, У.Даля і інш. Развіццю Ф. садзейнічалі Б. і Ю. Сакаловы, М.Андрэеў, М.Азадоўскі, У.Проп, П.Багатыроў, Г.Астахава, В.Жырмунскі, У.Чычараў і інш.
Першыя пісьмовыя звесткі пра бел.нар. творчасць — пераказы паданняў і легенд, упамінанне фалькл. герояў, прыказак у летапісах і хроніках 14—16 ст., дакументах і дзярж. перапісцы (напр., у «Допісах» Ф.Кміты-Чарнабыльскага 1572—74), палемічнай л-ры. Запісы і публікацыю бел. прыказак з Віцебшчыны і Полаччыны — сваёй радзімы — зрабіў С.Рысінскі (1618). У працы «Апісанне Крычаўскага графства» (1786, апубл. 1901) А.Меер змясціў бел. купальскую песню з апісаннем абраду. Як навука бел. Ф. пачала складвацца з 1-й чвэрці 19 ст.Бел. фальклор збіралі і вывучалі рус. і польскія даследчыкі (І.Снегіроў, А.Цярэшчанка, І.Сахараў, П.Кірэеўскі, В.Бадзянскі, К.Вуйціцкі, Ю.Крашэўскі, В.Поль, Л.Бароўскі), ураджэнцы Беларусі, прадстаўнікі мясц. інтэлігенцыі З.Даленга-Хадакоўскі, А.Міцкевіч, Я.Чачот, Л.Галамбёўскі, А.Рыпінскі, Р.Падбярэскі, Я.Баршчэўскі, Я. і К. Тышкевічы, Р.Зянькевіч, У.Сыракомля, А.Кіркор і інш. Шэраг арт. і публікацый бел.нар. твораў паявіўся ў польскім і рус. друку (арт. М.Чарноўскай у час.«Дзеннік Віленьскі», 1817, т. 6; ананімны арт. пра бел. вясельныя абрады ў час.«Тыгоднік Віленьскі», 1819, т. 7; публікацыі ў час. «Пантеон», «Маяк», «Современник» і інш.). У 1830—50-я г.зб-кібел. фальклору выдавалі Чачот, Рыпінскі, Р.Зянькевіч, П.Шпілеўскі і інш. З канца 1840-х г.бел. фальклор пачаў паступаць у Рускае геагр.т-ва. Афанасьеў у зб. «Народныя рускія казкі» (вып. 1—8, 1855—63) змясціў больш за 20 бел.нар. казак. Апрацаваныя казкі з ваколіц Навагрудка склалі «Польскі казачнік» А.Глінскага (т. 1—4, 1853). Пасля паўстання 1863—64 абудзіліся шырокія слаі мясц. інтэлігенцыі, якая шмат зрабіла для збірання, публікацыі і даследавання бел. вуснапаэт. творчасці. Бел. фальклорам зацікаваліся і рус. інтэлігенты, якія працавалі на Беларусі. Яны стаялі на розных ідэйных і навук. пазіцыях. Напр., П.Гільтэбрант або П.Бяссонаў, Кіркор, Шэйн і інш. Разнастайнасцю публікацый і жанравага складу розных відаў бел. казачнага эпасу вылучаўся зб. М.Дзмітрыева «Збор песень, казак, абрадаў і звычаяў сялян Паўночна-Заходняга краю» (1869).
У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. выдадзена значная колькасць фальклорна-этнагр. зборнікаў, у якіх змешчаны розныя віды і жанры нар. творчасці, у іх ліку «Зборнік беларускіх прыказак» і «Беларускія песні» (абодва 1874) І.Насовіча, «Беларускія народныя песні» (1874) і «Матэрыялы для вывучэння быту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (т. 1—3, 1887—1902) Шэйна; «Спроба апісання Магілёўскай губерні...» (кн. 1—3, 1882—84) А.Дамбавецкага; «Беларускі зборнік» (вып. 1—9, 1886—1912) і «Матэрыялы па этнаграфіі Гродзенскай губерні» (вып. 1—2, 1911—12) Е.Раманава; «Смаленскі этнаграфічны зборнік» (ч. 1—4, 1891—1903) У.Дабравольскага; «Люд беларускі...» (т. 1—8, 1897—1981) М.Федароўскага; «Простанародныя прыкметы і павер’і...,» (1897), «Нячысцікі...» (1907) і «Беларускія песні-частушкі» (1911) М.Нікіфароўскага; «Матэрыялы для вывучэння творчасці і быту беларусаў» (1898) Я.Ляцкага. Бел. фальклор збіралі і даследавалі Ю.Крачкоўскі, А.Багдановіч, М.Доўнар-Запольскі, М.Янчук, П.Дземідовіч, Дз.Булгакоўскі, С.Малевіч, І.Гарбачэўскі, Я.Карскі, С.Карскі, Бірута, У.Вярыга, Я.Карловіч, О.Кольберг, З.Глобер, Э.Кліх, І.Бадуэн дэ Куртэнэ, Л.Куба, А.Чэрны, Л.Васілеўскі, У.Дыбоўскі, Ч.Пяткевіч, К.Машынскі і інш. Шмат зрабіў у гэтым плане Паўн.-Зах. аддзел Рус.геагр.т-ва (1867—75, 1910—14). Значнай з’явай бел. Ф. стаў зборнік А.Сержпутоўскага «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў» (1911); у ім змешчаны творы таленавітых казачнікаў, якія адлюстравалі ў казках вострыя сац. пытанні, што хвалявалі нар. масы. У ліку найважн.тэарэт. прац па бел. Ф. былі «Беларуская этнаграфія» (1887, дапоўн. варыянт у «Гісторыі рускай этнаграфіі», т. 4, 1892) А.Пыпіна, «Беларуская народная паэзія і рускі былінны эпас» (1895) А.Лабады, першы сістэматызаваны курс бел.нар. паэзіі «Беларусы» (т. 3, вып. 1, 1916) Я.Карскага.
У 1924 пры Інбелкульце ўтворана Цэнтр. бюро краязнаўства, а ў 1927 — фальклорная камісія пры кафедры этнаграфіі Беларусі, якія займаліся зборам і публікацыяй вуснай нар. творчасці. Сержпутоўскі выдаў «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета» (1926) і «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (1930), А.Шлюбскі — «Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны» (ч. 1—2, 1927—28), М.Гарэцкі і А.Ягораў — «Народныя песні з мелодыямі» (1928). Пасля ўтварэння АН Беларусі збіранне і вывучэнне фальклору канцэнтравалася ў сектары этнаграфіі і фальклору пры Ін-це гісторыі. У Вял.Айч. вайну багатыя запісы бел. фальклору і нотны матэрыял у АН Беларусі былі знішчаны ням. фашыстамі. Пасля вайны дзейнасць па зборы нар. творчасці канцэнтравалася пераважна ў ВНУ, рэсп. і абласных Дамах нар. творчасці. У 1957 засн.Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, які ўзначаліў усю працу па Ф. Выдадзены зб. «Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны» (1961); «Беларускія народныя песні» (т. 1—4, 1959—76) Р.Шырмы; «Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы» (2-е выд., 1962) Ф.Янкоўскага; «Анталогія беларускай народнай песні» (1968) Г.Цітовіча; «Песні сямі вёсак: Традыцыйная народная лірыка Міншчыны», «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Брэсцкая вобласць» (абодва 1973), «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Мінская вобласць» (1995); «Песенны фальклор Палесся» (т. 1—3, 2001—02) У.Раговіча, гісторыка-тэарэт. даследаванне «Беларуская народная вуснапаэтычная творчасць» (1967), хрэстаматыі і дапаможнікі для студэнтаў ВНУ і інш. З 1970 пачала выдавацца серыя «Беларуская народная творчасць», у якой найб. поўна адлюстраваны надзвычайнае багацце бел.нар. творчасці, уклад бел. народа ў сусв. скарбніцу паэт. і муз. культуры. У гэтай серыі выйшла больш за 50 тамоў: зімовыя, веснавыя, валачобныя, купальскія і пятроўскія, восеньскія і талочныя, жартоўныя песні, песні пра каханне, «Песні Беласточчыны»; казкі; вясельная, сямейна-быт., радзінная паэзія; прыказкі, прымаўкі, загадкі, выслоўі, анекдоты, жарты, гумарэскі; пахавальныя галашэнні; балады, легенды і паданні; нар. тэатр, нар. гульні і г.д.
Надрукаваны манаграфіі пра розныя жанры і віды фальклору, іх паэтыку і маст. асаблівасці, у іх ліку «Наша родная песня» (1968), «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975) і «Паэтыка беларускіх загадак» (1976) Н.Гілевіча; «Беларуская казка» (1969) Л.Барага; «Паэтыка беларускіх прыказак» (1971) і «Паэтыка беларускай народнай прозы» (1983) М.Янкоўскага; «Беларуская частушка» (1971) І.Цішчанкі; «Купальскія песні» (1974), «Валачобныя песні» (1989), «Жніўныя песні» (1993), «Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: сістэма жанраў» (1998) А.Ліса; «Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору» (1976), «Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя» (1985), «Магічнае слова: Вопыт даследавання светапогляднай і мастацкай асновы замоў» (1990) Г.Барташэвіч; «Беларуская народная балада» (1978) Л.Салавей; «Усходнеславянская гумарыстычная песня» (1979) У.Васілевіча; «Зімовая паэзія беларусаў» (1980) і «Беларускія загадкі» (2000) А.Гурскага; «Беларускія сацыяльна-бытавыя песні» (1982) Г.Пятроўскай; «Крынічнае слова: Беларускія прыказкі і прымаўкі» (1987) Р.Шкрабы, І.Шкрабы; «Усходнеславянскія казкі пра жывёл» (1989) І.Крука; «Беларуская сацыяльна-бытавая казка» (1995) і «Беларуская сямейна-абрадавая паэзія» (1997) А.Фядосіка; «Слоўнік беларускіх прыказак» (1996) І.Лепешева і М.Якалцэвіч; «Малыя жанры беларускага фальклору ў славянскім кантэксце» (1998) К.Кабашнікава; «Прыказкі і прымаўкі» (2000) А.Аксамітава. Важныя праблемы бел. Ф. распрацаваны ў зб-ках «Праблемы сучаснага беларускага фальклору» (1969), «Праблемы беларускай народнай сатыры» (1978) і «Фальклор і «масавая культура» (1986) Фядосіка, «Асілкі беларускіх казак і паданняў: Да пытання пра фарміраванне ўсходнеславянскага эпасу» (1963) Барага, «Беларускі фальклор у параўнальным асвятленні» (1981) Кабашнікава. Выйшлі кнігі пра жыццё і дзейнасць збіральнікаў бел.нар.паэт. творчасці, у іх ліку пра М.Я.Нікіфароўскага, Е.Р.Раманава, А.Ю.Багдановіча, А.К.Сержпутоўскага, М.Федароўскага, П.В.Шэйна, З.Я.Даленгу-Хадакоўскага. Складзены паказальнік казачных сюжэтаў (Бараг, І.Беразоўскі, Кабашнікаў, Новікаў).
Бел. вуснапаэт. творчасць даследавалі рус. фалькларысты Я.Гусеў, М.Краўцоў, Новікаў, В.Сакалова, Э.Памяранцава, К.Чыстоў і інш.; украінскія — А.Дэй, Беразоўскі, Н.Шумада, В.Юзвенка, І.Хланта і інш.; польскія — А.Баршчэўскі, М.Гайдук, Ф.Сяліцкі, М.Чурак і інш. На міжнар. з’ездах славістаў бел. вучоныя ўздымаюць складаныя праблемы бел. Ф.: «Сучасны стан беларускай народнай паэтычнай творчасці» (1973, Барташэвіч і Кабашнікаў), «Беларуская казка ў казачным эпасе славян» (1968), «Узаемадзеянне ўсходнеславянскіх фальклорных традыцый на сучасным этапе» (1988), «Месца фальклору ў сучасных славянскіх культурах» (1998, усіх аўтар Кабашнікаў), «Беларуская этнаграфія і фальклор у працах славянскіх вучоных эпохі рамантызму» (1973, В.Бандарчык і Л.Малаш), «Беларускае вяселле ў яго адносінах да заходнеславянскіх вяселляў — польскага і славацкага» (1993, Аксамітаў і Бандарчык), «Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян» (1978, Гілевіч), «Прынцыпы класіфікацыі і выдання фальклорных твораў у шматтомным зводзе беларускай народнай творчасці» (1983), «Беларускі абрадавы фальклор у агульнаславянскім кантэксце» (1998, аўтар абедзвюх Фядосік), «Каляндарна-песенныя, абрадавыя і гульнявыя традыцыі славян у мінулым і сучасным» (1988, З.Мажэйка і Фядосік), «Народна-песенная культура Беларусі ў агульнаславянскім кантэксце» (1998, Мажэйка). Гісторыю, тэорыю і эстэтыку бел.муз. фальклору, яго сістэмную тыпалогію, стылявыя характарыстыкі, этнамуз. дыялекталогію і інш. даследуюць этнамузыколагі В.Ялатаў, Мажэйка, Л.Мухарынская, Т.Якіменка, Т.Варфаламеева. Нар.танц. фальклор даследавалі Ю.Чурко і Л.Алексютовіч, муз. інструменты — І.Назіна. Характар узаемасувязей бел. л-ры і вуснапаэт. творчасці даследавалі М.Грынчык («Максім Багдановіч і народная паэзія», 1963; «Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі», 1969), А.Макарэвіч («Ад песень і думак народных», 1965), І.Чыгрын («Станаўленне беларускай прозы і фальклор», 1971), А.Лойка («Беларуская паэзія пачатку XX ст.», 1972; «Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд», ч. 1—2, 1977—80, 2-е выд. 1989), В.Каваленка («Вытокі. Уплывы. Паскоранасць», 1975; «Міфапаэтычныя матывы ў беларускай літаратуры», 1981), А.Мальдзіс («На скрыжаванні славянскіх традыцый», 1980), М.Тычына («Карані і крона: фальклор і нацыянальная спецыфіка літаратуры», 1991) і інш.
З 19 ст.бел. фальклор публікавалі і даследавалі ў Чэхаславакіі П.Шафарык, А.Чэрны, І.Поліўка. На чэш. мове выд.зб. «Беларускія народныя казкі» (1957), на славацкай «Каток — залаты лабок» (1967). Франц. фалькларыст А.Мільен у працы «Песні расійскага народа» (1893) змясціў пераклады бел. калядных, юраўскіх, купальскіх, талочных і інш. песень. Пра бел. фальклор пісалі ў Англіі В.Ральстан, В.Морфіл, Д.Энтвістл, у Аўстрыі Г.Крэк, у Італіі Д.Чыямполі, у Югаславіі М.Гавацы. Зборнікі бел. казак выдадзены ў Балгарыі (1964), у Польшчы (1973, 1976, 1977). Бел. казкі змясціў у кнізе «Рускія казкі» (191.4, 2-е выд. 1955) А.Лёвіс-оф-Менар. На ням. мову пераклаў 40 бел.нар. песень П.Айснер. З 1966 выходзілі «Беларускія народныя казкі» (скл. Бараг; 10-е выд. 1980), надрукавана кніжка бел. казак для дзяцей «Салавей-разбойнік» (1969). У «Энцыклапедыі казкі» (т. 1—6, 1989—92) ёсць артыкулы Барага пра бел. казкі, іх герояў, сюжэты і матывы, рэпертуар казачнікаў і інш.
Літ.:
Пыпин А.Н. История русской этнографии. Т. 4 СПб., 1892;
Азадовский М.К. История русской фольклористики. Т. 1—2. М., 1958—63;
Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст.Мн., 1964;
Кабашнікаў К.П. Нарысы па беларускаму фальклору. Мн., 1963;
Нудзьга Р. Беларуская песня за мяжой // Полымя. 1967. №4;
Гілевіч Н.С. З клопатам пра песні народа. Мн., 1970;
Гацак В.М. Фольклористика Советского Союза за 50 лет // Изв. АНСССР. Сер. лит. и языка. 1972. Т. 31, вып. 6;
Коккьяра Дж. История фольклористики в Европе: Пер. с итал. М., 1960;
Фядосік А.С. Развіццё беларускай савецкай фалькларыстыкі. Мн., 1977;
Яго ж. Беларуская савецкая фалькларыстыка. Мн., 1987;
Яго ж. Ілюзорнасць і сапраўднасць: «Белыя плямы» ў гісторыі фалькларыстыкі 20—30-х гг.Мн., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́КСЕМБУ́РГ (люксембургскае Lëtzebuerg, франц. Luxembourg, ням. Luxemburg), Вялікае Герцагства Люксембург (люксембургскае Groussherzogtum Lëtzebuerg, франц. Grand-Duché de Luxembourg, ням. Grossherzogtum Luxemburg),
дзяржава ў Зах. Еўропе, паміж Бельгіяй, Германіяй, Францыяй. Пл. 2586 км². Нас. 425 тыс.чал. (1998). Афіц. мовы — люксембургская, нямецкая і французская.
Сталіца — г.Люксембург. Падзяляецца на 3 акругі. Нац. свята — 23 ліп. (дзень нараджэння вял. герцага Жана).
Дзяржаўны лад. Л. — канстытуцыйная манархія. Дзеючая канстытуцыя прынята ў 1868. Кіраўнік дзяржавы — Вял. герцаг Люксембургскі. Заканад. ўлада належыць парламенту — Палаце дэпутатаў (60 дэпутатаў), якая выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Вышэйшы кансультатыўны орган пры герцагу па пытаннях заканадаўства і права — Дзярж. савет (21 саветнік), які пажыццёва назначаецца герцагам. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Л. — узвышаная і ўзгорыстая краіна, пераважна на выш. ад 300 да 500 м над узр. м. Паўночная яе частка занята схіламі Ардэнаў (найвыш. пункт 559 м), паўд. — узгорыстае ўзвышша, парэзанае далінамі рэк. Карысныя выкапні: жал. руда (каля 240 млн.т), буд. матэрыялы, гаручыя сланцы. Клімат умерана цёплы, марскі. Сярэдняя т-растудз. на Пд 3 °C, у Ардэнах каля 0 °C, ліп. 18 і 14 °C адпаведна. Рачная сетка густая, рэкі адносяцца дабас.р. Мозель. Лясы і хмызнякі займаюць 21% тэрыторыі. Лясы з дубу, грабу, буку і пасаджаныя з хвоі, елкі пераважна ва ўзвышаных раёнах. Некалькі рэзерватаў, частка прыроднага парку (уваходзіць і ў межы Германіі).
Насельніцтва. 71% складаюць люксембуржцы, 29% — выхадцы з краін Еўропы, у т. л. партугальцы — 10%, італьянцы — 5%, французы, бельгійцы, немцы і інш. 97% вернікаў католікі. Сярэднегадавы прырост 1,16% (1997). Сярэдняя шчыльн. 164,3 чал. на 1 км². У прамысл. раёне на Пдшчыльн. дасягае 1000 чал., у Ардэнах падае да 30—40 чал. на 1 км². У гарадах жыве 90% насельніцтва краіны. Найб. гарады Люксембург, Эш, Дыкірх, Дыферданж, Петанж. У прам-сці занята 16% працоўных, у буд-ве — 11%, у транспарце, сувязі, складской справе — 8%, у сельскай гаспадарцы і лясной справе 1%, у абслуговых галінах — 61%.
Гісторыя. Тэр. Л. заселена чалавекам у эпоху мезаліту (каля 7 тыс. гадоў назад), у старажытнасці — кельтамі, з 1 ст.дан.э. — рымлянамі, у раннім сярэдневякоўі — франкамі (іх вобл. Аўстразія). У выніку Вердэнскага дагавора 843 уладанне Лотара I (унук Карла Вялікага), з 959 у складзе герцагства Латарынгія. У 963—1083 самаст. графства Л. (да 19 ст.наз. Лютцэльбург), з 1354 герцагства (тэрытарыяльна было большае за сучасны Л., правіла дынастыя Люксембургаў). З 1441 у складзе Бургундыі, з 1477 пад уладай Габсбургаў (з 1555 іх ісп. лініі), частка гіст.Нідэрландаў. З 1659 паўд. частка, у 1684—94 і 1795—1814 увесь Л. пад уладай Францыі, у 1697—1794 — зноў Габсбургаў (у 1714—95 іх аўстр. лініі). Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 утворана Вял. герцагства Л. (у 1815—66 у складзе Герм. саюза, у 1842—1919 таксама ў мытным саюзе з Германіяй) у персанальнай уніі (спынена ў 1890) з Нідэрландскім каралеўствам. Паводле бельг.-нідэрл. дагавора 1839 устаноўлены сучасныя межы Л. (да Бельгіі адышла валонская частка Л. — цяпер бельг. правінцыя Л.). 11.5.1867 на міжнар. канферэнцыі прадстаўнікоў Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Прусіі, Францыі і Расіі ў Лондане вырашана т.зв. Люксембургскае пытанне (спрэчкі за ўплыў у Л. і прэтэнзіі на яготэр. Прусіі і Францыі) і Л. абвешчаны «вечна нейтральнай» дзяржавай. У 1921 Л. заключыў мытны і эканам. саюз з Бельгіяй. У парушэнне нейтралітэту Л. ў 1-ю і 2-ю сусв. войны яго акупіравалі герм. войскі (1914—18, 1940—45; у 1940—45 вял. герцагіня Шарлота, якая правіла ў 1919—64, і ўрад Л. знаходзіліся ў эміграцыі ў Лондане). У лют. 1945 краіна вызвалена англа-амер. войскамі. У 1948 з канстытуцыі Л. выключаны артыкул аб яго нейтралітэце.
Пасля 1945 Л. актыўна ўключыўся ў працэс еўрап. інтэграцыі (у 1948 далучыўся да Брусельскага пакта, у 1951 — Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі, у 1955 — Заходнееўрапейскага саюза, у 1957 — Еўрапейскай супольнасці па атамнай энергіі, ратыфікаваў Маастрыхцкі дагавор 1992); у г. Люксембург размясціўся шэраг устаноў аб’яднанай Еўропы. З 1964 кіраўнік дзяржавы — вял. герцаг Жан (сын Шарлоты). У 1984—95 прэм’ер-міністрам Л. быў Ж.Сантэр. Л. — чл.ААН (з 1945), НАТО (з 1949), Савета Еўропы (з 1949), Бенілюкса (з 1960), Еўрапейскага саюза (з 1992), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з ліп. 1992.
Дзейнічаюць Хрысц.-сац. партыя, Люксембургская сацыяліст. рабочая партыя, Дэмакр. партыя, Камуніст. партыя Л., экалагічная партыя «Зялёная альтэрнатыва», Ген. канфедэрацыя працы Л. і інш. грамадскія арг-цыі.
Гаспадарка. Л. — высокаразвітая індустр. дзяржава, па выпуску прадукцыі на душу насельніцтва займае адно з першых месцаў у свеце. Штогадовы даход на 1 чал. — 24,5 тыс.дол. (1995). У прам-сці ствараецца 21% валавога ўнутр. прадукту, у сельскай гаспадарцы — 5%, у абслуговых галінах — 74%. Аснова прам-сці — чорная металургія, дае 29,3% агульнага аб’ёму прамысл. вытв-сці. Развіваецца ў асн. на прывазной сыравіне. Здабыча жал. руды (каля 4—5 млн.т штогод) задавальняе 30% патрэб чорнай металургіі. Штогод выплаўляецца каля 4 млн.т высакаякаснай сталі (1-е месца ў свеце на душу насельніцтва). Металургічныя прадпрыемствы сканцэнтраваны на ПдЗ, дзе здаўна вядзецца здабыча жал. руды; асн. цэнтры Эш, Шыфланж, Дыферданж, Дзюдэланж, Раданж. Прадпрыемствы кантралююцца пераважна бельгійска-герм. канцэрнам «Арбед». Хім.прам-сць дае 21,3% усёй прамысл. прадукцыі: вытв-сцьаўтамаб. шын (г. Калмар-Берг), сінт. валакна (г. Эхтэрнах), поліэфірнай плёнкі (г. Кантэрн) і інш.Вытв-сць электраэнергіі 1,4 млрд. кВт∙гадз (1995). Працуе гідраакумуляцыйная электрастанцыя на р. Ур каля г. Віяндэн (выпрацоўвае 40% электраэнергіі краіны), некалькі буйных ЦЭС. Каля 6 млрд.кВтгадз электраэнергіі імпартуецца з суседніх краін. Развіты гарбарна-абутковая, цэм., фаянсавая, дрэваапр., швейная, харчасмакавая, у т. л. тытунёвая, галіны. Сельская гаспадарка высокаінтэнсіўная. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 116 тыс.га (45% тэр. краіны), у т. л. пад ворывам 62 тыс.га, пад пашай 54 тыс.га. Сельская гаспадарка забяспечвае палавіну патрэб насельніцтва краіны ў харч. прадуктах. Пераважае мяса-малочная жывёлагадоўля (каля 80% кошту с.-г. вытв-сці). Пагалоўе (тыс.гал.): буйн. раг. жывёлы — каля 250, свіней — каля 80. Развіты таксама птушкаводства, трусагадоўля, пчалярства. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, авёс, жыта, бульбу, кармавыя культуры. Садоўніцтва (яблыкі, грушы, слівы, вішні). Вінаградарства ў даліне р. Мозель. Кветкаводства. Л. — буйны міжнар. фінансавы цэнтр; банкаўскія аперацыі адыгрываюць значную ролю ў даходах краіны (да 16%). У краіне 193 банкі, сканцэнтравана 10% актываў усяго еўравалютнага рынку. Л. — краіна развітога турызму (каля 500 тыс. замежных турыстаў штогод, даход каля 300 млн.дол.). Транспарт чыгуначны і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 275 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 5,1 тыс.км. 75% грузаабароту прыпадае на міжнар. перавозкі. Суднаходства па р. Мозель. Л. мае марскі гандл. флот грузападымальнасцю 860 тыс. дэдвейт т, базіруецца ў партах Бельгіі і Нідэрландаў. Міжнар. аэрапорт каля г. Люксембург — вузел унутрыеўрап. паветр. ліній. У 1995 экспарт склаў 7,3 млрд.дол., імпарт — 9,1 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць сталь, пракат, хім. прадукты, цэмент, кераміка, віны, у імпарце — сыравіна для чорнай металургіі, нафта, электраэнергія, машыны і абсталяванне, трансп. сродкі, тканіны, харч. тавары і інш.Гал.гандл. партнёры: Германія (28% экспарту, 25% імпарту), Бельгія (адпаведна 15 і 38%), Францыя (18 і 11%), Нідэрланды (5 і 4%). З 1921 Л. знаходзіцца ў эканам., у т. л. мытным, саюзе з Бельгіяй. Грашовая адзінка — люксембургскі франк.
Літ.:
Килль Ж. Тысячелетний Люксембург: Пер. с нем. М., 1965;
Шнеерсон Л.М. В преддверии франко-прусской войны: Франко-германский конфликт из-за Люксембурга в 1867 г.Мн., 1969;
Дробков В.А. На перекрестке дорог, культур, истории: Очерки о Бельгии и Люксембурге. М., 1989.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя).
Герб і сцяг Люксембурга.Даарт.Люксембург. Частка ўрадавага квартала ў г. Люксембург.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУКТУРА І КІРАВАННЕ
Структура нацыянальнай эканомікі. Эканоміка Беларусі як гістарычна сфарміраваная сістэма грамадскага ўзнаўлення ў межах краіны ўяўляе сабой сукупнасць узаемазвязаных звёнаў і ўпарадкаваных сувязей, якія забяспечваюць яе ўстойлівасць і цэласнасць. Яна ўключае комплекс галін па вытворчасці тавараў і паслуг з адпаведнымі тэхнал. і міжгаліновымі сувязямі, формы арганізацыі і кіравання вытворчасцю, механізмы яе дзярж. і рыначнага рэгулявання.
Крызіс у эканоміцы Беларусі пач. 1990-х г, які быў выкліканы распадам СССР і яго адзінага народнагасп. комплексу, меў таксама глыбокі структурны характар: неадпаведнасць у структуры вытворчасці і спажывання, перавага вытворчасці сродкаў вытворчасці, нізкая доля сферы паслуг, слабая насычанасць спажывецкага рынку таварамі нар. спажывання айч. вытворчасці, недастатковае развіццё экспартнага сектара эканомікі і інфраструктурнага комплексу, недастатковая дыверсіфікацыя гарантаваных крыніц паставак паліўна-энергет. рэсурсаў.
Структура эканомікі, якая грунтуецца на сучасных інстытуцыянальных і тэхнал. рашэннях. выкарыстанні прыродных, эканам., дэмаграфічных і інш. рэсурсаў і арыентаваных на задавальненне попыту ўнутр. і знешняга рынкаў, з’яўляецца асновай канкурэнтаздольнасці і росту даходаў насельніцтва краіны. Пабудова нац. эканомікі рыначнага тыпу патрабавала глыбокіх структурных пераўтварэнняў усяго комплексу галін, вытворчасцей, міжгаліновых комплексаў, іх узаемасувязей, матэрыяльных, энергет., інфарм. і фін. патокаў, цэнавых прапорцый, а таксама стварэння прававой прасторы, адпаведнай рыначным адносінам, нац. сістэмы рэгулявання і кіравання, уключэння структурнай перабудовы ў агульны працэс пабудовы бел. дзяржаўнасці. У пабудове новай мадэлі нац. эканомікі асаблівае значэнне мае структура вытвараючага комплексу эканомікі, якая складаецца з узнаўленчай, галіновай, тэхнал. і рэгіянальнай структур.
Узнаўленчая структура характарызуецца суадносінамі элементаў валавога ўнутр. прадукту (ВУП) па канчатковым іх выкарыстанні (гл.табл. 1). За 1990—95 расходы на канчатковае спажыванне выраслі з 71,2% да 79,6%, з іх расходы дамашніх гаспадарак — з 44,5% да 56%; у 2000 адзначана іх зніжэнне, а ў 2003 удзельная вага такіх расходаў зноў павялічылася адпаведна да 80,0 і 57,3%. Доля дамашніх гаспадарак не дасягае паказчыка развітых краін, дзе ён апошнія 20 гадоў застаецца на ўзроўні 60%. Разам з доляй спажывання дамашніх гаспадарак ацэньваецца і рэальны ўзровень жыцця насельніцтва краіны.
З 1990 па 1995 доля ВУП, які накіроўваецца на валавое накапленне, знізілася з 26,6% да 24,8%; у 2000 яна склала 25,4%, а ў 2003—23,9%. У краінах з развітой рыначнай эканомікай гэта доля ў апошнія дзесяцігоддзі застаецца стабільнай у межах 21—24%. Аналіз глыбінных працэсаў эканомікі, асабліва інвестыцыйных, сведчыць, што існаваўшы ў СССР прымат матэрыяльнай вытворчасці прывёў эканоміку да ўцяжаранай рэсурсаёмістай структуры за кошт галін вытворчасці сродкаў вытворчасці (у 1990 група «А» у прамысловасці Беларусі складала 67%, група «Б» — 33%). І хаця ў апошнія гады гэтыя суадносіны крыху змяніліся на карысць тавараў нар. спажывання (група «Б»), былая структурная інерцыя пераадольваецца павольна.
Параўнальны аналіз паказвае таксама перавагу вытворчай сферы. Да 1990 доля капітальных укладанняў на яе развіццё ўстойліва складала 67—68%, да 2000 яна знізілася да 57,6%, у 2003 вырасла да 64%. У структуры асн. фондаў удзельная вага вытворчых фондаў павялічылася з 69,6% у 1990 да 76% у 2000. У развітых краінах на долю вытворчых фондаў прыпадае, як правіла, 37—38%, а невытворчых — 63—62%. У 2003 (у сістэме нац. рахункаводства) усе асн. фонды склалі 152,6 трлн. руб., у т. л. ў галінах, якія вырабляюць тавары, 79,3 трлн. руб. (52%) і ў галінах па аказанні паслуг 73,3 трлн. руб. (48%). Гэтыя суадносіны ўзмацняюцца нарастаючай ступенню зносу асн. фондаў (гл.табл. 2) і нізкай інвестыцыйнай актыўнасцю ў эканоміцы. Ступень зносу ўсіх фондаў вырасла з 33,3% у 1990 да 54,2% у 2003, вытворчых — адпаведна з 40,8 да 55,2%. У цэлым па нар. гаспадарцы знос актыўнай часткі асн. фондаў перавышае 75% (на канец 2003), у сельскай гаспадарцы і буд-ве складае больш чым 80%. Пераадоленне такой негатыўнай тэндэнцыі магчыма толькі шляхам абнаўлення асн. фондаў на аснове ўкаранення найноўшых тэхналогій, дасягнення дастатковых аб’ёмаў інвестыцый, эфектыўнай амартызацыйнай палітыкі.
Галіновая структура характарызуецца найперш удзельнай вагой розных галін у вытв-сці ВУП і колькасці занятага ў ім насельніцтва. У 2003 аб’ём ВУП склаў у бягучых цэнах 35 930 млрд.руб. Назіраецца тэндэнцыя скарачэння долі вытв-сці тавараў і павелічэння долі вытв-сці паслуг. Калі ў 1990 яны складалі адпаведна 68,9 і 28,5%, у 2000—45,6 і 39,9%, то ў 2003—40,4 і 44,7% (гл.табл. 3). Уклад прамысловасці ў вытворчасць ВУП складае 26,5%, сельскай гаспадаркі — 11,6, будаўніцтва — 6,4, транспарту і сувязі — 11,6, гандлю і грамадскага харчавання — 9,5%. Доля дзвюх апошніх галін павялічылася (у 1990 яны складалі адпаведна 6,5 і 3,5%), а доля сельскай гаспадаркі знізілася (у 1990 яна складала 27,6%). У развітых краінах з высокім узроўнем жыцця насельніцтва (ЗША, Францыя, Японія і інш.) доля прамысловасці складае каля 30%, сельскай гаспадаркі — 2%, а ўдзельная вага паслуг дасягае 70% (тэндэнцыя да росту долі паслуг назіраецца і ў такіх краінах з сярэднім даходам, як Расія, Украіна, Польшча, Літва).
У 2003 у эканоміцы Беларусі было занята 4305 тыс.чал., у т. л. ў прамысловасці 26,2%, будаўніцтве 7,1, сельскай гаспадарцы 11,1, на транспарце і сувязі 8,1, у гандлі і інш. вытворчых галінах каля 15%. У невытворчай сферы доля занятых складала 30,7%. Працяглая канцэнтрацыя намаганняў дзяржавы на развіцці прамысловасці, арыентацыя на поўную занятасць прывялі да празмернага павелічэння занятага ў ёй насельніцтва. Лішкам занятых з прычыны нізкай прадукцыйнасці працы, слабай тэхн. і тэхнал. аснашчанасці характарызуецца і другая па велічыні ў нац. даходзе галіна нар. гаспадаркі Беларусі — сельская гаспадарка. За 1990—2003 доля занятых у сферы матэрыяльнай вытворчасці панізілася на 9,0%, у прамысловасці — на 4,7%, будаўніцтве — на 4%, у сельскай гаспадарцы — на 8% (гл.табл. 4). На Беларусі адзін заняты ў сельскай гаспадарцы корміць каля 10 чал., а ў развітых краінах — больш за 40. Застаецца высокай удзельная вага паліва і энергіі ў агульных затратах на вытворчасць прадукцыі, асабліва ў такіх галінах прамысловасці, як чорная металургія, хім. і нафтахім., лясная, дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая, буд. матэрыялаў і інш. У апошнія гады назіраецца тэндэнцыя павелічэння занятых на транспарце і сувязі, у гандлі, грамадскім харчаванні, збыце і нарыхтоўках. З 22,3 да 31,2% павялічылася колькасць занятых у невытворчай сферы. У галіновай структуры эканомікі за кошт прамысловасці і сельскай гаспадаркі павольна расце доля сферы паслуг, што вымагае прыняцця радыкальных мер па яе развіцці і пераразмеркавання інвестыцый на яе карысць, істотнага павышэння іх аддачы.
Тэхналагічная структура эканомікі адлюстроўвае спалучэнне спосабаў вытв-сці, тэхнал. укладаў і пакаленняў тэхнікі ў структуры грамадскага ўзнаўлення. Яна характарызуецца доляй найноўшай тэхнікі, дынамікай яе павелічэння, наяўнасцю высокіх навукаёмістых, рэсурсазберагальных, эколагаабаронных тэхналогій, зніжэннем узроўню матэрыялаёмістасці і энергаёмістасці ВУП і інш. Беларусь значна саступае развітым краінам і па агульным узроўні тэхнал. патэнцыялу, і па тэхналогіях постіндустрыяльнага грамадства: доля V і часткова VI тэхнал. укладаў (мікраэлектроніка, оптыка-валаконная тэхніка, тэлекамунікацыі, біятэхналогіі, касмічная тэхніка, тонкая хімія і інш.) у краіне не перавышае 10%. Высокім застаецца ўзровень матэрыяла- і энергаёмістасці ВУП. Для вырашэння гэтых праблем патрабуецца рэзкая актывізацыя інавацыйнай і інвестыцыйнай дзейнасці, стварэнне адладжанай сістэмы гарантый і страхавання такой дзейнасці, укараненне сучаснага менеджменту і новых тэхналогій. На карэннае паляпшэнне інавацыйнай дзейнасці накіраваны і Комплексны прагноз навук.-тэхн. прагрэсу Рэспублікі Беларусь да 2020, распрацаваны пад эгідай Нац.АН Беларусі і Дзярж.к-та па навуцы і тэхналогіях, Праграма структурнай перабудовы і павышэння канкурэнтаздольнасці бел. эканомікі да 2010.
Рэгіянальная структура эканомікі абумоўлівае якасныя характарыстыкі прасторава-тэрытарыяльнай арганізацыі прадукцыйных сіл, ступень комплекснасці і эфектыўнасці сац.-эканам. развіцця рэгіёнаў, узровень іх дыферэнцыяцыі па стандартах жыцця насельніцтва. У 2003 у тэр. структуры вядучага сектара эканомікі — прамысловасці — Брэсцкая вобл. займала 9,3%, Віцебская — 17,2 Гомельская — 20,5, Гродзенская — 9,1, Мінская — 13,9, Магілёўская — 8,7, г. Мінск — 21,3%. У параўнанні з 1990 адпаведны паказчык зніжаны ў Віцебскай і Гомельскай абл., павялічаны ў Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай абл. і г. Мінску. Гэтая задача надта складаная як з пункту гледжання рэсурсаў, так і па часавым фактары. Рэгіянальнай праблемай надзвычайнай важнасці з’яўляецца пераадоленне наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Удасканаленне рэгіянальнай структуры разглядаецца і як самаст. фактар развіцця прадукцыйных сіл, і як сродак павышэння эфектыўнасці ўзнаўленчай, галіновай і тэхнал. структур. Актуальнасць гэтых фактараў расце яшчэ і таму, што на Беларусі гістарычна склаўся падзел на ўсх. і зах. рэгіёны, якія адрозніваюцца як узроўнем развіцця і вытворчай спецыялізацыяй, так і дабрабытам народа, яго менталітэтам.
Аналіз усіх відаў структур акрэслівае кола праблем, ад вырашэння якіх залежыць фарміраванне нац. эканомікі рыначнага тыпу. Найперш гэта сац. пераарыентацыя ўзнаўленчай структуры, развіццё сродкаў вытв-сці для спажывецкага сектара, прыярытэтнае развіццё новых базавых галін прамысловасці і АПК на аснове высокіх тэхналогій, інтэнсіфікацыя развіцця сацыяльна арыентаваных галін, сферы паслуг, паскоранае развіццё экспартных і імпартна-замяшчальных вытв-сцей, рэсурсазберажэнне і расшырэнне выкарыстання навукаёмістых, экалагічна чыстых тэхналогій па нарматывах эканамічна развітых краін. Комплексныя меры, якія рэалізуюцца на ўзроўні асобных галін і сектараў эканомікі, накіраваны на перабудову фін. сістэмы, грашова-крэдытных адносін і цэнаўтварэння, каб процідзейнічаць інфляцыі і стымуляваць вытворчую актыўнасць, а таксама на выраўноўванне гандлёвага і плацежнага балансу, рэфармаванне аплаты працы, палітыкі даходаў і занятасці, сістэмы сац. падтрымкі.
Агульнасістэмныя меры ствараюць прававое і інстытуцыянальнае эканам. асяроддзе, дзе могуць эфектыўна працаваць усе суб’екты гаспадарання, у т. л. прадпрыемствы як першаснае і асн. звяно эканомікі. Таму ў структурнай перабудове гал. акцэнт робіцца на рэструктурызацыю прадпрыемстваў, іх акцыяніраванне, павышэнне эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці.
Для ўтварэння карпаратыўных структур існуе ўсё больш аб’ектыўных перадумоў, гал. з якіх з’яўляецца развіццё розных форм уласнасці. Доля дзярж. формы ўласнасці (рэсп. і камунальнай) у аб’ёмах прамысл. вытворчасці ў 2003 склала 37,6%, што на 16,2% менш, чым у 2000. Формы прыватнай уласнасці даюць 60,5% агульнага аб’ёму вытв-сці, у т. л. суб’ектаў змешанай уласнасці без замежнага ўдзелу — 43,3, з замежным удзелам — 6,5%, а доля замежнай уласнасці складае ўсяго 1,2%. Недзярж. формы ўласнасці даюць прыросты вытворчасці большыя, чым дзяржаўныя. Рэструктурызацыя прадпрыемстваў як асн. звяно структурнай перабудовы эканомікі дазволіць вырашыць праблему найб. эфектыўных суадносін усіх форм уласнасці (прыватнай індывідуальнай, прыватнай калектыўнай, дзяржаўнай, змешанай).
Сістэма кіравання. Неабходная прававая база пад сістэму кіравання эканомікай закладзена ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, рашэннях Парламента і Урада, указах і дэкрэтах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, нарматыўных актах рэсп. органаў кіравання, мясц. Саветаў, выканаўчых і распарадчых органаў. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12.2.2004 «Аб некаторых мерах па аптымізацыі сістэмы рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, структуры і колькасці работнікаў дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый» зацверджана сістэма такіх органаў і арганізацый. У сац.-эканам. блок гэтай сістэмы ўваходзяць 15 мін-ваў (архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, лясной гаспадаркі, па падатках і зборах, прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя, прамысловасці, сувязі і інфарматызацыі, сельскай гаспадаркі і харчавання, статыстыкі і аналізу, гандлю, транспарту і камунікацый, працы і сац. абароны, фінансаў, эканомікі, энергетыкі), 3 дзярж. камітэты (ваенна-прамысловы, па авіяцыі, па навуцы і тэхналогіях), 7 камітэтаў пры Савеце Міністраў (па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі, па матэрыяльных рэзервах, па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі, па каштоўных паперах, па энергаэфектыўнасці) і 7 дзярж. арганізацый, падпарадкаваных Ураду (канцэрны «Белдзяржхарчпрам», «Белнафтахім», «Беллегпрам», «Белмясцпрам», «Белбіяфарм», «Беллеспаперапрам», Бел. чыгунка), а таксама Бел.рэсп. саюз спажывецкіх т-ваў («Белкаапсаюз»), які знаходзіцца ў веданні Урада Рэспублікі Беларусь па пытаннях, вызначаных заканадаўствам.
У рэгуляванні ўласна вытворчай сферы і інфраструктуры вызначальную ролю адыгрываюць галіновыя органы кіравання, якія ахопліваюць усе нар.-гасп. комплексы, у т. л.: паліўна-энергет. комплекс, прамысловасць, АПК, буд. комплекс, транспарт і сувязь, матэрыяльна-тэхн. забеспячэнне, гандаль, быт. абслугоўванне насельніцтва. Асн. цэнтрамі кіравання і рэгулявання гэтымі комплексамі з’яўляюцца адпаведныя мін-вы і ведамствы, канцэрны, аб’яднанні, асацыяцыі, у абавязкі якіх уваходзяць: распрацоўка і рэалізацыя структурнай перабудовы галіны на праграмна-мэтавай аснове. фін. рэгуляванне, садзейнічанне прамым сувязям паміж суб’ектамі гаспадарання, стымуляванне інвестыцыйнай, навук.-тэхн. і знешнеэканам. дзейнасці прадпрыемстваў, распрацоўка эканам. нарматываў і стандартаў, аналіз функцыянавання галін, складанне праграм і прагнозаў іх развіцця, аказанне кансультатыўнай дапамогі.
Інтэграцыйныя працэсы ў краінах СНД абумоўліваюць неабходнасць стварэння міждзярж органаў кіравання, якія б каардынавалі дзейнасць нац. органаў кіравання краін-удзельніц, рэгулявалі міждзярж. патокі рэсурсаў, капіталаў і насельніцтва, ажыццяўлялі кіраванне адзінымі энергасістэмай, сістэмай транспарту і камунікацый, займаліся мытным і падатковым рэгуляваннем. У Саюзе Беларусі і Расіі дзейнічаюць Вышэйшы Савет, Выканаўчы камітэт, Парламенцкі сход, Мытны камітэт, Рас.-Бел. камісія па навук.-тэхн. супрацоўніцтве, Камітэт па гідраметэаралогіі і маніторынгу забруджвання прыроднага асяроддзя і інш. органы У перыяд трансфармацыі і радыкальных грамадскіх пераўтварэнняў захоўваецца роля дзяржавы ў рэгуляванні сац.-эканам. працэсаў. Мяняюцца змест і арганізацыя такога яго механізму, як планаванне; жорсткае дырэктыўнае планаванне замяняецца індыкатыўным і рэгулюючым, заснаваным на распрацоўцы сістэмы паказчыкаў (індыкатараў) сац.-эканам. развіцця, якія характарызуюць дынаміку, структуру і эфектыўнасць эканомікі, стан фінансаў, грашовага абарачэння, рынку тавараў і каштоўных папер, рух цэн, занятасць, узровень жыцця насельніцтва, знешнеэканам. сувязі і г.д.
Стратэгічная задача кіравання на сучасным этапе — рэалізацыя перспектыўнай мадэлі сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі, у якой аддаецца прыярытэт сац. мэтам. Гэта якасць і працягласць жыцця насельніцтва, ахова і паляпшэнне асяроддзя пражывання людзей, сац. гарантыі і сац. справядлівасць, захаванне і прымнажэнне культ. і духоўна-маральных каштоўнасцей з улікам традыцый і нац. асаблівасцей краіны. Выбар канкрэтных форм і метадаў кіравання грунтуецца на выкарыстанні айч. і замежнага вопыту, навук.-метадычных і метадалагічных распрацовак, крытэрыяў эфектыўнасці сістэм і метадаў кіравання, уліку канкрэтных умоў, узроўняў аб’ектаў рэгулявання. У якасці рацыянальнага спосабу гаспадарання ўзяты арыенцір на інтэнсіўны метад з паступовым звужэннем поля выкарыстання экстэнсіўных форм вядзення гаспадаркі.
Адна з фундаментальных задач пры пераходзе да сацыяльна арыентаванай рыначнай гаспадаркі — зрабіць эфектыўным асн. звяно эканомікі — прадпрыемства, адаптаваць ягода новых умоў гаспадарання. З развіццём рыначных адносін па меры прыватызацыі правы валодання, карыстання, распараджэння перадаюцца з верхняга ўзроўню кіравання на ўзровень прадпрыемства, а прамое дзярж. кіраванне ўсё больш будзе замяняцца ўскосным рэгуляваннем пры адначасовым развіцці рыначнай самарэгуляцыі. Ва ўмовах Беларусі найб. прымальнымі арганізац. формамі гасп. дзейнасці, якія адлюстроўваюць пераход да пераважна рыначных адносін і новага зместу дзярж. рэгулявання, з’яўляюцца акц. т-вы — карпарацыі і канцэрны. Асн. праваднікамі дзярж. палітыкі дэманапалізацыі галін прам-сці і стварэння новых канкурэнтаздольных вытворчасцей становяцца дзярж. аб’яднанні прадпрыемстваў, якія спецыялізуюцца ў галіне маркетынгу, навук. пошукаў, тэхнал. і прамысл. праектавання і маюць надзейныя інструменты прыцягнення інвестыцый для вырашэння сваіх задач.
Праграмы ўстойлівага эканам. развіцця краіны прадугледжваюць захаванне і развіццё буйных прадпрыемстваў з іх глыбокай перабудовай на рыначныя рэйкі, разгортваннем службаў менеджменту, маркетынгу, тэхнал. абнаўлення. Гэты аргумент улічваецца і пры вырашэнні пытання аб ролі і месцы прыватнай уласнасці на зямлю, аб фарміраванні ў сельскіх гаспадароў цікавасці да канкурэнтаздольнасці ў міжнар. маштабе і выкарыстання імі дасягненняў сучаснага навук. і тэхнал. прагрэсу. Важным фактарам стварэння перадумоў устойлівага росту эканомікі з’яўляецца выкарыстанне праграмна-мэтавага метаду кіравання з асн. формай яго рэалізацыі — мэтавымі праграмамі, якія адрозніваюцца зместам і ўзроўнем кіравання. Для павышэння значнасці і статуса такіх дзярж. праграм у 1997 уведзены інстытут прэзідэнцкіх праграм «Дзеці Беларусі», «Жыллё», «Бытавая электроніка», «Інфарматызацыя» і інш.Эканам. праграміраванне выкарыстоўваецца разам з інш. формамі і метадамі апераджальнага аналізу і рэгулявання сац.-эканам. працэсаў: сац. прагнозамі, доўгатэрміновымі канцэпцыямі, генеральнымі схемамі кіравання, праектамі развіцця высокатэхнал. вытворчасцей і г.д. Сярод найб. важных дзярж. праграм вылучаюцца: Праграма неадкладных мер па выхадзе эканомікі з крызісу (1994), Праграма сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь да 2000 (1995), Нац. стратэгія ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2010 (1996), Нац. праграма прыцягнення інвестыцый (1996), Канцэпцыя сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь да 2015 (1998); Праграма сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь на 2001—05 (2000), Нац. стратэгія ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2020 (2003); сац. праграмы «Культура», «Здароўе», «Жанчыны Беларусі», дзярж. падтрымкі творча адораных дзяцей і моладзі, па праблемах пажылых людзей і інш. Распрацавана мноства рэсп., галіновых, навук.-тэхн., сац., экалагічных і інш. праграм. Найб. прыярытэтнымі кірункамі ўсіх праграмных распрацовак з’яўляецца развіццё розных галін эканомікі, навук.-тэхн. прагрэсу, міжгаліновых комплексаў і вытворчасці асобных прадуктаў, рэсурсазберажэнне, экалогія, блок сац. палітыкі і сац. праблем.
Літ.:
Программа структурной перестройки экономики Беларуси. Мн., 1994;
Экономика Беларуси: пути стабилизации и социально-экономического обновления. Мн., 1995;
Национальная стратегия устойчивого развития Республики Беларусь. Мн. 1997, Санько Г.Т. Монополизм и антимонопольное регулирование. Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ МІР 1918, Брэст-Літоўскі мірны дагавор 1918. Падпісаны ў Брэсце (Брэст-Літоўску) 3.3.1918 прадстаўнікамі Сав. Расіі з аднаго боку і прадстаўнікамі краін Чацвярнога саюза (Германіі, Аўстра-Венгрыі, Балгарыі і Турцыі) — з другога; ратыфікаваны 4-м Надзвычайным Усерас. з’ездам Саветаў 15.3.1918 і герм. імператарам Вільгельмам II 26.3.1918. У выніку перагавораў у Брэст-Літоўску, якія праходзілі з 20.11(3.12) па 2(15).12.1917, было заключана пагадненне аб перамір’і паміж Сав. Расіяй і Чацвярным саюзам да 1(14).2.1918. Мірныя перагаворы пачаліся 9(22).12.1917 і праходзілі ў абставінах вострай паліт. барацьбы ў бальшавіцкім кіраўніцтве паміж У.І.Леніным і яго прыхільнікамі з аднаго боку, Л.Д.Троцкім і «левымі камуністамі» на чале з М.І.Бухарыным — з другога. Геапалітычным фонам Брэсцкай мірнай канферэнцыі былі падзеі на Украіне — бальшавіцкае паўстанне супраць Укр.нар. рэспублікі (УНР), абвяшчэнне УССР. У выніку гэтых падзей герм. блок прызнаў УНР і 27.1(9.2).1918 падпісаў з яе прадстаўнікамі асобны дагавор, паводле якога Украіна падлягала акупацыі аўстра-герм. войскамі. Пасля зрыву мірных перагавораў дэлегацыяй Сав. Расіі на чале з Троцкім 18.2.1918 аўстра-герм. войскі пачалі наступленне па ўсім фронце і занялі б.ч.тэр. Беларусі (да Дняпра, Сажа і Зах. Дзвіны). Неакупіраванымі засталіся толькі 14 паветаў Віцебскай і Магілёўскай губ. Паколькі Сав. Расія была няздольная працягваць ваен. дзеянні, яе прадстаўнікі падпісалі мір, прыняўшы герм. ультыматыўныя патрабаванні. Дагавор складаўся з 14 артыкулаў і розных дадаткаў. Ням. акупацыі падлягалі Курляндыя, Літва, Ліфляндыя, Эстляндыя і частка Беларусі. На Каўказе да Турцыі адыходзілі правінцыі Усх. Анатоліі і акругі Карс, Ардаган і Батум. Украіна і Фінляндыя прызнаваліся самаст. дзяржавамі. Усяго Расія страчвала тэрыторыі каля 1 млн.км² з насельніцтвам больш за 50 млн.чал. Дагавор абавязваў Сав. Расію правесці поўную дэмабілізацыю арміі і флоту, прызнаць дагавор Цэнтр.укр. рады з Германіяй і яе саюзнікамі, заключыць мірны дагавор з УНР і вызначыць мяжу паміж Расіяй і Украінай. Сав. Расія абавязвалася аднавіць гандлёва-эканам. льготы і прывілеі для Германіі, у т. л. мытны тарыф 1904 на яе карысць. Заключэнне Брэсцкага міру дазволіла сав. ўраду атрымаць неабходную яму мірную перадышку.
Бел. пытанне на перагаворах самаст. значэння не мела, нягледзячы на тое, што паняцце «самавызначэнне нацый» стаяла ў цэнтры дыскусій. Паводле прапаноў дэлегацыі РСФСР, нацыянальным групам, якія не карысталіся паліт. самастойнасцю да вайны, гарантавалася магчымасць свабодна вырашаць пытанне аб сваёй прыналежнасці да той ці інш. дзяржавы або аб сваёй дзярж. незалежнасці шляхам рэферэндуму. Бел. дэлегацыя, сфарміраваная Усебел. з’ездам 1917 (С.А.Рак-Міхайлоўскі, І.М.Серада, А.І.Цвікевіч), прысутнічала на канферэнцыі толькі як дарадца дэлегацыі УНР і актыўнага ўдзелу ў перагаворах не прымала. Паводле ўмоў Брэсцкага міру тэр. Беларусі падзялялася па лініі Дзвінск—Свянцяны—Ліда—Пружаны—Брэст. Немцы арыентаваліся на стварэнне «малой Літвы» з далучэннем бел. зямель, у т. л. Віленшчыны і Гродзеншчыны, да этнічнай Літвы. Астатняя тэр. Беларусі разглядалася як прэрагатыва Сав. Расіі. Землі на Пд ад Палескай чыг. па дамоўленасці з Цэнтр.укр. радай перадаваліся УНР. Устанаўлівалася, што для тэрыторый, якія знаходзіліся на З ад устаноўленай лініі і раней належалі Расіі, не будзе вынікаць ніякіх абавязкаў у адносінах да Расіі. Апошняя адмаўлялася ад усякага ўмяшання ва ўнутр. справы гэтых абласцей. Германія і Аўстра-Венгрыя збіраліся вызначыць іх будучы лёс праз рэферэндум. Брэсцкі мір — першы ў 20 ст. падзел бел. зямель паміж 5 дзяржавамі: Германіяй, Сав. Расіяй, Украінай, Літвой і Латвіяй. Беларусь не атрымлівала кампенсацый на аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі, паколькі Германія і Расія ўзаемна адмовіліся ад пагашэння ваен. страт. Брэсцкі мір узмацніў незалежніцкія настроі ў бел.нац.-вызв. руху і садзейнічаў абвяшчэнню незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Паводле дадатковага сав.-герм. дагавора ад 27.8.1918 Германія абавязвалася ачысціць тэр. на У ад Бярэзіны. Дапач.ліст. 1918 быў вызвалены шэраг валасцей Аршанскага, Лепельскага, Магілёўскага, Полацкага і Сенненскага пав. Калі ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі ў 1918 у Германіі была скінута кайзераўская манархія, Германія 11.11.1918 падпісаннем Камп’енскага перамір’я адмовілася ад Брэсцкага міру 13.11.1918 Усерас.ЦВК ануляваў Брэсцкі мір. Канчаткова Брэсцкі мір скасаваны паводле Версальскіх мірных пагадненняў 1919 з пераможанай Германіяй.
У.Е.Снапкоўскі.
Даарт.Брэсцкі мір 1918. Мірныя перагаворы ў Брэсце. Сакавік 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ (ГЭС),
электрастанцыя, якая выпрацоўвае эл. энергію за кошт ператварэння мех. энергіі патоку вады. Складаецца з гідратэхн. збудаванняў (будынкі ГЭС, напорныя басейны, плаціны, дамбы, вадаводы, вадаскіды, шлюзы і інш., якія забяспечваюць стварэнне напору, канцэнтрацыю вадзянога патоку і яго адвод) і энергет. абсталявання (гідраўлічныя турбіны, што прыводзяцца ў рух патокам вады, і гідрагенератары, якія верцяцца гідратурбінамі і выпрацоўваюць эл. ток напружаннем каля 6—16 кв). Гідраагрэгаты, дапаможнае абсталяванне, прылады кіравання і кантролю размяшчаюцца ў машыннай зале будынка ГЭС. Трансфарматарная падстанцыя, якая з дапамогай сілавых трансфарматараў павышае генератарнае напружанне да 110, 220, 330, 750 кВ і болей, размяшчаецца ў будынку станцыі, у асобным будынку або на адкрытай пляцоўцы; размеркавальнае ўстройства, да якога падключаюцца лініі электраперадачы — звычайна каля будынка ГЭС.
Паводле напору ГЭС падзяляюцца на высоканапорныя (больш за 60 м, абсталёўваюцца каўшовымі і радыяльна-восевымі турбінамі), сярэдненапорныя (ад 60 да 25 м, з паваротна-лопасцевымі і радыяльна-восевымі турбінамі) і нізканапорныя (да 25 м, з паваротна-лопасцевымі, часам гарыз. турбінамі ў капсулах або адкрытых камерах). У залежнасці ад асаблівасцей выканання гідратэхнічных збудаванняў адрозніваюць ГЭС: рэчышчавыя (будуюцца ў асн. у межах рачнога рэчышча, будынак станцыі ўваходзіць у склад водападпорных збудаванняў, напор звычайна да 30 м), прыплацінныя (напор ад 30 да 200 м ствараецца землянымі, бетоннымі, каменнымі плацінамі, будынак станцыі размешчаны за плацінай), дэрывацыйныя (будуюцца пераважна на горных рэках, сярэдняга і высокага напору, які ствараецца з дапамогай абвадных каналаў, тунэляў або трубаправодаў), сумешчаныя (будынак станцыі размяшчаецца ў целе плаціны і адначасова выконвае функцыю вадаскіднага збудавання). Існуюць таксама гідраакумулюючыя электрастанцыі і прыліўныя электрастанцыі. Асобныя ГЭС або іх каскады звычайна працуюць у электраэнергетычнай сістэме сумесна з кандэнсацыйнымі, газатурбіннымі, атамнымі электрастанцыямі, цеплаэлектрацэнтралямі: У залежнасці ад характару ўдзелу ў пакрыцці графіка нагрузак ГЭС бываюць базісныя, паўпікавыя і пікавыя, выкарыстоўваюцца таксама для генерыравання рэактыўнай энергіі. Сабекошт электраэнергіі і эксплуатацыйныя расходы ГЭС меншыя, а працягласць і кошт буд-ва — большыя, чым цеплавых. Першыя ГЭС магутнасцю ў некалькі соцень ват пабудаваны ў 1876—81 у Германіі і Вялікабрытаніі. У Расіі першая прамысл.ГЭС (каля 300 кВт) пабудавана ў 1895—96. Самая буйная ГЭС з пабудаваных у СССР — Саяна-Шушанская (на р. Енісей, 6400 МВт). Найб. агульную магутнасць маюць ГЭС (млн.кВт): ЗША (89), краін СНД (64), Канады (57), Бразіліі (42), Японіі (37).
На Беларусі гідраэнергет. рэсурсы невялікія (гл.Гідраэнергетыка). У 1940—50-я г. пабудавана 179 невял. ГЭС агульнай магутнасцю каля 20 тыс.кВт. Найб. значныя з іх Асіповіцкая на р. Свіслач (2250 кВт) і Чыгірынская на р. Друць (1500 кВт). З развіццём Беларускай энергетычнай сістэмы большасць малых ГЭС была закансервавана. У 1992—94 адноўлены Дабрамысленская, Ганалес, Богіна, Жамыслаўская, Клясціцкая, Вайтаўшчызненская, Лахазвінская ГЭС агульнай магутнасцю каля 2 МВт. Амаль усе ГЭС — прыплацінныя з напорнымі будынкамі.
Літ.:
Цветков Е.В., Алябышева Т.М., Парфенов Л.Г. Оптимальные режимы гидроэлектростанций в энергетических системах. М., 1984;
Гидроэлектрические станции. 3 изд. М., 1987.
Я.П.Забела.
Схема рэчышчавай гідраэлектрычнай станцыі: 1 — гідраўлічная турбіна; 2 — гідрагенератар; 3 — гідрапад’ёмнік; 4, 9 — мінімальны і максімальны ўзроўні верхняга і ніжняга б’ефаў; 5 — засаўкі; 6 — плаціна; 7 — размеркавальнае прыстасаванне; 8 — ЛЭП.Схема дэрывацыйнай гідраэлектрычнай станцыі: 1 — плаціна; 2 — водапад’ёмнік; 3 — адстойнік; 4 — дэрывацыйны канал; 5 — напорны басейн; 6 — басейн сутачнага рэгулявання; 7 — турбінны вадавод; 8 — будынак ГЭС; 9 — вадаскід; 10 — размеркавальнае прыстасаванне; 11 — ЛЭП.Даарт.Гідраэлектрычная станцыя. Асіповіцкая ГЭС на р. Свіслач (Асіповіцкі раён Магілёўскай вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРЭВА́Н,
сталіца Арменіі. Размешчаны на левабярэжнай ч. Арарацкай раўніны і часткова на вулканічным плато перадгор’я на р. Раздан, якая падзяляе горад на 2 ч. каньёнападобнай цяснінай. 1283 тыс.ж. (1991). Чыг. вузел. Аэрапорт.
Метрапалітэн. Буйны прамысл., навук. і культ.цэнтр.Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (з-ды: эл.-лямпавы, кабельны, гадзіннікавы, станкабуд., аўтамаб., эл.-апаратны, кампрэсарны, прыладабуд. і інш.), хім. і нафтахім. (камбінат сінт. каўчуку, ВА «Полівінілацэтат», шынны, лакафарбавы, хім. рэактываў з-ды, фармацэўтычная ф-ка), харчасмакавая (вінна-каньячныя з-ды і інш.), лёгкая (тэкст.-трыкат., абутковая ф-кі і інш.), будматэрыялаў (з-ды «Арммармур», керамічных вырабаў і інш.).
Адзін з найб.стараж. гарадоў свету. Паводле выяўленага пры раскопках урарцкага надпісу, у 782 дан.э. на месцы Е. цар Аргішці I пабудаваў крэпасць Эрэбуні. З сярэдзіны 13 ст. важны пункт на шляху з Арарацкай даліны ў Паўн. Закаўказзі. З 1440 адм. і гандл.-рамесніцкі цэнтр Усх. Арменіі, у 16 — пач. 18 ст. горад неаднойчы быў захоплены і разбураны персамі і туркамі. У 1604 яго захапілі і зруйнавалі войскі іранскага шаха Абаса 1, арм. насельніцтва выгнана ў Іран. Пазней горад адбудаваны і ў 17 ст. стаў буйным цэнтрам караваннага гандлю і рамесніцтва. З 1735 цэнтр Эрыванскага ханства. У выніку рус.-перс. вайны 1826—28 далучаны да Расіі. З 1828 цэнтр Армянскай вобл., з 1840 пав. горад, з 1849 цэнтр Эрыванскай губ. У 1901 чыгунка злучыла Е. з Тыфлісам (сучасны Тбілісі), у 1908 — з Джульфай, што садзейнічала эканам. развіццю горада. У маі 1918 тут абвешчана незалежнасць Арменіі. У 1918—20 Е. — цэнтр Эрыванскага пав., падуладнага дашнакам. З 1922 сталіца Арменіі.
Ад крэпасці Эрэбуні ад урарцкага перыяду (8—6 ст.дан.э.) захаваліся руіны цытадэлі з палацам, перыстыльным дваром, храмамі, ад ахеменідскага (5—4 ст.дан.э.) — рэшткі храмаў і шматкалоннай залы з размалёўкай. Сярэдневяковыя помнікі Е.: Аванскі сабор (591—602), цэрквы Катагіке (13 ст.) і Заравар (1691—1705) і інш. У 20 ст. аблічча Е. змянілася ў выніку маштабнага горадабудаўніцтва. Своеасаблівы каларыт гораду надае мясц. камень розных адценняў (ружовы, крэмавы, белы туф), які шырока выкарыстоўваецца ў буд-ве. Гал. ансамбль цэнтра Е. ўтвараюць пл. Рэспублікі і прамавугольная сетка вуліц. На плошчы знаходзяцца Дом урада Арменіі (1926—41, арх. А.І. і Г.А.Таманян), другі Дом урада (1955, арх. С.А.Сафаран, В.А.Арэўшацян, Р.С.Ісраэлян). Гіст. музей Арменіі (1957), гасцініца «Арменія» (1958), будынак Мін-ва сувязі і Савета прафсаюзаў (1956—58; арх. ўсіх М.У.Грыгаран і Э.А.Сарапян). Сярод грамадскіх пабудоў: Дзярж.т-р оперы і балета імя А.А.Спендыярава (1926—39, арх. А.І.Таманян, завершаны ў 1953), сховішча стараж. рукапісаў Матэнадаран (1959, арх. Грыгаран), драм.т-р імя Г.Сундукяна (1965, арх. Р.Б.Алавердзян і Р.А.Бадалян), Музей гісторыі Ерэвана (1968, арх. Ш.Р.Азацян, Б.А.Арзуманян, скульпт. А.А.Аруцюнян), стадыён «Раздан» (1967—72, арх. К.А.Акапян), гасцініца «Двін» (1979, арх. Ф.С.Акапян, А.С.Алексанян, Э.А.Сафаран). Помнікі: С.Шаўмяну (1931, скульпт. С.Дз.Мяркураў, арх. І.У.Жалтоўскі), Давіду Сасунскаму (1959, Е.С.Качар), ахвярам генацыду армян 1915 (1967, арх. А.А.Тарханян, С.Г.Калашан) і інш.
АН Арменіі. Сховішча стараж. рукапісаў Матэнадаран. 11 ВНУ (у т. л.ун-т, кансерваторыя, політэхн., мед., маст.-тэатр., пед. ін-ты). Тэатры (у т. л. оперы і балета). Музеі: Дзярж. карцінная галерэя, нар. мастацтва Арменіі, сучаснага мастацтва Арменіі, рус. мастацтва і інш.
Панарама Ерэвана.Даарт.Ерэван. Палац крэпасці Эрэбуні (рэканструкцыя). 5—4 ст.да н.э.Даарт.Ерэван. Тэатр оперы і балета імя А.А.Спендыярава. Арх. А.Таманян. 1926—53.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РСКАЯ БІ́ТВА 1943,
адна з вырашальных вайск. аперацый у Вял.Айч. вайну. Адбылася на тэр. сучасных Курскай, Арлоўскай, Белгародскай, Бранскай і Калужскай абл. Расіі, Харкаўскай і Сумскай абл. Украіны. Складалася з 2 этапаў: абарончых баёў (5—23 ліп.) і контрнаступлення (12 ліп. — 23 жн.) сав. войск. Летам 1943 ням.-фаш. камандаванне падрыхтавала аперацыю «Цытадэль» — наступленне на т.зв. Курскі выступ сустрэчнымі ўдарамі з раёнаў Арла і Харкава, каб акружыць і знішчыць тут сав. войскі, вярнуць стратэг. ініцыятыву пасля паражэння ў Сталінградскай бітве 1942—43. На лініі Арол — Харкаў было сканцэнтравана 50 ням. дывізій (больш за 900 тыс.чал., да 2,7 тыс. танкаў і штурмавых гармат, каля 10 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 2 тыс. самалётаў), што ўваходзілі ў 9-ю і 2-ю арміі групы армій «Цэнтр» (камандуючы ген.-фельдмаршал Г.Клюге), 4-ю танк. армію і аператыўную групу «Кемпф» групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.Манштэйн), г.зн. каля 70% танк., 30% матарызаваных і больш за 20% пяхотных дывізій, што дзейнічалі на сав.-герм. фронце. Сав. камандаванне разгадала намеры праціўніка і падрыхтавала эшаланіраваную абарону глыбінёй да 300 км. Абарону паўн. раёна Курскага выступу трымалі войскі Цэнтр. фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі), паўд. — Варонежскага фронту (ген. арміі Л.Ф.Ватуцін): больш за 1,3 млн.чал., каля 20 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 3,4 тыс. танкаў і самаходных гармат і каля 2,2 тыс. самалётаў. У іх тыле знаходзіўся ў рэзерве Сцяпны фронт (ген.-палк. І.С.Конеў). Для контрнаступлення былі падрыхтаваны Зах. (ген.-палк. В.Д.Сакалоўскі) і Бранскі (ген.-палк. М.М.Папоў) франты, а таксама 57-я армія (ген.-лейт. М.А.Гаген) Паўд.-Зах. фронту. Дзейнасць франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза Г.К.Жукаў і А.М.Васілеўскі. Раніцай 5 ліп.сав. артылерыя нанесла апераджальны ўдар па варожых пазіцыях. Ударныя ням. групоўкі пачалі наступленне на Курск з раёнаў Арла і Белгарада. На Арлоўскім напрамку каля с. Поныры вораг уклініўся ў сав. абарону на 10—12 км, на Белгародскім напрамку каля с. Прохараўка — на 35 км. 12 ліп. каля Прохараўкі адбылася самая буйная сустрэчная танк. бітва 2-й сусв. вайны, у якой з абодвух бакоў удзельнічала да 1200 танкаў і самаходных гармат. Пасля 8-дзённых малавыніковых атак ням.-фаш. войскі перайшлі да абароны. 12 ліп. пачалі контрнаступленне войскі Зах. і Бранскага франтоў, 15 ліп. ў напрамку Арла — Цэнтр. фронту, 16—18 ліп. на Белгародска-Харкаўскім напрамку — Варонежскага і Сцяпнога франтоў ва ўзаемадзеянні з Паўд.-Зах. фронтам (ген. арміі Р.Я.Маліноўскі). 5 жн. вызвалены Арол і Белгарад, 23 жн. — Харкаў. У выніку К.б. ням.-фаш. войскі страцілі каля 30 дывізій і шмат баявой тэхнікі. У ходзе бітвы ў тыле групы армій «Цэнтр» бел. партызаны правялі аперацыю «Рэйкавая вайна» (у ліп. пусцілі пад адхон 761 эшалон), чым у значнай ступені скавалі перавозкі праціўніка і адцягнулі на сябе каля 80 тыс.яго вайскоўцаў. У час бітвы вызначыліся воіны-беларусы лётчык А.К.Гаравец; танкісты М.М.Антонаў і В.Ф.Марцехаў, мінамётчык Б.Т.Шабан і інш. К.б. завяршыла карэнны пералом у ходзе Вял.Айч. вайны, стварыла ўмовы для пераходу сав. войск да агульнага наступлення, наблізіла пачатак вызвалення Беларусі (канец вер. 1943). Паражэнне Германіі ў К.б. вымусіла яе перайсці да абароны на ўсіх тэатрах 2-й сусв. вайны.
Літ.:
Колтунов Г.А., Соловьев Б.Г. Курская битва. М., 1983;
Кэйдин М. Курская битва — величайшее сухопутное сражение в истории // От Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагические страницы истории второй мировой войны: Перевод. М., 1992;
Меллентин Ф. Танковые сражения 1939—1945: Пер. с англ.М., 1957. С. 186—202;
Соловьев Б.Г. «Кутузов» и «Румянцев» против «Цитадели» // Военно-ист журн. 1998. № 4.
В.А.Юшкевіч.
Даарт.Курская бітва 1943. Мастак П.А.Крываногаў. 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКАКО́ (франц. rococo),
стыль у еўрап. пластычных мастацтвах і архітэктуры 1-й пал. 18 ст.
Узнік у Францыі ў перыяд крызісу абсалютызму, адлюстраваў уласцівыя для арыстакратыі геданістычны настрой. імкненне ўцячы ад рэчаіснасці ў свет тэатралізаванай гульні. Сярэдневяковай рэліг. дагматыцы і строгай маралі проціпастаўляў вольны нораў, пераборлівы густ, патрабавальнасць у забавах. У краінах Зах. Еўропы і Расіі Р. — пераважна своеасаблівы мясц. варыянт позняга барока. Характарызаваўся надзвычайнай вытанчанасцю сродкаў маст. выразнасці, імкненнем да стварэння ўражання лёгкасці і прывабнасці. Стылявая сістэма Р. будавалася на поўным. адмаўленні архітэктонікі, на свабоднай і абстрактнай пластычнай мадэліроўцы прасторавых і арнаментальна-дэкар. кампазіцый. У пластычных мастацтвах Р. паўплывала на характар дэкору, які набыў падкрэслена мудрагелісты і ўскладнены характар. На раннім этапе развіцця Р. (1700—25, т.зв. стыль рэгенцтва) формы барока страцілі сваю манументальнасць. у афармленне памяшканняў уводзіўся дробны арнамент, прадметам інтэр’ера надаваліся вычварныя паверхні. Развіты этап Р. (1725—50, т.зв. стыль Людовіка XV) характарызаваўся выкарыстаннем складаных разных і ляпных узораў, завіткоў, ракайля і інш.; у аддзелцы памяшканняў важную ролю сталі адыгрываць рэльефы і жывапісныя пано ў вытанчаных абрамленнях, шматлікія люстэркі і інш. Архітэктуры Р. ўласціва візуальнае разбурэнне буд. канструкцый, наданне ім расл. форм, ілюзорнае пашырэнне рэальнай прасторы з дапамогай вял. колькасці люстэркаў, залачэння, хрусталю. Быў пераважна сістэмай дэкору інтэр’ераў, афармленне якіх спалучалася з адносна строгім вонкавым абліччам збудаванняў. Сярод архітэктараў, якія працавалі ў такім стылі Ж.М.Апенар, Ж.Бафран, Ж.А.Мейсанье (Францыя), Г.Кнобельсдорф, Б.Нойман, Д.Пёпельман (Германія), В.Растрэлі, С.Чавакінскі (Расія) і інш.
На Беларусі рысы Р. выявіліся ў палацава-сядзібнай і культавай архітэктуры 18 ст. Важную ролю ў стварэнні арх. аблічча палаца, узбагачэння яго аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі адыгрывалі пластычныя формы мансардавага даху з заломам (Гродзенскі Новы замак) вуглавыя алькежы з фігурнымі шлемамі ў завяршэнні (Дзятлаўская сядзіба). Гал. акцэнтам быў цэнтр. рызаліт (сядзібны дом у р.п. Татарка Асіповіцкага р-на), часам завершаны крывалінейным франтонам або шчытом перарывістага плаўнага малюнка (Лявонпальская сядзіба). У маляўнічых прыгарадах магнаты будавалі сядзібныя дамы, паляўнічыя домікі, якія мелі рысы Р. (Альбінскі палацава-паркавы ансамбль, Станіславоўская сядзіба, Аўгустоўскі палац у б. прыгарадзе Гродна і інш.). У інтэр’еры палацаў і сядзібных дамоў стыль Р. выявіўся пераважна ў мудрагелістай, часта асіметрычнай аддзелцы арнамент. матывамі ў выглядзе стылізаваных завіткоў з галінак, кветак, лісця, хваль, ракавін. Для памяшканняў характэрна анфіладная планіроўка, канфігурацыя планаў набыла складаную форму (авал, многавугольнік). Пластычныя арх. формы інтэр’ера арганічна спалучаны з дынамічным арнаментальным дэкорам. У культавых збудаваннях рысы Р. выявіліся ў арх. формах віленскага барока, у канструкцыі і дэкоры алтароў, якія завяршаліся фігурнымі шчытамі (у касцёле бернардзінцаў у г. Слонім), амбонаў (у касцёлах езуітаў у Гродне, в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.) і інш. абсталявання храмаў (бра ў касцёле бернардзінцаў у Гродне). Майстры садова-паркавага мастацтва ўносілі арнаментальнае багацце палацавага інтэр’ера ў формаўтварэнне зялёных насаджэнняў, якія набывалі шарападобныя, пірамідальныя, кубападобныя формы. Дамінуючым элементам кампазіцыі паркаў былі курціны з перспектывамі; месцы адпачынку абсталёўвалі ажурнымі альтанкамі. Кветнікі і газоны набывалі ракайльны і арабескавы малюнак (парк у г.п. Свіслач).
Літ.:
Кулагін А.М. Шэдэўры архітэктуры ракако. Мн., 1991.
А.М.Кулагін.
Даарт.Ракако. Амбон Праабражэнскага касцёла ў в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. 1745.Даарт.Ракако. Ф.Бушэ. Трыумф Венеры. 1740.Даарт.Ракако. Падсвечнік. Беларусь. 18 ст.Даарт.Ракако. І.М.Гопенгаўпт. Пакой для музыкі ў палацы Сан-Сусі. Патсдам. Германія. 1746—47.Даарт.Ракако. І.М.Камблі. Камода з антрапаморфным і раслінным дэкорам. Германія. Каля 1765.Даарт.Ракако: Інтэр’ер касцёла ў г. Дысен. Германія. 2-я пал. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБАЛО́ЎНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
прылады і прыстасаванні для лоўлі рыбы ў морах, азёрах, рэках і інш. вадаёмах. Сучасныя Р.п. вырабляюцца з палімерных матэрыялаў і розных метал. сплаваў. Паводле прынцыпу дзеяння падзяляюць на сеткавыя (аб’ячэйвальныя, пасткі-лабірынты, адцэджвальныя), кручковыя і ўсмоктвальныя.
Аб’ячэйвальныя сеткавыяР.п. (жаберныя сеткі) заблытваюць рыбу ў вочках сеткавага палатна. Сеткі падзяляюцца на стаўныя і плаўныя (свабодна плаваюць у тоўшчы вады). Сеткавыя пасткі-лабірынты ўжываюцца для адлову рыб, якія мігрыруюць. Складаюцца з камер для ўтрымання і назапашвання ўлову, уваходнага прыстасавання (дазваляе рыбе лёгка зайсці ў пастку і перашкаджае яе выхаду) і накіравальных крылаў. Адцэджвальныя сеткавыяР.п. затрымліваюць рыбу, адцэджваючы ваду праз вочкі сеткі. Да іх належаць тралы, закідныя, абкідныя, донныя невады і інш. Кручковыя Р.п. падзяляюцца на самалоўныя і прынадныя. У самалоўных востры кручок утыкаецца ў цела рыбы пры сутыкненні. Прынадныя разлічаны на тое, што рыба праглыне кручок разам з прынадай. УсмоктвальныяР.п. (рыбапомпы) ужываюцца пераважна для здабычы чародных марскіх відаў рыб, часцей у комплексе з крыніцамі святла ці электратоку, якія здольны штучна канцэнтраваць чараду рыб.
Бел. традыц.Р.п. падзяляюць на невады, сеткі, стаўныя і рухомыя пасткі, кручковыя снасці, ударныя прылады. Група невадоў аб’ядноўвае зімовыя невады, падвалокі (летнія невады), мутнікі (донныя невады), брэдні. Усе яны ўяўляюць сабой сеткавую сцяну з адкрытым сеткавым мяшком пасярэдзіне. Рыба, трапіўшы ў іх, нібы адцэджваецца ад вады. Блізкія да іх паводле прынцыпу лоўлі, але без сеткавага мяшка латы і крыгі. Сярод сетак найб. пашыраны адна- і трохсценныя (трыгубіцы). Іх устанаўлівалі на пэўны час у вадаёмах, сплаўлялі па цячэнні ракі або, перагарадзіўшы частку вадаёма, заганялі ў сетку рыбу спец. шастом — баўтом. У лоўлі рыбы стаўнымі пасткамі (езы, венцеры, мярэжы) выкарыстоўвалі натуральнае імкненне рыбы знайсці праход пры сустрэчы на сваім шляху перашкоды. У праёмах езаў і паасобку размяшчалі паплавы і нярэжкі (сеткавыя мяшкі на шастах), нераты, бучы; пад струмень вады, што біў з адтуліны ў плаціне вадзянога млына, падстаўлялі мяшок, нацягнуты на квадратную раму — ват. Рыбу, якая імкнулася да свежай вады з-за недахопу кіслароду ў замёрзлым вадаёме, лавілі ў палонках з дапамогай каробак і скрыпак. Рухомыя пасткі вызначаліся адсутнасцю ў іх перагародак, што перашкаджала выхаду рыбы. Таму, каб зберагчы ўлоў, пасткі хутка паднімалі з вады наверх. Волакам рыбачылі, сплаўляючы яго па цячэнні ракі; браданам (сеткавы мяшок, прымацаваны да двух шастоў, злучаных паміж сабой планкай) лавілі ўброд і з лодкі; таптухамі, кломлямі, сакамі рыбачылі ўброд. Хапунамі, падсакамі вычэрпвалі рыбу з вады, з наставак выбіралі рукамі. З прынадных кручковых снасцей найб. пашыраны паплаўковыя і донныя вуды, перамёты, старожні, снасці для лоўлі самоў, з імітацыйных — блісні, дарожкі, матылі, дракі. Ударнымі прыладамі рыбу нанізвалі на востры наканечнік (восці), падчэплівалі яе знізу круком (багром), аглушалі ўдарам па лёдзе дубінай, драўлянымі цуркай (чакухай), молатам, абухом сякеры. Як правіла, Р.п. выраблялі самі рыбаловы, зрэдку набывалі сеткавае палатно ў сеткавязальшчыкаў. Некат. снасці або іх тыпы былі характэрны для пэўных рэгіёнаў: для Палесся — паплавы, катцы, каробкі, нярэжкі, кломлі, таптухі на абручах, браданы, нераты ў форме поўнага конуса, матылі, чакухі; для Паазер’я — зімовыя невады, мутнікі, стаўныя аднасценныя сеткі, нераты ў форме паўконуса, блісні, дракі, багры; для Падняпроўя — трыгубіцы, скрыпкі, седжы, волакі без шастоў, брэдні з планкамі ў крылах. З традыц.Р.п. у сучасным прамысл. рыбалоўстве ўжываюць невады, сеткі, мярэжы, а ў аматарска-спартыўным — вуды, дарожкі, матылі, старажні, перамёты, блісні, падсакі. Папулярнымі сталі спінінгі. З’явіліся новыя тыпы вуд.
І.М.Браім (рыбалоўныя прылады на Беларусі).
Т.М.Шаўцова.
Даарт.Рыбалоўныя прылады. Расклад венцера з лодкі.Даарт.Рыбалоўныя прылады. Ват.Даарт.Рыбалоўныя прылады. Старажня.