БАТРАХАСПЕ́РМУМ (Batrachospermum),

род чырвоных водарасцяў сям. батрахаспермавых. Каля 50 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. Растуць у багатай кіслародам прэснай вадзе, асобныя віды — на тарфяных балотах паблізу крыніц. На Беларусі — батрахаспермум ружанцападобны (Batrachospermum moniliforme), адзначаны ў ручаях, рэчках і наваколлі воз. Нарач.

Шматклетачная ніткападобная аднадомная водарасць. Слаявіна мяккая, слізістая, даўж. 2—10 см, цемнаватага жоўта- або аліўкава-шэрага колеру, часам укрытая слоем скурыстых клетак. Асн. галінкі густа ўсаджаны пучкамі кароткіх галінак, размешчаных кальчакамі. Палавое размнажэнне — аагамія.

Батрахаспермум.

т. 2, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЧНАСЦЬ,

непасрэднае, пачуццёвае ўспрыманне чалавекам з’яў прыроды і грамадства. У філасофіі называецца ўяўнасцю. Па сутнасці мае аб’ектыўную аснову, але звычайна не адпавядае ёй, бо адлюстроўвае тое, што ляжыць на паверхні, што бачна вонкава і часта залежыць ад рэальных умоў назірання, будовы органа ўспрымання (напрыклад, уяўны злом прадмета, часткова апушчанага ў ваду; бачны рух Сонца вакол Зямлі і інш.). Задача пазнання — звядзенне бачнасці да аб’ектыўнай сутнасці і вытлумачэнне яе ў знешніх формах, з’явах (гл. Сутнасць і з’ява).

т. 2, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ГАЙМ ((Behaim) Марцін) (6.10.1459, г. Нюрнберг, Германія — 29.7.1507),

нямецкі географ і падарожнік. Шмат гадоў правёў у Партугаліі, дарадчык караля Хуана II па пытаннях навігацыі. У 1484—86 прымаў удзел у партугальскай экспедыцыі Д.​Кау ўздоўж зах. ўзбярэжжа Афрыкі. У 1492 стварыў глобус «Зямны яблык» (дыяметрам 0,54 м), які адлюстраваў геагр. ўяўленні аб паверхні Зямлі напярэдадні адкрыцця Новага Свету. Арыгіналам паслужыла карта свету, якая грунтавалася пераважна на даных Пталамея. Глобус Бегайма — найвялікшая гісторыка-геагр. каштоўнасць (захоўваецца ў Нюрнбергскім музеі).

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЗМІН (Іван Арцёмавіч) (? — каля 1696),

рускі жывапісец. Вучыўся ў Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля (1662—67), з 1685 узначальваў яе жывапісную майстэрню. Ствараў жывапіс «па тафтах» (абразы, адзенне на якіх выканана аплікацыяй з шоўку), размалёўваў пячную кафлю, браціны, падсвечнікі, сцягі-харугвы, вялікі ліхтар Успенскага сабора (1672). Аўтар абразоў: «Страшны суд» (1682—83), «Распяцкая царква Маскоўскага Крамля», «Зняцце з крыжа» і «Уваскрэсенне» (разам з Б.​Салтанавым), парсуны «Патрыярха Нікана» (каля 1683). Як узнагароду за мастацтва атрымаў дваранскі тытул (1679).

т. 2, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ КАПЭ́ЛА.

Існавала ў 1928—30 у Мінску. Арганізавана на базе Бел. студыйнага хору, створанага ў 1926 па ініцыятыве Інбелкульта. У студз. 1929 умацавана лепшымі артыстамі з хору Бел. дзярж. муз. тэхнікума (усяго 55 чал.). Кіраўнік А.Ягораў. Папулярызавала бел. нар. песні, выконвала творы бел. кампазітараў (у т. л. хары з оперы М.​Аладава «Тарас на Парнасе»), Удзельнічала ў выкананні 9-й сімфоніі Л.​Бетховена. Большасць артыстаў капэлы ўвайшла ў склад Беларускай студыі оперы і балета.

т. 2, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАГАДА́РНЫ (Уладзімір Маркавіч) (н. 26.4.1937, в. Стараверава Харкаўскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1989), праф. (1991). Скончыў Ленінградскі тэкстыльны ін-т (1960). З 1962 — у Ін-це машыназнаўства АН Беларусі, з 1969 у Магілёўскім машынабуд. ін-це. Навук. працы па надзейнасці мех. сістэм лятальных апаратаў, праектаванні і вырабе драбнамодульных прыборных зубчастых перадач і механізмаў.

Тв.:

Ускоренные ресурсные испытания приборных зубчатых приводов. М., 1980;

Расчет мелкомодульных зубчатых передач на износ и прочность. М., 1985.

т. 3, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛА́ШКАВІЧ ((Blaškovič) Дзіяніз) (н. 2.8.1913, г. Ябланец, Чэхія),

чэшскі мікрабіёлаг і вірусолаг. Чл. Чэшскай АН; замежны чл. АН СССР (1966), Нью-Йоркскай АН і Германскай акадэміі даследчыкаў прыроды «Леапальдзіна». Скончыў Славацкі ун-т у г. Браціслава, дзе працаваў да 1946. З 1947 у Ін-це аховы здароўя, з 1950 дырэктар Славацкага ін-та біялогіі, з 1953 — Інта вірусалогіі АН Чэхаславакіі. Навук. працы па агульнай і мед. вірусалогіі, натуральнай ачаговасці патагенных вірусаў (грыпу, клешчавога энцэфаліту), гігіене. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі.

т. 3, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ГУШ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 18.2.1931, г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі, ветсанэксперт. Д-р вет. н. (1983), праф. (1991). Брат Андрэя А.Богуша. Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1953). З 1960 у Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі імя Вышалескага. Навук. працы па вет.-сан. і зоагігіенічным забеспячэнні жывёлагадоўлі, вет.-сан. экспертызе.

Тв.:

Борьба с мышевидными грызунами в животноводческих помещениях. Мн., 1974;

Паразитозы мышц свиней и меры их профилактики. Мн., 1976;

Мясо, его переработка и хранение. Мн., 1995.

т. 3, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БО́ІНГ»,

агульная назва самалётаў авіяц. карпарацыі ЗША «Боінг». Сярод іх шырокафюзеляжны пасажырскі самалёт B-747 (выпускаецца з 1983). Мае 4 турбарэактыўныя двухконтурныя рухавікі з цягай па 244 кН кожны. Перавозіць да 660 пасажыраў. Крэйсерская скорасць да 940 км/гадз, узлётная маса каля 380 т, далёкасць палёту без дазапраўкі да 13,5 тыс. км. B-747 «Джумба Джэт» — на 386 пасажыраў, узлётная маса каля 400 т, далёкасць палёту каля 13 тыс. км. Самалёты «Боінг» вызначаюцца надзейнасцю і эканамічнасцю.

т. 3, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЛБАС (Міхаіл Мацвеевіч) (н. 3.7.1939, пас. Брожа Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне эксплуатацыі аўтамаб. транспарту. Канд. тэхн. н. (1970), праф. (1994). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1962). З 1966 у Бел. політэхн. акадэміі (у 1976—92 прарэктар). Навук. працы па пытаннях павышэння эксплуатацыйнай надзейнасці трансп. сродкаў і метадах дыягностыкі тэхн. стану аўтамабіляў.

Тв.:

Основы эксплуатации и ремонта автомобилей. Мн., 1985;

Основы промышленной экологии: Автомобильный транспорт. Мн., 1993 (разам з Р.​Я.​Пармонам, Я.​Л.​Савічам).

т. 3, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)