АМІЯКА́ТЫ,
1) прадукты далучэння аміяку да соляў; комплексныя злучэнні. Аміяк у аміякатах звязаны каардынацыйна з іонам металу і ўваходзіць ва ўнутр. сферу комплексу, напр. [Pt(NH3)6]Cl4, [Cu(NH3)4]Cl2. Утвараюць большасць металаў. Устойлівасць аміякатаў у водных растворах вызначаецца канстантамі нястойкасці. Атрымліваюць дзеяннем аміяку на водныя растворы соляў. Многія аміякаты афарбаваныя і выкарыстоўваюцца ў аналіт. хіміі для раздзялення металаў.
2) Вадкія азотныя ўгнаенні з колькасцю азоту да 45%.
т. 1, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПЛІТУ́ДНЫ ДЫСКРЫМІНА́ТАР,
прыстасаванне для вылучэння (селекцыі) эл. сігналаў, амплітуда якіх перавышае вызначанае (парогавае) значэнне. Схема амплітуднага дыскрымінатара будуецца на электронных прыладах, якія маюць рэзка нелінейную амплітудную характарыстыку (напр., дыёды). Спускавыя схемы амплітуднага дыскрымінатара дазваляюць атрымліваць на выхадзе імпульсы, форма і амплітуда якіх не залежаць ад формы першаснага сігналу. Выкарыстоўваецца ў імпульсных сістэмах тэлекіравання і тэлевымярэння пры вылучэнні карыснага сігналу з шумоў; уваходзіць у склад амплітуднага аналізатара.
т. 1, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПЛІФІКА́ЦЫЯ (ад лац. amplificatio пашырэнне),
стылістычная фігура ў паэтыцы, шэраг аднатыпных слоў ці словазлучэнняў (эпітэтаў, параўнанняў і інш.) для ўзмацнення выразнасці мовы. Напр., «Я чула пяшчотнае, шчырасці поўнае, // Маё беларускае, роднае, кроўнае, // Такое раптоўнае, такое чароўнае, // Такое ласкавае, цёплае, чыстае, // Як сонца агністае, // Як Нёман, празрыстае, // Як казка, быліна, як песня, жаданае, // Дагэтуль яшчэ ў жыцці неспазнанае, // Гарачае слова ад шчырага сэрца!» (Д.Бічэль-Загнетава «Роднае слова»).
т. 1, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІМІ́КСІС (ад амфі... + грэч. mixis змяшэнне),
звычайны тып палавога працэсу ў жывёл і раслін, пры якім адбываецца зліццё ядраў мужчынскай і жаночай палавых клетак (гамет). Процілегласць апаміксісу. У вузкім сэнсе — зліццё дзвюх няродных гамет ад розных асобін (у адрозненне ад аўтаміксісу). У кветкавых раслін амфіміксіс адбываецца ў форме двайнога апладнення. Тэрмін «амфіміксіс» увёў ням. біёлаг А.Вейсман (1892) для абазначэння аб’яднання спадчынных субстанцый дзвюх асобін пры апладненні.
т. 1, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРАСТЭРО́Н,
мужчынскі палавы гармон (андраген). Асн. прадукт метабалізму тэстастэрону, падобны да яго біял. дзеяннем — здольны выклікаць узмацненне або ўзнікненне другасных палавых адзнак у пазваночных жывёл і чалавека. У значнай колькасці выводзіцца з мачой. Гарманальная актыўнасць андрастэрону прыкладна ў 10 разоў слабейшая, чым тэстастэрону; выкарыстоўваецца ў медыцыне для ацэнкі ўзроўню прадукцыі андрагенаў у арганізме і пакладзена ў аснову колькаснай ацэнкі біял. дзеяння мужч. палавых гармонаў.
т. 1, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕ́ГІНСКАЯ СТРАФА́,
страфа з 14 радкоў 4-стопнага ямба з рыфмоўкай АбАбВВггДееДжж. Створана А.Пушкіным для рамана ў вершах «Яўген Анегін». У першым 4-радкоўі перакрыжаваная рыфма, у другім — сумежная, далей апаясаная. Звычайна кожная страфа мае закончаную думку і з’яўляецца «вершам у вершы», таму выкарыстоўваецца выключна ў паэт. жанрах з мнагапланавым развіццём сюжэта. Анегінскую страфу выкарыстаў М.Лермантаў у паэме «Тамбоўская казначэйша» і інш.
т. 1, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІМАЛЬКУЛІ́ЗМ (ад лац. animalculum звярок, мікраскапічная жывёла),
сістэма поглядаў біёлагаў 17—18 ст. (А.Левенгук і інш.), якія лічылі, што ў муж. палавых клетках у мікраскапічным выглядзе знаходзіцца цалкам сфарміраваны дарослы арганізм, а яго развіццё зводзіцца толькі да павелічэння ў памерах. Паслядоўнікі анімалькулізму ў адрозненне ад авістаў (гл. Авізм) лічылі яйцо крыніцай пажыўных рэчываў для сперматазоідаў. Анімалькулізм — адно з цячэнняў у вучэнні аб прэфармацыі (гл. Прэфармізм).
т. 1, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНІ́НЫ (Antonini),
дынастыя рымскіх імператараў, якая правіла ў 96—192. Назва ад імя імператара Антаніна Пія. Заснавальнік дынастыі — Нерва [96—98].
Да Антанінаў належалі: Траян [98—117], Адрыян [117—138], Антанін Пій [138—161], Марк Аўрэлій [161—180] і яго суправіцель Луцый Вер [161—169], Камод [180—192]. Часы праўлення Антанінаў лічацца «залатым векам» імперыі. Для іх характэрны спалучэнне манархіі і свабоды, эканам. і культ. развіццё правінцый, буд-ва новых гарадоў, пераможныя войны, раздача рым. грамадзянства і інш.
т. 1, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНХАЦЭ́РКА (Onchocerca),
род чарвей класа нематод. Выклікаюць акхацэркозы. Пашыраны ўсюды.
Цела нітка- ці воласападобнае, даўж. ў самцоў да 30 см, у самак да 1 м. Палаваспелыя паразітуюць у злучальных тканках, лічынкі (мікраанхацэркі) — у скуры. Для далейшага развіцця лічынкі павінны трапіць у мошак ці макрацоў. Праз 8—18 сутак мікраанхацэркі дасягаюць стадыі інвазійных лічынак. Развіццё паразіта адбываецца 7—8 мес. Жывёлы заражаюцца паблізу месцаў размнажэння.
т. 1, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЎНШВА́ЙГ (Braunschweig),
горад у ФРГ, зямля (адм. адзінка) Ніжняя Саксонія. Засн. ў 11 ст. 192,1 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел. Порт на р. Окер і Сярэднегерманскім канале. Машынабудаванне (у т. л. аўтамабілебудаванне, вытв-сць пішучых машынак, абсталявання для харч. прам-сці, эл.-тэхн.), оптыка-мех., тэкст., харч. (цукр., кансервавая) прам-сць; выраб муз. інструментаў. Ун-т. Музей герцага Антона Ульрыха. Арх. помнікі 12—16 ст.
т. 3, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)