ПЕ́РШЫ З’ЕЗД КП(б)Б [VI Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б)]. Адбыўся 30—31.12.1918 у Смаленску. Прысутнічалі 175 дэлегатаў з рашаючым і 31 з дарадчым голасам
(паводле інш. звестак адпаведна 162 і 25) ад 17771 камуніста парт. арг-цый Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Смаленскай губ., атаксамабел.парт. арг-цый Віленскай і Чарнігаўскай губ. Падрыхтоўка асн. дакументаў да канферэнцыі вялася ў ЦК РКП(б) і Нар. камісарыяце па справах нацыянальнасцей РСФСР пад кіраўніцтвам І.В.Сталіна. Актыўны ўдзел у гэтай рабоце прымалі супрацоўнікі Беларускага нацыянальнага камісарыята, Беларускіх секцый РКП(б) З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны),
І.В.Лагун, А.Р.Чарвякоў і інш. Асноўнымі былі пытанні пра стварэнне Камуніст. партыі (бальшавікоў) Беларусі (гл.Камуністычная партыя Беларусі), бел. дзяржаўнасці і вызначэнне дзярж. межаў. Парадак дня: бягучы момант (А.Ф.Мяснікоў); даклады абл.к-та партыі (В.Г.Кнорын); аб становішчы на месцах (Мяснікоў); з месцаў ад раёнаў; арганізац. пытанні (Я.Ф. Пярно); выбары; бягучыя справы. Дэлегаты з’езда выказаліся за неабходнасць стварэння бел.сав. дзяржаўнасці. З’езд прыняў рэзалюцыю «Аб назве канферэнцыі»; канферэнцыя абвясціла сябе «I з’ездам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларускай Рэспублікі» і накіравала ў ЦК РКП(б) тэлеграму з просьбай зацвердзіць гэтае рашэнне. Адзначалася, што партыя трымае курс «на рэвалюцыю еўрапейскую, сусветную». З’езд выказаўся за канцэнтрацыю «ўсёй рэвалюцыйнай партыйнай улады ў руках яе камітэтаў. Ад гэтага — бязмежная ўлада, поўная дыктатура Цэнтральнага Камітэта ва ўсерасійскім маштабе і такая ж дыктатура на месцах абл. камітэтаў. Пры такой пастаноўцы Саветы з’яўляюцца органамі дзяржаўнай улады, выконваюць прадвызначэнні партыі, якія праводзяць у жыццё тактычную лінію партыі». У рэзалюцыі «Аб становішчы на месцах» выказвалася неабходнасць «рашучым чынам выкараняць усялякія недысцыплінаваныя паступкі ў радах партыі». Пры вырашэнні пытання пра бел. дзяржаўнасць з’езд выказаўся за абвяшчэнне былой Заходняй камуны «самастойнай Савецкай Рэспублікай Беларусі». На аснове прапаноў, распрацаваных Камісіяй (створана перад з’ездам), была прынята пастанова «Аб граніцах Беларусі». У ёй адзначалася, што асн. ядром Бел. Рэспублікі лічацца Мінская, Смаленская, Магілёўская, Віцебская і Гродзенская губ. з часткамі прылеглых да іх этнічных мясцовасцей суседніх губерняў, населеных пераважна беларусамі. У адпаведнасці з гэтым з’езд вызначыў адм.-тэр. падзел рэспублікі на 7 раёнаў — Мінскі, Смаленскі, Віцебскі, Магілёўскі, Гомельскі, Гродзенскі, Баранавіцкі, якія падзяляліся на 54 падраёны. Былі накіраваны тэлеграмы на адрас ЦК РКП(б) і СНК РСФСР з просьбай зацвердзіць рашэнні з’езда. З’езд прыняў «Палажэнне аб партыйных арганізацыях», у якім давалася схема арг-цый: ЦККП(б)Б, райкомы (губпарткомы), падрайкомы (валасныя к-ты), ячэйкі (валасныя і сельскія). Быў прыняты зварот «Да рабочых, батракоў, сялян і салдат Чырвонай Арміі Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі» з заклікамі змагацца за ўмацаванне сав. улады і перамогу рэвалюцыі ва ўсім свеце. Выбраў ЦБКП(б)Б у складзе 15 чл.: І.Я.Алібегаў, А.А.Андрэеў, Жылуновіч (Ц.Гартны), С.В.Іваноў, М.І.Калмановіч, Кнорын (сакратар ЦБ), Лагун, Мяснікоў (старшыня), Р.П.Найдзёнкаў, Р.В.Пікель, Пярно, І.І.Рэйнгольд, У.С.Селязнёў, В.З.Собалеў, В.І.Яркін.
Літ.:
Пратакол 1-га з’езда Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. Мн., 1934;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. I. 1918—1927. Мн., 1983. С. 11—27.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯНСКАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА.
Рэгулюе таварна-грашовыя і інш. маёмасныя і звязаныя з імі асабістыя немаёмасныя адносіны, заснаваныя на роўнасці ўдзельнікаў. У сістэму грамадз. заканадаўства ўваходзяць Канстытуцыя і законы Рэспублікі Беларусь, заканад. акты, прынятыя Парламентам, Прэзідэнтам, Урадам, Канстытуцыйным судом, Вярх. судом, Вышэйшым гасп. судом, Нац. банкам, міністэрствамі і інш.рэсп. органамі дзярж. кіравання, мясц. органамі кіравання і самакіравання. Асн.заканад. акт, у якім сістэматызаваны нормы грамадз. права — Грамадз. кодэкс Рэспублікі Беларусь, прыняты 7.12.1998 і ўведзены ў дзеянне 1.7.1999.
У раздзеле «Агульныя палажэнні» сфармуляваны асн. прынцыпы грамада. заканадаўства, падставы ўзнікнення грамада. правоў і абавязкаў, межы іх ажыццяўлення і спосабы абароны; вызначаны суб’екты і аб’екты грамадз. правоў, здзелкі і прадстаўніцтва, тэрміны і іскавая даўнасць. Ў раздзеле «Права ўласнасці і іншыя рэчавыя правы» раскрываецца змест права ўласнасці, вызначаюцца падставы набыцця і спынення гэтага права, утрымліваюцца нормы аб рэчавых правах і сервітуце. У яго спец. раздзелах, прысвечаных абавязацельнаму праву і асобным відам абавязацельстваў, выкладзены палажэнні аб абавязацельствах і дагаворах, нормы аб забеспячэнні выканання і аб адказнасці за іх парушэнне, раскрываюцца асобныя тыпы дагаворных (купля-продаж, падрад, лізінг, перавозка) або недагаворных (у выніку прычынення шкоды, беспадстаўнага а ўзбагачэння) абавязацельстваў. Раздзел «Выключнае права на вынікі інтэлектуальнай дзейнасці (інтэлектуальная ўласнасць)» вызначае прававы рэжым аб’ектаў аўтарскага і сумежных правоў, права прамысл. уласнасці і сродкаў індывідуалізацыі, атаксама абарону ад нядобрасумленнай канкурэнцыі. Парадак атрымання ў спадчыну паводле закону і паводле завяшчання, набыцця спадчыны і асаблівасці атрымання ў спадчыну асобных відаў маёмасці раскрываюцца ў раздзеле «Спадчыннае права», а пытанні прымянення права да грамадз.-прававых адносін з удзелам замежных грамадзян або замежных юрыд. асоб — у раздзеле «Міжнароднае прыватнае права».
Нарматыўнымі актамі, якія рэгулююць грамадз. праваадносіны, з’яўляюцца законы «Аб залогу» ад 24.11.1993, «Аб страхаванні» ад 3.6.1993, «Аб пастаўках тавараў для дзяржаўных патрэб» ад 24.11.1993, «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» ад 16.5.1996, «Аб спажывецкай кааперацыі (спажывецкіх таварыствах, іх саюзах) у Рэспубліцы Беларусь» ад 25.2.2002, «Аб абароне правоў спажыўцоў» ад 9.1.2002 і інш. У рамках грамадз. заканадаўства дзейнічаюць дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб абавязковым страхаванні будынкаў, якія належаць грамадзянам» (8.10.1997), «Аб упарадкаванні дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання» (16.3.1999), указы Прэзідэнта «Аб лізінгу» (13.11.1997), «Аб прадастаўленні грамадзянам ільготных крэдытаў на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў» (14.4. 2000); пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь аб зацвярджэнні «Палажэння аб пастаўках тавараў у Рэспубліцы Беларусь» (8.7.1996) і «Правіл транспартна-экспедыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (9.2.1996) і інш. У неабходных выпадках пытанні грамадз. адносін рэгулююцца рашэннямі судовых інстанцый (у ліку іх, напр., пастанова пленума Вярх. суда ад 26.3.2003 «Аб прымяненні судамі заканадаўства пры вырашэнні спрэчак, звязаных з правам уласнасці на жылыя памяшканні», пастанова пленума Вышэйшага гасп. суда ад 21.11.2002 «Аб асобных пытаннях практыкі разгляду спрэчак, якія вынікаюць з дагавораў перавозкі грузаў» і да т.п. Часткай грамадз. заканадаўства з’яўляюцца нормы грамадз. права, што ўтрымліваюцца ў міжнар. дагаворах, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь (напр., Канвенцыя аб міжнар.фін. лізінгу 1977, Канвенцыя ААН аб дагаворах куплі-продажу тавараў 1980, Парыжская канвенцыя аб абароне прамысловай уласнасці 1983).
Літ.:
Гражданское право: Слов.-справ. Мн., 1996;
Колбасин Д.А. Гражданское право Республики Беларусь: Общ. часть. Мн., 1999;
Гражданское право. Ч. 1—2. Мн., 2000—02;
Правоведение: Справ. по курсу высш. шк Ч. 2. Мн., 2000;
Комментарий к Гражданскому кодексу Республики Беларусь. Ч. 1—3. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОЙЛІДСТВА.
Асаблівасці нар. дойлідства адлюстроўваюць светапогляд людзей, якія тысячагоддзямі жылі на тэр. Беларусі, іх уменне сродкамі архітэктуры арганізаваць прастору для жыццядзейнасці, што вызначала існаванне грамадства на розных этапах яго развіцця ў канкрэтных гіст., сац.-эканам. і прыродна-кліматычных умовах. Дойлідства — адметная галіна вытворчасці, частка духоўнай культуры, у якой захоўваліся веды, традыцыі, рытуалы. Яно заўсёды было школай навучання працоўным навыкам, уменню працаваць у калектыве, пошуку шляхоў для выяўлення індывідуальных здольнасцей і таленту. У даўнія часы кожны з этапаў буд-ва (выбар месца, закладка першага вянца, муроў печы і інш.) суправаджаўся адпаведнымі абрадамі, магічнымі дзеяннямі, абярэгамі. Дэкаратыўныя элементы хаты (вільчык, аканіцы, карнізы) праз сімвалізм архітэктурна-канструкцыйных элементаў увасаблялі ўяўленні народа аб прыгажосці. Асноўны будаўнічы матэрыял — дрэва (бярвенне, жэрдкі, галлё, карэнне, кара) — вызначаў канструкцыйную аснову і арх.-мастацкае аблічча. Найб. старажытная канструкцыя сцен — слупавая (бярвёны запускалі ў пазы вертыкальных стоек-шул). З пашырэннем больш дасканалых прылад працы будаўнікі ў 3 ст. перайшлі да складаных злучэнняў драўляных элементаў, а потым да больш дасканалых зрубных канструкцый. Зрубныя канструкцыі сталі асноўнымі для ўсіх тыпаў будынкаў, а слупавыя выкарыстоўвалі толькі ў гасп. пабудовах і пры павелічэнні ўжо існуючага будынка (прыбудове сенцаў да хаты). На будаўніцтва ў цэнтр. і паўн. рэгіёнах ішлі хвоя і елка, на Палессі — дуб, вольха, асіна. Першапачаткова зруб рабілі з круглага бярвення, з 12 ст. — з абчасаных на 4 грані бярвён (брусоў). Вуглы засякаліся з «астаткам» — «у просты замок». Развіццё канструкцыйных прыёмаў ішло праз удасканаленне злучэнняў (урубкі, замкі) і за кошт змяншэння масы элементаў (пілаваныя дошкі, каркасныя сістэмы замест зрубных, замена бярвён брусамі, меншая велічыня «астатку» ў вуглах і інш.). Аднак аж да пач. 20 ст. на Пдцэнтр. Беларусі (Слуцкі, Старадарожскі, Салігорскі р-ны) будавалі хаты з выкарыстаннем тэхн. прыёмаў, вядомых з 10—12 ст. (злучальныя пазы высякалі ў верхняй частцы кожнага вянка зруба), а на Панямонні з яшчэ больш старадаўняй канструкцыяй — на сохах. Цяжкая і складаная страха (на стаяках і закотам) паступова змянілася лёгкай каркаснай (на дзядках, козлах, ключах, кроквах). Стрэхі пераважна рабілі саламяныя ці з чароту, радзей з дрэва (дошкі, дранка, гонта), з сярэдзіны 19 ст. — з бляхі, дахоўкі; столь — з дошак, пакладзеных па бэльках. На Панямонні і ў цэнтр. Беларусі вядома старадаўняя столь на «траме» — тоўстай бэльцы, якую клалі ўздоўж хаты для падтрымкі папярочных бэлек. Падлогу ў хатах доўгі час рабілі земляной або глінянай, потым — з дошак. З іншых матэрыялаў выкарыстоўвалі камень (фундаменты, брукаванне дарог, двароў і падлог, муроўка студняў, сцен і шул), салому і чарот (крыццё даху, ацяпленне акон узімку, саман для сцен), гліну (падлога ў хаце, ток у гумне, муроўка сцен), вапну (рошчына для муроўкі сцен).
З сярэдзіны 19 ст. пашырылася выкарыстанне цэглы і дахоўкі, металічных вырабаў (цвікі, клямкі, засланкі і інш.). У сельскай мясцовасці ўсе буд. работы на сваіх гаспадарках выконвалі звычайна самі сяляне. Гэтай справе яны вучыліся ў сваіх бацькоў і дзядоў, усё жыццё развіваючы ў сабе талент дойліда. Сярод іх былі майстры, чые будаўнічыя здольнасці былі вядомыя далёка за межамі сваёй вёскі. У панскіх сядзібах будаўнічую працу выконвалі прыгонныя сяляне, што адбывалі паншчыну, або рамеснікі — слугі, якія працавалі па заказе панскага двара. У асобных выпадках для будаўніцтва запрашалі прышлых майстроў. У гарадах паступова фарміраваліся цэхавыя арганізацыі дойлідаў, якія абаранялі інтарэсы членаў цэха, садзейнічалі развіццю будаўнічага рамяства, рэгулявалі адносіны паміж майстрамі, забяспечвалі навучанне буд. майстэрству, што спрыяла перадачы і захаванню традыцыйных прыёмаў і метадаў. Асобныя цэхі дойлідаў існавалі ў вял. гарадах: Магілёве (1590), Мінску (1634), Гродне (1774). Аднак часцей яны аб’ядноўваліся ў адным цэху з рамеснікамі іншых спецыяльнасцей (Мінск, канец 17 ст.; Віцебск, 1760). У 6 гіст.-этнаграфічных рэгіёнах Беларусі (Паазер’е, Падняпроўе, Панямонне, Усх. і Зах. Палессе, цэнтр. Беларусь) нар. дойлідства мае свае адметныя рысы. Гэтыя рэгіянальныя асаблівасці (кампазіцыйныя, канструкцыйна-тэхн. і дэкар. прыёмы, тыпы пабудоў) выпрацаваліся ў ходзе гіст. развіцця і шматвяковага працэсу творчых пошукаў мясц. дойлідаў, залежалі і ад прыродна-кліматычных умоў. Паазер’ю ўласціва хаатычная забудова вёсак, выкарыстанне замкнёных схем і асіметрычных прыёмаў у аб’ёмна-планіровачных вырашэннях сядзіб і сядзібных пабудоў, што арганічна звязвала архітэктуру з прыродным асяроддзем. Дэкаратыўныя прыёмы даволі сціплыя. На Падняпроўі таксама выкарыстоўвалі замкнёныя планіровачныя схемы (сядзібы вяночнага тыпу), але ў іх большую ролю адыгрывалі сіметрычныя прыёмы. Гал. фасад дома вылучаўся багатым дэкорам (скразная ці накладная разьба па дрэве). Тут будавалі самыя вялікія на Беларусі гумны і ветракі шатровага тыпу. У дойлідстве Панямоння развілася лінейная структура (сядзібы пагоннага тыпу). У кампазіцыі сядзібы хата вылучаецца як галоўны элемент. Пашыраны ярусныя кампазіцыі — 2-павярховыя свірны, вяндлярні, званіцы, якія кантрастна выглядаюць на фоне выцягнутай асноўнай забудовы. Ветракі тут ставілі толькі т.зв. казловага тыпу. Дойлідства Усх. Палесся адметнае надзвычайнай разнастайнасцю кампазіцыйных прыёмаў, багаццем дэкар. ўпрыгожвання хаты. Старадаўні цяслярскі дэкор спалучаўся з новымі прыёмамі скразной разьбы. Толькі тут вядомы хаты з шатровым дахам. На Зах. Палессі вялікае пашырэнне атрымалі святлоценявыя эфекты, якія ствараліся галерэямі, навесамі. Шырока выкарыстоўваліся слупавыя канструкцыі і сістэмы (колатае дубовае бярвенне-дылі, плеценыя сцены і агароджы). У знешнім выглядзе кожнага будынка вял. значэнне маюць форма і памеры даху. Дойлідства цэнтр. Беларусі фарміравалася на аснове сінтэзу асаблівасцей дойлідства суседніх рэгіёнаў і мясц. вырашэнняў. Больш пашыраны сядзібы, у якіх жылыя і гаспадарчыя будынкі ставіліся асобна, таму вялікая ўвага аддавалася аб’ёмнай кампазіцыі. Пабудовы ўспрымаліся з розных бакоў, адсюль і вялікая ўвага да ўсіх фасадаў, а не толькі да галоўнага. Межы паміж рэгіёнамі размытыя, таму дойлідства кожнага з іх мае і адметныя асаблівасці і рысы суседніх рэгіёнаў. Напр., на Пн і У абавязкова будавалі лазні, гумны з сушнямі, у якіх была печ; у іншых частках Беларусі яны былі больш рэдкай з’явай. На Панямонні і Зах. Палессі вядомы хаты з падчэнямі — галерэяй на гал. фасадзе; будавалі лёгкія каркасныя дахі. Такая звычайная для ўсёй Беларусі пабудова, як склеп, амаль невядомая на Палессі. На Паазер’і часта сустракаліся і рубленыя дахі закотам. На Панямонні сцены рубілі з брусоў «у чысты вугал», а на Падняпроўі — часцей з бярвён «з астаткам».
Дойлідства Падняпроўя і Усх. Палесся адметнае багаццем дэкар. прыёмаў, найперш разнастайнасцю разьбы. Дойлідства Беларусі развівалася ў цесных кантактах з суседнімі краінамі, таму ў ім шмат агульных рыс з нар. архітэктурай рускіх, літоўцаў, украінцаў і палякаў. Мастацкую выразнасць нар. дойлідства вызначалі дакладнасць у выкарыстанні матэрыялаў і канструкцыйных сістэм; у выбары месца для будынкаў і ўсёй вёскі; арганічнае спалучэнне будынкаў з прыродным асяроддзем; прапарцыянальныя суадносіны асобных частак будынкаў, дэкар. элементы. Найб. пашыраныя тыпы будынкаў — хаты і гасп. пабудовы. Самы старадаўні тып хаты — адназрубная пабудова з адным памяшканнем. Да 15—16 ст. склаліся 2- і 3-камерныя жылыя пабудовы (хата + сенцы, хата + сенцы + хата), атаксама хаты-пяцісценкі з капітальнай папярочнай сцяной унутры. Гэтыя планіровачныя схемы сталі асновай больш складанага жылля ў панскіх сядзібах, у горадзе, атаксама сучаснага індывідуальнага. У мястэчках і гарадах сфарміраваўся своеасаблівы тып жылля рамеснікаў і гандляроў з уваходам з вулічнага тарцовага фасада, дзе знаходзілася майстэрня ці крама. Хата магла стаяць асобна або складаць з гасп. пабудовамі (каморай, варыўнёй, хлявамі, павецямі і інш.) адзіны комплекс вяночнага ці пагоннага тыпу. Асобна насупраць хаты ставілі свіран (клець) — другі па значнасці будынак сядзібы. Пабудовы для абмалоту ўраджаю і захоўвання снапоў і саломы (гумны, адрыны, сенніцы, пуні) месцілі на гумнішчы, у баку ад асноўных будынкаў. Вялікае значэнне ў стварэнні ансамбля ў нар. дойлідстве атрымалі малыя арх. формы, якія мелі рознае функцыянальнае прызначэнне (брамы, плятні і інш. агароджы, студні, азяроды і інш.). Амаль у кожнай вял. вёсцы быў «магазін» — грамадскі свіран для захоўвання запасаў прадуктаў на непрадбачаныя выпадкі. Архітэктура гэтага даволі вялікага па памерах будынка спалучала элементы гасп. пабудовы з маштабнасцю, уласцівай значным грамадскім аб’ектам (Касарычы Глускага, Вялікія Чучавічы Лунінецкага р-наў).
На аснове прасцейшых прыёмаў выпрацаваны больш дасканалыя, якія выкарыстоўваліся ў абарончым, грамадскім, культавым і прамысловым будаўніцтве. Вялікі шлях паступовага ўдасканалення ад прасцейшых сцен тыпу астрог ці замёт да складаных канструкцыйных сістэм (спачатку з гародняў, пазней — з тарасаў) прайшлі абарончыя збудаванні. Сцены і вежы разам з інш. штучнымі і прыроднымі перашкодамі складалі комплексы, якія адпавядалі тагачаснаму ўзроўню ваен. майстэрства. Найб. магутныя драўляныя абарончыя збудаванні ў 16—17 ст. былі ў гарадах Віцебск, Полацк, Слуцк, атаксама замкі ў Радашковічах, Астрашыцкім Гарадку, Свіслачы і інш. На скрыжаваннях дарог, на галоўных рыначных плошчах гарадоў і мястэчак або на ўездзе ў іх, каля манастыроў будавалі корчмы (у адным населеным пункце іх магло быць некалькі). Іх архітэктура спалучала памяшканні пад агульным дахам для жылля (пакоі для гасцей) і грамадскага прызначэння (шынок, крама і інш.); уключалі таксама каморы для тавараў, стайню і паветкі для вазоў. На гарадскіх рынках у 16—17 ст. узводзілі будынкі для гандлю — асобныя крамы, або ў выглядзе гандлёвых радоў, дзе пад агульным дахам былі аб’яднаны дзесяткі крам, часам свірны для захоўвання тавару, важніца для захавання гар. мер і вагаў. Гал. месца ў ансамблі гар. цэнтра займала ратуша. Найбольш эфектныя формы выкарыстоўваліся ў будаўніцтве храмаў. Прасцейшыя пабудовы культавага прызначэння — капліцы. Яны мелі сціплыя памеры і формы, вельмі шанаваліся прыхаджанамі. Разнастайныя аб’ёмна-планіровачныя кампазіцыі цэркваў (восевыя, крыжова-цэнтрычныя) і касцёлаў (1-, 2-нефавыя і цэнтрычныя) сталі асновай для стварэння іх выразных абліччаў. Ярусныя завяршэнні цэркваў былі водгукам на стыль барока, заканамерным вынікам развіцця традыцыйных у мясц. дойлідстве шатровых дахаў (Слуцк, Рубель і Давыд-Гарадок Столінскага, Сінкевічы Лунінецкага р-наў). Пры будаўніцтве драўляных касцёлаў дойліды ў большай ступені арыентаваліся на спалучэнне мясц. традыцый з формамі каменнай архітэктуры (Адэльск Гродзенскага, Воўпа Ваўкавыскага, Дуды Іўеўскага р-наў). Шмат’ярусныя званіцы, што ўзводзіліся каля храмаў, узбагачалі кампазіцыю ансамбля і яго сілуэт (Нарач, Шарашова, Велямічы Столінскага, Чэрск Брэсцкага р-наў). Вытворчыя збудаванні (найперш ветракі і вадзяныя млыны) сведчаць пра канструктарскі талент майстроў, характарызуюцца простымі і адначасова выразнымі формамі, што адпавядалі функцыянальнаму прызначэнню. Нар. дойлідства ўплывала на будаўніцтва ў панскіх сядзібах і гарадах, дзе многія творы архітэктуры сталі сінтэзам асаблівасцей афіцыйных маст. стыляў барока, класіцызму з прыёмамі, выпрацаванымі мясц. майстрамі (сядзібныя дамы ў Поразаве і Заполлі Пінскага р-на, лямусы ў Гродне і Мураванай Ашмянцы Ашмянскага р-на). Нар. дойлідства захавала свае асноўныя рысы ў самадзейным будаўніцтве жылых і гасп. пабудоў на вёсцы і ў перыферыйных раёнах гарадоў сучаснай Беларусі. Яго рэгіянальныя аспекты праяўляюцца ў прынцыпах арганізацыі двароў сядзіб, выкарыстанні кампазіцыйных прыёмаў і арх. форм. Нар. дойлідства — адна з крыніц вывучэння гісторыі народа і яго культуры, творчага пошуку сродкаў стварэння асяроддзя, спрыяльнага для жыцця, працы, адпачынку. Найб. каштоўныя помнікі нар. дойлідства пераносяцца ў спец. музейныя экспазіцыі (Бел.дзярж. музей народнай архітэктуры і побыту).
С.А.Сергачоў.
Хата ў Гомелі. Фрагмент дэкору. Пач. 20 ст.Касцёл у в. Адэльск Гродзенскага раёна. 17 ст.Званіца з в. Чэрск Брэсцкага раёна. 18 ст.Вятрак з в. Бярозаўка Кармянскага раёна. Пач. 20 ст.Вадзяны млын у в. Пабрэззе Навагрудскага раёна. 1930-я гады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭНЕРГЕТЫКА
Як галіна прамысловасці энергетыка з’яўляецца паліўна-энергетычным комплексам, які ахоплівае здабычу энергетычных рэсурсаў, выпрацоўку, перадачу, размеркаванне і выкарыстанне розных відаў энергіі. На Беларусі з энергетычных рэсурсаў ёсць пэўная колькасць нафты і спадарожнага газу, торф, гаручыя сланцы, драўніна (дровы), водная, ветравая і сонечная энергія. Вядучымі галінамі энергетыкі з’яўляюцца электра- і цеплаэнергетыка, ёсць таксама гідраэнергетыка.
Электраэнергетыка на Беларусі пачала развівацца ў канцы 19 ст. Першая электрастанцыя пабудавана ў 1889 на папяровай фабрыцы ў Добрушы. У 1894 уведзена ў эксплуатацыю эл. станцыя магутнасцю 225 кВт у Мінску, у 1898 — электрастанцыя 425 кВт бельгійскага акц.т-ва ў Віцебску, у 1910 — у Магілёве, у 1911 — дызельная малой магутнасці ў Гродне, у 1913 — паратурбінная каля 2200 кВт у Добрушы, у 1920—660 кВт у Брэсце, у 1923—350 кВт у Гомелі, у 1926—1720 кВт у Бабруйску. У 1913 працавала 11 эл. станцый агульнай магутнасцю 5,3 тыс.кВт; найбольшыя з іх — у Добрушы, Мінская (960 кВт), Магілёўская (430 кВт), Віцебская, Гомельская. Працягласць ліній электраперадачы складала да 200 км, выпрацоўка электраэнергіі 3 млн.кВт∙гадз (да 1917 каля 4 млн.кВт∙гадз). У выніку грамадзянскай вайны, акупацый і звязаных з імі разбурэнняў магутнасці электрастанцый знізіліся да 1 тыс.кВт.
Развіццё электраэнергетыкі паскорылася з ажыццяўленнем плана ГОЭЛРО. У 1926 на Беларусі дзейнічалі 22 электрастанцыі агульнага прызначэння і 92 на прамысл. прадпрыемствах агульнай магутнасцю 9,7 тыс.кВт. У 1927—30 пабудавана Беларуская ДРЭС (10 МВт). За 1-ю пяцігодку (1928—32) створаны невял. эл. станцыі ў Бабруйску, Крычаве, Магілёве і інш. У 1932 агульная магутнасць электрастанцый дасягнула 60 тыс.кВт, выпрацоўка электраэнергіі — 176,7 млн.кВт∙гадз. За 2-ю пяцігодку (1933—37) пабудаваны Мінская ЦЭЦ-2 (6 МВт), Барысаўская, Мазырская, Полацкая эл. станцыі, Слуцкая ЦЭЦ. У 1940 закончана будаўніцтва 2-й чаргі БелДРЭС, магутнасць станцыі дасягнула 34,5 тыс.кВт. У 1930—31 пачала фарміравацца Бел. энергетычная сістэма, магутнасць электрастанцый якой да 1940 склала 128,8 тыс.кВт, а выпрацоўка электраэнергіі — 508,4 млн.кВт∙гадз. У Вял.Айч. вайну энергетыка Беларусі амаль поўнасцю разбурана (знішчана больш за 150 электрастанцый рознага прызначэння). Магутнасць эл. станцый пасля вызвалення (1944) складала 3,4 тыс.кВт (2,6% даваен. ўзроўню).
У пасляваенны перыяд прадпрыемствы электраэнергетыкі аднаўляліся, будаваліся і ўводзіліся ў дзеянне эл. станцыі з сучасным айч. абсталяваннем. У 1946 пушчаны 1-ы агрэгат на БелДРЭС (12 тыс.кВт), Мінская ЦЭЦ-2 (33 тыс.кВт). Адбудаваны электрастанцыі ў Магілёве, Гомелі, Бабруйску. У 1951 здадзена ў эксплуатацыю Мінская ЦЭЦ-3 (435 тыс.кВт), у 1951—58 — пабудавана Смалявіцкая ДРЭС (у Жодзіне, 66 тыс.кВт), у 1954—58 — Васілевіцкая ДРЭС (у Светлагорску, 322 тыс.кВт), Усяго у 1945—61 адноўлена 13 электрастанцый (12 ЦЭЦ і 1 ДРЭС). Да канца 1960 устаноўленая магутнасць электрастанцый дасягнула 756 тыс.кВт, а выпрацоўка электраэнергіі — 2,6 млрд.кВт∙гадз. Асноўным відам паліва быў торф, часткова выкарыстоўваўся вугаль.
З 1960-х г. развіццё электраэнергетыкі значна паскорылася. У 1961 пушчаны 1-ы блок Бярозаўскай ДРЭС (будавалася з 1958, 6-ы блок пушчаны ў 1967, агульная магутнасць 940 тыс.кВт, працуе на мазуце і газе), у 1963 — Наваполацкай ЦЭЦ (будавалася з 1959, 8-ы турбаагрэгат уведзены ў дзеянне ў 1977, агульная магутнасць 505 тыс.кВт). За 1960—70 магутнасць электрастанцый вырасла з 765 да 3464 МВт — у 3,6 раза, выпрацоўка электраэнергіі з 2,6 млрд. да 14,7 млрд.кВт∙гадз — амаль у 6 разоў.
У 1966—70 пабудавана Гродзенская ЦЭЦ-2 (170 тыс.кВт), у 1969 пушчана Магілёўская ЦЭЦ-2 (60 МВт, праектнай магутнасці ў 345 МВт дасягнула ў 1981); пачаў працаваць 1-ы энергаблок (300 МВт) Лукомскай ДРЭС (будаўніцтва пачата ў 1964, праектнай магутнасці ў 2,4 млн.кВт дасягнула ў 1974, 3-я чарга здадзена ў 1978, агульная магутнасць больш як 2,5 млн.кВт). У 1974 пушчана Мазырская ЦЭЦ на мазуце (60 МВт), у 1977 здадзена ў эксплуатацыю Мінская ЦЭЦ-4 (турбіна на 60 тыс.кВт; да 1992 уведзены ў дзеянне 6 энергаблокаў праектнай магутнасцю 900 тыс.кВт), у 1994 уключаны 3-і энергаблок (180 МВт) Гомельскай ЦЭЦ-2 (будавацца пачала ў 1979, агульная магутнасць дасягнула 540 МВт). Усяго ў 1951—86 пушчана 13 новых электрастанцый (4 ДРЭС, 9 ЦЭЦ). У 1985 электрастанцыі Белгалоўэнерга спынілі спальванне вугалю і торфу; асноўным палівам для большасці эл. станцый стаў топачны мазут і газ.
З уводам новых энергетычных магутнасцей узнікла неабходнасць будаваць ЛЭП высокага напружання. Першыя ЛЭП напружаннем 35—110 кВ пачалі ўводзіцца ў дзеянне ў 1946. Створаны мясц. энергасістэмы: Цэнтральная (уключала асноўныя эл. станцыі Мінскай і Віцебскай абл.), Паўднёвая (аб’ядноўвала Гомельскую, Мазырскую, Васілевіцкую і Бабруйскую электрастанцыі), Паўночна-Заходняя (уключала Гродзенскую і Лідскую станцыі). У 1961—62 у асноўным закончылася фарміраванне адзінай энергет. сістэмы рэспублікі.
Лініяй электраперадачы Бярозаўская ДРЭС—Баранавічы—Мінск усе энергет. раёны Беларусі аб’яднаны ў адну эл. сетку. З ростам магутнасцей эл. станцый будаваліся новыя лініі электраперадачы высокага напружання: ЛЭП 220 кВ — у 1959, 330 кВ — у 1961, 750 кВ — у 1984. У 1961 уведзена ў дзеянне ЛЭП 330 кВ Мінск—Вільнюс. У 1963 Бел. энергасістэма злучана ЛЭП напружаннем 220 кВ з энергасістэмай Польшчы, у 1965 з энергасістэмамі Паўн. Захаду і цэнтра СССР і праз энергасістэму Польшчы — з энергасістэмай «Мір» (аб’ядноўвала энергасістэмы еўрапейскіх краін — членаў Савета Эканам. Узаемадапамогі). У 1983 уключана першая кабельная лінія 110 кВ у Мінску.
Лініі 220—330 кВ звязалі паміж сабой усе буйныя электрастанцыі Беларусі, а 38 ЛЭП рознага напружання забяспечылі сувязь з энергасістэмамі Расіі, Прыбалтыкі, Польшчы і Украіны. У 1986 уключана ЛЭП напружаннем 750 кВ паміж Ігналінскай АЭС і падстанцыяй «Беларуская» каля г. Старыя Дарогі (часова працуе на 330 кВ), у 1992 — ЛЭП 750 кВ паміж Смаленскай АЭС і падстанцыяй «Беларуская». З 1960 па 1990 агульная даўжыня паветраных электрасетак павялічылася ў 7,3 раза, а сістэмаўтваральных ЛЭП (220—330—750 кВ) — у 16 разоў і дасягнула 5875 км. На Мінскай ЦЭЦ-4 у 1992 пушчаны ў работу 6-ы блок магутнасцю 250 МВт, у 1993 закончаны мантаж 7-га катла прадукцыйнасцю 420 т пары за гадзіну. У 1994 на Гомельскай ЦЭЦ-2 уключаны 3-і энергаблок магутнасцю 180 МВт (магутнасць станцыі дасягнула 540 МВт). У 1999 пушчаны ў эксплуатацыю 1-ы блок (330 МВт) Мінскай ЦЭЦ-5. Усяго на канец 2000 у Рэспубліцы Беларусь эл. і цеплавую энергію выпрацоўваюць 25 цеплавых электрастанцый устаноўленай агульнай магутнасцю 783 8 МВт, працягласць сістэмаўтваральных ЛЭП высокага напружання складае каля 7 тыс.км. Працягваецца рэканструкцыя ЦЭЦ і ДРЭС: Аршанскай ЦЭЦ па парагазавай тэхналогіі (ПГУ 70 МВт), замена турбаўстановак на Пінскай, магілёўскіх ЦЭЦ-1 і ЦЭЦ-2, пераход на прыродны газ Бабруйскай ЦЭЦ-2, Наваполацкай, Полацкай і інш.ЦЭЦ. Уведзены ў эксплуатацыю першая ў краіне дэтандэр-генератарная ўстаноўка магутнасцю 5 МВт на Лукомскай ДРЭС. У канцы 2003 пушчаны мадэрнізаваны 4-ы энергаблок на Бярозаўскай ДРЭС. Выпрацоўка электраэнергіі ў 2003 склала 26 640 млн.кВт∙гадз (у т. л. цеплавымі электрастанцыямі 26 611 млн., гідраэлектрастанцыямі 29 млн.).
Гідраэнергетыка Беларусі дае менш за 0,1% выпрацоўкі электраэнергіі. Працуе 21 малая ГЭС з устаноўленай магутнасцю 10 МВт. Найб. значныя з дзеючых ГЭС: Асіповіцкая на р. Свіслач (2250 кВт, пушчана ў 1953), Чыгірынская на р. Друць (1500 кВт, 1960), Гезгальская на р. Моўчадзь (550 кВт, 1959). Вядуцца эксперыментальна-пошукавыя работы паветраэнергетыцы і сонечнай энергетыцы (геліятэхніцы).
На аснове электраэнергетыкі адбылася электрыфікацыя ўсіх галін нар. гаспадаркі Беларусі.
Спачатку электраэнергія выкарыстоўвалася пераважна для асвятлення. У пач. 20 ст. на некаторых прадпрыемствах (Альбярцінская шоўкакруцільная фабрыка каля Слоніма, рамонтныя майстэрні чыгунак у Пінску, Добрушская папяровая фабрыка) былі ўстаноўлены эл. рухавікі. У 1920—30-я г. з пабудовай дробных, а потым і буйных эл. станцый большасць электраэнергіі стала спажывацца на вытворчыя мэты. Найб. хуткімі тэмпамі расло выкарыстанне эл. энергіі ў прамысловасці: у 1-ю пяцігодку значная частка станочнага парка пераведзена на электрапрывод, удзельная вага спажывання электраэнергіі на вытв. мэты склала 70,5%. У 1898 пушчаны трамвай у Віцебску, у 1929 — у Мінску. У 1940 нар. гаспадаркай Беларусі спажыта 478,4 млн.кВт∙гадзэл. энергіі, у т. л. (млн.кВт∙гадз): прамысловасцю і будаўніцтвам 326,7, сельскай гаспадаркай 10,1, транспартам 41,2. У пасляваен. гады з аднаўленнем і развіццём электраэнергетыкі павялічылася выкарыстанне электраэнергіі ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Эл. энергія шырока выкарыстоўвалася для выплаўкі сталі, электразваркі, электралітычных працэсаў, на лесапільных рамах, млынах, для падымальна-транспартнага абсталявання і інш. З 1952 дзейнічае тралейбус у Мінску. З 1954 сельская гаспадарка атрымлівала электраэнергію не толькі ад уласных электрастанцый, а і ад дзяржаўнай сеткі.
Электрыфікацыя нар. гаспадаркі паскорылася з пач. 1960-х г. Будаваліся размеркавальныя электрычныя сеткі і трансфарматарныя падстанцыі, з дапамогай якіх да 1967 электрыфікаваны ўсе калгасы, саўгасы і іх населеныя пункты, якія мелі больш за 10 двароў.
Спажыта электраэнергіі ў 1975 (у млрд.кВт∙гадз): у прамысловасці 14,13 (у 1960—2,4), у сельскай гаспадарцы 2,32 (0,22), на транспарце 0,8 (0,12). Пушчаны тралейбусы ў Гомелі (1962), Магілёве (1970), Гродне (1974), Віцебску і Бабруйску (1978). Электрыфікаваны ўчасткі чыгункі ад Мінска да Маладзечна (1966), Асіповіч (1973), Барысава (1974), Стоўбцаў (1975).
Спажыванне электраэнергіі на Беларусі нарастала даволі хутка: за 25 гадоў (з 1965 да 1990) яно павялічылася (млрд.кВт∙гадз): у прамысловасці з 4,8 да 30,8 (у 6,4 раза), у сельскай гаспадарцы з 0,5 да 4,9 (у 9,8 раза), на транспарце з 0,2 да 0,9 (у 4,5 раза), у астатніх галінах з 1,2 да 7,3 (у 6 разоў; гл.таксаматабл.). Электрыфікавана 900 км чыгунак. У 2001 сумарнае энергаспажыванне склала 33,34 млрд.кВт∙гадз. Значную долю энергаспажывання ў краіне займае вытворчасць прадукцыі хіміі і нафтахіміі — 12,1% у 1995 і 13,3% у 2001, атаксама машынабудаванне і металаапрацоўка — адпаведна 7,2 і 7,5%. Гэтыя вытворчасці складаюць асноўную даходаўтваральную частку ў бюджэце краіны, атаксамаўнутр. і знешняга гандл. абароту, хаця і з’яўляюцца энергаёмістымі, а асноўныя вытв. магутнасці (нафтаперапр. заводы, абсталяванне па вытворчасці хім. угнаенняў, здабычы калійных солей, нафты і спадарожнага газу) патрабуюць пастаяннай мадэрнізацыі і абнаўлення. Патрэбы ў электраэнергіі забяспечваюцца бел. электрастанцыямі і імпартам (у 2002 атрымана 3,7 млрд.кВт∙гадз з Расіі, 3,1 млрд.кВт∙гадз з Літвы). Асноўная спецыфіка электраэнергетыкі Беларусі — малая (каля 18%) доля энергарэсурсаў, што здабываюцца на яе тэр. (нафта, спадарожны газ, паліўны торф, дровы), астатнія купляюцца за мяжой (пераважна ў Расіі). У гэтых умовах найважнейшым з’яўляецца пошук альтэрнатыўных энергарэсурсаў і энергазберажэнне.
Цеплафікацыя забяспечвае камбінаваную выпрацоўку цеплавой і электрычнай энергіі на буйных і малых цеплаэлектрацэнтралях. На Беларусі пачалася ў 1936, калі цеплавую энергію для горада стала даваць Мінская ЦЭЦ-2. Будаваліся таксама цеплаэлектрацэнтралі пры буйных прамысл. прадпрыемствах. У 1950—60-я г. пушчана першая цеплаэлектрацэнтраль высокага ціску ў Мінску — ЦЭЦ-3 (25 МВт), пабудаваны ЦЭЦ у Віцебску, Пінску, Баранавічах, Полацку, Магілёве, Гродне, Бабруйску. Ва ўсіх абласных цэнтрах і буйных гарадах створаны магутныя цэнтралізаваныя сістэмы цеплазабеспячэння. Цяпло прадпрыемствам і насельніцтву даюць таксама раённыя цеплавыя вузлы і кацельныя прамысл. прадпрыемстваў. У 1990 магутнасць ЦЭЦ дасягнула 3426,9 МВт (супраць 530 МВт у 1960). Сумарная прадукцыйнасць энергетычных катлоў склала 40 510 т пары за гадзіну, воданагравальных — 10 850 Гкал за гадзіну, устаноўленая цеплавая магутнасць турбаагрэгатаў — 7819 Гкал за гадзіну. Цеплафікацыю забяспечваюць новыя магутныя ЦЭЦ, раённыя кацельныя і больш за 2 тыс.км цеплавых сетак. Сярэднегадавы расход паліва на выпрацоўку электра- і цеплаэнергіі ў 2000 склаў 274,8 г на 1 кВт∙гадз і 172,3 кг на 1 Гкал, што адпавядае лепшым сусветным стандартам. У 2000 завершаны работы па ўкараненні міні-ЦЭЦ: 3,5 МВт у Віцебску, 3 МВт у Пінску, 3,5 МВт у Гродне.
Кіраванне энергетыкай краіны забяспечвала Галоўнае вытв. ўпраўленне энергетыкі і электрыфікацыі — Белгалоўэнерга, створанае ў 1957. У 1992 яно пераўтворана ў Мін-ва энергетыкі, у 1994 — у Мін-ва паліва і энергетыкі. У 1995 пастановай Кабінета Міністраў створаны Беларускі дзярж. энергетычны канцэрн «Белэнерга». У яго складзе 140 раёнаў электрычных сетак (РЭС), 27 раёнаў цеплавых сетак; 2 кандэнсацыйныя электрастанцыі (устаноўленая магутнасць 3330 МВт), 20 цеплаэлектрацэнтралей (4293,5 МВт), 12 прамысл. блок-станцый (99,5 МВт), 11 гідраэлектрастанцый (7 МВт), 35 раённых кацельных. Працягласць паветраных ЛЭП 35—750 кВ — 34 936 км (у т. л. 2 ЛЭП 750 кВ працягласцю 753 км), ЛЭП 6—10 кВ — 117 458 км (у т. л. кабельных 12 504 км). Энергасістэма спажывае 9071,8 млн.м³ прыроднага газу, 167 млн.м³ спадарожнага і 1206,9 тыс.т мазуту (даныя на канец 2000). Гл.таксамаЭнергетыка, Электраэнергетыка і Электрыфікацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТО́РЫЯ (ад грэч. historia апавяданне аб мінулых падзеях, фактах, аб тым, што пазнана, даследавана),
гістарычная навука; у шырокім сэнсе — працэс развіцця ў грамадстве. У спецыфічным сэнсе гісторыя — навука аб заканамернасцях разгортвання ў прасторы і часе сусв.-гіст. працэсу і ўзаемадзеянняў этнапаліт. супольнасцей (гл.таксамаГістарычны працэс). Яна вызначае і тлумачыць канкрэтны ход і заканамернасці развіцця чалавечага грамадства ва ўсёй шматграннасці, адлюстроўвае патрэбу грамадства ў самасвядомасці, у разуменні свайго мінулага, каб глыбей асэнсаваць сучаснае і перспектывы будучага развіцця.
Аб’ект пазнання гіст. навукі — уся сукупнасць з’яў грамадскага жыцця на працягу ўсёй гісторыі грамадства. У параўнанні з інш. грамадска-гуманітарнымі навукамі гісторыя выступае як навука комплексная, інтэгральная. Яна мае справу з усімі грамадскімі з’явамі, што вывучаюцца гэтымі навукамі. Прадметам яе пазнання з’яўляецца раскрыццё чалавечай дзейнасці ва ўсёй шматбаковасці, прасторавай і часавай канкрэтнасці. Унутраная аснова гіст. навукі — збіранне фактаў, іх сістэматызацыя і аналіз ва ўзаемасувязі. Гісторыя абапіраецца на факты, у якіх адлюстраваны аб’ектыўныя працэсы развіцця грамадства; выкарыстоўвае шырокі спектр агульнанавук., спецыфічна гіст. метадаў (гісторыка-генетычны, гісторыка-параўнальны і інш.), у т. л. колькасныя метады даследавання. Як навука гісторыя павінна быць непрадузятым уваскрашэннем і аднаўленнем мінуўшчыны, а не судом над жыццём ці вынікамі дзейнасці продкаў для пацвярджэння якой-н. прыватнай паліт. і эканам. ідэі. Прыкладное значэнне гісторыі не адмаўляецца ў выпадках, калі ў ёй шукаюць тлумачэнне ці вытокі аб’ектыўных працэсаў, якія маюць месца ў сучасным жыцці. Гал.сац. функцыя гіст. навукі — навукова-пазнавальная (канкрэтнае навук. вывучэнне ўсяго шляху грамадскага развіцця ад старажытнасці да сучаснасці, якое дае фундаментальныя тэарэт.навук. веды).
У глыбокай старажытнасці назапашванне гіст. ведаў вялося ў вусных пераказах. Найдаўнейшыя пісьмовыя помнікі з аглядам гіст. падзей вядомы ў дзяржавах Стараж. Усходу (канец 4 — пач. 3-га тыс. да н.э.). Вялікі ўклад у распрацоўку гіст. уяўленняў пакінулі ант. гісторыкі (Герадот, Фукідыд, Ксенафонт, Палібій, Плутарх у Стараж. Грэцыі; Лівій, Тацыт, Апіян у Стараж. Рыме). У першыя стагоддзі н.э. з’явіліся стараж.арм. і груз.гіст. творы. У 10 ст. ўзнікла стараж.-рус.гіст.л-ра. Сярэдневяковыя зах.-еўрап.гіст. веды мелі даволі складаную структуру і падзяляліся (у залежнасці ад крыніцы) на свяшчэнную і свецкую гісторыю. Цесна звязаная з тэалогіяй, гісторыя разглядалася як працэс, прадвызначаны Богам. У эпоху Адраджэння ў цэнтры гісторыі аказваюцца падзеі і факты. У эпоху Асветніцтва гісторыкі адмовіліся ад тэалагічнага тлумачэння гісторыі, склаўся погляд на гісторыю як на працэс заканамернага развіцця, прызнавалася адзінства лёсу ўсяго чалавецтва (Вальтэр, Э.Гібан і інш.). Працэс станаўлення гісторыі як навукі звязаны з ням. філосафамі і гісторыкамі 18—19 ст. (І.Г.Гердэр, І.Кант і інш.), з франц. гісторыкамі Ф.П.Г.Гізо, А.Мінье, А.Цьеры. Тэарэт.-філас. асэнсаванне сусв.-гіст. працэсу зроблена Г.Гегелем; галоўнае ў яго канцэпцыі — дыялектычны прынцып развіцця. У сярэдзіне 19 ст. К.Маркс і Ф.Энгельс распрацавалі матэрыяліст. дыялектыку. У аснове марксісцкага аналізу гісторыі — гістарызму прынцып, вучэнне аб фармацыях грамадска-эканамічных. Сярод гісторыкаў Расіі ў сярэдзіне 19 ст. традыцыйнымі былі спрэчкі паміж славянафіламі (І.С.Аксакаў і К.С.Аксакаў, І.В. і П.В.Кірэеўскія і інш.) і заходнікамі (П.В.Аненкаў, Ц.М.Граноўскі, К.Дз.Кавелін, С.М.Салаўёў і інш.). У гіст. навуцы і філасофіі вядучых краін Еўропы (акрамя Германіі) і ЗША ў 2-й пал. 19 ст. панавала тэорыя пазітывізму (А.Конт, Г.Спенсер, Г.Т.Бокль, Дж.У.Дрэйпер, Г.Ч.Лі, Дж.Р.Грын, К.Лампрэхт і інш.). Яе прадстаўнікі звярталіся да ідэі эвалюц. развіцця чалавецтва, аднолькавую ўвагу аддавалі пытанням эканомікі, сац. жыцця і культуры. На мяжы 19—20 ст. на фарміраванні ўяўленняў аб гісторыі адбіліся погляды Ф.Ніцшэ, які адмаўляў аб’ектыўную заканамернасць гіст. развіцця, прапаноўваў ідэю развіцця па крузе. У гэты час праявіліся таксаманеакантыянства, неагегельянства, эмпірыякрытыцызм. У 1920—30-я г. пашырыўся неапазітывізм. У 1930—60-я г. папулярнымі былі ідэі англ. даследчыка А.Дж.Тойнбі, які разглядаў сусв.гіст. працэс як з’яднанне волі і неабходнасці. У Сав. Саюзе ў 1920-я — пач. 1990-х г.гіст. навука знаходзілася пад уплывам марксізму-ленінізму. Пасля 2-й сусв. вайны пашыранымі сталі погляды на гісторыю з пазіцый неатамізму, ірацыяналізму і канцэпцыі экзістэнцыялізму. Значны ўплыў на развіццё гіст. навукі ў Зах. Еўропе мела франц.«Аналаў» школа. Апошнія дзесяцігоддзі 20 ст. адзначаны крызісам гіст. навукі ў Еўропе і Амерыцы; папулярнымі сталі гіст. антрапалогія, канцэпцыя «маральнай эканомікі» Э.Томпсана, тэорыя «культурнай гегемоніі» А.Грамшы і інш.
Развіццё ўяўленняў пра гісторыю ў Беларусі, якая знаходзілася на мяжы культ. уплываў, адбывалася ў сувязі з культ.-паліт. працэсамі. Да 14 ст.мясц.гіст. свядомасць тут развівалася пад уплывам візантызму з яго артадаксальна-правасл. формай ідэалогіі. Пісьмовыя крыніцы гэтага перыяду — летапісы, хронікі, жыціі, у якіх спалучаліся рацыянальнае і эмацыянальнае асвятленне гісторыі, правідэнцыялізм, дакументальна-дзелавое і маст. апісанне гіст. падзей. У 15—18 ст.гіст. веды і ўяўленне пра гісторыю ў Беларусі фарміраваліся пад уплывам еўрап.культ. традыцыі: хронікі, гіст.-мемуарная л-ра (дыярыушы), прадмовы Ф.Скарыны, «Песня пра зубра» М.Гусоўскага, публіцыстычныя творы, розныя зборнікі аповесцей і навел, якія ўспрымаліся тагачаснымі чытачамі як цалкам гістарычныя. Скарына ацэньваў развіццё грамадства пад уплывам хрысціянскіх абстрактна-гуманіст. прынцыпаў чалавекалюбства і справядлівасці, хоць і не адмаўляў існавання ў грамадстве класавых процілегласцей. Пазней яго ідэі ўзбагаціліся і канкрэтызаваліся ў творах М.Літвіна, С.Буднага, В.Цяпінскага, А.Волана і інш.Гіст. погляды 18 ст., нягледзячы на некат. праявы патрыят. («краёвай») думкі, вызначаліся паланафільствам, сувяззю з ідэямі мысліцеляў-асветнікаў Еўропы. Станаўленне гіст. ведаў у Беларусі на ўзроўні навук. асэнсавання адбылося ў 19 ст.Тэарэт. пытанні агульных падыходаў да разумення гісторыі ў бел.гіст. навуцы ўпершыню ўзняты ў працах М.В.Доўнар-Запольскага.
Гісторыя як навука ў працэсе свайго развіцця падзялілася на цесна звязаныя паміж сабой спецыялізаваныя часткі. Гісторыя грамадства ў цэлым (гл.Усеагульная гісторыя) на аснове характэрных рыс прынята падзяляць на эпохі: гісторыю першабытнага грамадства, гісторыю стараж. свету, сярэдневяковая гісторыя (медыявістыка), новая і навейшая гісторыя. Яны ў сваю чаргу падзяляюцца на гісторыю вялікіх гістарычна звязаных паміж сабой рэгіёнаў (гісторыю Еўропы, гісторыю Лацінскай Амерыкі і інш.) і гісторыю асобных краін і народаў (гісторыю Беларусі, гісторыю Расіі, гісторыю Германіі і інш.); паводле комплексных праблем, калі даследуюцца з’явы, уласцівыя групам краін і народаў (гісторыю Адраджэння, гісторыю Рэфармацыі) і інш. У залежнасці ад таго, які бок або з’ява грамадскага жыцця вывучаецца, вылучаюць сац.-эканам. гісторыю, паліт. гісторыю, ваен. гісторыю, гісторыю мастацтва і інш. Да гісторыі адносяцца таксамаспец. (дапаможныя) гіст. навукі: крыніцазнаўства, археаграфія, дыпламатыка, храналогія, сфрагістыка, генеалогія, геральдыка, нумізматыка, гістарыяграфія і інш.Самаст. месца займаюць археалогія і этнаграфія.
Літ.:
Ерофеев Н.А. Что такое история. М., 1976;
Болингброк. Письма об изучении и пользе истории: Пер. с англ.М., 1978;
Блок М. Апология истории, или Ремесло историка: Пер. с фр. 2 изд. М., 1986;
Тойнби А.Дж. Постижение истории: Сб.: Пер. с англ.М., 1991;
Февр Л. Бои за историю: Пер. с фр.М., 1991;
Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М., 1994;
Философия и методология истории: Сб. ст.М., 1977;
Энгельс Ф. Анты-Дзюрынг. Мн., 1952;
Ленін У.Л. Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм // Тв. Т. 14 (Полн. собр. соч. Т. 18);
Carr E.H. What is history? London, 1961;
Schieder T. Geschichte als Wissenschaft. München;
Wien, 1968;
Topolski J. Metodologia historii. 3 wyd. Warszawa, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫ́ЙНЫЯ ПРАВЫ́, СВАБО́ДЫ І АБАВЯ́ЗКІ ГРАМАДЗЯ́Н РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
асабістыя, паліт., сац.-эканам., сац.-культ. правы і абавязкі грамадзян, замацаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі і міжнар. абавязацельствамі дзяржавы; аснова прававога статусу грамадзяніна, узаемаадносін дзяржавы і асобы. Выкладзены ў раздз. Канстытуцыі «Асоба, грамадства, дзяржава». Да асабістых правоў і свабод адносяцца: права на жыццё (жыццё чалавека абараняецца дзяржавай ад любых проціпраўных замахаў; смяротная кара да яе поўнай адмены як выключная мера пакарання можа прымяняцца за асабліва цяжкія злачынствы і толькі па прыгаворы суда); права на свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы (абмежаванне або пазбаўленне асабістай свабоды магчыма ў выпадках і парадку, устаноўленых законам; асоба, узятая пад варту, мае права на суд. праверку законнасці яе затрымання або арышту; ніхто не павінен быць падвергнуты бесчалавечнаму або зневажальнаму абыходжанню ці пакаранню); права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё; права на недатыкальнасць жылля і інш. законных уладанняў грамадзян, на свабоду перамяшчэння і выбар месца жыхарства ў межах краіны, права пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад; права на свабоду вызнаваць любую рэлігію, або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць свае перакананні ў адносінах да рэлігіі, прымаць удзел у набажэнствах, рытуалах, абрадах, не забароненых законам; права на ўступленне ў шлюб і стварэнне сям’і. У палітычныя правы і свабоды ўваходзяць: свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне (ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх; манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі і цэнзура недапушчальны); права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджанне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі пра дзейнасць дзярж. органаў, грамадскіх аб’яднанняў, паліт., эканам., культ. і міжнар. жыццё. пра стан навакольнага асяроддзя; права на свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы інш. грамадзян; права на свабоду аб’яднанняў; права на ўдзел у вырашэнні дзярж. спраў як непасрэдна, так і праз сваіх прадстаўнікоў або шляхам абмеркавання на рэферэндумах, сходах і інш. вызначанымі законам спосабамі; права свабодна выбіраць і быць выбранымі ў дзярж. органы на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога або ўскоснага выбарчага права пры тайным галасаванні, мець доступ да любых пасад у дзярж. органах; права накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзярж. органы і атрымліваць адказы па сутнасці ў вызначаны законам тэрмін. У галіне сацыяльна-эканамічных правоў Канстытуцыя гарантуе: права на працу і выбар прафесіі, род заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, праф. падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей, атаксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы і гарантаванае атрыманне платы за сваю працу; права на дапамогу па беспрацоўю; права на абарону сваіх эканам. і сац. інтарэсаў, на забастоўку; права на адпачынак, на ахову здароўя, сац. забеспячэнне і жыллё; права на ўласнасць і абарону яе дзяржавай (прымусовае адчужэнне маёмасці дапускаецца толькі па матывах грамадскай неабходнасці пры захаванні ўмоў і парадку, вызначаных законам, са своечасовым і поўным кампенсаваннем кошту адчужанай маёмасці, атаксама паводле пастановы суда); права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права. Сацыяльна-культурнымі правамі з’яўляюцца: права на адукацыю, на захаванне сваёй нац. прыналежнасці і карыстанне роднай мовай, на ўдзел у культ. жыцці, што забяспечваецца агульнадаступнасцю каштоўнасцей айч. і сусв. культуры, развіццём сеткі культ,асв. устаноў; права на свабоду маст., навук. і тэхн. творчасці.
Канстытуцыя абвяшчае і гарантуе роўнасць усіх перад законам без усякай дыскрымінацыі, роўную абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян. Абмежаванне правоў і свабод дапускаецца толькі ў прадугледжаных законам выпадках, у інтарэсах нац. бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод інш. асоб. Ніхто не можа карыстацца прывілеямі і перавагамі, што супярэчаць закону. Кожны, хто знаходзіцца на тэр. краіны, абавязаны: выконваць яе Канстытуцыю, законы і з павагай ставіцца да яе традыцый, паважаць годнасць, правы, свабоды, законныя інтарэсы інш. асоб, берагчы гіст.-культ., духоўную спадчыну і інш.нац. каштоўнасці, ахоўваць прыроднае асяроддзе. Грамадзяне краіны абавязаны ўдзельнічаць у фінансаванні дзярж. выдаткаў шляхам выплаты дзярж. падаткаў, пошлін, інш. плацяжоў. Абарона Айчыны — свяшчэнны абавязак кожнага яе грамадзяніна. Ніхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, якія не прадугледжаны Канстытуцыяй і законамі, ці да адмаўлення ад сваіх правоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ХІКА (México, Méjico),
горад, сталіца Мексікі. Знаходзіцца ў паўд.ч. Мексіканскага нагор’я, у міжгорнай катлавіне, на выш. 2240 м. Самастойная адм. адзінка (Федэральная акруга). Нас. 16,6 млн.ж., разам з суседнімі гарадамі ўтварае гар. агламерацыю — Вял. М. з насельніцтвам больш за 20 млн.чал. (1997). Найважнейшы вузел шашэйных і чыг. дарог, якія вядуць да ўзбярэжжа Ціхага ак. і Мексіканскага зал.; на Панамерыканскай шашы. Міжнар. аэрапорт Беніта Хуарэс. М. — адзін з буйнейшых прамысл. і фін. цэнтраў Лац. Амерыкі, гал.эканам., навук. і культ. цэнтр краіны (у М. вырабляецца больш за 50% прамысл. прадукцыі Мексікі). Асн. галіны прам-сці — харчасмакавая (пераважна кансервавая, тытунёвая), тэкст. (у т. л. перапрацоўка хенекену), швейная, абутковая, фармацэўтычная, нафтаперапр., паліграфічная. Перапрацоўчая металургія. Развіты таксамаэл.тэхн., металаапр., аўтазборачная, цэм.прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Метрапалітэн.
Засн. Э.Картэсам у 1521—22 на месцы зруйнаванага іспанцамі ацтэкскага горада Тэначтытлан. У 1535—1821 М. — сталіца каралеўства Нов. Іспанія. У 1624 і 1692 тут адбыліся антыісп. паўстанні. З 1821 М. — сталіца незалежнай Мексікі. У амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48 заняты войскамі ЗША, у мексіканскую экспедыцыю 1861—67 — франц. войскамі (1863—67). У 1967 у М. падпісаны дагавор аб стварэнні ў Лац. Амерыцы бяз’ядзернай зоны. 2.10.1968 на пл. Трох Культур адбылася студэнцкая дэманстрацыя, жорстка задушаная арміяй і паліцыяй. Горад неаднаразова разбураўся землетрасеннямі (апошняе ў 1985).
Стары горад размешчаны на месцы стараж.г. Тэначтытлан (захаваліся рэшткі свяцілішчаў і храмаў, статуй багоў), мае прамавугольную сетку вуліц. Тут знаходзяцца: на пл. Пласа дэ ла Канстытусьён (Сакала) — кафедральны сабор (1563—1667, арх. К. дэ Арсіньега, А.Перэс дэ Кастаньеда і інш., дабудаваны ў пач. 19 ст., спалучэнне барока і класіцызму), барочныя касцёл Саграрыо Метрапалітана (1749—68, арх. Л.Радрыгес) і Нац. Палац (1692—99, арх. Д. дэ Вальвердэ, дабудаваны ў 1929); шпіталь Хесус Насарэна (1524—35, арх. П.Васкес, дабудаваны ў 20 ст.), шмат кляштараў і палацаў 17—18 ст. У 1737 М. перапланавана, у 1750 створаны план новага раёна; будаваліся касцёлы, калегіумы, асабнякі. У 19 — пач. 20 ст. пракладзены новыя вуліцы, у т. л.гал. вул. Пасеа дэ ла Рэформа, на З узнік дзелавы цэнтр з праспектамі і паркамі, на З і ПдЗ размясціліся фешэнебельныя кварталы, на Пн і ПнУ — прамысл. і рабочыя раёны. У стылях класіцызму пабудавана Горная школа (1797—1813, арх. М.Тальса), эклектыкі — Палац прыгожых мастацтваў (1904—34, арх.А.Баары і інш.). У 1-й пал. 20 ст. праведзены работы па рэканструкцыі М. (генплан 1932); у дзелавой ч. горада ўзведзены вышынныя будынкі, ун-т, стадыён і інш.Найб. значнае збудаванне 20 ст. — універсітэцкі гарадок (1949—54, кіраўнік буд-ваарх. К.Ласа; пл. 200 га), які ўключае больш за 40 будынкаў, аздобленых мазаікамі (Д.Сікейрас, Д.Рывера, Х.Чавес Марада, Х.О’Горман і інш.). Сярод пабудоў 2-й пал. 20 ст.: жылы комплекс «Беніта Хуарэс» (1950—52, арх. М.Пані, С.Артэга), Нац. аўдыторыум і стадыён «Ацтэка» (1963—67, абодва арх. П.Рамірэс Васкес), вілы ў раёне Педрэгаль (арх. Л.Бараган), Алімп. палац спорту (1966—68, арх. Ф.Кандэла) і інш. У прадмесці М. (цяпер гар. раён Тлальпан) захавалася стараж. піраміда (каля 450 да н.э.), на паўн. ускраіне (Тэнаюка) — піраміда ацтэкаў. Помнікі: Карлу IV (1803, арх. Тальса), Х.Калумбу (1852—92, М.Вілар, і 1876—77, Ш.Кардзье), Незалежнасці (1910, арх.А.Рывас Меркада), С.Балівару (1946, М.Сентур’ён), 150 гадоў незалежнасці Мексікі (1961, К.Абрэгон Сантасілья) і інш.Гіст. цэнтр М. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У М. знаходзяцца 7 АН ( у т. л. Нацыянальная), буйнейшыя ВНУ краіны: Нац.ун-т (з 1553, найстарэйшы ў краіне), Нац.політэхн.ін-т, ун-ты Амерыканскі, Ібераамерыканскі, Вышэйшая школа інжынераў, Нац. кансерваторыя і інш. Б-кі: Нац.б-каНац.АН і інш. Музеі: нац. музеі гісторыі, антрапалогіі, нар. мастацтваў і рамёстваў, пластычных мастацтваў, Галерэя жывапісу і скульптуры Сан-Карлас, музей сучаснага мастацтва і інш. Тэатры: Нац. опера, драматычныя «Хіменес Руэда», «Хола», «Ідальга», «Інсурхентэс» і інш.Іл.гл.таксама да арт.Мексіка.
Бібліятэка універсітэцкага гарадка ў Мехіка.Помнік Карлу IV у Мехіка. 1803.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТНАМУЗЫКАЛО́ГІЯ.
этнаграфія музычная, этнамузыказнаўства, музычная фалькларыстыка, навуковая дысцыпліна, якая вывучае народную музыку. Знаходзіцца на стыку музыказнаўства, этналогіі (гл.Этнаграфія) і фалькларыстыкі. Этнамузыказнаўчыя даследаванні ўключаюць спецыфічны муз. аналіз, выкарыстоўваюць метады семансіялогіі, герменеўтыкі, лінгвістыкі, сацыялогіі. Першаасновай вывучэння нар. музыкі з’яўляецца яе збіранне і занатоўванне на гуказапісвальнай апаратуры (з 1890-х г.), нотная транскрыпцыя, вызначэнне гукавых сістэм і строю муз. інструментаў.
Як спец. дысцыпліна муз. этнаграфія ўзнікла ў канцы 19 ст. (праграмнае яе абгрунтаванне — Г.Адлера, муз. гукарадаў розных народаў даследаванне — А.Эліс). У пач. 20 ст.еўрап. навука пра муз. фальклор складалася з муз. культуры краіны (муз. фалькларыстыка) і муз. культуры нееўрап. народаў — параўнальнае музыказнаўства. Вял. школа параўнальнага музыказнаўства склалася пры Берлінскім фонаграмархіве (Э.М.Хорнбастэль. К.Штумпф, атаксама В.Віёра, К.Закс, Р.Лахман); другі еўрап. цэнтр — пры Венскім фонаграмархіве (Р.Лах). У 1930—40-я г. у ЗША метады абодвух кірункаў сінтэзаваліся пад агульнай назвай Э. У 1930-я г. сфарміраваліся нац.муз.-этналагічныя школы (Б.В.Я.Бартака. З.Кодая ў Венгрыі. І.Крона ў Фінляндыі і інш.). У сав. музыказнаўчай навуцы пры заснаваным у 1927 Я.Гіпіусам фонаграмархіве АНСССР (з 1938 пры Ін-це рус. л-ры Рас.АН — Пушкінскі Дом) склалася Пецярбургская этнамузыкалагічная школа прынцыпова інтанацыйнага кірунку Б.Асаф’ева (Гіпіус, Ф.Рубцоў, З.Эвальд). Фонаграмархіў стаў цэнтрам збірання, вывучэння і публікацыі муз. фальклору розных народаў, садзейнічаў станаўленню і развіццю нац. этнамузыкалагічных школ у сав. рэспубліках.
Станаўленне і развіццё бел. Э. ў сваіх асн. этапах супадае з развіццём Э. ў інш.слав. краінах: ад ілюстратыўна-этнагр. і прыкладнога аматарскага кірунку да ўласна даследчай навукі. Назапашванне муз. матэрыялу інтэнсіўна адбывалася на Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. (зб-кі Я.Чачота, М.Доўнар-Запольскага, З.Радчанка, М.Янчука, Б.Раманава, А.Грыневіча і А.Зязюлі, М.Гарэцкага і Я.Ягорава). Уласна навук. дасягненні звязаны з працамі Янчука (функцыян. сувязі напеваў з этапамі вясельнай абраднасці), М.Нікіфароўскага (сац. статус дудара і музыкі, майстэрства дуды і скрыпкі). Асн. этапы развіцця бел. Э. звязаны з дзейнасцю ў пач. 20 ст. маскоўскай Музычна-этнаграфічнай камісіі (засн. Янчуком), з вылучэннем этнамузыказнаўчай навукі ў самаст. дысцыпліну. Развіццю муз. фалькларыстыкі спрыялі дзейнасць у 1920-я г. Інбелкульта, фалькл. камісіі Прэзідыума АНБССР (узначальваў Я.Колас), працы Р.Шырмы, польскіх і чэш. этнамузыколагаў О.Кольберга, Л.Кубы, К.Машынскага, М.Федароўскага, рас. і ўкр. даследчыкаў В.Бяляева, Я.Гіпіуса, К.Квіткі, Ф.Рубцова, З.Эвальд. Сучасная бел. Э. прадстаўлена 2 навук. цэнтрамі: Ін-там мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі і Бел. акадэміяй музыкі, у якіх сканцэнтраваны навук. сілы вядучых бел. этнамузыколагаў. У ліку найб. буйных іх прац: «Беларуская народная музычная творчасць» Л.Мухарынскай і Т.Якіменка (1993), «Беларуская этнамузыкалогія: нарысы гісторыі (XIX—XX ст.)» пад рэд. З.Мажэйка (1997), трылогія пра ладавыя, рытм. і меладычныя асновы бел. музыкі В.Ялатава (1964, 1966, 1970), «Беларускія народныя музычныя інструменты» І.Назінай (кн. 1—2, 1979—82), манаграфіі пра муз. асаблівасці пэўных рэгіёнаў «Песні беларускага Паазер’я» (1981) і «Песні беларускага Палесся» (вып. 1—2; 1983—84) Мажэйка, «Песні беларускага Панямоння» Т.Варфаламеевай (1998), «Песні беларускага Падняпроўя» Мажэйка і Варфаламеевай (1999), даследаванні бел. эпічнай традыцыі Якіменка, кантавай культуры Беларусі Л.Касцюкавец.
Літ.:
Никифоровский Н.Я. Дудар и музыка // Этногр. обозрение. М., 1892. Кн. 13—14, № 2—3;
Янчук Н. Вступительная записка об изучении народной песни и музыки... // Тр. музыкально-этногр. комиссии. М., 1906. Т. 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯЗЫ́ЧНІЦТВА (ад царк.-слав. языцы — народы, чужаземцы), паганства (ад лац. paganus сельскі, вясковы),
агульны тэрмін для абазначэння стараж. народных вераванняў і культаў, што існавалі да ўзнікнення і пашырэння «вышэйшых» сусветных рэлігій (будызм, хрысціянства, іслам). Пасля ўвядзення хрысціянства ў Рымскай імперыі язычніцкія вераванні пэўны час захоўваліся ў сельскай мясцовасці, адсюль этымалогія тэрміна «паганства». Для Я. характэрны: вера ў шматлікіх багоў і божастваў (політэізм, або мнагабожжа); абагаўленне розных прыродных сіл і стыхій (пантэізм); перакананне ў рэальным існаванні душы, добрых і злых духаў (анімізм), надзяленне чалавечымі рысамі і якасцямі прыродных з’яў, багоў, міфічных істот (антрапамарфізм); вера ў цудадзейную сілу асобных матэрыяльных прадметаў (фетышызм); уяўленні пра роднасць паміж людзьмі і пэўным відам жывёл, раслін (татэмізм); магічныя дзеянні; культ продкаў. Язычнікі прыносілі разнастайныя ахвяры (часцей прадукты харчавання, расліны, радзей — жывёл і нават людзей) шматлікім божаствам, пакланяліся духам рэк, азёр, лясоў, асобным жывёлам, атаксама дрэвам, камяням, крыніцам і ц. Найб. паважаныя язычніцкія багі слав. плямён: Пярун (бог грому і маланкі), Вялес (бог жывёлагадоўлі), Сварог (бог неба) і яго сын Дажбог (бог сонца). Язычніцкія культавыя збудаванні называліся капішчамі ці свяцілішчамі; у цэнтры іх ставіліся драўляныя ці каменныя ідалы, каля якіх выконваліся рытуальныя дзеянні.
На Беларусі адметныя рысы язычніцкага светапогляду і магічна-абрадавай практыкі адлюстроўваліся ў міфалогіі, у святкаванні Дзядоў, Радаўніцы, у звычаях і рытуальных дзеяннях, звязаных з нараджэннем і пахаваннем, ва ўяўленнях пра «той свет», атаксама ў шматлікіх бел.нар. паданнях, легендах, песнях, дзе ўшаноўваюцца сонца, месяц, зоркі, дрэвы, рэкі, згадваюцца такія персанажы нар.дэманалогіі, як русалкі, чэрці, лесавікі, вадзянікі, дамавікі, ваўкалакі і інш.Найб. шаноўнымі божаствамі пэўных відаў дзейнасці, якія змянялі адзін аднаго на працягу каляндарнага года, былі Пярун, Вялес, Ярыла, Зюзя, Жыжаль, Цаца, Лёля, Лада, Цёця. Беларусы карысталіся спосабамі і сродкамі вербальнай (слоўнай) і невербальнай магіі, што выяўлялася ў шырокім бытаванні разнастайных замоў, праклёнаў, рытуальна-засцерагальных дзеянняў ад усялякіх стыхійных бедстваў, эпідэмій, сац. катаклізмаў (войнаў, голаду), звярталіся за дапамогай да чараўнікоў, вешчуноў, знахароў. Вядомы комплекс рытуальных дзеянняў пад умоўнай назвай «выкліканне дажджу», звычай ткаць з ахоўнымі мэтамі ахвярнае палатно — т.зв. «абыдзённік». Язычніцкае паходжанне маюць многія стараж.бел. святы, абрады, звычаі — Купалле, Каляды, трызна, гуканне вясны, ваджэнне «куста», пахаванне «стралы» і інш. З канца 10—11 ст. Я. на бел. землях пачало паступова выцясняцца хрысціянствам — найперш у выглядзе ўсх. абраду (праваслаўя), некалькі пазней — каталіцтва. Працэс хрысціянізацыі мясц. насельніцтва неаднойчы суправаджаўся ўзаемнымі непрыхільнасцю, сутыкненнямі, праследаваннямі, знішчэннем язычніцкіх свяцілішчаў і ідалаў. Працяглы час на бел. землях захоўвалася «двухвер’е» — адначасова існавалі Я. і хрысціянства. У «Аповесці мінулых гадоў» полацкаму князю Усяславу Брачыславічу прыпісваецца нараджэнне ад «валхвавання», а ў «Слове аб паходзе Ігаравым» — здольнасць ператварацца ў ваўка. Паступова хрысц. царква пачала дапасоўваць стараж. язычніцкія вераванні да сваіх свят і абрадаў. Напр., да язычніцкіх Каляд былі дапасаваны святы нараджэння Хрыста (Раство Хрыстова) і Вадохрышча, да Купалля — свята Іаана Прадцечы і інш. Функцыі некат. язычніцкіх багоў надаваліся асобным хрысц. святым (напр., функцыі Вялеса як апекуна жывёлагадоўлі — хрысц.св. Уласу, Ярылы як апекуна земляробства — хрысц.св. Георгію (Юрыю), Перуна як увасаблення грому і маланкі — хрысц.св. Ільі і да т.п.). Нярэдка на месцы былых язычніцкіх свяцілішчаў будавалі хрысц. храмы (Полацкі Сафійскі сабор, Віцебская Благавешчанская царква, Гродзенская Барысаглебская царква і інш.). У сучасным бел. грамадстве сляды язычніцтва захаваліся ў выглядзе рэліг. прымхаў: замоў, варажбы, добразычлівых ці зласлоўных пажаданняў і інш. Некат. жыхары Беларусі вераць у абрады лячэбнай магіі (знахарства), пакланяюцца асобным камяням, дрэвам, крыніцам і да т.п.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРА́РНЫЯ АДНО́СІНЫ,
вытворчыя адносіны ў сельскай гаспадарцы, абумоўленыя характарам уласнасці на зямлю. Гэта адносіны паміж класамі і сац. групамі на аснове пэўных формаў землеўладання і землекарыстання, атаксама паміж дзяржавай і землекарыстальнікамі (с.-г. прадпрыемствамі, фермерамі і інш.) у сувязі з умовамі арганізацыі вытв-сці, рэалізацыі прадукцыі і размеркавання атрыманага даходу.
Сутнасць аграрных адносін пры феадалізме вызначала поўная ўласнасць феадала на зямлю і няпоўная на прыгонных сялян, з якіх спаганялася высокая адработачная, натуральная ці грашовая зямельная рэнта. Пры гэтым сяляне заставаліся ў надзвычай цяжкіх умовах. Такія адносіны спараджалі антаганізм, сял. паўстанні, якія часам перарасталі ў сял. войны з мэтай пераўтварэння сістэмы землеўладання на больш справядлівай аснове. Пры капіталізме характар аграрных адносін абумоўлены захаваннем прыватнай уласнасці на зямлю. Селянін, атрымаўшы свабоду ад прыгону, фактычна заставаўся залежны ад землеўладальніка. Таму выкарыстанне наёмнай працы ў сельскай гаспадарцы спалучалася з феад. рэнтавымі адносінамі.
Пасля 2-й сусв. вайны аграрныя адносіны ў развітых капіталіст. краінах характарызуюцца дзярж. рэгуляваннем у агр. сектары. На аснове т.зв.«зялёных планаў» дзяржава аказвае цвёрдую матэр.-фін. падтрымку буйному землеўладанню, што вядзе да масавага разарэння дробных гаспадарак. Адначасова з узнікненнем буйных фермерскіх гаспадарак з’явіліся вял. землеўладанні карпарацый, якія каля 40% сваіх зямель здаюць у арэнду фермерам і прысвойваюць частку дзярж. субсідый. Тым не менш у гэтых краінах створаны спрыяльныя ўмовы для выкарыстання дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу ў сельскай гаспадарцы, забеспячэння яе высокай эфектыўнасці і вырашэння харч. праблемы ў краіне.
На Беларусі, як і ва ўсёй Расійскай імперыі, асноўнай супярэчнасцю ў аграрных адносінах была наяўнасць буйнога землеўладання, з аднаго боку, і мноства малазямельных сялян і парабкаў — з другога. Сялянскі рух разгортваўся фактычна за ўсталяванне «амерыканскага» шляху развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы — ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і феад. перажыткаў, у той час як царскія ўлады падтрымлівалі «прускі» шлях, ажыццяўляючы сталыпінскую аграрную рэформу.
Агр. праграма бальшавікоў прадугледжвала ліквідацыю прыватнай уласнасці на зямлю, перадачу зямлі сялянству і знішчэнне на гэтай аснове антаганізму ў аграрных адносінах. У перыяд грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі Сав. дзяржава, падтрымліваючы бядняцкія і серадняцкія слаі сялянства, вымушана праводзіла палітыку харчразвёрсткі, замененай у 1921 на харчпадатак. Пасля нацыяналізацыі зямлі, у выніку ліквідацыі памешчыцкага і абмежавання кулацкага землеўладання, зямельныя надзелы бядняцкіх і серадняцкіх гаспадарак былі істотна павялічаны. На гэтым этапе характар аграрных адносін вызначаўся фарміраваннем і развіццём сял. дробнатаварнай вытв-сці. Аднак з ажыццяўленнем калектывізацыі аграрныя адносіны прынцыпова змяніліся: заможныя гаспадары былі раскулачаны і сасланы, зямля перададзена калгасам і саўгасам. Сяляне, адчужаныя ад сродкаў вытв-сці і вынікаў сваёй працы, фактычна ператварыліся ў наёмных рабочых. Калектыўнымі гаспадаркамі кіравала дзяржава, якая хоць і дапамагала ім у матэрыяльна-тэхн. забеспячэнні, але пры гэтым значную частку іх даходаў накіроўвала на вырашэнне інш.сац.-эканам. праблем грамадства.
З пач. 1990-х г. у Рэспубліцы Беларусь заканадаўча дазволена арэнда зямлі, стварэнне фермерскіх гаспадарак, рэарганізацыя калгасаў, саўгасаў і інш. Сутнасць гэтых змен у тым, каб ператварыць сялян у паўнаўладных гаспадароў зямлі, стварыць у агр. сектары самастойных суб’ектаў рыначнай эканомікі. Для фарміравання стабільных, жыццядзейных аграрных адносін вырашаюцца таксама праблемы парытэту цэн на с.-г. і прамысл. прадукцыю, залучэнне замежных інвестыцый у агр. сектар, падатковых ільгот, субсідый і інш. формаў падтрымкі сельскай гаспадаркі, асабліва развіцця яе сац. сферы.