МАГІЛЁЎСКІ МУЗЕ́Й Існаваў у Магілёве з 15.11.1867 пры Магілёўскім губ. стат. к-це, развіццю якога спрыяў губернатар А.С.Дамбавецкі. У 1878 музей меў гістарычны, этнаграфічны і геаграфічны (геалагічны) аддзелы. Пад 1898 было каля 1500 экспанатаў, у т. л. калекцыя манет 10—19 ст. (больш за 500 экз.), кальчуга і ўпрыгожанні з раскопак Анэлінскага кургана Быхаўскага пав., рукапіснае Евангелле 15 ст., акты Магілёўскага магістрата 1577—1756, «Лексікон славянароскі», надрукаваны ў 1654 у Куцеінскай друкарні, грамата 1767 караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага аб пацвярджэнні Мсціславу магдэбургскага права, троннае крэсла Кацярыны П з Магілёўскага дарожнага палаца, сані Напалеона, кінутыя ім у час уцёкаў з Расіі, атлас 1823 з планамі гарадоў Магілёўшчыны, мадэлі сялянскага двара Рагачоўскага пав. і ветрака, батлейка з Быхаўскага пав., прылады працы і побыту сялян, прадметы саматужнай і заводскай вытворчасці, нар. адзенне, дзіцячыя цацкі, узоры глеб, гербарыі і інш. Музейны матэрыял вывучалі і сістэматызавалі гісторыкі-краязнаўцы М.В.Фурсаў, Е.Р.Раманаў, С.Ю.Чалоўскі. Калекцыі музея сталі асновай Магілёўскага гіст. музея (гл. ў арт.Магілёўскі абласны краязнаўчы музей).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЖЭ́ЎСКІ-ФРЫЧ ((Modrzewski Frycz) Анджэй) (каля 1503, в. Вольбуж Лодзінскага ваяв., Польшча — восень 1572),
польскі публіцыст, асветнік-гуманіст, грамадска-паліт. дзеяч. У 1517—22 вучыўся ў Ягелонскім ун-це (Кракаў). Доўгі час жыў у Германіі, дзе сустракаўся з М.Лютэрам і Ф.Меланхтанам. З 1547 сакратар караля Жыгімонта II Аўгуста, з 1553 войт у Вольбужы. Асн. праца — грамадска-паліт. трактат на лац. мове «Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай» (Кракаў, 1551; Базель, 1554), у якім абгрунтавана праграма антыфеад., дэмакр. развіцця краіны. М.-Ф. выступаў супраць падпарадкавання дзяржавы інтарэсам прывілеяваных саслоўяў, у абарону чалавечай годнасці асобы, за цярпімасць і свабоду мыслення, развіццё навукі і секулярызацыю асветы, стварэнне нац. царквы і інш. На польск. мову ўпершыню перакладзены Ц.Базылікам і выдадзены Я.Карцанам у 1577 у Лоскай друкарні з прадмовай А.Волана. У канцы жыцця М.-Ф. пісаў творы, прысвечаныя тэалагічнай тэматыцы, хрысц. этыцы і рэформе царквы. Яго погляды зрабілі ўплыў на развіццё польск. і еўрап. грамадска-паліт. і філас. думкі.
Тв.:
Wybór pism. Warszawa, 1977.
Літ.:
Польские мыслители эпохи Возрождения. М., 1960;
Starnawski J. Andrzej Frycz Modrzewski: Żywot, dzieło, sława. Łódź, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛЬБАРК (Malbork),
горад у Польшчы, у Паморскім ваяводстве, у дэльце Віслы. 40 тыс; ж. (1993). Вузел чыгунак, прыстань на рукаве р. Ногат. Прам-сць: маш.-буд. (з-д вентылятараў), харч. (цукр., харч. канцэнтратаў, мясная, малочная), швейная, льноперапрацоўчая. Гатычны замак крыжакоў (13—14 ст., цяпер музей), на тэр. старога горада гатычны касцёл св. Яна (14—17 ст.), ратуша (14—15 ст.).
Каля 1274 крыжакі пачалі буд-ва замка Марыенбург (з 16 ст. паланізаваная назва — М.). Вакол замка ўзнікла паселішча, якое ў 1276 атрымала гар. правы. У 1309—1457 рэзідэнцыя вял. магістра ордэна і сталіца крыжацкай дзяржавы. Разбудова замка ў 14 ст. (адна з наймагутнейшых крэпасцей у Еўропе) паспрыяла прытоку рамеснікаў. Паводле Тарунскага міру 1466 далучаны да Польшчы, цэнтр ваяводства. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Прусіі. Эканам. развіццё М. звязана з буд-вам у 1855—57 чыгункі Берлін — Кёнігсберг (цяпер г. Калінінград, Расія). Па выніках плебісцыту 1920 застаўся ў складзе Усх. Прусіі. У 2-ю сусв. вайну тут існаваў гітлераўскі канцлагер. З 1945 у складзе Польшчы, адбудаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКЕТРЫ́ (франц. marqueterie),
розныя паводле колеру і тэкстуры фігурныя пласцінкі фанеры, якія наклейваюць на аснову (дрэва і інш.) для аздобы мэблі і інш. хатніх рэчаў, пры вырабе дэкар. пано; від мазаікі. Вядомы з даўніх часоў. Найб. росквіту дасягнулі ў 17—18 ст. у Францыі і Германіі. На Беларусі вядомы з сярэднявечча, у 17—19 ст. у тэхніцы М. аздаблялі дзверы палацаў, мэблю, куфэркі і інш.рэчыдэкар.-прыкладнога характару. Пашырыліся ў 1940—60-я г. (пано з сюжэтнымі кампазіцыямі, партрэты, арнаментацыя мэблі работы Я.Арлова, С.Вольскага, Р.Гебелева, Дз.Сакажынскага, К.Цяўлоўскага, Р.Чарнова, А.Шахновіча і інш.). У сюжэтна-тэматычных кампазіцыях прыкметна імкненне да імітацыі жывапісных твораў; мэблю, куфэркі аздаблялі арнаментам, які імітаваў вышыты ці тканы. Майстры 1970—90-х г. падкрэсліваюць прыродныя асаблівасці дрэва (слаістасць, рысунак валокнаў), што часам абумоўлівае характар кампазіцыі твораў. Дэкар. пано (пейзажы, партрэты, нацюрморты, сюжэтныя кампазіцыі) вырабляюць майстры ф-к маст. вырабаў, прафес. мастакі (П.Гапак), самадз. майстры (І.Раманчук, У.Іваноў, П.Грыгор’еў).
Я.М.Сахута.
Да арт.Маркетры. Спендлер П.Л. Фрагмент кампазіцыі «Паляванне».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСА́ЛЬСКІЯ,
княжацкі род уласнага герба ў ВКЛ і Расіі. Паводле паходжання — Рурыкавічы, адгалінаванне чарнігаўскіх князёў; прозвішча ад г. Масальск (Калужская вобл. Расіі), якім яны валодалі ў 14—15 ст.Найб. вядомыя: Аляксандр Рыгоравіч (?—1643), маршалак ковенскі ў 1617—27, кашталян дэрпцкі ў 1627—31 і смаленскі ў 1631—38, ваявода мінскі з 1638. Андрэй Фёдаравіч (?—1651), маршалак гродзенскі ў 1618—27, кашталян брэсцкі ў 1627—43, ваявода мінскі ў 1643—45 і брэсцкі з 1645. Міхал Юзаф (да 1700—20.1.1768), пісар вялікі ВКЛ у 1726—37, староста гродзенскі ў 1727—50, ваявода мсціслаўскі ў 1737—42, кашталян трокскі ў 1742—44 і віленскі з 1744, гетман польны ў 1744—62 і вялікі з 1762. Васіль Міхайлавіч (?—1611), дзярж. дзеяч Расіі. У 1601 заснаваў г. Мангазея, дзе быў ваяводам. У 1604 стаў набліжаным Ілжэдзмітрыя I, з 1608 прыхільнік Ілжэдзмітрыя П. У 1610 быў у складзе пасольства да караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III, якое заключыла дагавор аб выбранні каралевіча Уладзіслава рас. царом. Гл. таксама Масальскі І.Я., Масальскі Э.Т.А., Масальскі Ю.А.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НІН, Захар’еў-Сухарук,
Кузьма Мініч (?—1616), арганізатар і кіраўнік (разам з кн. Дз.М.Пажарскім) нар. апалчэння, якое вызваліла Маскву ў час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Ніжагародскі пасадскі чалавек, гандляр мясам і рыбай. 1.9.1611 выбраны земскім старастам. Ахвяраваў уласныя зберажэнні і ўзначаліў збор сродкаў на арганізацыю ніжагародскага нар. апалчэння, праз паслоў запрасіў Пажарскага стаць ваен. кіраўніком апалчэння. У пач. вясны 1612 апалчэнне на чале з М. і Пажарскім рушыла да Яраслаўля, дзе М. увайшоў у склад пераходнага ўрада — «Савета ўсёй зямлі» (дзейнічаў у 1612—13). Вызначыўся ў баях за Маскву 22—24.8.1612 як ваен. арганізатар і храбры воін. У 1613 уведзены ў Баярскую думу з чынам думнага двараніна. М. — адзін з найб. папулярных нац. герояў рус. народа. Яму ўстаноўлены помнікі ў Ніжнім Ноўгарадзе — у Крамлі (1826, скульпт. А.І.Мельнікаў) і на плошчы яго імя (1943, скульпт. А.І.Колабаў); у Маскве на Краснай плошчы ўстаноўлены помнік М. і Пажарскаму (1818, скульпт. І.П.Мартас).
Літ.:
Скрынников Р.Г. Минин и Пожарский: Хроника Смутного времени. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НХ (Бурхард Крыстоф) (Хрыстафор Антонавіч; 9.5.1683, г. Ольдэнбург, Германія — 27.10.1767),
расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ген.-фельдмаршал (1732), граф (1728). Да 1721 інжынер у арміях шэрагу краін Зах. Еўропы, у т. л. ў польска-саксонскай арміі. З 1721 на рас. службе, інж.-генерал. Па даручэнні Пятра I кіраваў буд-вам шлюза на р. Тосна, Абводнага і Ладажскага каналаў. З 1728 ген.-губернатар Інгерманландыі, Карэліі і Фінляндыі. У час біронаўшчыны прэзідэнт (з 1732) Ваен. калегіі. У 1734 кіраваў аблогай і ўзяццем Гданьска, дзе знаходзіўся прэтэндэнт на прастол Рэчы Паспалітай Станіслаў Ляшчынскі. У рус.-тур. вайну 1735—39 камандаваў рас. войскамі ў Крыме і Бесарабіі. Дамагаўся адмены аўтаноміі Левабярэжнай Украіны (меў там буйныя маёнткі), імкнуўся стаць «кіраўніком Маларосіі». Дапамог фаварыту імператрыцы Ганны Іванаўны герцагу Э.І.Бірону стаць рэгентам (да ліст. 1740). Аднак у ліст. 1740 М. са згоды «правіцельніцы» Рас. імперыі Ганны Леапольдаўны арыштаваў Бірона і саслаў у Пялым (Зах. Сібір). У 1742 адпраўлены імператрыцай Лізаветай Пятроўнай у ссылку, дзе правёў 20 гадоў.
Літ.:
Анисимов Е.В. Россия в середине XVIII в.: Борьба за наследие Петра. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў ліп. 1959 у г. Маладзечна як Маладзечанскі абл. краязн, музей, з 1960 сучасная назва, адкрыты ў 1964. Пл. экспазіцыі 240 м², 41,6 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Мае 5 экспазіц. залаў, 1 выставачную. Сярод экспанатаў залатое скроневае кольца 12—13 ст., дакументы 17 ст. на старабел. мове «лацінкай», манетныя скарбы ВКЛ, Рэчы Паспалітай, старадрукі 17—18 ст., слуцкі пояс 18 ст., матэрыялы пра адну з першых у Рас. імперыі Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю і яе знакамітых выпускнікоў, у т. л. М.Забэйду-Суміцкага, М.Чарота. У музеі сабраны ўзоры нар. ткацтва і адзення вілейскага, капыльска-клецкага і слуцкага строяў, ганчарныя вырабы радашковіцкай і івянецкай керамікі, творы майстроў разьбы па дрэве, з бяросты. Захоўваюцца матэрыялы пра вядомых землякоў — удзельнікаў рэв. падзей пач. 20 ст., нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі С.А.Рак-Міхайлоўскага, Б.А.Тарашкевіча, партыз. руху ў Вял.Айч. вайну, пра сучаснае паліт., эканам. і культ. жыццё вобласці. Дэманструюцца творы прафес. і самадз. мастакоў Міншчыны, узоры флоры і фауны рэгіёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,
установа ордэна езуітаў у Мінску ў 1657—1773. У 1657—86 місія, у 1686—1714 рэзідэнцыя, у 1714—73 калегіум. Засн. смаленскім біскупам Г.Сангушкам. У 2-й пал. 17—18 ст. зямельныя і грашовыя падараванні мінскім езуітам рабілі Т. і Е.Улоўскія, Ц.П. і К.К.Бжастоўскія, М.Агінскі і інш., былі атрыманы прывілеі ад каралёў Рэчы Паспалітай Міхала Вішнявецкага і Аўгуста III. Да канца 17 ст. пабудавана школа, у 1700—10 — касцёл Ісуса, Марыі і Барбары. У 1733 пачаў будавацца мураваны корпус калегіума (закончаны ў 2-й пал. 18 ст.). З 1678 былі адкрыты класы граматыкі, з 1729 чытаўся курс філасофіі. Для бедных вучняў існавала бурса (інтэрнат); не пазней 1737 дзейнічала аптэка. У 1773 у сувязі са скасаваннем ордэна езуітаў калегіум закрыты і перададзены Адукацыйнай камісіі. Касцёл пераўтвораны ў парафіяльны, у 1798—1869 быў кафедральным саборам Мінскай рымска-каталіцкай епархіі, у 1951 пераабсталяваны пад будынак ДСТ «Спартак», у 1997 зноў адкрыты пасля рэстаўрацыі як кафедральны касцёл Дзевы Марыі. Вучэбныя і жылыя карпусы значна перабудаваны для грамадскіх патрэб.
Засн. ў Мінску ў 1987. Пл. экспазіцыі каля 400 м². Больш за 32 тыс. экспанатаў (2000). Калекцыю музея складаюць матэрыялы пра літ. творчасць бел. народа ад старажытнасці да сучаснасці. Зберагаюцца друкаваная «Мінея» 17 ст.( выданні Гродзенскай, Полацкай, Нясвіжскай, Віленскай друкарань 18—19 ст. на польскай і лац. мовах, прыжыццёвыя выданні В.Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка», «Гапон», Я.Чачота «Сялянскія песенькі...», Я.Лучыны «Вязанка», творы М.Багдановіча, З.Бядулі, Я.Коласа, Я.Купалы, Цёткі і інш., асабістыя рэчы, рукапісы, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі К.Акулы, А.Астрэйкі, А.Бабарэкі, В.Быкава, М.Гарэцкага, П.Глебкі, С.Грахоўскага, У.Дубоўкі, У.Караткевіча, А.Куляшова, М.Лужаніна, М.Машары, Я.Пушчы і інш. Мае філіялы: музеі-сядзібы Ф.Багушэвіча ў Кушлянах (Смаргонскі р-н) і А.Міцкевіча ў Завоссі (Баранавіцкі р-н), музеі Гарэцкага ў в. Багацькаўка (Мсціслаўскі р-н) і К.Чорнага ў в. Цімкавічы (Капыльскі р-н), гісторыка-літ. музей у Гарадку (Маладзечанскі р-н), музей вызваленчага руху ў в. Плябань (Маладзечанскі р-н).