ПРААБРАЖЭ́НСКІ Уладзімір Барысавіч (н. 15.7.1950, г. Гродна),
бел. архітэктар. Скончыў Брэсцкі інж.-буд. ін-т (1972). Працаваў у ін-це «Гроднаграмадзянпраект» (да 1988 гал. архітэктар праектаў), у 1988—93 і з 1998 гал. архітэктар праектнага ўпраўлення «Гроднажылбуда», у 1994—97 нач. упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкома. Асн. работы ў Гродне: адм. будынкі абл. ўпраўлення МУС (1968—77), Дома тэхнікі (1977—84), аблвыканкома (1978—84), буд. арг-цый (офіс «Гроднажылбуда»; 1987—88), групы жылых дамоў па вуліцах Горкага (1974—75), Сав. пагранічнікаў, на пл. Дзекабрыстаў (абодва 1998—99), у мікрараёне «Вішнявец» (1999—2000); забудова мікрараёна «Перасёлка 3» (1975—77). За жылы комплекс гарадка Рось у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл. (1993—94) Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМНАЖА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,
комплекс сродкаў для размнажэння і капіравання дакументаў, тэкставых і ілюстрацыйных матэрыялаў. Выкарыстоўваецца таксама для друкавання малатыражных выданняў.
Размнажэнне дакументаў (арыгіналаў) ажыццяўляецца малафарматнымі апаратамі і прыладамі аператыўнай паліграфіі, якія забяспечваюць хуткую і тэхнічна нескладаную падрыхтоўку матэрыялаў да выдання. выраб друкарскіх форм і друкаванне тыражу. Заснаваны на выкарыстанні спосабаў плоскага афсетнага (ратапрынты), трафарэтнага (рататары) і гектаграфічнага (гектографы) друку, электраграфіі (у т. л.ксераграфіі з найб. пашыранымі апаратамі — ксераксамі, рызографамі), рэпраграфіі і інш. Каліраванне дакументаў робіцца непасрэдна з арыгінала і не патрабуе яго спец. падрыхтоўкі (за выключэннем святлокапіравання) і друкарскай формы. Паводле фіз. прынцыпаў капіравання адрозніваюць капіравальныя апараты: святло-, фота- і тэрмакапіравальныя, электраграфічныя, электроннага капіравання. мікрафотакапіравальныя (для праекцыйнага і кантактавага капіравання — дыязакапіраваннем, тэрмакапіраваннем і фотакапіраваннем). Гл. таксама Капіравальна-размнажальная тэхніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́СТРАВЫЯ ГРАФІ́ЧНЫЯ СІСТЭ́МЫ,
комплекс апаратна-праграмных сродкаў увядзення, апрацоўкі, захоўвання і ўзнаўлення аптычных відарысаў.
Зыходны 2-мерны відарыс дыскрэтызуецца з дапамогай растравага сканера і пераўтвараецца ў лічбавы відарыс у выглядзе матрыцы элементаў (пікселаў). Для каляровых відарысаў дадаткова праводзіцца колерадзяленне і фарміруюцца асобныя матрыцы для кожнага з асн. колераў. Для такога пераўтварэння 3-мерных відарысаў найб. пашыраны метад сячэння зыходнага аб’екта паралельнымі плоскасцямі і фарміравання паслядоўнасці 2-мерных матрыц, а таксама метад 2-мернага растравага ўвядзення эквівалентных светлавых ліній на паверхні аб’екта. Выкарыстоўваюцца ў сістэмах тэхн. зроку ў робататэхніцы, медыцыне, паліграфіі, лёгкай прам-сці і інш., Гл. таксама Лічбавая апрацоўка відарысаў.
На Беларусі Р.г.с. распрацоўваюцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭТЫКУЛЯ́РНАЯ ФАРМА́ЦЫЯ,
сукупнасць нерв. структур, што размяшчаюцца ў спінным, прадаўгаватым, сярэднім мозгу, вароліевым мосце і ўтвараюць адзіны функц. комплекс. Філагенетычна стараж. сістэма рухальнага кантролю, добра развіта ў пазваночных жывёл і чалавека. Мае шматлікія нейроны, разгалінаваныя адросткі якіх ідуць ва ўзыходным і сыходным напрамках. Бесперапынную танічную актыўнасць нейронаў Р.ф. забяспечвае іх высокая хім. адчувальнасць да гумаральных фактараў і фармакалагічных рэчываў (барбітураты), а таксама сыходжанне (канвергенцыя) да іх нерв. (аферэнтных) імпульсаў з перыферыі арганізма. Узыходная танічная імпульсацыя Р.ф. рэгулюе дзейнасць кары вял. паўшар’яў, сыходная — спінальныя рухальныя цэнтры. Нейроны фармацыі звязаны з усімі органамі пачуццяў, рухальнымі і адчувальнымі абласцямі кары галаўнога мозга, таламусам, гіпаталамусам, спінным мозгам і выконваюць складаныя інтэграцыйна-каардынацыйныя функцыі. Дзейнасць Р.ф. кантралюецца карой вял. паўшар’яў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНАЎБО́РКА,
комплекс працэсаў па прыгатаванні сена. Уключае скошванне, высушванне траў, укладванне сена на захоўванне. Травы скошваюць у перыяд, калі расліны маюць найб. колькасць пажыўных рэчываў (злакавыя травы ў перыяд калашэння, бабовыя — бутанізацыі). Вял. значэнне мае вышыня скошвання (завышэнне зрэзу травы на 1 см у параўнанні з аптымальным зніжае ўраджайнасць на 5—7%). Для паскарэння высушвання бабовыя травы плюшчаць. Скошаную траву правяльваюць у пракосах да 45—50% вільготнасці, пераварочваюць, зграбаюць у валкі, складаюць у копы, сцірты. Пры запаволеным высушванні і паўторным намаканні сена страчвае ч.мінер. і арган. рэчываў, таму ўжываюць актыўнае вентыліраванне ці штучную сушку на сушыльных апаратах. Пры гэтым павялічваецца на 30% збор сена з 1 га, павышаецца колькасць у ім пратэіну на 7—10%, караціну на 20%. Гл. таксама Сенаўборачныя машыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАКСА́ЦЫЯ ЛЕ́СУ (ад лац. taxatio ацэнка),
комплекстэхн. мерапрыемстваў з мэтай вызначэння, уліку і ацэнкі колькасных і якасных характарыстык лясных рэсурсаў. Асн. работы па Т.л. — перыядычнае лесаўпарадкаванне. Уключае метады і тэхналогіі вымярэння і мадэліравання асн. аб’ектаў уліку (лесапрадукцыі, асобных дрэў і іх сукупнасцей, лясных масіваў і інш.), для якіх з дапамогай таксацыйных паказчыкаў (запас і прырост пасадак, сартыментная структура і інш.) складаецца таксацыйнае апісанне. Пры Т.л. ацэньваюцца і інш. лясныя прадукты (ігліца, лісце, ягады, грыбы, лек. і тэхн. сыравіна). Неабходна для рацыянальнага планавання і правядзення лесагасп. дзейнасці. аховы прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРА́НСПАРТНАЯ РАЗВЯЗКА інжынернае збудаванне (або комплекс збудаванняў) на перасячэнні дарог, якое забяспечвае бесперабойны рух трансп. патокаў у розных напрамках. Робіцца ў 2 або некалькіх узроўнях. Пры перасячэнні дарог у адным узроўні звычайна ў вузле перасячэння робяць кальцавое разгалінаванне.
Адрозніваюць Т.р. поўную (забяспечвае неперарыўны рух без перасячэнняў траекторый аўтамабіляў) і няпоўную (на асобных участках планіроўкі развязкі ёсць перасячэнні траекторый у адным узроўні). У сістэму Т.р. ўваходзяць штучныя збудаванні (пуцеправоды, тунэлі, насыпы, выемкі і інш.).
На Беларусі найб. пашырэнне набылі Т.р. пры перасячэнні 2 напрамкаў дарог у розных узроўнях у выглядзе канюшынавага ліста.
С.В.Багдановіч.
Транспартныя развязкі: 1 — схема перасячэння па тыпе канюшынавага ліста; 2 — Т-падобны тып прымыкання; 3 — кальцавы тып разгалінавання; 4 — перасячэнне «канюшынавы ліст».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛАРЭ́ТЭ [Filarete; уласнае Аверліна
(Averlino)] Антоніо (каля 1400, г. Фларэнцыя, Італія — каля 1469),
італьянскі архітэктар, скульптар, тэарэтык архітэктуры эпохі Ранняга Адраджэння. Вучыўся ў Фларэнцыі. Стварыў бронз. браму сабора св. Пятра ў Рыме (1433—45). З 1447 ці 1448 працаваў у Мілане: гал. вежа замка Кастэла Сфарцэска (1451—54), гіганцкі бальнічны комплекс Аспедале Маджорэ (з 1456). Яго гуманістычныя прынцыпы мастацтва (у буд. і скульпт. практыцы спалучаліся з прыёмамі позняй готыкі) найб. ярка выявіліся ў «Трактаце пра архітэктуру» (1460—64), прысвечаным пераважна апісанню «Сфарцынды» — «ідэальнага горада», упісанага ў круг, з рэгулярнымі кварталамі, абкружанымі шматвугольнымі ўмацаваннямі, і гал. плошчай у цэнтры. У трактаце прыведзены таксама звесткі па геаметрыі, перспектыве, оптыцы, механіцы, нататкі пра рэканструкцыю ант. будынкаў.
А.Філарэтэ. План «ідэальнага горада» («Сфарцынды»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФТЫЗІЯТРЫ́Я (ад грэч. phthisis сухоты + iatreia лячэнне),
раздзел клінічнай медыцыны, які вывучае прычыны, механізмы развіцця, эпідэміялогію туберкулёзу, распрацоўвае метады яго дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. Вылучылася з тэрапіі. Выкарыстоўвае комплекс дыягнастычных метадаў: клінічных, рэнтгеналагічных, біяхім. і інш.
На Беларусі даследаванні па Ф. праводзяцца ў НДІ пульманалогіі і фтызіятрыі, у Мінскім, Віцебскім, Гродзенскім мед. ун-тах. Асн. кірункі даследаванняў: распрацоўка спосабаў дыягностыкі туберкулёзу, павышэнне эфектыўнасці лячэння дэструктыўных працэсаў ва ўмовах пагаршэння радыеэкалагічнага стану пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986), лазератэрапія пазалёгачнага туберкулёзу і інш. Уклад у развіццё Ф. зрабілі І.С.Гельберг, В.С.Кароўкін, М.М.Ламака, Я.Б.Меве, С.М.Мялкіх, В.П.Скіба, П.С.Крыванос і інш.
Літ.:
Визель А.А., Гурылева М.Э. Туберкулез. М., 1999;
Савченко Н.Е., Шишко Е.И. Медицинская клиническая наука // Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТР КІРАВА́ННЯ ПАЛЁТАМІ (ЦКП) касмічных лятальных апаратаў, установа, якая ажыццяўляе цэнтралізаванае аператыўна-тэхн. кіраванне палётам касмічнага апарата (КА) з моманту вываду яго на арбіту да заканчэння актыўнага існавання.
Асн. складальная частка ЦКП — інфармацыйна-выліч.комплекс, які прымае, апрацоўвае, аналізуе, адлюстроўвае і дакументуе інфармацыю, што паступае з КА, касмадрома, пошукава-выратавальнага комплексу, наземных вымяральных і плывучых камандна-вымяральных пунктаў з выкарыстаннем сістэм спадарожнікавай сувязі. Непасрэднае кіраванне палётам КА адбываецца са спец. рабочых месцаў, на якія паступае неабходная інфармацыя і якія абсталяваны экранамі касм. тэлебачання і апаратурай для сувязі з касманаўтамі. Рас. ЦКП створаны ў 1973, знаходзіцца ў г. Каралёў Маскоўскай вобл.; узаемадзейнічае з Цэнтрам падрыхтоўкі касманаўтаў, НДІ, прадпрыемствамі ракетна-касм. комплексу, аналагічным цэнтрам у ЗША.