старажытны горад Русі (цяпер с. Стары Ізборск у Пячорскім р-не Пскоўскай вобл.). Упершыню згадваецца пад 862. Паводле легенды, у І. пасяліўся Трувор (адсюль назва першага стараж. паселішча — Труворава гарадзішча, што ўзнікла ў 8 ст.). У 1313—1320-я г. неаднаразова асаджваўся крыжакамі. У 1329 крэпасць перанесена на т.зв. Жэраўю Гару, а ў канцы 14 — пач. 15 ст. вакол крэпасці фарміравалася новая гар. структура з пасадамі і могільнік. На думку некат. даследчыкаў, летапісны І. знаходзіўся ў сутоках рэк Пскава і Вялікая, дзе ў сярэдзіне 11 ст. быў знішчаны і потым адноўлены пад назваю Пскоў. Частка жыхароў зруйнаванага горада пасялілася на Труворавым гарадзішчы, якое з таго часу пачалі называць І.
А.В.Іоў.
Да арт.Ізборск. Сцяна Ізборскай крэпасці з вежамі. 14 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗМІ́Т (Izmit),
Каджаэлі, горад на ПнЗ Турцыі, адм. ц. іля Каджаэлі. 257 тыс.ж. (1990). Порт у Ізміцкім зал. Мармуровага м. Праз І. праходзяць чыгунка і аўтадарога Анкара—Стамбул. Прам-сць: цэлюлозна-папяровая, нафтаперапр., нафта-хім., гумавая; аўтазборка. Музей. Захаваліся рэшткі візант. крэпасці.
Засн. ў 264 да н.э. царом Нікамедам I як сталіца Віфініі (пад назвай Нікамедыя). Зручная гавань забяспечыла росквіт горада да войнаў Мітрыдата VI Еўпатара з Рымам (89—84, 83—22, 74—64 да н.э.), калі горад быў зруйнаваны. Рэзідэнцыя рым. імператараў Дыяклетыяна і Канстанціна (Вялікага). Нягледзячы на разбурэнні ў выніку землетрасення і нападаў готаў у 4 ст.н.э. лічыўся адным з прыгажэйшых гарадоў свету. У сярэднія вякі страціў сваё значэнне. Тут скончыў самагубствам Ганібал, месца нараджэння гісторыка Арыяна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЛА-БЕЛАЗЕ́РСКІ МАНАСТЫ́Р,
помнік рускага дойлідства 15—17 ст. Размешчаны ў г. Кірылаў Валагодскай вобл. (Расія) на беразе воз. Сіверскае. Засн. ў 1397 як мужчынскі. Комплекс складаецца з ансамбляў б. Успенскага і Іванаўскага манастыроў («Стары горад»), «Новага горада» і крэпасці Астрог (не захавалася) паміж імі. Манастыр абкружаны крапаснымі сценамі (16 ст., будаўнікі К.Сяркоў, С.Шам) з манум. вежамі, аздобленымі ўзорамі з цэглы. На тэр. манастыра Успенскі сабор (1497—98, дойлід Прохар Растоўскі; у інтэр’еры 5-ярусны іканастас 15—18 ст., фрэскі 1641), цэрквы Увядзенская (1519), надбрамная са «Святой брамай» (1523), Архангела Гаўрыіла (1531—34), Вял. бальнічныя палаты (канец 16 — пач. 17 ст.) і інш. З 1924 музей-запаведнік.
Літ.:
Варюхичев А.Г. Слово о граде Кириллове. [3 изд.] Архангельск, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКІ БОЙ 1651,
бой паміж казацка-сялянскім войскам і войскам ВКЛ у час антыфеадальнай вайны 1648—51. У чэрв. 1651 4 тыс.ўкр. казакоў на чале з палк. І.Шохавым зрабілі рэйд праз тэр. Расіі ва ўсх. паветы ВКЛ. 6 чэрв. яны захапілі Рослаўль, частка казакоў і сялян, якія далучыліся да іх, пасланы Шохавым да Крычава. На дапамогу гарнізону горада Я.Радзівіл накіраваў атрад Вейса ў 300 коннікаў і 600 пехацінцаў, які злучыўся з атрадам мсціслаўскай, аршанскай і віцебскай шляхты на чале з мсціслаўскім падсудкам Валовічам. 28.6.1651 недалёка ад Крычава ўрадавыя войскі былі разбіты казацка-сялянскім войскам. У баі загінулі Валовіч, мсціслаўскі пісар Сухадольскі і інш. знатныя шляхціцы. Вейс узяты ў палон і забіты. Крычаў узяты штурмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЛО́ ((Lalo) Эдуар Віктор Антуан) (27.1.1823, г. Ліль, Францыя — 22.4.1892),
французскі кампазітар, адзін з папярэднікаў імпрэсіянізму ў музыцы. Сын выхадца з Іспаніі. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі ў Ф. Хабенека (з 1839, скрыпка), у Ю. Шульгафа (кампазіцыя). Удзельнічаў як альтыст у камерна-інстр. ансамблях. Відны майстар франц. інструментальнай музыкі 2-й пал. 19 ст.: стварыў новы тып канцэрта — «канцэрт-сюіту» (у т. л. «Іспанская сімфонія» для скрыпкі з арк., 1875). Адным з першых сярод франц. кампазітараў звярнуўся да ісп.муз. фальклору. Асн. творы: опера «Кароль горада Іс» (паст. 1888), балет «Намуна» (паст. 1882); сімфонія (1889) і інш. творы для арк.; канцэрты для фп. (1889), 3 для скрыпкі, у т. л. «Рускі канцэрт» (1883), з арк.; камерна-інстр. ансамблі; рамансы, песні і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16 ст. на востраве Лепельскага возера, насупраць в. Стары Лепель (Лепельскі р-н). Пабудаваны ў час Лівонскай вайны 1558—83. Пасля ўзяцця Полацка Л.з. занялі і спалілі ў 1563 рус. войскі. На замчышчы яны залажылі астрог і размясцілі ў ім гарнізон. Войскі ВКЛ захапілі астрог і спалілі яго. Пасля аднаўлення ўмацавання ў 1563 побач з замкам заснаваны горад Лепель. У 1568 пачалося буд-ва новага драўлянага замка. Яго будавала мясц. насельніцтва пад кіраўніцтвам лепельскага старосты і полацкага кашталяна Ю.Зяновіча. Замак быў прамавугольны ў плане, фланкіраваны вуглавымі вежамі. З паўн. боку ад горада яго аддзяляў шырокі роў, які часткова запаўняўся вадой з возера. Каля Л.з. і пад яго аховай знаходзіўся гандл. порт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЙ ГАРАДСКО́Й УПРА́ВЫ БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры эклектыкі ў Магілёве. Узведзены ў 2-й пал. 19 ст. ў гіст. цэнтры горада, спалучае рысы стыляў позняга класіцызму і псеўдарускага. Мураваны будынак складаецца са злучаных 2 прамавугольных у плане аб’ёмаў: 3- і 2-павярховага. Гал. тарцовы фасад карнізнымі паясамі (цягамі) падзелены на 3 ярусы: 1-ы ярус масіўны, з 4 руставанымі пілонамі, мае невял. спараныя арачныя аконныя праёмы абапал параднага ўвахода; 2-і ярус вылучае група парадных памяшканняў, вырашаны ён больш багата: паміж падвойнымі пілонамі высокія арачныя спараныя вокны-біфорыумы, аздобленыя архівольтамі, калонамі, сандрыкамі; 3-і ярус рытмічна расчлянёны невял. прамавугольнымі аконнымі праёмамі, згрупаванымі па 3. Сцены завершаны высокім складаным па форме прафіляваным карнізам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ АЛЯКСА́НДРАЎСКІ ПАЛА́Ц, дом Пасекавай. Існаваў у канцы 18—19 ст. ў Магілёве. Пабудаваны ў 1780 у стылі класіцызму як рэзідэнцыя Кацярыны II (у Магілёве адбылася яе сустрэча з аўстр. імператарам Іосіфам II). Драўляны 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак з паўпадвальным паверхам, накрыты вальмавым дахам. Гал. фасад быў багата аздоблены: вял. прамавугольныя аконныя праёмы з ліштвамі і сандрыкамі, яго вылучалі 3 рызаліты: цэнтральны завяршаўся франтонам, бакавыя ўпрыгожаны пілястрамі дарычнага ордэра, прафіляваным карнізам з трыгліфным фрызам. У 1808 палац заняпаў. У 1815 зроблены яго натурны чарцёж (захавалася тагачаснае хадайніцтва аб перадачы будынка Віленскаму ун-ту і стварэнні ў ім губ. гімназіі). Палац пазначаны на генплане горада 1842.
В.Ф.Марозаў.
Магілёўскі Аляксандраўскі палац. Чарцёж галоўнага фасада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РАЭ, Мероэ (грэч. Meroē),
старажытны горад у Судане, на Пд ад 5-га парога Ніла (паміж вёскамі Кігейк, Дэркаб і Бегаравія), сталіца Мераіцкага царства ў 9—8 ст. да н.э. — 8—9 ст.н.э. Зручнае геагр. размяшчэнне (караванныя шляхі ад Ніла і Чырвонага м. да Міжземнамор’я), радовішча жал. руды садзейнічалі ўзвышэнню горада. У М. ўзнік першы ў Афрыцы алфавіт. Каля 330—340 н.э. заваявана Аксумскім царствам. З пач. 20 ст. вядуцца археал. раскопкі. Захаваліся руіны замкаў, рым. лазняў, абсерваторыі, храмаў Амона, Ісіды і інш. Асноўная тэр. М. занята жылымі кварталамі і вытв. майстэрнямі. На У ад М. некропалі: адзін царскі і 2 агульныя.
Літ.:
Кацнельсон И.С. Напата и Мероэ — древние царства Судана. М., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ГАРАДСКІ́ МУЗЕ́Й.
Дзейнічаў у 1912—15 у Мінску. Створаны Мінскім таварыствам аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Размяшчаўся ў доме Е.С.Федаровіч (цяпер на яго месцы будынак Галоўпаштамта). Меў аддзелы: гіст., археал., этнагр., прыродазнаўчы, маст.-прамысловы. Экспанаваліся ўзоры глебы, мінералаў, чучалы звяроў і птушак, шкілеты дагіст. жывёл, стараж. прылады працы і манеты, узоры нар. ткацтва і інш. У спец. сховішчы зберагаліся старадрукі, карты, рукапісы, гравюры і інш. каштоўнасці. Музей наладжваў тэматычныя выстаўкі, складаў школьныя калекцыі, розныя дапаможнікі і інш. У сувязі з 1-й сусв. вайной спыніў публічную дзейнасць. У 1920 частка экспанатаў перададзена Мінскаму абл. музею.
Літ.:
Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв.горада: Пер. з рус.Мн., 1994. С. 275.