НАЦЫЯНА́ЛЬНАЙ АКАДЭ́МІІ НАВУ́К БЕЛАРУ́СІ БУДЫ́НКІ,

комплекс навукова-даследчых устаноў, будынкаў адм., гасп. і вытв. прызначэння ў Мінску. Стварэнне комплексу пачалося ў 1931—32 у паўн.-ўсх. частцы горада паводле праекта Г.Лаўрова. У аснове кампазіцыйнага вырашэння сістэма паасобных павільёнаў і карпусоў для НДІ. Першым пабудаваны 3-павярховы лабараторны корпус, павернуты гал. фасадам да гар. магістралі (цяпер Скарыны праспект). У 1934—35 праектаванне і вядзенне буд-ва ажыццяўляў арх. І.Лангбард, які, пакінуўшы першапачатковую планіроўку карпусоў, змяніў іх аб’ёмнапрасторавую кампазіцыю. Разгорнутыя пад прамым вуглом паасобныя аб’ёмы былі аб’яднаны агульным вестыбюлем з параднай 3-маршавай лесвіцай, 2-радовая каланада, пастаўленая перад ім, утварыла гал. корпус (завершаны ў 1939), надала яму ўрачыстую манументальнасць. У Вял. Айч. вайну гал. корпус пашкоджаны, у 1949 адноўлены; стаў адным з планіровачных вузлоў у забудове праспекта Скарыны. У 1960—70-я г створаны комплекс будынкаў у квартале паміж вуліцамі Сурганава і Акадэмічнай: 4—5-павярховыя карпусы ін-таў фізікі і фізіка-арган. хіміі (арх. А.​Іваноў), матэматыкі (арх. А.​А.​Воінаў), агульнай і неарган. хіміі (арх. Г.​Бенядзіктаў), фотабіялогіі, заалогіі, СКБ Ін-та фізікі (арх. А.​А.​Воінаў), Цэнтр. навук. б-кі імя Я.​Коласа (арх. Э.​Гальдштэйн).

На сумежных вуліцах узведзены будынкі ін-таў тэхн. кібернетыкі (арх. А.​Беразоўскі, Ю.​Грыгор’еў), фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў (А.​Шчусеў) і інш. Да гал. корпуса з боку вул. Акадэмічнай прыбудаваны корпус прэзідыума (цяпер Ін-т гісторыі; 1964, арх. Н.​Аладава, В Ладыгіна). У 1977 завершана буд-ва двух 14-павярховых карпусоў уздоўж вуліц Сурганава і Акадэмічнай, павернутых пад вуглом адзін да аднаго і аб’яднаных аб’ёмам канферэнц-залаў і Музеем стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.​Крапівы (арх. А.​Духан, А.​Красоўскі, Л.​Хаюцін). З 1972 вядзецца буд-ва новага акадэмгарадка па вул. Жодзінскай (праект ін-та «Белдзяржпраект») на тэр. 310 га. Ён будзе складацца з адм.-грамадскага цэнтра, навук.-вытв. і жылой зон. Комплексы ўключаюць 2—3 групы, у кожнай па 4 будынкі рознага функцыян. прызначэння, аб’яднаныя паміж сабой пераходамі. Узведзены (1983) карпусы ін-таў фізікатэхн. і мікрабіялогіі (арх. В.​Малышаў, А.​Пецярбуржцаў, Я.​Яснагародскі), геафізікі і геахіміі (арх. М.​Вінаградаў, Г.​Гераўкер, Б.​Папоў) і інш. Іл. гл. да арт. Мінск.

С.​А.​Сергачоў.

т. 11, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЖАНСО́Н ((d’Argenson) Рэне Луі) (18.10.1694—26.1.1757),

французскі вучоны-эканаміст. Быў міністрам замежных спраў пры Людовіку XV. Пасля выхаду ў адстаўку крытыкаваў урад, патрабаваў абмежавання яго ўлады, ліквідацыі саслоўных прывілеяў і неўмяшання дзяржавы ў гасп. дзейнасць. Выступаў супраць меркантылізму, за свабоду гандлю. Навук. погляды Аржансона блізкія да ідэй фізіякратаў. Гал. твор «Роздум аб мінулым і цяперашнім кіраванні Францыі» (каля 1737, выд. 1764).

т. 1, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТУРЫ́ЙСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,

найбуйнейшы ў Іспаніі, на Пд і ў цэнтры правінцыі Аўеда. Пл. каля 3 тыс. км². Адклады вугляноснага карбону. Запасы каменнага вугалю 1215 млн. т. Гал. радовішчы: Цэнтральнае, Тэверга, Хіхон. Прамысл. распрацоўка з сярэдзіны 19 ст. Вуглі ўсіх марак — ад антрацытаў да блізкіх да бурых. Цеплыня згарання 28—34,7 МДж/кг. Вуглі выкарыстоўваюцца ў металургіі як энергет. сыравіна.

т. 2, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ТБАРА, Бахр-эль-Асуад,

рака ў Эфіопіі і Судане, правы прыток Ніла. Даўж. 1120 км. Пачынаецца з Эфіопскага нагор’я, на Пн ад воз. Тана, цячэ пераважна па Суданскім плато. Гал. прыток Тэкэзэ (справа). У сухі перыяд года ў ніжнім цячэнні перасыхае. У перыяд летніх дажджоў (ліп.ліст.) дасягае Ніла. Сярэднегадавы расход вады 32 м³/с. ГЭС. Каля вусця Атбары — г. Атбара.

т. 2, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНАВЕ́Ц (Іван Нічыпаравіч) (н. 1.3.1932, пас. Камароўка Слуцкага р-на, Мінскай вобл.),

бел. гастраэнтэролаг і дыетолаг. Д-р мед. н., праф. (1984). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1956). З 1959 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. З 1989 гал. дыетолаг Мін-ва аховы здароўя Беларусі. Навук. працы па пытаннях кардыялогіі, гастраэнтэралогіі і дыеталогіі.

Тв.:

Хронический гастрит: клиника, диагностика, лечение. Мн., 1995.

т. 3, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙЦЯХО́ЎСКІ ((Wojciechowski) Станіслаў) (15.6.1869, г. Каліш, Польшча — 9.4.1953),

дзяржаўны і палітычны дзеяч Польшчы. Адзін з заснавальнікаў Польскай сацыяліст. партыі (1892). У 1919—20 міністр унутр. спраў, у 1922—26 прэзідэнт Польшчы (адхілены ад улады ў выніку перавароту на чале з Ю.Пілсудскім). Праф. Гал. школы сельскай гаспадаркі (1926—39). Аўтар прац «Кааператыўны рух у Англіі» (1907), «Кааперацыя ў яе гістарычным развіцці» (1923).

т. 3, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬФРА́МАВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінеральныя ўтварэнні, сыравіна для атрымання вальфраму. Гал. мінералы: вальфраміт (74—76% WO3), шэеліт (80% WO3), гюбнерыт. Мінім. колькасць WO3 у рудзе 0,4—0,5%. Асн. прымесі: малібдэн, волава, берылій, золата, медзь, свінец, цынк і інш. Радовішчы вальфрамавых руд эндагенныя (пегматытавыя, скарнавыя, грэйзенавыя, гідратэрмальныя) і экзагенныя (дэлювіяльныя і алювіяльныя россыпы). Буйныя радовішчы ў Расіі, ЗША, Паўд. Карэі, КНР, Аўстраліі, Балівіі, Канадзе, Турцыі.

т. 3, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬКІ́ЦКІ (Андрэй Іпалітавіч) (1.7.1858, Мінская губ. — 26.2.1913),

расійскі гідрограф-геадэзіст. Ген.-лейтэнант. Скончыў Марскую акадэмію ў Пецярбургу (1880). Узначаліў экспедыцыю на Новую Зямлю, дзе вёў гравітацыйныя назіранні (1887). У 1894—1901 пад яго кіраўніцтвам праводзіліся гідраграфічныя даследаванні ад вусця Пячоры да р. Енісей, у Енісейскім заліве і Обскай губе. У 1907—13 узначальваў Гал. гідраграфічнае ўпраўленне. Асн. працы па гідраграфіі і геадэзіі.

т. 4, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСМУЦІ́Н, вісмутавы бляск,

мінерал класа сульфідаў, сульфід вісмуту, Bi2S3. Прымесі свінцу, медзі, сурмы, селену. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі ігольчастыя, пласцінкі, зярністыя і прамяністыя агрэгаты. Колер алавяна-белы да свінцова-шэрага. Бляск металічны. Цв. 3,5. Шчыльн. 6,8 г/см³. Рэдкі мінерал, трапляецца ў высокатэмпературных гідратэрмальных жылах і ў гранітных пегматытах. Гал. мінерал вісмутавых руд. Радовішчы ў Балівіі, Казахстане, Сярэдняй Азіі.

Вісмуцін.

т. 4, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУНІЯЦЯ́Н (сапр. Буніятаў) Мікалай Гаўрылавіч

(5.9.1878, па інш. крыніцах 7.9.1884, Тбілісі — 13.12.1943),

армянскі архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1914). Да 1924 працаваў у Маскве. У 1924—38 гал. архітэктар Ерэвана. Кіраваў рэканструкцыяй горада (ген. план 1924). Сярод работ: гасцініцы «Ерэван» (1926) і «Севан» (1939), сельгасбанк (1930), жылы комплекс у цэнтры горада (2-я пал. 1930-х г.) і інш. Даследчык стараарм. архітэктуры.

т. 3, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)