ГАРАДЗІ́ШЧА,
вадасховішча ў Шклоўскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Чавенка (прыток Басі, бас. Дняпра), за 20 км на У ад г. Шклоў, каля в. Гарадзішча. Створана ў 1982. Пл. 0,39 км², даўж. 3 км, найб. шыр. 280 м, найб. глыб. 9 м. Аб’ём вады 1,19 млн. м³. Берагі слаба парэзаныя, правы парослы рэдкім хмызняком, месцамі стромкі, левы пад лугам. Выкарыстоўваецца для арашэння, рыбагадоўлі, водазабеспячэння навакольных вёсак.
т. 5, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЦЬ,
вадасховішча ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., за 22 км на ПдЗ ад Баранавіч, каля в. Яжона, на р. Лахазва (бас. Нёмана). Створана ў 1934. Пл. 1,26 км², даўж. 3,1 км, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 4,7 м. Аб’ём вады 3,15 млн. м³. Берагі моцна парэзаныя, спадзістыя, пад лесам. Дно ўкрыта торфам і глеем. Сярэдні шматгадовы сцёк 32 млн. м³. Выкарыстоўваецца для адпачынку і рыбагадоўлі.
т. 5, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАДАЛКВІВІ́Р (Guadalquivir),
рака на Пд Іспаніі. Даўж. 560 км, пл. бас. 57 тыс. км². Пачынаецца ў Андалускіх гарах, цячэ па Андалускай нізіне, дзе разбіваецца на рукавы, упадае ў Кадыскі зал. Атлантычнага ак., утварае эстуарый. Асн. прытокі: Малая Гвадыяна, Хеніль (левыя), Гуадалімар, Уэльва (правыя). Паўнаводная ў лют.—сакавіку. Сярэдні расход вады 164 м³/с. Выкарыстоўваецца на арашэнне. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. На Гвадалквівіры — гарады Кордава, Севілья.
т. 5, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЫДЗІ́ННЕ,
вадасховішча ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., за 3 км на З ад в. Тышкавічы. Створана ў 1983 на месцы аднайм. возера. Пл. 2,5 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 2 км, найб. глыб. 4,7 м, аб’ём вады 7 млн. м³. Напаўняецца вадой з р. Ясельда ў час веснавой паводкі. Схілы катлавіны спадзістыя, пясчаныя. Берагі нізкія, забалочаныя, месцамі пад лесам. Выкарыстоўваецца для арашэння зямель, рэкрэацыі.
т. 6, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭ́ЛАМ,
рака ў Індыі і Пакістане, правы прыток р. Чынаб (бас. Інда). Даўж. 810 км, пл. бас. 55,3 тыс. км².
Пачынаецца ў хр. Пір-Панджал (Цэнтр. Гімалаі), перасякае Кашмірскую даліну, Паўн. і Зах. Гімалаі, цячэ па раўнінах Пенджаба. Сярэдні расход вады каля 900 м³/с. Летняя паводка. Ад Дж. адыходзіць сетка арашальных каналаў. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. ГЭС. На Дж. — гарады Срынагар (Індыя), Джэлам (Пакістан).
т. 6, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМО́ДАР,
рака ў Індыі, у штатах Біхар і Зах. Бенгалія. Даўж. 580 км, пл. бас. больш за 20 тыс. км². Пачынаецца на плато Чхота-Нагпур, сярэдняе і ніжняе цячэнне — на Інда-Гангскай раўніне, упадае ў рукаў дэльты р. Ганг—Хуглі. Гал. прыток — р. Баракар (левы). Сярэдні расход вады 330 м³/с. Летняя паводка. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. У бас. Д. — ГЭС, вадасховішча, арашальныя каналы.
т. 6, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЯЛУРО́НАВАЯ КІСЛАТА́,
кіслы мукаполіцукрыд, кампанент злучальнай тканкі. У вял. колькасці ёсць у шклопадобным целе вока, пупавіне, сінавіяльнай (сустаўнай) вадкасці, а таксама скуры. Утварае комплекс з бялкамі. Малекулярная маса да некалькіх мільёнаў. Растворы гіялуронавай кіслаты маюць вял. вязкасць, таму здольныя памяншаць пранікальнасць тканак, што перашкаджае пранікненню хваробатворных мікраарганізмаў. У арганізме рэгулюе размеркаванне вады, выбіральную пранікальнасць тканак, выконвае ролю змазачнага матэрыялу ў суставах. Ферментатыўны гідроліз гіялуронавай кіслаты ажыццяўляецца гіялуранідазай.
т. 5, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГО́ЛЬНАГА МЫ́СА ЦЯЧЭ́ННЕ, Агульясава цячэнне,
цёплае паверхневае цячэнне ў Індыйскім ак. каля паўд.-ўсх. берагоў Афрыкі. Утвараецца пры сутоках вод Мазамбікскага і Мадагаскарскага цячэнняў, накіравана на Пд. Скорасць мяняецца ад 0,7 да 3 км/гадз у залежнасці ад пары года. Т-ра вады ад 16 да 27 °C. Салёнасць 35,5‰. Каля 38° паўд. ш. сустракаецца з халодным Заходніх Вятроў цячэннем і пераходзіць у глыбіню акіяна.
т. 7, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАБА́РНЫ ПРАЦЭ́С,
тэрмадынамічны працэс, які працякае пры пастаянным ціску. Напр., награванне вады ў адкрытай пасудзіне, утварэнне пары ў паравым катле, згаранне паліва ў кампрэсарных і праматочных паветрана-рэактыўных рухавіках.
І.п. на тэрмадынамічнай дыяграме стану адлюстроўваецца ізабарай. аб’ём ідэальнага газу прапарцыянальны т-ры (Гей-Люсака закон); работа, якую выконвае ідэальны газ пры І.п., роўная здабытку ціску на змену аб’ёму. Цеплаёмістасць сістэмы ў І.п. большая, чым у ізахорным працэсе.
т. 7, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНГАДА́,
рака ў Чыцінскай вобл. Расіі, левая складаючая р. Шылка. Даўж. 708 км, пл. бас. 37,2 тыс. км². Пачынаецца на хр. Хэнтэй. У вярхоўях цячэ па вузкай цясніне, у сярэднім цячэнні — па міжгорнай катлавіне. Жыўленне пераважна дажджавое. Ледастаў з пачатку ліст. да канца красавіка. Сярэдні расход вады ў вусці 72,6 м³/с. Ніжэй г. Чыта малое суднаходства. Сплаўная. Па даліне І. праходзіць Транссібірская магістраль.
т. 7, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)