ТАВАРЫ́СТВА СТАРЫ́Х БАЛЬШАВІКО́Ў.

Існавала ў 1922—35 пры Гістпарце, потым Ін-це Маркса—Энгельса—Леніна пры ЦК ВКП(б). Старшыні М.​С.​Альмінскі (да 1931), Е.​М.​Яраслаўскі. Гал. мэта — дапамога ВКП(б) у выхаванні моладзі на рэв. і парт. традыцыях. Т-ва арганізоўвала вечары ўспамінаў і сустрэч старых бальшавікоў з моладдзю, збірала матэрыялы і ўспаміны па гісторыі партыі і рэв. руху, якія друкавала ў «Бюллетене Общества старых большевиков» (1931—33) і гіст.-рэв. зб. «Стары бальшавік» (1930—34). З 1931 існавала Бел. аддзяленне Усесаюзнага т-ва (старшыня прэзідыума А.​Я.​Балцін, чл. М.​П.​Гнілякевіч, Л.​М.​Спалінскі, Кеніг, Дамброўскі і інш.). З 1933 філіялы Бел. аддзялення дзейнічалі ў Віцебску, Гомелі, Магілёве. Члены Бел. аддзялення выступалі з дакладамі і ўспамінамі па гісторыі рэвалюцыі 1905—07, Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917, пытаннях нац. палітыкі, збіралі матэрыялы і дакументы, запісвалі ўспаміны пра грамадз. вайну і ваен. інтэрвенцыю. Т-ва каардынавала сваю працу з Таварыствам былых паліткатаржан і ссыльнапасяленцаў, Ін-там гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б. Паводле пастановы ЦК ВКП(б) у жн. 1935 Т.с.б. скасавана. Бел. аддзяленне самаліквідавалася ў маі 1935.

У.​М.​Міхнюк.

т. 15, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНІ́НА (Bernina),

самы высокі горны масіў ва Усх. Альпах, на мяжы Швейцарыі і Італіі. Выш. да 4049 м (пік Берніна). Складзены з крышт. парод. Вечныя снягі, ледавікі.

т. 3, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІПО́ЎСКАЯ ШКЛЯНА́Я МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1879—81 ва ўрочышчы Асіпоўка Рагачоўскага пав. У 1879 выпушчана 2550, у 1880 — 2500 скрынак аконнага шкла. Працавала больш за 50 рабочых.

т. 2, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАНІ́Р (ням. Kanonier),

радавы (салдат) артылерыі ва ўзбр. сілах некат. дзяржаў (напр., ФРГ). У 1722 — пач. 20 ст. К. былі і ў артылерыі Расіі (абслугоўвалі толькі пушкі).

т. 7, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕДЫ́РЫ (Kediri),

горад у Інданезіі, на У в-ва Ява, у даліне р. Брантас. 236 тыс. ж. (1990). Перапрацоўка мясц. с.-г. сыравіны. Харч., тэкст. прам-сць.

т. 8, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭНЕГА́ДАС (ісп. renegados ад позналац. renegatus рэнегат),

у арабскіх дзяржавах Пірэнейскага п-ва ў 8—15 ст. хрысціяне, якія прынялі іслам; разглядаліся хрысціянскай царквою як «адступнікі» (рэнегаты).

т. 14, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЖАВА́ЛЬСКІ Мікалай Міхайлавіч (12.4.1839, в. Кімбарава Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 1.11.1888),

расійскі географ, падарожнік, натураліст, даследчык Цэнтр. Азіі. Са старадаўняга роду Пржавальскіх, якія атрымалі шляхецкае званне і землі ў Віцебскім ваяв. ВКЛ у канцы 16 ст. Ген.-маёр. (1886). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1878) і Рус. геагр. т-ва (1880), многіх рас. і замежных т-ваў. Скончыў Акадэмію Генштаба ў Пецярбургу (1863). Кіраўнік экспедыцыі ва Усурыйскі край (1867—69), 4 экспедыцый у Цэнтр. Азію: Мангольскую (1870—73), Лабнорскую і Джунгарскую (1876—77), першую (1879—80) і другую (1883—85) Тыбецкія. У час экспедыцый пройдзена больш за 30 тыс. км і праведзена здымка гэтай тэрыторыі. П. даследаваў і апісаў прыроду Цэнтр. Азіі, адкрыў некалькі хрыбтоў і катлавін у Куньлуні, Наньшані і Тыбецкім нагор’і, удакладніў паўн. межы нагор’я, даследаваў вярхоўі рэк Хуанхэ і Янцзы, азёры Лабнор і Кукунор, палажыў пачатак вывучэнню клімату, сабраў багатыя калекцыі флоры і фауны, апісаў шэраг невядомых жывёл (у т. л. каня П., дзікага вярблюда, мядзведзя-пішчухаеда і інш.), сабраў звесткі па этнаграфіі. У 1891 Рускае геагр. т-ва ўстанавіла сярэбраны медаль і прэмію імя П., у 1946 Геагр. т-ва СССР — залаты медаль імя П. У яго гонар названы горад (Каракол), сяло ў Смаленскай, вобл., горны хрыбет у сістэме Куньлуня, ледавік на Алтаі, мыс на в-ве Ітуруп (Курыльскія а-вы), некат. віды жывёл і раслін, апісаныя ім.

Тв.:

Монголия и страна тангутов: Трехлетнее путешествие в Восточной нагорной Азии. М., 1946;

От Кульджи за Тянь-Шань и на Лоб-нор. М., 1947;

От Кяхты на истоки Желтой реки: Исслед. северной окраины Тибета и путь через Лоб-нор по бассейну Тарима. М., 1948.

І.​Ф.​Пржавальскі, В.​А.​Ярмоленка.

М.М.Пржавальскі.

т. 13, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЧЫРВО́НЫ КРЫЖ»

(у Азербайджане, Таджыкістане, Туркменістане, Узбекістане, Афганістане, Пакістане, Турцыі і араб. краінах — «Чырв. Паўмесяц», у шахскім Іране — Т-ва «Чырв. Льва і Сонца»),

добраахвотныя т-вы дапамогі ваеннапалонным, хворым і параненым воінам, інш. ахвярам вайны; у мірны час аказваюць дапамогу пацярпелым ад стыхійных бедстваў, у шэрагу краін праводзяць мерапрыемствы па прадухіленні захворванняў. У міжнар. маштабе нац. т-вы «Ч.К.» (фарміраваліся з 1864, тады ж зацверджаны назва і эмблема «Ч.К.») утвараюць Міжнародны Ч.К. (МЧК), аб’яднаны Міжнар. к-там «Ч.К.» (МКЧК, створаны ў 1863 у Швейцарыі, складаецца з яе грамадзян) і Лігай т-ваў «Ч.К.», створанай у 1919 для каардынацыі дзейнасці нац. т-ваў «Ч.К.» ў мірны час (МКЧК дзейнічае ў час вайны). Асн. прынцыпы дзейнасці «Ч.К.» сфармуляваны ў міжнар. Жэнеўскай канвенцыі 1864 (дапоўнена ў 1906 і 1929), Жэнеўскіх канвенцыях 1949. Вярх. орган МЧК — канферэнцыя (1 раз у 4 гады), паміж канферэнцыямі — Пастаянная камісія ў Жэневе.

На Беларусі «Ч.к.» (расійскі) дзейнічаў з 1866—67: у 1877 мелася 5 губ. праўленняў, 30 крапасных і пав. к-таў «Ч.К.»; напярэдадні Кастр. рэвалюцыі 1917 дзейнічала 118 мед. устаноў «Ч.К.». 6.6.1921 СНК БССР стварыў Т-ва «Ч.К.» Беларусі (гл. «Чырвонага Крыжа» Беларускае таварыства), якое ў 1925—91 уваходзіла ў Саюз т-ваў «Ч.К.» і «Чырв. Паўмесяца» СССР. З 1991 самаст. т-ва, з 1994 наз. Бел. т-ва «Ч.К.». Яго вышэйшы орган — з’езд (1 раз у 5 гадоў), паміж з’ездамі кіруе Рэсп. к-т. бел. «Ч.К.» (у пач. 2000-х г. меў у падпарадкаванні 6 абл., 129 гар. і раённых арг-цый, Дарожны к-т). Ажыццяўляе аздараўленчыя, прафілактычныя, сан.-засцерагальныя мерапрыемствы, догляд хворых у хатніх умовах, падрыхтоўку сан. актыву, прапаганду донарства, сан. асвету і інш.

т. 17, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАДЗА́КІ,

горад у Японіі, на Пд в-ва Хонсю, у прэфектуры Айты (у агламерацыі Нагоя). 294 тыс. ж. (1987). Цэнтр тэкст. прам-сці. Хім., харч., маш.-буд. прадпрыемствы.

т. 1, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІЛУ́Я (ад стараж.-яўр. халелуя хваліце Бога),

у хрысціянскім богаслужэнні прыпеў царк. песнапення, ва іудаізме заклік да ўхвалення Бога. Часта трапляецца ў псалмах Давіда, Старым і Новым Запаветах.

т. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)