Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АСАЦЫЯ́ЦЫЯ РАСЛІ́ННАЯ,
асноўная адзінка класіфікацыі раслінных згуртаванняў (фітацэнозаў). Характарызуюцца аднароднымі структурай і відавым складам, сезоннасцю развіцця, прадукцыйнасцю расліннай масы, узаемаадносінамі паміж раслінамі і паміж імі і асяроддзем. Залежыць ад умоў асяроддзя — біятычных фактараў, клімату, глебы. Называюць асацыяцыі раслінныя па раслінах, якія пераважаюць у згуртаванні або вызначаюць яго асаблівасці. Асацыяцыі раслінныя (напр., дубняк ляшчынава-кіслічны) аб’ядноўваюць у фармацыі раслінныя. Класіфікацыя асацыяцый раслінных выкарыстоўваецца пры даследаваннях расліннага покрыва, складанні геабат. картаў, распрацоўцы гасп. мерапрыемстваў для павышэння прадукцыйнасці лугоў, лясоў, балотаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́Л-ГУБЕРНА́ТАРСТВА,
адм.-тэр.адзінка ў Рас. імперыі ў 1775—1917. Аб’ядноўвала адну або некалькі губерняў, узначальвалася генерал-губернатарам. Уведзена Кацярынай II. Колькасць генерал-губернатарстваў мянялася. У 1782 40 губерняў былі аб’яднаны ў 19 генерал-губернатарстваў. У 19 ст. генерал-губернатарствы пакінуты толькі ў сталіцах і на ўскраінах імперыі (Польшча, Беларусь, Прыбалтыка, Сібір, Далёкі Усход, Сярэдняя Азія). На тэр. Беларусі існавалі Беларускае генерал-губернатарства (1772—1856), Віленскае генерал-губернатарства (1794—1912), Мінскае генерал-губернатарства (1831—34).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НРЫ ((Henry) Джозеф) (17.12.1797, г. Олбані, штат Нью-Йорк, ЗША — 13.5.1878),
амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН і яе прэзідэнт у 1868—78. Вучыўся ў акадэміі ў Олбані (1819—22). З 1832 праф. Прынстанскага каледжа, з 1846 сакратар і дырэктар Смітсанаўскага ін-та ў Вашынгтоне. Навук. працы па электрамагнетызме і электратэхніцы. Адкрыў з’яву самаіндукцыі (1832) і вагальны характар разраду кандэнсатара (1842). Упершыню (1828) пабудаваў магутныя электрамагніты і электрарухавік (1831). У яго гонар названа адзінка індуктыўнасці ў СІ — генры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́КШЫЦКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр.адзінка ў Рас. імперыі ў 1793—97. Утвораны ў складзе Мінскай губ. з частак Ашмянскага і Мінскага пав.ВКЛ пасля іх далучэння да Расіі ў час 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793). Цэнтр — мястэчка (з 1795 горад) Докшыцы. Найб. значнымі паселішчамі Д.п. былі мястэчкі Беразіно, Гайна, Даўгінава, Ілья, Лагойск, Плешчаніцы, сёлы Бягомль, Нябышына і інш. Скасаваны ў пач. 1797, яго тэр. падзелена паміж Вілейскім і Барысаўскім пав. Мінскай губ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРА́ВІЦКІ РАЁН,
адм.-тэр.адзінка ў БССР у 1924—31 і ў 1935—56. Утвораны 17.7.1924 у Магілёўскай акрузе (да 26.7.1930), з 20.2.1938 у Гомельскай вобл. Цэнтр — в.Журавічы. Падзяляўся на 11 сельсаветаў. Пл. 635 км², нас. 33 755 чал. (1935); 189 нас. пунктаў. Скасаваны 8.7.1931, яго тэр. перададзена ў Быхаўскі, Кармянскі, Прапойскі і Рагачоўскі р-ны. 5.4.1935 Доўскі раён перайменаваны ў Ж.р. З 26.5.1935 падзяляўся на 14 сельсаветаў. Скасаваны 17.12.1956, тэр. далучана да Быхаўскага і Рагачоўскага р-наў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДО́Н, трыплет,
паслядоўнасць трох азоцістых асноў у малекуле нуклеінавых кіслот, якая вызначае размяшчэнне пэўнай амінакіслаты ў малекуле бялку пры яго сінтэзе; элементарная адзінкагенетычнага кода. 4 азоцістыя асновы (адэнін, гуанін, цытазін, тымін у ДНК і урацыл замест тыміну ў РНК) у камбінацыі па тры могуць утвараць 64 К., з якіх 61 кадзіруе ўключэнне 20 амінакіслот, а 3 служаць «кропкамі», што заканчваюць працэс сінтэзу поліпептыду. Паслядоўнасць К. ў гене вызначае паслядоўнасць амінакіслот у поліпептыдным ланцугу бялку, які кадзіруецца гэтым генам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЎР (франц. livre ад лац. libra фунт),
грашова-лікавая адзінка Францыі ў 9—18 ст. Падзяляўся на 20 су, або 240 дэнье. Як рэальная манета выпускаўся ў 1665 пры Людовіку XIV пад назвай «сярэбраны лі» і ў 1720 пры Людовіку XV. Пры Людовіку XVI выпушчаны залатыя манеты ў 24 Л. і сярэбраныя ў 3 і 6 Л. У выніку псавання манет кошт Л. паніжаўся. У 1795 на змену Л. прыйшоў франк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА, Менскае ваяводства,
адм.-тэр.адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Утворана ў 1565 у складзе Мінскага павета і Рэчыцкага павета, у 1569 са складу Кіеўскага ваяв. далучаны Мазырскі павет. Мела харугву чырвонага («гваздзіковага») колеру з выявай герба «Пагоня» ў белым полі. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 усх. землі ваяводства адышлі да Расіі. Скасавана пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793, яго тэр. ўвайшла ў Мінскую губерню.