О́ЛЬВІЯ (грэч. Olbia),

антычны горад-дзяржава ў Паўн. Прычарнамор’і, паблізу вусцяў Дняпра і Паўд. Буга. Рэшткі О. знаходзяцца каля с. Паруціна Ачакаўскага р-на Мікалаеўскай вобл. (Украіна). Засн. ў пач. 6 ст. да н.э. выхадцамі з Мілета (другая назва О. — Барысфен). Сфарміравалася як дэмакр. поліс; росквіт прыпадае на 5—4 ст. да н.э. Гораду належалі землі на абодвух берагах Бугскага лімана са шматлікімі паселішчамі. У цэнтры верх. ч. горада знаходзіліся агора (гандл. плошча) і тэменас (храмы і алтары), у ніжняй — порт і рамесніцкія кварталы. Горад быў абнесены абарончай сцяной. Развіваліся рамёствы, гандаль (пшаніцай і рабамі), рыбалоўства. О. мела сувязі са скіфамі. У 331 да н.э. жыхары О. (разам са скіфамі) адбілі нападзенне Запірыёна (палкаводца Аляксандра Македонскага). У 3 ст. да н.э. плаціла даніну скіфскаму цару Сайтафарну, у 2 ст. да н.э. падпарадкавана скіфскім царом Скілурам. У канцы 2 ст. да н.э. пасля разгрому скіфаў войскам Мітрыдата VI Еўпатара О. ў складзе яго дзяржавы. У сярэдзіне 1 ст. да н.э. зруйнавана племем гетаў. У 2 ст. н.э. ў О. стаяў рым. гарнізон. У пач. 3 ст. н.э. ўвайшла ў склад рым. правінцыі Ніжняя Мёзія. Жыццё ў О., верагодна, прыпынілася ў 4 ст. Археал. раскопкі вядуцца з 1901.

Літ.:

Леви Е.И. Ольвия: Город эпохи эллинизма Л., 1985;

Крыжицкий С.Д. Оливия: Историогр исслед. архит.-строит. комплексов. Киев, 1985;

Виноградов Ю.Г. Политическая история Ольвийского полиса, VII—I вв. до н.э.: Ист.-эпиграф. исслед. М., 1989.

т. 11, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РХНЯЎ ТЭО́РЫЯ,

раздзел дыферэнцыяльнай геаметрыі, які вывучае ўласцівасці паверхняў. Лакальная П.т. вывучае паверхні, атрыманыя ў выніку гладкай дэфармацыі простай вобласці (напр., круга), глабальная — паверхні, «склееныя» з простых, лакальна вызначаных частак. П.т. грунтуецца на тапалогіі і агульнай тэорыі мнагастайнасцей.

У П.т. разглядаюцца ўласцівасці паверхняў, нязменныя пры рухах. Адна з асн. яе задач — вымярэнні на паверхні. Сукупнасць фактаў, якія атрымліваюць пры гэтых вымярэннях, складаюць унутраную геаметрыю паверхні. Да яе паняццяў адносяцца даўжыня лініі, вугал паміж 2 напрамкамі, плошча вобласці, геадэзічная лінія, геад. крывізна лініі і інш. П.т. вылучае і даследуе асобныя класы паверхняў, геам. ўласцівасці ліній на паверхні, прасторавую будову наваколля пункта, выгінанне паверхняў, вызначэнне паверхняў па зададзеных першай і другой квадратычных формах, нармальнай і гаўсавай крывізне, даследаванне паверхні «ў цэлым» па ўласцівасцях наваколля яе пунктаў, тэорыі выпуклых паверхняў, праектыўна-інварыянтныя ўласцівасці паверхняў і інш. У П.т. вызначаюцца ізаметрычнае (пры якім не зменьваюцца даўжыні адпаведных ліній), канформнае (гл. Канформнае адлюстраванне) і інш. адлюстраванні паверхняў адна на адну, будуецца тэорыя сетак на паверхнях. Вывучаюцца паверхні ў мнагамерных эўклідавых і неэўклідавых прасторах, разглядаюцца негаланомныя паверхні (характарызуюць рух цела пад дзеяннем сувязей механічных). Ідэі і метады П.т. шырока выкарыстоўваюцца ў інш. раздзелах матэматыкі, у механіцы і фізіцы. Асновы П.т. закладзены ў працах Л.Эйлера, К.Ф.Гаўса, Т.Монжа.

Літ.:

Норден А.П. Теория поверхностей. М., 1956;

Погорелов А.В. Дифференциальная геометрия. 5 изд. М., 1969;

Дубровин Б.А., Новиков С.П., Фоменко А.Т. Современная геометрия: Методы и приложения. 2 изд. М., 1986.

В.​І.​Бернік.

т. 11, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДА́ННЕ,

жанр фальклору розных народаў; вуснае апавяданне, у якім з элементамі большай ці меншай фактычнай сапраўднасці тлумачыліся рэальныя з’явы жыцця, расказвалася пра значныя падзеі роднага краю, пра нар. герояў. П., як і легенды, блізкія да казак, але вызначаюцца не толькі займальнасцю; у своеасаблівай форме яны неслі веды пра навакольны свет і гісторыю краю. Бел. П. вядомы з 12 ст. (пра Рагнеду, Усяслава Чарадзея). Захаваліся летапісныя апавяданні, у аснову якіх пакладзены нар. П. пра воінскія подзвігі герояў («Паданне пра Кажамяку»), Паэтычныя П. пра гіст. мінулае ёсць у бел. хроніках 16 ст., напр., у Хроніцы Быхаўца (пра паходы Гедзіміна на Украіну і Альгерда на Маскву, пра заснаванне Вільні і інш.). Бел. П. тэматычна падзяляюцца на гістарычныя — пра войны, барацьбу з іншаземнымі захопнікамі, пра эпідэміі, пра гіст. асоб і герояў («Пра князя Яраслава», «Платон казак»); тапанімічныя — пра паходжанне гарадоў, мястэчак, вёсак, урочышчаў, гарадзішчаў і інш. («Пра заснаванне Магілёва», «Адкуль Нясвіж»), П. і легенды перадаваліся з пакалення ў пакаленне і былі своеасаблівай гіст. памяццю народа. Сюжэт пра нар. героя разбойніка Машэку выкарыстаў Я.​Купала ў паэме «Магіла льва». Паводле гэтай паэмы і п’есы Е.​Міровіча «Машэка» Р.​Пукст напісаў оперу «Машэка».

Публ.:

Легенды і паданні. Мн., 1983;

Малорусские народные предания и рассказы: Свод Михаила Драгоманова. Киев, 1876.

Літ.:

Азбелев С.Н. Проблемы международной систематизации преданий и легенд // Русский фольклор. М.; Л., 1966. Т. 10;

Соколова В.К. Русские исторические предания. М., 1970.

А.​І.​Гурскі.

т. 11, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДНА-ТЭХНІ́ЧНЫЯ РАБО́ТЫ,

будаўніча-мантажныя, рамонтныя, эксплуатацыйныя і інш. работы, якія выконваюцца пад вадой вадалазамі. Праводзяцца з берага, прычальных сценак, плывучых сродкаў (вадалазных рэйдавых ботаў, плытоў, спецыяльна абсталяваных Плашкоўтаў). Жыццядзейнасць вадалазаў пад вадой забяспечвае разнастайны вадалазны рыштунак: гідракамбінезоны, скафандры, аквалангі, шлангавыя і інш. апараты.

П.-т.р. выкарыстоўваюцца: пры абследаванні дна акваторый і фарватэраў, падводнай часткі гідратэхн. збудаванняў (ГТЗ); буд-ве шпунтавых сценак, палевых збудаванняў, апускных калодзежаў, набярэжных, агараджальных і суднападымальных збудаванняў і інш; пракладцы трубаправодаў, кабеляў і інш камунікацый; цэментацыі муравання, ачыстцы і афарбоўцы паверхняў, аднаўленні дэфармацыйных швоў і інш. рамонтных і абслуговых работах падводных частак ГТЗ; днопаглыбляльных работах, ачыстцы водных шляхоў, падняцці затанулай тэхнікі і г.д. Асн. віды П.-т.р.: падводныя земляныя работы, якія выконваюцца землечарпальнымі снарадамі, землясоснымі снарадамі, гідраэлеватарамі, гідраманіторамі, эрліфтамі, скрэпернымі ўстаноўкамі і інш.; падводнае бетанаванне спосабамі вертыкальна перасоўнай трубы і ўзыходзячага раствору; п а д водныя выбуховыя работы, якія праводзяць пры разбурэнні рэшткаў метал., каменных і бетонных канструкцый з дапамогай накладных, шпуравых і свідравінных (калонкавых) зарадаў выбуховых рэчываў; падводная зварка і рэзка; пракладка трубаправодаў працягваннем па дне, свабодным апусканнем з дапамогай плывучых кранаў, нарошчваннем з плывучых сродкаў.

На Беларусі асобныя віды П.-т.р. выконваюць вадалазныя станцыі, напр., на Вілейска-Мінскай воднай сістэме, прадпрыемствах рачнога флоту.

Літ.:

Годес Э.Г., Нарбут Р.М. Строительство в водной среде: [Справ.] 2 изд. Л., 1989;

Забела К.А., Кушнирюк Ю.Г. Пособие по подводно-техническим работам в строительстве. Киев, 1975.

В.​Б.​Корбут.

т. 11, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАД’ЁМНЫ КРАН,

грузападымальная машына перыядычнага (цыклічнага) дзеяння для падняцця і перамяшчэння грузаў на невял. адлегласці. Бываюць паваротныя і непаваротныя, стацыянарныя і перасоўныя. Выкарыстоўваюцца ў цэхах прамысл. прадпрыемстваў, на буд-ве, транспарце і інш.

Асн. часткі П.к.: нясучыя канструкцыі (маставая ці кансольная ферма, вежа, мачта, страла, партал), гал. грузапад’ёмны механізм (лябёдка, тэльфер), сілавая ўстаноўка (электрычны рухавік, дызель і інш.), механізмы перамяшчэння крана, павароту, грузазахопныя прыстасаванні і інш. Паваротныя П.к. бываюць: чыгуначныя, веласіпедныя (з рэйкамі на розных узроўнях), пнеўмаколавыя, аўтакраны, гусенічныя, насценныя і дахавыя. Непаваротныя: маставыя з катучай маставой фермай, што перамяшчаецца па рэйках (у т. л. кран-бэлькі), перагрузачныя (маставыя перагружальнікі, казловыя і кабельныя краны), насценна-кансольныя. Ёсць таксама паваротныя і непаваротныя плывучыя краны, высокія мачтавыя і вежавыя краны, спец. металургічныя і інш. У цяжкадаступных месцах выкарыстоўваюць верталёты-краны. Грузападымальнасць П.к. да 2,5 тыс. т. Простыя драўляныя П к выкарыстоўваліся да канца 18 ст., суцэльнаметалічныя з’явіліся ў 1820-х г., з мех. прыводам — у 1830-х г. Паравы П.к. створаны ў 1830, гідраўлічны ў 1847 (Вялікабрытанія), з электрарухавіком у 1880—85, з рухавіком унутр. згарання ў 1895 (ЗША, Германія). У Расіі вытв-сць П.к. пачата ў канцы 19 ст.

Літ.:

Справочник по кранам. Т. 1—2. Л., 1988.

І.​І.​Леановіч.

Пад’ёмныя краны: 1—6 — паваротныя (1 — чыгуначны, 2 — пнеўмаколавы, 3 — гусенічны, 4 — партальны, 5 — мачтава-стралавы, 6 — суднавы); 7—9 — непаваротныя (7 — насценна-кансольны, 8 — маставы, 9 — кабельны).

т. 11, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖА́Р,

некантралюемы працэс гарэння, які прыводзіць да знішчэння матэрыяльных каштоўнасцей і небяспечны для жыцця людзей. Гарэнне пры П. характарызуецца самаадвольным распаўсюджваннем, невысокай ступенню згарання матэрыялаў, утварэннем дыму.

Узнікае пры неасцярожным абыходжанні з агнём, самаўзгаранні рэчываў (матэрыялаў), няспраўнасці ў эл. сетках і прыладах, невыкананні правіл эксплуатацыі вытв. абсталявання, ад маланкі і па інш. прычынах; на адкрытай прасторы (напр., лясныя пажары, тарфяныя пажары) і ў збудаваннях (унутраныя П). Прастору, ахопленую П., умоўна падзяляюць на зоны: гарэння (ачаг П.), цеплавога ўздзеяння і задымлення. У ачагу П. адбываецца тленне і (ці) назіраецца полымя, вылучаюцца цяпло і дым. Асн. характарыстыка знішчальнага дзеяння П. — т-ра; макс. т-ры, характэрныя для адкрытых П. (ад 1000 °C для цвёрдых матэрыялаў да 1450 °C для гаручых газаў). Зона гарэння абкружана зонай цеплавога ўздзеяння, дзе ўстанаўліваецца т-ра вышэй за 60 °C, якая выклікае разбурэнне матэрыялаў, канструкцый і тоіць небяспеку для людзей. Прадукты няпоўнага згарання (дым) утвараюць зону задымлення, звычайна яны таксічныя (асабліва прадукты гарэння палімераў). Для спынення П. выкарыстоўваюць розныя вогнетушыльныя сродкі (вада, пена, парашковыя саставы, нейтральныя газы, хім. інгібітары гарэння і інш.), якія падаюць у ачаг П. пры дапамозе пажарнай тэхнікі, вогнетушыцелямі і інш. Мерапрыемствы па пажарнай прафілактыцы і тушэнні П. ажыццяўляе пажарная ахова.

Літ.:

Абдурагимов И.М., Говоров В.Ю., Макаров В.Е. Физико-химические основы развития и тушения пожаров. М., 1980;

Драйздейл Д. Введение в динамику пожаров: Пер. с англ. М., 1990.

М.​В.​Гарахавік, С.​А.​Лосік, А.​В.​Урублеўскі.

т. 11, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКТ РЫБЕНТРО́ПА—МО́ЛАТАВА 1939,

пашыраная назва сав.-герм. дагавора аб ненападзе, падпісанага 23 жн. ў Маскве міністрам замежных спраў Германіі І.​Рыбентропам і наркомам замежных спраў СССР В.М.Молатавым тэрмінам на 10 гадоў. Абедзве краіны абавязваліся: не нападаць адна на адну як аднаасобна, так і супольна з інш. краінамі; не дапамагаць трэцяй сіле, якая можа напасці на адну з краін — удзельніц пакта; раіцца адна з адной па пытаннях, якія тычацца іх агульных інтарэсаў; не далучацца да ваен. аб’яднанняў, якія б пагражалі аднаму з бакоў; вырашаць супярэчнасці паміж сабой з дапамогай перагавораў і арбітражу. Да пакта дадаваўся сакрэтны пратакол (ад 23 жн.), паводле якога тэр. тагачаснай Польскай Рэспублікі на У ад рэк Нараў, Вісла і Сан (пераважна ўкр. і бел. землі), а таксама Літва, Латвія, Эстонія, Фінляндыя траплялі ў сав. сферу ўплыву; уздымалася пытанне пра аддзяленне Бесарабіі ад Румыніі. П.Р.—М. палепшыў ваен.-дыпламат. становішча Германіі напярэдадні развязвання ёю 2-й сусв. вайны, даў СССР час для ўмацавання абараназдольнасці, але падарваў яго міжнар. аўтарытэт. Ліга Нацый выключыла СССР са сваіх членаў (снеж. 1939) за вайну супраць Фінляндыі. Пакт спыніў дзеянне пасля нападу Германіі на СССР 22.6.1941. Наяўнасць сакрэтнага пратакола да П.Р.—М. кіраўніцтва СССР да 1989 адмаўляла. Гл. таксама Савецка-германскія пагадненні.

Літ.:

Семиряга М.И. Тайны сталинской дипломатии, 1939—1941. М., 1992;

Павлов Я.С. Советско-германские договоры 1939—1941 гг.: трагедия тайных сделок. Мн.. 1996;

Нямецка-савецкі пакт пра ненапад // Спадчына. 1999. № 4.

т. 11, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛО́НКАЎСКАЯ БІ́ТВА 1660.

Адбылася каля в. Палонка (паміж Слонімам і Ляхавічамі) 28 чэрв. ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пасля заключэння 3.5.1660 Аліўскага міру 1660 са Швецыяй войска Рэчы Паспалітай на чале з П.​Я.​Сапегам і С.​Чарнецкім перайшло ў наступленне: з Брэста праз Слонім яны рушылі на дапамогу гарнізону Ляхавіцкага замка, які быў абложаны рас. войскамі І.​А.​Хаванскага. Даведаўшыся пра гэта, Хаванскі з большай часткай сваёй арміі выступіў ім насустрач. Пад Палонкай яны сустрэліся. Хаванскі з конніцай стаў на правым флангу, на левым — кн. В.​Шчарбаты, пасярэдзіне — рэйтары і пяхота. У цэнтры баявога пастраення войска Рэчы Паспалітай размясцілася дывізія Чарнецкага (4 тыс. чал.), па флангах — харугвы Сапегі, А.​Г.​Палубінскага і С.​Кміціча (6 тыс. чал.). Атака гусараў Рэчы Паспалітай была такой імклівай, што рас. пяхота паспела зрабіць толькі адзін залп і была змята. Паспяховай была атака гусараў і панцырных на рас. конніцу. Пасля гэтага быў нанесены супольны ўдар па астатняй рас. пяхоце. Бітва скончылася поўным разгромам войск Хаванскага: загінула каля 2 тыс. чал. пяхоты, яшчэ больш коннікаў; мноства ратнікаў, у т. л. Шчарбаты, трапіла ў палон. Хаванскі з рэшткамі войска адступіў да мяст. Ляхавічы, зняў аблогу яго замка і пачаў імклівы адыход на Полацк. Войску Рэчы Паспалітай дасталіся вял. трафеі. П.б. — першая буйная перамога войска Рэчы Паспалітай, якая засведчыла пераход да яго стратэгічнай ініцыятывы.

Літ.:

Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995. С. 96—97.

т. 12, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛО́НСКІ (Якаў Пятровіч) (18.12.1819, г. Разань, Расія — 30.10.1898),

рускі пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1886). Скончыў Маскоўскі ун-т (1844). Жыў у Адэсе, Тбілісі. З 1851 у Пецярбургу, рэдагаваў час. «Русское слово» (1859—60), служыў у Камітэце замежнай цэнзуры, у Савеце Гал. ўпраўлення па справах друку (1860—96). Друкаваўся з 1840. Першы зб. вершаў — «Гамы» (1844). Паэзіі П. ўласцівы напружаны драматызм, нар.-песенныя матывы, выкарыстанне сюжэтна-навелістычнай кампазіцыі, казачных і міфал. вобразаў, нар. мовы; зб-кі «Вершы 1845 года» (1846), «Сазандар» (1849; на каўк. матэрыяле), «Адбіткі» (1866), «Снапы» (1871), «Вячэрні звон» (1890) і інш. Аўтар жартоўнай паэмы-казкі «Конік-музыкант» (1859), гіст. паэм «Браты» (1866—70), «Келіёт» (1874), аўтабіягр. рамана ў вершах «Свежае паданне» (1861—62, незавершаны), раманаў «Прызнанні Сяргея Чалыгіна» (1867), «Танны горад» (1879), п’ес у вершах і прозе, у т. л. «Разлад» (1864, пра паўстанне 1863—64), лібрэта оперы «Каваль Вакула» (1872, паст. 1876; паводле аповесці «Ноч перад Калядамі» М.​Гогаля; муз. П.​Чайкоўскага), аповесцей, апавяданняў, нарысаў, мемуараў, публіцыст. артыкулаў і інш. Многія вершы П. пакладзены на музыку А.​Даргамыжскім, С.​Рахманінавым, С.​Танеевым, Чайкоўскім і інш. Нар. песнямі сталі «Песня цыганкі» («Мой касцёр у тумане свеціць...») і «Пустэльніца». На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Ф.​Баторын.

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1986;

Влюбленный месяц: Стихотворения. М., 1998.

Літ.:

Орлов П.А. Я.​П.​Полонский. Рязань, 1961;

Лагунов А.И. Лирика Я.​Полонского. Ставрополь, 1974;

Тхоржевский С. Высокая лестница // Тхоржевский С. Портреты пером. М., 1986.

т. 12, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ СВЯТЛА́,

фізічная характарыстыка аптычнага выпрамянення, якая апісвае папярочную анізатрапію светлавых хваль, працэс пераўтварэння натуральнага святла ў палярызаванае (святло, у якога кірункі эл. і магн. палёў нязменныя ці змяняюцца паводле пэўнага закону). Папярочную анізатрапію светлавога праменя назіраў К.Гюйгенс у доследах з ісландскім шпатам (1690). Паняцце «П.с.» ўвёў І.Ньютан (1704—06); тлумачэнне П.с. з пазіцый эл.-магн. тэорыі святла даў Дж.К.Максвел (1865—73).

Вынікае з папярочнасці эл. магн. хваль, залежыць ад крыніц выпрамянення і ўмоў распаўсюджвання святла (адбываецца пры адбіцці, пераламленні, рассейванні, праходжанні праз анізатропныя асяроддзі). Бывае поўная (эліптычная ці яе прыватныя выпадкі — кругавая і лінейная) і частковая. У лінейна, ці плоскапалярызаванага святла ваганні вектараў эл.-магн. поля адбываюцца ў адной плоскасці (вектара эл. поля ў плоскасці ваганняў, магн. поля ў плоскасці палярызацыі). Плоскасць ваганняў, плоскасць палярызацыі і напрамак распаўсюджвання эл. магн. хвалі ўзаемна перпендыкулярныя. У эліптычна- ці цыркулярна палярызаванага святла канцы вектараў эл. магн. хвалі апісваюць у прасторы эліптычныя ці кругавыя спіралі. Часткова палярызаванае святло мае пэўную плоскасць, дзе амплітуда ваганняў вектараў большая (меншая), чым у астатніх. Палярызаванае святло атрымліваюць ад лазераў або вылучаюць з натуральнага святла з дапамогай палярызацыйных прылад. Выкарыстоўваюць пры вывучэнні анізатрапіі (гл. Палярызацыйна-аптычны метад даследаванняў), аптычнай актыўнасці, вызначэнні аптычных канстант рэчыва, размеркаванні напружанняў у целах (гл. Фотапругкасць), выяўленні будовы крышталёў, вывучэнні біял. аб’ектаў і інш.

Літ.:

Шерклифф У. Поляризованный свет: Пер. с англ. М., 1965;

Жевандров Н.Д. Поляризация света. М., 1969;

Аззам Р.М.А., Башара Н.М. Эллипсометрия и поляризованный свет: Пер. с англ. М., 1981.

Н.​М.​Хаўратовіч.

т. 12, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)