КАБУЛЕ́ЦІ,

прыморскі кліматычны курорт у Грузіі. За 21 км ад г. Батумі, на шырокай паласе пляжаў Чорнага м. (у ліку лепшых на Каўказскім узбярэжжы). Клімат субтрапічны. Увесь год захоўваюцца камфортныя тэрмічныя ўмовы, спрыяльныя для лячэння хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы, лёгачных (нетуберкулёзнага паходжання), нерв. сістэмы, касцёва-сустаўных.

т. 7, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАГЕ́ЗІЯ (ад лац. cohaesus звязаны, счэплены),

счапленне (прыцягненне) часцей аднаго і таго ж аднароднага фіз. цела. Абумоўлена хімічнай сувяззю паміж часціцамі (атамамі, іонамі), што састаўляюць цела, і міжмалекулярным узаемадзеяннем. Сілы К. рэзка памяншаюцца з адлегласцю, яны найб. значныя ў цвёрдых целах і вадкасцях. Гл. таксама Адгезія.

т. 7, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКЧЭТА́ЎСКІЯ АЗЁРЫ,

група азёр у Казахстане, у паўн.-ўсх. ч. Казахскага драбнасопачніка. Размешчаны на абс. вышыні ад 200 да 500 м. Найб. вядомыя: Баравое, Шчучае, Зерэнда, Айдабул, Вял. і Малое Чэбачае і інш. Узровень і плошча зменлівыя. На перашыйку паміж воз. Баравое і Вял. Чэбачае — курорт Баравое.

т. 7, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛДЫЧЭ́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА, Калдычэва,

возера ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Шчара (выцякае з возера), за 14 км на Пн ад г. Баранавічы. Пл. 0,55 км², даўж. 950 м, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 2,5 м. Берагі забалочаныя, сплавінныя. Дно выслана сапрапелем. Зарастае.

т. 7, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІ́СІЯ,

1) у цывільным праве дагавор, паводле якога адзін бок (камісіянер) абавязваецца па даручэнні другога боку (камітэнта) здзяйсняць здзелкі ад свайго імя. Узаемаадносіны бакоў у дагаворы К., іх правы і абавязкі рэгламентуюцца цывільным заканадаўствам.

2) Выбраная ці назначаная група асоб, упаўнаважаная выконваць часовае ці пастаяннае даручэнне.

т. 7, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПЕТЭ́НТНАСЦЬ (ад лац. competens дасведчаны, адпаведны),

1) якасць чалавека, які валодае ўсебаковымі ведамі, вопытам практычнай дзейнасці ў якой-н. галіне і думка якога з’яўляецца аўтарытэтнай.

2) К. (кампетэнцыя) — сукупнасць паўнамоцтваў (правоў і абавязкаў) якога-н. органа або службовай асобы, устаноўленых законамі, нарматыўнымі актамі або інш. палажэннямі.

т. 7, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДЭ́ЛА (ад лац. candela свечка),

адзінка сілы святла; адна з 7 асн. адзінак Міжнар. сістэмы адзінак (СІ). Абазначаецца кд. К. — сіла святла ў зададзеным напрамку крыніцы, якая вылучае монахраматычнае выпрамяненне частатой 540∙10​12 Гц, энергет. сіла якога ў гэтым напрамку складае 1/683 Вт/ср.

т. 7, с. 582

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСІСТО́РЫЯ (ад лац. consistorium месца сходу, сход),

1) у Стараж. Рыме — дзярж. савет пры імператару.

2) У Рус. правасл. царкве ў 744—1918 орган кіравання і суда пры епархіяльным архірэі.

3) У каталіцкай царкве — нарада кардыналаў на чале з папам рымскім.

4) У пратэстантызме — царк.-адм. орган.

т. 7, с. 592

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПРАБІЁНТЫ (ад грэч. kopros памёт, кал + біёнт),

дарослыя арганізмы або іх лічынкі, для якіх прыродным асяроддзем пастаяннага або часовага жыхарства і жыўлення з’яўляюцца фекаліі, гной і інш. Сярод беспазваночных К. — многія алігахеты, жукі (карапузікі, магільшчыкі, стафіліны, гразевікі, гнаевікі, гнаявыя вадалюбы, трупаеды, трупнікі), некаторыя мухі, кляшчы-арыбатыды.

т. 8, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́ЗІЯ (ад лац. corradere скрэбці, саскрабаць),

механічнае дэнудацыйнае ўздзеянне на горныя пароды абломкавага матэрыялу (галька, валуны, пясок), які рухаецца вадою, лёдам, ветрам ці перамяшчаецца гравітацыйна па схілах. Пры К. абточваюцца, паліруюцца, высвідроўваюцца подсцільныя пароды, у выніку чаго на паверхні парод утвараюцца барозны, лагчыны і інш. паглыбленні.

т. 8, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)