ЮТКЕ́ВІЧ Сяргей Іосіфавіч (28.12.1904, С.-Пецярбург — 23.4.1985),
расійскі кінарэжысёр, мастак, тэарэтык кіно. Нар.арт.СССР (1962). Герой Сац. Працы (1974). Д-р мастацтвазнаўства (1941), праф. (1940). У 1921—23 вучыўся ў Вышэйшых рэжысёрскіх майстэрнях пад кіраўніцтвам У.Меерхольда і Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях. З 1929 выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі. Творчую дзейнасць пачаў у 1917 як мастак і рэжысёр у т-ры. Заявіў сябе як прыхільнік «левага» мастацтва і нетрадыц. тэатр. форм. Удзельнічаў у стварэнні групы ФЭКС (Фабрыка эксцэнтрычнага акцёра). У кіно з 1924. Эксперым. пошукі ў фільмах «Карункі» (1928), «Залатыя горы» (1931), «Лазня» (1962, з А.Карановічам), «Сюжэт для невялікага апавядання» (1970), «Маякоўскі смяецца» (1976). Сярод фільмаў: маст. — «Сустрэчны» (1932, з Ф.Эрмлерам), «Якаў Свярдлоў» (1940), «Вялікі воін Албаніі Скандэрбег» (1954), «Атэла» (1956, за абодва прэміі Міжнар. кінафестывалю ў Канах); у т. л. ў серыі ленініяны — «Чалавек з ружжом» (1938), «Апавяданні пра Леніна» (1958), «Ленін у Польшчы» (1966, прэміі кінафестываляў Усесаюзнага і Міжнар. ў Канах), «Ленін у Парыжы» (1981) і інш.; дакумент. — «Анкара — сэрца Турцыі» (1934), «Вызваленая Францыя» (1944), «Маладосць нашай краіны» (1946, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах) і інш. Аднавіў (з Н.Клейманам) фільм «Бежын луг» С.Эйзенштэйна (1967). Адначасова працаваў у т-рах Масквы, Ленінграда і інш. гарадоў, у т. л. Маскоўскім т-ры сатыры, дзе паставіў спектаклі «Лазня» (1953, з М.Пятровым, В.Плучакам), «Клоп» (1955, з Плучакам). У 1960—65 кіраваў Студэнцкім т-рам Маскоўскага ун-та. У Маскоўскім камерным муз. т-ры паставіў спектаклі «Балаганчык» і «Незнаёмка» А.Блока (1982). Аўтар прац па праблемах т-ра і кіно. Гал.рэд. «Кінаслоўніка» (т. 1—2, 1966—70) і энцыкл. слоўніка «Кіно» (1986). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1947, 1967, 1983. Юбілейная прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі за ўклад у кінамастацтва (1982).
Тв.:
Человек на экране. М., 1947;
Контрапункт режиссера. М., 1960;
О киноискусстве. М., 1962;
Франция — кадр за кадром. М., 1970;
Шекспир и кино. М., 1973;
Кино — это правда: 24 кадра в секунду. М., 1974;
Модели политического кино. М., 1978.
Літ.:
Молдавский Д.М. С Маяковским в театре и кино: Кн. о С.Юткевиче. М., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМАРФАЛОГІЯ
Развіццё геамарфалогіі на Беларусі пачалося ў 19 ст. Агульнагеаграфічныя і геалагічныя даследаванні, апісанне асобных раёнаў, характарыстыку рачных далін зрабілі Р.П.Гельмерсен, Е.П.Зяблоўскі, В.М.Севяргін і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. новыя звесткі па генезісе і эвалюцыі рэльефу атрымалі і апрацавалі Я.У.Апокаў, А.Э.Гедройц і В.В.Дакучаеў, які правёў даследаванні вярхоўяў далін Дняпра і Зах. Дзвіны. Канцавыя марэны і інш. формы рэльефу ледавіковага паходжання вывучалі Г.Б.Місуна і П.А.Туткоўскі, будову ледавіковых утварэнняў Гродзенскай вобл. — М.І.Крыштафовіч. Уклад у пазнанне асаблівасцей зямной паверхні зрабілі работы па асушэнні балот пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. У савецкі час з’явіліся першыя сістэматызаваныя працы пра гісторыю развіцця і прасторавага размяшчэння розных генетычных тыпаў і форм рэльефу, ажыццяўлялася іх картаграфаванне (Б.Л.Лічкоў, Ф.В.Лунгерсгаўзен, Г.Ф.Мірчынк і інш.). Геамарфалогія ўсх. раёнаў Беларусі апісана ў працах М.Ф.Бліадухо і А.М.Жырмунскага, зах. — у працах Дз.М.Собалева, польскіх вучоных Б.Галіцкага, С.Лянцэвіча і інш.
У пасляваенны час на базе геал.-здымачных работ складзены геамарфалагічныя карты, абгрунтаваны шэраг стратыграфічных схем антрапагену і дэталізаваны палеагеамарфалагічныя схемы тэр. Беларусі (Л.М.Вазнячук, Г.І.Гарэцкі, Б.М.Гурскі, Э.А.Ляўкоў, Н.А.Махнач, А.В.Мацвееў, М.М.Цапенка і інш.), створаны новы кірунак — вучэнне аб стараж. рачных далінах і ледавіковых лагчынах (палеапатамалогія, Гарэцкі), удакладнены генезіс і гісторыя развіцця многіх тыпаў рэльефу (В.К.Лукашоў, В.П.Якушка і інш.). У выніку шырокага развіцця структурна-геамарфалагічных даследаванняў і вывучэння колькасных характарыстык рэльефу (З.А.Гарэлік, В.М.Губін, Ляўкоў і інш.) створаны новыя генет. класіфікацыі рэльефу і схемы геамарфалагічнага раянавання (В.А.Дзяменцьеў, Вазнячук, Мацвееў і інш.), складзены і выдадзены серыі геамарфалагічных карт. Даследаванні рэльефу Беларусі вядуцца ў Ін-тах геал. навук, БДУ, БДПУ і інш. і каардынуюцца з 1979 Камісіяй па вывучэнні чацвярцічнага перыяду і геамарфалогіі Нац.АН Беларусі. Вынікі геамарфалагічных даследаванняў выкарыстоўваюцца пры пошуках карысных выкапняў, у меліярацыі, будаўніцтве, сельскай гаспадарцы, глебазнаўстве, геалогіі, пры геагр. даследаваннях і інш.
Літ.:
Геологическая изученность СССР: Белорусская ССР. Период 1966—1970. Т, 34, вып. 1. М., 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРАЛОГІЯ
Асобныя звесткі пра мінеральны састаў асадкавых парод Беларусі, што выходзяць на паверхню, прыведзены ў працах канца 19 — пач. 20 ст. А.Э.Гедройца, А.П.Карпінскага, П.А.Туткоўскага. Больш шырока мінералагічныя даследаванні на Беларусі сталі праводзіцца ў 1920—30-я г. паралельна з літалагічнымі, петраграфічнымі даследаваннямі, вывучэннем карысных выкапняў і стратыграфіі. У апошні час асн. кірункі даследаванняў: мінералагічны састаў антрапагенавых парод (С.Д.Астапава, С.Р.Драмашка, Н.В.Зайцава, Я.А.Ільін, У.А.Кузняцоў, В.К.Лукашоў, К.І.Лукашоў, А.В.Мацвееў, С.Л.Шымановіч і інш.); глеб (У.Д.Лісіца, П.С.Самадураў, С.А.Ціханаў); парод крышталічнага фундаменту (Ю.С.Булкін, В.Ф.Красоўскі, М.М.Лявых, І.В.Найдзянкоў, А.М.Пап і інш.); асаблівасці гліністых мінералаў (В.П.Курачка, У.П.Самадураў і інш.); сучаснага мінералаўтварэння (А.Л.Жухавіцкая, В.А.Кавалёў); постседыментацыйных змен карбанатных парод (А.А.Махнач). Вызначаны невядомыя раней на тэр. Беларусі мінералы: у асадкавай тоўшчы — даўсаніт, піроп, дыяспор, нордстрандыт, лейкафіліт, кізерыт і інш.; у пародах крышт. фундаменту — тайніяліт, пер’ерыт, бастнезіт, гентгельвін, гадалініт, чаўкініт, тарыт, кінавар і інш.; у корах выветрывання — гібсіт; пры даследаванні Лагойскай астраблемы — каэсіт і сцішавіт.
Для дыягностыкі мінералаў, вызначэння мінер. складу тонкадысперсных парод прымяняюцца рэнтгенаструктурны аналіз, электронная мікраскапія, дыферэнцыяльна-тэрмічны і тэрмавагавы аналізы, метады электрамагнітнай сепарацыі, аптычнай мікраскапіі, экспрэс-аналіз на карбанатнасць, хім. аналізы парод і мінералаў і інш. метады. Для вызначэння ўзросту парод крышт. фундаменту, вулканагенных парод платформавага чахла, антрапагенавых адкладаў, для высвятлення пытанняў генезісу нафтаносных тоўшчаў, другаснай мінералізацыі выкарыстоўваюцца ізатопныя даследаванні. У выніку даследаванняў устаноўлены тэрыгенна-мінералагічныя правінцыі для шэрагу геал. сістэм платформавага чахла, праведзены фацыяльна-палеагеагр. рэканструкцыі, вывучаны ўмовы фарміравання парод, атрыманы даныя аб удзеле касмагеннага рэчыва ў фарміраванні зямной кары на тэр. Беларусі, вызначана роля рыфтаўтваральных арганізмаў у складзе карбанатных парод нафтаносных тоўшчаў дэвону Прыпяцкага прагіну, распрацаваны і ўдакладнены стратыграфічныя схемы асобных геал.сістэм. Мінералагічныя даследаванні праводзяцца ў Рэсп. унітарным прадпрыемстве «Белгеалогія», у т. л. ў Бел.н.-д. геолагаразведачным ін-це; Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі і інш.
Літ.:
Ярцев В.И., Аношко Я.И. Минералогия. Изучение и определение обломочных минералов антропогеновых пород Беларуси. Мн., 1998;
История геологических наук в Белорусской ССР. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАЛЬКЛАРЫСТЫКА
Бел. фалькларыстыка як самастойная навука пра вусна-паэт., музычную, харэаграфічную, тэатральную нар. творчасць пачала фарміравацца ў пач. 19 ст. і склалася ў 20 ст. Першыя пісьмовыя ўпамінанні пра нар.-паэт. творы трапляюцца ў «словах» Кірылы Тураўскага (12 ст.), летапісах і хроніках 14—16 ст., дзелавых дакументах (лісты Ф.Кміты-Чарнабыльскага, 1573—74; апісанні бел. сямейных абрадаў і ўзоры пахавальнага галашэння ў кн. «Пра рэлігію, ахвярапрынашэнне, вясельныя і пахавальныя абрады русінаў, маскавітаў і татараў...» Я.Ласіцкага, 1582, і інш.). У 1618 С.Рысінскі апублікаваў (у Любчы, на лац. мове разам з польскімі) бел. прыказкі, запісаныя на Полаччыне і Віцебшчыне. 15 бел. песень трапілі ў рукапісны спеўнік 1733 (апубл. ў 1970 А.Макмілінам і Ц.Дрэйгам у «Оксфардскіх славянскіх запісках», т. 3). Бел. купальскую песню з апісаннем абраду змясціў А.Меер у «Апісанні Крычаўскага графства» (1786, апубл. ў 1901). У 1816—17 Віленскі універсітэт распрацаваў інструкцыю па зборы фалькл.-этнагр. матэрыялаў. Паводле яе М.Чарноўская ў 1817 апублікавала працу «Рэшткі славянскай міфалогіі, якія захаваліся ў звычаях вясковага люду на Беларусі (Магілёўская губ.)». Адзін з першых збіральнікаў і даследчыкаў бел., рус., укр. і польскага фальклору З.Даленга-Хадакоўскі распрацаваў праграму комплекснага вывучэння культуры славян, сабраў каля 3 тыс. песень (не надрукаваны). У 1837—46 Я.Чачот выдаў у Вільні 6 зборнікаў бел.нар. песень (каля 1 тыс. тэкстаў на польскай і часткова бел. мовах). Кніга 6-я пад назвай «Вясковыя песенькі з-пад Нёмана і Дзвіны» (1846) — першае асобнае выданне арыгінальных бел. песень. Багаты фалькл.-этнагр. матэрыял змясцілі А.Рыпінскі ў кн. «Беларусь» (1840) і Я.Тышкевіч у «Апісанні Барысаўскага павета» (1847). У 1-й пал. 19 ст.бел. фальклор збіралі і вывучалі Я.Баршчэўскі, К.Вуйціцкі, Л.Галамбёўскі, Т.Зан, Р.Зянькевіч, А.Кіркор, А.Міцкевіч, Р.Падбярэскі, У.Сыракомля і інш. Фалькларыстычныя працы гэтага перыяду каштоўныя фактычным матэрыялам і вял. колькасцю запісаў вусна-паэт. твораў. Аднак большая частка запісаў перакладалася на польскую або рус. мовы, перапрацоўвалася, публікавалася недакладна. Збіральніцкая дзейнасць адыграла важную ролю ў выпрацоўцы прынцыпаў і методыкі збору нар. твораў, іх публікацыі і вывучэнні.
У 2-й пал. 19 ст. склаліся больш спрыяльныя ўмовы для станаўлення і развіцця фалькларыстыкі як самастойнай філал. навукі. Пашырылася збіральніцкая дзейнасць, з’явіліся вял. па колькасці твораў зборнікі, запісы сталі больш дакладнымі. Выйшлі «Народныя песенькі пінскага люду» Р.Зянькевіча (1851), «Беларускія прыказкі» П.Шпілеўскага і «Народныя беларускія песні» Е.Паўлоўскай (абедзве 1853), «Віленская губерня» А.Карава (1861), «Смаленская губерня» М.Цэбрыкава (1862), «Гродзенская губерня» П.Баброўскага (1863), «Беларускія вясельныя абрады і песні ў параўнанні з велікарускімі» А.Занкевіча (1897) і інш. У зб. «Народныя рускія казкі» (1855—64) А.Афанасьеў змясціў 20 бел. казак. Фалькларыстычная дзейнасць актывізавалася са стварэннем у Вільні ў 1867 Паўн.-Зах. аддзела Пецярбургскага Рус. геаграфічнага т-ва. У «Запісках Рускага геаграфічнага таварыства па Аддзяленні этнаграфіі» надрукаваны зб. «Беларускія песні» І.Насовіча і «Беларускія народныя песні» П.Шэйна (абодва 1873).
У фалькларыстыцы 2-й пал. 19 ст. існавалі гістарычная, міфалагічная і міграцыйная тэорыі. Прыхільнікі міфалагічнай школы (А.Багдановіч, Ф.Буслаеў, М.Доўнар-Запольскі, А.Кіркор, Я.Ляцкі, М.Нікіфароўскі, Е.Раманаў, П.Шпілеўскі, П.Шэйн і інш.) лічылі найважнейшымі ў фальклоры стараж. творы, спрыялі актывізацыі збірання і вывучэння нар.-паэт. творчасці. Пазіцыі міфалагічнай школы пэўны час падзялялі А.Весялоўскі і А.Пыпін, якія пазней сталі прыхільнікамі міграцыйнай тэорыі і сканцэнтравалі сваю ўвагу на даследаванні культурна-гіст. сувязей, на параўнальным вывучэнні вуснай паэзіі розных народаў. Станоўча паўплываў на бел. вучоных гіст. кірунак у навуцы, тэарэтыкі якога звязвалі ўзнікненне фалькл. твораў з пэўнымі гіст. падзеямі.
Абуджэнню і разгортванню сістэматычнай працы па зборы фалькл. і этнагр. матэрыялаў садзейнічала спец. праграма П.Шэйна (1867). Дзякуючы інтэнсіўнай працы шырокай сеткі карэспандэнтаў (больш за 200) ён у 1887—1902 выдаў «Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (3 тамы ў 4 кнігах), дзе змясціў песні, казкі, анекдоты, драм. батлеечныя творы, апісанні абрадаў, гульняў, жылля, адзення і інш. Больш за 500 песень, пераважна вясельных, апублікаваў А.Дамбавецкі ў кн. «Спроба апісання Магілёўскай губерні» (т. 1—3, 1882—84). Своеасаблівай энцыклапедыяй жыцця, культуры і побыту беларусаў стаў шматтомны «Беларускі зборнік» Е.Раманава (вып. 1—9, 1885—1912, выдадзены няпоўнасцю, частка загінула ў Вял.Айч. вайну). Ён жа апублікаваў «Магілёўскую даўніну» (вып. 1—3, 1900—03), «Матэрыялы па этнаграфіі Гродзенскай губерні» (вып. 1—2, 1911—12). Багаты збор бел. фальклору ў выданнях «Смаленскі этнаграфічны зборнік» У.Дабравольскага (ч. 1—4, 1891—1903), «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў» А.Сержпутоўскага (1911). Бел.нар. творы змешчаны ў зборніку ўкр. этнографа і фалькларыста П.Чубінскага «Працы этнаграфічна-статыстычнай экспедыцыі ў Заходне-Рускі край» (т. 1—7, 1872—79). Грунтоўныя зборы па бел. фальклоры апублікавалі А.Гурыновіч, М.Доўнар-Запольскі, М.Нікіфароўскі, З.Радчанка, М.Янчук і інш.Бел. фалькларыстыку папоўнілі даследаванні Я.Ляцкага па бел. міфалогіі і замовах, Дз.Булгакоўскага па песнях, прыказках, прымаўках і загадках, Ю.Крачкоўскага па дзіцячых гульнях. Збіральніцкую дзейнасць разгарнуў польскі фалькларыст М.Федароўскі. У яго фундаментальнай працы «Люд беларускі» (т. 1—3, 1897—1903; т. 4, 193 5; т. 5—6, 1958—60; т. 7, 1969; т. 8, 1981; «Вяселле», 1991) змешчаны казкі, легенды, паданні, анекдоты, песні, прыказкі, прымаўкі, павер’і, творы інш. жанраў.
У 19 — пач. 20 ст.бел. фальклор сістэматычна не даследаваўся. Пэўныя абагульненні гісторыі збірання і вывучэння бел.нар. твораў пададзены ў «Гісторыі рускай этнаграфіі» А.Пыпіна (т. 4, 1892), казак — у кн. «Руская народная казка» С.Саўчанкі (1914). Аналіз асобных твораў зроблены ў працах А.Весялоўскага, А.Патабні, М.Сумцова. Першае даследаванне асн.фалькл. жанраў і іх паэтыкі ажыццявіў Я.Карскі ў працы «Беларусы» (т. 3, ч. 1, 1916). Асобныя праблемы навукі разглядаліся ў публікацыях А.Багдановіча, А.Лабады, М.Янчука.
У 1920—30-я г. ў перыяд. друк сталі трапляць песні і прыпеўкі пра тагачасную рэчаіснасць, якія выдаваліся за фальклор. Такія творы ўвайшлі ў зб. «Ленін і Сталін у беларускай народнай творчасці» (1937), «Дарэвалюцыйная і савецкая Беларусь у народнай творчасці» (1938) і інш.Вял. ролю ў развіцці фалькларыстыкі адыграла стварэнне ў 1929 Бел.АН (з 1936 — АНБССР, з 1991 — АН Беларусі, з 1997 — Нац.АН Беларусі) і сектара этнаграфіі і фальклору ў Ін-це гісторыі. У выніку шматлікіх экспедыцый сабраны багаты матэрыял, на аснове якога, а таксама папярэдніх публікацый рыхтаваўся да выдання 3-томны збор бел.нар. песень. Выйшаў толькі 1-ы том «Песні беларускага народа» ў 1940, складальнік М.Грынблат; рукапісы астатніх загінулі ў Вял.Айч. вайну. У гэты том увайшлі прыгонніцкія, чумацкія, бурлацкія, салдацкія, жартоўныя песні; многія з нотным запісам. У ліку найб. каштоўных выданняў даваеннага часу — «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета» (1926) і «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (1930) А.Сержпутоўскага, «Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны» А.Шлюбскага (ч. 1—2, 1927—28), «Народныя песні з мелодыямі» М.Гарэцкага і А.Ягорава (1928), тэарэтычныя даследаванні М.Нікольскага «Міфалогія і абрадавасць валачобных песень» (1931), «Жывёлы ў звычаях і вераваннях беларускага сялянства» (1933) і інш. Праблемам бел. фальклору прысвечаны арт. З.Бядулі, У.Дубоўкі, К.Крапівы, А.Шлюбскага і інш. Значная збіральніцкая і даследчыцкая праца вялася ў Зах. Беларусі і Латвіі: «Беларускія народныя песні» Р.Шырмы (1929), «Народная творчасць латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў» С.Сахарава (1940). Багаты фалькл. архіў АН Беларусі знішчаны ням. фашыстамі ў Вял.Айч. вайну.
У пасляваенны час аднавіў работу сектар этнаграфіі і фальклору Ін-та гісторыі АН Беларусі. На базе яго і сектара мастацтвазнаўства Ін-та літаратуры ў 1957 створаны Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Збіранне, публікацыя і даследаванне бел. вусна-паэт. твораў набыло сістэмны мэтанакіраваны характар. Шырока разгарнулася збіранне фальклору перыяду Вял.Айч. вайны. Тэарэтычныя даследаванні яму прысвяцілі Л.Бараг, Г.Барташэвіч, М.Грынблат, І.Гутараў, Л.Мухарынская, А.Фядосік. Выйшлі кн. «Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы» Ф.Янкоўскага (1957, 3-е выд. 1992), «Беларускія народныя песні» Р.Шырмы (т. 1—4, 1959—76), «Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны» (1961). Выдадзены шэраг рэгіянальных фалькл. зборнікаў: «Песні сямі вёсак: Традыцыйная народная лірыка Міншчыны» (укладальнік Н.Гілевіч), «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Брэсцкая вобласць» (укладальнік В.Захарава, абодва 1973); «Песні беларускага Паазер’я» (1981), «Песні беларускага Палесся» (1983—84), «Песні беларускага Падняпроўя» (1999, усе З.Мажэйка, апошні — з Т.Варфаламеевай); «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыцыйныя жанры. Гомельская вобласць» (1989, укладальнікі В.Захарава, Р.Кавалёва, В.Ліцьвінка, У.Раговіч), «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Мінская вобласць» (1995, укладальнікі В.Ліцьвінка, Г.Кутырова); «Песенны фальклор Палесся» У.Раговіча (т. 1—3, 2001—04), «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. Магілёўскае Падняпроўе» (т. 1, 2001, укладальнікі Т.Варфаламеева, В.Басько, М.Козенка і інш.), «Вяселле на Гомельшчыне: Фальклорна-этнаграфічны зборнік», «Народная міфалогія Гомельшчыны» (абодва 2003, укладальнікі І.Штэйнер, В.Новак) і інш. Вылучаюцца зборнікі Н.Гілевіча, у якіх у адпаведнасці з жанрава-відавой прыналежнасцю сістэматызаваны нар. творы: «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983). З 1970 выдаецца серыя «Беларуская народная творчасць» (Дзярж. прэмія Беларусі 1986), у якой класіфікаваны і сістэматызаваны матэрыял з экспедыцый, раней апублікаваных крыніц, архіваў, выпрацаваны прынцыпы тэксталагічнай работы, навук. каменціравання і інш. Выдадзена 45 тамоў. Звод серыі — самы поўны збор лепшых узораў нар. песень, казак, легенд, паданняў, прыпевак, прыказак, прымавак, загадак, жартаў, гумарэсак, анекдотаў, гульняў, пахавальных галашэнняў, а таксама тэарэт. матэрыялаў для вывучэння гісторыі фальклору і даследавання праблем гуманітарных навук, мастацтвазнаўства і інш. Значны ўклад у развіццё бел. фалькларыстыкі зрабілі М.Анцаў, А.Грыневіч, Г.Цітовіч, М.Чуркін і інш.
З 2-й пал. 20 ст. актывізаваліся тэарэт. даследаванні ў галіне гісторыі бел. фальклору. Выйшлі кн. «Паходжанне і гісторыя беларускай вясельнай абраднасці» М.Нікольскага (1956), «Нарысы па беларускаму фальклору» К.Кабашнікава (1963), навуч. дапаможнікі «Беларуская вусна-паэтычная творчасць» (1966) пад рэд. М.Ларчанкі, «Беларускі фальклор: Хрэстаматыя» (1970, 4-е выд. 1996) К.Кабашнікава, А.Ліса, А.Фядосіка, І.Цішчанкі, «Беларуская народнапаэтычная творчасць» (1979), «Сімволіка беларускай народнай культуры» І.Крука (2000), падручнік К.Кабашнікава, А.Ліса, А.Фядосіка, І.Цішчанкі і інш. «Беларуская вусна-паэтычная творчасць» (2-е выд., 2000). Грунтоўна гісторыя бел. фальклору ад старажытнасці да 1960-х г. даследавана ў калект. працы «Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць: Гісторыка-тэарэтычнае даследаванне» (1967). Сістэмны аналіз гістарыяграфіі найважнейшых фалькл. жанраў рус. і ў многіх выпадках бел. фальклору разгледжаны ў кн. «Гістарыяграфія рускай фалькларыстыкі. 1917—1941» А.Марозава (1999). Асноўныя заканамернасці і кірункі развіцця фальклору, змены ў яго жанравым складзе даследаваны ў манаграфіях «Ад традыцыйнага фальклору да рэвалюцыйнай паэзіі» (1969), «Беларускі фальклор у параўнальным асвятленні: Гістарыяграфічны нарыс» (1981) К.Кабашнікава; нар. сатыра ў кн. «Беларуская народная сатырычная проза» (1969), «Трапным народным словам: Сатыра і гумар у беларускай вуснай паэзіі і народнай драме» (1971), «Праблемы беларускай народнай сатыры» (1978) А.Фядосіка; паэтыка бел. фальклору ў працах «Паэтыка беларускіх прыказак» (1971), «Паэтыка беларускай народнай прозы» (1983) М.Янкоўскага; «Паэтыка беларускай лірыкі. Слова і вобраз. Паэтычны сінтаксіс. Гукапіс і рыфма» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976) Н.Гілевіча; «Святло народнага слова» В.Коўтун (1984); «Паэтыка беларускіх абрадавых песень перыядаў каляндарных пераходаў: Семантыка. Вобразны лад. Кампазіцыя» Т.Івахненкі (2002). Даследаванню культу продкаў, архаічных рытуалаў і абрадаў на Тройцу прысвечана манаграфія В.Шарай «Каштоўнасна-нарматыўная прырода ўшанавання продкаў» (2002).
Асобныя віды і жанры бел. фальклору, іх паэтыка і маст. асаблівасці прааналізаваны ў манаграфіях «Наша родная песня» (1968) Н.Гілевіча, «Беларуская казка» Л.Барага (1969), «Беларуская частушка» І.Цішчанкі (1971); «Купальскія песні» (1974), «Валачобныя песні» (1989), «Жніўныя песні» (1993) і «Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: Сістэма жанраў. Эстэтычны аспект» (1998) А.Ліса; «Беларуская народная балада» (1978) Л.Салавей; «Усходнеславянская гумарыстычная песня» У.Васілевіча (1979); «Зімовая паэзія беларусаў» (1980), «Тайны народнай песні» (1994), «Святкаванне Каляд на Беларусі» (1998), «Беларускія загадкі» (2000), «Семантыка і паэтыка сямейнай лірыкі» (2001) А.Гурскага; «Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя» Г.Барташэвіч (1985); «Святы і абрады беларусаў» В.Ліцьвінкі (3-е выд. 2001); «Каляндарна-абрадавая паэзія Гомельшчыны: Да праблем лакальнага, агульнанацыянальнага ў фальклоры» (2001) і «Абраднасць і паэзія «Пахавання стралы» (2002) В.Новак. Упершыню ў славянскай фалькларыстыцы выдадзена фундаментальнае даследаванне ў 6 кнігах з серыі «Беларускі фальклор: Жанры, віды, паэтыка»: «Каляндарна-абрадавая паэзія» (А.Ліс, А.Гурскі і інш.), «Сямейна-абрадавая паэзія. Народны тэатр» (А.Фядосік, Е.Емяльянаў і інш.; абедзве 2001), «Пазаабрадавая паэзія» (А.Гурскі, Г.Пятроўская, Л.Салавей і інш.), «Народная проза» (К.Кабашнікаў, А.Фядосік, А.Цітавец і інш.; абедзве 2002), «Міфалогія. Духоўныя вершы» (А.Ненадавец, А.Марозаў і інш., 2003), «Малыя жанры. Дзіцячы фальклор» (Т.Валодзіна, Г.Барташэвіч і інш., 2004). Функцыянальную прыроду абрадаў і звычаяў даследавалі Т.Валодзіна («Талака ў духоўнай культуры беларусаў», 1977), Г.Таўлай («Беларускае Купалле. Абрад, песня», 1986), А.Лозка («Беларускі народны каляндар», 1993), У.Сысоў («Беларуская пахавальная абраднасць: Структура абраду, галашэнні, функцыі слова і дзеяння», 1995, «З крыніц спрадвечных», 1997) і інш. Музычны фальклор даследавалі А.Аляхновіч, Т.Варфаламеева, З.Мажэйка, Л.Мухарынская, Т.Якіменка, В.Ялатаў і інш., муз. інструменты — І.Назіна, танцавальны фальклор — Ю.Чурко, М.Козенка, Л.Алексютовіч, сувязь бел. літаратуры і вуснапаэт. творчасці — М.Грынчык, В.Каваленка, А.Лойка, А.Макарэвіч, А.Мальдзіс, М.Тычына, І.Чыгрын і інш. Праблемы міфалогіі сістэмна даследаваны ў працах І.Казаковай «Сімволіка і семантыка славянскіх міфалагем (на матэрыялах беларускага фальклору)» (1990), «Міфалагемы і магія ў беларускім абрадавым фальклоры» (1997), А.Ненадаўца «Пакланіцеся дубу», «Святло таямнічага вогнішча» (абедзве 1993), «Каму пакланяліся продкі» (1996), «За смугою міфа» (1999). Выдадзены кнігі пра збіральнікаў бел.нар. вусна-паэт. творчасці А.Багдановіча, З.Даленгу-Хадакоўскага, М.Нікіфароўскага, Е.Раманава, А.Сержпутоўскага, М.Федароўскага, П.Шэйна, М.Янчука.
Бел. фальклор збіралі і даследавалі рус. фалькларысты: П.Бяссонаў, В.Гусеў, П.Кірэеўскі, М.Краўцоў, Э.Памяранцава, В.Сакалова, І.Сахараў, І.Снегіроў, А.Цярэшчанка, К.Чыстоў і інш.; украінскія — А.Дэй, І.Хланта, Н.Шумада, В.Юзвенка і інш.; польскія — А.Баршчэўскі, У.Вярыга, М.Гайдук, З.Глогер, Э.Дмахоўская, Я.Карловіч, О.Кольберг, К.Машынскі, Ч.Пяткевіч, Ф.Сяліцкі, М.Чурак і інш.; чэшскія — Л.Куба, І.Поліўка, А.Чэрны, П.Шафарык. Асобныя фалькл. зборнікі апублікавалі А.Розенфельд (1904), С.Малевіч (1907). Зборнікі бел.нар. казак выдадзены на чэшскай (1957), нямецкай (1966—80), славацкай (1967), балгарскай (1964), польскай (1973, 1976, 1977) і інш. мовах. П.Айснер пераклаў на ням. мову 40 бел.нар. песень, А.Мільен — на французскую бел. калядныя, купальскія, талочныя, юраўскія і інш. песні («Песні расійскага народа»., 1893).
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 1. М., 1916;
Кабашнікаў К.П. Нарысы па беларускаму фальклору. Мн., 1963;
Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст.Мн., 1964;
Яго ж. Гісторыя беларускай этнаграфіі, пачатак XX ст.Мн., 1970;
Гілевіч Н.С. З клопатам пра песні народа. Мн., 1970;
Фядосік А.С. Развіццё беларускай савецкай фалькларыстыкі. Мн., 1977;
Яго ж. Беларуская савецкая фапькларыстыка. Мн., 1987;
Беларуская фалькларыстыка: Збіранне і вывучэнне нар. творчасці ў 60-х гг. XIX — пач. XX ст.Мн., 1989;
Васілевіч У.А. Збіральнікі. Мн., 1991;
Касько У.К. Святло далёкай зоркі Мн., 1997;
Саламевіч І.У. Беларускі фальклор (1926—1963): Кароткі бібліягр.давед.Мн., 1964;
Грынблат М.Я. Беларуская этнаграфія і фалькларыстыка: Бібліягр. паказ. (1945—70). Мн., 1972.
А.С.Фядосік.
Тытульны ліст кнігі «Беларускія вясельныя абрады і песні ў параўнанні з велікарускімі». Санкт-Пецярбург. 1897.Кнігі серыі «Беларуская народная творчасць».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА ЭПОХІ БАРОКА (канец 16—1-я пал. 18 ст.).
Контррэфармацыя, што пачалася ў ВКЛ у 1570-я г., абумовіла ўзнікненне ў бел. літаратуры інш. кірунку, уздзеянне якога на творчасць пісьменнікаў паступова нарастала. Ідэолагі контррэфармацыі імкнуліся аднавіць традыцыі дарэнесансавай царк. культуры, хоць і не адмаўлялі дасягненняў эпохі Адраджэння. Кніга езуіта П.Скаргі «Жыціі святых» (1579) знаёміла правасл. чытачоў з багатай еўрап. агіяграфічнай літаратурай, прадстаўленай у новым барочным ракурсе. Моцнае ўздзеянне познасярэдневяковай літаратуры заўважаецца ў творчасці уніяцкага палеміста і гістарыёграфа Л.Крэўзы. Айч. традыцыі павучальнага і ўрачыстага красамоўства спрабаваў адрадзіць у сваіх пропаведзях правасл. апалагет Л.Карповіч. Элементы сярэдневяковага светапогляду заўважаюцца ў творчасці Афанасія Філіповіча. На працяглы час вядучым жанрам стала царк.-палемічная літаратура, якая развівалася з улікам рытарычных дасягненняў рэфармацыйнай публіцыстыкі, але яе асн. зместам стала палеміка вакол праблем, звязаных з прыняццем царк. уніі. Важную ролю адыгрывалі брацтвы, якія садзейнічалі кансалідацыі патрыят. сіл бел. і ўкр. народаў у барацьбе супраць польска-каталіцкага ўплыву і асімілятарскай палітыкі вярхоў Рэчы Паспалітай. Шырокі літ. рух перыяду позняга Адраджэння і ранняга барока ўключаў у пісьменніцкую дзейнасць людзей рознай культурна-рэліг. і моўнай арыентацыі (вялікае распаўсюджанне атрымалі творы, напісаныя беларусамі па-польску), рознага сац. паходжання і адукацыі, эстэт. густу і літ. таленту, што ў цэлым адыграла важную ролю для эпохі барока. Найб. глыбокім філас. і тэалагічным зместам вызначаюцца творы ініцыятара і прапагандыста царк. уніі П.Скаргі, які ў сваіх трактатах акрэсліў выгоды, што атрымаюць праваслаўныя ў выніку уніі, і пераконваў у неабходнасці развіцця ў Беларусі і Літве еўрап. сістэмы адукацыі, якая паслужыць пашырэнню сапраўднай навукі, росту інтэлектуальнага і культ. ўзроўню насельніцтва. Блізкія ідэі выказваў І.Пацей у шэрагу кніг, напісаных на польскай і бел. мовах («Унія», 1595; «Гармонія», «Рэляцыя», абедзве 1608, і інш.). З палемічнымі мэтамі аўтар выкарыстоўвае магчымасці маст. апавядання і аб’ектыўна паказвае цяжкае становішча правасл. царквы, знаёміць з умовамі і атмасферай, якая пануе сярод насельніцтва і змагароў за праваслаўе. Істотнае значэнне для развіцця палемічнай літаратуры меў калект.зб. «Пасланне да лацін з іх жа кніг» (каля 1580), складзены правасл. манахамі Супрасльскага манастыра. З гэтага твора пачынаецца сатырычны паказ каталіцызму, што ў далейшым паспрыяла станаўленню гумарыстычнай традыцыі.
Адным з найбуйнейшых прадстаўнікоў палемічнай л-ры быў аўтар «Трэнаса» М.Сматрыцкі. Сімвалізуючы становішча правасл. царквы ў вобразе жанчыны-маці, пісьменнік перасягнуў палемічную задачу і па-майстэрску адлюстраваў стан псіхалогіі чалавека, які жыве на пераломе эпох. Пасля прыняцця уніі М.Сматрыцкі ўжо выступіў супраць уласных твораў і пачаў абараняць ідэю аб’яднання цэркваў. Істотны ўклад у развіццё палемічнай публіцыстыкі зрабілі І.В.Руцкі, І.Кунцэвіч, М.Бранеўскі, С. і Л. Зізаніі, Г.Сматрыцкі, Афанасій Філіповіч, С.Косаў і інш. У выніку абвостранай барацьбы многія творы выходзілі ананімна або пад псеўданімамі (Арталог, Філалет, Клірык Астрожскі; «Антырызіс», «Перасцярога» і інш.). Сярод іх літ.-маст. якасцямі вызначаецца «Апакрысіс»’Хрыстафора Філалета, дзе аўтар намаляваў карціну сапраўднага жыцця народа і духавенства, з нац. пазіцый выкрыў спробы паланізацыі бел. і ўкр. насельніцтва.
Ва ўмовах крызісу рэнесансавага светапогляду, новых гіст.-палітычных рэалій (унія ВКЛ і Польшчы) развіццё агульнадзярж. бел.-літоўскага летапісання прыпыняецца, аднак працягваюць складацца мясц. летапісы. Выдатны помнік гіст. прозы таго часу — Баркулабаўскі летапіс, змест якога цесна звязаны з сял. побытам і нар. ўяўленнямі пра розныя гіст. падзеі 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. У творы назіраецца павелічэнне ролі аўтарскага пачатку, некаторыя фрагменты змяшчаюць прамыя аўтабіягр. запісы. Пашырэнне культ. узаемасувязей з замежнымі краінамі выклікала цікавасць да гісторыі інш. народаў і зямель, што прывяло да пашырэння хранографаў. На аснове перакладзеных на бел. мову хронік М.Стрыйкоўскага і М.Бельскага, а таксама перакладных сярэдневяковых хронік, гіст. аповесцей і інш. крыніц у 17 ст. складзена «Вялікая хроніка» — своеасаблівая кампіляцыя па сусв. гісторыі. Спалучэнне розных літ. крыніц пры вызначальнай ролі летапісання назіраецца ў гісторыка-мемуарнай літаратуры, якая асабліва актыўна пашырылася пасля ваен. падзей, паўстання Б.Хмяльніцкага і інш. У багатых зместам дыярыушах І.Будзілы, Я.П.Сапегі, С. і Б.К. Маскевічаў, П.К.Абуховіча складаецца ўяўленне праіндывід. характар, яго супярэчнасці і зменлівасць, што матывуецца як воляй чалавека, так і знешнімі абставінамі. Адначасова ў гісторыка-мемуарнай літаратуры ўмацоўваецца аўтарскі пачатак, робіцца стаўка на самавыяўленне шляхам пісьменніцкай творчасці, а ў лацінамоўным «Дыярыушы» А.С.Радзівіла (1656) выяўляюцца элементы творчай задумы і маст. фантазіі. Станаўленне літ. апісанняў вандровак звязана з дыярыушамі А.Каменскага-Длужыка, Т.Білевіча і інш.
Этапнай з’явай было ўзнікненне парадыйна-сатыр. прозы: «Прамова Мялешкі» (2-я чвэрць 17 ст.), «Ліст да Абуховіча» (1655). Творчая задума і маст. фантазія ўпершыню становяцца фактарамі, што абумовілі існаванне гэтых твораў як з’яў уласна маст. літаратуры. Бурнае развіццё перажывала паэзія, дзе пануючым відам заставаліся панегірычныя вершы. Эпікграмы складалі Ф.Даманеўскі, С.Косаў, І.Палоўка, М.Сматрыцкі, С.Собаль, І.Труцэвіч, Ф.Утчыцкі, але большасць твораў гэтага жанру ананімная. Эпікграмы ствараліся на магнатаў, граматыкі, гербы гарадоў і інш., але, нягледзячы на тэматычную стракатасць, змест іх быў даволі вузкі, а маст. сродкі шаблонныя. Сярод ананімных вылучаюцца эпікграмы, прысвечаныя Агінскім, Хадкевічам і Валовічам. Прывітальныя вершы знакамітым асобам пісалі Сімяон Полацкі, І.Яўлевіч і інш. Складаліся розныя дыдактычныя творы: царк.-павучальныя (А.Мужылоўскі, Хрыстафор Філалет, Афанасій Філіповіч) і маральна-павучальныя (Я.Даманеўскі, Л.Зізаній, Л.Мамоніч). Асветніцкім зместам вылучаліся «Жыццё сельскае і гарадское», «Перасцярога і заахвочванне тым, хто многа гаворыць і думае, але нічога не робіць», «Суцяшэнне тым, каму мужы перашкаджаюць паводзіць сябе з годнасцю» Я.Даманеўскага (Любча, 1620—23). У іх аўтар асуджае паразітызм шляхты, проціпастаўляючы яму «натуральнае» жыццё сялян, і з выкарыстаннем побытавых дэталей апісвае бел. гарады 17 ст. Выкладанне граматыкі, рыторыкі і паэтыкі ў навуч. установах прадугледжвала напісанне студэнтамі вершаў на розныя тэмы, у т. л. асветніцкіх (або школьных), у якіх у даходлівай форме апісваліся і тлумачыліся малавядомыя рэчы, з’явы, выкрываліся маральныя заганы і інш. Майстрам школьнай паэзіі быў Сімяон Полацкі, які ўзбагаціў бел. літаратуру новымі тэмамі і ідэямі, формамі і жанрамі, узняў сілабічнае вершаскладанне на больш высокую ступень. Дзякуючы яго асветніцкай і паэт. дзейнасці ў Маскве, вершаскладанне і першая паэт. школа з’явіліся ў Расіі. Новым відам паэзіі была лірыка, прадстаўленая патрыят. вершам Я.К.Пашкевіча «Полска квітнет лаціною...» (1621). Твор прысвечаны ролі бел. мовы ў жыцці краю, напісаны правільным 4-стопным харэем, што служыць паказчыкам высокага ўзроўню паэт. майстэрства аўтара. Патрыят. тэматыка распрацавана ў польскамоўнай паэме Т.Яўлевіча «Лабірынт...» (1625) — цалкам свецкім дэмакр. творы.
Асобнае месца ў гэты час займала лац. паэзія розных відаў і жанраў. З дзейнасцю паэтаў-новалаціністаў звязана ўзнікненне першых літ. гурткоў пры двары Радзівілаў (Б.Будны, Д.Набароўскі, С.Рысінскі) і ў Віленскай акадэміі (М.Кміціц, С.Лаўксмін, М.К.Сарбеўскі і інш.). Значны ўклад у развіццё прыгожай славеснасці зрабіў «славянскі Гарацый» М.К.Сарбеўскі, аўтар од, гімнаў, рытарычных прамоў і цыкла літ.-знаўчых прац па тэорыі красамоўства, рыторыцы і паэтыцы барока. Высокамаст. вершы, прысвечаныя ваенным падзеям, складаў С.Рысінскі. Працягам гераізацыі гіст. мінулага Беларусі, распачатай Я.Вісліцкім і Міколам Гусоўскім, з’яўляецца паэма Я.Радвана «Радзівіліяда» (1588). У цэнтры твора — падзеі Лівонскай вайны 1558—83. Але для ўвасаблення творчай задумы аўтар выкарыстоўвае сродкі ант. паэтыкі, напаўняе класічную форму гісторыяй сям’і Радзівілаў, якая цікавіць паэта толькі ў сувязі з гісторыяй Айчыны. У драматургіі ўмацоўвалася творчая фантазія, вымысел як прынцып літ. творчасці. Інтэрмедыі ўсё больш нагадваюць займальныя замалёўкі з жыцця ніжэйшых слаёў грамадства. У творах дзейнічаюць абагульненыя тыпы (селянін, яўрэй, студэнт, казак, шляхціц, поп), але паступова героі атрымліваюць уласныя імёны. Сімпатыі аўтараў інтэрмедый цалкам на баку селяніна, які прадстае прасцяком толькі знешне і з гонарам выходзіць са складаных сітуацый. Сярод перакладных пераважаюць займальныя і павучальныя творы: «Траянская гісторыя», «Рымскія дзяянні», «Вялікае зярцала» і інш.
У 1-й пал. 17 ст. ў бел. літаратуры пачаўся працэс дыферэнцыяцыі і трансфармацыі літ. родаў і жанраў, выпрацоўваліся маст.-эстэт. прынцыпы творчасці. Адно з галоўных яе дасягненняў — узнікненне і развіццё цікавасці да прыватнага жыцця чалавека невысокага сац. стану. Творча асімілюючы дасягненні зах.-еўрап. літаратур на ўсходнеслав. глебе, бел. літаратура стала пасрэдніцай паміж літаратурамі еўрап. Захаду і слав. Усходу.
У складаных умовах перыяду позняга барока (2-я пал. 17—1-я пал. 18 ст.) пачаўся пераход ад даўняй да літаратуры Новага часу. У 1696 бел. мова была забаронена для афіц. ўжытку, а з 1730-х г. спынілася бел. кнігадрукаванне (акрамя Магілёўскай друкарні, што выдавала кнігі на бел. варыянце царкоўнаслав. мовы). Літаратура на бел. мове стала пераважна рукапіснай і ананімнай. Глыбокі ўнутраны крызіс, нашэсце армій, паліт. заняпад феад. дзяржавы, паланізацыя інтэлігенцыі, шляхты і часткі гар. насельніцтва, памяншэнне правоў ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай і інш. спарадзілі да 1740-х г. адносны застой у культ. развіцці. Змена сац. умоў і гіст. сітуацыі патрабавала ад літаратуры змены ўнутр. фактараў існавання, пераразмеркавання сваіх магчымасцей і рэзерваў. У пераходны перыяд вырасла роля вуснай нар. творчасці, што абумовіла росквіт свецкай ананімнай лірыкі, якая бытавала ў складзе ананімных рукапісных зборнікаў (Аршанскага, Варшаўскага, Курніцкага, Маскоўскіх і інш.). У лірыцы склаліся 3 асн. разнавіднасці, супараўнальныя з трыма стылямі маст. барока. Духоўная паэзія «высокага» стылю прадстаўлена вершамі і кантамі, аднак у цэлым адбывалася яе разбурэнне знутры. Амаль спынілася развіццё эпічнай духоўнай паэзіі. Адзіны яе прыклад — паэма «Пентатэугум, або Пяць кніг кароткіх...» А.(Яна) Белабоцкага, напісаная з тыповай барочнай ускладненасцю: штучныя, экспрэсіўныя карціны пакут грэшнікаў мала пераконваюць чытача, больш значнымі з’яўляюцца карціны сац. крытыкі; царкоўнаслав. мова месцамі заблытаная і цяжкая для ўспрыняцця. На скрыжаванні «высокага» і «сярэдняга» стыляў развівалася грамадска-філас. лірыка, у якой закраналіся гал. праблемы чалавечага існавання. Упершыню з’явіліся матывы долі-нядолі (вершы «Куды толькі ні пайду, нідзе шчасця не знайду...», «Хадзіў казак у чужы строны...» і інш.), бесчалавечнасці прыгону, суму па лепшых часах (вершы «Было ліха шмат на свеце...», «Я сірата, не маю радзімы...» і інш.). У грамадска-філас. лірыцы чалавек раскрываўся як маленькая часцінка космасу. Асэнсаванне гэтай сувязі чалавека з сац. асяроддзем было ўжо з’явай новай бел. літаратуры.
«Сярэдняе» (і часткова «нізавое») барока прадстаўлена любоўнай лірыкай, што стваралася ў непасрэднай сувязі з музыкай. Каханне выяўляецца як супярэчлівае пачуццё, на якім ляжыць барочны цень смерці. Агульны пафас любоўных вершаў трагічны — чалавек адчуў непадуладныя волі стыхіі ў самім сабе. У «нізавой» любоўнай лірыцы, звязанай з праявамі своеасаблівага «эратызму», уласцівага літаратуры класіцызму на Захадзе, у жартоўным плане абыгрываліся інтымныя адносіны палоў («Аб раі салодкія ўспаміны», «Апісанне персяў жаночых» Ф.У.Радзівіл). Адпор варожаму і незразумеламу асяроддзю давала «нізавая» сатыр. лірыка («Хадзіў чэрнчык улечкою...», «Ляцеў, ляцеў чорны жук...» і інш.). Пераходнымі паміж сатыр. лірыкай позняга барока і бурлескна-сатыр. паэзіяй Асветніцтва былі «звярыныя гратэскі» Д.Рудніцкага. У алегарычным апісанні нягод птушак, насякомых, дробных жывёл угадваецца жыццё дробнамаёнткавай шляхты, што церпіць ад драпежнікаў-магнатаў. Асаблівае месца ў «зніжанай» духоўнай лірыцы займаюць калядныя песні з адлюстраваннем жыцця бел. селяніна і яго светаўспрымання («У Бэтлееме, убогім доме»). Дзякуючы гумару і быт. характару дзеяння хрысц. святыя становяцца падобнымі да звычайных зямных людзей. Грамадска-культ. ўмовы пераходнага перыяду не былі спрыяльнымі для шматбаковага развіцця эпічных жанраў, асабліва «высокіх»: маст. барока не магло асэнсаваць складаныя ўзроўні сац. адносін у гіст. працэсе, яно толькі эмацыянальна адчувала новае ў жыцці, чым і абумоўлены росквіт лірыкі.
Тагачасная гіст. проза прадстаўлена нешматлікімі хронікамі і набліжанымі да іх дыярыушамі (Я.А.Храпавіцкага, С.Незабітоўскага і інш.). Найб. значны гіст. твор — Магілёўская хроніка Т.Сурты і Ю.Трубніцкага, якая нагадвае летапіс, што з канца 17 ст. пераходзіць у дзённік горада і складаецца з асобных апавяданняў. Стыль помніка вызначаецца рэзкімі кантрастамі, прагай да сенсацыйнасці, незвычайнасці апісанага. У творы шмат вострадраматычных эпізодаў і займальных аповедаў, якія перамяжоўваюцца са звычайнымі дзелавымі запісамі, намаляваны яркія вобразы знакамітых гіст. асоб 1-й пал. 18 ст. З «сярэднім» стылем барока былі звязаны аўтабіягр. жанры літаратуры. Мемуарыстыка прадстаўлена дыярыушамі Я.Цадроўскага, Т.Г.Абуховіча, К.Завішы і інш. У іх адчуваецца індывід. далучанасць аўтараў да падзей, што вяло да пашырэння жанру дзённіка. Змена звычайных і незвычайных фактаў жыцця, пададзеных у люстры індывід. уражанняў і пачуццяў, становіцца асноватворным прынцыпам апавядання ў дзённіках М.К.Радзівіла Рыбанькі, невядомага ашмянскага шляхціца і шматлікіх інш. творах. У 18 ст.літ. апісанні вандраванняў складалі Я.Комар, Я.К.Сапега, Л.Сяніцкі і інш. На скрыжаванні розных жанраў узнікае маст.аўтабіягр. проза. У «Жыцці і пакутах...» І.Турчаноўскага (каля 1746) яшчэ моцнай застаецца сувязь з мемуарыстыкай 17—18 ст., аднак з дапамогай фантазіі нязначныя знешнія падзеі разгортваюцца ў ланцуг прыгод, што аддаляе літ. героя ад рэальнага аўтара і ўключае персанаж у жыццёвую стыхію. Яшчэ ў большай ступені літ.-маст. пачатак выявіўся ў творы С.Р.Пільштын «Рэха, на свет пададзенае, заняткаў падарожжа і жыцця майго авантураў...» (каля 1760), які сведчыць пра станаўленне ў Беларусі жанру прыгодніцкага рамана. Паколькі аспект адкрыцця чалавечай асобы ў эпоху Адраджэння стрымліваўся агульнаграмадскімі ідэямі і сярэдневяковымі традыцыямі, то бел. барока ў многіх адносінах брала на сябе функцыі Адраджэння, чым садзейнічала далейшай дэмакратызацыі, секулярызацыі і гуманізацыі бел. літаратуры.
На працягу 18 ст. шырока распаўсюджваліся часткова перакладныя, часткова арыгінальныя гумарыстычныя зборнікі анекдотаў («Безліч рэчаў, торба смеху, гарох з капустай, а кожны сабака з другой вёскі...» К.А.Жэры і інш.); узмацнялася сатыр. плынь, звязаная з развіццём літ. традыцыі, закладзенай у «Прамове Мялешкі» і «Лісце да Абуховіча» і блізкай да сатыр. лірыкі. Сатыра набывала востры антыклерыкальны і антыфеад. характар. У «Казані рускім», «Казані рускім схізматычным» і інш. з «высокага» ў «нізкае» ператвараліся асобныя біблейскія вобразы і сюжэты (пра стварэнне свету і першых людзей), у карыкатурным выглядзе выстаўляліся носьбіты ідэалаў ранейшых эпох — хрысц. святыя і юродзівыя («Грамата... да святога Пятра»), парадзіраваліся высокія жанры павучальнага і ўрачыстага красамоўства, рытарычнай паэзіі і прозы, афіц.дзярж. дакументы і аджылая феад. рэчаіснасць («Прамова русіна», «Другая прамова русіна пра нараджэнне Хрыста»). У сатыр. творах часта сустракаюцца прымаўкі і прыказкі, вобразныя параўнанні, насычаныя духам сац. і нац. пратэсту. Шырокае распаўсюджанне тэатр. дзеяў абумовіла далейшае развіццё драматургіі. Да сярэдзіны 18 ст. склаліся школьны, прыдворны (і аматарскі), народны кірункі развіцця драматургічнага мастацтва. У школьным т-ры працягвалася эвалюцыя інтэрмедыі, якая трансфармавалася ў самаст. жанр, незалежны ад сюжэта драмы («Селянін і студэнт», «Селянін і вучань-уцякач» і інш.). Героі набываюць індывід. рысы («Змітрок і Свірыд»), а змест твораў — рэзкае сац.- і нац.-вызваленчае гучанне: героі-сяляне глядзяць на панскую культуру як на чужую [«Селянін у касцёле», інтэрмедыі да драмы «Уваскрэсенне мёртвых» Г.Каніскага (1747) і інш.]. З развіццём інтэрмедыі звязана ўзнікненне ў пач. 18 ст.бел. камедыі. Хоць першая камедыя «Вакханалія» (1725) напісана па-польску і сюжэт яе быў далёкі ад бел. рэальнасці, у ёй разам з польскімі панамі і антычным мудрацом дзейнічаюць сяляне Васіль і Селівон, якія размаўляюць па-беларуску. У далейшым інтэрмедыя канчаткова саступае месца камедыі. Станаўленне прыдворнай драматургіі звязана з імем Ф.У.Радзівіл, якая распрацавала адмысловую методыку творчай адаптацыі зах.-еўрап. і ант. п’ес і сюжэтаў на бел. глебу. Прыдворны тэатр паступова ператвараўся ў аматарскі (М.Радзівіл). У нар. тэатры ажыццяўляліся пастаноўкі па біблейскіх і гіст. сюжэтах («Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба», якое напачатку існавала ў школьным асяроддзі, «Цар Максімілян» і інш.). Своеасаблівай з’явай стала батлейка — пераробка школьнай драмы для пастаноўкі ў лялечным тэатры. На працягу ўсяго перыяду ў час нар. свят разыгрываліся розныя гульні з элементамі тэатралізацыі, у якіх выкарыстоўваліся напаўфалькл. тэксты і сюжэты. У перыяд барока ўласна маст. творчасць канчаткова вылучылася з агульнай масы пісьменства, склалася сістэма сучасных літ. родаў і пачалася жанравая дыферэнцыяцыя; узнікла цікавасць да нар. жыцця, паглыбіліся ўяўленні пра каштоўнасць і непаўторнасць чалавечай асобы, узмацнілася сувязь літаратуры з вусна-паэт.нар. творчасцю. Багатая і разнастайная літ. спадчына Беларусі даўняга перыяду — праўдзівае люстра багатага і складанага духоўнага жыцця бел. народа на працягу стагоддзяў, каштоўны пласт нац. культуры, непаўторная і арганічная старонка агульнаеўрап. літ. працэсу свайго часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫМСтаражытны
(лац. Roma),
найбуйнейшая антычная цывілізацыя са своеасаблівай дзяржаўнасцю і культурай у 8 ст. да н.э. — 5 ст.н.э. Горад Рым узнік у 753 да н.э. і на працягу 5—3 ст. да н.э. падпарадкаваў усе плямёны Апенінскага п-ва, а з канца 3 ст. да н.э. стаў цэнтрам міжземнаморскай дзяржавы, якая пазней уключала зах. і паўд.-ўсх. Еўропу, М.Азію, узбярэжжа Паўн. Афрыкі, Сірыю, Палесціну і інш.
Гісторыя. Сучасныя даследчыкі падзяляюць гісторыю стараж.-рым. цывілізацыі на 3 перыяды: царскі (753—510 да н.э.), рэспубліканскі (510—31 да н.э.) і імператарскі (31 да н.э. — 476 н.э.). Паводле ант. традыцыі, у першы перыяд у Р. правілі 7 цароў, пачынаючы з Ромула. Пры царах Р. заняў дамінуючае становішча ў Лацыі. Стараж. гісторыкі сведчаць (пацверджана археал. звесткамі), што Р. узнік шляхам сінайкізму 3 плямён — лацінаў, сабінаў і этрускаў. Сац.-паліт. арганізацыя ранняга (архаічнага) Р. будавалася на кроўнароднасных і суседскіх прынцыпах. Як родаплемянное аб’яднанне Р. уключаў 300 родаў, 30 курый (брацтваў) і 3 трыбы (племені, пазней — акругі). Членаў кожнага роду аб’ядноўвалі агульныя найменне, рэліг. культ і зямельныя ўладанні. Рым. гентыльная абшчына была блізкая да суседскай, бо аб’ядноўвала ўсіх людзей, што жылі на яе тэрыторыі. Абшчынныя землі сталі асновай рым.дзярж. зямельнага фонду (агер публікус), які ўвесь час папаўняўся за кошт захопу зямель у італікаў. Самай малой гасп. і сац. адзінкай была вял. патрыярхальная сям’я. Даследчыкі адзначаюць неразвітасць дзярж. інстытутаў у царскім Р., структура якога складалася з выбарнага цара, савета старэйшын (сената) і нар. сходу. Цар сумяшчаў функцыі вярх. жраца, военачальніка, гал. суддзі і заканадаўцы. У сенат уваходзілі 300 старэйшын патрыцыянскіх родаў. Грамадства складалася з саслоўяў патрыцыяў, плебеяў і рабоў (гл.Рабства). Плебеі першапачаткова былі па-за грамадз. абшчынай. На аснове маёмаснай і сац. дыферэнцыяцыі складалася асобая форма сац. адносін — кліентэла. Ант. традыцыя прыпісвае Сервію Тулію (6 ст. да н.э.) рэформы, у выніку якіх плебеі ўвайшлі ў склад рым. народа (populus romanus). Ён стварыў з патрыцыяў і плебеяў адзінае войска (камплектавалася з коннікаў, цяжка- і лёгкаўзброенай пяхоты).
Сфарміраваныя ім 193 цэнтурыі былі і ваен. атрадамі і адзінкамі, што галасавалі на нар. сходах (цэнтурыяльных каміцыях). Рэгулярна праводзіўся цэнз — перапіс насельніцтва і ацэнка яго маёмасці, гал. крытэрыем якой была зямля. Ваен. і цэнзавая рэформы аслабілі ўплыў родавай знаці. Рэшткі родавага ладу канчаткова ліквідаваны з увядзеннем новага адм.-тэр. падзелу, калі асн. структурнай адзінкай стала трыба (як акруга). Па трыбах праводзілася галасаванне на карпаратыўных сходах плебса. У царскі перыяд адбылося поўнае аддзяленне рамёстваў ад сельскай гаспадаркі, узнік рэгулярны ўнутраны абмен. У выніку паўстання ў 510 да н.э. супраць Тарквінія Гордага царская ўлада скінута і ўзнікла рэспубліка. Для знешняй палітыкі ранняй рэспублікі (5—пач. 3 ст. да н.э.) характэрна барацьба Р. за ўладаранне ў Італіі, для ўнутр. — процістаянне плебеяў і патрыцыяў. З 5 ст. да н.э. Р. вёў войны з лацінамі, сабінамі, эквамі, вольскамі, этрускамі, грэкамі і інш. плямёнамі за пашырэнне сваёй тэрыторыі. Для гэтага ён заключаў часовыя саюзы з аднымі плямёнамі супраць другіх. Пераможаныя абшчыны Р. далучаў да сваёй паліт. структуры ці заключаў з імі саюз. Саюзнікі захоўвалі ўнутр. самакіраванне, але страчвалі права на самаст. знешнюю палітыку і павінны былі аказваць Р. ваен. дапамогу. На іх тэр. рымляне засноўвалі калоніі сваіх грамадзян. Так узнік рымска-італійскі саюз з розным прававым статусам яго членаў, з адзінай дзярж. мовай (латынь), звязаны сеткай брукаваных дарог у адзінае гасп. цэлае. Рым. дзяржава разам з саюзнікамі і калоніямі была падзелена на 35 трыб. Рым. грамадзянін меў права валодаць зямельнай маёмасцю, удзельнічаць у галасаванні ў каміцыях і быць абраным на дзярж. пасады. У выніку Саюзніцкай вайны 90—88 да н.э. і агульнаіталійскага паўстання супраць Р. такія правы атрымалі ўсе італікі. Асновай унутр. развіцця рэсп. Р. была барацьба плебеяў за доступ да ўлады і фонду грамадскай зямлі. Тактыкай ваен. забастовак (сэцэсій) плебеі дамагліся прыняцця закону, які ўводзіў пасаду нар. трыбуна (з 494 да н.э.) з плебеяў.
У сярэдзіне 5 ст. да н.э. пад іх націскам прыняты Законы XII табліц, якія рэгулявалі крымінальнае і сямейнае права, судаводства, прыватную ўласнасць; забараняліся асабістыя прывілеі; прыгавораны магістратам да пакарання смерцю меў права апеляваць да нар. сходу. Пазней плебеі былі дапушчаны да магістратуры і кансулату. Дазваляліся міжсаслоўныя шлюбы, забаранялася пазыковая кабала. У выніку змянілася сац. структура рым. грамадства, узнікла новая арыстакратыя — набілітэт. Ураўнаванне ў правах патрыцыяў і плебеяў прывяло да фарміравання грамадз. абшчыны, падобнай да грэч.поліса. Гэта была арыстакратычная рэспубліка, у якой улада належала нар. сходу і магістратам, пастаянным кіруючым органам быў сенат, члены якога прызначаліся пажыццёва. Магістратура дзейнічала калегіяльна і галосна. Выключэннем была надзвычайная магістратура — дыктатура на выпадак асабліва небяспечнай вайны. Вышэйшы магістрат (дыктатар, консул, прэтар) меў правы: камандаваць войскам, выконваць вышэйшую юрысдыкцыю, склікаць сенат і нар. сходы. У час рэспублікі каміцыі праходзілі па курыях, цэнтурыях і трыбах. Сфарміраваліся саслоўі сенатараў і коннікаў. У час дыктатуры Луцыя Карнелія Сулы [83—79 да н.э.] дзейнасць нар. трыбунаў і каміцый абмежавана, паўнамоцтвы вышэйшых магістратаў засяроджаны ў руках адной асобы. Экспансія Р. ў гэты час выйшла па-за межы Апенінскага п-ва. За панаванне ў Зах. Міжземнамор’і Р. змагаўся з Карфагенам. Пасля 3 Пунічных войнаў, якія скончыліся перамогай над Карфагенам, Р. у 2—1 ст. да н.э. заваяваў полісы Балканскай Грэцыі, Македонію, эліністычныя царствы і стаў найбуйнейшай Міжземнаморскай дзяржавай. Пры гэтым у Р. захоўвалася грамадз. абшчына з рэсп. выбарнай сістэмай кіравання. З-за адсутнасці пастаяннага дзярж. апарата ўзнікла форма водкупу на збор падаткаў. У якасці адкупшчыкаў (публіканаў) найчасцей выступалі рым. коннікі. Нар. сход як найважнейшы ін-т поліснай дэмакратыі перажываў крызіс з-за таго, што ў каміцыях маглі ўдзельнічаць толькі жыхары Р. і яго наваколля. На змену поліснаму апалчэнню стала фарміравацца прафес. армія.
У 1 ст. да н.э.рым. рэспубліка як полісная структура не магла ўжо эфектыўна вырашаць пытанні вял. дзяржавы. Публіканы і палкаводцы пачалі кіраваць усім паліт. жыццём Р. Паліт. крызіс выліўся ў грамадз. войны груповак знаці. У 60-я г. да н.э. ўзнік 1-ы трыумвірат (Юлій Цэзар, Гней Пампей і Марк Крас). У час грамадз. вайны была ўстаноўлена дыктатура Юлія Цэзара [48—44 да н.э.]. Пасля яго забойства склаўся 2-і трыумвірат (Марк Антоній, Актавіян і Лепід). Антоній атрымаў у кіраванне ўсх. правінцыі, Актавіян — Італію і зах. правінцыі. Аднак з-за збліжэння Антонія з егіп. царыцай Клеапатрай пачалася новая грамадз. вайна, у якой перамог Актавіян (гл.Аўгуст) і стаў аднаасобным правіцелем Рым. дзяржавы. З часу яго праўлення Р. ператварыўся ў імперыю. Яго гісторыю падзяляюць на раннюю імперыю (1—3 ст.н.э.) — прынцыпат і познюю (4—5 ст.) — дамінат. Сучасная гіст.л-ра вызначае Рым. імперыю як універсальную дзяржаву, у межах якой сістэма самастойных і часткова самастойных абшчын трансфармавалася ў адзіную паліт. структуру, аб’яднаную агульным заканадаўствам. У час ранняй імперыі яшчэ існавалі сенат і каміцыі, але імператар (прынцэпс — першы грамадзянін) выступаў як носьбіт сукупных паўнамоцтваў рэсп. магістратаў, абапіраўся на ўласныя казну (фіск), гвардыю (прэтарыянскія кагорты) і армію. Яго вярх. ўлада стала спадчыннай. Узніклі першыя дынастыі рым. правіцеляў: Юліяў-Клаўдзіяў [27 да н.э. — 68 н.э.], Флавіяў [69—96], Антанінаў [96—192], Севераў [193—235]. У часы іх праўлення сфарміраваўся цэнтралізаваны бюракратычны апарат, ведамствы якога займаліся і ўнутр. справамі, і справамі правінцый (гл.Рымскія правінцыі).
У 212 усё вольнае насельніцтва імперыі атрымала правы рым. грамадзянства. Заканадаўства і вышэйшая юрысдыкцыя сталі прэрагатывай імператараў, асабістыя іх загады (канстытуцыі) набылі сілу закону. Сфарміраваўся імператарскі савет — кансісторыя (юрысты, вышэйшыя чыноўнікі, набліжаныя імператара). У часы прынцыпату да Р. далучаны Галія, Іспанія, Германія, Брытанія, Далмацыя, Мёзія, Панонія, Дакія. У 3 ст.Рым. імперыю ахапіў паліт. крызіс, якому спадарожнічалі анархія і палацавыя смуты, эпідэміі і эканам. разруха. За 235—284 у Р. змянілася больш за 2 дзесяткі «сенацкіх» і «салдацкіх» імператараў. На У саперніца Р. Парфія прэтэндавала на рым. ўладанні ў Сірыі і Месапатаміі. Каб процістаяць націску варварскіх плямён і прадухіліць распад імперыі, у яе межах была створана ваен.-бюракратычная манархія — дамінат. Яе стваральнікі Дыяклетыян і Канстанцін I правялі рэформы, накіраваныя на паліт. і эканам. стабілізацыю; правінцыі былі разбуйнены, грамадз. ўлада аддзелена ад ваеннай. З імем Канстанціна I звязана афіц. прызнанне хрысціянства нараўне з інш. рэлігіямі. Сталіца была перанесена ў г.Канстанцінопаль. Скарацілася праслойка вольных абшчыннікаў, землі якіх паглыналі буйныя маёнткі — латыфундыі, сальтусы і імператарскія дамены. Пашырылася сістэма каланату, пры якой сяляне ператвараліся ў калонаў — напачатку вольных, а потым залежных арандатараў. Цэнтр эканам. жыцця перамясціўся ў магнацкія маёнткі, у якіх развівалася шматгаліновая гаспадарка. У гэты час рэзка скараціўся гандаль, гарады прыходзілі ў заняпад. Адкрытае паліт. жыццё згортвалася, вольныя грамадзяне ператвараліся ў падданых імператара, узмацніўся падатковы ўціск, ішло рэзкае сац. размежаванне на саслоўі «высакародных» і «нізкіх». Працэс эканам. і паліт. дэцэнтралізацыі асабліва моцна праявіўся ў зах.ч. імперыі, тэрыторыю якой захоплівалі варварскія плямёны. З 4 ст.вял. пагрозай для яе сталі готы, якія разам з інш.герм. плямёнамі, іранскімі аланамі і азіяцкімі гунамі наносілі шматлікія ўдары па Р.
У 395 імперыя афіцыйна падзялілася на Усх. грэчаскамоўную і Зах. лацінамоўную. У 476 камандуючы імператарскай гвардыяй германец Адаакр скінуў апошняга імператара Ромула Аўгустула і заснаваў на тэр. Італіі сваю дзяржаву. Зах.Рым. імперыя спыніла існаванне. Гісторыю Усх.Рым. імперыі гл. ў арт.Візантыя.
Выхаванне і адукацыя. Старажытнарымская сістэма выхавання была арыентавана на падрыхтоўку моцных, валявых і дысцыплінаваных грамадзян. У ранні яе перыяд выхаванне і навучанне вяліся ў сям’і. Багатыя рымляне (нобілі) для хатняга навучання сваіх дзяцей запрашалі настаўнікаў-грэкаў. У 3—2 ст. да н.э. пачалі ўзнікаць дзярж. і прыватныя навуч. ўстановы. Элементарную адукацыю давалі трывіяльныя школы (найчасцей прыватныя), дзе вучылі пісьму, чытанню, лічэнню, уменню выразна дэкламаваць творы знакамітых аўтараў, вывучалі асн.рым. законы. Яны мелі няпэўны тэрмін навучання, розныя праграмы, у іх вучыліся хлопчыкі і дзяўчынкі 6—11-гадовага ўзросту. Дзеці самых бедных рымлян не мелі магчымасці атрымаць такую адукацыю і таму звычайна былі непісьменнымі. У школах павышанага тыпу (граматычных) вывучалі гісторыю, філасофію, геаграфію, геаметрыю, музыку, астраномію, грэч. мову; вучыліся хлопчыкі (з I ст.н.э. і дзяўчынкі) 12—15-гадовага ўзросту. Напачатку школы былі грэчаскія, пазней — лац. і грэка-лацінскія. Для граматычных школ ствараліся спец. падручнікі і хрэстаматыі, якія змяшчалі ўрыўкі з твораў Гамера, Вергілія, Цыцэрона і інш. У рытарскіх школах вучыліся дзеці арыстакратыі, іх рыхтавалі да практычнай кар’еры. Настаўнікі рыторыкі вучылі найперш аратарскаму майстэрству (красамоўству), давалі таксама веды па філасофіі, гісторыі, праве і інш. Вучоба пачыналася звычайна ва ўзросце 14—15 гадоў, і працягвалася да 19, часам і пазней. У 1 ст.н.э.асн. лічыліся 9 навуч. дысцыплін: граматыка, рыторыка, дыялектыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка, медыцына, архітэктура.
У 5 ст. паступова выключаны медыцына і архітэктура, т.ч. аформілася праграма «сямі вольных мастацтваў» (яны сталі асновай адукацыі эпохі сярэдневякоўя). Пазней школьны курс «сямі вольных мастацтваў» падзелены на 2 часткі — «трывіум» (граматыка, рыторыка, дыялектыка) і «квадрывіум» (арыфметыка, геаметрыя, астраномія і музыка). У позні перыяд у Р. пачала фарміравацца хрысц. сістэма навучання і выхавання, у аснове якой былі біблейскія запаветы, ідэі любові да людзей, духоўнага самаўдасканалення, прыярытэт веры над ведамі і навукай, сувязь навучання з маральным рэліг. выхаваннем. Напачатку дзеці з хрысц. сем’яў вымушаны былі наведваць навуч. ўстановы ант. тыпу — грамат., рытарскія школы. У 2—3 ст. узніклі ўласна хрысц. школы, напр., катэхізіса, кафедральныя і епіскапскія школы, дзе асн. было вывучэнне Бібліі.
Міфалогія і рэлігія. Традыцыйна адносіны рымлян з багамі будаваліся на ўзор «фармальнага дагавору». Меркавалася, што калі людзі дакладна выконвалі ўсе рэліг. абрады і рытуалы, то багі зробяць усё, аб чым іх просяць. Рымскія жрацы былі пераважна выбарнымі асобамі, хаця часам іх прызначаў вярх. жрэц — пантыфік. Асаблівасцю стараж.-рым. рэлігіі была наяўнасць багоў, якія ўвасаблялі абстрактныя і маральныя паняцці. Напр., багіня Фідэс увасабляла вернасць клятве, Канкордыя — згоду, Юстыцыя — справядлівасць, Фартуна — шчасце, Пакс — мір, Гонар — пашану, Віртус — доблесць, мужнасць. У стараж. рымлян адсутнічала развітая міфалогія. Паводле найб. ранніх міфалагічных вераванняў, напачатку існаваў першабытны Хаос (у вобразе Януса), з якога пазней узнік увесь свет. Таму творцам усяго існага ў свеце лічыўся Янус, які ў больш позні перыяд стаў увасабленнем усякага роду пачаткаў, у т. л. чалавечага жыцця, богам уваходаў і выхадаў, дагавораў і саюзаў. У яго гонар пабудавана мноства храмаў. Адным са стараж. багоў быў Сатурн (у грэкаў Кронас) — уладар часу, заступнік пасеваў, міфічны цар вобласці Лацый. У яго гонар праводзілася адно з самых улюбёных свят — Сатурналіі (адзначаліся 17—23 снежня), у час якіх людзі ладзілі баляванні, карнавалы, давалі падарункі, весяліліся.
Да паважаных і ўплывовых багоў належалі Юпітэр, Юнона, Мінерва, Марс, Дыяна, Венера, Меркурый, Нептун, Апалон, Веста і інш. Вярхоўным богам-царом, «бацькам багоў», уладаром неба, грому і маланкі быў Юпітэр. Яго жонкай і адначасова сястрой, а таксама ахоўніцай шлюбу, заступніцай жанчын і мацярынства, была Юнона. Багіняй вайны і дзярж. мудрасці, ахоўніцай Рыма, заступніцай рамёстваў і мастацтва лічылася Мінерва. На Капіталійскім узгорку ў Рыме быў пабудаваны храм 3 багоў — Юпітэра, Юноны і Мінервы (т. зв. Капіталійская трыяда). Бога вайны Марса лічылі бацькам заснавальнікаў Рыма — братоў-блізнят Ромула і Рэма. Было мноства т. зв. хатніх божастваў, найб. папулярнымі з іх былі пенаты, геніі, лары, маны. Пенаты лічыліся ахоўнікамі дома, сям’і і дзяржавы. Геніі спачатку лічыліся заснавальнікамі роду, божаствамі мужчынскай сілы, пазней — духамі-ахоўнікамі людзей. Лары — божаствы-ахоўнікі сям’і і ўсіх сфер чалавечага жыцця. Маны — духі памерлых продкаў. Ім прыносілі ахвяраванні (віно, малако, кроў свіней, быкоў, чорных авечак). Існавалі таксама багі «ўзроставыя» (дзяцінства, юнацтва), пэўных сітуацый і станаў (поспеху, надзеі, вернасці, страху і інш.). Рымскія багі апісаны ў творах ант. паэтаў Вергілія і Авідзія. У 1 ст.н.э. ва ўсх. правінцыях Рым. імперыі ўзнікла і пачало паступова пашырацца хрысціянства. Першыя хрысціяне цярпелі моцныя ганенні. У 4 ст. хрысціянства стала дзярж. рэлігіяй Рым. імперыі, пачалося разбурэнне язычніцкіх храмаў, знішчэнне помнікаў язычніцкага (паганскага) мастацтва, забаронены Алімпійскія гульні.
Філасофія. Старажытнарымская філасофія фарміравалася ў 3—2 ст. да н.э. пад уплывам грэч. філасофіі. Тады ж склаліся розныя філас. кірункі, школы, у т. л.стаіцызм, эпікурэізм, неаплатанізм. Найб. пашырэнне ў Р. атрымала філас. школа стаіцызму. Яе буйнейшыя прадстаўнікі (Сенека, Эпіктэт, імператар Марк Аўрэлій) разглядалі філасофію як вучэнне пра дасягненне маральнага ідэалу, унутр. духоўнай свабоды і шчасця. Для гэтага неабходна было змірыцца са знешнімі абставінамі, імкнуцца да дабрачыннасці, адмовіцца ад свецкіх спакус. Стоікі прызнавалі наяўнасць натуральнай роўнасці ўсіх людзей і свабоднага чалавечага духу. Яны прыкметна паўплывалі на станаўленне ранняга хрысціянства. У эпоху імператарскага Р. найб. пашыраны эпікурэізм (Лукрэцый, Гарацый, Цыцэрон і інш.). Лукрэцый Кар (99—55 да н.э.), імкнучыся вызваліць людзей ад забабонаў, страху перад багамі і смерцю, развіваў ідэі аб натуральным паходжанні чалавека, праслаўляў чалавечы розум, вышэйшай мэтай жыцця лічыў дасягненне асалоды, заклікаў людзей радавацца жыццю і атрымліваць ад гэтага задавальненне. Неаплатанізм быў своеасаблівым сінтэзам вучэнняў Платона, Арыстоцеля, стоікаў і эпікурэйцаў, а таксама ўсх. містыкі. Яго заснавальнікі і найб. вядомыя прадстаўнікі Плацін і Прокл прапаведавалі перакананне ў тым, што існуе найвышэйшае бязмежнае божаства (т.зв. «Адзінае»), якое ўладарыць над усім светам. Усё існуючае ў свеце — вынік эманацыі (выцякання) гэтага непазнавальнага «Адзінага», таму дух чалавека павінен вызваліцца ад улады цела і зямлі і зліцца з «Адзіным». Хрысц. філасофія пачала фарміравацца ў Р. ў 2—3 ст.н.э. ў форме апалагетыкі і патрыстыкі. У хрысціянстве існавала дваістае стаўленне да філасофіі: з аднаго боку, яе адмаўлялі (Тэртуліян) як спакусу, што адлучае чалавека ад Бога, з другога, наадварот, лічылі яе адным са шляхоў пазнання Бога. Стваральнікам уласна хрысц. філасофіі лічыцца Аўрэлій Аўгусцін (354—430), які стварыў своеасаблівы сінтэз неаплатанізму і хрысціянства.
Прыродазнаўчыя навукі. Помнікаў навук. л-ры эпохі Рым. рэспублікі захавалася мала. З 1 ст. да н.э. тут узмацніўся ўплыў грэч. культуры, вял. аўтарытэтам карысталіся прыродазнаўчанавук. погляды Арыстоцеля; творам гэтага вучонага і яго школы быў нададзены той выгляд, у якім яны пазней вывучаліся і каменціраваліся ва ўсёй Еўропе. З 1 ст.н.э. развіваліся матэматыка і астраномія. Стараж.-грэч. астраном і матэматык Менелай Александрыйскі праводзіў сістэм. назіранні нябесных свяціл, напісаў кнігу па сферычнай геаметрыі і трыганаметрыі, Дыяфант — фундаментальную «Арыфметыку», Пталамей выклаў геацэнтрычную сістэму свету. Вядомы працы па механіцы і оптыцы, хаця яны, як і матэматыка, у рымлян мелі вузка прыкладны характар. Была пашырана астралагічная л-ра. Своеасаблівыя помнікі рым.навук.-тэхн. л-ры — творы па сельскай гаспадарцы (Катон Старэйшы, Варон і інш.). Вял. колькасць прац рым. аўтараў прысвечана архітэктуры, буд. справе, гідратэхніцы і ваен. тэхніцы. Развівалася апісальнае прыродазнаўства, асабліва батаніка, у т. л. вывучэнне лек. раслін. Дасягненні медыцыны абагульнены ў працах Галена. Прадстаўнікамі прыродазнаўства былі Сенека і Пліній Старэйшы. Характэрныя рысы рым. навукі — выкладанне навук. пытанняў у літ.-займальнай форме (творы Лукрэцыя, Вергілія і інш.) і стварэнне своеасаблівых энцыклапедый (Варон, Цэльс). Апошнім рым. вучоным можна лічыць Баэцыя. Пашырэнне Рым. дзяржавы спрыяла развіццю геагр. ведаў. Ваен. паходы і экспедыцыі, далёкія падарожжы купцоў прыносілі новыя геагр. звесткі. Больш канкрэтнымі сталі веды пратэр.еўрап. краін, у т. л.тэр. сучаснай Беларусі, што ў асн. звязана з гандлем бурштынам, які паступаў у Рым з берагоў Балтыйскага мора. У «Геаграфіі» Страбона прыведзены звесткі пра ўсе вядомыя рымлянам краіны і народы, у «Геаграфіі» Пталамея выкладзены метады навук. картаграфавання, да яе былі прыкладзены 27 карт усіх вядомых на той час тэрыторый — ад Канарскіх а-воў да Кітая. Першы геагр. трактат на латыні стварыў Мела Пампоній. Шмат геагр., гіст. і этнагр. звестак у «Запісках...» Юлія Цэзара, у працах Плінія Старэйшага, Тацыта, Аміяна Марцэліна і інш.Геагр. кругагляд рымлян быў больш шырэй, чым у стараж. грэкаў: яны лепш за грэкаў ведалі Сярэднюю і Паўн. Еўропу, Зах., Паўд. і Усх. Азію, Афрыку да паўд. межаў Сахары.
Гістарычная навука ў Р. пачалася з пагадовых запісаў (аналаў), спісаў вышэйшых службовых асоб (фастаў) і сямейных хронік знатных родаў. На іх аснове ў 2 ст. да н.э. выдадзены 80 кніг «Вялікага летапісу», якія сталі першакрыніцай для рым. гісторыкаў-аналістаў. У ант. гістарыяграфіі спалучаліся і навук. (крытычны падыход да крыніц, расчляненне падзей па часе) і маст. (ідэалізацыя, займальнасць, вымысел) прыёмы. Найб. вядомае аналітычнае апісанне зрабіў Ціт Лівій у «Рымскай гісторыі ад заснавання горада» (з 142 кн. цалкам захавалася 35). Раннія рым.гіст. працы напісаны на грэч. мове. Катон Старэйшы (234—149 да н.э.) першы выкарыстаў лац. мову ў творы «Пачаткі», дзе разглядаў паходжанне ўсіх плямён і гарадоў Італіі. Пачынальнікамі жанру гіст. манаграфіі сталі Салюстый (86—35 да н.э.) і Юлій Цэзар. Гіст. творы Салюстыя «Пра змову Катыліны» і «Югурцінская вайна» паўплывалі на гісторыкаў сярэдневякоўя і новага часу. Пазіцыя аўтара, як непасрэднага ўдзельніка падзей, выразна выявілася ў творах Юлія Цэзара «Запіскі пра гальскую вайну» (у 7 кн.) і «Запіскі пра грамадзянскую вайну» (у 3 кн.). Значную літ. спадчыну пакінуў Цыцэрон (гісторыка-філас. і паліт. трактаты, прамовы і лісты). Да самастойнага гіст.-літ. жанру можна аднесці яго перапіску (захаваліся 864 лісты) і прамовы (захавалася 58 поўных прамоў). У эпісталярнай і публіцыстычнай спадчыне Цыцэрона ёсць звесткі прапаліт. жыццё Р. 1 ст. да н.э. У часы імперыі вядучай формай рым. гістарыяграфіі заставалася аналістыка. Тацыт (55—120 н.э.) у «Гісторыі» (у 14 кн.) і «Аналах» (у 16 кн.) апісваў унутрыпаліт. праблемы перыяду прынцыпату.
Храналагічны паслядоўнік Тацыта ў часы дамінату Аміян Марцэлін (4 ст.н.э.) у кн. «Слаўныя ўчынкі» давёў апісанне рым. гісторыі да 378 н.э. Вядучымі прадстаўнікамі грэч.гіст. навукі ў Р. былі Палібій (200—120 да н.э.; «Усеагульная гісторыя» ў 40 кн.) і Плутарх (46—119 н.э.; «Параўнальныя жыццеапісанні»). Гісторык Светоній (каля 70 — каля 140; «Жыццё дванаццаці цэзараў») узняў біяграфію на ўзровень сур’ёзнага гіст. даследавання. Т.ч., для гіст. навукі характэрны рацыяналістычны і крытычны падыходы, выпрацоўка асн. жанраў гіст. апавядання, увядзенне ў гістарыяграфію храналогіі, поўнае і аб’ектыўнае адлюстраванне паліт., сац., і культ. жыцця Рым. дзяржавы.
Літаратура Р. на лац. мове мае пераемны характар: засвоіла грэч. міфалогію і л-ру (жанры, памеры, сюжэты, паэт. формы). Разам са стараж.-грэч. л-рай яна складае антычную л-ру. Далітаратурны перыяд (8—4 ст. да н.э.) вядомы па сведчаннях больш позніх аўтараў і па ўрыўках твораў, што захаваліся. Ён прадстаўлены абрадавымі песнямі, дыдактычным фальклорам, зачаткамі эпасу (у бяседных песнях) і драмы (у нар. жартоўных спевах — фесцэнінах і фарсавых сцэнках — атэланах), кнігамі жрацоў (аналамі), аратарскімі прамовамі, юрыд. тэкстамі (Законы XII табліц). Першы лац. празаік Апій Клаўдзій запісаў свае прамовы і склаў зборнік маральных сентэнцый у вершах. Рым. пісьмовая паэзія з’явілася ў перыяд росквіту і крызісу рэспублікі (3—2 ст. да н.э.). Лівій Андронік пераклаў на лац. мову «Адысею» Гамера, грэч. трагедыі і камедыі. Невій узбагаціў грэч. п’есы рым. тэматыкай, стварыў нац. эпапею «Песня пра Пунічную вайну». Эпічная паэма ў 18 кн. «Аналы» («Летапіс») пра гісторыю Рыма ад Энея да сучаснасці — гал. твор Энія, аўтара філас. прац, трагедый, эратычных вершаў, эпіграм, сатураў («мешаніны» — зб-каў кароткіх вершаў і празаічных твораў разнастайнага зместу). Камедыю з грэч. сюжэтам (паліяту) распрацоўвалі Плаўт і Тэрэнцый; з мясц. італійскім сюжэтам (тагату) — Тыцыній, Афраній, Ата; трагедыю на ўзор грэч. развівалі Пакувій і Акцый. Супраць грэч. ўплыву за рым. самабытнасць выступаў Катон Старэйшы — аратар і тэарэтык аратарскага мастацтва, пачынальнік рым. гістарыяграфіі. Жанр сатуры ўдасканальваў Луцылій.
З твораў гэтага перыяду поўнасцю захаваліся толькі камедыі Плаўта і Тэрэнцыя. У перыяд грамадз. войнаў і гібелі рэспублікі (сярэдзіна 2 ст. — 40-я г. 1 ст. да н.э.) лідзіравала красамоўства. Аратарскае мастацтва і філас.-рытарычныя працы Цыцэрона прынеслі яму славу стваральніка рым. класічнай прозы. Вядомым аратарам і пісьменнікам, аўтарам гіст. твораў быў Цэзар, заснавальнікам жанру гіст. манаграфіі — Салюстый. У тагачаснай паэзіі пераважаў настрой індыферэнтызму. Лукрэцый бачыў выратаванне ад грамадскага крызісу ў эпікурэйскай філасофіі (дыдактычная паэма «Аб прыродзе рэчаў»), Катул — у асабістым жыцці (лірычныя цыклы да Лесбіі, да сяброў). Перыяд станаўлення імперыі (2-я пал. 1 ст. да н.э. — пач. 1 ст.н.э.) — «залаты век» рым. паэзіі. З усталяваннем міру пасля грамадз. войнаў і прыходам да ўлады прынцэпса Аўгуста роля паэзіі пабольшала, адбыўся зварот да класічнага стылю і гарманічнай формы (эпічныя паэмы «Энеіда» і «Георгікі» Вергілія, «Оды» Гарацыя). Склалася тэндэнцыя да ідэалізацыі і прапаганды ідэалаг. асноў новага ладу. Вергілій і Гарацый, што ўваходзілі ў літ. гурток Мецэната, апявалі доблесці старой рэспублікі, сцвярджалі імперскую місію Р. Больш незалежнымі ад паліт. жыцця заставаліся гурткі Месалы і Асінія Паліёта. У жанры элегіі, абмежаванай любоўнай тэматыкай, выступалі Гал, Тыбул, Праперцый і Авідзій — апошні вял. паэт эпохі Аўгуста. Вядучы пісьменнік-празаік — Ціт Лівій. У л-ры эпохі імперыі вылучаецца паслякласічны перыяд — «сярэбраны век» (1 ст.н.э. — пач. 2 ст.н.э.). «Новы стыль», адметны разнастайнасцю рытарычных прыёмаў, нечаканымі сентэнцыямі і цягай да афектацыі, увайшоў у творчасць Сенекі, Лукана (эпічная паэма «Фарсалія»), Персія (маралістычныя сатыры), Петронія. Эзопаўскія традыцыі працягваў рым. байкапісец Федр. Марцыял выкрываў заганы грамадства ў іранічных эпіграмах, Ювенал — у гнеўна-абвінаваўчых сатырах. Тыранічны рэжым імперыі адлюстраваў гісторык і пісьменнік Тацыт. Адыход ад «новага стылю», арыентацыя на класіцызм уласцівы творчасці тэарэтыка красамоўства Квінтыліяна і яго вучня Плінія Малодшага, паэтаў Стацыя, Сілія Італіка, Валерыя Флака. У перыяд позняй рым. л-ры (2—5 ст.н.э.) узмацнілася роля правінцый, адрадзілася грэч.л-ра, развіваліся архаічныя тэндэнцыі. У прозе выступілі гісторык Светоній, збіральнік цытат з твораў грэч. і рым. аўтараў Аўл Гелій, пісьменнік Апулей. У 3 ст.л-ра Р. заняпала. З 4 ст. вядучая роля належала хрысц. л-ры на лац. мове (Амвросій Медыяланскі, Аўгусцін, Іеранім), якая засвоіла тэхніку рым. рыторыкі і паэзіі. Апошнія рым. аўтары — паэты Аўсоній і Клаўдзіян, аратар Сімах, гісторык Аміян Марцэлін, філосаф Баэцый.
На працягу тысячагоддзя, да адкрыцця помнікаў стараж.-грэч. л-ры, л-ра Р. была адзінай крыніцай знаёмства з ант. культурай. Яна паўплывала на л-ру Адраджэння і класіцызму ў большай ступені, чым грэч.л-ра. Традыцыямі л-ры Р. жывілася лацінамоўная паэзія Беларусі (Я.Вісліцкі, Мікола Гусоўскі, С.Будны, М.Сарбеўскі і інш.). На бел. мову творы стараж.-рым. аўтараў перакладалі М.Багдановіч (ода «Помнік» Гарацыя, урыўкі з «Метамарфозаў» Авідзія), Л.Баршчэўскі (урыўкі з «Энеіды» Вергілія, з «Журботных элегій» Авідзія, байкі Федра), П.Бітэль («Метамарфозы, ці Залаты асёл» Апулея), Ю.Дрэйзін («Аб прыродзе рэчаў» Лукрэцыя), А.Жлутка (оды Гарацыя), У.Караткевіч (вершы Катула) і інш.
Тэатр. Узнікненне і развіццё тэатр. мастацтва звязана са святамі ўраджаю, у час якіх выконваліся песні-жарты ў форме дыялогу (фесцэніны), быт. камічныя сцэнкі (сатуры), якія ўключалі дыялог, спевы, музыку, танцы, пераапрананне ўдзельнікаў у казла, барана, авечку і інш. У 4 ст. да н.э. з’явілася нар.імправіз. камедыя — атэлана, вызначальнай асаблівасцю якой стала наяўнасць 4 пастаянных персанажаў-масак: гарбуна, абжоры, дурня, суддзі. У 1 ст. да н.э. пашырыўся інш. від нар. прадстаўленняў — мім. У 240 да н.э. Лівій Андронік паставіў першую драму паводле грэч. арыгінала. З 2-й пал. 3 ст. да н.э. ставіліся трагедыі і камедыі паводле грэч. узораў, якія паклалі пачатак нац. драматургіі. Драматург Невій стварыў прэтэксту (жанр трагедыі на сюжэты са стараж.-рым. гісторыі), якая дасягнула росквіту ў творчасці Акцыя. Вял. поспехам карысталася паліята — камедыя, якая была перапрацоўкай новай ант. камедыі (Невій, Плаўт, Тэрэнцый, Цэцылій Стацый). У 2 ст. да н.э. паліята змянілася тагатай, у якой адлюстроўвалася жыццё рым. грамадзян, пераважна ніжэйшых слаёў насельніцтва (Ата, Афраній, Тыцыній). У пач. 1 ст. да н.э. тагату змяніла літаратурна апрацаваная атэлана, якая ў сярэдзіне 1 ст. да н.э. была выцеснена літаратурна апрацаваным мімам. Тэатр. прадстаўленні ставіліся ў час штогадовых дзярж. свят, у сувязі з трыумфальнымі і пахавальнымі гульнямі, выбарамі вышэйшых службовых асоб і інш. Першапачаткова спектаклі ставіліся каля храмаў багоў, у гонар якіх наладжваліся гульні, на прымітыўных драўляных сцэнах, якія з 3 бакоў абкружаліся лаўкамі для гледачоў. Першы каменны т-р у Р. пабудаваў Пампей у 55—52 да н.э. У 3—2 ст. да н.э. акцёры (вольнаадпушчальнікі ці рабы) ігралі без масак. Жаночыя ролі выконвалі мужчыны. Сярод вядомых акцёраў 1 ст. да н.э. трагік Эзоп і камічны акцёр Росцый. У 1—5 ст.н.э. пераважалі прадстаўленні забаўляльнага, відовішчнага характару: у дзеянне ўключаліся шэсці войск, палонных, выступленні дзікіх жывёл і інш. У 1—2 ст. у трагедыі на першы план выйшла вакальнае майстэрства акцёра, вял. ўвага аддавалася раскошным дэкарацыям і разнастайным сцэн. эфектам. Найб. папулярныя жанры — атэлана, пантамім (сольны драм. танец, звычайна на міфалагічны сюжэт, суправаджаўся музыкай і спевамі хору), пірыха (выконвалася ансамблем танцоўшчыкаў і танцоўшчыц). Вял. поспехам карыстаўся мім, які да 5 ст. ператварыўся ў вял. імправізацыйную п’есу са складаным сюжэтам і выцесніў усе інш. віды прадстаўленняў, акрамя танцавальных.
Пашырэнне гладыятарскіх і марскіх (наўмахіі) баёў, цкаванне на арэнах людзей драпежнымі жывёламі і інш. крывавых відовішчаў, якія сталі ўлюбёнымі прадстаўленнямі грамадства, прывяло рым.тэатр. мастацтва да заняпаду.
Музыка. Стараж. Р. развівалася пад уплывам эліністычнай культуры. У ёй склаліся і самабытныя быт.муз.-паэт. жанры: песні трыумфальныя, шлюбныя, застольныя, памінальныя. Вядома пра напевы саліяў (жрацы бога Марса) і «арвальскіх братоў» (рым. калегія жрацоў; захаваўся іх гімн). У муз. жанрах і ў складзе інструментарыя адчувальны іншаземныя ўплывы, што тлумачыцца стракатасцю муз. жыцця (грэч. кіфарэды, александрыйскія спевакі, танцоры з Сірыі, Іспаніі і інш.). Музыка і паэзія былі ўзаемазвязаны: паэт. творы (оды Гарацыя, эклогі Вергілія, паэмы Авідзія) спявалі ў суправаджэнні струнных, шчыпковых інструментаў (тыбіі, кіфары). З муз. інструментаў вядомы таксама разнавіднасці арфы і ліры, гідраўлас (вадзяны арган). На святах у гонар бога Вакха (вакханаліях) гучалі кімвалы. Музыка набыла відовішчна-забаўляльны характар (цыркавыя, тэатр. прадстаўленні і інш.). У развіцці інстр. музыкі значная роля належала тэатр. пантаміме, якая выконвалася танцорам-салістам у суправаджэнні хору і пад акампанемент аркестра. Пры ваен. легіёнах існавалі вял. духавыя аркестры, якія складаліся з букцын (выгнутых рагоў), туб (прамых труб) і інш. З канца 1 ст.н.э. вядомы «капіталійскія спаборніцтвы» (засн. імператарам Даміцыянам), у якіх побач з паэтамі ўдзельнічалі спевакі і музыканты. Як спявак, паэт і кіфарэд вядомы імператар Нерон. Сярод музыкантаў эпохі Рым. імперыі Анаксенор, Дыядор, Тыгелій і інш. З 2 ст. вядомы звесткі пра раннехрысц. музыку.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Мастацтва Стараж. Р. належыць да найвышэйшых дасягненняў сусв. культуры. У сваім развіцці яно апіралася на багатую спадчыну Стараж. Грэцыі, традыцыі этрускаў і ўласныя. У стараж. перыяд развівалася ў рамках італійскіх археал. культур эпохі жалеза. У часы фарміравання ўласна стараж.-рым.маст. культуры (8—4 ст. да н.э.) этрускія асаблівасці храмавых пабудоў (3-часткавая цэла, подый, порцік і інш.) сталі характэрнымі рысамі рым. культавай архітэктуры (храм Юпітэра Капіталійскага). Ў 4 ст. да н.э. з’явіліся жылыя дамы з атрыем (закрытым унутр. дваром). Рым. архітэктар і інжынер Вітрувій стварыў трактат «Дзесяць кніг пра архітэктуру» — першую буд.-тэхн. энцыклапедыю (1 ст. да н.э.), што захавалася ад ант. часоў. У перыяд войнаў Р. з Карфагенам і позняй рэспублікі (3—1 ст. да н.э.) распрацавана горадабуд. сістэма планіроўкі горада з 2 перакрыжаванымі магістралямі на ўзор ваен. лагера. Цэнтр. плошча (форум) афармлялася грамадскімі будынкамі і храмамі (Рымскі форум, форум у Пампеях). Склаўся тып рым. храма з дакладнай восевай кампазіцыяй і вылучаным гал. фасадам і тып грамадскага збудавання (базіліка, тэатр, амфітэатр, цырк, тэрма, адэон). Жыллё арыстакратаў са шматлікімі памяшканнямі, вадаёмамі, дэкар. скульптурай і размалёўкамі («тэрасныя» дамы ў Геркулануме) кантраставала з забудовай гар. кварталаў 3—5-павярховымі дамамі для бедных — інсуламі. З вынаходніцтвам бетону ўзнікла новая тэхніка муроўкі сцен, у буд-ве пашырана канструкцыя аркі. Высокім майстэрствам вылучаліся інж. збудаванні — крапасныя сцены, акведукі, масты, дарогі. Пабудовы перыяду росквіту Рым. імперыі (20-я г. да н.э. — 2 ст.н.э.) вызначаюцца манум. пластычнасцю, дамінуючай роляй аркі (арачна-скляпеністых канструкцый), шырокім выкарыстаннем дэкар. жывапісу і скульптуры. Спецыфічнай адметнасцю стала т. зв. ордэрная аркада — сістэма паярусных ордэраў, накладзеная на прарэзаную аркамі сцяну (амфітэатр Рымскі калізей). Гал. віды мемар. збудаванняў — трыумфальная арка (арка Ціта) і трыумфальная калона (калона Траяна, арх. Апаладор з Дамаска), надмагіллі, у сярэдзіне 1 ст. ўзмацнілася імкненне да пышнай рэпрэзентатыўнасці арх. кампазіцыі (Рымскі пантэон; т. зв. Залаты дом Нерона, не захаваўся; палац Флавіяў на Палаціне). Планіроўка жылля спалучала атрыумны і грэч. перыстыльны тыпы дома. Для дойлідства перыяду крызісу імперыі (3—4 ст.) характэрны празмерныя маштабы збудаванняў, пышныя дэкар. эфекты, раскоша аддзелкі (арка Канстанціна). Вял. вынаходлівасці дасягнулі дойліды ў афармленні ўнутр. прасторы выдатных помнікаў архітэктуры — тэрмаў Каракалы і базілікі Максенцыя. Будавалі пераважна ў правінцыях (храмавыя комплексы ў Баальбеку, Пальміры, палац Дыяклетыяна ў Спліце). Рэльефамі на гіст. тэмы аздаблялі грамадскія будынкі, гар. брамы, храмы, алтары (т. зв. Алтар Даміцыя Агенабарба). Скульптура прадстаўлена работамі этрускіх майстроў («Капіталійская ваўчыца»). Важнае месца займаў скульпт. партрэт (бюст, статуя), які ў адрозненне ад грэкаў дакументальна ўвасабляў арыгінал. Захаваліся партрэты стараж. дзеячаў — Аўгуста, Траяна, Цыцэрона, Цэзара і інш. У эпоху позняй імперыі распаўсюджаны партрэтныя статуі (у т. л.стараж.-рым. тып статуі «тагатус», які ўвасабляў аратара ў тозе) і бюсты (галава бронз. статуі мужчыны — т.зв. Брут). У афіц. скульптуры ранняй імперыі ўзнікла тэндэнцыя да ідэалізацыі. Разам з тым у творы ўводзіліся святлоценявыя кантрасты, элементы руху, вытанчаная пластычная распрацоўка форм (напр., віртуозная перадача прычосак у жан. партрэтах эпохі Флавіяў, 60—90-я г.). Рэльефы набылі рысы жывапіснасці і напружанай дынамікі (рэльефы аркі Ціта). Ў часы Траяна склаўся тып шматфігурнага батальнага рэльефу (паласа рэльефаў, што абвівае калону Траяна). Пашыраным было капіраванне грэч. статуй. У познарым. скульпт. партрэце пластычныя аб’ёмы і знешнія рысы трактаваліся ўмоўна і схематычна. У размалёўцы жылых дамоў паслядоўна выкарыстоўвалі т. зв. інкрустацыйны і арх.-перспектыўны (1-ы і 2-і пампейскія) стылі дэкар. жывапісу (дом Лівіі на Палаціне). Развівалася мастацтва мазаікі з каляровага каменю і гліптыкі (гемы з цвёрдых парод паўкаштоўных камянёў). Да 60-х г. пераважаў т. зв. 3-і стыль: лёгкія графічныя ўзоры і невял. сюжэтныя карціны на фоне вял. свабоднай прасторы. Яго змяніў т.зв. 4-ы стыль, ці «стыль фантаст. архітэктуры» (2-я пал. 1 ст.н.э.; складаныя, ілюзорна-прасторавыя арх. кампазіцыі). Палітра мазаік узбагацілася смальтай розных адценняў, з 2 ст. пашырылася чорна-белая каменная мазаіка. У дэкар.-прыкладным мастацтве эпохі імперыі вылучаліся творы тарэўтыкі, гліптыкі, «чырвоналакавая» кераміка з рэльефным фігурным дэкорам, са шкла, медальернае мастацтва, мэбля з бронзы і дрэва і інш. Сярод маст. вырабаў вылучаліся партрэтная мініяцюра на залатой фользе, мармуровыя саркафагі з гарэльефнымі шматфігурнымі сюжэтнымі выявамі, у якіх з 3 ст. пашырылася хрысц. тэматыка. З хрысц. культам звязаны і размалёўкі рым. катакомбаў. Узоры дэкар. жывапісу (3-і і 4-ы пампейскія стылі) адлюстраваны ў фрэсках Пампеяў. Ўяўленне пра станковы жывапіс даюць т. зв. фаюмскія партрэты ў Егіпце. З пач. 4 ст. назіраецца адыход ад традыцый ант. мастацтва, пераход да сярэдневякоўя (рэльефы аркі Канстанціна, раннехрысц. саркафагі і інш.). Ант. помнікі Р. ўключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
История Древнего Рима. СПб., 1999;
Гиббон Э. История упадка и разрушения Римской империи: Пер. с англ.: В 7 т. Т. 1—2. СПб., 1997;
Джеймс П. Римская цивилизация: Пер. с англ.М., 2000;
Утченко С.Л. Древний Рим. События. Люди. Идеи. М., 1969;
Нечай Ф.М. Образование римского государства. Мн., 1972;
Маяк И.Л. Рим первых царей: Генезис римского полиса. М., 1983;
Егоров А.Б. Рим на грани эпох: Пробл. рождения и формирования принципата. Л., 1985;
Кнабе Г.С. Древний Рим — история и повседневность: Очерки. М., 1986;
Винничук Л. Люди, нравы, обычаи Древней Греции и Рима: Пер. с пол. М., 1988;
Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990;
Кузищин В.И. Античное классическое рабстве как экономическая система. М., 1990;
Гиро П. Частная и общественная жизнь римлян: Пер. с фр. СПб., 1995;
Штаерман Е.М. История крестьянства в Древнем Риме. М., 1996;
Древний Рим: История. Быт. Культура. М., 1997;
Джонс А.Х.М. Гибель античного мира: Пер. с англ. Ростов н/Д;
М., 1997;
Сергеев И.П. Римская империя в III в. н.э.: Пробл. социально-полит. истории. Харьков, 1999;
Ханкевич О.И. Древние цивилизации. Мн., 2000;
Жураковский Г.Е. Очерки по истории античной педагогики. 2 изд. М., 1963;
Мифы народов мира: Энцикл. Т. 1—2. 2 изд. М., 1991—92;
Лосев А.Ф. Античная философия истории. М., 1977;
Яго ж. История античной эстетики. Кн. 1—2. М., 1992—94;
Яго ж. Словарь античной философии: Избр. ст.М., 1995;
Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995;
Мамардашвили М.К. Лекции по античной философии. М., 1997;
Рожанский И.Д. Античная наука. М., 1980;
Яго ж. История естествознания в эпоху эллинизма и Римской империи. М., 1988;
Дитмар А.Б. География в античное время. М., 1980;
Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. Т. 1. Географические открытия народов Древнего мира и средневековья (до плаваний Колумба). 3 изд. М., 1982;
Бокщанин А.Г. Источниковедение Древнего Рима. М., 1981;
Немировский А.И. У истоков исторической мысли. Воронеж, 1979;
Историки и история: жизнь, судьба, творчество. Т. 1—2, М., 1997—98;
Непот К. О знаменитых иноземных полководцах;
Из книги о римских историках: Пер. с лат.М., 1992;
Плутарх. Сравнительные жизнеописания: Пер. с греч. Т. 1—2. М., 1994;
Саллюстий Г.К. Соч.: Пер. с лат.М., 1981;
Тацит К. Соч.: Пер. с лат.Т. 1—2. М.; Л., 1969;
Записки Юлия Цезаря и его продолжателей: Пер. с лат. Ч. 1—2. М., 1991;
Тронский И.М. История античной литературы. 5 изд. М., 1988;
Лосев А.Ф. Античная литература. 5 изд. М., 1997;
Античные писатели. СПб., 1999;
Каллистов Д.П. Античный театр. Л., 1970;
Античная музыкальная эстетика. М., 1960;
Герцман Е.В. Музыка Древней Греции и Рима. СПб., 1995;
Чубова А.П., Иванова А.П. Античная живопись. М., 1966;
Соколов Г.И.: Искусство Древнего Рима. М., 1971;
Яго ж. Римский скульптурный портрет III в. и художественная культура того времени. М., 1983;
Bloch R. The Origins of Rome. New York, 1960;
Grant M. History of Rome. London, 1978;
Storia di Roma. Vol. 1—4. Toruno, 1988—93.
В.І.Ханкевіч (гісторыя, гістарычная навука), Э.С.Дубянецкі (выхаванне і адукацыя, міфалогія і рэлігія, філасофія), С.Дз.Малюковіч (літаратура), К.А.Рэвяка (тэатр, архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Да арт.Рым Старажытны. Рэльеф з выявай рымскай калясніцы.Да арт.Рым Старажытны. Базіліка Максенцыя (Канстанціна) у Рыме. 306—315.Да арт.Рым Старажытны. Патрыцый з партрэтамі продкаў. Канец 1 ст. да н.э.Да арт.Рым Старажытны. «Капіталійская ваўчыца».Да арт.Рым Старажытны. Арка Канстанціна.Да арт.Рым Старажытны. Саркафаг Канстанцыі. 340.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЯ́НЕ,
найбуйнейшая ў Еўропе група народаў, аб’яднаная блізкасцю моў і агульнасцю паходжання. Размаўляюць на мовах слав. групы (гл.Славянскія мовы) індаеўрапейскіх моў. Падзяляюцца на 3 групы: усходнія (беларусы, рускія, украінцы), заходнія (палякі, чэхі, славакі, лужычане) і паўднёвыя (балгары, сербы, славенцы, харваты, чарнагорцы, баснійцы-мусульмане, македонцы). Складаюць асн. частку насельніцтва Балгарыі, Беларусі, Босніі і Герцагавіны, Македоніі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Харватыі, Чэхіі, Югаславіі; жывуць і ў Германіі. Агульная колькасць слав. народаў — каля 300 млн.чал. (сярэдзіна 1990-х г.).
Гісторыю стараж. С. вывучаюць паводле археал., антрапалагічных, лінгвістычных і этнаграфічных даных, звестак стараж.-грэчаскіх, рымскіх і візантыйскіх гісторыкаў (Пліній Старэйшы, Тацыт, Пталамей, Іардан, Пракопій і інш.), раннесярэдневяковых летапісаў і хронік. Найб. старажытныя гіст. звесткі пра С., вядомых тады пад імем венедаў, адносяцца да 1—2 ст.н.э. З сярэдзіны 6 ст. найменне «С.» неаднаразова сустракаецца ў працах Пракопія, Іардана і інш. Этнонім «С.» выводзяць ад «слова» (г. зн. «славяне» — «тыя, хто разумее словы, мову», у адрозненне ад «нямых» — немцаў).
Звесткі мовазнаўства, у т. л. гідранімікі, звязваюць стараж. С. з шырокай вобласцю Цэнтр. і Усх. Еўропы, ад Эльбы і Одэра на З, у басейне Віслы, у Верхнім Паднястроўі і да Сярэдняга Падняпроўя на У. Паўн. іх суседзямі былі германцы і балты, якія разам са С. складалі паўн. групу індаеўрапейскіх плямён; усх. суседзямі — зах.-іранскія плямёны (скіфы, сарматы), паўднёвымі — фракійцы і ілірыйцы, заходнімі — кельты. Пытанне пра найстаражытнейшую «прарадзіму» С. застаецца дыскусійным.
Паводле меркавання многіх археолагаў, стараж. С., таксама як і германцы і балты, былі нашчадкамі жывёлагадоўча-земляробчых плямён шнуравой керамікі культуры, што на мяжы 3-га і 2-га тыс. да н.э. з Паўн. Прычарнамор’я і Прыкарпацця рассяліліся па Цэнтр., Паўн. і Усх. Еўропе. У наступныя часы даследчыкі прасочваюць С. сярод носьбітаў некалькіх генетычна звязаных археал. культур, у т. л. тшцінецкай культуры (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.), пашыранай паміж Віслай і Сярэднім Дняпром, лужыцкай культуры (15—4 ст. да н.э.) і паморскай культуры (7—2 ст. да н.э.) на тэр. Польшчы, зах. раёнаў Беларусі і Украіны. Некаторыя археолагі лічаць праславянамі носьбітаў чарналескай культуры (10—7 ст. да н.э.) у Падняпроўі, неўраў і скіфаў-земляробаў (паводле Герадота). Існуе меркаванне пра сувязь са С. мілаградскай культуры (7—3 ст. да н.э.) і зарубінецкай культуры, якая існавала з канца 1-га тыс. да н.э. на Прыпяці і ў Сярэднім Падняпроўі; яе пераемніцу кіеўскую культуру (2—5 ст.н.э.) звязваюць з продкамі ўсх. славян.
У 2—4 ст.н.э. ў выніку руху на Пд германскіх плямён (готаў, гепідаў) цэласнасць тэрыторыі С. парушана, што, верагодна, паўплывала на адасабленне заходніх і ўсходніх С. У 3—4 ст. у Сярэднім Падняпроўі і Паўн. Прычарнамор’і жылі плямёны, якія пакінулі чарняхоўскую культуру; мяркуецца, што ў яе складзе быў слав. элемент. Бясспрэчна славянскай была пражская культура, якая ў 5—7 ст. займала вялізную тэр. паміж Дняпром, Прыпяццю, Эльбай і Дунаем.
У канцы 5 ст., пасля падзення дзяржавы гунаў, пачалося прасоўванне С. на Пд (да Дуная, у Паўн.-Зах. Прычарнамор’е) і іх уварванне ў балканскія правінцыі Візантыйскай імперыі (гл.Візантыя). Тады плямёны С. падзяляліся на 2 групы — антаў (урываліся на Балканскі п-аў праз нізоўі Дуная, носьбіты пянькоўскай культуры) і склавінаў (нападалі на візантыйскія правінцыі з Пн і ПнЗ, носьбіты пражскай культуры). У 2-й пал. 1-га тыс. С. занялі Верхняе Падняпроўе і яго паўн. перыферыю, што раней належалі ўсх. балтам і фіна-угорскім плямёнам, а таксама землі на ніжняй Эльбе і паўд.-зах. узбярэжжы Балтыйскага мора (палабскія С.) і ператварыліся ў буйнейшую этнічную групу Еўропы. У 3-й чвэрці 1-га тыс.слав. элементы прасочваюцца ў банцараўскай культуры, калочынскай культуры, доўгіх курганах і інш. помніках лясной зоны Усх. Еўропы. С. распадаліся на асобныя племянныя групоўкі: ужо ў 6 ст. вядомы дулебы, пазней у «Аповесці мінулых гадоў» названы паляне, севяране, драўляне, улічы, ціверцы, харваты, бужане, валыняне, дрыгавічы, крывічы, радзімічы, вяцічы і інш.
У выніку рассялення С. іх этнічная і моўная супольнасць паступова разбуралася, што прывяло да ўтварэння 3 слав. груповак — заходняй, усходняй і паўднёвай. З распадам родавага ладу і ўзнікненнем старажытнейшых слав. дзяржаў (Першае Балгарскае царства, дзяржава Сама, Вялікамараўская дзяржава, Карантанія, Кіеўская Русь і інш.) у канцы 1-га тыс. пачалі фарміравацца сярэдневяковыя слав. народнасці: палякі і чэхі, крыху пазней — славакі (зах. С.), славенцы, сербы, харваты і балгары (паўд. С.). Ва ўсх. С. ішоў працэс фарміравання стараж.-рус. народнасці. У наступныя стагоддзі тэр. рассялення С. зведала істотныя змены. Мадзьярскія (венгерскія) плямёны, якія ў канцы 9 ст. прасунуліся ў даліну сярэдняга Дуная, адрэзалі зах. С. ад паўднёвых, пры гэтым частка слав. насельніцтва Паноніі асімілявана венграмі. Тэрыторыя зах. С. скарачалася пад націскам немцаў, якія знішчылі або асімілявалі амаль усіх палабскіх і паморскіх С. (акрамя лужычан і кашубаў); палякі на Пн былі ў значнай меры адрэзаны ад Балтыйскага мора, а на Пд, дзе немцы пранікалі ў Сілезію, апынуліся адмежаванымі ад чэхаў. Немцы занялі і частку чэшскіх зямель. Скарацілася і тэрыторыя паўд. С. Большая іх частка на Пелапанескім п-ве асімілявана грэкамі. Ішоў працэс асіміляцыі аўстрыйцамі карынтыйскіх славенцаў. З 9—10 ст. сярод С. пачало распаўсюджвацца хрысціянства. Браты Кірыла і Мяфодзій распрацавалі літургію на слав. мове, азбуку (глаголіцу), зрабілі пераклад некаторых рэліг. кніг. У большасці паўд. С. і на Русі зацвердзілася хрысціянства ўсх. абраду, у астатніх С. — заходняга. У 10—11 ст. аформіліся раннефеадальныя манархіі ў палякаў, чэхаў, харватаў, у 12 ст. — у сербаў. У 12—13 ст. этнічнае і паліт. развіццё С. затарможана і нават перапынена знешнімі фактарамі: мангола-татарскім нашэсцем на Русь, нападамі візантыйцаў і венграў на балканскіх С. (ужо ў 1-й пал. 11 ст. яны падпарадкавалі славакаў, у канцы 11 ст. — харватаў). У 2-й пал. 14 ст. пачалося наступленне туркаў, якія занялі тэрыторыю балгар і сербаў, прымусілі частку сербаў перасяліцца з т. зв. Старой Сербіі на Пн у вобласць Ваяводзіна. Частка балканскіх С. прыняла мусульманства.
У 1348 у Празе заснаваны першы на слав. землях ун-т. Каля 1470 у г. Пльзень (Чэхія) надрукавана 1-я кніга на чэшскай мове. 1-я кніга глагалічнага шрыфту надрукавана каля 1483 (як мяркуюць, у г. Косцін, Харватыя), кірылічнага шрыфту — у 1491 у Кракаве. Ва ўсх. С. 1-ю кнігу выдаў Ф.Скарына ў Празе ў 1517. Заняцце ў 1526 Габсбургамі трона ў Празе вярнула Чэхію пад нямецкі ўплыў, краіна зноў увайшла ў склад «Свяшчэннай Рымскай імперыі».
Ва ўсх. С. у 13 ст. ў выніку мангола-татарскага нашэсця многія паўд. і паўд.-ўсх. вобласці абязлюдзелі. Зах.дзярж. ўтварэнні (княствы) усх. С. з 13—14 ст. аб’яднаны ў складзе Вялікага княства Літоўскага (з 1569 у складзе Рэчы Паспалітай). У ходзе барацьбы з Залатой Ардой і татарскімі ханствамі, што ўзніклі пасля яе распаду, у выніку ўзмацнення Маскоўскага вялікага княства з 15 ст. аднавілася засяленне С. паўд.-ўсх. абласцей. У гэты час актывізаваўся і працэс фарміравання ўсх.-слав. народнасцей — беларусаў, рускіх, украінцаў. Пасля заваявання ў 16 ст. Казанскага і Астраханскага ханстваў рускія пашырылі тэрыторыю свайго рассялення, прасунуліся ў Паволжа, Прыуралле і далей — у Сібір. Украінцы пасля вызвалення іх зямель ад татара-манголаў, асабліва пасля падзення Крымскага ханства (канец 18 ст.) засялялі прычарнаморскія стэпы і разам з рускімі — стэпавыя і перадгорныя раёны Паўн. Каўказа. Этнічная тэрыторыя беларусаў пашыралася ў паўн.-зах. напрамку за кошт асіміляцыі літоўскага насельніцтва. Ператварэнню Расіі ў магутную еўрапейскую дзяржаву садзейнічала імперская палітыка Пятра I [1682—1725] і Кацярыны II [1762—95]. У выніку заняпаду Рэчы Паспалітай яе землі ў 1772—95 былі захоплены і падзелены паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. На мяжы 18—19 ст. адзінай незалежнай слав. дзяржавай засталася Расійская імперыя. Слав. народы знаходзіліся пад нямецкай (Прусія, Аўстрыя), турэцкай і рас. уладай. Адраджэнне ў 19 ст.нац. самасвядомасці слав. народаў і ідэі іх моўна-культурнай супольнасці, якую прапагандавалі гал.ч. чэхі і славакі (Я.Колар і інш.), а таксама ажыўленне нац.-вызв. рухаў на Балканах спрабавала выкарыстаць рас. самадзяржаўе, якое высунула лозунг аб’яднання пад сваёй уладай усіх С. Розныя падыходы ў дачыненні да шляхоў нац. і паліт. вызвалення заняволеных слав. народаў сфарміравалі мноства ідэйна-паліт. кірункаў, якія разам з ідэяй слав. агульнасці (гл.Панславізм) прапаноўвалі таксама ідэі лаялізму ў адносінах да дзяржаў-захопнікаў. Пытанне праслав. вызваленне было ў цэнтры ўвагі Слав. з’езда ў Празе ў 1848. На працягу 19 ст. ў выніку нац. паўстанняў, падтрыманых Расіяй, паліт. незалежнасць здабылі балканскія народы: чарнагорцы (1796, поўны суверэнітэт з 1878), сербы (1804—29, поўны суверэнітэт з 1878), балгары (1878—1906). Нац. прыгнёт і цяжкае эканам. становішча слав. народаў у канцы 19 — пач. 20 ст. выклікалі моцную іх эміграцыю ў інш. краіны Еўропы (напр., у Францыю) і за акіян (гал.ч. у ЗША і Канаду). Агульная колькасць слав. народаў на пач. 20 ст. складала каля 150 млн.чал., у т. л. рускіх — больш за 65 млн., украінцаў — каля 31 млн., беларусаў — каля 7 млн., палякаў — больш за 19 млн., чэхаў — больш за 7 млн., славакаў — больш за 2,5 млн., сербаў і харватаў — больш за 9 млн., балгар — 5,5 млн., славенцаў — 1,5 млн.Асн. маса слав. насельніцтва знаходзілася ў Рас. імперыі — 107,5 млн.чал., у Аўстра-Венгрыі — каля 25 млн.чал., Германіі — больш за 4 млн., у краінах Амерыкі — больш за 3 млн. чал.
Пераломнымі момантамі для С. былі Лют. і Кастр. рэвалюцыі ў Расіі (1917), крах Германскай імперыі і Аўстра-Венгрыі (1918), у выніку якіх незалежнасць здабылі Польшча і народы, што знаходзіліся пад уладай Аўстра-Венгрыі — чэхі, славакі, харваты, славенцы. Утварыліся шматнацыянальныя слав. дзяржавы — Чэхаславакія, Югаславія, а таксама СССР. У 1939 адбылося ўз’яднанне ўсіх бел. і ўкр. зямель, пасля 2-й сусв. вайны — аднаўленне спрадвечнай этнічнай тэрыторыі палякаў і чэхаў. У канцы 20 ст. ў выніку распаду СССР, ЧССР і СФРЮ утварыліся новыя незалежныя слав. дзяржавы, і цяпер усе буйнейшыя слав. народы (у якіх насельніцтва больш за 1 млн.чал.) маюць уласную дзяржаўнасць.
Літ.:
Свод древнейших письменных известий о славянах. Т. 1—2. М., 1991—95;
Славянские древности: Этнолингвистич. словарь: В 5 т. Т. 1—2 М., 1995—99;
Седов В.В. Славяне в древности. М., 1994;
Яго ж. Славяне в раннем средневековье. М., 1995;
Славянское движение XIX—XX вв.: съезды, конгрессы, совещания, манифесты, обращения. М., 1998;
Славянская идея: история и современность. М., 1998;
Słownik starożytności słowiańskich: Encyklopedyczny zarys kultury Słowian od czasów najdawniejszych do schyłku wieku XII. T. 1—7. Wrocław etc., 1961—82;
Łowmiański H. Początki Polski. T. 1—6. Warszawa, 1963—85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ТНІЦТВА,
грамадска-палітычная плынь, прадстаўнікі якой прапаведавалі прыярытэт асветы, навукі і розуму ў жыцці асобы, грамадства і дзяржавы. Пашырана ў эпоху бурж. рэвалюцый і адлюстроўвала прагрэс. ступень развіцця сусв. грамадскай думкі. У аснове сац. філасофіі Асветніцтва ляжалі ідэаліст. ўяўленні пра вызначальную ролю свядомасці ў развіцці грамадства, вучэнне аб чалавеку і дэізм Дж.Лока, рацыяналізм і механіст. фізіка Р.Дэкарта, механіка і дэізм І.Ньютана, антысхаластычныя вучэнні ў Францыі пач. 18 ст. Догмам пра боскае паходжанне манархічнай улады ідэолагі Асветніцтва супрацьпаставілі рацыяналіст. тэорыі грамадства і дзяржавы, маралі і нават самой рэлігіі (дэізм, ідэя «натуральнай» рэлігіі і рэлігіі розуму). Зыходзячы з канцэпцый «натуральнага права», асветнікі абгрунтоўвалі патрабаванні дэмакр. свабод, грамадзянскай роўнасці. Некаторыя з іх адстойвалі ідэі нар. суверэнітэту і дэмакр. рэспублікі, лічылі нармальным спаборніцтва прыватных інтарэсаў. У кожнай краіне Асветніцтва мела пэўныя асаблівасці, адпаведныя ўзроўню развіцця грамадства і сац.-эканам. адносін. Найраней яно выявілася ў Галандыі, дзе ў 16 ст. перамагла 1-я ў свеце бурж. рэвалюцыя. Філосафы У.Акоста, Г.Гроцый, Б.Спіноза патрабавалі вызваліць навуку ад кантролю царквы. У Англіі пасля перамогі бурж. рэвалюцыі Асветніцтва набыло больш вальнадумны характар (Дж.А.Колінз, Д.Гартлі, Дж.Прыстлі). Дж.Лок, які быў добра вядомы і на Беларусі, даказваў неабходнасць прыватнай уласнасці, выступаў за свабоду асобы, ахову правоў чалавека. Ф.Бэкан і Т.Гобс выступалі за развіццё ведаў; Д.Дэфо вобразам Рабінзона Круза пацвердзіў, што разумная воля чалавека здольная перамагчы любыя цяжкасці. У Францыі Асветніцтва найб. пашырэнне набыло ў перыяд паміж 1715 (год смерці Людовіка XIV) і 1789 (штурм Бастыліі), які называюць «векам Асветніцтва» ці «стагоддзем філасофіі»: П.Бейль выступаў супраць феад.-царк. ідэалогіі; Вальтэр, які стаў сімвалам Асветніцтва («эпоха Вальтэра»), патрабаваў адмены саслоўных прывілеяў, хоць спадзяваўся на адукаванага манарха; Ж.Ж.Русо абгрунтаваў права нар. мас на паўстанне; П.Гольбах, Ж.Ламетры, Д.Дзідро, К.Гельвецый проціпаставілі рэлігіі атэізм, ідэалізму — матэрыялізм. У Германіі Асветніцтва стала пашырацца з 2-й пал. 18 ст. ва ўмовах эканам. і паліт. адсталасці краіны; Г.Э.Лесінг, Ф.Шылер, І.В.Гётэ выступалі за нац. адзінства Германіі, сцвярджалі, што з дапамогай мастацтва можна перавыхаваць чалавека. У ЗША Асветніцтва стала ідэалогіяй барацьбы з англ. абсалютызмам (Б.Франклін, Т.Джэферсан). У слав. краінах яно найб. яскрава выявілася ў Польшчы (Г.Калонтай, С.Сташыц) і было накіравана супраць феад.-арыстакратычнай і каталіцкай рэакцыі, усеўладдзя магнатаў. У Чэхіі Асветніцтва развівалася ва ўмовах нац.-вызв. барацьбы супраць аўстр. абсалютызму. У Сербіі і Балгарыі ідэалогія Асветніцтва садзейнічала аб’яднанню суайчыннікаў у барацьбе супраць тур. панавання. У Расіі Асветніцтва, замацаванае М.Ламаносавым, А.Радзішчавым, Дз.Фанвізіным і М.Навіковым, мела антыпрыгонніцкі кірунак; у 19 ст. М.Чарнышэўскі і М.Дабралюбаў дапоўнілі яго ідэямі рэв. дэмакратызму і утапічнага камунізму. На Украіне Асветніцтва звязана з дзейнасцю Р.Скаварады, у Літве — К.Данелайціса. Пад уплывам ідэй еўрап. Адраджэння і Асветніцтва фарміраваўся светапогляд і ў краінах Усходу. У Кітаі ў 17—18 ст. з’явілася плеяда вучоных, філосафаў і пісьменнікаў, якія прапагандавалі адукацыю, заснаваную на рэальных ведах, а не схаласт. «экзаменацыйных сачыненнях» і каментарыях да канфуцыянскіх класікаў, развівалі тэорыю грамадскай роўнасці і натуральных правоў чалавека, выступалі супраць палітыкі «зачыненых дзвярэй». У Японіі перадавыя мысліцелі 18 ст. проціпастаўлялі канфуцыянскай схаластыцы набытыя вопытам веды, развівалі матэрыялістычныя ідэі. У Індыі пасля нац. паўстання 1857—59 узніклі асветніцка-рэфарматарскія т-вы і групы, якія перакладалі на інд. мовы еўрап. л-ру, патрабавалі свабоды слова і друку, вялі барацьбу за адкрыццё навуч. устаноў зах. тыпу. У Турцыі, Іране, Сірыі, Егіпце, Іраку асветнікаў аб’ядноўвала вера ў сілу адукацыі і асветы як сродкаў пераўтварэння грамадства, вызвалення народаў і дасягнення нац. адзінства.
Ідэалогія Асветніцтва знаходзіла сваё адлюстраванне ў розных кірунках л-ры і выяўл. мастацтва: асветніцкіх класіцызме і рэалізме, у сентыменталізме, у пафасе сцвярджэння станоўчага героя. Яскравыя ўзоры асветніцкай л-ры далі Вальтэр, Русо, Дзідро, П.Бамаршэ (Францыя); Лесінг, маладыя Гётэ і Шылер (Германія); С.Рычардсан, Дж.Свіфт, Г.Філдынг, Т.Дж.Смолет, Р.Б.Шэрыдан (Англія); А.М.Радзішчаў, А.С.Пушкін, А.І.Герцэн, М.Я.Салтыкоў-Шчадрын, І.С.Тургенеў (Расія) і інш. Выразнае адценне Асветніцтва набыла творчасць арх. К.Н.Леду, жывапісцаў Ж.Л.Давіда і Ж.Б.Гроз (Францыя), У.Хогарта (Англія), Д.Н.Хадавецкага (Германія) і інш. Ідэі Асветніцтва істотна паўплывалі і на музыку Францыі, Германіі, Аўстрыі. Грамадска-паліт., этычная і эстэт. ідэі Асветніцтва сталі духоўнай асновай фарміравання венскай класічнай школы, І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена.
На Беларусі Асветніцтва з’явілася ў 1-й пал. 18 ст. (ранняе Асветніцтва), актыўна пашырылася ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Яго вытокі ў творчасці і дзейнасці бел. мысліцеляў канца 17 — пач. 18 ст. К.Лышчынскага, Сімяона Полацкага, І.Капіевіча. Пашырэнню Асветніцтва спрыялі выхаванцы Кіева-Магілянскай духоўнай акадэміі сярэдзіны 18 ст. (Л.Барановіч, Г.Каніскі, Ф.Пракаповіч і інш.). Асветніцтва знайшло адлюстраванне ў філасофіі, сацыялогіі, л-ры і выяўл. мастацтве; вызначалася паказам быт. і этнічных умоў жыцця класаў і сац. груп, духоўнай спадчыны мінулага, праблем аўтаномнасці Беларусі і адносін з Рэччу Паспалітай і Расіяй. Прадстаўнікі ранняга Асветніцтва на Беларусі Б.Дабшэвіч, К.Нарбут, М.Пачобут-Адляніцкі звязвалі навук. задачы з гуманістычнымі, свабоду думкі лічылі абавязковай умовай для развіцця навукі. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя даследаванні бел. фальклору, этнаграфіі і мовы. Пераход да асветніцкіх канцэпцый у гісторыі заўважаецца ў творах Капіевіча, Ф.Папроцкага. А.Нарушэвіч у гіст. працэсе гал. ролю адводзіў розуму, прадметам гіст. даследаванняў лічыў жыццё народа як паказчык яго палітыкі, эканомікі і культуры, значную ўвагу звяртаў на асвятленне нац. гісторыі. Т.Млоцкі ў сваёй працы «Сведчанне з вытокаў натуральнага права» (1779) выклаў асн. палажэнні тэорыі «натуральнага права», а ў трактоўцы гіст. працэсу набліжаўся да «грамадзянскага дагавору» Русо. І.Страйноўскі, зыходзячы з канцэпцыі «натуральнага права», абараняў прынцыпы роўнасці людзей, выказваў думкі пра натуральную абумоўленасць грамадскіх парадкаў. Спецыфічнай рысай Асветніцтва на Беларусі была яго арыентацыя на вырашэнне сял. праблемы. У працах Ю.Паўлікоўскага, Д.Пільхоўскага, І.Яленскага, Я.Ясінскага і інш. абгрунтоўвалася неабходнасць забеспячэння паліт. гарантый асобе селяніна, выказваліся ідэі скасавання прыгону, стварэння сістэмы навучання сялянскіх дзяцей, прапаноўваліся камуніст.-утапічныя праекты абшчыннай роўнасці ў карыстанні зямлёй і атрыманні прадукту вытворчасці. Утапічна-камуністычныя ідэі на тэалагічнай аснове выказваў біскуп П.Бжастоўскі, які правёў у сваіх маёнтках значныя рэформы (адмяніў прыгон, адкрыў школы, шпіталі, увёў сял. самакіраванне і інш.). Непасрэднае дачыненне да Асветніцтва мелі даследчыкі прыроды — ураджэнцы Беларусі В.Карчэўскі, А.Маркевіч, М.Ачапоўскі, П.Славінскі, С.Юндзіл. Так, Маркевіч стварыў антрапал. канцэпцыю, у якой узнікненне і развіццё чалавека лічыў вынікам паступовага развіцця прыроды. Прадаўжальнікамі традыцый Асветніцтва на Беларусі былі філаматы і філарэты. Для пашырэння ідэй Асветніцтва на Беларусі шмат зрабіла Адукацыйная камісія, ідэйнымі натхняльнікамі якой былі Сташыц, Г.Калонтай, Я.Снядэцкі, выкладчыкі Віленскага ун-та Ж.Жылібер, Г.Форстэр, Пачобут-Адляніцкі, А.Снядэцкі, І.Страйноўскі і інш., значны ўдзел у яе стварэнні і дзейнасці прыняў І.Храптовіч. Прапагандыстамі Асветніцтва выступалі выкладчыкі нар. вучылішчаў І.Сакольскі, А.Зміеў, С.Цвяткоўскі і інш., якія лічылі неабходным зрабіць навучанне здабыткам усіх дзяцей, нават з бедных сем’яў.
Прагрэсіўныя тэндэнцыі Асветніцтва знайшлі адлюстраванне ў л-ры і выяўл. мастацтве Беларусі. У эпісталярных, лірычных, драм. (інтэрмедыі) творах, у творах Ф.Карпінскага, маладога А.Міцкевіча выявіліся антыпрыгонніцкія і антыклерыкальныя настроі. У «Одзе» Сакольскага, прысвечанай адкрыццю нар. вучылішча ў Полацку, выказана асветніцкая канцэпцыя «без ведаў мы — дзеці цемры». Сац.-сатыр. плынь узмацнілася ў розных формах творчасці, асабліва ў паэзіі. Гратэскавы рэалізм спалучыўся з дыдактыкай і сентыменталізмам. Пануючы ў мастацтве 18 ст. класіцызм пад уплывам Асветніцтва пачаў трансфармавацца ў сентыменталізм (І.Быкоўскі, Ф.Карпінскі і інш.), узніклі элементы рамантызму і рэалізму. У рэчышчы класіцызму заставаліся паэтыка і рыторыка (Ф.Галянскі, І.Фалькоўскі), але ад яго канонаў адступілі і наблізіліся да рамантызму Я.Снядэцкі, А.Доўгірд, Е.Славацкі, Л.Бароўскі. Адначасова з перайманнем еўрап.маст. стыляў (барока, класіцызм, сентыменталізм, ракако і інш.) у выяўл. мастацтве пашыраліся мясц. стылі і школы (Магілёўская, Віцебская і інш.).
Літ.:
Баскин М.П. Философия немецкого просвещения. М., 1954;
Осипова Е.В. Философия польского просвещения. М., 1961;
Дорошевич Э.К. Философия эпохи просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Яго ж. Гуманизм просветителей // Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии. Мн., 1977;
Волгин В.П. Развитие общественной мысли во Франции в XVIII веке. 2 изд. М., 1977;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСЬ У МІЖНАРОДНЫХ АДНОСІНАХ 1939—41
Напярэдадні і ў пачатку 2-й сусв. вайны тэр. Беларусі (БССР і Зах. Беларусь, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы) стала аб’ектам актыўнай дыпламатычнай і ваенна-паліт. дзейнасці з боку найб. моцных дзяржаў усх.-еўрап. рэгіёна. 23.8.1939 нарком замежных спраў СССР В.М.Молатаў і міністр замежных спраў Германіі І.Рыбентроп падпісалі ў Маскве сав.-герм. дагавор аб ненападзе тэрмінам на 10 гадоў. Да дагавора быў прыкладзены «Дадатковы сакрэтны пратакол», які размяжоўваў сферы ўзаемных інтарэсаў СССР і Германіі ва Усх. Еўропе. Бакі дамовіліся, што ў выпадку тэр.-паліт. пераўладкавання абласцей, што ўваходзілі ў склад Прыбалт. дзяржаў (Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі, Літвы), паўн. граніца Літвы будзе адначасова граніцай сфер інтарэсаў СССР і Германіі. Абодва бакі прызналі інтарэсы Літвы адносна Віленскай вобл., адзначалі, што ў выпадку тэр.-паліт. пераўладкавання абласцей, якія ўваходзілі ў склад Польскай дзяржавы, граніца сфер інтарэсаў СССР і Германіі будзе прыблізна праходзіць па лініі рэк Нараў, Вісла і Сан. Гэта азначала, што ў сферу інтарэсаў СССР пераходзілі Зах. Беларусь і Зах. Украіна. Пытанне аб захаванні незалежнасці Польшчы і яе граніцах бакі пакідалі для вырашэння ў будучым «у адпаведнасці з дружалюбнай узаемнай згодай». Пасля нападу Германіі на Польшчу і пачатку 2-й сусв. вайны ням. пасол у СССР Ф.Шуленбург паставіў 3.9.1939 перад наркомам замежных спраў СССР Молатавым пытанне аб магчымасці для СССР «у зручны момант» заняць частку Польшчы, аднесеную да «рускай сферы ўплыву». Для націску на сав. кіраўніцтва герм. войскі 9.9.1939 перайшлі дэмаркацыйную лінію, устаноўленую сакрэтным пратаколам, занялі Брэст і сталі рухацца далей на У. 14 верасня газ. «Праўда» апублікавала арт. «Аб унутраных прычынах ваеннага паражэння Польшчы», у якім канстатавалася, што прыгнёт і нераўнапраўнае становішча нац. меншасцей сталі крыніцай слабасці польскай дзяржавы і ўнутр. прычынай яе паражэння. Асаблівая ўвага звярталася на бяспраўнае становішча 11 млн. украінцаў і беларусаў.
17.9.1939 войскі Чырв. Арміі перайшлі сав.-польскую граніцу і да 25 верасня цалкам вызвалілі тэр.Зах. Беларусі. У ноце ўрада СССР ад 17 верасня гаварылася, што, паколькі Польская дзяржава фактычна спыніла сваё існаванне, сав. ўрад аддаў распараджэнне Чырв. Арміі перайсці граніцу і ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Зах. Украіны і Зах. Беларусі. Большасць бел. насельніцтва шчыра вітала «вызваленчы паход» Чырв. Арміі, звязваючы з ім надзеі на вызваленне ад польскага нац. ўціску і лепшае жыццё. Польская армія практычна не аказвала супраціўлення сав. войскам, атрымаўшы адпаведны загад ад вярх. галоўнакамандуючага. Сав. войскі спынілі прасоўванне прыкладна на «лініі Керзана».
28.9.1939 у Маскве падпісаны Дагавор аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй. Ён усталяваў граніцу паміж абедзвюма дзяржавамі па лініі рэк Піса, Нараў, Буг, Вісла, Сан. Германія абавязвалася не ўмешвацца ў справы Зах. Украіны і Зах. Беларусі. Паводле сакрэтнага пратакола Літва ўключалася ў сферу інтарэсаў СССР, а Германія ўзамен атрымлівала частку Польшчы (Люблінскае і частку Варшаўскага ваяв.). Даверны пратакол урэгуляваў пытанне аб перасяленні немцаў, якія пражывалі на тэр.СССР, на З, а беларусаў і ўкраінцаў, што пражывалі на З ад усталяванай граніцы, у СССР. 16.11.1939 падпісана сав.-германскае пагадненне аб узаемным перасяленні з СССР асоб ням. нацыянальнасці, а з вобласці дзярж. інтарэсаў Германіі (тэр. Польшчы) — асоб укр., бел. і літ. нацыянальнасцей. Каля 25 тыс. немцаў выехала ў Германію з Зах. Беларусі, а з Польшчы ў Беларусь вярнулася каля 15 тыс. беларусаў. Праз слаба абсталяваную сав.-германскую граніцу ў 1939—40 уцяклі з Польшчы ў Зах. Украіну і Зах. Беларусь каля 200 тыс. яўрэяў, у т. л. каля 120 тыс. апынулася ў Зах. Беларусі. Дагавор аб «сяброўскіх» адносінах паміж СССР і фаш. Германіяй меў негатыўныя наступствы. Але важнейшым вынікам сав.-германскага дагавора аб ненападзе і сакрэтнага пратакола да яго для Беларусі стала гістарычна справядлівая для бел. народа падзея — ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. Аднак нац. ўз’яднанне было дасягнута экстрэмальнымі сродкамі ў надзвычай складаных міжнар. абставінах з парушэннем Рыжскага мірнага дагавора 1921 і ліквідацыяй Польскай дзяржавы.
10.10.1939 у Маскве падпісаны Дагавор аб перадачы г. Вільня і Віленскага краю і аб узаемадапамозе паміж Сав. Саюзам і Літвой. Горад Вільня і Віленская вобл. (тэр. 7129 км² з насельніцтвам 457 тыс. жыхароў) адлучаліся ад Зах. Беларусі і перадаваліся Сав. Саюзам Літ. Рэспубліцы. Супраць далучэння Вільні і Віленшчыны да Літвы выступіў урад Польшчы, не падтрымалі дагавор Англія і Францыя. Германія яшчэ да пачатку ваен. кампаніі супраць Польшчы падбухторвала Літву на захоп Віленшчыны, аб чым літоўскі ўрад інфармаваў Лондан. Берлін абяцаў Літве ваен. дапамогу ў выпадку паходу на Вільню. Пасля ратыфікацыі дагавора (17.10.1939) Літва паставіла перад Масквой пытанне аб унясенні карэктываў у вызначэнне граніцы, каб далучыць да яе тэрыторыі, што былі «заселены літоўцамі» (гаворка ішла пратэр.БССР). Сав. ўрад выказаў гатоўнасць да нязначных карэктываў граніцы паміж Літвой і БССР, не мяняючы яе асн. напрамку. У прыватнасці, ён пярэчыў супраць таго, каб літоўцы, што жадаюць выехаць з Зах. Беларусі ў Літву, маглі зрабіць гэта. Між тым літоўская грамадскасць распаўсюджвала думку, што, калі Сав. Саюз «дадаткова перадасць Літве некалькі літоўскіх воласцей, якія засталіся ў яго» (гаворка ішла пра памежныя тэр.БССР), сімпатыі да СССР яшчэ больш узрастуць. Пазіцыя літоўскага ўрада характарызавалася замоўчваннем факта добраахвотнай перадачы Сав. Саюзам Вільні. У снеж. 1939 прэм’ер-міністр Літвы нават заявіў, што «Вільня і Віленскі край, хоць ускосна, заваяваны нашай арміяй». На 7-й сесіі Вярх. Савета СССР (жн. 1940) 1-ы сакратар ЦККП(б)Б П.К.Панамарэнка ад імя ўрада і Прэзідыума Вярх. Савета БССР унёс прапанову «аб далучэнні да Літоўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Свянцянскага раёна і часткі тэрыторыі з пераважным літоўскім насельніцтвам Відзскага, Гадуцішскага, Астравецкага, Воранаўскага і Радунскага раёнаў». У той час яны знаходзіліся ў складзе Вілейскай і Баранавіцкай абл.БССР. Гэтыя тэрыторыі былі далучаны да Літвы паводле закона аб прыняцці Літ. ССР у склад СССР ад 3.8.1940. Старшыня Рады БНР В.І.Захарка 12.10.1939 накіраваў пратэст прэзідэнту Літвы А.Сметане супраць падпісання дагавора «аб пераходзе да Літвы беларускага горада Вільні і беларускіх зямель Віленскай вобласці», у якой указаў на адказнасць Літвы перад бел. народам за гэты незаконны акт.
Бел. пытанне не набыло ў Германіі колькі-небудзь істотнага значэння пасля прыходу нацыстаў да ўлады ў 1933. Да 1940 тут не было распрацавана ніякіх праграм расчлянення СССР. Пасля заняцця Чэхіі ням. войскамі лідэры бел. дыяспары ў Празе І.А.Ермачэнка і Захарка накіравалі Гітлеру 20.4.1939 мемарыял з просьбай прыняць пад увагу бел. пытанне ў планаваным разгроме і расчляненні СССР. Бел. дзеячаў запэўнілі, што Германія супраць канцэпцыі «адзінай і непадзельнай Расіі». Паліт. мэты адносна зах.сав. рэспублік Гітлер упершыню сфармуляваў 21.7.1940, калі паведаміў герм. генералітэту аб рашэнні напасці на СССР. На яго думку, на зах. абшарах СССР павінны былі ўтварыцца 3 асобныя дзярж. арганізмы — Украіна, Беларусь і федэрацыя Прыбалт. рэспублік. У наступных выказваннях Гітлер акрэсліваў іх ролю як залежных ад Германіі і «вольных ад Сталіна рэспублік», як буфераў Трэцяга Рэйха. У сак. 1941 ён гаварыў пра Украіну, Беларусь і балтыйскія краіны як дзяржавы-пратэктараты. Пазіцыя А.Розенберга, прызначанага міністрам акупіраваных усх. земляў, адносна Беларусі была больш скептычная. Ён не планаваў прызнання незалежнага дзярж. статуса Беларусі, як, напр., Украіны. У маі 1941 Розенберг выказаўся за злучэнне Беларусі з прыбалт. краінамі ў адным Рэйхскамісарыяце Остланд, што потым і было рэалізавана ў час акупацыі. Паліт. планы рэйха ў сувязі з патэнцыяльным ваен. канфліктам з СССР выклаў Рэйхсляйтэр Розенберг у гутарцы з кіраўніком абвера В.Канарысам 31.5.1941.
Прадугледжвалася расчляненне рус. прасторы на 4 дзяржавы: пашыраная на ўсход Фінляндыя; пашыраная за кошт бел. зямель Прыбалтыка (у якасці ням. пратэктарата, з перспектывай наступнай германізацыі); самастойная Украіна; Каўказ як федэратыўная дзяржава пад герм. кіраўніцтвам.
Літ.:
За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дак. і матэрыялы. Лёндан, 1960;
«Совершенно секретно! Только для командования!» Стратегия фашистской Германии в войне против СССР: Док. и материалы. М., 1967;
СССР—Германия 1939—1941: Док. и материалы о сов-герман. отношениях. Т. 1—2. Вильнюс, 1989;
Семиряга М.И. Тайны сталинской дипломатии (1939—1941). М., 1992;
Іваноў М. Праблема прыналежнасці Вільні і беларускае нацыянальнае пытанне ў 1939 г. // Бел.гіст.часоп. 1994. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТАЦТВАЗНАЎСТВА
На Беларусі мастацтвазнаўства дастаткова інтэнсіўна развівалася з 1920-х г. і набыло спецыфічныя асаблівасці. На хвалі адраджэння нац. культуры фарміраваліся калектывы мастацтвазнаўцаў, вяліся даследаванні ў галіне выяўленчага мастацтва, архітэктуры, нар. творчасці. Асобныя пытанні гісторыі развіцця бел. мастацтва вывучаў М.Шчакаціхін («Васіль Вашчанка — магілёўскі гравёр канца XVII — пачатку XVIII сталецця», 1925; «Гравюры і кніжныя аздобы ў выданнях Францішка Скарыны», 1926). У «Нарысах з гісторыі беларускага мастацтва» (т. 1, 1928) ён прасачыў гісторыю развіцця нац. выяўленчага мастацтва і даў яго навук. перыядызацыю. Плённа працавалі П.Бузук, А.Грыневіч, Я.Дыла, І.Замоцін, М.Красінскі, І.Плашчынскі, якія зрабілі ўклад у станаўленне метадалагічных прынцыпаў вывучэння бел. мастацтва і нар. творчасці. Даследаванні выяўленчага мастацтва даваеннага перыяду прадстаўлены пераважна артыкуламі інфармацыйнага і публіцыст. характару В.Вольскага, І.Гаўрыса, А.Касцялянскага, І.Фурмана. Больш грунтоўны яго аналіз праведзены ў зб-ках «Нарысы выяўленчага мастацтва Беларусі» і «Мастацтва Савецкай Беларусі» (абодва 1940), дзе змешчаны нарысы А.Азірскага, Д.Геніна, М.Грынблата, А.Даліна, М.Керзіна, М.Машкоўцава і інш.пра архітэктуру, скульптуру, графіку, жывапіс, нар. творчасць.
Мэтанакіраванае вывучэнне бел. выяўленчага мастацтва і архітэктуры аднавілася ў пасляваенны час. У 1950-я г. выйшлі зб-кінавук. артыкулаў, прысвечаных розным відам мастацтва: «Мастацтва Савецкай Беларусі» (1955), «Беларускае мастацтва» (1957, 1960, 1962), манаграфія «Беларуская архітэктура. Гістарычны нарыс» М.Кацара (1956). Планамерныя даследаванні заканамернасцей развіцця духоўнай і матэрыяльнай культуры бел. народа пачаліся пасля стварэння ў 1957 Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі (1-ы дырэктар П.Глебка). Праблемы выяўленчага мастацтва ў 1950—70-я г. распрацавалі Л.Дробаў, А.Воінаў, М.Кацар, П.Масленікаў, У.Чантурыя. Вынікі даследаванняў адлюстраваны ў манаграфіях «Беларуская архітэктура» (1956), «Скульптура Савецкай Беларусі» (1957) і «Нарысы па гісторыі выяўленчага мастацтва Савецкай Беларусі» (1960) М.Кацара, «Гісторыя архітэктуры Беларусі» (1977) і «Архітэктурныя помнікі Беларусі» (1982) У.Чантурыі, «Беларускія мастакі XIX стагоддзя» (1971), «Мастацтва Беларускай ССР» (1972), «Жывапіс Беларусі XIX — пачатку XX ст.» (1974) Л.Дробава, «Беларускі савецкі тэматычны жывапіс» П.Масленікава (1962), «Мастацтва Савецкай Беларусі» М.Арловай (1960). Развіццё бел. керамікі прааналізавана ў кн. «Мастацкая кераміка Савецкай Беларусі» І.Елатомцавай (1965). У 1970-я г. пашырыліся даследаванні ў Бел. тэатральна-мастацкім ін-це, Мінскім ін-це культуры, Дзярж. мастацкім музеі. У аналізе актуальных пытанняў бел. выяўленчага мастацтва пераважаў жанр творчага партрэта. Выйшла серыя кніг пра жывапісцаў, графікаў, скульптараў, мастакоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, арыентаваная на шырокае кола чытачоў, у т. л. манаграфіі альбомнага тыпу: «Міхаіл Савіцкі» Э.Пугачовай (1982), «Віталій Цвірка» Б.Крэпака (1985), «Яўген Зайцаў» Ю.Карачуна (1988). У кн. Л.Дробава «Жывапіс Беларусі XIX — пачатку XX ст.» (1974) на гіст. фоне разгледжана станаўленне гіст., бытавога, партрэтнага і пейзажнага жанраў жывапісу, прыведзены звесткі пра жыццё і творчасць вядучых майстроў: В.Ваньковіча, Я.Дамеля, І.Аляшкевіча, І.Хруцкага, Ф.Рушчыца і інш. Працягам тэмы стала яго манаграфія «Жывапіс Савецкай Беларусі» (1979), дзе прааналізавана развіццё бел. жывапісу ў 1917—75. Гісторыі бел. манументальнага мастацтва прысвечаны даследаванні В.Церашчатавай «Старажытнабеларускі манументальны жывапіс XI—XVII ст.» (1986), У.Пракапцова «У пошуках прыгажосці і гармоніі» (1988), А.Сяліцкага «Жывапіс Полацкай зямлі XI—XII ст.» (1992). Станаўленню і развіццю тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва прысвечаны працы «Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва Савецкай Беларусі» Г.Барышава (1958), «С.Ф.Нікалаеў» (1970), «Дэкарацыйнае мастацтва музычнага тэатра БССР» (1973), «Яўген Чамадураў» (1984) П.Карнача.
Гісторыя і тагачасны стан архітэктуры Беларусі дастаткова поўна асветлены ў працах А.Воінава «Гісторыя архітэктуры Беларусі: Савецкі перыяд» (1975), «Гісторыя архітэктуры Беларусі» (т. 2, 1987) і У.Чантурыі «Архітэктура Беларусі канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя» (1962), «Архітэктурныя помнікі Беларусі» (1982), «Атлас помнікаў архітэктуры і мемарыяльных комплексаў Беларусі» (1983), «Помнікі архітэктуры і горадабудаўніцтва Беларусі» (1986). Шэраг важных праблем гісторыі бел. архітэктуры разгледжаны ў манаграфіях «Архітэктура Магілёва. З гісторыі планіроўкі і забудовы горада» (1973), «Архітэктура Віцебска» (1980) Т.Чарняўскай, «Замкі Беларусі» (1987) М.Ткачова, «Архітэктура палацава-сядзібных ансамбляў Беларусі: Другая палавіна XVIII — пачатак XIX стагоддзя» (1981), «Архітэктура і мастацтва ракако на Беларусі» (1989), «Эклектыка. Архітэктура Беларусі 2-й паловы XIX — пачатку XX стагоддзя» (2000) А.Кулагіна, «Беларускае народнае дойлідства» (1991), «Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры» (1999) А.Лакоткі, «Дойлідства Беларусі XVI — сярэдзіны XVII ст.» (1991) Ю.Якімовіча, «Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока» (2001) Т.Габрусь і інш. даследчыкаў. Развіццё кніжнай гравюры ў 16—18 ст. і аналіз творчасці Ф.Скарыны, П.Мсціслаўца, М. і В. Вашчанкаў, А. і Л. Тарасевічаў зрабіў В.Шматаў у кн. «Беларуская кніжная гравюра» (1984), «Мастацтва кніг Францыска Скарыны» (1986). Гісторыю развіцця бел.сав. графікі ён разгледзеў у кнігах: «Беларуская графіка 1917—1941 гг.» (1975), «Сучасная беларуская графіка 1945—1977 гг.» (1979) і інш. У 1980-я г. пашырыўся тэматычны і жанравы дыяпазон даследаванняў, у т. л. ў вывучэнні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. М.Яніцкая вывучае гісторыю развіцця маст. шкла — «Вытокі шкларобства Беларусі» (1980), «Беларускае мастацкае шкло, XIX — пачатак XX стагоддзя» (1984), «Мастацкае шкло Савецкай Беларусі» (1989). Ганчарства, мастацкая апрацоўка дрэва і металу, салома- і лозапляценне, ткацтва адлюстраваны ў манаграфіях «Народная разьба па дрэву» (1978), «Беларускае народнае мастацтва» (1980), «Беларуская народная кераміка» (1987), «Беларускае народнае мастацкае кавальства» (1990), «Беларуская народная цацка» (1991), «Беларускае народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» (1996), «Народнае мастацтва Беларусі» (1997) Я.Сахуты. Гісторыя нар. касцюма даследавана ў рабоце «Беларускае народнае адзенне» М.Раманюка (1981). Прафесійнаму дэкаратыўна-прыкладному мастацтву прысвечаны публікацыі «Беларуская кераміка» В.Гаўрылава, «Сучасная беларуская кераміка» В.Жука (абедзве 1984), «Беларускія дываны і габелены» Дз.Трызны (1981), «Беларускае мастацкае шкло» А.Сурскага (1978). Сярод прац па гісторыі бел. скульптуры — «Народная драўляная скульптура Беларусі» (1977) і «Старажытнабеларуская скульптура» (1991) А.Лявонавай, «Партрэтная скульптура Савецкай Беларусі» Э.Петэрсона (1982), «Манументальны летапіс эпохі» І.Елатомцавай (1969), «Беларуская скульптура малых форм» В.Жука (1998). У 1970—80-я г. выйшаў шэраг творчых партрэтаў скульптараў: А.Глебава, А.Заспіцкага, С.Селіханава, А.Бембеля, Л.Гумілеўскага і інш. Манаграфічныя даследаванні ў значнай ступені дапаўнялі альбомныя выданні, якія паступова ад простага ілюстравання твораў мастацтва пераходзілі да навукова-даследчай работы, што найб. выявілася ў выданнях Н.Высоцкай: «Жывапіс Беларусі XII—XVIII стагоддзяў» (1980; складальнікі Н.Высоцкая і Т.Карповіч), «Пластыка Беларусі XII—XVIII стагоддзяў» (1983), «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стагоддзяў» (1984), «Жывапіс барока» (2003). У выніку комплекснага даследавання гісторыі выяўленчага мастацтва, помнікаў гісторыі і культуры Беларусі падрыхтавана і выдадзена фундаментальнае выданне — «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), якое дае цэласную карціну багацейшай культурнай спадчыны бел. народа і ўключае помнікі археалогіі, гісторыі, архітэктуры і манументальнага мастацтва. Да ліку найбольш значных дасягненняў бел. мастацтвазнаўства адносіцца падрыхтаваная ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі «Гісторыя беларускага мастацтва» ў 6 тамах (1987—94; Дзярж. прэмія Беларусі 1996), якая змяшчае абагульняльныя даследаванні па архітэктуры, жывапісе, графіцы, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве Беларусі са старажытных часоў да нашых дзён. У наш час нац. мастацкая культура Беларусі перажывае перыяд свайго адраджэння, ствараюцца групы вучоных, якія вядуць актыўную даследчую працу, займаюцца актыўным працэсам вяртання забытых і згубленых у часе імён майстроў розных відаў мастацтва. Пытанні гісторыі і тэорыі бел. мастацтва разглядаюцца ў часопісах «Мастацтва» (з 1983, да 1991 наз. «Мастацтва Беларусі»), «Архитектура и строительство» (з 1970, да 1996 наз. «Архитектура и строительство Белоруссии»), альманаху «Запіскі Беларускай акадэміі мастацтваў» (з 1998), газетах «Літаратура і мастацтва» (з 1932) і «Культура» (з 1991) і перыядычным друку; праблемы дызайну на Беларусі — у час. «Pro дизайн» (з 2001). Сістэматычнае вывучэнне гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі вядзецца ў сектары выяўленчага мастацтва Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, у Бел.АМ, Бел. ун-це культуры, пытанні гісторыі і тэорыі архітэктуры — у БНТУ у Мінску.
Літ.:
Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка: Праблемы адаптацыі да новых рэальнасцей. Мн., 1998.