адкрытая галерэя ў драўляных збудаваннях. Вырашалася як стрэшка (з вынасам 1,5—2 м) на слупах (круглага ці квадратнага сячэння), якія маглі мацавацца ўкосінамі з гарыз. бэлькамі. П. размяшчаліся з аднаго тарцовага ці падоўжнага боку будынка на даўжыню фасада, часам апяразвалі ўвесь будынак (кружганкі). На Беларусі рабіліся ў культавых і грамадскіх збудаваннях (гандл. рады, корчмы, аўстэрыі, паштовыя станцыі 17—19 ст.), у крамах і дамах гандл.-рамесніцкага насельніцтва для выстаўкі тавараў і аховы іх ад непагадзі (г.п. Мір Карэліцкага, в. Трабы Іўеўскага р-наў Гродзенскай вобл., г. Лунінец Брэсцкай вобл. і інш.) і ў сельскіх жылых і гасп. пабудовах (да канца 19 ст.).
С.А.Сергачоў.
Падчэні дома ў г.п. Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобл. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВО́Е ВЫСПЯВА́ННЕ,
перыяд у індывід. развіцці жывёл і чалавека, у час якога арганізм становіцца здольным да палавога размнажэння. Завяршаецца надыходам палавой спеласці. Час надыходу П.в. залежыць ад памераў цела, працягласці жыцця. У дробных відаў, якія жывуць нядоўга (напр., калаўроткі), бывае на 4—5-я суткі, у птушак — на 1-м ці 2-м годзе жыцця; у буйных драпежнікаў (напр., леў, тыгр, леапард) — на 3—5-м (жывуць да 30 гадоў і больш). У чалавекападобных малпаў — на 8—10-м годзе жыцця. Перыяд П.в. чалавека цягнецца з 8—9 да 16—17 гадоў у жанчын, з 10—11 да 19—20 гадоў у мужчын. У час П.в. развіваюцца другасныя палавыя прыкметы, назіраюцца значныя змены ў дзейнасці ц. н. с. і псіхіцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНЕ́НІКІ,
палонныя ў ВКЛ, адзін з відаў чэлядзі нявольнай. Выконвалі паншчыну і інш. работы, жылі пры дварах феадалаў, некат. мелі сваё жыллё і ўчасткі зямлі. Паступова палон як крыніца папаўнення чэлядзі нявольнай страціў сваё значэнне. П. часта выкуплялі і як феадальна-залежных сялян саджалі на зямлю, ператвараючы іх у агароднікаў. Заканадаўства ВКЛ 16 ст. было накіравана на памяншэнне колькасці чэлядзі нявольнай, ператварэнне яе ў сялян, якія займаюцца апрацоўкай зямлі. Статут ВКЛ 1588 адмяняў назву «чэлядь неволная» і ўказваў, што ў далейшым гэта катэгорыя насельніцтва будзе называцца «челедью дворною отчызною материстою купленою або полонениками». Збеглых П., як і інш. чэлядзь, належала шукаць і вяртаць з усёй сям’ёй і маёмасцю феадалу. П. нельга было завяшчаць маёмасць, не падараваўшы ім спачатку волю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛКАВО́ДЗЕЦ,
ваенны дзеяч, военачальнік, які ўмела кіруе ўзбр. сіламі дзяржавы або буйнымі вайсковымі фарміраваннямі (аператыўна-стратэг.) у час вайны. Гэта таленавітыя, з творчым мысленнем асобы, якія валодаюць майстэрствам падрыхтоўкі і вядзення ваен. дзеянняў, воляй і рашучасцю, арганізатарскімі і інш. якасцямі, што дазваляюць ім з найб. эфектыўнасцю выкарыстоўваць наяўныя сілы і сродкі для дасягнення перамогі. Кожная гіст. эпоха, вял. вайна вылучаюць сваіх П. У час 2-й сусв. вайны ў СССРнайб. таленавітымі П. былі Г.К.Жукаў, А.М.Васілеўскі, К.К.Ракасоўскі, І.Д.Чарняхоўскі, сярод саюзнікаў — Б.Мантгомеры, Д.Эйзенхаўэр і інш. Сярод беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі асобай адзнакі П. — «Маршальскай зоркі» ўдастоены 12 чал., у т. л. А.І.Антонаў, В.Д.Сакалоўскі, І.І.Якубоўскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМІ́РСКІЯ МО́ВЫ,
арэальная сукупнасць роднасных моў, якія адносяцца да іранскіх моў (усх. група). Пашыраны ў далінах зах. і паўд. Паміра (Таджыкістан, Афганістан, Пакістан, паўн. Індыя, Кітай). Да П.м. належаць: ваханская, язгулямская, ішкашымская мовы, шугнана-рушанская група моў (шугнанская, рушанская, хуфская, бартангская, арашорская, сарыкольская), па пэўных уласцівасцях — мунджанская і йідга, мёртвая стараж.-ванджская і, магчыма, саргулямская. Грамат. лад П.м. пераважна сінтэтычны. Іх структурнае падабенства і агульнасць лексічнага фонду даюць падставы меркаваць пра іх канвергентнае развіццё ў моўным саюзе. П.м. беспісьмовыя. Для носьбітаў большасці з П.м. мовай пісьма і адукацыі служыць таджыкская мова, для носьбітаў сарыкольскай мовы — уйгурская.
Літ.:
Пахалина Т.Н. Памирские языки. М., 1969;
Яе ж. Исследование по сравнительно-исторической фонетике памирских языков. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНФІ́ЛАЎ (Глеб Анатолевіч) (н. 21.5.1934, г. Магнітагорск Чэлябінскай вобл., Расія),
расійскі рэжысёр. Нар.арт. Расіі (1984). Вучыўся ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (1960—63), скончыў Уральскі політэхн.ін-т, Вышэйшыя рэжысёрскія курсы (1966). Працаваў на кінастудыі «Ленфільм», з 1976 на «Масфільме». У 1971—90 сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў СССР. Фільмам, якія вызначаюцца парадаксальнасцю рэжысёрскага мыслення, цікавасцю да незвычайных характараў, уласцівы рэзкія зломы апавядальнасці, раптоўныя пераходы ад з’едлівай іроніі да трагедыі, ад тонкага псіхал. малюнка да адкрытай эксцэнтрыяды: «У агні броду няма» (1968), «Пачатак» (1970), «Прашу слова» (1976), «Тэма» (1979, вып. 1987), «Валянціна» (1981), «Васа» (1983), «Маці» (1990), «Раманавы. Венцаносная сям’я» (2000) і інш. У Маскоўскім т-ры «Ленком» паставіў «Гамлета» У.Шэкспіра (1986), «Sorry» А.Галіна (1992). Дзярж. прэмія Расіі 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНФІ́ЛАЎЦЫ,
воіны 316-й стралк. дывізіі, якія пад камандаваннем ген.-маёра І.В.Панфілава гераічна змагаліся супраць герм. войск у час Маскоўскай бітвы 1941—42 у Вял.Айч. вайну. 7—10 кастр. 1941 дывізія перакінута на Валакаламскі напрамак. 16 кастр. ў час чарговага наступлення праціўніка на Маскву каля раз’езда Дубасекава (на У ад г. Валакаламск) 28 байцоў 4-й роты 2-га батальёна 1075-га стралк. палка на чале з малодшым палітруком В.Г.Клачковым у 4-гадзінным баі падбілі 18 варожых танкаў. Амаль усе абаронцы загінулі. 21.7.1942 удзельнікам гэтага бою было прысвоена званне Героя Сав. Саюза. 18 ліст. 1941 316-я дывізія атрымала найменне 8-й гвардз., 23 ліст. ёй прысвоена імя Панфілава (загінуў 18.11.1941).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЦЫРНЫЯ БАЯ́РЫ, панцырныя паны—баяры,
ваеннаслужылыя людзі ў ВКЛ у 1-й пал. 15—18 ст. Рэкрутаваліся з зямян, сельскіх мяшчан і вольных людзей, якія атрымлівалі ад вял. князя за службу зямлю (у асноўным на Віцебскім, Полацкім і Смаленскім памежжы). На ўмовах бясплатнага карыстання зямлёй і інш. правамі неслі вайсковую службу (памежную варту), падпарадкоўваліся ўраду мясц. замка. Мелі прывілеі: судзіць іх мог толькі суд; захоўвалі маёнткі, падараваныя папярэднімі каралямі; забаранялася браць у П.б. падводы, коней і выкарыстоўваць на інш. службе, акрамя ваеннай; дазвалялася займацца рамёствамі, промысламі і гандлем нароўні з купцамі і мяшчанамі. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Сенат Рас. імперыі ў 1780 залічыў П.б. у разрад сялян дварцовай канцылярыі і пакінуў за імі ўсе землі і льготы казакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПСУ́ЕЎ (Уладзімір Нічыпаравіч) (10.10.1924, в. Бабовічы Гомельскага р-на — 10.12.1995),
бел. скульптар. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1966). Аўтар станковых кампазіцый «Механізатары» (1957), «Маладагвардзейцы Гомеля. Клятва» (1960), «Садружнасць» (1963), «Рэйкавая вайна» (1964), «1905 год» (1970), партрэтаў Героя Сав. Саюза І.К.Захарава (1975), нар. пісьменніка Беларусі П.Броўкі (1976), В.І.Давыдоўскай (1982) і інш.; помнікаў ахвярам фашызму ў в. Загалле Любанскага р-на (1964), у г. Докшыцы (1968), воінам Сав. Арміі і бел. партызанам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну, у в. Лучнікі Слуцкага р-на (1970), в. Корань Лагойскага р-на (1980) Мінскай вобл., г.п. Уваравічы Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. (1983) і інш. Творы адметныя лаканізмам, абагульненасцю, выразнасцю сілуэта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІЯ ФАРМІРАВА́ННІ,
назва арганізацыйных адзінак партыз.узбр. сіл. У Вял.Айч. вайну: партызанскае злучэнне, партызанская брыгада, партызанскі полк, партызанскі атрад, партызанская група, а таксама партыз. ўзвод, рота, батальён і інш. У склад рэгулярных войск не ўваходзілі. У канцы 1941 на акупіраванай ням. фашыстамі тэр.СССР дзейнічала 2 тыс.партыз. атрадаў (больш за 90 тыс.чал.). Усяго ў гады вайны ў тыле праціўніка знаходзілася больш за 6200 партыз. атрадаў і падп. груп, у якіх налічвалася больш за 1 млн.чал. На Беларусі ў 1941—44 дзейнічала 213 брыгад, якія аб’ядноўвалі 997 атрадаў, асобна дзейнічалі 258 атрадаў (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў Вял.Айч. вайну). П.ф. ўтрымлівалі і кантралявалі да 60% акупіраванай тэр. Беларусі (гл.Партызанская зона).