ПУСЭ́Н (Poussin) Нікала (15.6.1594, г. Лез-Андэлі, Францыя — 19.11.1665),
французскі жывапісец; адзін з пачынальнікаў і найбуйнейшы прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў К.Варэна. Зазнаў уплывы А.Карачы, Даменікіна, Рафаэля, Тыцыяна; вывучаў ант. мастацтва, трактаты Леанарда да Вінчы і А.Дзюрэра; займаўся перспектывай, анатоміяй і матэматыкай. Працаваў у Парыжы (1612—24 і 1640—42) і Рыме (з 1624). З ранніх работ захаваліся ілюстрацыі да «Метамарфозаў» Авідзія, «Энеіды» Вергілія, твораў Ціта Лівія, Дж.Марына (каля 1622—24). Творчасць 2-й пал. 1620—30-х г. вызначаецца стылявой разнастайнасцю: творы высокага грамадзянскага гучання («Смерць Германіка», 1626—27), у духу барока («Пакутніцтва св. Эразма», каля 1628—29); асаблівай актыўнасцю колеравага ладу, блізкага традыцыям венецыянскай школы, адметныя карціны на міфалагічныя і літ. тэмы: «Венера спіць», «Нарцыс і Рэха», «Рынальда і Арміда» (усе каля 1625—27), «Царства Флоры» (каля 1631—32), «Танкрэд і Эрмінія» (1630-я г.). У творах 1630-х г. класіцыстычныя прынцыпы выяўляюцца праз яснасць кампазіцыйнага рытму, які ўспрымаецца як адлюстраванне разумнага пачатку і надае веліч высакародным учынкам чалавека: «Аркадскія пастухі» (каля 1629—30), «Выкраданне сабінянак» (каля 1635), «Натхненне паэта» (1635—38), «Ізраільцяне збіраюць манну» (каля 1637—39), «Знаходжанне Майсея» (1638). З 1640-х г. развіваў прынцыпы ідэальнага пейзажа, прадстаўляў прыроду як увасабленне дасканаласці і мэтазгоднасці. Часта ўводзіў у пейзаж міфалагічныя персанажы: («Кармленне немаўляці Юпітэра», 1640; «Пейзаж з Паліфемам», каля 1649; «Пейзаж з Геркулесам» 1654; «Арыён», каля 1650—55; «Апалон і Дафна», 1664), выкарыстоўваў біблейскія казанні, праз якія ў духу стаіцызму выражаў ідэю пра лёс як пачатак, што рэгулюе ўзаемаадносіны чалавека і свету («Св. Іаан на Патмасе», каля 1644—45; серыя «Поры года», 1660—64). Некат. творы гэтага перыяду вызначаюцца разважлівасцю, перавагай абстрактнай ідэі над пачуццём («Час выратоўвае Ісціну ад намераў Зайздрасці і Разладу», 1642; «Сем таінстваў», 1644—48), узмацненнем этыка-філас. пафасу («Майсей высякае ваду са скалы», «Эліазар і Рэвека», абодва каля 1648; «Адпачынак на шляху ў Егіпет», каля 1658).
Тв.:
Рус.пер. — Письма. М.; Л., 1939.
Літ.:
Гликман А.С. Никола Пуссен. Л.;
М., 1964;
Золотов Ю.К. Пуссен и вольнодумцы // Советское искусствознание, 1978. М., 1979. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л Мікалай (мянушка Чорны; 4.2.1515, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 28/29.5.1565),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын кашталяна трокскага Я.М.Радзівіла. З 1544 маршалак земскі (вялікі), узначальваў Раду ВКЛ і сеймы. У 1547 атрымаў тытул князя «Свяшчэннай Рымскай імперыі на Алыцы і Нясвіжы». У 1550-я г. заняў дадаткова пасады канцлера ВКЛ (1550) і ваяводы віленскага (1551). Дамогся заключэння ў 1553 саюза Польшчы і ВКЛ з імператарам «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Узначальваў дзярж. камісію па правядзенні агр. рэформы (валочнай памеры) у гаспадарскіх маёнтках, якая падрыхтавала «Уставу на валокі» 1557. Падтрымліваў паліт. саюз з Польшчай, аднак быў рашучым праціўнікам федэрацыі з ёю і адстойваў суверэнітэт ВКЛ. Дзякуючы яго ініцыятыве на сейме 1554—55 была забяспечана дапамога польскага войска ў выпадку нападу Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ. У вер. 1557 па ініцыятыве Р. падпісаны. дагавор з магістрам Лівонскага ордэна В.Фюрстэнбергам аб узаемнай абароне. У пачатку Лівонскай вайны 1558—83 Р. выступіў супраць прапановы Івана IV заключыць саюз супраць Крымскага ханства, бо бачыў, што цар хоча адцягнуць увагу ВКЛ ад Інфлянтаў, каб заваяваць іх. 31.8.1559 заключаны Віленскі дагавор аб пратэктараце вял. князя Жыгімонта Аўгуста над Лівонскім ордэнам. Паўд.-ўсх. частка Інфлянтаў (Латгалія) была занята войскам ВКЛ. Пад старшынствам Р. 28.11.1561 у Вільні падпісаны акт аб падпарадкаванні Інфлянтаў сумесна ВКЛ і Польшчы, і ВКЛ уступіла ў вайну з Расіяй за Інфлянты. Р. быў прызначаны адміністратарам Інфлянтаў. У 1561 Р. абвешчаны намеснікам вял. князя ВКЛ. Ён пагадзіўся з Жыгімонтам Аўгустам пра неабходнасць судова-адм. рэформы, і Бельскім прывілеем 1.7.1564 абвешчана ўтварэнне шляхецкіх саслоўных судоў. Потым праведзена павятовая рэформа і створаны органы мясц. шляхецкага самакіравання — сеймікі. Рэформы спрыялі кансалідацыі феад. саслоўя, дапамагалі дзяржаве выстаяць у цяжкія гады вайны. Р. узначальваў рэфармацыйны рух у ВКЛ. На пач. 1550-х г. ён далучыўся да лютэранскай царквы, а праз 2 гады перайшоў у больш радыкальную плынь пратэстанцтва — у кальвінізм. Пры ім Брэст і Нясвіж сталі цэнтрамі пратэстанцтва ў Беларусі і Літве, адкрыты Брэсцкія друкарні і Нясвіжская друкарня. Пры садзейнічанні Р. надрукавана славутая Брэсцкая біблія.
Літ.:
Jasnowski J. Mikołaj Czamy Radziwił) (1515—1565): Kanclerz i marszałek ziemski Wielkiego Księstwa Litewskiego, wojewoda wileński. Warszawa, 1939.
А.П.Грыцкевіч.
М.Радзівіл Чорны. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́БАТ (чэш. robot ад robota цяжкая паднявольная праца, rob раб; тэрмін «Р.» упершыню ўжыў К.Чапек у 1920 як назву мех. людзей),
аўтаматычная машына, якая забяспечвае выкананне розных рухаў і некаторых інтэлектуальных функцый, уласцівых чалавеку ў працэсе яго прац. дзейнасці. Мае перапраграмавальнае прыстасаванне і інш.тэхн. сродкі, што даюць магчымасць хуткай пераналадкі для аўтам. выканання розных дзеянняў, прадугледжаных праграмай.
Першыя Р., якія імітавалі рухі і знешні выгляд чалавека, выкарыстоўваліся з пацяшальнымі мэтамі. З развіццём аўтаматызацыі вытворчасці разам з традыцыйнымі аўтаматамі сталі выкарыстоўвацца Р.-аўтаматы (прамысловыя робаты), якія мелі адну або некалькі «мех. рук», пульт кіравання або ўбудаванае прыстасаванне праграмнага кіравання. З развіццём робататэхнікі створаны разнастайныя тыпы Р. Паводле сістэм кіравання адрозніваюць Р.: праграмныя (перапраграмаванне робіцца чалавекам), адаптыўныя (з пэўнымі магчымасцямі аўтам. перапраграмавання, гл.Самапрыстасавальны робат), інтэлектныя (здольныя планаваць свае дзеянні ў залежнасці ад зменных абставін). Інтэлектныя аснашчаюцца датчыкамі апачуццяўлення, якія ўтвараюць сенсорную сістэму, прызначаную для ўспрымання, пераўтварэння, аналізу, апрацоўкі (з дапамогай ЭВМ ці мікрапрацэсара) інфармацыі пра знешняе асяроддзе, перадачы яе кіроўнаму прыстасаванню або ЭВМ вышэйшага ўзроўню. Прамысловыя Р., як правіла, выкарыстоўваюцца ў комплексе з асн.тэхнал. абсталяваннем (у робататэхнічных комплексах і інш. структурных адзінках гібкай аўтаматызаванай вытворчасці). Выкарыстанне Р. дазваляе вызваліць чалавека ад манатоннай і небяспечнай для жыцця работы, у т. л. ва ўмовах павышанай радыяцыі, высокай т-ры, пад вадой, у космасе і г.д.
Літ.:
Геттнер Р., Зейдевиц Н. Роботы сегодня и завтра: Пер. с нем. М., 1988;
Куафе Ф. Взаимодействие робота с внешней средой: Пер. с фр.М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1848-49 У ВЕ́НГРЫІ адна з рэвалюцый 1848—49 у Еўропе, накіраваная на ліквідацыю феадалізму і дасягненне нац. незалежнасці Венгрыі. Пачалася з паўстання 15.3.1848 у Пешце пад кіраўніцтвам Ш.Пецёфі. 17 сак. створаны ўрад Венгрыі, адказны перад парламентам — Дзярж. сходам, на чале з адным з лідэраў апазіцыі графам Л.Бацяні. Пачаліся аграрныя рэформы: скасаваны паншчына і царк. дзесяціна, ва ўласнасць сялянам перададзена 1/3с.-г. зямель, прыгонныя (40% сялянскага саслоўя) атрымалі свабоду. Дзярж. сход Венгрыі абвясціў незалежнасць краіны ў фін. і ваен. галінах, пры захаванні на венг. прастоле аўстр. Габсбургаў. 11 ліп.Дзярж. сход прыняў рашэнне пра стварэнне венг.нац. арміі. імкненне венг. ўрада стварыць унітарную дзяржаву, адмова прызнаць аўтаномію Харватыі, Славоніі, сербаў Ваяводзіны, румын Трансільваніі выклікалі незадаволенасць нац. меншасцей. 11.9.1848 у Венгрыю ўварваліся войскі харвацкага бана (правіцеля) І.Ялачыча, якія былі разбіты каля Пакозда і адкінуты ў Аўстрыю. Пасля адстаўкі ўрада Бацяні ў кастр. 1848 улада перайшла да К-та абароны радзімы (КАР) на чале з Л.Кошутам. Аўстр. ўрад выдаў дэкрэт аб роспуску венг. парламента і ўвядзенні ў Венгрыі ваен. становішча. Пасля задушэння кастр. паўстання ў Вене (гл.Рэвалюцыя 1848—49 у Аўстрыі), у Венгрыю накіраваны аўстр. войскі, якія 5.1.1849 занялі Пешт. КАР і Дзярж. сход пераехалі ў Дэбрэцэн. Вясной венг. армія на чале з ген. А.Гёргеем перайшла ў наступленне і да канца сак. ўсталявала кантроль над б.ч.тэр. Венгрыі. У Трансільваніі паспяхова дзейнічала армія Ю.Бема. 14.4.1849 Дзярж. сход прыняў «Дэкларацыю незалежнасці», паводле якой Венгрыя абвяшчалася незалежнай рэспублікай, правіцелем яе абраны Кошут. У гэтых умовах па закліку аўстр. імператара Франца Іосіфа І, рас. цар. Мікалай І накіраваў у Венгрыю ў чэрв. 1849 200-тысячную армію на чале з фельдмаршалам І.Ф.Паскевічам. 13 ліп. яна заняла Пешт. 13 жн.венг. армія капітулявала. У Венгрыі ўсталяваўся жорсткі акупацыйны рэжым, адноўлена аўстр. праўленне. Многія венг.дзярж. і ваен. дзеячы пакараны смерцю або вымушаны былі пакінуць краіну. Аднак рэвалюцыя нанесла рашучы ўдар па феад.-абсалютысцкім ладзе, што пацвердзілі законы, прынятыя ў 1850-х г.
Літ.:
Авербух Р.А. Революция и национально-освободительная борьба в Венгрии 1848—1849. М., 1965;
Яго ж. Революция в Австрии (1848—1849 гг.). М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГСКІ МАЛЫ́ ТЭА́ТР О́ПЕРЫ І БАЛЕ́ТАімя М.П.Мусаргскага.
Адкрыты ў 1918 у будынку б. Міхайлаўскага т-ра (1833, арх. А.Брулоў). З 1919 Дзярж.акад.т-р камічнай оперы, з 1921 — Малы петраградскі дзярж.акад.т-р, з 1926 — Дзярж.акад. Малы оперны т-р, з 1964 — Ленінградскі Малы т-р оперы і балета, з 1989 імя Мусаргскага, з 1992 сучасная назва. Напачатку ставіліся камед. спектаклі, аперэты, аднаактовыя оперы: «Птушкі пеўчыя» Ж.Афенбаха (1918), «Цар-цясляр» А.Лорцынга (1919), «Верцер» Ж.Маснэ (1920), «Скупы рыцар» С.Рахманінава, «Цыганскі барон» І.Штрауса(1922) і інш. Пазней пастаўлены оперы «Нос» (1930) і «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» (1934) Дз.Шастаковіча; «Ціхі Дон» (1935) і «Узнятая цаліна» (1937) І.Дзяржынскага. З 1933 працуе і балетная трупа. Пастаўлены балеты «Светлы ручай» Шастаковіча (1935), «Каўказскі нявольнік» Б.Асаф’ева (1938) і інш. З 1941 т-р знаходзіўся ў г. Арэнбург, дзе ў 1943 пастаўлены оперы «Кроў народа» Дзяржынскага і «Мацней за смерць» В.Валошынава. З 1944 у Ленінградзе, працягваў прапагандаваць сучасныя творы і набыў вядомасць як т-р-эксперыментатар. Сярод пастановак: оперы «Вайна і мір» С.Пракоф’ева (1946), «Маладая гвардыя» Ю.Мейтуса (1950), «Вірынея» С.Сланімскага (1967), «Не толькі каханне» Р.Шчадрына (1973) і інш. З 1981 т-р узначаліў С.Гаўдасінскі, які лічыў гал. задачай адраджэнне ў т-ры рус. класікі. У рэпертуары гэтага часу — «Барыс Гадуноў» і «Хаваншчына» Мусаргскага, «Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П.Чайкоўскага, «Залаты пеўнік» і «Казка пра цара Салтана» М.Рымскага-Корсакава, «Марыя Сцюарт» Сланімскага, «Пётр I» Ц.Хрэннікава; балеты «Макбет», «Баядэрка» Ш.Калаша і інш. Уклад у развіццё т-ра ўнеслі дырыжоры С.Самасуд, Б.Хайкін, А.Дзмітрыеў, Ю.Багданаў, П.Бубельнікаў, А.Аніханаў, А.Кукушкін, А.Сітнікаў; рэжысёры М.Смоліч, Э.Пасынкаў, У.Лук’янаў; балетмайстры Ф.Лапухоў, Л.Лаўроўскі, П.Гусеў, І.Бельскі, А.Вінаградаў, М.Баярчыкаў; хормайстары М.Траўкін, А.Чарноў; салісты оперы С.Балашоў, А.Галавін, К.Камісарава, А.Мадэстаў, А.Алмазаў, Т.Багданаў, А.Ступальскі, С.Шапашнікаў і інш.; балета В.Зімін, Ю Літвіненка, Л.Сафронава, В.Станкевіч і інш. Салісты 1999—2001 Н.Бірукова, Н.Уласава, М.Трагубовіч, С.Акопаў, А.Барысевіч, С.Бурэеў, С.Дрэйт, М.Казанцаў, А.Пятроў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕ́ДКІ ІЕГО́ВЫ, іегавісты,
адна з позніх плыняў пратэстантызму. Засн. ў ЗША Ч.Т.Раселам, які ў 1870 арганізаваў групу па вывучэнні Бібліі (адсюль назва «С.І.» — даследчыкі Свяшчэннага Пісання). З 1931 афіц. назва С.І.; іх дзейнасць зафіксавана ў 232 краінах (больш за 5 млн.чал.). Сусв. цэнтр у Брукліне (раён Нью-Йорка). У веравучэнні С.І. запазычаны некат. дактрыны адвентыстаў 7-га дня (спачатку Расел быў адвентыстам). Некат. даследчыкі лічаць, што папярэдніцай С.І. была рас. секта іегавістаў М.С.Ільіна (1809—90; вучыўся ў школе пры Полацкай езуіцкай акадэміі, дзе пазнаёміўся з зах. тэалогіяй). Для С.І. характэрны спецыфічны падыход да традыц. хрысціянскай дагматыкі: адмаўленне бессмяротнасці душы і веры ў існаванне раю і пекла, своеасаблівая трактоўка Тройцы. Крыніцай усяго жывога і існага, усемагутным і адвечным творцам лічаць Бога Іегову, а Ісуса Хрыста — яго адзінародным сынам, створаным непасрэдна Іеговай. Гісторыю грамадства яны разглядаюць як барацьбу паміж Іеговай і Сатаной, якая павінна завяршыцца бітвай — Армагедонам. Праведнікі — С.І. (144 тыс. выбраннікаў) знойдуць вечнае жыццё ў тэакратычнай дзяржаве Іеговы — раі на Зямлі, астатнія загінуць у бітве. У С.І. няма царк. іерархіі, кожны вернік можа быць прапаведнікам. Афіц.рэліг. свята адно — святкаванне штогод Вечарыны ўспамінаў аб смерці Ісуса Хрыста, на якой адбываецца прычашчэнне хлебам і віном. Словы Ісуса пра тое, што яго вучні павінны быць «не гэтага свету», трактуецца С.І. літаральна, што вядзе да іх самаізаляцыі ў грамадскім жыцці і нярэдка да канфлікту з уладамі з-за адмовы служыць у арміі, удзельнічаць у выбарах і інш. С.І. вядуць актыўную місіянерскую дзейнасць. На Беларусі першае т-ва даследчыкаў Свяшчэннага Пісання зафіксавана ў 1925 у Брэсцкім пав. Паводле афіц. звестак польскіх улад, у 1929 у Палескім ваяв. былі 2 групы іегавістаў (87 чал.). У Зах. Беларусі распаўсюджваліся іегавісцкія выданні: час. «Башня стражи» (пазней «Сторожевая башня»), кнігі іх тагачаснага кіраўніцтва І.Ф.Рутэрфорда «Арфа Божая», «Ці могуць жывыя гаварыць з памерлымі?», «Пажаданы ўрад», «Фотадрама тварэння» і інш. У сав. час дзейнасць іегавісцкіх груп і абшчын была забаронена, з 1990-х г. легалізавана. На Беларусі існуе Рэсп. аб’яднанне С.І. (2000), якое складаецца з 21 абшчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЕ МАШЫНАБУДАВА́ННЕ,
галіна машынабудавання і металаапрацоўкі па вытв-сці с.-г. машын, а таксама агрэгатаў, вузлоў, дэталей, запчастак да іх. Гал. задача С.м. — забеспячэнне комплекснай механізацыі с.-г. вытв-сці. Узнікла ў пач. 19 ст. ў Вялікабрытаніі, потым у ЗША, да канца 19 ст. С.м. мела Францыя, Германія, Швецыя. У Расіі прадпрыемствы па вытв-сці с.-г. інвентару з’явіліся таксама ў 19 ст. (гал. чынам рамонтныя майстэрні замежных гандл. фірм). З 2-й пал. 1920-х г. пачаўся выпуск трактарных культыватараў і плугоў, збожжаўборачных камбайнаў і інш.
На Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. існавалі невялікія майстэрні па вырабе і дробным рамонце с.-г. інвентару. У 1840-х г. у мяст. Ракаў Мінскага пав. створаны майстэрні па вытв-сці плугоў, веялак, малатарняў, у 1859 пры Горы-Горацкім земляробчым ін-це пабудаваны дзярж.з-д (вырабляў часткі да эксперым.с.-г. машын), у 1901 у Лідзе засн. чыгуналіцейны з-д, які выпускаў с.-г. інвентар. У 1918—30 с.-г. машыны (бульбакапалкі, каранярэзкі, веялкі, плугі, малатарні, сячкарні) вырабляліся ў Віцебску (з-д «Чырвоны металіст»), Мінску (з-д «Энергія»), Гомелі (з-д «Рухавік рэвалюцыі»). У 1930 пабудаваны Гомельскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання («Гомсельмаш»). Пасля Вял.Айч. вайны буйныя прадпрыемствы пабудаваны ў гарадах Магілёў, Бабруйск, Брэст, Ліда, Баранавічы і інш. На 1.1.2001 існуе больш за 60 прадпрыемстваў і вытв-сцей С.м., у т. л.Брэсцкі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, адкрытае акц.т-ва «Лідсельмаш» (гл.Лідскі завод сельскагаспадарчых машын), Мінскі трактарны завод. Некат. простыя с.-г. механізмы выпускаюць майстэрні райаграпрамтэхнікі ў Лоеве, Ельску, Рагачове, Жыткавічах, Ашмянах і інш. раённых цэнтрах рэспублікі (правытв-сць некат. відаў с.-г. машын гл. ў табліцы).
П.І.Рогач.
Вытворчасць некаторых відаў прадукцыі сельскагаспадарчага машынабудавання Беларусі
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕЦЫЯ́ЛЬНЫЯ ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ НАВУ́КІ, дапаможныя гістарычныя дысцыпліны,
зборная назва шэрагу навук. дысцыплін, якія даследуюць асобныя аспекты гісторыі грамадства, тэорыі і метадалогіі гіст. навукі, агульныя і канкрэтныя пытанні методыкі і тэхнікі гіст. даследавання. Большасць С.г.н. развілася з т.зв. дапаможных гіст. дысцыплін (гэты тэрмін шырока ўжываўся з канца 19 ст.), да якіх адносілі этнаграфію, археалогію, антрапалогію, геаграфію гістарычную і інш. У пасляваенны перыяд гэтыя дысцыпліны ў сувязі з іх пэўнымі дасягненнямі сталі называцца спецыяльнымі. Да канца 20 ст. сфарміраваліся са сваімі прадметамі, аб’ектамі і метадамі даследавання археалогія, гістарыяграфія, гіст. геаграфія, гіст.дэмаграфія, метадалогія гісторыі, тапаніміка, фалькларыстыка, этналогія (этнаграфія) і інш. Гэтыя навукі маюць багатыя традыцыі, высокі ўзровень развіцця ў свеце і пэўныя дасягненні на Беларусі. Ад С.г.н. адрозніваюць дапаможныя гіст. дысцыпліны, асн. прызначэнне якіх — абслугоўванне гісторыі як навукі, дапамога ў вырашэнні яе гал. задачы — даследаванні мінулага чалавецтва ва ўсёй яго разнастайнасці і канкрэтным праяўленні. Сярод дапаможных гіст. дысцыплін асобнае месца належыць крыніцазнаўству, задачай якога з’яўляецца распрацоўка тэорыі, гісторыі і методыкі вывучэння і выкарыстання гіст. крыніц. Дапаможныя гіст. дысцыпліны падзяляюцца на 2 групы: якія вывучаюць розныя віды крыніц, але кожная толькі адзін які-небудзь іх бок (археаграфія, архівазнаўства, генеалогія, метралогія гістарычная, палеаграфія, тэксталогія, гіст.храналогія, эпіграфіка) якія даследуюць пэўны від крыніц, але з усебаковым разглядам асаблівасцей іх форм і зместу (геральдыка, дыпламатыка, іканаграфія, нумізматыка, сфрагістыка, філатэлія, фалерыстыка, баністыка, вексілалогія). Існуюць розныя пункты погляду на склад і колькасць дапаможных гіст. дысцыплін. Так, не прызнаюцца асобнымі дапаможнымі гіст. дысцыплінамі берасталогія, кадыкалогія, археалогія і інш. С.г.н. і дапаможныя гіст. дысцыпліны цесна ўзаемазвязаны паміж сабой і інш. гуманітарнымі навукамі; іх даныя выкарыстоўваюцца даследчыкамі комплексна. Пры карыстанні гэтымі тэрмінамі варта ўлічваць іх умоўнасць. У наш час усё больш сціраюцца грані паміж навукамі, якія здабываюць гіст. матэрыял і гіст. інфармацыю з яго, і тымі, што яго выкарыстоўваюць. У канцы 20 ст. ў гіст. навуцы сфарміраваліся т. зв. найноўшыя гіст. навукі — гіст. антрапалогія, гістарычная інфарматыка, псіхагісторыя, гістарыясофія, сацыяльная гісторыя, гендэрная гісторыя, вусная гісторыя, гісторыя штодзённасці і інш. Аднак у некат. з іх яшчэ дакладна не сфармуляваны метады, кола крыніц і тэорыя самога прадмета даследавання.
Літ.:
Вспомогательные исторические дисциплины. Т. 1—26. Л., 1968—98;
Козлов Л.Р. Вспомогательные исторические дисциплины. Мн., 1980;
гл. таксама пры арт.пра адпаведныя С.г.н. і дапаможныя гіст. дысцыпліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАФА́ (грэч. strophe літар. — паварот) у вершаскладанні, рытміка-сінтаксічная еднасць двух ці больш вершаваных радкоў, звязаных найчасцей агульнай рыфмай або паўторам клаўзул.
У ант. паэзіі, якая не ведала рыфмаў, С. арганізоўвала метрыка — строга ўпарадкаванае размяшчэнне вершарадоў пэўных памераў (гл.Антычнае вершаскладанне). У пазнейшым вершы, у т. л. ў сучасным сілаба-танічным, метрычная арганізацыя С. часткова засталася — у ёй нярэдка ў строгай паслядоўнасці паўтараюцца разнастопныя радкі аднаго памеру. Асн. ў страфічнай будове — рытмічная цэласнасць, якая прадвызначае аднароднасць рытмічнага малюнка ў межах, аналагічных С., а таксама інтанац.-сінтакс. еднасць, дзякуючы якой С. набываюць адносную сэнсавую завершанасць і самастойнасць, выразна аддзяляюцца адна ад адной міжстрофнымі паўзамі, а на пісьме яшчэ і графічна (прагаламі). Розныя спалучэнні метрычнай, рытмічнай, інтанац.-сінтакс. будовы радкоў і рыфмоўка забяспечваюць вял. магчымасці страфічнай арганізацыі верша. Толькі рознае размяшчэнне ў С. вершаваных радкоў пэўных памераў і разнастайная рыфмоўка далі магчымасць М.Багдановічу стварыць 93 (паводле І.Ралько) віды С.
Характар С. залежыць ад ідэйнай задумы, намераў аўтара, яго схільнасцей, творчай культуры, канкрэтнага зместу і жанру твора. У лірычных вершах і паэмах С. звычайна простыя з 2, 3, 4 і 5 радкоў, а ў буйных вершаваных творах з развітай архітэктонікай — складаныя, у аснове якіх тыя ці інш. камбінацыі простых С. Аднолькавыя рыфмы застаюцца ў межах адной С., але ў некат. класічных формах яны своеасаблівым ланцужком звязваюць усе С., пераходзячы ад адной да другой, напр. у тэрцынах.
Наяўнасць пэўных відаў С. залежыць ад багацця нац. традыцый, сувязей роднай л-ры з л-рамі інш. народаў. У залежнасці ад колькасці радкоў адрозніваюць С. 2-радковыя (двухрадкоўе, элегічны двуверш), 3-радковыя (трохрадкоўе) і г.д. да дзесяцірадкоўя. Асобныя простыя С., паўтараючыся ў розных камбінацыях, утвараюць новыя складаныя С.: адзінаццацірадкоўе, дванаццацірадкоўе, чатырнаццацірадкоўе (анегінская страфа), шаснаццацірадкоўе. Пераважаюць вершы, напісаныя аднолькавымі С. (раўнастрофны верш), аднак частка вершаў не дзеліцца на паасобныя С. і складаецца з 1 С. (аднастрофны верш) або некалькіх страфоідаў. Бывае, што ў творы адны С. змяняюцца другімі без відавочных заканамернасцей (разнастрофны верш) або С. адсутнічаюць (астрафічны верш). Асабліва багатая страфічная арганізацыя ў вершах Я.Купалы, Я.Коласа, Багдановіча, У.Дубоўкі, М.Танка, Р.Барадуліна, Н.Гілевіча, Я.Сіпакова. Пра страфічныя формы бел. верша гл. ў арт. Строфіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СХАЛА́СТЫКА (лац. scholastica ад грэч. scholasticos школьны),
сярэдневяковая філасофія, прадстаўнікі якой імкнуліся да тэарэт. абгрунтавання і сістэматызацыі хрысц. веравучэння. Найб. развіццё мела ў Зах. Еўропе. Схаласты імкнуліся ўмацаваць хрысціянства шляхам навук. абгрунтавання рэліг. светапогляду — сінтэзу асн. ідэй сусв. філасофіі і інтэрпрэтацыі іх зместу паводле канонаў хрысц. дагматыкі. Яны сцвярджалі, што пастулаты веры даступныя розуму і падтрымліваюцца лагічнымі доказамі. У межах С. абмяркоўваліся праблемы рэальнага быцця, суадносін мыслення і рэчаіснасці, агульных паняццяў (універсалій) і іх прыроды анталагічнага і гнасеалагічнага статуса. У аснову С. пакладзены вучэнні ант. мысліцеляў Платона, Арыстоцеля, араб. філосафаў Ібн Сіны, Ібн Рушда і інш. У эвалюцыі С. вылучаюць 3 перыяды: ранні, «класічны» і позні.
Ранняя С. (11—12 ст.; П.Абеляр, Гільём з Шампо, І.Расцэлін і інш.) развівалася пад уплывам неаплатанізму, у яе межах у т.зв. «спрэчцы пра універсаліі» вылучыліся 3 кірункі: рэалізм, наміналізм, канцэптуалізм. «Класічная» С. (12—13 ст.) знаходзілася пад уплывам філасофіі Арыстоцеля. Развівалася ў сярэдневяковых ун-тах; яе цэнтр — Парыжскі ун-т. У «класічнай» С. вылучыліся «артадаксальны» кірунак, які пры дапамозе анталогіі Арыстоцеля абгрунтоўваў існаванне душы (Альберт Вялікі, Фама Аквінскі) і «ератычны» (авераізм), які адмаўляў асабістую душу і сцвярджаў, што існуе толькі адзіная безасабовая душа. Позняя С. (13—14 ст.; І.Дунс Скот, У.Окам і інш.) характарызуецца адыходам ад рацыяналізму ў абгрунтаванні рэліг. светапогляду, валюнтарызмам, крытыкай вучэння Фамы Аквінскага, прызнаннем супярэчнасці паміж рэліг. і рацыянальным пазнаннем (тэорыя дваістасці ісціны). У эпоху Адраджэння С. перажывае крызіс. Новы ўздым С. адбыўся ў часы Контррэфармацыі, гал. чынам у Іспаніі (Ф. дэ Віторыя, Ф.Суарэс, Г.Васкес, М.Маліна і інш.). У эпоху Асветніцтва ідэі С. трацяць свае пазіцыі. Аднаўленне схаластычных традыцый рацыянальнага абгрунтавання рэліг. ісцін з канца 19 ст. звязана з філасофіяй неатамізму.
Літ.:
Время, истина, субстанция: от антич. рациональности к средневековой. М., 1991;
Реале Дж., Антисери Д. Западная философия от истоков до наших дней: Пер. с итал. Кн. 2. СПб., 1994;
Абеляр П. Теологические трактаты: Пер. с лат.М., 1995;
Неретина С.С. Верующий разум: К истории средневековой философии. Архангельск, 1995;
Коплстон Ф.Ч. История средневековой философии: Пер. с англ.М., 1997;
Антология философии Средних веков и эпохи Возрождения. М., 2001.