АРТРО́З (ад грэч. arthron сустаў + ...оз),

хранічная дыстрафічна-дэгенератыўная хвароба суставаў чалавека. Абумоўлена парушэннем жыўлення эпіфізарных канцоў касцей. Прычыны ўзнікнення артрозу — хваробы абмену рэчываў, інтаксікацыі, інфекцыі, траўмы, трафанеўрозы. Прыкметы: боль, хруст, абмежаваная гнуткасць, дэфармацыя, змены ў сучлененых паверхнях суставаў. Лячэнне медыкаментознае, фізіятэрапеўтычнае, у цяжкіх выпадках хірургічнае.

т. 1, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫКТАЦЭНО́З (ад грэчаскага oryktos выкапнёвы + koinos агульны),

сукупнасць акамянелых рэшткаў выкапнёвых арганізмаў у пэўнай мясцовасці. Уключае аўтахтонныя і алахтонныя арганізмы. У арыктацэнозе захоўваецца толькі невялікая частка былых біяцэнозаў. На тэрыторыі Беларусі найбольш вывучаны Арыктацэноз ардовікскіх, сілурыйскіх, дэвонскіх, мелавых, палеагенавых, неагенавых і антрапагенавых адкладаў. Даследуе арыктацэноз палеаэкалогія.

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРЭ́Я,

старажытны горад на Беларусі, які ўпамінаецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец 14 — пач. 15 ст.). Археолаг В.​В.​Сядоў атаясамлівае Астрэю з г.п. Астрына Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., за 1,5 км на ПдУ ад якога ёсць гарадзішча Кульбачына 11—14 ст.

т. 2, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРМАМЫ́Т,

плато на паўн. схіле Вял. Каўказа, за 35 км на ПдЗ ад г. Кіславодск, у Расійскай Федэрацыі. Асноўнае плато Вялікі Бермамыт выш. да 2591 м. Малы Бермамыт выш. да 2643 м. Належыць да сістэмы куэсты Скалістага хрыбта. Паверхня вяршыні складзена з верхняюрскіх вапнякоў. Развіты карст.

т. 3, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЁНТ [ад грэч. bion (biontos) які жыве],

асобны арганізм або (зрэдку) мінім. экалагічная сістэма, якія ў ходзе эвалюцыі прыстасаваліся да пражывання ў пэўным асяроддзі — біятопе. Тэрмін звычайна ўжываюць пры вызначэнні арганізмаў пэўнага асяроддзя, напр. аэрабіёнты (арганізмы наземныя і паветра), гідрабіёнты (водныя арганізмы), геабіёнты (глебавыя арганізмы) і інш.

т. 3, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГРА́ФІЯ (ад бія... + ...графія),

1) апісанне жыцця і дзейнасці чалавека; жанр гіст., маст., навук. прозы. У біяграфіі на аснове фактычнага матэрыялу разглядаецца працэс фарміравання чалавечай асобы ў сувязі з грамадскімі адносінамі пэўнай гіст. эпохі. Бываюць навук., маст., акад., папулярныя і інш. Разнавіднасць біяграфіі — аўтабіяграфія.

2) Жыццё чалавека.

т. 3, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́НІ,

гон, старажытная нар. мера (адзінка) даўжыні. Лічыліся роўнымі адлегласці, пройдзенай запрэжаным у саху канём, або даўжыні поля, апрацаванага (узаранага ці скошанага) за адзін прыём. Мелі ўмоўнае, не заўсёды аднолькавае лікавае значэнне, залежнае ад фіз. магчымасцей чалавека і жывёлы. Раўняліся прыблізна 80—100 м і болей.

т. 5, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЫ,

вадасховішча ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Быстрая, за 14 км на У ад г. Горкі. Створана ў 1985. Пл. 1,31 км². Даўж. 5 км, найб. шыр. 0,34 км, найб. глыб. 7 м, аб’ём вады 2,77 млн. м³. Выкарыстоўваецца для арашэння зямель і рыбагадоўлі.

т. 5, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУДАУ́ТА,

прыморскі кліматычны курорт у Абхазіі (Грузія), на ўзбярэжжы Чорнага м., за 35 км ад г. Сухумі. Вільготны, субтрапічны клімат з гарачым летам, цёплае мора (купальны сезон з мая да лістапада), пляжы спрыяльныя для адпачынку і лячэння хвароб сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм, органаў дыхання (нетуберкулёзных).

т. 5, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЖА́НКА,

рака ў Капыльскім і Слуцкім р-нах Мінскай вобл., правы прыток Лакнеі (бас. Прыпяці). Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 92 км². Пачынаецца на У ад в. Грозаў Капыльскага р-на, цячэ па раўніне, якая абкружае Капыльскую граду, 14 км рэчышча каналізавана. На рацэ 2 сажалкі.

т. 4, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)