ГЕНЕТЫ́ЧНАЯ КА́РТА ХРАМАСО́М,

графічнае адлюстраванне адноснага размяшчэння генаў унутры (у межах) адной храмасомы. Для складання такой карты неабходна выяўленне многіх мутантных генаў і правядзенне вял. колькасці скрыжаванняў. На карце наносяць адноснае становішча генаў, якія знаходзяцца ў адной групе счаплення. Адлегласць паміж генамі вызначаюць па частаце кросінговера (велічыня перакрыжавання храмасом) для кожнай пары гамалагічных храмасом. Яе адзінка — марганіда, якая адпавядае 1% кросінговера. Генетычныя карты храмасом складзены для дразафілы (у ёй выяўлена больш за 1000 мутантных генаў), кукурузы (у 10 групах счаплення больш 400 генаў), памідораў, нейраспоры і інш. Звычайна генетычныя карты храмасом у эўкарыётаў лінейныя, бываюць і ў форме крыжа. Пры карціраванні генаў у бактэрый з дапамогай кан’югацыі атрымліваюць кальцавую генетычную карту храмасом. Генетычныя карты храмасом дазваляюць планаваць работу па атрыманні арганізмаў з вызначанымі спалучэннямі прыкмет, што выкарыстоўваецца ў генет. эксперыментах і селекцыйнай практыцы.

Э.​В.​Крупнова.

т. 5, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕТЫ́ЧНЫ ГРУЗ,

наяўнасць у папуляцыі (віду) лятальных і інш. адмоўных мутацый, якія пры пераходзе у гомазіготны стан выклікаюць гібель асобін або зніжэнне іх жыццяздольнасці; у шырокім сэнсе — зніжэнне (сапраўднае або патэнцыяльнае) прыстасаванасці папуляцыі, што ўзнікае пры наяўнасці генетычнай зменлівасці. Тэрмін увёў амер. генетык Г.​Мёлер у 1940-я г. Крыніцамі генетычнага грузу служаць мутацыйныя і сегрэгацыйныя працэсы. Адпаведна адрозніваюць мутацыйны, збалансаваны (сегрэгацыйны) і субстытуцыйны (пераходны) генетычны груз. Кожная папуляцыя нясе ў сабе генетычны груз, частка якога адбываецца за кошт паўторнай мутацыі, частка — за кошт эфекту звышдамінавання. У абодвух выпадках гомазіготы (гл. Гомазіготнасць) маюць адмоўнае праяўленне. Аднак паняцце шкоднасці мутацый адноснае, таму што генетычны груз можа адначасова быць і генетычным рэзервам эвалюцыі дзякуючы падтрымцы генетычнай разнастайнасці папуляцый. Вывучэнне генетычнага грузу ў выглядзе шкодных мутацый у чалавека (спадчынныя хваробы) мае важнае значэнне для вырашэння практычных пытанняў мед. генетыкі.

Э.​В.​Крупнова.

т. 5, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІБЕРЭЛІ́НЫ,

роставыя гармоны раслін з групы дытэрпеноідных кіслот. У раслінах ідэнтыфікавана больш за 40 гіберэлінаў, у грыбах — за 20. Абазначаюцца ГА1, ГА2, ГА3 (у паслядоўнасці вылучэння і выяўлення будовы). Адрозніваюцца тыпам, колькасцю і размяшчэннем функцыян. груп. У раслінах гіберэліны сінтэзуюцца ў органах, якія інтэнсіўна растуць (насенне, верхавінкавыя пупышкі). Актыўныя формы гіберэлінаў могуць пераходзіць у неактыўныя (напр., пры выспяванні пладоў). Найбольш характэрны фізіял. эфект гіберэлінаў — паскарэнне росту органаў за кошт дзялення і расцяжэння клетак. Гіберэліны перапыняюць перыяд спакою ў насенні, клубнях, цыбулінах, індуцыруюць цвіценне раслін доўгага дня за кароткі дзень, стымулююць прарастанне пылку, выклікаюць партэнакарпію (утварэнне на раслінах пладоў без апладнення), пазбаўляюць ад фізіял. і генетычнай карлікавасці. Непасрэдна ўздзейнічаюць на біясінтэз ферментаў. Адзін з найб. актыўных гіберэлінаў — гіберэлавая кіслата (ГА3). Выкарыстоўваюць гіберэліны ў сельскай гаспадарцы для павелічэння ўраджайнасці, стымуляцыі прарастання насення, прыгатавання соладу; апрацоўка азімых злакаў гіберэлінамі замяняе яравізацыю.

т. 5, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЕВА́НГЕЛЛЕ НАПРАСТО́ЛЬНАЕ»,

помнік старажытнабеларускага кнігадрукавання. Выдадзена П.Мсціслаўцам у 1575 у Вільні на царк.-слав. мове.

Надрукавана фарматам у аркуш буйным шрыфтам, які спалучае рысы паўустава рус. і бел. рукапісаў. «Е.н.» — асобны тып кнігі, своеасаблівы фаліянт з гравіраванымі франтыспісамі (выявы евангелістаў Іаана, Лукі, Матфея, Марка; мяркуюць, што ксілаграфіі з выявамі евангелістаў зрабіў Мсціславец), якія выкананы ў маньерысцкім стылі і вызначаюцца дэкаратыўнасцю. У трактоўцы фону, што складаецца з арх. дэталей, раслінных матываў, стылізаваных выяў жывёл і інш., спалучаны рысы готыкі і рэнесансу. Змешчана таксама 11 заставак і 4 ініцыялы. Застаўкі нагадваюць т.зв. старадрукарскі арнамент (адлюстраванні акантавага ліста, кедравых шышак, граната і інш.), іх узор выкананы чорнымі лініямі па белым фоне. Выкананыя на высокім для таго часу ўзроўні тэхнікі гравіравання дрэварыты, застаўкі, ініцыялы, а таксама шрыфт з’явіліся ўзорам для шматлікіх выданняў бел., рус., укр. друкарняў.

В.​Ф.​Шматаў.

т. 6, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖОЎЦЕКАМЯНЁВАЯ ХВАРО́БА,

захворванне, абумоўленае ўтварэннем камянёў у жоўцевым пузыры і (або) жоўцевых пратоках. Частата ўтварэння жоўцевых камянёў павялічваецца з узростам і дасягае 50% у жанчын старэй за 80 гадоў. У мужчын жоўцевыя камяні трапляюцца ў 3—5 разоў радзей, у дзяцей — вельмі рэдка. Асн. прычыны ўзнікнення Ж.х.: застой жоўці, запаленне жоўцевага пузыра і жоўцевых шляхоў, змяненне хім. саставу жоўці ў сувязі з парушэннямі абмену рэчываў (спадчынная схільнасць). Жоўцевыя камяні (халеліты) — цвёрдыя ўтварэнні, колькасць якіх можа складаць ад аднаго да некалькіх тысяч, велічыня — да некалькіх сантыметраў у дыяметры, Маса — да 30 г і болей. Асн. праяўленне захворвання — болі ў правым падрабрынні, якія ўзнікаюць пасля ежы, асабліва вострай або тлустай. Часта назіраюцца слабасць, недамаганне, раздражняльнасць, горкая адрыжка, няўстойлівы стул. Ускладненні Ж.х.: флегмона, гангрэна, вадзянка, эмпіема і перфарацыя жоўцевага пузыра, жоўцевы перытаніт, самаадвольны жоўцевы свішч. Лячэнне тэрапеўтычнае, бальнеалагічнае, хірургічнае.

т. 6, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭНЕ́ЎСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1988 па Афганістане.

Падпісаны 14 крас. прадстаўнікамі Афганістана, ЗША, Пакістана, СССР як вынік афгана-пакістанскіх перагавораў, якія праходзілі ў Жэневе з чэрв. 1982 (з перапынкамі) пры пасрэдніцтве прадстаўніка Ген. сакратара ААН. Мелі на мэце спыніць грамадзянскую вайну ў Афганістане. Складаліся з Двухбаковага пагаднення паміж Рэспублікай Афганістан і Ісламскай Рэспублікай Пакістан аб прынцыпах узаемаадносін (у т. л. аб неўмяшанні і адмове ад інтэрвенцыі), Двухбаковага пагаднення паміж гэтымі краінамі пра добраахвотнае вяртанне бежанцаў, Дэкларацыі аб міжнар. гарантыях і Пагаднення аб узаемасувязі для ўрэгулявання становішча, якое датычыцца Афганістана. Апошняе пагадненне адной з гал. умоў прадугледжвала вывад з Афганістана сав. войск (паловы да 15.8.1988, астатніх на працягу 9 месяцаў). Няпоўнае выкананне пагадненняў Пакістанам (на яго тэр. працягвалі базіравацца ўзбр. фарміраванні для вядзення баёў на тэр. Афганістана) у значнай ступені перашкодзіла спыненню грамадз. вайны ў Афганістане.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 6, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛО́ЗЫ ЎНУ́ТРАНАЙ САКРЭ́ЦЫІ, інкрэторныя залозы, эндакрынныя залозы,

органы жывёл і чалавека, якія выпрацоўваюць і выдзяляюць фізіялагічна актыўныя рэчывы (гармоны) непасрэдна ў кроў або лімфу. У іх адсутнічаюць вывадныя пратокі. Да З.у.с. належаць гіпаталамус, гіпофіз, эпіфіз, наднырачныя залозы, парашчытападобныя залозы, палавыя залозы (іх унутрысакраторныя элементы), шчытападобная залоза, астраўкі падстраўнікавай залозы. Эндакрынныя функцыі ўласцівы вілачкавай залозе, плацэнце, эндакрынным клеткам стрававальнага тракту (слінныя залозы, страўнік, кішэчнік), дыхальных шляхоў, нырак, сэрца, печані і інш. З.ў.с. шчодра забяспечваюцца крывёй, таму гармоны хутка паступаюць у кроў, з якой трапляюць да органаў, тканак і аказваюць спецыфічнае рэгулюючае дзеянне на метабалізм. З.ў.с. знаходзяцца паміж сабой у функцыян. залежнасці і складаюць цэласную эндакрынную сістэму, якая ажыццяўляе гарманальную рэгуляцыю ўсіх асн. працэсаў жыццядзейнасці. Разам з нерв. сістэмай З.ў.с. рэгулююць усе функцыі арганізма. Іх рэгулюючы цэнтр — гіпаталамус. Парушэнне функцый З.у.с. вядзе да цяжкіх эндакрынных захворванняў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 6, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗГО́НЫ, гвалты,

адработачная феад. павіннасць сялян, часткова мяшчан у ВКЛ у 15—18 ст.; найб. ранняя форма працоўнай павіннасці. З устанаўленнем у 16 ст. штотыднёвай паншчыны З. праводзіліся для тэрміновых с.-г. работ звыш цягла. Падзяляліся на вялікія (зганялі ўсіх працаздольных) і малыя (1—2 работнікі з гаспадаркі на ворыва і сяўбу), на конныя і пешыя. У адрозненне ад паншчыны на З. прымушаліся працаздольныя з кожнай сям’і, нават кутнікі, якія не мелі зямлі і двара. Колькасць З. залежала ад плошчы панскай ворнай зямлі і патрэб у дадатковай рабочай сіле. З часам колькасць іх павялічвалася. У 2-й пал. 18 ст. найчасцей праводзілася 12 З. у год. У залежнасці ад відаў работ З. мелі назву шарваркі, талокі, работы з разавым пачастункам — абжынкі. У балансе рабочай сілы фальварковай гаспадаркі З. мелі значную ўдзельную вагу.

П.​Р.​Казлоўскі.

т. 7, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕМЛЯСО́СНЫ СНАРА́Д,

плывучая землярыйная машына, якая ўсмоктвае з-пад вады грунт (у выглядзе пульпы) і транспартуе яго ў адвал, цела землянога збудавання або ў трансп. сродкі; судна тэхн. флоту; адзін з асн. сродкаў гідрамеханізацыі.

Адрозніваюць З.с., якія перапампоўваюць пульпу па грунтаправодах (ляжаць на паплаўках, пантонах або стойках) і самаадвозныя, што адвозяць грунт ва ўласным труме. Рабочы орган З.с. — грунтавая помпа (землясос) з усмоктвальнай трубой, якая аснашчана мех. (звычайна фрэзернага тыпу) або гідраўл. рыхліцелем. З.с. выкарыстоўваюцца на днопаглыбляльных работах, пры ўзвядзенні земляных плацін, дамбаў і інш. насыпаў спосабам намыву, пры буд-ве каналаў, катлаванаў, раскрыванні радовішчаў, здабычы пясчана-гравійных сумесей і інш. Упершыню ўсмоктванне грунту з-пад вады выкарыстана ў Францыі ў 1859, у Расіі ў 1874. Буд-ва і выкарыстанне З.с. найб. развіты ў Нідэрландах і Японіі.

М.​М.​Кунцэвіч.

Землясосны снарад з фрэзай для разрыхлення грунту.

т. 7, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛАЧЫ́НСТВЫ ВО́ІНСКІЯ,

злачынствы супраць устаноўленага парадку нясення воінскай службы, якія ўчыняюцца ваеннаслужачымі Узбр. Сіл, а таксама ваеннаабавязанымі ў час праходжання імі збораў. Крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае адказнасць за непадпарадкаванне, невыкананне загаду, супраціўленне начальніку або прымушэнне яго да парушэння службовых абавязкаў, пагрозу начальніку і гвалтоўныя дзеянні супраць яго, абразу падначаленым начальніка або начальнікам падначаленага, парушэнне статутных правіл паміж ваеннаслужачымі, самавольныя адлучка і пакіданне часці або месца службы, дэзерцірства, ухіленне ад воінскай службы праз членашкодніцтва ці інш. спосабам, прамотванне, страта, знішчэнне ці пашкоджанне ваен. маёмасці, парушэнне правіл абыходжання са зброяй, рэчывамі і прадметамі, што маюць павышаную небяспеку для навакольных, выдаванне ваен. тайны, злоўжыванне ўладай, перавышэнне або бяздзейнасць улады, самавольнае пакіданне поля бою, добраахвотная здача ў палон, марадзёрства, насілле над насельніцтвам у раёне ваен. дзеянняў, дрэннае абыходжанне з ваеннапалоннымі і інш.

М.​Р.​Белавусаў.

т. 7, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)