графічная фіксацыя мовы для зносін паміж людзьмі на адлегласці і замацавання ў часе. Выступае як пэўныя сістэмы графічных абазначэнняў, што склаліся гістарычна ў выніку культ. развіцця паасобных народаў. Паводле сэнсавага аб’ёму знакаў падзяляецца на 4 тыпы; піктаграфічнае пісьмо, ідэаграфічнае пісьмо, складовае пісьмо, літарна-гукавое пісьмо.
Развіццё П. звязана з грамадскім прагрэсам і ішло ад выпадковых агульных паведамленняў да перадачы ўсё больш дробных элементаў мовы. Першыя спробы пісьмовай фіксацыі думак паявіліся ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу (канец каменнага веку). Аднак уласцівае племянным абшчынам піктаграфічнае П. не было ўпарадкаванае, бо ў ім з дапамогай малюнкаў схематычна перадаваўся толькі сэнс выказванняў, але не адлюстроўваўся гукавы бок мовы, падзел яе на словы Пераход ад выпадковых піктаграфічных запісаў да ўпарадкаванага ідэаграфічнага П. абумоўлены ўтварэннем рабаўладальніцкіх дзяржаў, калі з’явілася патрэба рознай пісьмовай дакументацыі. Дзякуючы здольнасці пісьмовых знакаў абазначаць паасобныя словы і перадаваць складаныя тэксты, новы тып П. стаў абслугоўваць усе сферы тагачаснага эканам. і культ. жыцця. Ідэаграфічныя сістэмы, мала звязаныя з фанетыкай мовы, былі зручныя для стараж. дзяржаў, неаднародных па этнічным складзе. Складовае П. пачало фарміравацца ў 2-м тыс.дан.э., ім карыстаюцца некат. народы ў наш час. У параўнанні з ідэаграфічным мае меней знакаў, бо розных складоў у мовах менш, чым слоў, дакладней адлюстроўваецца фанет. і грамат. структура мовы, хоць засталіся цяжкасці, звязаныя з грувасткасцю і немагчымасцю перадачы сумежных і канцавых гукаў у складах. Найб. зручнае П. літарна-гукавое, у якім пры дапамозе знакаў перадаецца гукавы склад мовы. Яго перавага над інш. тлумачыцца прастатой, меншай колькасцю знакаў і лёгкасцю перадачы граматычных форм слоў. Большасць народаў свету карыстаецца літарна-гукавымі сістэмамі. Выкарыстанне П. пашыралася з павелічэннем колькасці адукаваных людзей і ўдасканаленнем пісьмовых прылад. Важны этап у гісторыі П. — вынаходніцтва паперы і кнігадрукавання, што стварыла перадумовы для масавага пашырэння культ. дасягненняў сярод розных слаёў грамадства. Вывучэннем П. займаецца граматалогія, а таксама эпіграфіка і палеаграфія. Пра бел. сістэму П. гл. ў арт.Беларускі алфавіт, Графіка.
Літ.:
Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;
Гельб И.Е. Опыт изучения письма: (Основы грамматологии): Пер. с англ.М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКО́Ф’ЕЎ Сяргей Сяргеевіч (23.4.1891, с. Краснае Краснаармейскага р-на Данецкай вобл., Украіна — 5.3.1953),
расійскі кампазітар, піяніст, дырыжор. Нар.арт. Расіі (1947). Чл.нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме (1934), Шведскай каралеўскай муз. акадэміі (1947). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю па кл. кампазіцыі (1909, вучыўся ў А.Лядава, М.Рымскага-Корсакава), дырыжыравання (у М.Чарапніна) і фп. (у Г.Есіпавай; абодва 1914). Пачаў выступаць у 1908 як піяніст. З 1918 жыў і працаваў за мяжой. З 1936 у Расіі. Творчасць П., трывала звязаная з традыцыямі мінулага, пашырыла межы муз. мастацтва ў галіне мовы, зместу, сродкаў выразнасці, уяўляла сабой наватарскую з’яву сучаснасці. Стварыў значныя творы ва ўсіх муз. жанрах.: вак., сімф., камерна-інстр., пісаў музыку да кінафільмаў і тэатр. пастановак. Яго музыка, гарманічная і жыццесцвярджальная, аб’ядноўвае ў сабе эпас і лірыку, драматызм і гумар, іронію і гратэск, характарыстычнасць і псіхалагізм. Вядучая роля ў ёй належыць оперы і балету, якія вылучаюцца нетрадыцыйнымі сюжэтамі, новымі прынцыпамі і прыёмамі муз. драматургіі і належаць да рэфарматарскіх заваёў (супрацоўнічаў з С.Дзягілевым, У.Меерхольдам, А.Таіравым, С.Эйзенштэйнам). Аўтар 8 опер, у т. л. «Заручыны ў манастыры» (1940), «Вайна і мір» (1943); 7 балетаў, у т. л. «Рамэо і Джульета» (1936), «Золушка» (1944), пастаўленых у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі адпаведна ў 1962, 1985, 1968, 1965; 7 сімфоній (у т. л. «Класічная», 1916—17, 7-я, 1951—52); араторыі «На варце міру» (1950); кантат «Здравіца» (1939, з выкарыстаннем фалькл. тэкстаў народаў СССР, у т. л.бел.), «Аляксандр Неўскі» (1938); сімф. казкі «Пеця і воўк» (1936) і інш. Адзін з першых кампазітараў сусветнага кіно. Сярод кінафільмаў, да якіх напісаў музыку: «Аляксандр Неўскі», «Іван Грозны», бел. «Паручнік Кіжэ» (1933, рэж. А.Файнцымер) і інш.Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946 (тройчы), 1947, 1951. Ленінская прэмія 1957.
Літ. тв.: Автобиография. М., 1973; Детство. 5 изд. М., 1983.
Літ.:
Нестьев И.В. Жизнь Сергея Прокофьева. 2 изд. М., 1973;
Мартынов И.И. Сергей Прокофьев: Жизнь и творчество. М., 1974;
Савкина Н.П. С.С.Прокофьев. М., 1982;
Данько Л. С.С.Прокофьев, 1891—1953. 2 изд. Л., 1983;
Сергей Прокофьев, 1891—1991: Дневник, письма, беседы, воспоминания. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫДНЯСТРО́ЎСКІ КАНФЛІ́КТ 1992,
міжнацыянальны ўзбр. канфлікт на тэр. Рэспублікі Малдова, які набыў форму ваен. дзеянняў (сак.—жн. 1992) паміж афіц. ўладамі Малдовы і кіраўніцтвам самаабвешчанай (1990) на левым беразе р. Днестр т.зв. Прыднястроўскай Малд. Рэспублікі (ПМР; цэнтр — г. Ціраспаль, 39% нас. малдаване, 26% — украінцы, 24% — рускія, 11% — інш.; 550 тыс. жыхароў у 2000). Улады Малдовы імкнуліся аднавіць фактычна страчаны суверэнітэт над усх. раёнамі краіны. Канфлікту папярэднічала абвастрэнне адносін паміж уладамі Малдовы і кіраўніцтвам ПМР у канцы 1991 — пач. 1992. Ваен. дзеянні пачаліся з інцыдэнту ў г. Дубэсар на левым беразе Днястра, дзе 2.3.1992 гвардзейцы ПМР захапілі падначалены МУС Малдовы раённы аддзел паліцыі. Нягледзячы на шматлікія міратворчыя намаганні (дзейнасць пагаджальнай камісіі бакоў, пасяджэнні ў Кішынёве міністраў замежных спраў Малдовы, Расіі, Украіны і Румыніі, па выніках якіх у крас. двойчы абвяшчалася спыненне агню, і інш.), маштабы канфлікту нарасталі. Арэнай узбр. супрацьстаяння стала ўся даліна р. Днестр, па якой пралягла мяжа непрызнанай ПМР. З боку Рэспублікі Малдова ў канфлікце ўдзельнічалі яе рэгулярныя войскі, падраздзяленні МУС і валанцёры, з боку ПМР — яе рэсп. гвардыя, апалчэнне, унутр. войскі, тэр.-выратавальныя атрады, фарміраванні казакоў-добраахвотнікаў з Расіі і інш. рэспублік б.СССР. У баях ужываліся артылерыя, танкі, авіяцыя. У канфлікт была ўцягнута 14-я рас. армія (штаб у г. Ціраспаль), якая абараняла свае аб’екты ад нападзенняў войск Малдовы. Дапач.ліп., калі ў асн. завяршылася актыўная стадыя канфлікту, у зоне баявых дзеянняў загінула 650 чал., 4 тыс. паранена (пераважна мірныя жыхары). Значна пацярпела эканоміка краю, асабліва прадпрыемствы гарадоў Бендэр і Дубэсар. Баявыя дзеянні паступова спыніліся без значных тэр. вынікаў для абодвух бакоў у пач.жн. 1992 пасля падпісання ў Маскве 21.7.1992 прэзідэнтамі Малдовы (М.Снегур) і Расіі (Б.Ельцын) Пагаднення аб прынцыпах мірнага ўрэгулявання ў Прыднястроўі. Прадугледжвалася захаванне тэр. цэласнасці Малдовы, наданне асаблівага статуса левабярэжжу Днястра, у т. л. права яго насельніцтва вырашаць свой лёс у выпадку далучэння Малдовы да Румыніі. Нягледзячы на наступныя шматлікія намаганні ўрадаў Малдовы, Расіі, Украіны і міжнар. арг-цый, паліт. праблемы, якія выклікалі ў 1992 П.к., да гэтага часу не вырашаны, бо Малдова настойвае на захаванні сваёй тэр. цэласнасці, а кіраўніцтва ПМР — на прызнанні яе незалежнай дзяржавай. Гл. таксама раздз. Гісторыя ў арт.Малдова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛО́ГІЯ ПРА́ЦЫ,
сацыялагічная тэорыя, змест якой складаюць законы і катэгорыі, што вызначаюць працу як неабходную ўмову жыццядзейнасці індывіда і грамадства. Аб’ектам С.п. з’яўляецца праца як з’ява і як працэс у іх сац. накіраванасці на чалавека, які працуе. Прадмет С.п. — сац.-тыповыя працэсы, якія адлюстроўваюцца ў адносінах чалавека да працы, ягопрац. актыўнасці. Тыповым для С.п. з’яўляецца аналіз установак і паводзін чалавека ў залежнасці ад зместу і характару працы. У працэсе навукова-тэхн. прагрэсу тэхніка і тэхналогія вытв-сці ўдасканальваюцца. Гэта выклікае змены прац. функцый чалавека, суадносін ручной, механізаванай і аўтаматызаванай, а таксама фіз. і разумовай працы, ускладненне яе арг-цыі. Якасныя зрухі ў змесце працы ствараюць перадумовы для змены яе характару, што ў сваю чаргу ўплывае на змест працы, запавольвае або садзейнічае яе развіццю. Закон адпаведнасці вытв. адносін узроўню развіцця прадукц. сіл (К.Маркс) праяўляецца ў сферы працы ў выглядзе закону адпаведнасці яе характару і зместу; з’яўляецца адным з асн. законаў С.п. і стварае катэгарыяльны апарат дадзенай тэорыі.
С.п. развівалася пад уздзеяннем праблем, звязаных са зменай спосабу вытв-сці і адпаведнай зменай прац. адносін. Яе законы функцыянавалі і да ўзнікнення С.п. як навукі. Напр., закон падзелу працы ўзнік у рабаўладальніцкім грамадстве, эвалюцыйна развіваўся ў перыяд феадалізму і рэвалюцыянізаваў у 1950-я г. на этапе навукова-тэхн. рэвалюцыі. У працэсе замены мануфактурнай вытв-сці машыннай пачаў развівацца закон перамены працы, які рэвалюцыянізаваў амаль адначасова з законам падзелу працы. У капіталіст. вытв-сці пашырыў свае функцыі закон канкурэнцыі як асн. закон вытв-сці, які стымулюе развіццё законаў падзелу і перамены працы. З пачаткам фарміравання рыначнай сістэмы гаспадарання ў постсавецкіх грамадствах (1990-я г.) С.п. звязваецца з паводзінамі работадаўцаў і наёмных работнікаў у адказ на дзеянне эканам. і сац. стымулаў да працы. Асн. акцэнт робіцца на эканам. стымулы, якія рэгулююць прац. паводзіны сац.-прафес. груп. Большая ўвага аддаецца метадам аналізу і вырашэння прац. канфліктаў, сістэме сац. гарантый у сферы працы, сац. ін-там і механізмам сац. абароны работнікаў.
Літ.:
Штольберг Р. Социология труда: Пер. с нем. М., 1982;
Социология труда. М., 1993;
Маркович Д.Ж. Социология труда: Пер. с сербскохорв. М., 1997;
Адамчук В.В., Ромашов О.В., Сорокина М.Е. Экономика и социология труда. М., 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛАДАПАДЗЕ́Л,
вызначэнне межаў паміж складамі ў слове і на стыках слоў. Пры ўспрыманні слова на слых колькасць складоў у ім вызначаецца лёгка, аднак межы паміж імі могуць расстаўляцца па-рознаму. На пісьме С. ужываецца для правільнага пераносу частак слоў. С. адбываецца паводле прынцыпаў: павелічэння гучнасці (прапанаваны Р.І.Аванесавым), які ўлічвае слыхавыя якасці гукаў — зычныя, якія папярэднічаюць пры пабудове складоў галоснаму, заўсёды ствараюць з ім паслядоўнасць з павелічэннем гучнасці («ва-пна»); мускульнага напружання (прапанаваны Л.У.Шчэрбам), у аснове якога артыкуляцыйна-фізіял. адрозненні зычных гукаў. Міжскладовай мяжой лічыцца месца найб. напружання, звычайна пры вымаўленні галоснага («вап-на», «шап-ка»); верагоднасці складу (прапанаваны М.В.Ламаносавым), які дазваляе пакідаць збег зычных у складзе, калі ў лексіцы ёсць словы з такімі спалучэннямі зычных у пачатку («да-звол» — ёсць бел. слова «зварот»; «ка-лгас» нельга, бо з пачатковым «лг» бел. слоў няма); імкнення да адкрытых складоў, калі зычны гук незалежна ад яго якасці, месца націску ў слове і аддаленасці ад наступнага галоснага акустычна звязаны з наступным галосным мацней, чым з папярэднім («ка-лга-сы», «вы-раз-на»); псіхалінгвістычнага, што тлумачыць пэўны несвядомы (рознымі людзьмі па-рознаму) падзел спалучэнняў зычных пры пераносе слоў з радка ў радок («шап-ка», «ша-пка»). У бел. мове пашыраны прынцып С. ў адпаведнасці з павелічэннем гучнасці. Калі ў слове апошні гук галосны, а зычныя і галосныя гукі размешчаны па чарзе, С. праводзіцца паміж галосным і наступным зычным («ба-ра-на-ва-лі»). Калі паміж галоснымі ёсць спалучэнне шумных зычных ці шумнага і санорнага, С. праводзіцца перад першым зычным гэтага спалучэння («мя-тла»). Калі паміж галоснымі ёсць спалучэнні санорных зычных, санорнага, «й» і «ў» з шумным, С. праходзіць паміж зычнымі («гал-ка», «пам-рэ»), Спалучэнні зычных гукаў у пачатку і ў канцы слова (незалежна ад тыпу зычных) цалкам адносяцца да складу, утворанага суседнім галосным гукам («зра-бі-ла», «ка-лібр»). С. на стыку марфем праводзіцца паводле агульнага прынцыпу, таму падзел слова на марфемы («пад-ыгр-а-л-і») можа не супадаць з падзелам на склады («па-ды-гра-лі»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПОРТ (ад англ. disport гульня, забава),
спаборніцкая дзейнасць, спец. падрыхтоўка да яе (спарт. трэніроўка) і спецыфічныя адносіны, нормы і дасягненні, якія ўзнікаюць на аснове сукупнасці ўсіх відаў такой дзейнасці. Гістарычна склалася пераважна ў сферы фізічнай культуры. У больш вузкім сэнсе С. — спаборніцтвы, накіраваныя непасрэдна на дэманстрацыю фіз. дасягненняў, аб’ектыўнага параўнання і ацэнкі пэўных магчымасцей чалавека (сіл, здольнасцей, уменняў).
Першыя спаборніцтвы ўзніклі ў старажытнасці ў форме ініцыяцый — рытуалаў пасвячэння юнакоў у воіны. У далейшым спаборніцтвы набылі сакральны (магічны) характар. Захаваліся гістарычна дакладныя звесткі аб правядзенні рытуальных спаборніцтваў у Месапатаміі (з 4-га тыс.дан.э.), Егіпце, Індыі, Кітаі (з 3—2-га тыс.дан.э.). У Стараж. Грэцыі склалася цэлая сістэма спаборніцтваў, якія прысвячаліся антычным багам і героям: Немейскія гульні, Істмійскія гульні, Піфійскія гульні, Алімпійскія гульні і інш. Сучасны С. склаўся ў пач. 19 ст. ў Англіі як сац. інстытут прафіляванага развіцця фіз., псіхічных і інш. здольнасцей чалавека з мэтай іх супараўнання ва ўмовах рэгламентаванай спаборніцкай дзейнасці.
Вызначаюць 3 асн. ўзаемазвязаныя арганізац. формы С.: масавы (рэкрэацыйны), рэзервовы і С. вышэйшых дасягненняў. С. масавы (С. для ўсіх) з’яўляецца ч.фіз. культуры, ахоплівае практычна ўсе сац. групы насельніцтва і садзейнічае фіз. выхаванню, аздараўленню, арганізацыі вольнага часу, пашырэнню адносін і інш. С. рэзервовы ўключае сістэму адбору і падрыхтоўкі юных спартсменаў (напр., сістэма спартыўных школ). С. вышэйшых дасягненняў уключае С. рэкордны і відовішчна-камерцыйны. Арганізатарам рэкорднага С. выступае дзяржава; яна ажыццяўляе ўмовы для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спартсменаў і каманд, выкарыстоўвае іх дасягненні дзеля фарміравання прэстыжу краіны на міжнар. арэне. На гэтай аснове рэкордны С. звязваецца з дзярж. палітыкай. Мэта відовішчна-камерцыйнага С. — атрыманне непасрэднага прыбытку ад арганізацыі спарт. відовішча. У гэтай сувязі ён набывае рысы шоу-бізнесу. Сац. значэнне С. пашыраецца ў сувязі з узнікненнем новых арганізац. захадаў, рэарганізацыі і будаўніцтва новых спартыўных збудаванняў, пашырэння спартыўных спаборніцтваў і інш. Важным фактарам развіцця С. з’яўляецца прапаганда яго ў сродках масавай інфармацыі, выяўленчым мастацтве, кіно, літаратуры і інш.
Літ.:
Матвеев Л.П. Введение в теорию физической культуры. М., 1983;
Визитей Н.Н. Физическая культура и спорт как социальное явление: Филос. очерки. Кишинев, 1986;
Кулинкович Е.К. Спорт: люди и рекорды. Мн., 1998;
Пономарчук В.А., Козлова В.С. Институт спорта: (история и реалии). Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАФА́ (грэч. strophe літар. — паварот) у вершаскладанні, рытміка-сінтаксічная еднасць двух ці больш вершаваных радкоў, звязаных найчасцей агульнай рыфмай або паўторам клаўзул.
У ант. паэзіі, якая не ведала рыфмаў, С. арганізоўвала метрыка — строга ўпарадкаванае размяшчэнне вершарадоў пэўных памераў (гл.Антычнае вершаскладанне). У пазнейшым вершы, у т. л. ў сучасным сілаба-танічным, метрычная арганізацыя С. часткова засталася — у ёй нярэдка ў строгай паслядоўнасці паўтараюцца разнастопныя радкі аднаго памеру. Асн. ў страфічнай будове — рытмічная цэласнасць, якая прадвызначае аднароднасць рытмічнага малюнка ў межах, аналагічных С., а таксама інтанац.-сінтакс. еднасць, дзякуючы якой С. набываюць адносную сэнсавую завершанасць і самастойнасць, выразна аддзяляюцца адна ад адной міжстрофнымі паўзамі, а на пісьме яшчэ і графічна (прагаламі). Розныя спалучэнні метрычнай, рытмічнай, інтанац.-сінтакс. будовы радкоў і рыфмоўка забяспечваюць вял. магчымасці страфічнай арганізацыі верша. Толькі рознае размяшчэнне ў С. вершаваных радкоў пэўных памераў і разнастайная рыфмоўка далі магчымасць М.Багдановічу стварыць 93 (паводле І.Ралько) віды С.
Характар С. залежыць ад ідэйнай задумы, намераў аўтара, яго схільнасцей, творчай культуры, канкрэтнага зместу і жанру твора. У лірычных вершах і паэмах С. звычайна простыя з 2, 3, 4 і 5 радкоў, а ў буйных вершаваных творах з развітай архітэктонікай — складаныя, у аснове якіх тыя ці інш. камбінацыі простых С. Аднолькавыя рыфмы застаюцца ў межах адной С., але ў некат. класічных формах яны своеасаблівым ланцужком звязваюць усе С., пераходзячы ад адной да другой, напр. у тэрцынах.
Наяўнасць пэўных відаў С. залежыць ад багацця нац. традыцый, сувязей роднай л-ры з л-рамі інш. народаў. У залежнасці ад колькасці радкоў адрозніваюць С. 2-радковыя (двухрадкоўе, элегічны двуверш), 3-радковыя (трохрадкоўе) і г.д.да дзесяцірадкоўя. Асобныя простыя С., паўтараючыся ў розных камбінацыях, утвараюць новыя складаныя С.: адзінаццацірадкоўе, дванаццацірадкоўе, чатырнаццацірадкоўе (анегінская страфа), шаснаццацірадкоўе. Пераважаюць вершы, напісаныя аднолькавымі С. (раўнастрофны верш), аднак частка вершаў не дзеліцца на паасобныя С. і складаецца з 1 С. (аднастрофны верш) або некалькіх страфоідаў. Бывае, што ў творы адны С. змяняюцца другімі без відавочных заканамернасцей (разнастрофны верш) або С. адсутнічаюць (астрафічны верш). Асабліва багатая страфічная арганізацыя ў вершах Я.Купалы, Я.Коласа, Багдановіча, У.Дубоўкі, М.Танка, Р.Барадуліна, Н.Гілевіча, Я.Сіпакова. Пра страфічныя формы бел. верша гл. ў арт. Строфіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАТЭ́ХНІКА (ад электра... + тэхніка),
галіна навукі і тэхнікі аб электрамагнітных працэсах і практычным іх выкарыстанні. З Э. як базіснай навукі вылучыліся і існуюць самастойна: электраэнергетыка, эл. сістэмы і сеткі, электрычныя машыны, электрычны прывод, тэхніка высокіх напружанняў, рэлейная ахова, аўтаматыка, тэлемеханіка, сувязь, радыётэхніка, тэлебачанне, электроніка, вылічальная тэхніка і інш.
Фарміраванне Э. адносіцца да 19 ст.Вял. ролю ў яе развіцці адыгралі працы Ш.А.Кулона, А.Вольты, А.М.Ампера. Фундаментальнае значэнне маюць законы Э., сфармуляваныя Г.С.Омам і Г.Р.Кірхгофам. Першапачатковае практ. развіццё яна атрымала ў сувязі (вынаходствы апарата С.Ф.Б.Морзе, 1837; літарадрукавальнага апарата Д.Э.Юза, 1855; тэлефона А.Г.Бела, 1876), святлатэхніцы (адкрыццё эл. дугі В.У.Пятровым, 1802; эл. свечкі пераменнага току П.М.Яблачкавым, 1876; лямпы напальвання пастаяннага току Т.А.Эдысанам, 1879) і электраэнергетыцы. Пасля адкрыцця М.Фарадэем закону эл.-магн. індукцыі (1831) пачалося дастасаванне ягода практычнага выкарыстання. У 1870 створаны прамысл. тып генератара пастаяннага току; у 1880 праведзены першыя доследы па перадачы эл. энергіі пастаянным токам. Пачаткам шырокага выкарыстання Э. ў прам-сці лічыцца вынаходства ў 1891 М.В.Даліва-Дабравольскім усіх звёнаў трохфазавай электраперадачы пераменнага току: генератара, трансфарматараў, якія павышалі і паніжалі напружанне, лініі электраперадачы, асінхроннага рухавіка. Адначасова вяліся тэарэт. даследаванні ў галіне Э. У 1870—80 Дж.К.Максвел атрымаў ураўненні, якія сталі асновай сучаснай навукі аб электрамагнітным полі. Далейшыя даследаванні ў гэтай галіне (працы Г.Р.Герца, П.М.Лебедзева) прывялі да вынаходства радыё А.С.Паповым (1895). З пач. 20 ст. Э. шырока выкарыстоўваецца ў розных галінах нар. гаспадаркі: металургіі, вугальнай, нафтавай і інш. галінах прам-сці, на транспарце, у медыцыне, сельскай гаспадарцы і ў побыце.
Новыя кірункі развіцця тэорыі Э.: тапалагічныя метады аналізу эл. ланцугоў, матэм. і фіз. мадэліраванне эл. ланцугоў, метады пераўтварэння частаты, сінтэз эл. ланцугоў. Сучасная Э. распрацоўвае пытанні праектавання і буд-ваЛЭП высокага напружання (трохфазнага току 1200, 750 кВ, пастаяннага току 1500 кВ), выкарыстання сонечнай энергіі на аснове фотасінтэзу (спадарожнікавыя электрастанцыі), лазернай перадачы энергіі, радыеізатопных крыніц энергіі і інш. Даследаванні ў галіне Э. вядуцца з дапамогай эксперым. і аналіт. метадаў (гарманічны аналіз, аператарны метад, мадэліраванне і інш.), ЭВМ. Пытанні Э. асвятляюцца ў час. «Электричество», «Энергетика (Известия вузов и энергообъединений СНГ)», «Энергия и менеджмент» і інш.
Літ.:
Круг К.А. Основы электротехники. Т. 1—2. М.; Л., 1946;
Нейман Л.Р., Демирчян К.С. Теоретические основы электротехники. М., 1976;
Общая электротехника. 2 изд. Мн., 1977;
Лосев А.К. Теория линейных электрических цепей. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АРХІ́ЎНЫ ФОНД РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ (НАФ),
сукупнасць дакументаў, створаных на Беларусі ў працэсе эканам., грамадска-паліт., сац.-культ. і інш. дзейнасці дзяржавы на розных этапах яе развіцця, а таксама недзярж. структур і прыватных асоб. Дакументы НАФ з’яўляюцца гіст. і культ. спадчынай бел. народа, ягодакумент. памяццю і саст. ч.інфарм. рэсурсу Рэспублікі Беларусь. Яны захоўваюцца ў дзярж. архівах, б-ках, музеях, прыватных калекцыях і інш. зборах. Да НАФ адносяцца таксама дакументы, якія знаходзяцца ў архівах, б-ках і музеях замежных дзяржаў, ва ўласнасці замежных грамадзян і ў адпаведнасці з міжнар. дагаворамі падлягаюць вяртанню на Беларусь. У склад дзярж. часткі НАФ уваходзяць: архіўныя фонды і дакументы дзярж. устаноў, прадпрыемстваў і арг-цый, структур гар., земскага і саслоўнага самакіравання, рэліг. канфесій, прыватных асоб і інш. суб’ектаў права, што дзейнічалі на тэр. Беларусі да 1917; органаў дзярж. улады і кіравання, устаноў, арг-цый, прадпрыемстваў, фарміраванняў БССР і Рэспублікі Беларусь, у т. л. тыя, што знаходзяцца або знаходзіліся за межамі Беларусі; грамадскіх аб’яднанняў, створаных да моманту ўвядзення сістэмы іх рэгістрацыі; юрыд. і фіз. асоб (якія сталі ўласнасцю дзяржавы); маст., мультыплікацыйныя, дакумент., навук.-папулярныя фільмы, кіна-, фота-, фона- і відэадакументы; праектная, канструктарская, патэнтная, картаграфічная, геалагічная, тэлеметрычная, камерцыйная і інш. дакументацыя; базы і банкі даных, камп’ютэрныя праграмы; навук., літ., муз. і інш. рукапісы; жывапісныя выявы, малюнкі, дзённікі, мемуары і інш. віды дакументаў, створаных або распрацаваных ва ўстановах, арг-цыях, на прадпрыемствах, у рэдакцыях газет і часопісаў за кошт дзярж. сродкаў і г.д. Недзярж. частку НАФ складаюць архіўныя фонды і дакументы, што знаходзяцца ва ўласнасці грамадскіх аб’яднанняў з моманту ўвядзення рэгістрацыі апошніх, рэліг. арг-цый і іх структур (перыяду пасля аддзялення царквы ад дзяржавы), інш. недзярж. юрыд. асоб, а таксама фіз. асоб (дакументы асабістага паходжання, сямейныя архівы, калекцыі дакументаў). Дакументы НАФ могуць быць зафіксаваны на папяровых і тэхнатронных носьбітах. Уключэнне дакументаў у НАФ ажыццяўляецца ў парадку, устаноўленым органам дзярж. кіравання па архівах і справаводстве. Фарміраванне, улік, захаванасць, выкарыстанне НАФ рэгламентуюць закон «Аб Нацыянальным архіўным фондзе і архівах Рэспублікі Беларусь» (6.10.1994), «Палажэнне аб Нацыянальным архіўным фондзе Рэспублікі Беларусь» (20.9.1996) і інш. нарматыўныя акты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДСКІ ЭКАЛАГІЧНЫ РУХ.
Першай афіцыйнай арганізацыяй грамадскага прыродаахоўнага руху на Беларусі з’яўляецца Беларускае таварыства аховы прыроды, засн. ў 1962. З яго ўдзелам вырашаліся многія наспелыя прыродаахоўныя праблемы: абследаванне і аднаўленне старадаўніх паркаў, добраўпарадкаванне і азеляненне гарадоў і інш. населеных пунктаў, аднаўленне і добраўпарадкаванне крыніц, вылучэнне водаахоўных зон рэк і вадаёмаў, захаванне полеахоўных палос, ахова жывёл і раслін, занесеных у Чырвоную кнігу, фарміраванне ў насельніцтва экалагічнага светаўспрымання, беражлівых адносін да прыроды.
На 1.1.2004 у Беларусі зарэгістравана 55 рэспубліканскіх і міжнар. грамадскіх арганізацый, дзейнасць якіх накіравана на прапаганду ідэй аховы навакольнага асяроддзя, гуманных адносін да жывёл, садзейнічанне фарміраванню свядомасці і экалагічна правільных паводзін людзей.
Актыўна працуюць і маюць рэальныя вынікі ў вырашэнні шэрагу прыродаахоўных праблем рэспубліканскія грамадскія арганізацыі.
Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, праводзіць работу па прыцягненні ўвагі маладых людзей да пытанняў экалагічнай асветы, прапагандзе экалагічных каштоўнасцей і прыродаахоўнай дзейнасці. Экалагічная ініцыятыва «Белая Русь» (аб’яднанне моладзі) вырашае шырокі спектр экалагічных праблем, вядзе асветную дзейнасць, выдае часопіс «Зялёныя навіны», які асвятляе прыродаахоўныя пытанні. Маладзёжная арганізацыя «Ахова птушак Беларусі» праводзіць работу па ахове арнітафауны, арганізуе штогадовыя экалагічныя кампаніі «Птушка года», што дае добрыя вынікі ў справе аховы прыроды і прапаганды экалагічных каштоўнасцей. Працуюць таксама: «Экаправа» — экалагічная арганізацыя па пытаннях прававых форм удзелу грамадскасці ў вырашэнні прыродаахоўных праблем; «Экадом» — экалагічная арганізацыя па пытаннях асветы ў інтарэсах устойлівага развіцця грамадства; «Экасфера» — арганізацыя па пытаннях утылізацыі назапашаных, але непрыдатных для выкарыстання пестыцыдаў і інш. ядахімікатаў; «Беларускі зялёны крыж» — арганізацыя па правядзенні міжнар. экалагічных фестываляў школьнікаў «Дзень Зямлі», «Беларусь» і інш.
У мэтах забеспячэння ўзаемадзеяння прыродаахоўных органаў і грамадскасці пры Мін-ве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя дзейнічае Грамадскі каардынацыйны савет, у які ўваходзяць прадстаўнікі 17 грамадскіх арганізацый: «Ахова птушак Беларусі», «Бел. асацыяцыя дзяцей і моладзі», «Бел. грамадская арг-цыя «Інваліды Чарнобыля», «Бел. сацыяльна-экалагічны саюз «Чарнобыль», «БТАП», «Бел. экалагічная партыя зялёных».
«Зялёны край», «Міжнар. грамадскае аб’яднанне «Бурэнка», «Наасфера», «Некст Стоп-Нью Лайф», «Цэнтр інфарм. падтрымкі грамадзянскіх ініцыятыў», «Экадом», «Экалагічная ініцыятыва «Белая Русь», «Экалагічны менеджмент», «Экалайн», «Экаправа», «Эка-Інфо». Гэта дае ім магчымасць удзельнічаць у працэсе прыняцця важных рашэнняў экалагічнай палітыкі дзяржавы (нац. планаў дзеянняў, праектаў законаў, нарматыўных прававых актаў і інш.).