БІЯХАРЫЁН (ад бія... + харыён),

структурная частка экасістэмы; цэнтр актыўнасці арганізмаў у біятопе. У біяхарыёне (на падле, у экскрэментах, на вышэйшых грыбах, пнях, у гнёздах і інш.) трапляюцца асаблівыя, часта вельмі багатыя відамі, але пераважна кароткажывучыя згуртаванні. Тэрмін прапанаваў ням. вучоны В.​Тышлер (1955). Гл. таксама Сінузія.

т. 3, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ЖА, Продзвінка, Брожка,

рака ў Беларусі, у Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток Бярэзіны (бас. Дняпра). Даўж. 28 км. Пл. вадазбору 390 км². Пачынаецца паміж вёскамі Мачулкі і Мартынаўка, вусце за 1,5 км на У ад в. Продзвіна. У верхнім цячэнні 10 км рэчышча каналізавана.

т. 3, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬГЕ́ЛЬМА II ЗЯМЛЯ́ (Wilhelm II Land),

частка тэр. Антарктыды паміж 88° і 92° усх. д. Абмываецца м. Дэйвіса. Тоўшча ледавіковага покрыва 1000—2000 м. Свабодны ад лёду патухлы вулкан Гаўсберг (выш. 369 м). Адкрыта ў 1902 ням. экспедыцыяй Э.​Дрыгальскага і названа ў гонар герм. імператара.

т. 4, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РШЫ (польск. wierszy ад лац. versus верш),

дасілабічныя і сілабічныя (гл. Сілабічнае вершаскладанне) вершаваныя творы ва ўсходнеславянскіх літаратурах у 16—18 ст. Віршы звычайна наз. вершы для чытання (у процілегласць кантам і псалмам, якія спяваліся). Пазней віршамі сталі называць любыя архаічныя і не зусім удалыя вершы.

т. 4, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ПАПЯРО́ВА-КАРДО́ННАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1889—1905 у Віцебску. Выпускала толевую, абгортачную, кардонную паперу, кардон. Мела паравыя машыны на 50 (1890) і 80 к.с. (1895—1900) і 2 паравыя катлы. Працавала ад 124 (1900) да 150 (1902—05) рабочых, выпускалася прадукцыі на 140,4 тыс. руб. (1900).

т. 4, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СПА ВЕТРАНА́Я, вятранка,

масавая востразаразная інфекц. хвароба чалавека. Узбуджальнік — фільтроўны вірус — перадаецца ад хворага паветрана-кропельным шляхам. Інкубацыйны перыяд 13—17 дзён. Павышаецца т-ра, на скуры з’яўляецца высыпка, у поласці рота і глоткі — язвачкі, запаленне дыхальных шляхоў. У перахварэлых на воспу ветраную выпрацоўваецца стойкі імунітэт.

т. 4, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СЬ у тэхніцы,

дэталь машын і механізмаў (звычайна падоўжанай цыліндрычнай формы) для падтрымання частак дэталей, што знаходзяцца ў вярчальным руху. У адрозненне ад вала вось не перадае карысны вярчальны момант і вытрымлівае толькі напружанне выгіну. Адрозніваюць восі нерухомыя (замацоўваюцца ў апорах) і рухомыя (верцяцца ў апорных падшыпніках).

т. 4, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЯ́БРСКІ,

горад у Башкортастане, на р. Ік, за 25 км ад чыг. ст. Туймазы. Узнік у сувязі з адкрыццём у 1937 Туймазінскага радовішча нафты. 107,3 тыс. ж. (1992). Цэнтр нафтаздабыўной прам-сці. Машынабудаванне (нафтавае абсталяванне, аўтапрылады і інш.) і металаапрацоўка, лёгкая прам-сць. Вытворчасць буд. матэрыялаў.

т. 1, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАГО́АС (Alagoas),

штат на ПнУ Бразіліі, на Пн ад ніжняга цячэння р. Сан-Франсіску. Пл. 27,7 тыс. км². Нас. 2409 тыс. чал. (1989). Адм. ц.г. Масеё. Плантацыйнае вырошчванне цукр. трыснягу і бавоўны. Харч. і тэкст. прам-сць. На р. Сан-Франсіску каля вадаспадаў Паўлу-Афонсу ГЭС.

т. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАНТО́ІС (ад грэч. allantoeidēs каўбасападобны),

адна з зародкавых абалонак вышэйшых пазваночных жывёл. У рэптылій і птушак зрастаецца з харыёнам і выконвае функцыі органа эмбрыянальнага дыхання і збору прадуктаў абмену рэчываў зародка. У млекакормячых у мезенхіме алантоіса ўтвараюцца сасуды пупавіны, пазней з унутрызародкавай яго часткі фарміруецца мачавы пузыр.

т. 1, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)