НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ НАВУКО́ВА-АСВЕ́ТНЫ ЦЭНТР ІМЯ́ Ф.СКАРЫ́НЫ пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь,

установа, якая праводзіць даследаванні ў галіне гуманітарных навук, беларуса- і народазнаўства, гуманістыкі. Засн. ў 1991 у Мінску. Да 7.2.1992 пры аддзяленні грамадскіх навук АН Беларусі. Арганізатар і першы дырэктар — А.В.Мальдзіс. Асн. кірункі дзейнасці: бел. асветніцтва; гісторыя і тэорыя бел. культуры; праблемы хрысціянства і нац. развіцця; гісторыя, сучасны стан бел. дыяспары; праблемы выяўлення, вяртання і сумеснага выкарыстання бел. матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі, стварэнне банка інфармацыі па адукацыі, гісторыі, культуры, навуцы, рэлігіі Беларусі; грамадска-культ. ўзаемадзеянні Беларусі з іншымі краінамі і народамі; распрацоўка бел. тэрміналогіі. Б-ка (з 1993) мае рукапісны аддзел, калекцыю выданняў бел. дыяспары, збор фота- і фонаматэрыялаў, выразкі з перыяд. выданняў, картатэкі па персаналіях, навук. кірунках, нас. пунктах, краінах, дыяспары, рэстытуцыі. З 1993 дзейнічае музейная экспазіцыя «Беларусы ў свеце». Цэнтр забяспечвае ВНУ і н.-л. ўстановы неабходнай інфармацыяй па бібліяграфіі, тэрміналогіі, наладжвае павук. кансультацыі, ажыццяўляе навук. супрацоўніцтва з Ін-там славяназнаўства і балканістыкі Рас. АН, Ін-там Цэнтр. і Усх. Еўропы ў Любліне, Варшаўскім ун-там (Польшча), Бел. ін-там навукі і мастацтва (ЗША), Б-кай і музеем імя Ф.​Скарыны (Англія), навук. ўстановамі Балгарыі, Германіі, Ізраіля, Італіі, Літвы, Украіны, Францыі і інш. На базе цэнтра дзейнічаюць Міжнар. асацыяцыя беларусістаў (МАБ, 1991), Скарынаўскае брацтва (1997). Цэнтрам арганізавана каля 30 міжнар. навук. канферэнцый, у т. л. 3 кангрэсы беларусістаў (1991, 1995, 2000); распрацавана і ажыццяўляецца праграма фундаментальных даследаванняў «Беларускае асветніцтва» (1999—2001). Выдадзены 15 навук. зб. «Беларусіка=Albaruthenica» (1993—2000), зб-кі «Адам Міцкевіч і Беларусь» (1997), «А.​С.​Пушкін і Беларусь» (1999) і інш. З 1996 МАБ і Бел. т-ва дружбы і культ. сувязі з замежнымі краінамі на базе Цэнтра выдаюць штомесячны інфармацыйна-аналітычны і культуралагічны бюлетэнь «Кантакты і дыялогі» (з 2000 і на англ. мове). Цэнтр размяшчаецца ў будынку былога Інстытута беларускай культуры.

Б.​Л.​Харкевіч.

т. 11, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯДЗЕ́ЛЬНЫЯ ШКО́ЛЫ,

прыватныя або грамадскія агульнаадук., прафес. або рэліг. школы, навучанне ў якіх праводзіцца ў выхадныя дні (найчасцей у нядзелю; адсюль назва). Гістарычна найб. ранняя форма пазашкольнай адукацыі. Падзяляюцца на канфесіянальныя шкалы розных веравызнанняў для рэліг.-маральнага выхавання (у хрысціян — нядзельныя, мусульман — пятнічныя, іудзеяў — суботнія) і свецкія. Канфесіянальныя Н.ш. ўзніклі ў сярэдзіне 16 ст. (першая пры Міланскім саборы) у форме нядзельных размоў. У 17—18 ст. пашырыліся ў краінах Еўропы і Паўн. Амерыцы. Свецкія Н.ш. з’явіліся ў сярэдзіне 18 ст. (першая ў 1756 у Базелі, Швейцарыя). У 19 ст. агульнаадук. Н.ш. адыгралі значную ролю ў развіцці нар. адукацыі ў Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі і інш. еўрап. краінах. Ствараліся таксама Н.ш. і курсы прафес. падрыхтоўкі. У пач. 20 ст. агульнаадук. Н.ш. амаль спынілі існаванне ў сувязі з арг-цыяй дзярж. школьных сістэм і ўвядзеннем усеагульнага абавязковага навучання. Канфесіянальныя Н.ш. і ў наш час існуюць у многіх краінах.

У Рас. імперыі і на Беларусі канфесіянальныя Н.ш. эпізадычна ўзнікалі з пач. 18 ст. Найб. стабільнымі былі лютэранскія. Свецкія пачалі стварацца асобнымі прадпрымальнікамі ў 1-й пал. 19 ст. (напр., у 1816 пры Трохгорнай мануфактуры Прохаравых у Маскве). У канцы 1850 — пач. 1860-х г., у выніку дэмакр. ўздыму, агульнаадук. Н.ш. арганізоўваліся інтэлігенцыяй амаль паўсюдна. У 1858 адкрыта Н.ш. ў Палтаве, у 1859 — у Кіеве, Магілёве, Мінску, Пецярбургу, у 1860 — у Гродне, Брэсце, Вільні. У пач. 1862 у 178 гарадах Рас. імперыі 331 Н.ш. Спробы выкарыстаць Н.ш. для рэв. прапаганды сталі падставай да іх закрыцця (1862). З канца 1880-х г. у выніку грамадскай ініцыятывы зноў пачалося іх стварэнне. У 1904 на Беларусі дзейнічала 20 Н.ш. і курсаў (1950 навучэнцаў, у т. л. 1148 жанчын). У 1920-я г. свецкія Н.ш. заменены інш. тыпамі школ для дарослых (гл. таксама Вячэрняе навучанне). На пач. 2000 у Беларусі 1094 Н.ш. розных канфесій для дзяцей і дарослых.

т. 11, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІТЫ́ЧНЫЯ АДДЗЕ́ЛЫ, палітаддзелы,

кіруючыя парт.-паліт. органы КПССКПБ. Існавалі ў 1918—91 ва ўзбр. сілах для ўзмацнення парт. кіраўніцтва і паліт. работы, у 1933—56 — у гасп. арг-цыях з мэтай паліт. ўплыву на прац. масы. Нярэдка выконвалі функцыі гасп. і карных органаў. Як надзвычайныя органы ствараліся на пэўны час на найб. адказных участках для аператыўнага вырашэння паліт. і сац.-эканам. пытанняў. Асн. задачы П.а.: аб’яднанне парт. і камсам. актыву ўнутры калектываў, узмацненне барацьбы з «самацёкам», шкодніцтвам і раскраданнем сацыяліст. уласнасці, завяршэнне чысткі працоўных калектываў ад рэшткаў «класава варожых элементаў», садзейнічанне своечасоваму выкананню дзярж. вытв. задач. Палажэнне пра П.а. было ўключана ў Статут ВКП(б), прыняты XVII з’ездам партыі (1934). У сістэме нар. гаспадаркі СССР, у т. л. БССР, П.а. функцыянавалі ў машынна-трактарных станцыях (МТС; 1933—34, 1941—43, 1950—53), саўгасах (1933—40, 1941—43), на чыг. і водным транспарце (1933—56). За 1933—34 у СССР створана на чале з накіраванымі ў вёску кадравымі партработнікамі 3368 П.а. МТС і 2021 П.а. саўгасаў; у БССР — адпаведна 72 і 51. У 1934 сеткамі П.а. абслугоўваліся каля 40% калгасаў і 20% саўгасаў рэспублікі. З лют. 1950 да студз. 1954 паводле рашэння ЦК ВКП(б) (студз. 1950) у зах. абласцях СССР, у т. л. Беларусі, Прыбалт. рэспубліках, былі арганізаваны і дзейнічалі П.а. МТС для актывізацыі націску ў ажыццяўленні суцэльнай калектывізацыі ў сціслыя тэрміны. З пашырэннем унутрыпарт. дэмакратыі і ўзмацненнем ролі звычайных, пастаянных органаў партыі ЦК КПСС у 1957 скасаваў П.а.

ва ўсіх ведамствах, акрамя ўзбр. сіл. П.а., як адно з рашаючых звёнаў цэнтралізаванай сістэмы кіравання, былі дзейсным інструментам сав. улады. Іх стварэнне ў структуры апарата партыі было спробай умацавання адміністрацыйна-каманднай сістэмы кіравання.

А.​М.​Сарокін.

т. 12, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАЯ́ННАЯ РА́ДА, Няспынная рада (польск. Rada Nieustająca),

вышэйшы орган дзярж. улады Рэчы Паспалітай у 1775—89, 1793—94. Першы пастаянна дзеючы паміж сесіямі сойма цэнтр. ўрад, створаны на сойме 1773—75 пасля ратыфікацыі ўмоў 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) для замацавання пераважнага ўплыву Рас. імперыі на ўнутр. справы дзяржавы. Функцыі П.р. аформлены Статутам 1775. Складалася з караля, 18 сенатараў і 18 паслоў ад ваяводстваў са шляхты. Членаў П.р. выбіралі на сойме тайным галасаваннем на 2 гады, пасля чаго праводзіліся перавыбары ​1/3 яе складу. Старшынстваваў у радзе кароль (пры яго адсутнасці — прымас), які меў права заканад. ініцыятывы. Падзялялася на дэпартаменты замежных спраў, скарбу, паліцыі, войска, справядлівасці, якія ўзначальваліся сенатарамі. Стварэнне П.р. зафіксавала кампраміс паміж каралём і магнатамі. Кароль мог прызначаць сенатараў і міністраў з 3 кандыдатаў, прапанаваных соймам, страціў права аднаасобна раздаваць староствы, афіцэрскія чыны і прымаць рашэнні па кіраванні арміяй без згоды гетманаў. П.р. атрымала права склікаць звычайныя і надзвычайныя соймы нават без згоды караля, кантраляваць дзярж. скарб без справаздачы перад соймам. Пры падтрымцы Расіі П.р. ўвяла эмфітэтычнае (абмежаванае 50 гадамі) трыманне старостваў, адзінае мыта, вэксальнае права, градацыю падымнага падатку, пераўтварыла панцырныя і гусарскія харугвы ў брыгады нац. кавалерыі, увяла падзел арміі на 6 дывізій, удзельнічала ў заснаванні Адукацыйнай камісіі. На Чатырохгадовым сойме 1788—92 апазіцыя дамаглася 14.1.1789 ліквідацыі П.р. як «сродку замежнага дыктату і пагрозы ўкаранення нязвыклага дынастычнага абсалютызму». Таргавіцкая канфедэрацыя аднавіла П.р. для склікання Гродзенскага сойма 1793 з мэтай ратыфікацыі 2-га падзелу Рэчы Паспалітай. Сойм абраў П.р. з 24 чал. Мела дэпартаменты скарбу, войска, паліцыі, справядлівасці, адукацыі і замежных спраў, наглядала за парадкавымі цывільна-вайсковымі камісіямі ў ваяводствах і паветах. Праіснавала да стварэння ў час паўстання 1794 Найвышэйшай нацыянальнай рады ў Варшаве і Найвышэйшай літоўскай рады ў Вільні.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 12, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л (Антоні Генрык) (13.6.1775, Вільня — 7.4.1833),

палітычны дзеяч, мецэнат, кампазітар-аматар, спявак (тэнар). Сын Міхала Гераніма Радзівіла (гл. ў арт. Радзівілы). Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це (да 1794). У 1796 ажаніўся з Фрэдэрыкай Луізай, прынцэсай Брандэнбургскай, пляменніцай прускага караля, і застаўся ў Прусіі. Пасля паўстання 1794 падтрымліваў планы адраджэння польскай дзяржавы на чале з каралём Прусіі Гогенцолернам, дзе сам разлічваў стаць віцэ-каралём, а Т.​Касцюшка — галоўнакамандуючым. Выступаў за кааліцыю Прусіі, Расіі і Аўстрыі супраць Напалеона, стварэнне асобнай арміі з ураджэнцаў б. Рэчы Паспалітай. Ардынат нясвіжскі і алыцкі (1814). У 1815—33 намеснік прускага караля ў Вял. кн. Пазнанскім, ген.-паручнік. Трымаў у Берліне і Познані артыстычныя салоны. Быў выдатным віяланчэлістам і гітарыстам, іграў на інш. муз. інструментах, пісаў музыку, спяваў у аматарскіх спектаклях («Вялікі дзень у замку, альбо Сцэны трубадураў з 1148 года»; паст. у час Венскага кангрэса 1815). Пісаў рамансы (у т. л. з «Вільгельма Майстэра» І.​В.​Гётэ), вак. дуэты і трыа, фп. творы (вальсы, паланэзы), хары (у сучасным рэпертуары хар. калектываў Берлінскай акадэміі музыкі). Набыў вядомасць як кампазітар оперы «Фауст» (лібрэта Гётэ). Падтрымліваў кантакты з вядомымі кампазітарамі. Свае творы яму прысвяцілі Л.​Бетховен («Імянінная» уверцюра), Ф.​Мендэльсон (фп. квартэт), Ф.​Шапэн (фп. трыо g-moll), М.​Шыманоўская (серэнада для фп. і віяланчэлі). На Беларусі фрагменты оперы «Фауст» упершыню паказаны ў 1995 у Нясвіжы «Беларускай капэлай», у 1999 цалкам Нац. акад. т-рам оперы, запісана на радыё.

Літ.:

Скорабагатаў В. Беларускі «Фауст» // Спадчына. 1995. № 1;

Яго ж. Лёс падарыў Гётэ музыку Радзівіла // Мастацтва. 1995. № 4;

Собалева Н. Агмень родавы, агмень культурны: (Жыцьцё, дзейнасць і атачэньне Антонія Генрыка Радзівіла) // Там жа. № 8;

Яе ж. «Геніяльная парывістая кампазіцыя...» // Там жа. № 9;

Jachimecki Z., Pozniak W. Antoni Radziwilł i jego muzyka do Fausta. Kraków, 1957.

В.​І.​Скорабагатаў.

т. 13, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕСЦІ́НА,

гістарычная вобласць у Зах. (Пярэдняй) Азіі, на ўсх. узбярэжжы Міжземнага мора.

Тэр. П. заселена чалавекам з палеаліту і з’яўляецца адным з асяродкаў стараж. земляробства. Першым дакладна вядомым насельніцтвам П. былі ханаанеі (3—2-е тыс. да н.э.), якія стварылі шэраг гарадоў-дзяржаў, у т. л. Іерыхон. Рэлігія ханаанеяў зрабіла моцны ўплыў на іудаізм, а праз яго — на хрысціянства і іслам. У розныя часы П. ўваходзіла ў склад вял. дзяржаў стараж. свету. З канца 3-га тыс. да н.э. яна апынулася пад кантролем Егіпта. У 2-м тыс. да н.э. сюды ўрываліся амарэі, хеты, хурыты. У 13 ст. да н.э. значная ч. тэр. П. заваявана плямёнамі яўрэяў, частка — філістымлянамі (адсюль назва краіны). Каля 1000 да н.э. цар яўрэяў Давід перамог філістымлян і заснаваў Ізраільска-Іудзейскае царства, якое дасягнула найб. магутнасці пры яго сыне Саламоне. Пасля смерці Саламона ў 922 да н.э. адзіная дзяржава распалася на Ізраільскае царства на Пн і Іудзейскае царства на Пд П. У 722 да н.э. Асірыя знішчыла Ізраільскае царства, у 586 Вавілон — Іудзейскае. У 539—333 да н.э. П. ўваходзіла ў склад Ахеменідаў дзяржавы, у 4—2 ст. да н.э. — дзяржаў Аляксандра Македонскага, Пталамеяў і Селеўкідаў.

У сярэдзіне 2 ст. да н.э. ў выніку паўстання яўрэяў на чале з Макавеямі створана Нова-Ізраільскае царства. З канца 1 ст. да н.э. П. ў складзе Рымскай, з 4 ст. н.э. — Візантыйскай імперый. У 7 ст. заваявана арабамі, у 11 ст. — крыжакамі, у канцы 12 ст. — егіпецкімі султанамі. З 1516 у складзе Асманскай імперыі. У 1-ю сусв. вайну акупіравана брыт. войскамі (1917). У 1922—48 падмандатная тэр. Вялікабрытаніі, у гэты час адбывалася масавая іміграцыя ў П. яўрэяў з дыяспары, якія ставілі мэтай стварэнне яўр. дзяржавы. 29.11.1947 Ген. асамблея ААН прыняла рэзалюцыю пра скасаванне брыт. мандата на П. і стварэнне там 2 дзяржаў: арабскай і яўрэйскай. 14.5.1948 створана дзяржава Ізраіль. У выніку араба-ізраільскай вайны 1948—49 Ізраіль далучыў да сваёй тэрыторыі б.ч. зямель, прызначаных для араб. дзяржавы, адтуль выгнана каля 800 тыс. арабаў. Заходні бераг ракі Іардан быў уключаны ў склад Іарданіі, а сектар Газы апынуўся пад кантролем Егіпта. У 1967 Ізраіль акупіраваў Зах. бераг р. Іардан і сектар Газы. Барацьбу супраць ізраільскай акупацыі ўзначаліла Арганізацыя вызвалення Палесціны (АВП), якая была прызнана ААН як адзіны прадстаўнік інтарэсаў палесцінскага араб. народа. 31.7.1988 Іарданія адмовілася ад прэтэнзій на Зах. бераг р. Іардан. 15.11.1988 Нац. савет П. (палесцінскі парламент у выгнанні) абвясціў пра стварэнне на акупіраваных у 1967 Ізраілем тэр. дзяржавы П., прэзідэнтам якой у сак. 1989 абраны Я.Арафат. У вер. 1993 прадстаўнікі АВП і Ізраіля падпісалі сумесную Дэкларацыю аб прынцыпах самакіравання палесцінцаў. Паводле Каірскага пагаднення ў маі 1994 створана Палесцінская аўтаномія. У ліст.—снежні 1995 Ізраіль вывеў свае войскі з б.ч. араб. населеных пунктаў, але дагэтуль працягвае акупацыю ​3/4 тэр. Зах. берага. У студз. 1996 адбыліся выбары ў Палесцінскі заканад. савет, кіраўніком Палесцінскай адміністрацыі абраны Арафат. Вядуцца перагаворы пра далейшае палесціна-ізраільскае ўрэгуляванне.

Першыя помнікі мастацтва П. вядомы з эпохі мезаліту. У 7—6-м тыс. да н.э. развівалася мастацтва Іерыхона. Ад 5-га тыс. да н.э. захавалася кераміка з гравіраваным або размаляваным геам. арнаментам. Да 4-га тыс. да н.э. адносяцца рэшткі т.зв. апсідальных жытлаў гарадзішчаў у Бейсане, Мегіда (Тэль-эль-Мутэселім), падземных жытлаў у раёне Беершэбы, размаляваная і глянцаваная (чырвоная і шэрая) кераміка, статуэткі са слановай косці, ювелірныя вырабы, насценныя размалёўкі ў будынках Тэлейлат-Гасула. У 3—2-м тыс. да н.э. развіваліся паселішчы гар. тыпу з абарончымі пабудовамі з каменю ці цэглы-сырцу (планіроўкай блізкія да сірыйскіх і фінікійскіх каменных храмаў), з водаправоднымі тунэлямі: Іерусалім, Іерыхон, Бейсан, Мегіда, Лахіш (Тэль-эд-Дувейр). Захаваліся рэльефы, скульптура, дробная пластыка, зааморфныя керамічныя пасудзіны. У 2-й пал. 10—6 ст. да н.э. пашырыліся культавае буд-ва (храм Саламона ў Іерусаліме, 10 ст. да н.э., не захаваўся), гліптыка (пячаткі з зааморфнымі выявамі і інш.). З эліністычнага і рым. перыяду вядомы грабніцы з размалёўкамі ў пахавальных памяшканнях (у Марысе і інш.), рэшткі храмаў (Дыяніса ў Бейсане і інш.), т-раў (у Бейсане, Цэзарэі), акведукаў, жылых дамоў, часта ўпрыгожаных мазаікамі і скульптурай, мармуровыя саркафагі з надмагільнымі бюстамі і рэльефамі. У 2—4 ст. н.э. будавалі сінагогі, якія спалучалі рысы мясцовай, рым. і сірыйскай архітэктуры [сінагога ў Капернауме (Кфар-Нахуме) і інш.]. Ад візант. часу захаваліся базілікі, манастыры, храмы, умацаванні. З 7 ст. арабы прыўнеслі новыя тыпы будынкаў: мячэці, медрэсэ і інш. (мячэці Кубат ас-Сахра і аль-Акса ў Іерусаліме, замак-рэзідэнцыя Хірбет аль-Мафджар). У 11—13 ст. будаваліся пераважна замкі і крэпасці крыжаносцаў (у Цэзарэі і інш.). З арх. помнікаў 16—19 ст. вылучаюцца сінагога ў Сафедзе (сярэдзіна 16 ст.) і мячэць у Яфе (1810). З канца 19 ст. яўр. перасяленцы прынеслі ў культуру П. маст. традыцыі розных краін. Архітэктура развівалася ў духу эклектызму, пазней у рэчышчы зах.-еўрап. стыляў. У мастацтве пашырыўся т.зв. яўр. стыль (сюжэты з яўр. гісторыі і л-ры). У 1-й пал. 20 ст. прыток архітэктараў і мастакоў, якія атрымалі адукацыю ў розных краінах свету, абумовіў суіснаванне самых розных плыняў і кірункаў. У 2-й пал. 20 ст. пашырылася тэматыка нац. самавызначэння арабаў П. (Т. Абд аль-Аль, Т. аль-Акхаль, С.​Мансур, Н.​Сумі, У.​Тамары, І.​Шамут, М.​Хаграс і інш.). У традыц. нар. мастацтве пашыраны выраб касцюмаў з даматканай тканіны з вышыўкай і аплікацыяй, муз. інструментаў, твораў з керамікі, металу, шкла, перламутру, аліўкавага дрэва, ювелірныя вырабы. Гл. таксама ў арт. Іарданія, Ізраіль.

Літ.:

Бердников А.Ф., Сердюк Е.А. Современное искусство арабского народа Палестины. М., 1982.

У.​С.​Кошалеў (гісторыя).

Да арт. Палесціна. У.​Тамары. Жывыя карані. 1974.
Да арт. Палесціна. Н.​Сумі. Ліст з серыі «Сведчыць Тэль аз-Заатар». 1977.
Да арт. Палесціна. С.​Мансур. З палесцінскай спадчыны. 1978.

т. 11, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,

сфера дзейнасці дзярж., грамадскіх, паліт. утварэнняў па рэгуляванні міжнац. і міжэтнічных адносін, а таксама ўлік нац. паходжання людзей у дзярж. будаўніцтве, эканоміцы, культуры, адукацыі, асв. і выхаваўчай працы. Тэарэт. аснову Н.п. складае права народа, групы людзей, адной асобы на свабоднае, добраахвотнае, этнічнае, нац., нац.-дзярж., нац.-культ. і інш. самавызначэнне. Н.п., як правіла, скіравана на прадухіленне расколу грамадства, узнікнення войнаў, розных дыскрымінацый на нац. глебе, на стварэнне і развіццё добрасуседскіх узаемапаважлівых, супрацоўніцкіх міжэтнічных і міжнац. адносін. Служыць для вырашэння нац. пытання дастасоўна да канкрэтных умоў гіст. развіцця грамадства, форм і асноў чалавечага супольніцтва. Сусв. грамадства разглядае нац. пытанне як стварэнне спрыяльных умоў для прагрэсіўнага эканам., культ., духоўнага развіцця нацый, народнасцей, нац. і этнічных груп, асобных індывідуумаў, вызваленне людзей ад нац. прыгнёту, паслядоўную барацьбу супраць праяў нацыяналізму і шавінізму. Нац. пытанне не залежыць ад віду грамадска-эканам. фармацыі, як лічылася раней у СССР. Як праблема яно існуе разам з нац. адносінамі, пастаянна зменлівымі задачамі іх усебаковага развіцця, што робіць Н.п. неад’емнай часткай дзярж., грамадскага і культ. жыцця. 20 ст. з’яўляецца перыядам новай актуалізацыі міжнац. адносін, калі міжнац. канфлікты сталі адной з прычын развязвання 1-й і 2-й сусв. войнаў, распальвання сусв. тэрарызму. З-за нешматлікасці нац. інтэлігенцыі працэс нац. адраджэння беларусаў праходзіў марудна. Калі ў агульнай колькасці інтэлігенцыі ў 5 зах. губернях Рас. імперыі прадстаўнікі рус. насельніцтва складалі 29,83%, яўр. — 28,81%, то беларускага — 26,12%. Нязначнай была доля беларусаў сярод рабочага класа (23%) і гар. насельніцтва (каля 17,1%). Дэкларацыя правоў народаў Расіі (2(15).11.1917] і Дэкларацыя правоў працоўнага і эксплуатуемага народа (12(25).1.1918] далі пачатак ажыццяўленню Н.п. бальшавікоў на аснове права нацый на самавызначэнне.

1.1.1919 утворана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. У канцы 1922 БССР разам з РСФСР, УССР і ЗСФСР стала адной з рэспублік — заснавальніц СССР. Тэарэт. аснову рэгулявання міжнац. адносін у СССР складала марксісцка-ленінскае вучэнне (гл. Марксізм-ленінізм) аб нацыі, нац. пытанні, прыярытэце пралетарскай класавай салідарнасці над інш. праявамі грамадскага жыцця. За гады сав. улады на аснове Н.п. атрыманы важкія здабыткі ў эканоміцы, адукацыі, кнігавыдавецкай справе, мастацтве, кінематографе і інш. Пралетарскі інтэрнацыяналізм вышэй за ўсё ставіў яднанне людзей на аснове класавай прыналежнасці і свядомасці. Гэта, з аднаго боку, забяспечвала існаванне агульнай дзяржавы для больш чым 100 нацый і народнасцей, садзейнічала іх эканам. і духоўнаму развіццю, а з другога — нярэдка вяло да штучнай нівеліроўкі іх нац.-этнічных асаблівасцей. Перагібы ў нац. сферы праяўляліся ва уніфікацыі сац. структуры грамадства ў рамках усяго СССР, у якой няпоўнасцю ўлічваліся вытв. магчымасці той ці інш. мясцовасці або рэгіёна. Адмоўную ролю адыгрывалі цэнтралізацыя і адм.-камандныя метады кіравання. Таму сусв. гіст. тэндэнцыі ў нац. адносінах — уздым нац. жыцця і імкненне да інтэрнацыяналізацыі — мелі не заўсёды гарманічны характар, паступова напаўняліся адмоўнымі праявамі. Гэта выявілася (канец 1980 — пач. 1990-х г.) у нац. канфліктах у Алма-Аце, Тбілісі, Крыме, Нагорным Карабаху, Вільнюсе і інш. У выніку пад уплывам розных фактараў было пастаўлена пытанне пра перагляд саюзнага дагавора ад 30.12.1922 і адбылася яго дэнансацыя 8.12.1991 у Віскулях (гл. ў арт. Белавежскія пагадненні 1991). У Беларусі ажыццяўленне Н.п. прадугледжвала пераадоленне эканам. і культ. адсталасці, што склалася гістарычна, развіццё нац. дзяржаўнасці, удасканаленне нац.-дзярж. будаўніцтва ў цеснай сувязі з умацаваннем федэратыўных адносін БССР з РСФСР і інш. сав. рэспублікамі. Значнае месца ў правядзенні Н.п. займала фарміраванне тэрыторыі (гл. ў арт. Узбуйненне БССР). Вырашэнне гэтага пытання было ў асн. завершана ў вер. 1939 пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Значнай падзеяй для Беларусі стаў уваход яе ў 1945 у ААН. У пасляваен. перыяд у рэспубліцы сталі развівацца машынабудаванне, хім. прам-сць, здабыча калійных солей, навукаёмістая вытв-сць. Сістэматычна расла колькасць спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Паступова ўлік асаблівасцей бел. эканомікі стаў чыста сімвалічным, паколькі Беларусь усё больш ператваралася ў рэгіён, які абапіраўся на пастаўкі з розных куткоў СССР. У канцы 1950-х г. БССР, як і інш. саюзныя рэспублікі, у адпаведнасці з рашэннямі XX з’езда КПСС (1956) і 7-й сесіі Вярх. Савета СССР (1957) пашырыла свае правы ў вырашэнні пытанняў адм.-тэр падзелу, эканам. і бюджэтнай палітыцы. Аднак да прынцыповых дэмакр. змен у адносінах паміж саюзнымі органамі ўлады і рэспублікамі гэтыя меры не прывялі. Н.п. ў Беларусі ўсё больш абмяжоўвалася правядзеннем розных мерапрыемстваў у сферах ідэалогіі і культуры. Тут таксама праяўляліся супярэчнасці паліт. і дзярж. сістэм, што знайшло адлюстраванне ў Канстытуцыі Беларускай ССР 1978. Хоць яна дэкларавала пабудову развітога сацыяліст. грамадства, стварэнне гіст. супольнасці людзей — сав. народа, шэраг праблем у матэрыяльным, культ. і духоўным жыцці насельніцтва заставаўся нявырашаным. Асабліва гэта назіралася ў сац. сферы ў параўнанні з многімі замежнымі краінамі, звужэнні сферы выкарыстання бел. мовы, развіцці гуманітарнай адукацыі. Разам з тым атрымалі пашырэнне цікавыя формы міжнац. адносін у культ. жыцці: дэкады нац. культур, дні л-ры сав. рэспублік, абмен дэлегацыямі, сумесныя паездкі дзеячаў культуры, л-ры і мастацтва на новабудоўлі, удзел у правядзенні міжнац. свят і інш. Але ў выніку заарганізаванасці іх змест часта выпустошваўся.

Н.п. не перашкаджала масаваму перасяленню людзей у інш. рэгіёны СССР у форме правядзення важных эканам. мерапрыемстваў. Так, у 1950—70-я г. ў час асваення на У цалінных і абложных зямель, буд-ва Байкала-Амурскай магістралі за межамі БССР апынулася больш за 900 тыс. грамадзян Беларусі (прыкладна 80% з іх беларусы). Перасяленцам даводзілася прымаць дадатковыя захады, каб захаваць традыцыі нац.-культ. жыцця. Моцны ідэалаг. ўціск адчувалі на сабе грамадскія навукі, у задачу якіх уваходзіла распрацоўка тэарэт. асноў Н.п. Нярэдка аўтарам навук. прац адводзілася роля простых каментатараў. У кантэксце працэсаў суверэнітызацыі, якія ў канцы 1980-х г. ахапілі рэспублікі СССР, 27.7.1990 Вярх. Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб Дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Важнае месца ва ўнутр. і знешняй палітыцы Рэспублікі Беларусь адводзіцца захаванню незалежнасці і суверэнітэту бел. дзяржавы. Гэты курс знайшоў адлюстраванне ў заканадаўчых і нарматворчых актах. Асн. палажэнні Н.п. замацаваны ў абноўленым тэксце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі). У наш час суб’ектамі Н.п. ў Беларусі з’яўляюцца Нац. сход, Савет Міністраў і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, розныя грамадскія аб’яднанні і паліт. партыі.

Літ.:

Итоги разрешения национального вопроса в СССР. М., 1936;

Многонациональное советское государство. М., 1972;

В.И. Ленин о национальном вопросе и национальной политике. М., 1989;

Перабудова і міжнацыянальныя адносіны = Перестройка и межнациональные отношения. Мн., 1989;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95.

Я.​І.​Бараноўскі.

т. 11, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАТЫКА́НСКІЯ САБО́РЫ,

сходы (з’езды) вышэйшых іерархаў каталіцкай царквы ў Ватыкане.

І Ватыканскі сабор (ці XX Усяленскі, гл. Усяленскія саборы) скліканы папам Піем IX у 1869—70. Прысутнічалі 764 прадстаўнікі ад краін Еўропы і Амерыкі. 21.4.1870 сабор прыняў «Дагматычную канстытуцыю пра каталіцкую веру», у якой асуджаліся рацыяналізм, пантэізм, матэрыялізм і атэізм як важнейшыя віды новага нявер’я і зацвярджаліся каноны веры (у Бога-творцу, стварэнне свету, цуды і інш.). 18 ліп. прынята «Першая дагматычная канстытуцыя пра царкву Хрыста», у якой вызначаліся прынцыпы вяршэнства папы над царквой. У якасці дадатку да канстытуцыі сабор прыняў дэкрэт аб бязгрэшнасці папы ў пытаннях веры і маралі. Работа I Ватыканскага сабора не была завершана ў сувязі з ліквідацыяй у 1870 Папскай дзяржавы (гл. Папская вобласць). II Ватыканскі сабор (ці XXI Усяленскі) скліканы папам Іаанам XXIII (кіраваў 1-й сесіяй) і заканчваў работу пад кіраўніцтвам папы Паўла VI. Сесіі сабора праходзілі на працягу 4 гадоў: 11.10—8.12.1962, 29.9—4.12.1963, 14.9—21.11.1964 і 11.9—7.12.1965. У перапынках паміж сесіямі працавалі шматлікія камісіі. У саборы ўдзельнічалі 2500 іерархаў каталіцкай царквы. Задачы, якія вырашалі ўдзельнікі сабора: унутранае абнаўленне царквы ў веры і маральнасці; імкненне да адзінства ўсіх хрысціян; абнаўленне ўсіх галін дзейнасці царквы і прыстасаванне яе да сучасных умоў жыцця. II Ватыканскі сабор прыняў 16 дакументаў, якія ўвасобілі новае самавызначэнне царквы, — 4 канстытуцыі (веравучэнні), 9 дэкрэтаў (павучанняў) і 3 дэкларацыі. Асн. ідэі, закладзеныя ў гэтых дакументах: адкрытасць у адносінах да грамадства; гатоўнасць да дыялогу з няверуючымі, інш. рэлігіямі, навукоўцамі; экуменічны кірунак, які засцерагае ад стварэння новых міжканфесіянальных бар’ераў; зварот да Свяшчэннага Пісання; разуменне патрэбы абнаўлення і інш. Вялікае значэнне мела канстытуцыя «Пра святую Літургію», якая ўводзіла богаслужэнне на роднай мове. Экуменічны характар сабора выявіўся ў прысутнасці на ім назіральнікамі прадстаўнікоў ад 28 дэнамінацый, стварэнні на перыяд яго дзейнасці сакратарыятаў па справах нехрысціянскіх веравызнанняў і кантактаў з няверуючымі, а таксама ў скасаванні ўзаемных анафем усх. і зах. цэркваў 1054. На саборы прысутнічалі таксама католікі, якія не мелі духоўнага звання, і жанчыны — прадстаўніцы Акцыі каталіцкай.

Літ.:

Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.

т. 4, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ КО́РПУС САМААХО́ВЫ (БКС),

Беларуская самаахова, ваенізаванае фарміраванне бел. калабарацыяністаў у Вял. Айч. вайну. Пачаў стварацца летам 1942 Беларускай народнай самапомаччу (БНС) з дазволу ням. улад. Гал. камендантам БКС быў прызначаны І.​Ермачэнка, пры ім створаны штаб БКС (нач. штаба падпалк. У.​Гуцька), у акругах — камісіі для арганізацыі самааховы. Меркавалася стварыць БКС у складзе 3 дывізій: адна ў напрамку на Мінск, Слуцк; 2-я — на Баранавічы, Навагрудак, Слонім; 3-я — на Вілейку, Ліду, Глыбокае. Паводле распараджэння ням. улад у кожным павеце дазвалялася мець адзінку самааховы (ад роты да батальёна). На з’ездзе акр. кіраўнікоў БНС (2-я пал. ліп. 1942) вырашана пачаць работу з вайсковай падрыхтоўкі кадраў. У пач. жн. 1942 у Мінску адкрыты афіцэрскія курсы (кіраўнік Ф.​Кушаль), на якіх прайшлі перападрыхтоўку каля 260 чал. Падафіцэры займаліся на курсах у акругах. Самаахова павінна была дапамагаць ням. і мясц. паліцыі ў барацьбе супраць партызанаў, забяспечваць спакой на Беларусі. Стварэнне БКС суправаджалася шырокай прапагандысцкай кампаніяй. Усяго было сфарміравана 20 батальёнаў і некалькі меншых адзінак БКС, якія, аднак, не выканалі ўскладзеных на іх задач. Адна з гал. прычын гэтага ў тым, што гітлераўцы не адважваліся ўзбройваць самаахову і ствараць на Беларусі нац. армію, нават і дружалюбную ім. Другая заключалася ў тым, што ў агульнай масе насельніцтва не ўспрыняло заклік калабарацыяністаў і падтрымлівала партызанаў. Члены БНС і іх сем’і пастаянна праследаваліся партызанамі, многія пераходзілі на бок апошніх разам з атрыманай зброяй. Таму з восені 1942 адносіны немцаў да самааховы пачалі мяняцца. Ермачэнка быў пазбаўлены тытула ген. каменданта, штаб БКС забаронены. Ермачэнку дазвалялася мець пры сабе вайсковага рэферэнта па справах самааховы, а таксама рэферэнтаў пры старшынях БНС у акругах, якія падпарадкоўваліся акр. начальнікам паліцыі. Былі забаронены афіцэрскія званні, замест іх уведзены назвы службовых пасад: камандзір звязу, камандзір роты і інш. Фарміраванне адзінак БКС было перададзена жандармерыі і паліцыі, што адмоўна ўспрымалася насельніцтвам і калабарацыяністамі. Вясной 1943 гітлераўцы вымушаны былі яго распусціць.

А.​М.​Літвін.

т. 2, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЧУЖЭ́ННЕ,

аб’ектыўны сац. працэс, які характарызуецца ператварэннем у пэўных умовах чалавечай дзейнасці і яе вынікаў у самаст. сілу, што пануе над чалавекам і варожая яму. Праяўляецца ў процістаянні асн. перадумоў працы (уласнасць, кіраванне і арг-цыя) суб’екту працы, дзярж.-бюракратычнай машыны радавым членам грамадства, у пачуццях апатыі, адзіноцтва, атрафіі да высокіх сац. і гуманіст. каштоўнасцяў.

Першапачаткова сфармулявана і выкарыстана Т.​Гобсам, Дж.​Локам, Ж.​Ж.​Русо для абгрунтавання дагаворнага паходжання дзяржавы як увасаблення перанесеных на яе («адчужаных») людзьмі сваіх пэўных правоў і свабод. Для Гегеля адчужэнне як уласцівасць сусв. духу (абсалютнай ідэі) ёсць пераход яго ў працэсе дыялект. развіцця ў сваю процілегласць — прыродную і сац. рэальнасць; для Феербаха — гэта стварэнне чалавечай свядомасцю рэліг.-ілюзорнага свету багоў, анёлаў і інш. пад уплывам усеагульнай залежнасці чалавека ад варожых яму сіл прыроды. Калі ў Гегеля пераадоленне адчужэння ажыццяўляецца праз усё больш глыбокае пазнанне навакольнага свету, то ў Феербаха — праз крытыку рэлігіі на аснове прынцыпаў любові і салідарнасці. Паводле Маркса, пераадоленне адчужэння можа быць дасягнута ў ходзе пралетарскай рэвалюцыі і стварэння такога грамадства, якое выключала б эксплуатацыю чалавека чалавекам і стварала б аб’ектыўныя ўмовы для свабоднага, усебаковага развіцця асобы.

У сучаснай зах. філасофіі адчужэнні імкнуцца абгрунтаваць усе бакі крызісу грамадства — сац. і нац. прыгнёт, бюракратызацыю грамадскага жыцця, тэхнізацыю свету і разбурэнне прыроднага асяроддзя, узрастаючую бездухоўнасць мастацтва і асобы, нявер’е і атэізм, тэрарызм і злачыннасць, нават нац.-вызв. барацьбу народаў. А.​Камю атаясамлівае адчужэнне з відавочнай для яго абсурднасцю чалавечага быцця ў свеце фатальнай непазбежнасці смерці індывіда. Крызіс сацыялізму і марксізму ўяўляецца як спецыфічнае адчужэнне ў грамадстве з дзярж.-калектыўнай уласнасцю, якая ўзмацняе працэс адчужэння, ператварае яго ў фатальна-антрапалагічную з’яву. Спробы пераадолення адчужэння ў гэтым сэнсе абвяшчаюцца утапічнымі або звязваюцца са зваротам чалавека да Бога і рэлігіі, да ўцёкаў ад грамадства ў інтымна-асабістае жыццё, з маральным адраджэннем асобы і грамадства на аснове любові, салідарнасці і інш.

Літ.:

Нарский И.С. Отчуждение и труд. М., 1983;

Грицанов А.А. Овчаренко В.И. Человек и отчуждение. Мн., 1991;

Geyer R.F. Alionation theories. Oxford, 1980.

І.​А.​Рабкоў.

т. 1, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)