касмічныя апараты (КА), выведзеныя на арбіты вакол Месяца для даследавання Месяца і калямесяцавай прасторы.
Першым у свеце ШСМ стала сав.аўтаматычная міжпланетная станцыя (АМС) «Месяц-10», запушчаная 31.3.1966 (гл.«Месяц»), У 1966—74 на калямесяцавыя арбіты выведзены АМС «Месяц-11», «Месяц-12», «Месяц-14», «Месяц-19» «Месяц-22». ШСМ сталі амер. АМС «Лунар орбітэр», «Эксплорэр», «Клеменціна» (запушчаны 26.1.1994), «Лунар проспектар» (запушчаны 6.1.1998), яп. АМС «Мюзес-А» (запушчана 24.1.1990). На арбіты вакол Месяца выходзілі амер. пілатуемыя касм. караблі ў час рэалізацыі праграмы «Апалон». Пры дапамозе ШСМ складзены карты Месяца, даследавана глабальная структура гравітацыйнага поля, праведзены вымярэнні магн. поля і даследаванні грунту Месяца.
Літ.:
Уманский С.П. Луна — седьмой континент. М., 1989.
У.С.Ларыёнаў.
Першы штучны спадарожнік Месяца — савецкая аўтаматычная міжпланетная станцыя «Месяц-10».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УША́ЦКА-ЛЕ́ПЕЛЬСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
фізіка-геагр. раён Беларуска-Валдайскай правінцыі, акруга Беларускага Паазер’я. На Пн Беларусі, у цэнтр.ч. Віцебскай вобл. Мяжуе з Полацкай нізінай на ПнЗ, Пн і У, Чашніцкай раўнінай на ПдУ, Верхнебярэзінскай нізінай на Пд і З, Свянцянскімі градамі на З. Працягнулася з ПнЗ на ПдУ на 115 км, з З на У на 45 км. Пл. 3,4 тыс.км². Найб.выш. 279 м на Лукомскім узвышшы.
Прымеркавана да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Асадкавы чахол складзены з адкладаў пратэразою, кембрыю, дэвону і антрапагену. Найб. пашыраны адклады жывецкага і эйфельскага ярусаў дэвону (гліны, пяскі, мергелі, алеўрыты). У фарміраванні У.-Л.ў. вял. значэнне маюць антрапагенавыя адклады (магутнасць да 120 м) усіх ледавіковых эпох і міжледавікоўяў. Марэнныя ўзвышшы і раўнінныя ўчасткі складзены з чырвона-бурых валунных суглінкаў паазерскага ледавіка; у паніжэннях, паблізу азёр, у будове камаў і озаў пашыраны пяскі і пясчана-жвіровыя сумесі.
У сучасным рэльефе ўзвышша вылучаюць: Кубліцкае ўзвышша і Пышнагорскае ўзвышша на З і Лукомскае ўзвышша на крайнім ПдУ з выш. больш за 200 м. Большую ч.тэр. з выш. 150—200 м займае пласкахвалісты рэльеф з адноснымі перавышэннямі 8—10 м. На мяжы з Полацкай нізінай рэльеф найб. парэзаны і кантрастны, дзе паміж азёрнымі і балотнымі катлавінамі ўзвышаюцца озы і камы з адносным перавышэннем 30—40 м. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, сапрапель. Найб. рэкі Ушача, Тураўлянка, Дзіва, вытокі Улы. Многа азёр, якія злучаюцца пратокамі і невял. рэкамі, у т. л.Лепельскае возера, Ушацкая група азёр. Гідралагічны заказнік Крывое. Характэрна драбнаконтурнасць глеб, расліннасці, с.-г. угоддзяў. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя слаба- і сярэднеападзоленыя глебы, у нізінах — тарфяніста-глеістыя. Пад лесам да 30% тэрыторыі. Найб. захаваліся лясы на вяршынях узгоркаў, озавых градах, стромкіх схілах азёрных катлавін. Яловыя і ялова-шыракалістыя лясы пераважна заменены другаснымі — бярозавымі, асінавымі, чорнаальховымі, ёсць невял. масівы хваёвых лясоў. У шматлікіх паніжэннях лугі і балоты. Пад ворывам да 60% тэрыторыі.
В.П.Якушка.
Ушацка-Лепельскае ўзвышша ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕТЫ́ЧНАЯ КА́РТА ХРАМАСО́М,
графічнае адлюстраванне адноснага размяшчэння генаў унутры (у межах) адной храмасомы. Для складання такой карты неабходна выяўленне многіх мутантных генаў і правядзенне вял. колькасці скрыжаванняў. На карце наносяць адноснае становішча генаў, якія знаходзяцца ў адной групе счаплення. Адлегласць паміж генамі вызначаюць па частаце кросінговера (велічыня перакрыжавання храмасом) для кожнай пары гамалагічных храмасом. Яе адзінка — марганіда, якая адпавядае 1% кросінговера. Генетычныя карты храмасом складзены для дразафілы (у ёй выяўлена больш за 1000 мутантных генаў), кукурузы (у 10 групах счаплення больш 400 генаў), памідораў, нейраспоры і інш. Звычайна генетычныя карты храмасом у эўкарыётаў лінейныя, бываюць і ў форме крыжа. Пры карціраванні генаў у бактэрый з дапамогай кан’югацыі атрымліваюць кальцавую генетычную карту храмасом. Генетычныя карты храмасом дазваляюць планаваць работу па атрыманні арганізмаў з вызначанымі спалучэннямі прыкмет, што выкарыстоўваецца ў генет. эксперыментах і селекцыйнай практыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,
карты, якія адлюстроўваюць размеркаванне, рэжым, састаў, уласцівасці і запасы паверхневых вод сушы. Бываюць гідраграфічныя (агульныя, азёр, рачной сеткі, вадазборных басейнаў), гідралагічнай вывучанасці тэрыторыі, лядовага рэжыму, асобных гідралагічных з’яў (разводдзя, межані, паводак), фіз.-хім. характарыстык вод (цвёрды сцёк, хім. састаў, т-ра), гідралагічнага раянавання і інш. Карты сцёку (сярэдняга, макс. і мінім.) — асн. крыніца інфармацыі для ацэнкі водных рэсурсаў. Першыя карты сцёку склаў у 1892 Ф.Ньюэл (ЗША), у 1927 для еўрап.ч.СССР, у т. л. для ўсх. Беларусі, — Дз.І.Качэрын. Для тэр. Беларусі складзены шматлікія гідралагічныя карты: нормы сцёку (сярэдняга шматгадовага), мінім. сутачнага сцёку, слоя веснавога сцёку, падземнага сцёку ў рэкі, т-ры вады, макс. таўшчыні лёду, каламутнасці, жорсткасці вады, мінералізацыі і саставу аніёнаў рачных вод, сярэдніх дат пачатку веснавога разводдзя, запасаў вады ў снегавым покрыве і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАРКТЫ́ЧНАЯ ПЛАТФО́РМА,
старажытная дакембрыйская тэктанічна стабільная структура зямной кары, якая займае ўсх. частку Антарктыды. Адносіцца да платформаў Гандванскай групы. На З абмежавана байкалідамі Трансантарктычных гор. Пл. каля 8 млн.км2. Магутнасць зямной кары каля 40 км. Крышталічны фундамент мае архейскі ўзрост і складзены з парод гранулітавай і амфібалітавай фацый метамарфізму (эндэрбіты, чарнакіты, гнейсы, крышт. сланцы), якія прарваны інтрузіямі магматычных парод. Пароды фундамента выходзяць на падледавіковую паверхню ўздоўж узбярэжжа, адкуль паступова апускаюцца ў бок Трансантарктычных гор. Платформавы чахол пашыраны ў зах. частцы (магутнасць 3000—4000 м). Пераважаюць рыфейска-ніжнепалеазойскія вулканагенна-асадкавыя пароды (магутнасць да 2000 м), якія ўтвараюць дэпрэсіі на З і аўлакагены на У. Верхнепалеазойскія пароды на антарктычнай платформе развіты спарадычна (кангламераты, пясчанікі, каменныя вугалі пермскага ўзросту, агульнай магутнасцю да 1300 м). Верхнюю частку чахла складаюць сярэдняюрскія базальты, магутнасць якіх дасягае 1500 м.
помнік бел. летапісання пач. 17 ст. Захаваўся ў адзіным спісе, які зберагаецца ў Дзярж.гіст. музеі ў Маскве. Складзены ў мяст. Баркулабава (цяпер в.Баркалабава Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.), як мяркуюць, мясц. святаром Ф.Філіповічам. Ахоплівае перыяд 1545—1608, сістэматычнае апісанне падзей пачынаецца з 1564 — ад заснавання Баркалабам Корсакам вёскі і замка. Змяшчае занатоўкі пра мяст. Баркулабава і яго ваколіцы, дзярж. і прыватныя дакументы, нар. легенды і паданні. Шмат звестак пра жыццё, побыт, звычаі сялян, міграцыю насельніцтва, цэны на с.-г. прадукцыю, стыхійныя бедствы. Расказвае пра грамадска-паліт. і рэліг. жыццё Беларусі і Расіі канца 16 — пач. 17 ст. Аўтар асвятляў падзеі з патрыят. пазіцый чалавека, блізкага да нар. нізоў. Напісаны жывой вобразнай і каларытнай бел. мовай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МААНЗУ́НДСКІ АРХІПЕЛА́Г, Заходне-Эстонскі архіпелаг. У Балтыйскім м., тэр. Эстоніі. Пл. каля 4 тыс.км². Больш за 500 астравоў, найбольшыя з іх Саарэмаа, Хійумаа, Муху, Вормсі. Берагі моцна парэзаныя. Паверхня раўнінная (выш. да 54 м). Астравы складзены пераважна з вапнякоў, якія месцамі ўкрыты ледавіковымі і марскімі адкладамі. Шмат азёр. Клімат умерана цёплы з мяккай зімой. Сярэдняя т-растудз. -4 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў каля 550 мм за год. Большая ч. паверхні астравоў занята лугамі і лясамі; па берагах пясчаныя дзюны з хваёвымі лясамі. Глебы пераважна дзярнова-карбанатныя і забалочаныя. Рыбалоўства, земляробства, жывёлагадоўля. Запаведнікі: Війдумяэ і Вільсандзі. Значныя гарады: Курэсаарэ (в. Саарэмаа) і Кярдла (в. Хійумаа). У раёне М.а. ў перыяд 1-й і 2-й сусв. войнаў адбыліся вядомыя ваен. аперацыі (гл.Маанзундскія аперацыі ў 1-ю сусв. вайну і Маанзундскія аперацыі ў Вял.Айч. вайну).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́НДСКАЕ ЗАВАЯВА́ННЕ А́НГЛІІ 1066,
уварванне ў Англію нармандскага і франц. рыцарства на чале з герцагам Нармандыі Вільгельмам, які прэтэндаваў на англ. прастол пасля смерці англасаксонскага караля Эдуарда Спаведніка (1066). Войскі Вільгельма пераплылі на парусніках Ла-Манш і высадзіліся на Паўд. узбярэжжы Англіі. У вырашальнай бітве паміж войскамі Вільгельма і новага англасаксонскага караля Гаральда II 14 кастр. каля Гастынгса нармандская конніца перамагла пешых англасаксаў. Гаральд загінуў. Вільгельм стаў каралём Англіі (гл.Вільгельм I Заваёўнік). У выніку Н.з.А. англасаксонская знаць была пазбаўлена б.ч. зямель і адхілена ад улады, яе месца заняло дваранства нарманафранц. паходжання. Вільгельм стварыў цэнтралізаваную дзяржаву, якая ўключала вял. тэрыторыі і ў Англіі, і на мацерыку. Усе землеўладальнікі павінны былі прынесці каралю васальную прысягу вернасці («Салсберыйская прысяга»), У 1086 паводле загаду Вільгельма быў складзены кадастр усіх зямель Англіі — т. зв. «Кніга страшнага суда».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́ДЗІН Міхаіл Пятровіч (23.11.1800, Масква — 20.12.1875),
расійскі гісторык, публіцыст і пісьменнік. Акад. Пецярбургскай АН (1841). Скончыў Маскоўскі ун-т (1821), у 1826—44 праф. у ім. Выдаваў час. «Московский вестник» (1827—30), «Москвитянин» (1841—56). Даследаваў стараж. і слав. гісторыю з пазіцый нарманскай тэорыі і адначасовага прызнання самабытнасці рас. гісторыі. Прыхільнік афіц. кірунку, прапаведаваў «праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць», з 1860-х г. — панславізм. Высветліў крыніцы «Аповесці мінулых гадоў». Асн. творы: «Даследаванні, заўвагі і лекцыі аб рускай гісторыі» (т. 1—7, 1846—57), «Даследаванне Нестаравага летапісу» (1836), «Пасольская метрыка княства Літоўскага» (1843), «Польскае пытанне» (1867). Прыхільнік бел. гісторыка З.Я.Даленгі-Хадакоўскага, часткова апублікаваў складзены ім атлас стараж. гарадзішчаў Беларусі. Сабраў вял. б-ку рукапісаў і старадрукаваных кніг, у т. л. кнігі Ф.Скарыны. У л-ры ліберальна-дваранскі пісьменнік. Аўтар быт. «Аповесцей» (ч. 1—3, 1832), гіст. драмы «Марфа Пасадніца» (1830) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНЕ́ЦКІ УНІВЕРСА́Л,
заканадаўчы акт, падпісаны Т.Касцюшкам 7.5.1794 у лагеры каля мяст. Паланец пад Сандамірам у час паўстання 1794. Складзены пры ўдзеле Г.Калантая. Быў 1-й спробай усебаковага рэфармавання становішча сялян у Рэчы Паспалітай, меў на мэце прыцягнуць іх да ўдзелу ў паўстанні. Абвясціў аб прадастаўленні сялянам асабістай свабоды пры ўмове іх разліку з землеўладальнікам, скарачэнні паншчыны на 33—50% у часе паўстання і яе адмене для сялян, якія далучыліся да паўстання, прызнаў права сялян на зямлю, якую яны апрацоўвалі, і забараніў іх згон. У якасці кампенсацыі землеўласнікам за змяншэнне паншчыны П.у. прадугледжваў заключэнне з сялянамі дагавораў аб наёмнай працы (фактычна прымусовай). Быў устаноўлены ін-т дазорцаў, якія павінны былі разглядаць спрэчкі паміж сялянамі і землеўласнікамі. Рэалізацыя універсала сустрэла процідзеянне шляхты. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) рэформы, прадугледжаныя П.у., скасаваны новымі дзярж. ўладамі.