БІ́О-БІ́О (Bío-Bío),
рака ў Паўд. Амерыцы, у Чылі. Даўж. 380 км, пл. басейна 24 тыс. км². Пачынаецца з ледавіковых азёраў на зах. схілах Патагонскіх Андаў, упадае ў Ціхі ак., дзе каля г. Кансепсьён утварае эстуарый шыр. каля 3 км. Паводка зімой і вясной (з чэрв. да ліст.). Сярэдні расход вады 1000 м³/с. Суднаходства ў ніжнім цячэнні ад г. Насім’ента.
т. 3, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЙНАЯ, Буйная,
рака ў Беларусі, у Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл. і Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток Нёмана. Даўж. 27 км. Пл. вадазбору 78 км².
Пачынаецца на ПнУ ад в. Антонева Стаўбцоўскага р-на, на працягу ніжніх 10 км каналізаваная. У ніжнім цячэнні ў час разводдзя праз групу азёраў Юзкавічы магчымы пераліў у р. Чорная. У пойме меліярац. каналы.
т. 3, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЗАС, Брасас (Brazos),
рака на Пд ЗША (штат Тэхас). Даўж. 1530 км, пл. басейна 114 тыс. км². Пачынаецца на плато Льяна-Эстакада, перасякае Прымексіканскую нізіну, упадае ў Мексіканскі заліў. Сярэдні расход у вусці 214 м³/с. Суднаходная ў нізоўях за 65 км ад вусця (у перыяд дажджоў — за 400—500 км). Выкарыстоўваецца на арашэнне. ГЭС. На Бразасе — г. Уэйка, у вусці — порт Фрыпарт.
т. 3, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЕА́НАЎ (Аляксей Яўгенавіч) (н. 25.6.1949, г.Уладзікаўказ, Паўн. Асеція),
вучоны-анколаг. Д-р мед. н. (1989). Скончыў Паўн.-Асецінскі мед. ін-т (1972). З 1972 у НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі Мін-ва аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. З 1992 дырэктар Бел. цэнтра мед. тэхналогій, інфарматыкі, кіравання і эканомікі аховы здароўя. Навук. працы па эпідэміялогіі рака і інш. інфекцыйных хвароб, арганізацыі аховы здароўя, інфарматыцы.
т. 1, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДА (Adda),
рака на Пн Італіі, левы прыток р. По. Даўж. 313 км, пл. бас. 8 тыс. км². Пачынаецца ў Альпах з воз. Канкана.
У вярхоўі цячэ па даліне Вальтэліна, цераз воз. Кома, перасякае перадгор’і Ламбардскіх Перадальпаў, у ніжнім цячэнні — па Паданскай раўніне. Паводкі вясной, летам і восенню. Сярэдні расход вады каля 250 м³/с. ГЭС. Злучана каналам з г. Мілан.
т. 1, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДУ́Р (Adour),
рака на ПдЗ Францыі. Даўж. 335 км, пл. бас. 22 тыс. км². Пачынаецца ў цэнтр. раёне Пірэнеяў, перасякае плато Арманьяк і Гаронскую ніз., упадае ў Біскайскі зал.
Разводдзе і паводкі вясной і восенню ад раставання снягоў і ліўняў у Пірэнеях. Сярэдні расход вады 360 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходства ў ніжнім цячэнні. ГЭС. На Адуры гарады Баёна, Тарб.
т. 1, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРНАЯ КАТЛАВІ́НА,
паніжэнне зямной паверхні, запоўненае вадой (возера, сажалка, вадасховішча), замкнёнае або адкрытае (калі праз яго цячэ рака). У азёрнай катлавіне вылучаюць надводную (схілы і берагі) і падводную часткі. Частка катлавіны, запоўненая вадой, наз. азёрнай чашай.
Узнікаюць азёрныя катлавіны ад уздзеяння ўнутр. і знешніх працэсаў, а таксама антрапагеннай дзейнасці. Падзяляюцца на тэктанічныя, ледавіковыя, тэрмакарставыя, карставыя, суфазійныя, ліманныя, завальныя (плацінныя), старычныя (лоймавыя) і інш.
т. 1, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ЖЫНКА,
рака ў Беларусі, у Валожынскім р-не Мінскай вобл., правы прыток Іслачы (бас. Нёмана). Даўж. 35 км. Пл. вадазбору 168 км².
Пачынаецца каля в. Брылькі на зах. схілах Мінскага узв., цячэ праз г. Валожын. Асн. прыток р. Рачоўка. Рэчышча ў вярхоўі слабазвілістае, у ніжнім цячэнні на працягу 22 км каналізаванае. Берагі стромкія, ніжэй ад г. Валожын абрывістыя. У пойме сетка меліярац. каналаў.
т. 3, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РТА (Warta),
рака ў Польшчы, правы прыток р. Одра. Даўж. 808 км, пл. бас. 53,7 тыс. км². Пачынаецца з Малапольскага ўзвышша, перасякае Кракаўска-Чанстахоўскае ўзвышша, цячэ па Велікапольскай нізіне. Паводкі вясной і ўвосень. Сярэдні расход вады 215 м³/с. Суднаходная (ад Познані) з дапамогай шлюзаў. Злучана з Віслай прытокам Ноцец і Быдгашчцкім каналам. На Варце гарады Чанстахова, Познань, Гожаў-Велькапольскі.
т. 4, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАЦЕ́ЙКА, Верацця, Вярэцейка, Вярэцця,
рака ў Ваўкавыскім, Мастоўскім і Бераставіцкім р-нах Гродзенскай вобл., правы прыток Свіслачы (бас. Нёмана). Даўж. 35 км. Пл. вадазбору 321 км². Пачынаецца каля в. Зборы Ваўкавыскага р-на. Асн. прытокі: Залучанка, Бурчак. Даліна ў вытоку выразная. Пойма пераважна двухбаковая, шыр. 300 м—1,5 км, асобныя ўчасткі забалочаныя. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае. Створана сажалка, у пойме меліярац. каналы.
т. 4, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)