МЯДЫ́НСКІ Яўген Мікалаевіч (11.3.1885, г. Ялта, Украіна — 6.3.1957),
расійскі педагог. Правадз.чл.АПН РСФСР (1944). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1914). З 1922 выкладаў у ВНУ Масквы. У 1944—48 у АПН РСФСР, дырэктар Дзярж. б-кі імя К.Дз.Ушынскага. Першы ў Расіі распрацаваў і чытаў курс па пазашкольнай адукацыі. Навук. працы па праблемах гісторыі педагогікі і школы. Аўтар першага ў СССР падручніка па гісторыі педагогікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРМО́ЎКАў ліцейнай вытворчасці,
працэс вырабу пясчаных ліцейных форм.
Адрозніваюць Ф.: ручную — ямную або ў апоках, паліцейных мадэлях ці шаблоне; машынную — па мадэлях у апоках і безапочную для дробных адлівак (найб. пашыраная, робіцца на фармовачных машынах або на паточных і аўтам. лініях з выкарыстаннем пескадуўных машын, пескастрэльных машын і інш.). Ф. наз. таксама аперацыю стварэння (засыпкі) апорнага слоя для танкасценных форм, атрыманых па мадэлях, якія выплаўляюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАПЕРАЙМА́ННЕ, анаматапея,
1) у мовазнаўстве ўмоўная імітацыя тых ці іншых гукаў рэчаіснасці фанет. сродкамі пэўнай мовы (напр.: «ква-ква», «мяў», «цік-так»). Умоўнасць выяўляецца ў тым, што адно і тое ж гучанне ў кожнай мове перадаецца па-свойму: па-беларуску певень крычыць «кукарэку», па-англійску cock-a-doodle-doo. Карэнныя гукапераймальнікі-выклічнікі з’яўляюцца асновай утварэння шматлікіх слоў у мове, у першую чаргу дзеясловаў: «кукарэку < кукарэкаць < кукарэканне», «бух < бухаць < буханне < выбух < выбухны» і г.д. 2) У паэзіі імітацыя з дапамогай гукаў мовы тых ці іншых прыродных гукаў. Дасягаецца і назапашваннем гукапераймальных слоў, і падборам слоў з аднароднымі, блізкімі гукамі. Інструментоўка на асобныя (перш за ўсё зычныя) гукі можа асацыятыўна ўзнаўляць свіст, грукат грому, шум і рокат вадаспаду: «У горных жорнах перацёрты, // Па схіле, як па латаку, // Паток ссыпаўся, распасцёрты, // І ніцма падаў у раку» (М.Лужанін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТЛАС ГЕАГРАФІ́ЧНЫ,
сістэматызаваны збор геаграфічных картаў. Аб’яднаны агульнай назвай, выкананы па адзінай праграме сродкамі картаграфічнага адлюстравання ў форме цэласнага картаграфічнага твора. Назва дадзена фламандскім картографам Г.Меркатарам (збор картаў; 1595) у гонар Атласа, міфічнага караля Лівіі. Класіфікуюць атласы патэр. ахопе — атласы геаграфічныя свету, асобных кантынентаў ці буйных частак, краін, асобных абласцей, правінцый і раёнаў, атласы гарадоў; па змесце — агульнагеаграфічныя, тэматычныя (геал., кліматычныя, сельскай гаспадаркі, прам-сці і г.д.); па прызначэнні — навукова-даведачныя, краязнаўчыя, вучэбныя, ваенныя, турысцкія, дарожныя і інш.; па фармаце — настольныя (сумарная пл. больш за 15 м²), сярэднефарматныя (пл. ад 6 да 14 м²), кішэнныя (пл. не больш за 5 м²). Атласы геаграфічныя могуць уключаць тэксты, табліцы, даведачна-статыстычныя звесткі. Першы сістэматызаваны збор картаў склаў стараж.-грэч. географ К.Пталамей (2 ст. нашай эры). Атлас «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка» выдадзены ў 1958, вучэбны атлас — у 1990 (атлас «Беларуская ССР»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРПАЛЯ́ЦЫЯ І ЭКСТРАПАЛЯ́ЦЫЯў матэматыцы,
спосаб набліжанага (ці дакладнага) узнаўлення якой-н. велічыні па некаторых вядомых яе значэннях. Напр., адшуканне значэнняў функцыі 𝑓(x) у пунктах xпа вядомых значэннях yi = 𝑓(xi), дзе пункты xi — вузлы інтэрпаляцыі, i = 0, 1, ..., n. Калі x знаходзіцца ў інтэрвале паміж x0 і xn, задача такога адшукання наз.інтэрпаляцыяй, калі па-за яго межамі — экстрапаляцыяй.
Асн. кірункі даследаванняў па І. і э.: вырашальнасць задачы інтэрпалявання; пабудаванне інтэрпаляцыйных формул і вывучэнне іх адхілення ад зададзенай функцыі, выкарыстанне метадаў інтэрпаляцыі для пабудавання набліжаных і лікавых метадаў рашэння розных задач матэматыкі і яе дастасаванняў. Гл. таксама Набліжэнне і інтэрпаляцыя функцый.
На Беларусі даследаванні па пытаннях І. і э. вядуцца ў Ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ і інш.
Літ.:
Крылов В.И., Бобков В.В., Монастырный П.И. Начала теории вычислительных методов: Интерполирование и интегрирование. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНІРО́ВАЧНЫЯ РАБО́ТЫ,
від земляных работпа выраўноўванні мезарэльефу (паверхняў з ваганнем адносных вышынь да 5 м пры дзесятках метраў працягласці) і мікрарэльефу (форм вышынёй да 1 м і дыяметрам да 30 м), па наданні паверхні зямлі патрэбнага нахілу. Уключаюць паверхневую планіроўку с.-г. зямель, планіроўку адхонаў гідратэхн. збудаванняў (ГТЗ) і горнапланіровачныя работы.
Планіроўка паверхні меліяраваных зямель скіравана на ўтварэнне выраўнаваных па рэльефе і аднародных па ўрадлівасці палёў. Уключае зараўноўванне траншэй, вадацёкаў, выемак, зрэзку бугроў, раздзелку пласта, планіроўку мікрарэльефу, пазней ліквідацыю прасадак, ям і інш. Работы выконваюць экскаватарамі, бульдозерамі, скрэперамі, хмызнякова-балотнымі плугамі, даўгабазавымі прычапнымі планіроўшчыкамі. Планіроўка адхонаў ГТЗ — адна з асн. аперацый пры буд-ве каналаў, плацін і дамбаў. Робіцца адхонапланіроўшчыкамі, экскаватарамі з каўшом-планіроўшчыкам, грэйдэрамі і бульдозерамі. Горна-планіровачныя работы ажыццяўляюцца пры аднаўленні парушаных зямель, разраўноўванні адвалаў і выемак (перамяшчэнні парод да дасягнення патрэбнага нахілу). Уваходзяць у пачатковы цыкл работ парэкультывацыі зямель.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАЛЁТНЫ СПОРТ,
спаборніцтвы на самалётах; адзін з тэхнічных відаў спорту. Уключае спаборніцтвы на самалётах розных катэгорый з поршневымі, турбавінтавымі і рэактыўнымі рухавікамі на ўстанаўленне рэкордаў скорасці, вышыні, далёкасці, працягласці, хуткаўздымнасці і грузападымальнасці; спаборніцтвы на 1-месных спарт. і 2-месных вучэбных самалётах з поршневымі і рэактыўнымі рухавікамі па выкананні фігур вышэйшага пілатажу (у т. л. паветраная акрабатыка) у палётах прамым, абернутым, па крузе; у самалётаваджэнні па маршруце, удзень і ўначы.
Узнік у пач. 20 ст.Міжнар.авіяц. федэрацыя засн. ў 1905 (Парыж), Усерасійскі аэраклуб — у 1908 (Пецярбург). Чэмпіянаты свету па вышэйшым пілатажы праводзяцца з 1960 раз у 2 гады. Найб. развіты С.с. у Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Расіі, Францыі, Швейцарыі і інш.
На Беларусі спаборніцтвы па С.с. праводзяцца штогод з 1949. Зборная каманда — сярэбраны прызёр 19-га асабіста-каманднага чэмпіянату СССР (1972). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся В.Аўсянкін, Т.Перасекіна, Я.Фралоў, В.Яікава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАСТРО́ФА (ад грэч. katastrophē пераварот, паварот, канец, гібель),
раптоўнае вялікае бедства; падзея, якая цягне за сабой трагічныя вынікі: разбурэнні, знішчэнні, гібель людзей. Вылучаюць К.: прыродныя (землетрасенне, вывяржэнне вулкана і інш.), экалагічныя (гл.Катастрофа экалагічная), тэхналагічныя (аварыі, крушэнні чыгуначныя, авіякатастрофы), сацыяльныя (напр., гібель Рымскай імперыі, распад СССР), асобасныя (смерць блізкага чалавека, забойствы, самазабойствы і інш.). Па маштабах дзеяння К. падзяляюць на лакальныя, рэгіянальныя, краінныя, глабальныя. Некаторыя з іх з’яўляюцца унікальнымі, напр.Чарнобыльская катастрофа 1986, па прычынах яна тэхналагічная, па ўздзеянні на навакольнае асяроддзе — экалагічная, па наступствах для здароўя і жыцця людзей, разбурэнні іх ладу жыцця — сацыяльная, па маштабах уздзеяння на ўсе сферы жыцця і мыслення людзей — глабальная. Такога роду К. могуць адбывацца ў выніку прымянення ядзернай і інш. зброі масавага паражэння, ракетна-ядзернай вайны і інш. У сучасных умовах вялікае значэнне мае навук. прадказанне К. (землетрасенняў, вывяржэнняў вулканаў, сутыкненняў Зямлі з вялікімі касмічнымі целамі і інш.). Розныя тыпы К. з’яўляюцца аб’ектам даследавання катастроф тэорыі. У Рэспубліцы Беларусь папярэджваннем і пераадольваннем наступстваў К. займаецца Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПАРТЫ́ЎНЫЯ ЗВА́ННІ,
званні, якія сведчаць аб афіцыйным прызнанні спарт. заслуг у пэўнай спарт. кваліфікацыі. Даюцца часова або пажыццёва за дасягненні на міжнар., нац. і інш.афіц. спаборніцтвах, выкананне нарматываў і патрабаванняў, устаноўленых спартыўнай класіфікацыяй, за плённую пед., трэнерскую, судзейскую і інш. дзейнасць.
Існуюць міжнар. С.з. (зацвярджаюцца міжнар.спарт. федэрацыямі); суддзя міжнар. катэгорыі (па відах спорту); міжнар. гросмайстар і майстар (па шахматах і шашках, з 1949). У СССР існавалі ганаровыя С.з.: засл. майстар спорту (з 1934), засл. трэнер СССР (з 1956), ганаровы суддзя па спорце (з 1972); С.з.: майстар спорту СССР (з 1935), майстар спорту СССРміжнар. класа (з 1965), гросмайстар СССР (па шахматах з 1935, па шашках з 1961), суддзя ўсесаюзнай катэгорыі (з 1934). У 1950—60-я г. існавалі ганаровыя С.з. ў саюзных рэспубліках: майстра спорту панац. відах спорту і засл. трэнера рэспублікі; да іх прымыкалі спарт. разрады: кандыдат у майстры, спартсмен 1—3-га разрадаў, а таксама юнацкія разрады. Да С.з. адносяць таксама званні чэмпіёна і рэкардсмена.
На Беларусі ўстаноўлены ганаровыя С.з.: засл. трэнер БССР (з 1959), засл. дзеяч фіз. культуры БССР (з 1967), з 1995 — заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь і заслужаны работнік фізічнай культуры і спорту Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р 1229, Смаленская гандлёвая праўда,
гандлёвае і паліт. пагадненне паміж Смаленскім, Віцебскім і Полацкім княствамі з аднаго боку і Рыгай і Гоцкім берагам (Готландам) — з другога. Дагавор замацоўваў мірныя добрасуседскія адносіны бакоў, вызначаў меры адказнасці за злачынствы супраць прыезджых, рэгламентаваў парадак разгляду судовых спраў. Усім купцам гарантаваўся вольны гандаль і свабоднае карыстанне воднымі шляхамі па ўсёй Зах. Дзвіне, яе прытоках, па вадзе і па беразе.