МАЛАКАЛО́ГІЯ (ад грэч. malakion малюск + ...логія),
раздзел заалогіі, які вывучае малюскаў. Асновы М. закладзены ў канцы 18 — пач. 19 ст.Ж.Кюўе вылучыў у асобную групу галаваногіх малюскаў (1797), англ. заолаг Р.Оўэн распрацаваў класіфікацыю малюскаў (1836) і выдаў манаграфію па групе наўтылусаў. Далейшае вывучэнне малюскаў канцэнтравалася пераважна ў Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі і інш. На Беларусі працы па М. вядомы з канца 19 — пач. 20 ст., апісана малакафауна рэгіёнаў — Белавежскай пушчы, Кобрынскага, Мазырскага, Пінскага паветаў і Гродзенскай губ., воз. Свіцязь. Сучасныя пытанні М. вывучаюцца ў БДУ, БелНДІ эксперым. ветэрынарыі, Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЕР ((Meyer) Ханес) (18.11.1889, г. Базель, Швейцарыя — 19.7.1954),
швейцарскі архітэктар. Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе ў Берліне (1909—12). Жыў у Германіі (1910—20-я г.; у 1928—30 дырэктар школы «Баўгауз»), СССР (1930—36), Мексіцы (1939—49). Быў блізкі да гал. групы «Стыль» і Ле Карбюзье. Паслядоўнік прынцыпаў функцыяналізму (пас. Фрайдорф каля Базеля, 1919—21), імкнуўся да аналітычна дакладнай пабудовы аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі будынка, якая лагічна вынікала з сістэмы функцыян. працэсаў (неажыццёўлены праект Палаца Лігі Нацый у Жэневе, з Х.Вітверам, 1926—27; прафс. школа ў Бернаў каля Берліна, 1928—30).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РЭДЗІТ ((Meredith) Джордж) (12.2.1828, г. Портсмут, Вялікабрытанія — 18.5.1909),
англійскі пісьменнік; адзін з заснавальнікаў сац.-псіхал. рамана. Вучыўся ў Германіі і Англіі. Пачынаў як паэт (зб. «Вершы», 1851). Майстэрствам псіхал. аналізу вызначаюцца раманы «Выпрабаванне Рычарда Феверэла» (1859), «Прыгоды Гары Рычманда» (1870—71), «Кар’ера Б’ючэмпа» (1874—75), «Эгаіст» (1879), «Адзін з нашых заваёўнікаў» (1891) і інш. Яго проза адметная трагічным пачаткам і горкай іроніяй, напружаным інтраспектыўным псіхалагізмам. Аўтар зб-каў паэзіі «Чытанне зямлі» (1888), «Чытанне жыцця» (1901), эсэ. Паўплываў на творчасць Дж.Голсуарсі, Г.Уэлса, Э.М.Форстэра і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗВЫЧА́ЙНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,
законы, якія прымаюцца на выпадак якіх-н. асаблівых абставін і надаюць кіраўніку дзяржавы асобыя паўнамоцтвы. Наданне такіх паўнамоцтваў (у т. л. ўстанаўленне прававых норм, якія ў звычайных абставінах выканаўчая ўлада не мае права выдаваць, прыпыняць дзеянне асобных законаў і да т.п.) можа адбывацца ва ўмовах надзвычайнага становішча (або ваен. становішча). Напр., выкарыстана для ўстанаўлення фаш. рэжымаў у Германіі (1933), Іспаніі (1939), дыктатуры хунты Піначэта у Чылі (1970—80-я г.). Як нормы Н.з. належыць разглядаць і стварэнне ў СССР у 1930-х г. надзвычайных суд. устаноў — «троек» НКУС (іх стварэнне адбылося ў звычайных умовах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЕ́Н, Папін (Papin) Дэні (22.8.1647, Шытнэ, каля г. Блуа, Францыя — 1714, паводле інш. звестак 1712), французскі фізік і інжынер, адзін з вынаходнікаў цеплавога рухавіка. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1680) і Парыжскай АН. Скончыў Анжэрскі ун-т (1669). З 1675 у Лондане, у 1688—1707 у Германіі. Вынайшаў паравы кацёл з засцерагальным клапанам (1680), выкарыстаў вадзяную пару для падняцця поршня і апісаў замкнёны тэрмадынамічны цыкл паравога рухавіка (1690). Вынайшаў некалькі машын для падняцця вады, прапанаваў канструкцыю цэнтрабежнай помпы, сканструяваў печ для плаўкі шкла і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЕТЫ́ЗМ (ад лац. pietas набожнасць),
містычная плынь, якая ставіла рэліг. пачуцці вышэй за рэліг. догматы; супрацьлеглая артадаксальнаму пратэстантызму. Узнік у канцы 17—18 ст. ў Германіі. Яго заснавальнік ням. тэолаг Ф.Шпенер абвяргаў царк. абраднасць, падкрэсліваў неабходнасць для вернікаў асабістага перажывання Бога, якое дазваляе зацвердзіць высокамаральныя прынцыпы жыцця і атрымаць «боскую ласку». Прыхільнікі П. абвяшчалі грахоўнымі тэатр, танцы, песні, забавы, насаджалі веру ў цуды, фанатызм, містыку, выступалі супраць навукі, розуму, прагрэсу, праследавалі вучоных і філосафаў. У 18 ст. іх ідэі былі выкарыстаны ў барацьбе супраць ідэй Асветніцтва. У шырокім сэнсе П. — рэліг.-містычны настрой, паводзіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЗІН (Аляксандр Майсеевіч) (28.11.1881, г. Магілёў — 10.4.1942),
бел. геолаг. Чл.-кар.АН Беларусі (1940), праф. (1938). Скончыў Фрайбергскую горную акадэмію ў Германіі (1908). З 1927 нам.нач. горнага аддзела ВСНГ, з 1931 нам.нач.Бел. геолагаразведачнага трэста, з 1933 у Бел.НДІ прам-сці. У 1937—41 у Бел.геал. упраўленні (нам.нач., нач. сектара). У 1909—37 праводзіў геал. даследаванні на Беларусі па пошуку і выкарыстанні фарбавых руд, вогнетрывалай гліны, кварцавых пяскоў, мелу, торфу, фасфарытаў, каменнай солі і інш.Навук. працы па карысных выкапнях Беларусі і перспектывах іх выкарыстання. Дзярж. прэмія СССР 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КЦЫЯ КАТАЛІ́ЦКАЯ,
сукупнасць свецкіх арг-цый вернікаў-католікаў, дзейнасць якіх каардынуе Ватыкан. Пачалі стварацца ў 19 ст. дзеля захавання ўплыву каталіцкай царквы і магчымасці непасрэднай паліт. дзейнасці духавенства. Арганізацыйна аформілася пасля 1922 па ініцыятыве папы Пія XI, які вызначыў яе паліт. мэты: спрыяць укараненню ў грамадстве асн. ідэй каталіцкай сац. праграмы, папскіх энцыклік (пасланняў), пашыраць грамадскую базу каталіцкай царквы, актыўна ўплываць на паліт. асяроддзе. У час парламенцкіх выбараў арг-цыі акцый каталіцкіх вядуць агітацыю пераважна за прадстаўнікоў каталіцкіх партый. Некаторыя з гэтых партый (ХДП у Італіі, ХДС/ХСС у Германіі, СХП у Бельгіі, АНП у Аўстрыі і інш.) прыходзілі да дзярж. улады. У залежнасці ад рэгіёна і гіст. умоў дзейнасць акцый каталіцкіх набывае спецыфічныя рысы: у 1929—43 у Італіі ў адпаведнасці з Латэранскімі пагадненнямі яна падпарадкоўвалася рэжыму Мусаліні; у Германіі дзейнічае пры епархіях як сістэма камісій па наглядзе за выхаваннем у школе, а праз сродкі масавай інфармацыі — за «маральным станам нацыі». У 1925—39 акцыя каталіцкая (пераважна суполкі пры касцёлах) дзейнічала ў Зах. Беларусі. Старшыні і сакратары гэтых суполак падпарадкоўваліся Віленскаму епархіяльнаму «Інстытуту акцыі каталіцкай», які ў сваю чаргу нёс адказнасць перад Ватыканам. Члены акцыі каталіцкай спалучалі прапаганду каталіцкіх ідэй з культ.-асв. работай. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР (1939) арг-цыі акцыі каталіцкай як антысав., а іх арганізатары і кіраўнікі ў 1949—52 рэпрэсіраваны.
Літ.:
Ковальский Н.А. Международные католические организации. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭНТРАЦЫ́ЙНЫ ЛА́ГЕР,
лагер для прымусовай ізаляцыі (часам і знішчэння) рэальных ці магчымых паліт. праціўнікаў, ваеннапалонных і інш. У адрозненне ад турмаў, звычайных лагераў для ваеннапалонных і бежанцаў К.л. ствараюцца паводле асобых дэкрэтаў урада або загадаў ваен. камандавання ў час вайны, міжэтнічных канфліктаў і абвастрэння ўнутрыпаліт. барацьбы. К.л. з найб. жорсткім рэжымам утрымання зняволеных, накіраваным не толькі на ізаляцыю, але -і на іх знішчэнне, атрымалі ў л-ры назву лагераў смерці (найб. пашыраны ў 2-ю сусв. вайну). Першыя К.л. створаны іспанцамі ў 1895 у час нац.-вызв. паўстання на Кубе і англічанамі ў ходзе англа-бурскай вайны 1899—1902. У 1934—39 у Польшчы на тэр.Зах. Беларусі існаваў Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. У СССР К.л. былі пашыраны ў перыяд масавых рэпрэсій 1930—50-х г. (гл.ГУЛАГ). У час нацыянал-сацыялісцкай дыктатуры ў Германіі (1933—45) К.л. выкарыстоўваліся для масавага тэрору і генацыду з боку нацысцкай дзяржавы і былі пашыраны ў краінах, акупіраваных ням.-фаш. войскамі ў 2-ю сусв. вайну, у т. л. ў Беларусі, іх ахвярамі сталі больш за 11 млн. грамадзян СССР, Польшчы, Францыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Югаславіі, Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі, Аўстрыі, Германіі і інш.Найб. вядомыя ням.-фаш. К.л. — Асвенцім, Бухенвальд, Дахау, Заксенгаўзен, Маўтгаўзен і інш. У пасляваен. перыяд найб. вядомы К.л., створаныя пасля ваен. перавароту ў Чылі ў вер. 1973 для праціўнікаў дыктатуры ген. А.Піначэта. Практыка стварэння К.л. асуджана сусв. грамадскасцю як цяжкае злачынства супраць чалавецтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́КСЕМБУРГ (польск. Luksemburg, ням. Luxemburg) Роза (5.3.1871, г. Замасць, Польшча — 15.1.1919), дзеяч польскай і ням. сацыял-дэмакратыі і камуніст. руху. Скончыла Цюрыхскі ун-т (1896). Адна з заснавальнікаў (1893) Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ), аўтар большасці яе праграмных дакументаў, у т. л. па нац. пытанні. З 1898 у Германіі, належала да кіраўніцтва С.-д. партыі і 2-га Інтэрнацыянала. Выступала супраць т.зв. рэвізіянізму ў сацыял-дэмакратыі, мілітарызму і каланіяльнай палітыкі еўрап. дзяржаў. Удзельніца рэвалюцыі 1905—07 у Варшаве і Пецярбургу. Адна з заснавальнікаў «Спартака саюза» (1916), Камуніст. партыі Германіі (1918—19), аўтар яе праграмы, удзельніца Лістападаўскай рэвалюцыі 1918. Разам з К.Лібкнехтам арыштавана і забіта членамі афіцэрскага баявога атрада «Фрайкорпуса». Аўтар прац па палітэканоміі, тэорыі сацыяліст. рэвалюцыі, у т. л. па нац. і сял. пытаннях («Развіццё прамысловасці ў Польшчы», 1898, «Сацыяльная рэформа ці рэвалюцыя», 1900). Аналізавала прагрэс. грамадскія сілы, механізмы рэвалюцыі, ролю ўсеагульнай забастоўкі («Масавая забастоўка, партыя і прафсаюзы», 1906), фактары і перашкоды ў эканам. развіцці пры капіталізме («Накапленне капіталу», т. 1—2, 1913), праблемы ў сацыяліст. руху ў 1-ю сусв. вайну («Крызіс сацыял-дэмакратыі», 1916), адзначыла пагрозу ўзнікнення таталітарызму ў рас. рэвалюцыі («Руская рэвалюцыя», выд. 1922). Яе тэарэт. і паліт. канцэпцыі, супраць якіх выступаў У.І.Ленін, паўплывалі на фарміраванне праграмы радыкальнага крыла сацыяліст., а пазней камуніст. руху.
Тв.:
Рус.пер. — О социализме и русской революции: Избр. статьи, речи, письма. М., 1991.