ДЫСАЦЫЯ́ЦЫЯ (ад лац. dissociatio раз’яднанне, раздзяленне),

распад малекул і крышталёў на некалькі больш простых малекул, атамаў, радыкалаў ці іонаў. У залежнасці ад характару ўздзеяння, што выклікае Д., адрозніваюць электралітычную дысацыяцыю, тэрмічную і фотадысацыяцыю (Д. пад уздзеяннем іанізавальнага выпрамянення). Колькасная характарыстыка Д. — ступень дысацыяцыі, роўная адносінам колькасці малекул, што распаліся, да агульнай колькасці малекул у сістэме.

т. 6, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РЫНСКАЯ КАРЦІ́ННАЯ ГАЛЕРЭ́Я,

філіял Нац. маст. музея Беларусі. Адкрыта ў 1976 у в. Гурыны Мазырскага р-на Гомельскай вобл. як музей на грамадскіх пачатках, з 1978 галерэя, філіял Нац. маст. музея. Размешчана ў будынку б. Школы. 7 выставачных залаў, плошча 210 м²; больш за 200 твораў бел. жывапісу, скульптуры, графікі, дэкар.-прыкладнога мастацтва.

т. 5, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАТЦЭЛЮЛО́ЗА,

структурная мадыфікацыя цэлюлозы. Цвёрдае рэчыва белага колеру. У адрозненне ад прыроднай цэлюлозы (з якой яе атрымліваюць) лепш раствараецца ў шчолачах, афарбоўваецца, больш гіграскапічная і рэакцыйназдольная ў водных растворах. З гідратцэлюлозы складаюцца віскознае валакно, медна-аміячныя валокны, вытв-сць якіх уключае стадыю пераводу цэлюлозы ў гідратцэлюлозу (напр., асаджэннем з раствору, мех. разломам).

т. 5, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЯЛЕ́НТЫ (ад лац. violent нястрымны),

віды, найб. магутныя па здольнасці ўтвараць згуртаванні або ўкараняцца ў іх. Энергічна развіваюцца, захопліваюць тэрыторыю, утрымліваюць яе за сабой, прыгнечваюць сапернікаў больш моцнай энергіяй жыццядзейнасці і паўнатой выкарыстання рэсурсаў асяроддзя, становяцца дамінантнымі відамі ў згуртаванні (напр., дуб). Паняцце ўвёў сав. вучоны батанік і географ Л.​Р.​Раменскі (1936).

т. 4, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСАКО́СНЫ ГОД,

каляндарны год, які мае 366 сутак (на адны суткі больш за звычайны). Ёсць у юліянскім (стары стыль) і грыгарыянскім (новы стыль) календарах. Паводле новага стылю высакосным з’яўляецца кожны год, лічба якога дзеліцца на 4 без рэшты (акрамя гадоў, лічба якіх заканчваецца на 2 нулі, але не дзеліцца на 400, напр., 1700, 1800, 1900).

т. 4, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСО́КА-ЛІТО́ЎСКАЯ СУКО́ННАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала на Беларусі ў 1826—28 у мяст. Высока-Літоўск Брэсцкага пав. (цяпер г. Высокае Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.). Вырабляла сукны (больш за 11 тыс. м), мела вадзяны і конны рухавікі, 12 ткацкіх станкоў, 5 часальных і 15 прадзільных машын, 4 катлы, сукнавальню (1828). Працавалі 77 чал.

т. 4, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАЦЫЯНІ́НЫ,

дыхальныя пігменты гемалімфы некат. малюскаў і членістаногіх, якія ажыццяўляюць транспарт кіслароду ў арганізме. Паводле хім. прыроды — складаныя бялкі (металапратэіды). У гемалімфе знаходзяцца ў раствораным стане. Маюць больш нізкую кіслародную ёмістасць, чым гемаглабіны. Злучэнне кіслароду з гемацыянінамі абумоўлена прысутнасцю ў малекуле гемацыянінаў медзі, непасрэдна звязанай з бялком. Акісленыя гемацыяніны афарбаваны ў сіні колер, адноўленыя — бясколерныя.

т. 5, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛІНО́ЙСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

у ЗША (штаты Ілінойс, Індыяна, Кентукі), у басейне ніжняга цячэння р. Агайо. Пл. 275 тыс. км². Нафтагазаносныя адклады палеазою. Больш за 1100 нафтавых і 200 газавых пакладаў (пераважна дробных). Пачатковыя запасы 544 млн. т нафты і 70 млрд. м³ газу. Гал. нафтавыя радовішчы: Олд-Ілінойс, Сейлем, Клей-Сіці, Нью-Хармані.

т. 7, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ІМПІ́РЫЯЛ КЕ́МІКАЛ ІНДА́СТРЫС ЛІ́МІТЭД»

(Imperial Chemical Industries P.L.C.),

брытанскі хім. канцэрн, адно з буйнейшых хім. прамысл. аб’яднанняў у свеце. Створаны ў 1926 у Лондане. Прадпрыемствы больш як у 100 краінах свету. Прадукцыя ўключае с.-г. і спец. хімікаліі, фарбы, кінаплёнку, тэхн. ўзрыўчатку, парфумерыю, фармацэўтычныя прэпараты, поліурэтан, прадукцыю нафтахіміі, пластмасы, сінт. валокны і інш.

т. 7, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫВІДУА́ЛЬНАЯ ПРАЦО́ЎНАЯ ДЗЕ́ЙНАСЦЬ,

грамадска карысная самаст. дзейнасць грамадзян. Выкарыстоўваецца ў сферы саматужна-рамесніцкіх промыслаў, быт. абслугоўвання насельніцтва для больш поўнага задавальнення патрэб у таварах і паслугах, павышэння занятасці членаў грамадства, забеспячэння ім магчымасці атрымання дадатковага даходу ў адпаведнасці з затратамі сваёй працы. У шырокім сэнсе — прадпрымальніцкая дзейнасць асобных грамадзян без выкарыстання наёмнай працы.

т. 7, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)