машына для апрацоўкі металаў валачэннем. Складаецца з адной або некалькіх валокаў (маюць канал, які звужаецца ў напрамку валачэння) і прыстасавання для працягвання праз іх загатовак.
Адрозніваюць лінейныя валачыльныя станы з прамалінейным рухам металу, які працягваецца (маюць ланцуговыя, рэечныя, гідраўлічныя і інш. прыводы), і барабанныя з намотваннем металу на барабан. Для атрымання труб, профіляў і пруткоў выкарыстоўваюць абодва тыпы валачыльных станаў аднаразовага валачэння (праз адну валоку), для атрымання дроту — толькі барабанныя адна- і шматразовыя (з валачэннем праз шэраг паслядоўных валокаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕНТЫ́НА (Valentino) Рудольф [сапр.Гульельмі ды Валентына
(Guqlielmi di Valentino) Радольфа; 6.5.1895, Кастэланета, каля г. Таранта, Італія — 23.8.1926], амерыканскі акцёр. У ЗША з 1913. У кіно з 1918. Здымаўся ў нямых фільмах 1920-х г. («Чатыры коннікі Апакаліпсіса», «Шэйх», «Кроў і пясок», «Сын шэйха», «Кобра» і інш.),
дзе стварыў вобраз экзатычнага «лацінскага палюбоўніка», ракавога спакусніка, рамантычнага шукальніка прыгод, што прынесла яму сусветную вядомасць. Валентына — адна з легенд кінематографа, герой раманаў, п’ес, муз. твораў. У 1977 англ.рэж. К.Расел зняў пра яго маст. фільм «Валентына».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙСЕІ́ТАВА (Куляш) (Гульбахрам) Жасымаўна (2.5.1912, г. Алматы — 6.6.1957),
казахская артыстка оперы (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар.арт.СССР (1936). Адна з заснавальніц каз. опернага мастацтва. У 1934—57 салістка Казахскага т-ра імя Абая. Стварыла яркія муз.-сцэн. вобразы ў нац. операх: Кыз-Жыбек, Акжунус («Кыз-Жыбек», «Ер-Таргын» Я.Брусілоўскага), Сары («Біржан і Сара» М.Тулебаева, Дзярж. прэмія СССР 1949). З класічных партый: Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Чыо-Чыо-сан у аднайм. оперы Дж.Пучыні. Выступала як канцэртная спявачка. Дзярж. прэмія СССР 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАРГАЗМІ́Я (ад ан... + аргазм),
адсутнасць аргазму пры палавых зносінах; адна з формаў зніжэння сексуальнасці ў жанчын. Анаргазмія часта спалучаецца са зніжэннем палавой цягі або з поўнай яе адсутнасцю. Частата ўзнікнення залежыць ад узросту жанчыны і рэгулярнага палавога жыцця. Адрозніваюць анаргазмію першасную (з пачатку палавога жыцця) і другасную (страта аргастычных адчуванняў пасля пэўнага перыяду нармальных сексуальных адносін). У аснове анаргазміі ляжаць парушэнні псіхасексуальнага развіцця, некаторыя асаблівасці асобы, псіхагенныя фактары, захворванні. Анаргазмія можа выклікаць адчуванне павышанага крованапаўнення палавых органаў, боль, эмацыянальныя парушэнні, расстройства сну. Лячэнне строга індывідуальнае, праводзіцца сексапатолагам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСАРА́Б (Basarabi),
археалагічная культура жал. веку (8 — сярэдзіна 7 ст. да нашай эры) на тэр. Румыніі і Малдовы; адна з культур т.зв. фракійскага гальштату. Назва ад даследаванага тагачаснага паселішча каля в. Басараб (Румынія). Насельніцтва жыло на гарадзішчах і селішчах у лёгкіх наземных драўляных пабудовах, часам абмазаных глінай. Пахавальны абрад — трупаспаленні ў урне або яме і трупапалажэнні пад курганным насыпам або ў грунтавой магіле. Для керамікі характэрны чорнаглянцаваны сталовы посуд, нярэдка з белай інкрустацыяй; слоікападобны кухонны посуд з наляпнымі валікамі і выступамі. Прылады працы, зброя, упрыгожанні належаць да ўсходнегальштацкага (ілірыйскага) тыпу старажытнасцяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАШКІ́РСКАЯ МО́ВА,
адна з цюркскіх моў, дзярж. мова Рэспублікі Башкортастан. Пашырана таксама ў Арэнбургскай, Чэлябінскай, Самарскай, Курганскай і Свярдлоўскай абл. Расіі. Найб. блізкая да татарскай мовы, ад якой розніцца гал. чынам сістэмай зычных і лексікай. Падзяляецца на 2 дыялекты: усх. (куваканскі) і паўд. (юрмацінскі). Літ. башкірская мова сфарміравалася пасля 1917 на аснове абодвух дыялектаў. Да пач. 20 ст. башкіры карысталіся паволжскім варыянтам сярэднеазіяцкай пісьмовай мовы цюркі (агульная назва рэгіянальных літ. цюркскіх моў), а пазней літ.тат. мовай. Пісьменства да 1928 на асн.араб., з 1929 — лац., з 1939 — рус. графікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ НІ́ВА»,
газета, орган Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Выдавалася з 18.11.1925 да 16.3.1926 у Вільні на бел. мове тры разы на тыдзень. Адна з самых паслядоўных газет грамады. Адлюстроўвала паліт. і эканам. становішча Зах. Беларусі, пісала пра школьную справу ў Зах. Беларусі, унутраную і знешнюю палітыку польскіх улад, заклікала да саюзу рабочых і сялян у барацьбе за свае правы. Змяшчала рэпартажы з залы пасяджэнняў польскага сейма, прамовы і запыты бел. паслоў. Мела каля 3 тыс. падпісчыкаў. Выйшла 35 нумароў, 4 канфіскаваны. Закрыта ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАМІНАНО́СНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, якія ўтвараюць і назапашваюць у розных органах (лістах, пладах, каранях, сцёблах і інш.) вял. колькасць вітамінаў ці правітамінаў. Адна з асн. крыніц забеспячэння арганізма чалавека і жывёл вітамінамі, сыравіна для іх вытв-сці. Напр., з пладоў шыпшыны, няспелых пладоў грэцкага арэха гатуюць вітамінныя канцэнтраты, з ягад чорных парэчак, абляпіхі — вітамінізаваныя прадукты харчавання, з ігліцы хвоі, елкі, з лісця бярозы, пладоў шыпшыны — экстракты. Амаль усе расліны маюць у сабе розныя вітаміны ў рознай колькасці, некаторыя вітаміны ёсць толькі ў пэўных відах раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШЧЫНСКІ СКАРБ,
грашова-рэчавы скарб, знойдзены ў 1979 у час даследавання крапасной сцяны гарадзішча Вішчын Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Ухаваны ў 2-й пал. 12 — 1-й трэці 13 ст. Рэчавая частка скарба прадстаўлена жаночымі ўпрыгожаннямі з высакапробнага серабра (фрагменты караляў з авальных пацерак і крынападобных падвесак, залачоныя з выявамі птушак, 6-прамянёвы і з ажурным беражком колты, адна- і двухстворкавы пласціністыя залачоныя бранзалеты і інш.), грашовая складалася з сярэбраных 2 наўгародскіх, 8 літоўскіх, 6 кіеўскіх зліткаў-грыўняў і 2 палцін. Зберагаецца ў нумізматычным кабінеце БДУ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛГЕБРАІ́ЧНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,
ураўненне выгляду P(x, y, ..., z)=0, дзе P(x, y, ..., z) — мнагасклад n-ай ступені (n≥0) ад адной або некалькіх пераменных. Калі пераменная адна, то лік а, які ператварае алгебраічнае ўраўненне ў тоеснасць, наз.коранем ураўнення і мнагасклад дзеліцца на (x-a) без рэшты (тэарэма Безу). У алгебраічна замкнёным полі (гл.Алгебраічны лік) кожны мнагасклад P(x) ступені n мае роўна n каранёў (у т. л. кратных). Н.Абель паказаў (1824), што пры n≥5 карані некаторых ураўненняў P(x)=0 нельга запісаць праз радыкалы.