ПРЫЧЫ́ННАСЦЬ, каузальнасць,

адна з форм узаемасувязі і ўзаемадзеяння з’яў, дзе адна з іх — прычына — абумоўлівае і з неабходнасцю параджае іншую з’яву — вынік (гл. Прычына і вынік). Кожная з’ява мае прычыну і адначасова яна з’яўляецца прычынай інш. з’явы; або, наадварот, без прычыны нішто не паяўляецца. Прычына і дзеянне ўтвараюць ланцуг, які цягнецца з мінулага, пранізвае сучаснае і знікае ў будучым. Таксама прычына распадаецца на знешнія абставіны, унутр. ўмовы і ўзбуджэнне, што служыць непасрэднай прычынай дзеяння. Напр., калі порах сухі (абставіны) і мае адпаведныя інгрэдыенты (умова), то дзякуючы ўдару (узбуджэнне) ён загарыцца (дзеянне). У гісторыі філасофіі прынцып П. сфармуляваны Дэмакрытам, а як строга прычынная сувязь з’яў — стоікамі і Эпікурам. Суб’ектыўны ідэалізм не прызнае аб’ектыўнага характару П. і зводзіць яе да паслядоўнасці адчуванняў (Д.​Юм) або сцвярджае, што П. — апрыёрная катэгорыя чалавечага розуму, якая прыўносіцца ў хаатычны свет з’яў (І.​Кант). Аб’ектыўны ідэалізм (Г.​Гегель, неатамісты) лічыць канчатковай прычынай з’яў сусв. дух, або Бога (гл. Індэтэрмінізм), але не адмаўляе дэтэрмінізм. Дыялектычны матэрыялізм прызнае аб’ектыўны і ўсеагульны характар П., яе складанасць, зменлівасць, шматзначнасць. А.​Шапенгаўэр вылучаў 3 формы П.: ва ўласным сэнсе (для неарган. свету), раздражненне (у арган.-раслінным жыцці) і матыў (ва ўчынках адушаўлёных істот). Дж.​Міль, Г.​Спенсер і інш. імкнуліся растлумачыць П. на аснове толькі вопыту, з дапамогай індукцыі. Пазітывізм (А.​Конт, Р.​Авенарыус, Э.​Мах і інш.) замянілі паняцце «П.» паняццем функцыянальнай залежнасці, паняцце прычыны — «умовамі».

Прычынна-выніковыя сувязі бываюць непасрэдныя і апасродкаваныя, агульныя і найбліжэйшыя, гал. і негалоўныя, унутр. і знешнія, аб’ектыўныя і суб’ектыўныя і інш. Узнікае складаная сетка прычынна-выніковых сувязей, якія пераплятаюцца і выклікаюць універсальнае ўзаемадзеянне. З’явы прыроды наз. прычынна-тлумачальнымі, а сувязі паміж імі — адпаведнымі прычыннасці прынцыпу, таму што ў адносінах да гэтага прынцыпу разглядаецца аб’ектыўная прадметная сувязь, якая не можа супярэчыць вынікам даследаванняў прыродазнаўчых навук. Пры вывучэнні такіх сувязей шырока выкарыстоўваюцца эксперым. даследаванні, матэм. апарат, раскрываюцца магчымы, або статыстычны характар прычынна-выніковых сувязей у прыродзе ці сферы сац.-эканам., грамадскіх працэсаў. На аснове П. арганізуецца матэрыяльна-практычная дзейнасць чалавека, выпрацоўваюцца навук. прагнозы.

В.​В.​Краснова.

т. 13, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПШАЗДЗЕ́ЦКІЯ, Праздзецкія,

дзяржаўныя дзеячы, шляхецкі род герба «Рох III» у ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Карысталіся графскім тытулам, які ў 1843 зацверджаны ў Рас. імперыі. Найб. вядомыя:

Мікалай Уладзіслаў (каля 1620—11.10.1683), сын Пятра Паўла. Стольнік упіцкі ў 1658—66, ашмянскі стольнік у 1666—67, харунжы ў 1667—70 і маршалак з 1670, падваявода віленскі ў 1668—69, кашталян навагрудскі з 1677. Пасол на соймы 1665—76, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1683. Аляксандр (каля 1665 — каля 1734), сын Крыштофа. Мазырскі стольнік у 1691—94 і харунжы ў 1694—1726, мечнік ВКЛ у 1707—09, кашталян інфлянцкі з 1726. Быў дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Антоні Тадэвуш (5.9.1718, г. Трокі — 28.3.1772), сын Аляксандра. Вял. пісар ВКЛ у 1739—50, вял. падчашы ў 1750—52, рэферэндары ў 1752—64, падканцлер з 1764. Пасол на соймы 1740—64, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1739. Рэгіментар (палкоўнік) Бел. дывізіі (1764), фактычны кіраўнік Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ 1764. Міхал (1.5.1747, г. Заслаўе — 1799), сын Антонія Тадэвуша. Вял. пісар ВКЛ з 1777. Староста пінскі ў 1772—77, пасол на Чатырохгадовы сойм 1788—92. Кароль-Дамінік (1780 або 1781, Чорны Востраў — крас. 1832), сын Міхала. У 1812 абраны маршалкам Завілейскага пав. У вайну 1812 падтрымаў Напалеона, прызначаны камандзірам 18-га Нясвіжскага палка уланаў. Удзельнічаў у бітвах пад Койданавам 15.11.1812, Лейпцыгам 19.10.1813, у 1816 выйшаў у адстаўку з войска Каралеўства Польскага. У час паўстання 1830—31 абраны камандуючым узбр. сіламі Ашмянскага пав., у Смаргоні сфарміраваў конны і пешы паўстанцкія атрады. 29.4.1831 яго войскі разбіты, перайшоў у штаб А.​Гелгуда. Аляксандр (27.7.1814, Чорны Востраў — 26.12.1871), сын Канстанціна, унук Міхала. У 1832—34 вучыўся ў Берлінскім ун-це. Аўтар гіст. прац «Падолле, Валынь, Украіна: Карціны мясцін і часоў» (т. 1—2, 1841), «Хатняе жыццё Ядвігі і Ягайлы ...» (1854), «Польскія Ягелонкі ў XVI ст.» (т. 1—5, 1868—78). Разам з М.​Грабоўскім і М.​Маліноўскім падрыхтаваў зб-кі дакументаў «Крыніцы польскай гісторыі» (т. 1—2, 1843—44), дзе шмат матэрыялаў па гісторыі Беларусі.

У.​М.​Вяроўкін-Шзлюта.

т. 13, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯ́ТЫ З’ЕЗД КП(б)Б [X канферэнцыя КП(б)Б]. Адбыўся 15—20.10.1921 у Мінску. Прысутнічалі 133 дэлегаты з рашаючым і 69 з дарадчым голасам ад 3325 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: аб знешнім і ўнутр. становішчы рэспублікі

(А.​Р.​Чарвякоў); справаздачы Цэнтр. Бюро КП(б)Б (В.​Г.​Кнорын),

Рэвіз. камісіі КП(б)Б (А.​Х.​Гетнер), Кантрольнай камісіі КП(б)Б, павятовых к-таў партыі; эканам. становішча Беларусі і нэп (А.​І.​Вайнштэйн); агр. пытанне (А.​С.​Славінскі); роля і задачы прафсаюзаў (Ш.​Ш.​Ходаш); асвета і задачы партыі (С.​З.​Кацэнбоген); агітац.-прапагандысцкая работа партыі (І.​П.​Ашаровіч); пытанні парт. будаўніцтва; выбары. З’езд звярнуў гал. ўвагу на эканам. становішча і пераход да новай эканамічнай палітыкі, ухваліў рашэнні X з’езда РКП(б). Нэп вызначаўся як «адзіна правільны шлях, які ў дадзеных умовах верна вырашае само пытанне існавання савецкай улады». Ухвалены мерапрыемствы Саўнаргаса БССР па перабудове і спрашчэнні сістэмы кіравання прам-сцю, пераводу фабрык і заводаў на гасп. разлік, здачы іх у арэнду. З’езд падтрымаў прапановы Эканам. нарады пры СНК БССР па наладжванні сувязі з суседнімі губернямі і арганізацыі Зах. эканам. вобласці. Канстатавалася імкненне сялян да індывідуальнага землекарыстання, разам з тым адзначалася неабходнасць развіцця сав. гаспадарак і адначасова дапамогі аднаасобнікам. З’езд асабліва падкрэсліў арганізац. і выхаваўчую функцыю прафсаюзаў як «школы камунізму» праз удзел іх у кіраванні прадпрыемствамі і сац. абарону працоўных, павышэнне прадукцыйнасці працы, удзел у рабоце кааперацыі і інш. Былі разгледжаны прынцыпы рэформы агульнаадук. школы, узята арыентацыя на правядзенне асв. работы на нац. мовах, што паклала пачатак палітыцы беларусізацыі, акрэслены задачы друку. формы работы партшкол, сутнасць і формы антырэліг. прапаганды. Выбраў ЦБ КП(б)Б з 9 чл. і 3 канд. у чл., Кантрольную і Рэвіз. камісіі КП(б)Б.

Літ.:

Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2 (1921—1966). Мн., 1967;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. I. 1918—1927. Мн., 1983.

В.​Ф.​Кушнер.

т. 13, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л (Мікалай) (мянушка Руды; 1512—27.4.1584),

дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын гетмана Ю.Радзівіла. З 1547 князь «Свяшчэннай Рымскай імперыі» «на Біржах і Дубінках». Атрымаў хатнюю адукацыю. Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37, у т. л. ў аблозе Старадуба ў 1535. У 1544—51 падчашы ВКЛ, у 1546—54 лоўчы ВКЛ. Асаблівы рост уплыву Р. на дзярж. справы звязаны са шлюбам яго сястры Барбары (гл. Барбара Радзівіл) з вял. князем ВКЛ Жыгімонтам Аўгустам (1547). У 1549 атрымаў ад яго правы велікакняжацкага намесніка з рэзідэнцыяй у Вільні. У 1550—66 ваявода трокскі, у 1553—66 і з 1577 вял. гетман ВКЛ, у 1566—84 ваявода віленскі, у 1566—79 канцлер ВКЛ. У 1556—57 і з 1560 камандаваў войскам ВКЛ, якое знаходзілася на мяжы з Інфлянтамі. У пач. Лівонскай вайны 1558—83 яго войска ў 1561 уступіла на тэр. Інфлянтаў. Конніца Р. на чале з Ю.​Тышкевічам і Р.​Трызнам дайшла да Дэрпта (Тарту). Гал. сілы на чале з самім Р. аблажылі рас. гарнізон у замку Тоўрус (Торваст), які праз 3 тыдні капітуляваў. У час аблогі Полацка войскам Івана IV Грознага ў лют. 1563 Р. з войскам не здолеў дапамагчы полацкаму гарнізону, а пасля ўзяцця Полацка рас. войскам адышоў да Мінска. Камандаваў войскам ВКЛ у пераможнай Ульскай бітве 1564. Рашуча выступаў супраць заключэння уніі з Польшчай. У 1569 ён не паехаў на Люблінскі сейм і не падпісаў акт Люблінскай уніі. У сярэдзіне 1576 перайшоў на бок Стафана Баторыя. Каб забяспечыць падтрымку Р., кароль зноў даў яму пасаду гетмана ВКЛ. У 1579 удзельнічаў у аблозе і ўзяцці Полацка. У кампаніі 1580 войска Р. ўзяло замкі Усвят і Езярышча. У 1581 удзельнічаў у паходзе на Пскоў. Р. вызнаваў кальвінізм і пасля смерці М.​Радзівіла Чорнага (1565) узначаліў пратэстантаў у ВКЛ.

Літ.:

Hetmani Rzeczypospolitej obojga narodów. Warszawa, 1995.

А.​П.​Грыцкевіч.

М.Радзівіл Руды. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.

т. 13, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯХІ́МІЯ (ад радые... + хімія),

раздзел хіміі, які вывучае фізіка-хім. і хім. ўласцівасці радыеактыўных ізатопаў элементаў (радыенуклідаў), метады іх выдалення і канцэнтравання. Асн. раздзелы: агульная Р., якая вывучае агульныя заканамернасці паводзін радыенуклідаў, іх стан у ультрамалых канцэнтрацыях у растворах, газах і цвёрдых рэчывах; хімія радыеактыўных элементаў, якая вывучае хім. ўласцівасці радыеактыўных элементаў, прыкладная Р., якая ўключае сінтэз мечаных злучэнняў, выкарыстанне радыенуклідаў у хім., біял. і інш. даследаваннях (гл. Ізатопныя індыкатары), а таксама праблемы атрымання і перапрацоўкі ядз. гаручага, перапрацоўкі радыеактыўных адходаў і інш. У Р. выкарыстоўваюцца спецыфічныя высокаадчувальныя метады вымярэння колькасці радыенуклідаў, што абумоўлена радыеактыўнасцю даследуемых рэчываў.

Станаўленне Р. звязана з адкрыццём у 1898 радыеактыўных элементаў радыю і палонію (П.Кюры, М.Складоўская-Кюры). У 1-й трэці 20 ст. ўстаноўлены законы суасаджэння і адсорбцыі радыенуклідаў з ультраразбаўленых раствораў (К.Фаянс, Ф.А.Панет, В.Р.Хлопін, О.Ган і інш.), распрацаваны асновы метаду ізатопных індыкатараў (Дз.Хевешы і Панет) і эманацыйны метад даследавання фіз.-хім. уласцівасцей цвёрдых цел. Адкрыццё ў 1934 штучнай радыеактыўнасці (І. і Ф. Жаліо-Кюры) стала пачаткам новага этапу ў развіцці Р.; былі атрыманы радыенукліды нерадыеактыўных рэчываў пры апрамяненні іх нейтронамі (Э.Фермі з супрацоўнікамі), першыя штучныя радыеактыўныя элементы тэхнецый (1937), астат, нептуній, плутоній (1940). Далейшае развіццё Р. звязана з атрыманнем штучных радыенуклідаў усіх элементаў перыяд. сістэмы (акрамя гелію і літыю), што ёсць у прыродзе, актыноідаў, а таксама трансактыноідных элементаў.

На Беларусі развіццё Р. пачалося ў 1969, калі ў Ін-це ядз. энергетыкі АН была створана радыехім. лабараторыя па даследаванні радыенуклідаў у растворах, вывучэнні працэсаў гідролізу катыёнаў і сорбцыі гідракомплексаў радыенуклідаў, па распрацоўцы метадаў ачысткі раствораў радыеактыўных рэчываў, а таксама спосабаў дэзактывацыі. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) даследаванні фіз.-хім. стану, хім. трансфармацыі і міграцыі радыенуклідаў у глебе, глебава-раслінным покрыве, вадзе, паветры праводзяцца ў Ін-це радыеэкалагічных праблем і Ін-це радыебіялогіі Нац. АН і БДУ.

Літ.:

Несмеянов А.Н. Радиохимия. 2 изд. М., 1978;

Келлер К. Радиохимия: Пер. с нем. М., 1978;

Нефедов В.Д., Текстер Е.Н., Торопова М.А. Радиохимия. М., 1987.

Ю.​П.​Давыдаў.

т. 13, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1848—49 У ІТА́ЛІІ,

адна з рэвалюцый 1848—49 у Еўропе. Спалучала мэты скасавання феад.-абсалютысцкага ладу з барацьбой супраць прыгнёту Аўстрыі і за аб’яднанне краіны. Пачалася з паўстання 12.1.1848 на Сіцыліі. Пад уплывам рэвалюцыі 1848 у Францыі ў лют.-сак. 1848 у Сіцылій абедзвюх каралеўстве, Вял. герцагстве Таскана і Папскай вобласці былі абвешчаны канстытуцыі і створаны канстытуцыйныя ўрады. 17 сак. пачалося антыаўстр. паўстанне ў Венецыі, дзе 22 сак. абвешчана незалежная рэспубліка. Адначасова ў герцагствах Парма і Модэна скінуты прааўстр. правіцелі. Кароль П’емонта Карл Альберт абвясціў ліберальную канстытуцыю (т.зв. Альберцінскі статут). На хвалі нац. ўздыму ён абвясціў 24 сак. вайну Аўстрыі з мэтай вызвалення італьян. зямель Ламбардыі і Венецыі, якія знаходзіліся пад яе ўладай. Але пасля паражэння 22 ліп. войск П’емонта пры Кустоцы Карл Альберт быў вымушаны падпісаць перамір’е, якое вяртала Ламбардыю і Венецыю пад уладу Аўстрыі. Восенню пачаўся новы ўздым рэвалюцыі, гал. цэнтрамі якой сталі Таскана, Венецыя і Папская вобласць. У выніку паўстання 16.11.1848 у Рыме да ўлады прыйшоў свецкі ўрад. 8.2.1849 абвешчана Рымская Рэспубліка 1849, якую ўзначалілі Дж.Мадзіні, Дж.Гарыбальдзі і інш. рэвалюцыянеры; праведзены шэраг прагрэс. рэформ: нацыяналізацыя царк. зямель, увядзенне прагрэс. падатку, скасаванне саляной і тытунёвай манаполій і інш. Новы ўздым рэвалюцыі падштурхнуў урад П’емонта аднавіць 20 сак. ваен. дзеянні супраць Аўстрыі. Але ўжо 23 сак. п’емонцкія войскі былі разбіты пры Навары, што прымусіла Карла Альберта спыніць барацьбу і адрачыся ад прастола на карысць свайго сына Віктара Эмануіла. Пасля перамогі над П’емонтам Аўстрыя разгарнула дзеянні супраць рэв. урадаў Сярэдняй і Паўд. Італіі. У крас. 1849 аўстр. войскі аднавілі на прастоле Тасканы свайго стаўленіка Леапольда П, да мая — уладу неапалітанскіх Бурбонаў у Каралеўстве абедзвюх Сіцылій. 3.7.1849 аб’яднаныя войскі Францыі, Аўстрыі і Іспаніі ліквідавалі Рымскую Рэспубліку, абаронай якой кіраваў Гарыбальдзі. 22.8.1849 пала Венецыянская Рэспубліка. Нягледзячы на паражэнне, рэвалюцыя моцна пахіснула феад.-абсалютысцкія рэжымы Італіі. Захаваўся ліберальны рэжым у П’емонце, які стаў у 1860—70-я г. ядром аб’яднання краіны.

Літ.:

Канделоро Дж. История современной Италии: Пер. с итал. Т. 3. М., 1962;

Берти Дж. Демократы и социалисты в период Рисорджименто: Пер. с итал. М., 1965.

П.​А.​Тупік.

т. 13, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНА́,

горад, сталіца Йемена; на З краіны ў міжгорнай даліне на выш. 2400 м. Больш за 1 млн. ж. з прыгарадамі (2000). Вузел аўтадарог, у т. л. да порта Хадэйда на Чырвоным моры. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст., металаапр., мэблевая, тытунёвая, кансервавая, цэм., абутковая. Буйны цэнтр саматужнай вытв-сці залатых, сярэбраных, медных вырабаў, тканін і інш. Ун-т. Горад моцна пацярпеў ад землетрасення 1982.

Вядома з 1 ст. Ролю паліт. цэнтра пачала адыгрываць у 6 ст. У сярэднія вякі праз С. праходзілі гандл. шляхі з Эфіопіі і Індыі ў Міжземнамор’е. З сярэдзіны 7 ст. С. — рэзідэнцыя намеснікаў араб. халіфаў, з сярэдзіны 9 ст. сталіца самаст. дзяржавы Яфурыдаў. У 11—15 ст. у складзе розных дзярж. утварэнняў Паўд. Аравіі. У 1546—1628 пад уладай туркаў. З сярэдзіны 17 ст. рэзідэнцыя зейдзіцкіх імамаў Йемена. У 1871 зноў занята туркамі. У 1911 горад захапіў імам Ях’я, які ў 1918 зрабіў С. сталіцай Йеменскага каралеўства. У 1962—90 сталіца Йеменскай Арабскай рэспублікі, з 1990 — Йемена.

Стараж. горад складаецца з 2 частак, якія ў плане ўтвараюць васьмёрку. Ён абнесены сцяной выш. 9 м з паўкруглымі вежамі і шматлікімі брамамі. На стыку 2 гар. тэрыторый — 7-павярховы палацавы комплекс (б. палац імама). У найб. стараж. частцы — Старым горадзе знаходзяцца цытадэль, караван-сарай, медрэсэ, рынкі, сярэдневяковыя лазні, мячэці аль-Джама аль-Кебір, ці Вял. мячэць (7—12 ст.), Бакіліджэ (17 ст.) і інш. Разнастайнасцю вылучаецца жылая забудова: 3—7-павярховыя вежападобныя дамы з каменю і цэглы, пастаўленыя блізка адзін да аднаго. Іх фасады з пабеленымі вапнай фрызамі аздоблены разнымі аркадамі, ажурнымі драўлянымі панэлямі, аконныя праёмы з каляровымі вітражамі. У зах. частцы С. (Садовы горад), пабудаванай у 17—20 ст., пераважаюць асабнякі з садамі, абнесеныя сценамі. Сучасныя будынкі спалучаюць традыц. элементы з новымі тэхналогіямі і буд. матэрыяламі: Цэнтр. банк, Рэсп. палац, Акадэмія паліцыі, Клуб афіцэраў, атэль «Таж Саба», офіс авіякампаніі Эль-Йеманія і інш. Стары горад уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Халед Сайф Мухамед Табет (архітэктура).

Сана. Старая частка горада.
Сана. Аздабленне фасада жылога дома.

т. 14, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГСКАЯ АКАДЭМІ́ЧНАЯ КАПЭ́ЛА імя М.​І.​Глінкі,

старэйшы рус. харавы прафес. калектыў. Бярэ пачатак ад заснавання ў 1479 у Маскве мужчынскага хору (т. зв. гасударавых пеўчых дзякаў, з 17 ст. ў ім спявалі і хлопчыкі), з 1703 у Пецярбургу, з 1763 — імператарская Прыдворная пеўчая капэла, з 1918 — Нар. акадэмія, з 1922 — Дзярж. акад. капэла, з 1954 — Ленінградская акад. капэла імя Глінкі, з 1992 — сучасная назва. У 1740—1844 пры капэле перыядычна працавалі інстр., з 1846 — дырыжорскія (рэгенцкія) класы, з 1858 — муз. школа, з 1922 — харавы тэхнікум, з 1945 — харавое вучылішча, з 1955 самаст. ўстанова. Як цэнтр рус. харавой культуры ўздзейнічала на фарміраванне традыцый хар. выканальніцтва і на стыль хар. пісьма без суправаджэння (a capella). У канцы 19 ст. — замкнуты царкоўны хор. З 1920 у складзе хору і жаночыя галасы. Акрамя культавай музыкі ў яе рэпертуары лепшыя творы кантатна-аратарыяльнага жанру кампазітараў 17—19 ст., класічныя і сучасныя хоры a capella, апрацоўкі нар. песень, кантаты, араторыі. Капэлай кіравалі: М.​Палтарацкі (1763—95), Дз.​Бартнянскі (1796—1825), Ф.​П.​Львоў (1825—36), А.​Ф.​Львоў (1837—61), М.​Бахмецеў (1861—83), М.​Балакіраў (1883—94), А.​Арэнскі (1895—90), С.​Смаленскі (1901—03), А.​Шарамецеў (1904—17). У 1837—39 у ёй працаваў Глінка, у 1883—94 — М.​Рымскі-Корсакаў. Вядучую ролю ў яе перабудове адыграў дырыжор М.​Клімаў (1917—35). Сярод інш. дырыжораў М.​Данілін (1936—37), А.​Свешнікаў (1937—41), Л.​Кудраўцава (1941—43), А.​Анісімаў (1955—65), У.​Мінін (1965—67), Ф.​Казлоў (1967—72), А.​Міхайлаў (1972—74), У.​Чарнушэнка (з 1974). У праграме капэлы класіка і творы рус. кампазітараў (20 ст.), у т. л. Г.​Свірыдава, В.​Салманава, Р.​Шчадрына, А.​Фляркоўскага, С.​Сланімскага і інш. У 1981 капэлай праведзены фестываль «Неўскія асамблеі», які складаўся з цыкла гіст. канцэртаў «Пяць вякоў рускай харавой музыкі».

Літ.:

Ершов А. Старейший русский хор Ленинградской государственной академической капеллы им. М.​И.​Глинки, 1703—1978. Л., 1973;

Певческая капелла С.-Петербурга: [Альбом]. СПб., 1994.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 14, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРО́КІН ((Sorokin) Піцірым Аляксандравіч) (21.1.1889, г.п. Жэшарт, Комі, Расія — 10.2.1968),

руска-амерыканскі сацыёлаг. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1914). Лідэр правага крыла эсэраў. З 1917 гал. рэдактар газ. «Воля народа», сакратар А.​Ф.​Керанскага. З 1920 праф. Петраградскага ун-та. У 1922 эмігрыраваў у Прагу. З 1923 у ЗША. З 1924 праф. Мінесоцкага, у 1930—59 — Гарвардскага ун-таў. З 1964 старшыня Амер. сацыялагічнай асацыяцыі. Сацыялагічная канцэпцыя С. фарміравалася пад уплывам Я.​В.​Раберці, М.​М.​Кавалеўскага, Л.​І.​Петражыцкага, Э.​Дзюркгейма і інш. Характарызаваў сістэму сваіх сацыялагічных поглядаў як «разнавіднасць эмпірычнага неапазітывізму ці крытычнага рэалізму». Сацыялогію як навуку прадстаўляў у выглядзе 4 раздзелаў: агульнае вучэнне пра грамадства; сац. механіка (вывучэнне заканамернасцей і механізмаў грамадскага жыцця); сац. генетыка (даследаванне паходжання і развіцця грамадства і грамадскіх ін-таў); сац. палітыка (канцэпцыі прагрэсу грамадства і прапановы пэўных сродкаў для паляпшэння грамадскага жыцця). У анталагічным аспекце разглядаў грамадства як «сац. душу», «свет каштоўнасцей». Гіст. працэс уяўляў як цыклічную флуктуацыю пэўных тыпаў культур. Сярод асн. тыпаў культур вылучаў пачуццёвы (характарызуецца перабольшваннем значэння пачуццёвага ўспрымання свету); ідэацыянальны (вызначаецца дамінантай рацыянальнага мыслення); ідэалістычны (звязаны з інтуітыўным пазнаннем рэчаіснасці). Крызісны стан зах. грамадства 20 ст., на думку С., абумоўлены набліжэннем да пачуццёвага тыпу культуры. Выхад з крызісу бачыў у адмове ад спажывецкай псіхалогіі і імкненні да ідэацыянальнага тыпу культуры. Адзін са стваральнікаў тэорыі мабільнасці сацыяльнай і сацыяльнай стратыфікацыі. Адзін з заснавальнікаў канвергенцыі тэорыі. Будучыню цывілізацыі звязваў з інтэгральным тыпам грамадскага ладу, які пераадолее негатыўныя і аб’яднае лепшыя бакі капіталізму і сацыялізму.

Тв.:

Рус. пер. — Дальняя дорога: Автобиогр. М., 1992;

Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992;

Система социологии. Т. 1—2. М., 1993;

Общедоступный учебник социологии;

Статьи разных лет. М., 1994;

Главные тенденции нашего времени. М., 1997;

Преступление и кара, подвиг и награда: Социол. этюд об основных формах обществ. поведения и морали. СПб., 1999.

Літ.:

Канев С.Н. Путь Питирима Сорокина. Сыктывкар, 1990;

Голосенко И.А.

Питирим Сорокин: Судьба и труды. Сыктывкар, 1991.

Т.​І.​Адула.

П.А.Сарокін.

т. 14, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЁМУХА (Васіль Сяргеевіч) (н. 18.1.1936, хутар Ясенец Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1959). Настаўнічаў, працаваў у Белдзяржвыдавецтве і выд-ве «Беларусь», у газ. «Літаратура і мастацтва», у 1972—97 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Перакладае з ням., польскай, лат., укр. і інш. моў. Пераклаў кн. прозы ням. аўтараў В.​Брэдэля «Ад Эбра да Волгі» (1959), Л.​Рэна «Вайна без бітвы» (1962), Г. дэ Бройна «Прысуджэнне прэміі» (1977), Г.​Гофэ «Фінальны акорд» (1979, з М.​Навіцкім), Г.​Фалады «Даўным-даўно ў нас дома» (1981), Т.​Мана «Доктар Фаустус» (1989, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1992), Г.​Гесэ «Гульня шкляных перлаў» (1992), Г.​Грымельсгаўзена «Авантурнік Сімпліцысімус» (1997), кн. паэзіі І.​В.​Гётэ «Фауст» (1976), Р.​М.​Рыльке «Санеты Арфею» (1982), К.​Маркса «Лірыка, 1836—1837» (1989), паэму Ф.​Ніцшэ «Так сказаў Заратустра» (1994), з польскай мовы Ю.​Тувіма «Польскія кветкі» (1984); з лат. мовы кн. лірыкі В.​Бэлшэвіцы «Белы алень» (1985), драму Я.​Райніса «Агонь і ноч» (1988); з ісп. мовы зб. вершаў К.​Шэрмана «Сны» (1989, з Р.​Барадуліным), з рус. мовы кн. Ю.​Лабынцава «Напой росою благодати...»: Малітоўная паэзія Кірылы Тураўскага» (1992). Пераклаў паасобныя творы А.​Міцкевіча, М.​Канапніцкай, Ю.​І.​Крашэўскага, Ц.​Норвіда, В.​Борхерта, І.​Бехера, Г.​Гейне, Ф.​Фюмана, Э.​Штрыгматэра, В.​Лаціса, А.​Чака, А.​Скалбе, І.​Зіеданіса, М.​Нага і інш. Выдаў зб. выбраных перакладаў «Прыйдзі, стваральны дух» (1986), пераклаў на бел. мову «Найвышэйшую песню Саламонаву» (1994), «Новы запавет. Псалтыр» (1995), «Біблію» (2002). Пераклаў для Нац. т-ра імя Я.​Коласа драму Ф.​Шылера «Марыя Сцюарт» (1968) і п’есу О’Ніла «Каханне пад вязамі» (1994), для Рэсп. т-ра бел. драматургіі трагіфарс Б.​Брэхта «Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць» (1997), для Мінскага абл. драм. т-ра ў Маладзечне п’есу Т.​Дорста «Гер Паўль» (1998).

Літ.:

Семяжон Я. Адкрыццё кантынента // Полымя. 1977. №8;

Караткевіч У. I наш «Фауст» // Маладосць. 1978. №5;

Рагойша В. Кантакты. Мн., 1982;

Крупкіна Г. Мастацкі космас гётэўскага «Фаўста» і яго перастварэнне па-беларуску // Роднае слова. 2000. №7—10.

І.​У.​Саламевіч.

В.С.Сёмуха.

т. 14, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)