«ПАЦЯРУ́ХА»,

бел. нар. танец, блізкі да «трасухі». Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. Выконваецца 4 парамі. Дзяўчаты, патрэсваючы корпусам і размахваючы рукамі, на пятках вырабляюць розныя па, а потым нібы плывуць насустрач сваім партнёрам, якія танцуюць на насках дробнымі крокамі і тупаюць нагамі. Потым усе разам, пераплёўшы рукі, утвараюць кругі і рухаюцца то ў адзін, то ў другі бок. Зафіксаваны ў 19 ст. у в. Сіняўка (Клецкі р-н, Мінскай вобл.).

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 12, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАШКЕ́ВІЧ (Людміла Антонаўна) (н. 19.3.1946, Мінск),

бел. вучоны ў галіне траўматалогіі і артапедыі. Д-р мед. н. (1997), праф. (2000). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1968). З 1975 у Бел. НДІ траўматалогіі і артапедыі (з 1996 нам. дырэктара). Навук. працы па захворваннях і пашкоджаннях апорна-рухальнага апарату, касцявой анкалогіі.

Тв.:

Особенности диагностики опухолей позвоночника // Мед. новости. 1996. № 11;

Диагностика опухолей позвоночника (разам з І.​Р.​Варановіч) // Вестн. травматологии и ортопедии. 1997. № 3.

т. 12, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАКО́ПСКІ ПЕРАШЫ́ЕК Злучае Крымскі п-аў з мацерыком, раздзяляе Каркініцкі зал. Чорнага м. і воз. Сіваш. Даўж. каля 30 км, шыр. 8—23 км. Выш. да 20 м. Складзены з глін і суглінкаў. Берагі стромкія (да 5 м). Паверхня — раўніна са стэпавай расліннасцю. Салёныя самасадачныя азёры (Старое, Чырвонае). Па П.п. праходзіць Паўн.-Крымскі канал. У час грамадз. і Вял. Айч. войнаў на П.п. адбываліся жорсткія баі (у 1920, 1941 і 1943—44).

т. 12, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРТУЗА́РЫЯ (Pertusaria),

род накіпных лішайнікаў сям. пертузарыевых. Каля 650 відаў. На Беларусі 12 відаў. Найб. вядомыя П.: гладзенькая (P. laevigata), горкая (P. amara), слаявінная (P. leioplaca), чырванеючая (P. coccodes), шарыканосная (P. globulifera). Трапляюцца ў лясах на дрэвах і валунах.

Слаявіна ў выглядзе бугрыста-зярністай скарыначкі, белая ці шараватая, прымацаваная да субстрату гіфамі. Пладовыя целы (апатэцыі) развіваюцца па аднаму або групамі. Сумкі з 1—8 аднаклетачнымі, бясколернымі авальнымі спорамі. Фікабіёнт — плеўракокус.

У.​У.​Галубкоў.

Пертузарыя шарыканосная.

т. 12, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРФАРА́ЦЫЯ (ад лац. perforatio пранікненне, прасвідроўванне),

1) у батаніцы — скразныя адтуліны ў клетачных абалонках сасудаў і сітападобных трубак раслін (на бакавых і папярочных клетачных сценках). Праз П. па сасудах свабодна праходзяць пажыўныя растворы. Бывае простай (у многіх кветкавых раслін), эфедроіднай (у гнетавых), множнай (у папарацей).

2) У медыцыне — скразное парушэнне цэласнасці сценкі полага ці трубчастага органа (напр., сценкі страўніка на месцы язвы); стварэнне адтуліны ў тканцы або органе, часцей у косці, хірург. шляхам.

т. 12, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛЬКАМА́ЙО (Pilcomayo),

рака ў Паўд. Амерыцы, на тэр. Балівіі, Аргенціны і Парагвая (служыць мяжой паміж імі), правы прыток р. Парагвай (бас. р. Парана). Даўж. 1200 км, пл. басейна каля 160 тыс. км². Вытокі ў Цэнтр. Андах Балівіі, прарываецца праз Усх. Кардыльеру, цячэ па раўніне Гран-Чака. Сярэдні расход вады пасля выхаду з гор каля 170 м³/с, мнагаводная ад студз. да красавіка. У верхнім цячэнні ГЭС, суднаходная ў нізоўях. У вусці сталіца Парагвая — г. Асунсьён.

т. 12, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ ІНДУСТРЫЯ́ЛЬНА-ПЕДАГАГІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ Засн. ў 1955 у г. Пінск Брэсцкай вобл. як тэхнікум, з 1.9.1996 — каледж Рыхтуе тэхнікаў-механікаў, майстроў вытв. навучання, настаўнікаў тэхн. працы. Спецыяльнасці (2000/01 навуч. г.): механізацыя сельскай гаспадаркі; электрыфікацыя і аўтаматызацыя сельскай гаспадаркі; механізацыя меліярац. і водагасп. работ; тэхн. эксплуатацыя і рамонт трансп. сродкаў; працоўнае навучанне. Прымае асоб на базе ПТВ і з сярэдняй адукацыяй, якія прайшлі навучанне ў навуч.-вытв. камбінатах па адпаведнай спецыяльнасці. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 12, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРЫ́ХІЙ (грэч. pyrrhichios ад pyrrhichē ваяўнічы танец),

1) у антычным вершаскладанні стапа з двух кароткіх складоў (◡◡), самастойна не ўжывалася.

2) У сілаба-танічным вершаскладанні — умоўная назва пропуску націску на рытмічна моцным складзе ў ямбе ці харэі:

І вось надарыцца часамі
Мароз над усімі маразамі
Ідзе сярдзіта, пагражае,
Па даху гонтамі страляе.
(Я.​Колас. «Новая зямля»)

Сустракаецца ў пачатку і ў сярэдзіне вершаванага радка (акрамя апошняй стапы), часцей у шматскладовых словах.

А.​А.​Майсейчык.

т. 12, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІФІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

агульнагрэчаскія святы і спаборніцтвы пры храме Апалона Піфійскага ў Дэльфах (Стараж. Грэцыя); другія па значэнні пасля Алімпійскіх гульняў. Паводле падання, засн. Апалонам пасля перамогі над змеем Піфонам. Першапачаткова адбываліся 1 раз у 8 гадоў і складаліся з муз. спаборніцтваў. Каля 582 да н.э. ў П.г. былі ўключаны спаборніцтвы атлетаў і спаборніцтвы на калясніцах; прамежак паміж гульнямі скарочаны да 4 гадоў. Пераможцаў узнагароджвалі лаўровым вянком. П.г. спыніліся, верагодна, у канцы 4 ст. н.э.

т. 12, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЮРА́ЛЬНЫ ВО́ТУМ у канстытуцыйным праве,

наданне аднаму выбаршчыку права галасаваць некалькі разоў. Быў пашыраны ў 19 ст. У краінах Зах. Еўропы, Вялікабрытаніі, Германіі і інш. існаваў парадак, калі побач з уключэннем у выбарчы спіс па месцы жыхарства грамадзянін уключаўся ў спіс той акругі, дзе знаходзілася яго нерухомая маёмасць або універсітэт, дзе ён атрымаў вышэйшую адукацыю. Захаваўся ў Новай Зеландыі, некат. штатах Аўстраліі, дзе ўладальнікі буйной уласнасці на выбарах органаў мясц. самакіравання валодаюць некалькімі галасамі.

т. 12, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)